адзін з тыпаў фундаментальных узаемадзеянняў (разам з моцным, эл.-магн. і слабым), які характарызуецца ўдзелам у працэсах узаемадзеяння гравітацыйнага поля (поля прыцягнення). У адрозненне ад іншых узаемадзеянняў мае універсальны характар: гравітацыйнае ўзаемадзеянне ў аднолькавай ступені ўласціва ўсім матэрыяльным аб’ектам — ад элементарных часціц да зорак і галактык.
У гравітацыйным узаемадзеянні ўдзельнічаюць усе класы элементарных часціц (напр., фатон, лептоны, адроны). З-за іх малых мас гравітацыйнае ўзаемадзеянне з’яўляецца самым слабым з усіх тыпаў узаемадзеянняў элементарных часціц і ў тэорыі элементарных часціц звычайна не ўлічваецца. Гравітацыйнае ўзаемадзеянне можа стаць істотным пры ўліку эфектаў квантавай тэорыі гравітацыі, паводле якой гравітацыйнае ўзаемадзеянне тлумачыцца як вынік абмену квантамі гравітацыйнага поля — гравітонамі. Гравітацыйнае ўзаемадзеянне мае бясконца вял. радыус дзеяння і адыгрывае важную ролю ў макрасвеце, з’яўляючыся асн. фактарам узаемадзеяння і эвалюцыі планет, зорак, галактык і самога Сусвету. Для дастаткова слабых гравітацыйных палёў выконваецца сусветнага прыцягнення закон. Гравітацыйныя эфекты, рух цел і эвалюцыя астрафіз. аб’ектаў у моцных палях прыцягнення падпарадкоўваюцца законам агульнай адноснасці тэорыі. Гл. таксама Прыцягненне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАМАНЕ́ЎСКІ (Даманоўскі) Язэп
(2-я пал. 16 ст. — 1-я пал. 17 ст.),
бел. мысліцель і гуманіст, паэт эпохі позняга Адраджэння і барока. Сын Ф.Даманеўскага. З пазіцый сацыніянства (гл.Сацыніяне) удзельнічаў у 1594 у Навагрудку ў дыспуце з філосафам-схаластам М.Сміглецкім пра спрадвечнасць Хрыста. У канцы 1590-х г. схіляўся да атэізму, адмаўляў бессмяротнасць душы, існаванне замагільнага свету, за што быў выключаны з сацыніянскай абшчыны. Займаўся паэт. творчасцю, пісаў на польск. і лац. мовах. Свае філас.-этычныя погляды адлюстраваў у вершаваных творах «Жыццё сельскае і гарадское», «Перасцярога і заахвочванне тым, хто многа гаворыць і думае, але нічога не робіць», «Суцяшэнне тым, каму мужы перашкаджаюць паводзіць сябе з годнасцю», «Некаторыя эмблемы», «Афарызмы Саламона ў паэтычным выкладанні» і інш. (1620—23). Апяваў працавітасць, памяркоўнасць, сумленнасць, імкненне да ведаў, чалавечы розум. Ідэалізаваў вясковае жыццё як увасабленне «натуральнага стану» чалавека. Каларытна апісаў жыццё бел. горада пач. 17 ст.
