ДЭМАГРА́ФІЯ (ад грэч. dēmos народ + ...графія),

навука аб народанасельніцтве і заканамернасцях яго развіцця. Па матэрыялах статыстыкі вывучае: рух і развіццё насельніцтва (нараджальнасць, смяротнасць, прырост, міграцыйныя працэсы, прагноз яго колькасці, складу, размеркавання, шлюбнасць, сям’ю, дзярж. і грамадскія ступені ўплыву на дэмаграфічныя працэсы); насельніцтва і эканам. развіццё (суадносіны эканам. і дэмаграфічнага росту, праблемы і крытэрыі занятасці, дэмаграфічныя праблемы выкарыстання прац. рэсурсаў, іх прафес. і кваліфікацыйны склад, эканам. ўмовы развіцця і ўзнаўлення насельніцтва); насельніцтва і прыродныя рэсурсы і інш. Падзяляецца на дэскрыптную (апісвае насельніцтва на аснове стат. звестак), эканамічную і сацыяльную (даследуе сувязі паміж дэмаграфічнымі, эканам. і сац. працэсамі), гістарычную (гісторыя развіцця народанасельніцтва), матэматычную (апісвае дэмаграфічныя працэсы і структуры з дапамогай матэм. мовы), патэнцыяльную (агульную колькасць чалавека-гадоў, якія належыць пражыць людзям, што ўваходзяць у пэўную сукупнасць), вайсковую (вайсковы патэнцыял краіны ў сувязі з эканам. і тэхн. патэнцыялам, яго выкарыстанне ў мірны і ваен. час) і інш. Цесна звязана з этнаграфіяй, экалогіяй, біяметрыяй, генетыкай народанасельніцтва і інш. Праз метады стат., матэм. і ўласна дэмаграфічныя Д. распрацоўвае тэорыю ўзнаўлення насельніцтва, дэмаграфічныя прагнозы, абгрунтоўвае дэмаграфічную палітыку. Найб. поўнай крыніцай інфармацыі з’яўляецца перапіс насельніцтва.

Пачынальнікам навукі Д. лічыцца Дж.​Граўнт (1620—74). Вялікі ўклад у развіццё Д. зрабілі англ. (У.​Пеці, Т.​Р.​Мальтус, Г.​Спенсер), ням. (І.​П.​Зюсмільх, В.​Лексіс, Г.​Ф.​Кнап, Р.​Р.​Кучынскі), франц. (А.​Дэпарсьё, Ж.​Бертыльён), амер. (Р.​Пірл, А.​Дж.​Лотка), галанд. (В.​Керсебом), швед. (П.​В.​Варгенцін), бельг. (А.​Кетле), рас. (Д.​Бернулі, М.​В.​Ламаносаў, Л.​Эйлер, І.​Ф.​Герман, К.​Ф.​Герман, В.​І.​Грабеншчыкоў, В.​Я.​Бунякоўскі, Г.​В.​Пляханаў, М.​В.​Птуха, С.​А.​Навасельскі) вучоныя.

На Беларусі дэмаграфічныя даследаванні пачаліся ў 1880-я г. (праводзілі медыкі-гігіеністы Л.​І.​Галынец, А.​А.​Бекарэвіч, В.​В.​Кошалеў, С.​М.​Урванцоў). У савецкі час аналізаваліся матэрыялы перапісаў 1923 і 1926, натуральны рух насельніцтва, асаблівасці яго ўзнаўлення, пытанні сям’і і шлюбу і інш. (С.​Слупскі, Д.​М.​Паслаўскі, С.​Я.​Вальфсон, Б.​Я.​Смулевіч). У 1960—70-я г. гал. цэнтрам вывучэння дэмаграфічных пытанняў стаў НДІ эканомікі і эканоміка-матэм. метадаў планавання пры Дзяржплане БССР. Дэмаграфічнымі пытаннямі займаюцца Камітэты па народанасельніцтве і міграцыі; міграцыйная служба, НДІ і аддзелы дэмаграфіі пры Мін-ве статыстыкі і аналізу, Мін-ве працы, Нац. АН. Праблемы Д. даследуюць А.А.Ракаў, С.А.Польскі, Л.П.Шахоцька, Л.​І.​Спіжанкоў, Б.​А.​Манак, М.​Р.​Юркевіч, А.​Н.​Пешкава, Г.​Ц.​Максімаў, І.​В.​Насонава і інш.

