вёска ў Шчучынскім р-не Гродзенскай вобл., на аўтадарозе Астрына—Радунь. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 32 км на ПнЗ ад г. Шчучын, 55 км ад Гродна, 40 км ад чыг.ст. Ражанка. 659 ж., 267 двароў (2000). Лясніцтва, філіялы Гродзенскага кансервавага з-да і Шчучынскага акц.т-ва «Масласырзавод». Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнікі архітэктуры: Юр’еўскі касцёл (1749), капліца (1882).
Вядома з 15 ст. З 1720 мястэчка. З 1795 у Рас. імперыі. З 1843 у Лідскім пав. Віленскай губ. У сакавіку 1863 каля Н.Д. царскія войскі разбілі паўстанцкі атрад Лідскага пав. на чале з Л.Нарбутам. У 1897 у мястэчку 822 ж., касцёл (з 1749), 2 малітоўныя дамы, капліца, вадзяны млын, 3 крамы, 2 карчмы. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Шчучынскага пав. Навагрудскага ваяв. У 1937 у.Н.Д. 655 ж., касцёл, царква, паштовае агенцтва, праводзіліся кірмашы. З 1939 у БССР. З 1940 цэнтр сельсавета Васілішкаўскага раёна Баранавіцкай вобл. З 20.1.1960 у Шчучынскім р-не (у 1960—61 у Радунскім р-не).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НІН, Захар’еў-Сухарук,
Кузьма Мініч (?—1616), арганізатар і кіраўнік (разам з кн. Дз.М.Пажарскім) нар. апалчэння, якое вызваліла Маскву ў час вайны Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—18. Ніжагародскі пасадскі чалавек, гандляр мясам і рыбай. 1.9.1611 выбраны земскім старастам. Ахвяраваў уласныя зберажэнні і ўзначаліў збор сродкаў на арганізацыю ніжагародскага нар. апалчэння, праз паслоў запрасіў Пажарскага стаць ваен. кіраўніком апалчэння. У пач. вясны 1612 апалчэнне на чале з М. і Пажарскім рушыла да Яраслаўля, дзе М. увайшоў у склад пераходнага ўрада — «Савета ўсёй зямлі» (дзейнічаў у 1612—13). Вызначыўся ў баях за Маскву 22—24.8.1612 як ваен. арганізатар і храбры воін. У 1613 уведзены ў Баярскую думу з чынам думнага двараніна. М. — адзін з найб. папулярных нац. герояў рус. народа. Яму ўстаноўлены помнікі ў Ніжнім Ноўгарадзе — у Крамлі (1826, скульпт. А.І.Мельнікаў) і на плошчы яго імя (1943, скульпт. А.І.Колабаў); у Маскве на Краснай плошчы ўстаноўлены помнік М. і Пажарскаму (1818, скульпт. І.П.Мартас).
Літ.:
Скрынников Р.Г. Минин и Пожарский: Хроника Смутного времени. М., 1981;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МСЦІСЛА́ЎСКАЕ ШКЛО,
шкляныя вырабы 16—19 ст. з г. Мсціслаў Магілёўскай вобл. Выраблялі сталовы посуд, пасудзіны для вадкасцей, аконнае шкло. Посуд адметны складаным S-падобным профілем, размалёўкай каляровымі эмалямі, пластычным аздабленнем донцаў хвалістымі паддонамі, сценак — рыфленнем і накладнымі пячаткамі з нізкарэльефнымі выявамі гербаў, клеймаў гутнікаў, асобных літар і надпісаў. Шырока выкарыстоўваліся кальцавыя паддоны ў выглядзе гладкай шкляной дужкі. Асобныя формы і пластычны дэкор посуду блізкія да аздоб мсціслаўскай керамікі. У 16—18 ст. М.ш. фармавалі адвольна, у 19 ст. — прасаваннем і выдзіманнем у формы. Посуд 17 ст. сціпла дэкарыраваны шклянымі жгутамі, пячаткамі і інш., часам каляровымі эмалямі. У 18—19 ст. выраблялі збаны, куфлі, чаркі, бутлі, пляшкі, шкляніцы, кубкі, бакалы. Некат. вырабы аздаблялі шліфоўкай, гравіроўкай, шклянымі жгутамі і вял. стужкамі, тулавы размалёўвалі геам.-раслінным арнаментам, выкананым рознакаляровымі эмалямі. Аконнае шкло ў 17 ст. выдзімалі ў выглядзе круглых шыбак-дыскаў, у 18—19 ст. — прамавугольных шыбак.