Літ.:
Падокшын С.А. Філасофская думка эпохі Адраджэння ў Беларусі: Ад Францыска Скарыны да Сімяона Полацкага. Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЎЖЭ́НКА (Аляксандр Пятровіч) (11.9.1894, г.п. Сосніца Чарнігаўскай вобл., Украіна — 25.11.1956),
украінскі і расійскі кінарэжысёр, пісьменнік. Засл. дз. маст. Украіны (1939), нар.арт. Расіі (1950). Скончыў Глухаўскі настаўніцкі ін-т (1914). Вучыўся ва Укр. акадэміі мастацтва ў Кіеве (1917—19). У 1926—28 працаваў на Адэскай кінафабрыцы, у 1929—41 — на Кіеўскай студыі маст. фільмаў (з 1957 носіць яго імя), з 1946 — на «Масфільме». Сярод фільмаў: «Сумка дыпкур’ера» (1927), «Звянігара» (1928), «Арсенал» (1929), «Зямля» (1930), «Іван» (1932), «Аэраград» (1935), «Шчорс» (1939), «Мічурын» (1949); дакумент. «Бітва за нашу Савецкую Украіну» (1943) і «Перамога на Правабярэжнай Украіне» (1945, разам з Ю.Сонцавай). Фільмы Д. філасофскія, рамантычна прыўзнятыя, паэтычныя, з метафарычнасцю кінамовы, блізкія да традыцый укр. фальклору. Аўтар апавяданняў («Маці», «Перад боем», «Перамога» і інш.), аўтабіягр. аповесці «Зачараваная Дзясна» (выд. 1957), кінааповесцей «Аповесць палымяных гадоў» (1944—45), «Паэма пра мора» (1956). Ленінская прэмія 1959 (пасмяротна), Дзярж. прэміі СССР 1941, 1949.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́ЖЫ ДЗЬЁРДЗЯ ПАЎСТА́ННЕ 1514, Сялянская вайна 1514, найбуйнейшае антыфеад. ўзбр. выступленне ў сярэдневяковай Венгрыі. Яго перадумовай быў набор у краіне зкрас. 1514 добраахвотнікаў для крыжовага паходу супраць туркаў. Успыхнула ў маі як рэакцыя сялян на спыненне іх прыёму ў крыжацкае войска (прыём у крыжакі азначаў для сялян вызваленне з-пад улады іх паноў). Ахапіла б.ч. дзяржавы, праходзіла пад лозунгамі адмены феад. эксплуатацыі і царк. дзесяціны, падзелу царк. зямель паміж крыжакамі, устанаўлення ўсеагульнай роўнасці, спрашчэння царк. арганізацыі. Ўдзельнічала да 100 тыс.чал. (пераважна сялян), аднак з-за разрозненасці дзеянняў каля 50 тыс. паўстанцаў былі хутка знішчаны дваранскімі атрадамі. Спыненне ў ліп. 22-тысячным войскам трансільванскага ваяводы Я.Запаяі гал. сіл паўстанцаў на чале з Дзьёрдзем Дожам каля крэпасці Тэмешвар (цяпер Тымішаара, Румынія), калі Дожа трапіў у палон і быў пакараны смерцю, паскорыла паражэнне паўстання. У крас.—ліст. 1514 Дзярж. сход прыняў закон аб пазбаўленні сялян свабоды і навечным прымацаванні іх да зямлі (адменены ў 1530).
Літ.:
Гусарова Т.П. «Я хотел обновить мир» // И живы памятью столетий. Мн., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЮВА́НАЎ (Міхаіл Акімавіч) (24.2.1906, г. Грозны, Чэчня — 29.4.1977),
бел. спявак (бас). Нар.арт. Беларусі (1954). Скончыў Бел. кансерваторыю (1951, клас Я.Віцінга), з 1962 выкладаў у ёй. З 1938 працаваў у т-рах оперы і балета ў Баку, Ташкенце, Фрунзе, Маскве (Вял.т-р, 1944), Пермі. У 1949—61 саліст Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі. Валодаў моцным голасам прыгожага цёплага тэмбру. Аднолькава пераканаўча выконваў партыі лірычныя, драм. і камедыйныя. Сярод партый нац. рэпертуару: Даніла і Анішчук («Дзяўчына з Палесся» і «Міхась Падгорны» Я.Цікоцкага), Якуб («Марынка» Р.Пукста), Дураў («Надзея Дурава» А.Багатырова); з лепшых партый класікі — Сусанін («Іван Сусанін» М.Глінкі), Барыс («Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага), Млынар («Русалка» А.Даргамыжскага), Канчак («Князь Ігар» А.Барадзіна), Грэмін, кароль Рэнэ, Качубей («Яўген Анегін», «Іаланта», «Мазепа» П.Чайкоўскага), Карась («Запарожац за Дунаем» С.Гулак-Арцямоўскага), Мефістофель («Фауст» Ш.Гуно), Дон Базіліо («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні).