т. 6, с. 345

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫГІМО́НТ III Ваза

(20.6.1566, Грыпсхальм, Швецыя —30.4.1632),

вялікі князь ВКЛ і кароль польскі [1587—1632], у ВКЛ Жыгімонт IV; кароль Швецыі [1592—99]. Сын караля Швецыі Юхана (Яна) III Вазы і Кацярыны Ягелонкі, дачкі Жыгімонта I Старога. Абраны на трон Польшчы і ВКЛ пасля смерці Стафана Баторыя. Каб замацаваць свае пазіцыі сярод бел.-літ. магнатаў і шляхты, Ж. III выдаў 28.1.1588 у Кракаве прывілей, які зацвярджаў Статут Вялікага княства Літоўскага 1588. Пасля смерці бацькі ў 1592 заняў шведскі трон. Палітыка Ж. III па аднаўленні пазіцый каталіцкай царквы ў Швецыі правалілася, у 1599 пратэстанты скінулі яго з трона. Да канца жыцця рабіў намаганні вярнуць швед. карону, пачаў вайну Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1600—29. Падтрымаў Брэсцкую унію 1596, але быў вымушаны паспрыяць прыняццю пастаноў сеймаў Рэчы Паспалітай 1609, 1618 і 1631, якія гарантавалі правы праваслаўным. Прапаноўваў планы далучэння Маскоўскай дзяржавы да Рэчы Паспалітай як члена федэрацыі разам з Польшчай і ВКЛ. Падтрымаў Ілжэдзмітрыя I, Ілжэдзмітрыя II. Пасля запрашэння царом Васілём Шуйскім швед. корпуса для барацьбы з войскамі Лжэдзмітрыя II Ж. III пачаў вайну Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—18. У выніку разгрому рас. арміі каля Клушына (1610) Васіль Шуйскі быў скінуты з трона, маскоўскія баяры і гараджане абвясцілі царом сына Ж. III — каралевіча Уладзіслава Жыгімонтавіча (гл. Уладзіслаў IV Ваза). Да Дэулінскага перамір’я 1618 Ж. III дапамагаў сыну як «маскоўскаму цару». Намаганні Ж. III увесці ў Рэчы Паспалітай абсалютную манархію, спадчыннасць трона (а не выбары караля), зменшыць ролю палаты дэпутатаў (пасольскай ізбы), выклікалі ў 1606 рокаш (легальны мяцеж шляхты), які ўзначаліў гетман надворны каронны М.​Зебжыдоўскі. У ліп. 1607 каля Гузава ракашане пацярпелі паражэнне. Рокаш скончыўся кампрамісам. Сейм абвясціў амністыю, зацвердзіў шляхецкія вольнасці, непарушнасць права выбару караля, пастаянную прысутнасць сенатараў для кантролю за яго дзеяннямі. Ж. III праводзіў актыўную палітыку ў паўд. напрамку. З-за свайго ультракаталіцызму падтрымліваў імператара «Свяшчэннай Рымскай імперыі» ў яго барацьбе супраць Чэхіі і Трансільваніі, што выклікала пастаянныя напады на Украіну і паўд. Польшчу крымскіх татар і туркаў, саюзнікаў Трансільваніі. У 1620 польск. войска было разбіта туркамі каля Цацоры. Рэванш, атрыманы ім у 1621 пад Хацінам, не быў выкарыстаны з-за нерашучасці Ж. III. Шмат у чым палітыка Ж. III прывяла да далейшага заняпаду дзяржавы і змяншэння яе ролі ў еўрап. паліт. жыцці 17 ст.

Літ.:

Podhorodecki L. Wazowie w Polsce. Warszawa, 1985;

Wisner H. Zygmunt III Waza. Wrocław etc., 1991.

А.​П.​Грыцкевіч.

Жыгімонт III Ваза.

т. 6, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРТАГРА́ФІЯ ГІСТАРЫ́ЧНАЯ,

галіна гіст. ведаў, якая займаецца стварэннем гіст. карт і атласаў. Арганічна звязана з геаграфіяй гістарычнай. Гал. састаўныя элементы — час, тэрыторыя і падзея — вызначаюць характар гіст. карт. Паводле тэматыкі яны падзяляюцца на археалагічныя, этнагр., гіст.-эканам., гіст.-культурныя і інш., паводле мэтавага прызначэння — вучэбныя, даведачныя, або ілюстрацыі да самаст. гіст. даследавання. У залежнасці ад тэматыкі і прызначэння выбіраюцца маштаб карты, легенда і ўмоўныя знакі. У адносінах да сучаснасці старыя гіст. карты становяцца гіст. крыніцамі. Назва «Русь» і абазначэнне некат. бел. гарадоў упершыню змешчаны на карце Ідрысі (12 ст). Першым узорам карты новага тыпу стала карта Еўропы Мікалая Кузанскага (15 ст.), дзе пазначана Русь Белая. Па ініцыятыве М.Радзівіла Сіроткі ў 1603 у Нясвіжы Т.Макоўскім выдадзена буйнамаштабная карта ВКЛ, але больш дакладнай стала карта ВКЛ Г.Баплана (1652). У пач. 18 ст. выканана першая рас. карта Беларусі. У гіст. плане тэр. Беларусі адлюстравана на асобных картах, створаных І.Лялевелем, М.Балінскім, Я.​Тапальніцкім. Асобныя тэмы бел. гісторыі (народанасельніцтва, адм. падзел і інш.) даволі падрабязна раскрыты ў картаграфічных працах рас. вучоных 2-й пал. 19 ст. П.М.Бацюшкава, М.К.Любаўскага, Р.​Ф.​Эркерта. На мяжы 19—20 ст. польск. гісторыкі і картографы пачалі выданне падрабязных карт Рэчы Паспалітай 16 ст., якія павінны былі скласці гіст. атлас. З сярэдзіны 20 ст. ў Польшчы выдаецца серыя буйнамаштабных гіст. карт, якія ўваходзяць у шматтомны гіст. атлас. У СССР надрукаваны «Рускі гістарычны атлас» К.​В.​Кудрашова (1928), «Атлас гісторыі СССР» К.​В.​Базілевіча, І.​А.​Галубцова і М.​А.​Зіноўева (ч. 1—3, 1948—50), «Атлас карт і схем па рускай ваеннай гісторыі» Л.​Р.​Бяскроўнага (1946) і інш. У Беларусі картаграфічныя матэрыялы па гісторыі выдаюцца з 1950-х г., у т. л. ў комплексным атласе БССР (1958). Розныя па тэматыцы гіст. карты ўвайшлі ў шэраг энцыклапедычных і інш. выданняў выд-ва «Беларуская Энцыклапедыя». З 1992 праца па складанні гіст. карт вядзецца ў аддзеле спец. гіст. навук Ін-та гісторыі Нац. АН Беларусі. Рыхтуюцца да друку «Вялікі гістарычны атлас Беларусі» ў 5 т. з камплектам стараж. карт, гіст. нарыс «Беларусь на ваенна-тапаграфічных картах» і інш. выданні. Карты стараж. Беларусі прадстаўлены на старонках час. «Падарожнік».

