САВЕ́Т АБАРО́НЫ ЛІТВЫ́ І БЕЛАРУСІ́ Створаны ў Вільні 19.4.1919 урадам Літ.-Бел. ССР у сувязі з нападам на рэспубліку польскіх войск і цяжкім ваен. становішчам. З 28.4.1919 знаходзіўся ў Мінску. Старшыня В.С.Міцкявічус-Капсукас, чл. І.​С.​Уншліхт, М.​І.​Калмановіч, Я.​Б.​Бош, В.​Г.​Кнорын, К.​Г.​Цыхоўскі. Сканцэнтраваў усю дзярж. і ваен. ўладу і дзейнічаў у кантакце з РВС Літ.-Бел. арміі (з чэрв. 1919—16-й арміі). 2.5.1919 аб’явіў усеагульную мабілізацыю ў армію, 22 мая прыняў пастанову аб тэрміновых мерах па абароне Мінска, 31 мая падтрымаў прапанову ЦК РКП(б) аб стварэнні ваен. і паліт. саюза паміж усімі сав. рэспублікамі (1.6.1919 ЦВК Літ.-Бел. ССР ухваліў гэты дагавор). 17.7.1919 Савет скасаваны паводле рашэння ЦК КП(б)Б ЛіБ ад 14.7.1919 у сувязі з акупацыяй большай ч. тэр. рэспублікі польскімі войскамі і перабудовай вышэйшых сав. і парт. органаў Літ.-Бел. ССР. На неакупіраванай тэр. Беларусі ўлада перададзена Мінскаму губ. ваен.-рэв. к-ту і РВС Зах. фронту.

П.​А.​Селіванаў.

т. 14, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕМЯНКО́Ў Віктар Іванавіч (н. 26.12.1925, в. Гімбатаўка Мсціслаўскага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. прававед. Чл.-кар. Нац. АН Беларусі (1980), д-р юрыд. н. (1977), праф. (1978). Засл. дз. нав. Беларусі (1996). Скончыў Мінскі юрыд. ін-т (1954). Працаваў нар. суддзёй Зэльвенскага р-на Гродзенскай вобл. (1954—58). З 1961 у Ін-це філасофіі і права АН Беларусі (з 1983 нам. дырэктара). У 1996—97 нач. гал. ўпраўлення па рабоце з органамі заканад. і суд. улады Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. З 1997 заг. аддзела Ін-та дзяржавы і права Нац. АН Беларусі. Навук. працы па праблемах прац. права і заканадаўства аб ахове працы, нагляду і кантролю за выкананнем заканадаўства аб працы.

Тв.:

Надзор и контроль за охраной труда в СССР. Мн., 1963;

Охрана труда в СССР. 2 изд. Мн. 1976;

Законодательство о труде: Юридич. справ. Мн., 1991 (у сааўт.);

Трудовое право. Мн., 1997 (у сааўт.).

Г.​А.​Маслыка.

т. 14, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАЛЬ (Staël) Ганна Луіза Жэрмена дэ (22.4.1766, Парыж — 14.7.1817),

французская пісьменніца, тэарэтык л-ры, публіцыст. Дачка Ж.​Некера Літ. дзейнасць спалучала з заняткамі палітыкай, філасофіяй, гісторыяй. Шмат падарожнічала. Погляды С. фарміраваліся пад уплывам сярэдневяковага мастацтва, творчасці У.​Шэкспіра, ням. л-ры і філасофіі. Асн. тэмы яе твораў — асоба і гісторыя, пісьменнік і грамадства, пачуццё і афіц. мараль: трагедыя «Джэйн Грэй» (1790), раманы «Дэльфіна» (1802), «Карына, або Італія» (1807). Аўтар філас.-публіцыст. і літ.-крытычных эсэ і трактатаў «Лісты пра творы і асобу Ж.​Ж.​Русо» (1788), «Пра мастацкую творчасць» (1795), «Пра ўплыў страсцей на шчасце людзей і народаў» (1796), «Аб літаратуры, разгледжанай у сувязі з грамадскімі законамі» (1800), мемуараў «Дзесяць гадоў у выгнанні» (апубл. 1821, незавершаны) і інш. Паўплывала на распрацоўку эстэтыкі ранняга рамантызму (кн. «Аб Германіі», 1810).

