ЧАПЛЫ́ГІН Сяргей Аляксеевіч (5.4.1869, г. Раненбург, цяпер г. Чаплыгін Ліпецкай вобл., Расія — 8.10.1942),
расійскі вучоны ў галіне тэарэт. механікі, стваральнік навук. школы па гідра- і аэрамеханіцы. Акад.АНСССР (1929, чл.-кар. 1924). Герой Сац. Працы (1941). Засл. дз. нав. РСФСР (1929). Скончыў Маскоўскі ун-т (1890), выкладаў у ім і інш.ВНУ Масквы. З 1901 праф., з 1905 дырэктар Маскоўскіх вышэйшых жаночых курсаў. З 1918 у Цэнтр. аэрагідрадынамічным ін-це (ЦАГІ, у 1928—31 дырэктар-начальнік). Навук. працы па гідрамеханіцы, матэматыцы, аналіт. механіцы, аэрамеханіцы, авіяцыі, балістыцы. Прапанаваў метад даследавання газавых струменяў пры дагукавых скарасцях, што стала пачаткам развіцця газавай дынамікі. Выказаў пастулат аб вызначэнні велічыні цыркуляцыі скорасці патоку вакол крыла (пастулат Ч. — Жукоўскага), што дазволіла рашаць задачы аб сілах дзеяння патоку на абцякальнае цела. Яго імем названы кратэр на адваротным баку Месяца.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—4. М.; Л., 1948—50;
Избранные труды. М., 1976.
Літ.:
С.А.Чаплыгин: Материалы к науч. биогр. М., 1972.