вобраз у старадаўніх павер’ях беларусаў і інш. народаў. На Беларусі яго ўяўлялі ў выглядзе старога чалавека ў белай вопратцы, з сівой барадой і доўгімі валасамі, які жыў у хаце (пад ці за печчу) або ў сенцах, каморы, клеці. Паводле павер’яў у кожнай хаце (сям’і) быў свой Д. (увасабляў памерлага гаспадара), які нібыта ахоўваў дом, клапаціўся пра гаспадарку, назіраў за сямейным побытам і інш. Прымхлівыя людзі імкнуліся задобрыць Д.: у памінальныя і святочныя дні яго клікалі да стала, «частавалі» лепшымі стравамі, прасілі, каб не рабіў шкоды. Рэліг. значэнне вобраз Д. страціў у канцы 19 — пач. 20 ст. Знайшоў адлюстраванне ў бел. фальклоры (пераважна ў былічках).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАМАНЕ́ЎСКІ (Даманоўскі) Фабіян, бел. мысліцель-гуманіст і паэт эпохі Адраджэння і барока. Ідэолаг нонадарантызму (рэліг.-філас. рух у Беларусі 2-й пал. 16 ст.). Крытыкаваў Біблію, лічыў Хрыста не Богам, а простым чалавекам, адмаўляў неўміручасць душы, існаванне замагільнага свету. У 1589 разам з С.Будным у палеміцы з езуітамі даказваў, што душа чалавека пасля смерці гіне разам з целам. Аўтар верша на польскай мове «Эпіграма на герб Лясот», надрукаванага ў кнізе С.Буднага «Пра свецкую ўладу» (1583). У творы выказаў думку, што ўсякая ўлада павінна быць разумнай, кіравацца маральнымі дабрачыннасцямі.
Літ.:
Подокшин С.А. Скорина и Будный: Очерк филос. взглядов. Мн., 1974.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАНІЛЕ́НКА (Міхась) (Міхаіл Пятровіч: н. 28.10.1922, в. Ястрабка Лоеўскага р-на Гомельскай вобл.),
бел. пісьменнік. Скончыў Гомельскі пед.ін-т (1952). Настаўнічаў. У 1953—82 у рэдакцыі «Гомельскай праўды». Друкуецца з 1940. Большасць апавяданняў прысвяціў падзеям вайны, жыццю вёскі і школы, працы настаўнікаў. Героі яго твораў — людзі высакародныя, верныя свайму дому, зямлі, непрымірымыя да праяў несумленнасці і фальшу (аповесці «Наш дом», 1971, «Апанаска Лугавы», 1972, і інш.). Для дзяцей выдаў кнігі «Вернасць слову» (1956), «Зачараваны гарлачык» (1961), «На вуліцы Сонечнай» (1963), «Ключы бабулі Зімы» (1986). Піша вершы, нарысы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДВАРАКО́ЎСКІ (Валяр’ян Дзмітрыевіч) (10.9 1904, Мінск — 18.8.1979),
бел. графік. Скончыў Вышэйшы маст.-тэхн. ін-т у Ленінградзе (1929). Працаваў у станковай і кніжнай графіцы, плакаце. У 1929—31 маст. рэдактар Белдзяржвыда. З 1931 у Ленінградзе. Аформіў кнігі «Сымон-музыка» Я.Коласа і «Два» А.Вольнага (1925), «Выбраныя апавяданні» (1926) і «У глыбі Палесся» (1927) Я.Коласа, «У віры жыцця» М.Зарэцкага, зборы твораў Я.Купалы (т. 2, 2-е выд.) і Ц.Гартнага (т. 2; усе 1929), «Яўген Анегін» А.Пушкіна (1937), «Выбранае» Ю.Тынянава (1941), «Байкі» І.Крылова (1944), «Лірыка» А.Пракоф’ева (1956), зб. «Нашы казкі» (1965) і інш. Творы Д. вызначаюцца высокай тэхнікай выканання, арыгінальнасцю кампазіцыйнай будовы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛА́ЗАЎ (Уладзімір Міхайлавіч) (25.6.1915, Масква — 20.5.1980),
бел. і рускі спявак (барытон). Засл. арт. Беларусі (1954). У 1938—49 саліст Ансамбля песні і танца Сав. Арміі імя А.В.Аляксандрава. У 1951—61 саліст Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі. У 1962—75 саліст Москанцэрта. Валодаў голасам прыемнага тэмбру, шырокага дыяпазону, пачуццём стылю. Стварыў разнапланавыя вобразы ў нац. операх: Змітрок і фон Шолен («Міхась Падгорны» і «Дзяўчына з Палесся» Я.Цікоцкага), Лагоўскі («Яснае світанне» А.Туранкова), Лявон («Калючая ружа» Ю.Семянякі); у класічных — Мечнік («Страшны двор» С.Манюшкі), Мазепа, Томскі і Ялецкі, Анегін («Мазепа», «Пікавая дама», «Яўген Анегін» П.Чайкоўскага), Жэрмон, граф ды Луна, Рэната («Травіята», «Трубадур», «Баль-маскарад» Дж.Вердзі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛІ́БАЎ (Глебаў) Леанід Іванавіч
(5.3.1827, с. Вясёлы Падол Палтаўскай вобл., Украіна — 10.11.1893),