Тв.:

Рус. пер. — Корина, или Италия. М., 1969;

О литературе, рассмотренной в связи с общественными установлениями. М., 1989.

Літ.:

Пронин В.Н. Проблемы литературы и революции в творчестве Жермены де Сталь. М., 1974.

Е.​А.​Лявонава.

т. 15, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТА́ФТА—ХА́РТЛІ ЗАКО́Н (Taft-Hartley Act, афіц. назва Labor-Management Relations Act),

федэральны акт, прыняты 23.6.1947 Кангрэсам ЗША, аб рэгуляванні прац. адносін у краіне. Назва ад імя сенатара Р.​А.​Тафта і чл. Палаты прадстаўнікоў Ф.​Хартлі, якія ўзначальвалі працу па падрыхтоўцы гэтага закона. Быў скіраваны супраць папярэдняга ліберальнага і незбалансаванага (абмяжоўвала толькі інтарэсы наймальнікаў) прац. заканадаўства «новага курсу» (закон Вагнера ад 5.7.1935). Закон абмяжоўваў правы наёмных работнікаў і прафсаюзаў: забарона прафсаюзам уносіць у калект. дагавор пункт пра «закрыты цэх», забарона забастовак дзярж. служачых; уведамленне прадпрымальніка рабочымі пра іх стачку за 30 дзён да яе пачатку; наданне заканад. сходам штатаў права забараняць прафс. гарантыі, дазволеныя федэральным заканадаўствам; рэгулярныя справаздачы прафсаюзаў міністру працы пра ўсе свае справы; пісьмовыя паказанні пад прысягай аб непрыналежнасці прафс. функцыянераў да Камуніст. партыі ЗША і інш. У 1959 дадаткова прыняты закон Лэндграма—Грыфіна, а ў 1970 і дапаўненні да яго, якія прадугледжвалі далейшае рэгуляванне прац. адносін у ЗША.

т. 15, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭРМІНО́ВАЯ ВАЕ́ННАЯ СЛУ́ЖБА,

абавязковая служба ва ўзброеных сілах грамадзян прызыўных узростаў на працягу ўстаноўленага законам тэрміну. У многіх дзяржавах, у т. л. ў Рэспубліцы Беларусь, з’яўляецца асн. формай воінскай службы. На Т.в.с. прызываюцца грамадзяне мужчынскага полу, якія дасягнулі да дня прызыву ўстаноўленага законам узросту (у некат. дзяржавах абавязковая і для асоб жаночага полу, напр., у Ізраілі). Працягласць Т.в.с. можа быць рознай у залежнасці ад віду ўзбр. сіл, узроўню адукацыі і інш. На Беларусі парадак прызыву на Т.в.с., яе праходжанне, звальненне ў запас і інш. пытанні вызначаюцца законам «Аб усеагульным воінскім абавязку і ваеннай службе» і «Палажэннем аб праходжанні тэрміновай ваеннай службы ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь», статутамі воінскімі і інш. У мірны час на Т.в.с. прызываюцца грамадзяне Рэспублікі Беларусь ва ўзросце ад 18 да 27 гадоў. Тэрміны службы: для тых, хто мае вышэйшую адукацыю, — 12 месяцаў, для інш. катэгорый грамадзян — 18 месяцаў. Гл. таксама Абавязак воінскі, Воінская павіннасць.

С.​М.​Абрамаў.

