СЛОВАЎТВАРЭ́ННЕ,
1) утварэнне новых слоў (словатворчасць) ад аднакаранёвых слоў або ад словазлучэнняў спосабамі, прынятымі ў пэўнай мове. У бел. мове б.ч. новых слоў утвараецца шляхам афіксацыі — далучэння да ўтваральнай асновы суфікса («трактар — трактар-ыст»), прыстаўкі («магутны — звыш-магутны») або іх разам («мяжа — уз-меж-ак»). Прадуктыўнае складанне — аб’яднанне ў складанае слова слоў ці іх асноў («новая будоўля — новабудоўля») або толькі частак слоў ці пачатковых літар і гукаў, т.зв. абрэвіятур («Мінскі аўтамабільны завод — МАЗ»). Радзей узнікаюць словы за кошт пераходу слоў з адной часціны мовы ў другую (напр., прыметніка ў назоўнік — «хворы чалавек — хворы ачуняў»), пераасэнсавання значэння слова («куль» — вялікі рагожны мяшок і задняя частка рыбалоўнай снасці). С. — найважнейшая крыніца ўзбагачэння слоўніка мовы, гал. шлях узнікнення тэрмінаў. С. супрацьстаіць формаўтварэнню і словазмяненню.
2) Раздзел мовазнаўства, які вывучае словаўтваральную сістэму мовы. Уключае марфеміку (вучэнне пра значымыя часткі слова — марфемы) і ўласна С. (вывучае структуру і значэнне вытворных слоў, сродкі і спосабы іх утварэння, спосабы групоўкі вытворных слоў у словаўтваральныя тыпы, рады і гнёзды; ступень рэгулярнасці і прадуктыўнасці словаўтваральных сродкаў — фармантаў і тыпаў — на сучасным этапе і ў гіст. развіцці бел. мовы).
Літ.:
Сцяцко П.У. Беларускае народнае словаўтварэнне. Мн., 1977;
Шакун Л.М. Словаўтварэнне. Мн., 1978;
Беларуская граматыка. Ч. 1. Мн., 1985.
П.У.Сцяцко.
т. 15, с. 12
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)