украінскі паэт. Майстар баечнага жанру. Скончыў Нежынскі ліцэй (1855). У 1861—63 выдавец і рэдактар штотыднёвіка «Черниговский листок». Пісаў на ўкр. і рус. мовах. Першы зб. «Вершы» (1847, на рус. мове). Аўтар паэмы «Перакаці-поле» (пач. 1850-х г.), камедыі «Да міравога» (1862), твораў для дзяцей і інш. У байках (больш за 100, зб-кі 1863, 1872 і 1882 і інш.) асуджаў прыгонніцтва, бюракратызм, хабарніцтва, падхалімства і інш. Асобныя лірычныя вершы Глібава пакладзены на музыку, сталі папулярнымі песнямі. На бел. мову паасобныя творы Глібава пераклалі Э.Валасевіч, К.Камейша.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГНІ́ДАШ, Гнедаш Кузьма Савельевіч (30.11.1914, в. Салагубаўка Сумскай вобл., Украіна — 19.6.1944), удзельнік баёў на Беларусі ў Вял.Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Кіеўскае ваен.танк. вучылішча (1940). У Чырв. Арміі з 1936. Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял.Айч. вайну камандзір аператыўна-дыверсійнага цэнтра разведаддзела штаба 1-га Бел. фронту. Групы пад яго камандаваннем у тыле ворага ў 1943—44 вялі разведку і дыверсійную работу ў раёне Слуцка, Баранавіч, Кобрына, Мінска, Асіповіч, Пінска, Лунінца, Брэста, на тэр. Кіеўскай і Чарнігаўскай абл. Каля Слоніма частка групы была акружана карным атрадам, цяжка паранены маёр Гнідаш і радыстка К.Т.Давідзюк, каб не трапіць у палон, падарвалі сябе гранатай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́ЛУБ (Юрка) (Юрый Уладзіміравіч; н. 20.10.1947, в. Горны Зэльвенскага р-на Гродзенскай вобл.),
бел.паэт. Скончыў БДУ (1970). З 1970 на Гродзенскай абл. студыі тэлебачання, з 1979 заг. аддзела маст. вяшчання Гродзенскага аблтэлерадыё. Вядзе на абл. студыі тэлебачання штомесячную перадачу «Гродзеншчына літаратурная». Друкуецца з 1963. Першы зб. вершаў «Гром на зялёнае голле» (1969). У вершах Голуба — свет маладога сучасніка, які абвострана адчувае праявы жыцця. Шчодрасць лірычнага самавыяўлення, лаканічнасць выказвання, яркая метафарычнасць вобразаў, багатая інструментоўка радка — асаблівасці яго творчай манеры. Для дзяцей зб. «У бары грыбы бяры» (1986). Выступае як празаік, перакладчык.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГО́МЕЛЬСКАЯ ПРА́ЎДА»,
абласная газета. Выдаецца з 30.10(12.11).1917 у Гомелі на бел. мове. У 1917—29 выходзіла на рус. мове, пад рознымі назвамі. Спачатку наз. «Известия Гомельского Совета рабочих, солдатских и крестьянских депутатов». У час акупацыі Гомеля герм. войскамі (люты 1918 — студз. 1919) не выходзіла. З 1930 наз. «Палеская праўда», з 1938 сучасная назва. У Вял.Айч. вайну орган Гомельскіх падп. абкома і гаркома КП(б)Б (выходзіла з 1.5 да 20.11.1943). Пасля вайны — орган Гомельскіх абл. і гар. к-таў КПБ, абл. і гар. Саветаў нар. дэпутатаў. З вер. 1991 — абл. газета. Інфармуе аб падзеях грамадска-паліт., эканам., гісторыка-краязнаўчага і культ. жыцця Гомельшчыны, усёй Беларусі. Асвятляе міжнар. падзеі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕМАТАЛО́ГІІ І ПЕРАЛІВА́ННЯ КРЫВІ́ НАВУКО́ВА-ДАСЛЕ́ДЧЫ ІНСТЫТУ́ТМіністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь.
Засн. ў 1932 у Мінску як філіял Цэнтр. ін-та пералівання крыві на базе хірург. аддзялення 1-й клінічнай бальніцы, з ліст. 1932 Бел.НДІ пералівання крыві, з 1988 сучасная назва. Асн. кірункі даследаванняў: распрацоўка метадаў прафілактыкі і лячэння захворванняў у дзяцей і дарослых з выкарыстаннем медулатрансфузіі (перасадка касцявога мозга), прагназаванне і карэкцыя гематалагічнага стану чалавека ў сувязі з праблемамі ліквідацыі мед. вынікаў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС; даследаванне рэгулятарных механізмаў кроваўтварэння і імунітэту; стварэнне біятэхнал. схем вытв-сці гібрыдомных монакланальных дыягностыкумаў біяспецыфічных прэпаратаў крыві, кровазаменнікаў і гемасарбентаў, стварэнне аптымальнай структуры службы крыві і гематалагічнай службы.