Літ.:

Постников А.В. Развитие картографии и вопросы использования старых карт. М., 1985;

Ширяев Е.Е. Беларусь: Русь Белая, Русь Черная и Литва в картах. Мн., 1991;

Казлоў Л.Р. Беларусь на сямі рубяжах. Мн., 1998.

Л.​Р.​Казлоў.

т. 8, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЬВО́ЎСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ.

На З Украіны. Утворана 4.12.1939. Пл. 21,8 тыс. км². Нас. 2730 тыс. чал. (1997), гарадскога 60%. Цэнтр — г. Львоў. Найб. гарады: Драгобыч, Чырванаград, Стрый, Самбар, Барыслаў.

Прырода. Л.в. размешчана ў межах Валынскага і Падольскага ўзв. На Пд — адгор’і Усх. Карпат (найвыш. пункт вобласці — г. Пікуй, 1406 м). Карысныя выкапні: нафта, прыродны газ, каменны і буры вугаль, азакерыт, сера, калійная і кухонная солі, буд. матэрыялы. Крыніцы мінер. вод (больш за 100) і тарфяная лек. гразь. Клімат умерана кантынентальны. Сярэднія т-ры студз. ад -4 °C да -6 °C, ліп. 13—18 °C. Ападкаў ад 650 мм да 1000 мм (у гарах) за год. Гал. рэкі: Днестр, Зах. Буг (бас. р. Вісла), Стыр (бас. р. Прыпяць). Глебы пераважна шэрыя і цёмна-шэрыя ападзоленыя, дзярнова-падзолістыя, перагнойна-карбанатныя, у далінах рэк алювіяльна-лугавыя. Каля ​1/3 тэрыторыі займаюць лясы (дуб, граб, бук, хвоя); горныя лугі, балоты. Запаведнік Расточча.

Гаспадарка. Шматгаліновая эканоміка Л.в. мае індустр.-агр. характар. На долю прам-сці прыпадае больш за 75 валавога прадукту. Паліўна-энергет. базу складаюць мясц. вуглі (Львоўска-Валынскі бас.), нафта (раёны Барыслава, Драгобыча і інш.), прыродны газ (Дашава, Рудкі). Дабратворская ДРЭС і шэраг ЦЭЦ. Развіты машынабудаванне і металаапрацоўка (аўтамабіле-, станка- і прыладабудаванне, вытв-сць с.-г. машын, паліграф. абсталявання, радыётэхнікі), нафтаперапр., хім., нафтахім. і хіміка-фармацэўтычная (вытв-сць сернай кіслаты, лакаў, фарбаў, серы, калійных угнаенняў, штучнага валакна, фармацэўтычных прэпаратаў), харч. (цукр., мясная, малочная, плодаагароднінакансервавая, алейна-тлушчавая, кандытарская), лёгкая (тэкст., трыкат., швейная, абутковая, скургалантарэйная), паліграф., дрэваапр., у т. л. мэблевая, і цэлюлозна-папяровая прам-сць.

Вытв-сць буд. матэрыялаў, у т. л. цэменту, шкляных вырабаў, у т. л. хрусталю, фарфора-фаянсавага посуду. Маст. промыслы (вышыўка, разьба па дрэве, вытв-сць ганчарных і шкляных вырабаў, дываноў). С.-г. ўгоддзі займаюць 1174 тыс. га, у т. л. ворныя землі 815 тыс. га (1997). Вял. масівы асушаных зямель (каля 500 тыс. га). Пасевы збожжавых (пшаніца, жыта, ячмень), тэхн. (цукр. буракі, лён-даўгунец) культур, бульбы, агародніны. Садоўніцтва. Мяса-малочная жывёлагадоўля, свіна-, птушка-, авечка- і козагадоўля. Пчалярства. Даўж. чыгунак 1309 км. Асн. чыгункі: Чоп—Стрый—Львоў—Кіеў, Ужгарад—Самбар—Львоў, Львоў—Івана-Франкоўск—Чарнаўцы. Даўж. аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 7,7 тыс. км (1997). Па тэр. вобласці праходзяць нафтаправод «Дружба» і газаправоды «Брацтва», Дашава—Кіеў і інш. Бальнеалагічныя і бальнеагразевыя курорты: Трускавец, Любень-Вялікі, Моршын, Няміраў, Шкло. Цэнтр турызму і гарналыжнага спорту — Слаўскае.

