ХАРКО́Ў Пётр Андрэевіч (15.8.1922, ст. Хацень Калужскай вобл., Расія — 10.1.1983),
бел. драматург. Скончыў Літ. ін-т імя М.Горкага ў Маскве (1943). З 1947 працаваў у газ. «Во славу Родины», з 1963 карэспандэнт газ. «Советская культура» па Беларусі, з 1966 у Мін-ве культуры Беларусі. Друкаваўся з 1940. Пісаў на рус. мове. У п’есах «Ад імя пакалення» (паст. 1957), «Вечны агонь» (паст. 1963, Дзярж. рус. драм. т-р Беларусі), «Рэпартаж з пекла» (аперэта, муз. Я.Глебава, паст. 1972, Дзярж. т-р муз. камедыі Беларусі), «Кветкі на попеле» (паст. 1978), кінасцэнарыі «Пакуль б’ецца сэрца» (1957) услаўленне мужнасці і гераізму сав. людзей у Вял. Айч. вайну. Аўтар апавяданняў, нарысаў, публіцыст. артыкулаў. На яго тэксты напісаны песні, кантаты «Невядомы салдат» (муз. І.Лучанка. 1970). «Аб Нёмане» (з А.Астрэйкам, муз. Дз.Смольскага, 1975), цыкл вакальных паэм («Світанне», «Калі сэрца прыніжана», «Роздум», муз. Я.Глебава, 1973), вакальна-сімф. паэма «Аб Дняпры» (з П.Макалём, муз. Смольскага, 1973).
Тв.:
Подвиг без награды: Киноповесть, пьесы. Мн., 1983.
т. 16, с. 550
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)