Літ.:
Жураўлёў Дз.М. Шлях акцёра // Майстры беларускай сцэны. Мн., 1960.
Б.С.Смольскі.
М.А.Зюванаў.М.Зюванаў у ролях Карася (злева) і караля Рэнэ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІГРЫ́ШЧА,
народнае зборышча з танцавальна-гульнявымі і тэатралізаванымі паказамі. Бярэ пачатак ад масавых забаў язычніцкай абраднасці. Мае глыбокія карані ва ўсходнеслав. фальклоры. Значную ролю ў вызначэнні характару І. адыгралі скамарохі. На Беларусі пашыраны ў паўн., усх. і цэнтр. раёнах, дзе паняцце і сам тэрмін «І.» часта выступае як сінонім вечарынак, вячорак. Асабліва характэрны для святочна-каляднага часу з яго «святымі» («крывымі») вечарамі, калі можна ўсё паказваць «шыварат-навыварат», у карнавалізаваным выглядзе. Таму на І. асаблівая роля належыць карнавалізаваным хаджэнням пераапранутых (хадзіць «у гусары», «у цыганы»), гульнявым паказам вяселля («Жаніцьба Цярэшкі», «Жаніцьба бахара»), парадзіраванаму пахаванню з амбівалентнасцю смерці — уваскрэсення ў танцы, гульні, смеху («Бабёр памёр, пашлі хараніць — ажну ён сядзіць...», «у вакно глядзіць, стаіць», «ажну ён за намі бяжыць!»), іншым розным гульням у фанты, выбару пары і інш. («Яшчур», «Халімон», «Зязюля»).
Літ.:
Финдейзен Н.Ф. Очерки по истории музыки в России с древнейших времен до конца XVIII в. Т. 1. М.; Л., 1928;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЛЬЮЧО́НАК (Пётр Вікенцьевіч) (12.2.1891, в. Русцягі Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. — 27.6.1945),
дзяржаўны дзеяч БССР. З 1912 у арміі. З 1917 у Адэсе, нам. старшыні Бел. бежанскага к-та, чл. арг-цыі «Беларускі гай». У 1918 упаўнаважаны Бел.нац. камісарыята, заг.бел. аддзела ў Палонбежы. У 1919 заг.бел. дзіцячай калоніі, кіраўнік групы бел. камуністаў пры Малдаванскім райкоме партыі, старшыня бел.-літ. секцыі пры Адэскім губкоме партыі. З 1920 у Мінску, заг.гар. жыладдзела. У 1920 і 1923 на падп. рабоце ў Зах. Беларусі. У 1921 нам. наркома сацзабеспячэння, у 1921—22 заг.бел. аддзела Наркамасветы, у 1924—25 і 1926—28 тэхн. рэдактар, нам. старшыні Белдзяржвыдавецтва, у 1925—26 супрацоўнік паўпрэдства ў Варшаве, у 1928—29 нам. старшыні «Белпайгандлю». У 1929 выключаны з партыі за прыхільнасць да т. зв. нацыянал-дэмакратызму. 17.2.1930 арыштаваны па справе «Саюза вызвалення Беларусі», 18.3.1931 асуджаны на 10 гадоў. 4.10.1937 арыштаваны паўторна, прыгавораны да 5 гадоў ППЛ. Вызвалены 4.10.1942. Зноў арыштаваны і засуджаны ў студз. 1943 на 10 гадоў ППЛ. Памёр у Тайшэтлагу. Рэабілітаваны ў 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІУДЗЕ́ЙСКАЯ ВАЙНА́ 66—73,