В.​М.​Сасноўскі.

т. 9, с. 389

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУЗЫ́НЫ,

княжацкі род герба «Агінец» у ВКЛ, Польшчы, Рас. імперыі. Паходзяць ад Рурыкавічаў, з 16 ст. выводзілі сябе ад чарнігаўскіх князёў, уладальнікаў Казельска каля Калугі, аднак дакументальна гэта не пацвярджаецца. Родапачынальнік Васіль Глушонак выслужыў у вял. князя ВКЛ Казіміра землі на Смаленшчыне, у пач. 1480-х г. перайшоў да вял. князя маскоўскага Івана III. Яго нашчадкі засталіся ў ВКЛ. Найб. вядомыя: Алехна Васілевіч (мянушка Глазына; ?—1500?). У 1450-х г. вызначыўся ў вайне з чэшскім правіцелем Іржы Подзебрадам. Акольнічы смаленскі ў 1486—1500, намеснік лучынскі ў 1494—1500. Іван Васілевіч (мянушкі Глазыніч, Пузынін). У час вайны Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ 1492—94 перайшоў да Івана III. Яго сыны Міхаіл, Дзмітрый, Іван, Леў, Андрэй, Юрый засталіся ў ВКЛ. Дзмітрый Іванавіч (мянушка Глушонак; ?—1510?). Ад яго сына Багдана пайшоў род Агінскіх. Багдан Цімафеевіч (?—1571), унук Івана Іванавіча. Маршалак гаспадарскі з 1567. Аляксандр (у манастве Афанасій; ?—1650), сын Юрыя. Паборца валынскі ў 1613, пасол на сеймы 1616, 1618, 1632. Змагаўся супраць увядзення уніяцтва. У 1632 абраны праваслаўным епіскапам луцкім і астрожскім, з 1633 архімандрыт жыдычаўскі. Геранім (?—1657), сын Яна. Удзельнічаў у войнах з туркамі. Пасол на сеймы. У 1640—50-я г. адзін з найб. актыўных абаронцаў кальвінізму ў ВКЛ. Андрэй (?—1701), сын Гераніма. Староста упіцкі, кашталян мінскі з 1697. Міхал (?—1723), сын Андрэя. Рэгент меншай канцылярыі ў ВКЛ у 1699—1717, харунжы надворны ў 1712—17, пісар вялікі ВКЛ з 1717. Пасол на сейм 1697. У 1712 і 1720 пасол да цара Пятра I. Крыштоф Дамінік (1—2.11.1731), сын Андрэя. Падстолі упіцкі ў 1695 і староста ў 1696—1720, мсціслаўскі кашталян з 1720 (або 1722) і ваявода з 1730. Пасол на сеймы 1696, 1697, 1712—13, 1718, маршалак Трыбунала ВКЛ у 1727. Стафан Міхаіл (21.12.1667, г. Упіта — 5.3.1738), сын Андрэя. Д-р філасофіі (1705), тэалогіі (1734). З 1685 езуіт. Пётр (21.7.1664—1.3.1717), сын Яна Казіміра. З 1677 езуіт. У 1709—13 рэктар Нясвіжскага калегіума. Антоні Міхал (?—24.3.1752). Харунжы упіцкі з 1717 і староста ў 1724—32, харунжы надворны з 1728, кашталян мсціслаўскі з 1746. Юзаф Эдвард (24.9.1878—20.1.1949). З 1919 працаваў у мін-ве замежных спраў Польшчы. Аўтар лірычных і сатыр. вершаў (зб. «Даўней», 1905), патрыят. паэм, гімнаў, паэт. драм (зб. «Па дарозе», 1922), аповесцей. Вывучаў праблемы паходжання княжацкіх родаў ВКЛ, іх паліт. ролю ў жыцці дзяржавы. Аўтар працы «Вялікае княства Літоўскае да Міндоўга» (часткова апублікавана ў 1937).

В.​С.​Пазднякоў.