т. 16, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХАРКО́Ў Пётр Андрэевіч (15.8.1922, ст. Хацень Калужскай вобл., Расія — 10.1.1983),

бел. драматург. Скончыў Літ. ін-т імя М.​Горкага ў Маскве (1943). З 1947 працаваў у газ. «Во славу Родины», з 1963 карэспандэнт газ. «Советская культура» па Беларусі, з 1966 у Мін-ве культуры Беларусі. Друкаваўся з 1940. Пісаў на рус. мове. У п’есах «Ад імя пакалення» (паст. 1957), «Вечны агонь» (паст. 1963, Дзярж. рус. драм. т-р Беларусі), «Рэпартаж з пекла» (аперэта, муз. Я.​Глебава, паст. 1972, Дзярж. т-р муз. камедыі Беларусі), «Кветкі на попеле» (паст. 1978), кінасцэнарыі «Пакуль б’ецца сэрца» (1957) услаўленне мужнасці і гераізму сав. людзей у Вял. Айч. вайну. Аўтар апавяданняў, нарысаў, публіцыст. артыкулаў. На яго тэксты напісаны песні, кантаты «Невядомы салдат» (муз. І.​Лучанка. 1970). «Аб Нёмане» (з А.​Астрэйкам, муз. Дз.​Смольскага, 1975), цыкл вакальных паэм («Світанне», «Калі сэрца прыніжана», «Роздум», муз. Я.​Глебава, 1973), вакальна-сімф. паэма «Аб Дняпры» (з П.​Макалём, муз. Смольскага, 1973).

Тв.:

Подвиг без награды: Киноповесть, пьесы. Мн., 1983.

т. 16, с. 550

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЭ́ПЕШ (Tepeş ад рум. ţеара кол),

сапр. Дракул Улад (1431—76), гаспадар Валахіі [1456—62, 1476], Сын гаспадара Валахіі Улада Дракула [1436—46]. З надзвычайнай жорсткасцю змагаўся за цэнтралізацыю дзярж. улады і супраць уплывовых баяр. Мянушку «Ц.» («саджальнік на кол») атрымаў за свой садысцкі звычай караць людзей смерцю праз пасаджэнне на кол (паводле паданняў, часам караў па 10 і 30 тыс. чал. за адзін раз). Пабудаваў у Бухарэсце цытадэль (1459). У 1461 адмовіўся плаціць даніну тур. султану і выканаць яго загад аб прыездзе ў Стамбул, захапіў тур. крэпасці на правым беразе р. Дунай і жорстка расправіўся з мясц. балг. насельніцтвам; у 1462 адбіў уварванне тур. войск у Валахію. Здрада баяр прымусіла Ц. ўцячы ў Венгрыю, дзе да 1474 быў зняволены. У 1476 зноў гаспадар Валахіі. Забіты баярамі (паводле інш. версіі, загінуў у баі з туркамі). Паданне аб тым, што Ц. піў кроў сваіх ворагаў, дало падставу англ. пісьменніку Б.​Стокеру зрабіць яго прататыпам вампіра Дракулы ў рамане «Дракула» (1897).

В.​В.​Грынявецкі.

т. 17, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАПЛЫ́ГІН Сяргей Аляксеевіч (5.4.1869, г. Раненбург, цяпер г. Чаплыгін Ліпецкай вобл., Расія — 8.10.1942),

расійскі вучоны ў галіне тэарэт. механікі, стваральнік навук. школы па гідра- і аэрамеханіцы. Акад. АН СССР (1929, чл.-кар. 1924). Герой Сац. Працы (1941). Засл. дз. нав. РСФСР (1929). Скончыў Маскоўскі ун-т (1890), выкладаў у ім і інш. ВНУ Масквы. З 1901 праф., з 1905 дырэктар Маскоўскіх вышэйшых жаночых курсаў. З 1918 у Цэнтр. аэрагідрадынамічным ін-це (ЦАГІ, у 1928—31 дырэктар-начальнік). Навук. працы па гідрамеханіцы, матэматыцы, аналіт. механіцы, аэрамеханіцы, авіяцыі, балістыцы. Прапанаваў метад даследавання газавых струменяў пры дагукавых скарасцях, што стала пачаткам развіцця газавай дынамікі. Выказаў пастулат аб вызначэнні велічыні цыркуляцыі скорасці патоку вакол крыла (пастулат Ч. — Жукоўскага), што дазволіла рашаць задачы аб сілах дзеяння патоку на абцякальнае цела. Яго імем названы кратэр на адваротным баку Месяца.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—4. М.; Л., 1948—50;