антырымскае паўстанне ў Іудзеі. Выклікана злоўжываннямі рым. пракуратара Флора. Паўстанне ўзначалілі рэліг.-паліт. групоўкі: зелоты, якія змагаліся супраць Рыма з пазіцый рэліг. фанатызму, і сікарыі — змагары супраць рабства і засац. роўнасць. Паўстанцы авалодалі Іерусалімам, уласна Іудзеяй, Галілеяй і інш. тэрыторыямі, адбілі першы карны паход рымлян (ліст. 66). Аднак у 67—68 моцнае рым. войска на чале з Веспасіянам захапіла Галілею і б.ч. Іудзеі. Галілейскі палкаводзец Іосеф бен Матыт’яху (Іосіф Флавій) трапіў у палон і перайшоў на бок рымлян. Правадыр галілейскіх зелотаў Іаханан (Іаан) з Гісхалы са сваім атрадам зрабіўся ў Іерусалім і там узначаліў кіраўніцтва паўстаннем. Пасля абвяшчэння Веспасіяна імператарам (69) на чале рым. войска стаў яго сын Ціт, які выкарыстаў міжусобную барацьбу зелотаў з сікарыямі і ў жн. 70 пасля 5 месяцаў аблогі захапіў Іерусалім. Рымляне поўнасцю разбурылі горад і храм. Палонныя, у т. л. Іаханан, былі ператвораны ў рабоў, правадыр сікарыяў Сімон бар Гіёра пакараны смерцю ў Рыме. У 73 рымляне захапілі апошнюю крэпасць сікарыяў Масаду.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗА́НСКІЯ ПАХО́ДЫ 1545—52,
ваенныя дзеянні, у т. л. прэвентыўныя, рус. войск супраць Казанскага ханства, якое праводзіла ў адносінах да Расіі агрэсіўную палітыку: рабіла пастаянныя рабаўнічыя набегі, закрывала волжскі гандл. шлях; у сярэдзіне 16 ст. ў Казані ўтрымлівалася каля 100 тыс.рус. нявольнікаў. Паход 1545 меў характар ваен. дэманстрацыі, паходы 1547—48 і 1549—50 былі безвыніковыя. Апошні паход 1552 быў добра падрыхтаваны ў дыпламат., ваен. і матэрыяльных адносінах. Яшчэ ў 1551 паводле загаду цара Івана IV Грознага рус. майстры пабудавалі за 30 км ад Казані апорную базу — крэпасць Свіяжск, куды былі загадзя завезены асадная артылерыя, боепрыпасы і харчаванне. 16 чэрв.рус. войскі на чале з царом выступілі з Масквы. 24 чэрв. яны разбілі каля Тулы войска крымскага хана Дэўлет-Гірэя, узмоцненае атрадам тур. янычараў, потым накіраваліся да Казані і ў жн. асадзілі яе. Іван IV сканцэнтраваў вакол Казані каля 150 тыс. воінаў, 150 гармат. Рус. войскі бамбардзіравалі горад з цяжкіх гармат, з дапамогаю мінных падкопаў разбуралі яго ўмацаванні. 2.10.1552 Казань узята штурмам; Казанскае ханства спыніла існаванне і было далучана да Расіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВА́НТАВЫ ГАДЗІ́ННІК, атамны гадзіннік, малекулярны гадзіннік,
прылада для дакладнага вымярэння часу, якая мае кварцавы генератар, што кіруецца квантавым стандартам частаты. Ход К.г. рэгулюе частата выпрамянення атамаў або малекул пры іх квантавых пераходах з аднаго энергет. стану ў другі.
Гэтая частата настолькі стабільная (хібнасць 10−11—10−13), што дазваляе вымяраць час больш дакладна, чым з выкарыстаннем астр. метадаў (недакладнасць ходу каля 1 сза 100 гадоў). К.г. мае спец. электронныя прыстасаванні, якія фарміруюць сетку частот, забяспечваюць вярчэнне стрэлак або змену лічбаў на цыферблаце, выдачу сігналаў дакладнага часу. Выкарыстоўваюцца ў радыёнавігацыі для вымярэння адлегласцей ад лятальнага апарата да наземнай станцыі (параўнаннем фазы сігналу, прынятага з Зямлі, з фазай апорнага сігналу бартавога абсталявання), у службах дакладнага часу, неабходнага для геал., геафіз. і інш. работ, а таксама ў якасці эталона частаты пры фіз. даследаваннях. На аснове К.г. ў 1960-я г. створана сістэма адліку часу, незалежная ад астр. назіранняў (наз. атамным часам). Гл. таксама Секунда.