т. 13, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЕ́ЎСКІ (Валерый Мікалаевіч) (н. 20.6.1939, Мінск),

бел. рэжысёр, педагог. Засл. дзеяч маст. Беларусі (1976). Нар. арт. Беларусі (1995). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1967). З 1968 у Нац. т-ры імя Я.​Купалы (з 1973 гал. рэжысёр, з 1991 маст. кіраўнік). Адначасова выкладае ў Бел. АМ (з 1996 праф.). Творчасць Р. адметная паэтычнасцю, метафарычнасцю, філас. абагульненнямі, спалучэннем выразнай сцэн. формы з дакладнай распрацоўкай характараў. Сярод пастановак у т-ры імя Я.​Купалы: «Што той салдат, што гэты» Б.​Брэхта (1969), «Трыбунал» (1971), «Святая прастата» (1976) і «Пагарэльцы» (1980) А.​Макаёнка, «Лесвіца славы» Э.​Скрыба (1972), «Вясёлы тракт» Б.​Васільева (1973), «Брама неўміручасці» К.​Крапівы (1974; 2-я рэд. 1983), «Апошні шанц» В.​Быкава (1974), «Характары» паводле В.​Шукшына (1975), «Эшалон» М.​Рошчына (1976), «Мы, што ніжэй падпісаліся» А.​Гельмана (1979, апошнія тры з А.​Андросікам), «Святая святых» І.​Друцэ, «Аптымістычная трагедыя» У.​Вішнеўскага (абедзве 1977), «Плач перапёлкі» І.​Чыгрынава (1980), «Закон вечнасці» Н.​Думбадзе (1981), «Рэвізор» М.​Гогаля (1982), «Парог» (1983), «Радавыя» (1984, Дзярж. прэмія СССР 1985), «Князь Вітаўт» (1997), «Чорная панна Нясвіжа» (2000) А.​Дударава, «Бура» У.​Шэкспіра (1986), «Мудрамер» М.​Матукоўскага (1987, Дзярж. прэмія Беларусі 1988), «Страсці па Аўдзею» У.​Бутрамеева (1989), «Цынкавыя хлопчыкі» С.​Алексіевіч і Р. (1991), «Тры сястры» А.​Чэхава, «З нагоды мокрага снегу» паводле Ф.​Дастаеўскага (абодва 1992), «Ромул Вялікі» Ф.​Дзюрэнмата (1996) і інш. Паставіў спектаклі ў Гомельскім абл. драм. т-ры: «Страсці эпохі» паводле рамана «Завеі. Снежань» І.​Мележа (1989), «Суцяшальнік удоў» Д.​Марота і Б.​Рандоне (1998), «Каханая, павінен я памерці» паводле Э.​Растана (2000) і інш. Ажыццяўляе пастаноўкі таксама ў т-рах Расіі — «Характары» паводле Шукшына (Т-р камедыі, Ленінград, 1977), «Парог» Дударава (Якуцкі драм. т-р, 1987), «Надзежда Путніна, яе час, яе спадарожнікі» І.​Малеева (Т-р на Малой Броннай, Масква, 1988), «Суцяшальнік удоў» Марота і Рандоне (Рус. драм. башкірскі т-р, Уфа, 1999); Украіны — «Паўлінка» Я.​Купалы (Кіеўскі драм. т-р імя І.​Франко, 1982); Польшчы — «З нагоды мокрага снегу» (1991), «Рэвізор» (абодва Т-р імя А.​Венгеркі, Беласток, 1993); Славеніі — «Зацюканы апостал» Макаёнка (Славенскі нац. т-р, Марыбар, 1984); Эстоніі — «Рэвізор» (Рускі т-р, Талін, 1986); Паўн. Ірландыі — «Парог» Дударава (т-р «Luryc», Белфаст, 1989) і інш. На Бел. тэлебачанні паставіў спектакль «Па шчасце, па сонца» паводле твораў Я.​Купалы (1971), фільм-спектакль «Апошні шанц» паводле Быкава (1981).

Літ.:

Баравік Р.І. Рэжысура Беларусі: прабл. канцэптуальнасці спектакляў. Мн., 2000.

Н.​А.​Крывашэева.

В.М.Раеўскі.

т. 13, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́СТАН (Boston),

горад на ПнУ ЗША. Адм. ц. штата Масачусетс. 551,7 тыс. ж.; у агламерацыі (Вялікі Бостан) — 4,17 млн. ж. (1992). Вузел чыгунак і аўтадарог. Буйны порт пры ўпадзенні р. Чарлз у зал. Масачусетс Атлантычнага ак. Міжнар. аэрапорт. Адзін з гал. прамысл. цэнтраў ЗША, буйны гандл.-фін., навук. і культ. цэнтр. У Бостане — праўленні буйных страхавых кампаній, банкаў і прамысл. карпарацый. Прамысловасць: прыладабудаванне, у т. л. вытв-сць кантрольна-вымяральных і навук. прылад, мед. інструментаў, фотатэхнікі (фірма «Паляроід»); радыёэлектронная (вытв-сць ЭВМ, сродкаў сувязі, мед. апаратуры, электронных кампанентаў), эл.-тэхн., аўтазборачная; вытв-сць прамысл. абсталявання, авіяц. дэталяў і вузлоў, авіяц. і суднавых рухавікоў; суднабудаванне і суднарамонт. Паліграф., гарбарна-абутковая, хім. (пераважна вытв-сць быт. хімікатаў), гумавая, лёгкая, харч. прам-сць. Метрапалітэн. Ун-ты, у т. л. Гарвардскі (з 1636). Масачусецкі тэхнал. ін-т. Акадэмія мастацтваў і навук. Марскі акварыум.