Избранные труды. М., 1976.

Літ.:

С.​А.​Чаплыгин: Материалы к науч. биогр. М., 1972.

С.А.Чаплыгін.

т. 17, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ША́ФАРЫК, Шафаржык (Šafařík) Павел Іозеф (13.5.1795, в. Кабельярове, Славакія — 26.6.1861), чэшскі і славацкі філолаг, гісторык, паэт; дзеяч чэш. і славацкага нац.-вызв. руху. Скончыў Іенскі ун-т (1817). Працаваў у гімназіі ў г. Нові-Сад (1819—33), з 1848 дырэктар б-кі Пражскага ун-та. Адзін з лідэраў Пражскага паўстання 1848. Выступіў як паэт (зб. «Татранская Муза са славянскай лірай», 1814). Даследаваў слав. мовы і культуры, абгрунтаваў іх агульнасць: працы «Гісторыя славянскай мовы і літаратуры на ўсіх дыялектах» (1826), «Аб паходжанні славян» (1828), «Славянскія старажытнасці» (1837), «Славянская этнаграфія» (1842); пытанні гісторыі чэш., славацкай, сербскай моў, паходжанне пісьма ў славян («Пачаткі старачэшскай граматыкі», 1841; «Помнікі старадаўняга пісьменства ў паўднёвых славян», 1851; «Аб паходжанні і радзіме глаголіцы», 1858, і інш.). Распрацоўваў пытанні тэорыі вершаскладання (трактат «Пачаткі чэшскай паэтыкі, у прыватнасці прасодыі», 1818, з Ф.Палацкім). Яго працы — першыя ў сусв. гістарыяграфіі грунтоўныя даследаванні па слав. этнагенезе; паўплывалі на развіццё славяназнаўства ў інш. краінах.

Літ.:

Мыльников А.С. Павел Шафарик — выдающийся ученый-славист. М.; Л., 1963.

т. 17, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРУГЛО́Ў Валерый Аляксандравіч (н. 22.5.1952, г. Іўе Гродзенскай вобл.),

бел. правазнавец. Д-р юрыд. н. (2004). Чл.-кар. Міжнар. акадэміі арганізац. і кіраўніцкіх навук (2000). Скончыў Магілёўскую спец. школу трансп. міліцыі (1976) і Мінскую вышэйшую школу МУС СССР (1983). З 1976 у аддзеле ўнутр. спраў ст. Мінск, з 1987 нач. аддзела. З 1991 у Акадэміі МУС Рэспублікі Беларусь (з 1992 нач. кафедры, з 1996 нач. ф-та, з 1998 нам. нач. акадэміі). У 2000 нач. аддзела Нац. цэнтра законапраектнай дзейнасці. З 2001 у Мінскім ін-це кіравання. Навук. працы па тэарэт., прававых і арганізац. праблемах удасканалення судаводства па справах аб адм. правапарушэннях. Аўтар кніг «Каментарыі да Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях» (2001, 2002), навуч. і метадычных дапаможнікаў для ВНУ.

Тв.:

Основы права Республики Беларусь. Мн., 2002;

Производство по делам об административных правонарушениях. М.; Мн., 2002;

Трудовое право Республики Беларусь. М.; Мн., 2004.

М.​П.​Савік.

т. 18, кн. 1, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)