АНТАГАНІ́ЗМ

(ад грэч. antagōnisma спрэчка, барацьба),

ідэйнае, паліт., маральнае і інш. процістаянне супрацьлеглых варожых сіл; адна з формаў супярэчнасцяў, што назіраюцца ў прыродзе і грамадстве. Адметная рыса антаганізму — непрымірымы канфлікт процістаячых сіл, з’яў, тэндэнцый развіцця. Катэгорыя «антаганізм» ужываецца ў біялогіі і матэматыцы, у грамадскіх навуках, у т. л. ў сац. філасофіі (творы класікаў і класавай барацьбы, грамадска-эканам. фармацый, цывілізацый, культур), паліталогіі (канфлікт паміж дэмакратыяй і таталітарызмам), гуманіст. і рэліг.-маральных філас. вучэннях (барацьба ліній дабра і зла, плоці і духу). У развіцці сучаснай цывілізацыі, калі супярэчнасці паміж ёю і прыродай усё большыя, адзначаецца антаганізм двух падыходаў да прыроды: спажывецкага (прымат непадзельнага панавання чалавека над наваколлем) і рэгенерацыйнага (прымат гарманічнага ўзаемадзеяння грамадства з прыродай).

В.І.Боўш.

Антаганізм у біялогіі выяўляецца перш за ўсё ў барацьбе за існаванне. Найб. выразныя антаганіст. адносіны паміж драпежнікам і яго здабычай, гаспадаром і паразітам, а таксама канкурэнтныя ўзаемаадносіны (напр., за святло і мінер. жыўленне ў раслін, за кармы і месца пражывання ў жывёл). У фізіялогіі падобныя адносіны выяўляюцца ў разнастайнасці ўмоўна процілеглых функцый органаў або сістэм арганізма, якія ўдзельнічаюць у адначасовай спалучанай дзейнасці (актывацыя — інгібіраванне, узбуджэнне — тармажэнне, узмацненне — аслабленне, асіміляцыя — дысіміляцыя). Антаганізм рэчываў — від узаемадзеяння амінакіслот, вітамінаў, гармонаў, метабалітаў і антыметабалітаў у арганізме, які характарызуецца палярным дзеяннем: узмацненнем ці аслабленнем пэўных рэакцый. Антаганізм мікраарганізмаў выяўляецца ў тармажэнні або прыгнечанні жыццядзейнасці адных відаў мікраарганізмаў іншымі. Упершыню адзначыў франц. вучоны Л.Пастэр (1877). Найб. рэзкі антаганізм сярод акгынаміцэтаў, плесневых грыбоў, бактэрый; назіраецца таксама сярод дражджэй, водарасцяў і прасцейшых. Дзейнасць мікробаў-антаганістаў спрыяе ачышчэнню глебы ад патагенных мікраарганізмаў.

т. 1, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)