Засн. ў 1630 пурытанамі — выхадцамі з Англіі. З 1632 сталіца калоніі Масачусетс, гал. порт і горад Новай Англіі, важны гандл., навук. і культ. асяродак. У 2-й пал. 18 ст. ў Бостане распачалася барацьба супраць каланіяльнай палітыкі Вялікабрытаніі (паўстанне гараджан супраць гербавага збору ў 1765, іх узбр. сутычка з англ. войскамі ў 1770, т.зв. «Бостанскае чаяпіцце» 1773), якая стала пралогам Вайны за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83. Гар. правы з 1822. З 1831 адзін з цэнтраў абаліцыянізму, страціў пазіцыі ў гандлі, але стаў значным асяродкам банкаўскай справы, тут утварыўся саюз капіталістаў-ранцье, т.зв. Бостанская фін. група. У 19—20 ст. адзін з партоў масавага прыбыцця імігрантаў, у т. л. беларусаў.

Мае радыяльную сістэму планіроўкі, шматлікія паркі, паўкальцо бульвараў (з 1898, план Ч.​Эліята). Сярод арх. помнікаў калан. перыяду: Дом сходаў (1729—30), Стары дом штата (1713; перабудаваны ў 1748), Фанейль-хол (1742—1805); пабудовы Ч.​Булфінча ў стылі класіцызму — Дом штата (Капітолій; 1795—98, перабудовы да 1914), Масачусецкі гал. шпіталь (1818—20) і інш.; гандл. будынак Куінсі-маркет (1825—26, А.​Парыс); Публічная б-ка (1888—95, неарэнесанс; размалёўкі П.​Пюві дэ Шавана, Дж.​С.​Сарджэнта і інш.); пабудовы Г.​Х.​Рычардсана ў духу раманскага дойлідства — царква Трыніты-чэрч (1873—77) і інш. Сучасны адм. цэнтр уключае Новую ратушу (1969), будынкі «Дж.​Ф.​Кенэдзі», адм. службаў аховы здароўя, прафілактыкі і асветы (1971, П.​Рудалф). Пабудаваны новы корпус гар. б-кі (1972, Ф.​Джонсан), будынак Блакітнага Крыжа (1960, Рудалф), аэрапорт (1971), сфарміравана Рыначная пл. (1976, Б.​Томпсан). Помнік-абеліск у гонар бітвы пры Банкер-Хіле (вып. 67 м, 1843) і інш. Бостанскі музей прыгожых мастацтваў.

Рака Чарлз у цэнтры Бостана.
Да арт. Бостан. Рыначная плошча. Арх. Б.​Томпсан. 1976.

т. 3, с. 221

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЛЕНСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т,

найстарэйшая навуч. ўстанова Беларусі і Літвы. Засн. ў Вільні ў 1570 езуітамі як калегіум, які на падставе прывілея караля Стафана Баторыя ў 1579 пераўтвораны ў акадэмію. Першы рэктар П.​Скарга. Меў ф-ты філасофскі і тэалагічны, у 1641 адкрыты юрыд. ф-т. Студэнты ўсіх ф-таў вывучалі бел. мову. Пры акадэміі існавалі б-ка, друкарня, астр. лабараторыя. Апрача служыцеляў культу акадэмія рыхтавала выкладчыкаў для езуіцкіх калегіумаў. Сярод яе выпускнікоў М.Сматрыцкі, Сімяон Полацкі, А.Каяловіч і інш. У сувязі са спыненнем дзейнасці ордэна езуітаў (1773) акадэмія перайшла пад апеку Адукацыйнай камісіі, у 1781 пераўтворана ў Гал. школу Вял. кн. Літоўскага. Яе рэктар М.Пачобут-Адляніцкі рэфармаваў Гал. школу і надаў адукацыі амаль свецкі характар. Гал. школа мела ф-ты: маральны, фізічны, а пасля далучэння да яе Гродзенскай мед. школы — медыцынскі. У 1781 пры Гал. школе Ж.Жылібер засн. батанічны сад. У 1803 Гал. школа рэарганізавана ва ун-т з 4 ф-тамі (маральных і паліт. Навук. фізіка-матэм., мед., літ. і вольных мастацтваў). Быў адм. цэнтрам Віленскай навучальнай акругі. Пры ун-це дзейнічалі мед., вет., агранамічны ін-ты, абсерваторыя, адна з найбагацейшых у Еўропе б-ка і бат. сад. Сярод выкладчыкаў І.Анацэвіч, М.Баброўскі, І.Лялевель, А.Снядэцкі і інш. З яго сцен выйшлі вядомыя паэты і пісьменнікі А.Міцкевіч, Ю.Славацкі, Ю.Крашэўскі, гісторык І.Даніловіч, геолаг І.Дамейка і інш. У апошнія гады існавання Віленскага універсітэта з 47 прафесараў 36 былі ўраджэнцамі Беларусі і Літвы. Ун-т быў цэнтрам перадавой навук. і грамадскай думкі. У 1817—23 ва ун-це існавалі тайныя т-вы філаматаў, філарэтаў. Сярод студэнтаў распаўсюджваліся антысамадзяржаўныя і патрыятычныя ідэі. Трэцяя частка студэнтаў удзельнічала ў паўстанні 1830—31, за што рас. імператар Мікалай I у 1832 закрыў Віленскі універсітэт. На яго базе былі створаны Віленская медыка-хірургічная акадэмія і Духоўная рымска-каталіцкая акадэмія (у 1842 пераведзена ў Пецярбург). У сценах б. ун-та засталася толькі абсерваторыя (закрыта ў 1883). У 1919 дзейнасць Віленскага універсітэта была адноўлена, яму прысвоена імя Стафана Баторыя. Меў 5 ф-таў: тэалагічны, права і грамадскіх Навук. мед., гуманітарны, матэм.-прыродазнаўчы, мастацтва. Працавалі прафесары Ю.​Дэмбоўскі, Л.​Калянкоўскі, В.​Камарніцкі, Г.​Лаўмянскі, В.​Урублеўскі і інш. Пасля перадачы Віленскага краю Літве літ. ўлады закрылі Віленскі універсітэт (15.12.1939), у 1940 у яго будынак перавялі некаторыя ф-ты Каўнаскага ун-та. 19.3.1943 і гэтыя ф-ты зачынены ням. акупац. ўладамі. У 1945 у будынку Віленскага універсітэта аднавіў дзейнасць пераведзены з Каўнаса ун-т (цяпер Вільнюскі ун-т, у 1955—89 імя В.​Капсукаса; у 1995/96 навуч г. на яго 13 ф-тах і ў 2 ін-тах вучылася 9709 студэнтаў).

В.​Ф.​Шалькевіч.

Вялікі двор Віленскага універсітэта. Літаграфія. 1850.

т. 4, с. 168

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫГІМО́НТ II Аўгуст

(1.8.1520, Кракаў — 7.7.1572),

вялікі князь ВКЛ і кароль польскі [1548—72, фармальна з 1529], у ВКЛ Жыгімонт III Аўгуст. Сын Жыгімонта I Старога і Боны Сфорцы. На сейме ВКЛ у кастр. 1529 Ж. II абраны вял. князем пры жыцці бацькі (г. зн. другім вял. князем). 18.12.1529 на польск. сейме Жыгімонт I дамогся абрання сына польск. каралём (каранаваны 20.2.1530). Рэальная ўлада засталася ў руках бацькі. Для ўстанаўлення сяброўскіх адносін са «Свяшчэннай Рымскай імперыяй» Жыгімонт I у 1543 арганізаваў шлюб Ж. II з эрцгерцагіняй Лізаветай, дачкой наследніка імператарскага трона Фердынанда (памерла ў 1545). У 1544 Ж. II фактычна пачаў кіраванне ў ВКЛ, куды Жыгімонт I не прыязджаў, але захоўваў сваё вяршэнства. У 1547 Ж. II ажаніўся з Барбарай Радзівіл. У выніку шлюбу браты Барбары М.Радзівіл Руды і М.Радзівіл Чорны занялі кіруючае становішча ў ВКЛ, пэўны час Ж. II знаходзіўся пад іх уплывам. Супраць шлюбу былі Жыгімонт I, Бона і значная частка польск. магнатаў. Пасля смерці бацькі ў 1548 Ж. II стаў паўнапраўным вял. князем і каралём. Ён заключыў тайны трактат аб узаемнай дапамозе з каралём Чэхіі і Венгрыі Фердынандам Габсбургам. Гэты саюз прадоўжаны, калі ў 1553 Ж. II ажаніўся з эрцгерцагіняй Кацярынай, сястрой сваёй першай жонкі. У далейшым адышоў ад саюзу з Габсбургамі. Знешняя палітыка Ж. II была накіравана на захаванне мірных адносін з суседнімі краінамі. Прусія заставалася васальнай дзяржавай у дачыненні да польск. караля. Адносіны са Швецыяй палепшыліся, калі там у 1568 трон заняў Юхан III, швагер Ж. II. Лівонская вайна 1558—83 выявіла небяспеку з боку Маскоўскай дзяржавы і падштурхнула да заключэння Люблінскай уніі 1569, стварэння Рэчы Паспалітай. Унутр. палітыка Ж. II была накіравана на ўзмацненне правоў сярэдняй шляхты. Садзейнічаў правядзенню валочнай памеры. Пачаў буд-ва ваенна-марскога флоту Польшчы і стварыў Марскую камісію. У час кіравання Ж. II у ВКЛ і Польшчы пашырылася Рэфармацыя ў розных яе галінах. Праводзіў палітыку талерантнасці ў адносінах да ўсіх канфесій. Прывілеем 1563 ураўнаваў паліт. правы правасл. шляхты ВКЛ з каталіцкай. Зацвердзіў Статут Вялікага княства Літоўскага 1566. Пад націскам кіраўніцтва каталіцкай царквы згадзіўся на допуск езуітаў у Польшчу (1564) і ВКЛ (1569), што стала пачаткам контррэфармацыі ў гэтых краінах. Быў мецэнатам, на праўленне Ж. II прыпадае росквіт культуры эпохі Адраджэння ў ВКЛ. На Ж. II скончылася мужчынская лінія дынастыі Ягелонаў.

Літ.:

Kolankowski L. Zygmunt August, wielki książę Litwy, do rołu 1548. Lwów, 1913;

Cynarski S. Zygmunt August. Wrocław etc., 1988;

Sucheni-Grabowska A. Zygmunt August, król polski i wielki książę litewski (1520—1562). Warszawa, 1996.

А.​П.​Грыцкевіч.

Жыгімонт II Аўгуст.

т. 6, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ЛАСА ЯКУ́БА ЛІТАРАТУ́РНА-МЕМАРЫЯ́ЛЬНАГА МУЗЕ́Я ФІЛІЯ́Л.

Размешчаны ў Стаўбцоўскім р-не Мінскай вобл. Уключае мемарыяльныя сядзібы Смольня, Акінчыцы, Альбуць, Ласток. Смольня — літ.-мемарыяльны комплекс, за 1,5 км ад в. Мікалаеўшчына. Былая сядзіба Міцкевічаў (родных Я.Коласа), якія жылі тут з 1910. Сюды паэт прыязджаў у 1911—14, 1940, 1947—56. Тут у жн. 1912 ён упершыню сустрэўся з Я.​Купалам. На тэр. сядзібы хата, гасп. пабудовы, калодзеж, ліпы, пасаджаныя Я.​Коласам у 1911. Экспазіцыя складаецца з літ. і мемарыяльнай частак. У літ. ч. (адкрыта для наведвання 8.6.1967 у 2-павярховым будынку, новая створана ў 1982 да 100-годдзя з дня нараджэння паэта) архіўныя дакументы, фотаздымкі, аўтабіягр. матэрыялы, аўтографы твораў Я.​Коласа, асабістыя рэчы і мэбля паэта пасляваен. часу. У мемарыяльнай ч. (адкрыта для наведвання 2.11.1972 у хаце) матэрыялы пра сустрэчу Я.​Коласа і Я.​Купалы, фотаздымкі, прадметы побыту сям’і Міцкевічаў. На хаце ўстаноўлена мемарыяльная дошка. Акінчыцы — мемарыяльная сядзіба. У мінулым засценак, потым вёска, з 1977 ў межах г. Стоўбцы. Тут у 1881—83 жыў бацька паэта М.​К.​Міцкевіч з сям’ёю. Сядзіба адноўлена, на яе тэрыторыі гумно, пограб, калодзеж, хата. Мемарыяльная экспазіцыя адкрыта для наведвання 30.10.1982. Сярод экспанатаў аналагі рэчаў, якімі карысталася сям’я Міцкевічаў, прадметы сял. побыту канца 19 ст. На хаце мемарыяльная дошка: «Тут 3 лістапада 1882 г. нарадзіўся народны паэт Беларусі Якуб Колас (Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч)». Альбуць — мемарыяльная сядзіба, за 5 км ПдУ ад г. Стоўбцы. Былая леснічоўка, дзе ў 1890—1904 жыла сям’я Міцкевічаў. Туг прайшлі дзіцячыя і юнацкія гады Я.​Коласа (1890—1902), адсюль ён хадзіў у нар. вучылішча ў в. Мікалаеўшчына, тут напісаў першы верш. Альбуць у паэме «Новая зямля» апісана як Парэчча. Сядзіба з пабудовамі адноўлена. У 1990 створана літ.-мемарыяльная экспазіцыя па матывах паэмы «Новая зямля», якая складаецца з фотаздымкаў прататыпаў герояў паэмы, рукапісаў, выданняў паэмы розных гадоў, прадметаў побыту сялян 19—20 ст. На хаце ўстаноўлена мемарыяльная дошка. Ласток — мемарыяльная сядзіба, за 12 км ад в. Мікалаеўшчына. Ва ўрочышчы Ласток (Сухошчыне) прайшлі раннія дзіцячыя гады Я.​Коласа. Захавалася хата, адноўлены гасп. пабудовы. У 1997 адкрыты 2 пакоі экспазіцыі па матывах паэмы «Сымон-музыка», у якіх экспануюцца копіі рукапісаў паэмы, яе выданні розных гадоў, лісты, дакументы, фотаздымкі, вырабы нар. майстроў Стаўбцоўшчыны, творы бел. мастакоў. Устаноўлена мемарыяльная дошка: «У гэтай хаце ў 1885—1890 гг. жыў вялікі пясняр беларускага народа Якуб Колас (Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч)».

Літ.:

Мой родны кут. Мн., 1981;

Тумас Г. Родны бераг песняра. Мн., 1982.

З.​М.​Камароўская.

Коласа Якуба літаратурна-мемарыяльнага музея філіял. Мемарыяльная хата ў Смольні.
Коласа Якуба літаратурна-мемарыяльнага музея філіял. Мемарыяльная сядзіба ў Ластку.
Коласа Якуба літаратурна-мемарыяльнага музея філіял. Мемарыяльная сядзіба ў Акінчыцах.
Коласа Якуба літаратурна-мемарыяльнага музея філіял. Мемарыяльная сядзіба ў Альбуці.
Коласа Якуба літаратурна-мемарыяльнага музея філіял. Фрагмент экспазіцыі мемарыяльнай хаты ў Альбуці.

т. 8, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)