Літ.:
Яніцкая М.М. Сташкевіч А.Б. Мсціслаўскае шкло XVI—XIX стст. // Помнікі культуры: Новыя адкрыцці. Мн., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВАЕ́ЛЬНЯ,
гарадскі пасёлак у Дзятлаўскім р-не Гродзенскай вобл., у сутоку рэк Моўчадзь і Ятранка. За 13 км на У ад г. Дзятлава, чыг. ст. на лініі Баранавічы—Ліда. 3,5 тыс.ж. (2000).
Вядома з 16 ст. як в. Ельня ў Навагрудскім пав.ВКЛ. З 1795 у Рас. імперыі, з 1801 мястэчка Навагрудскага пав. Гродзенскай, з 1842 Мінскай губ. З 1884 Н. чыг. станцыя на лініі Вільня—Лунінец. У 1886 сяло Дварэцкай вол. Слонімскага пав. Гродзенскай губ., 99 ж., 11 двароў, 2 царквы, карчма. У 1921—39 у складае Польшчы, у Дварэцкай гміне Слонімскага пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета ў Дзятлаўскім р-не. З 1945 гар. пасёлак, цэнтр Дзятлаўскага раёна (да 1954). У 1962—65 у Навагрудскім р-не.
Камбікормавы з-д, хлебапякарня, сярэдняя школа, школа рабочай моладзі, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, аддз. сувязі, камбінат быт. абслугоўвання, санаторый «Наваельня». Брацкія могілкі і брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнікі архітэктуры: царква Раства Багародзіцы (1876—79), касцёл Найсвяцейшага Сэрца Ісуса (1936).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАГАСА́КІ,
горад у Японіі, на З в-ва Кюсю. Адм. ц. прэфектуры Нагасакі. Каля 450 тыс.ж. (1997). Порт у зал. Нагасакі (Усходне-Кітайскае м.). Буйны суднабуд. цэнтр.Прам-сць: агульнае машынабудаванне, металургія, харчасмакавая, нафтахім., дрэваапрацоўчая. Рыбалоўная база. Ун-т. Музеі: гандл.-прамысл., стараж. мастацтва, прыкладнога мастацтва. Арх.помнікі 16—19 ст., у т. л.т. зв. Галандскі квартал (Дэдзіма), Кітайскі квартал, Нац. парк Маруяма, будыйскія, сінтаісцкія, хрысціянскія храмы. Парк Міру і манумент Міру (1955). Ваенна-марскі арсенал.
Горад узнік на месцы рыбацкага пасёлка, вядомага з 12 ст. Росквіт Н. прыпадае на 16—17 ст., калі горад (тут існавала партуг. факторыя) стаў цэнтрам хрысціянства ў Японіі і адзіным яп. портам (з 1640), праз які вёўся абмежаваны гандаль з галандцамі і кітайцамі. З канца 19 ст. цэнтр ваен. суднабудавання. У канцы 2-й сусв. вайны 1939—45 на Н. 9.8.1945 была скінута амер. атамная бомба, якая разбурыла 1/3 горада; забіта і паранена каля 75 тыс.чал. З 1956 у Н. адбываюцца міжнар. канферэнцыі аб забароне атамнай зброі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНГО́ЛЬСКАЕ ПІСЬМО́, старамангольскае пісьмо,
пісьменства, створанае на аснове уйгурскага алфавіта (гл.Уйгурскае пісьмо). Першыя помнікі М.п. — надпіс на т.зв. Чынгісавым камені (1225), Пісьмо іль-хана Аргуна (1289). Напрамак пісьма зверху ўніз, радкі чытаюцца злева направа, знакі паліфоннага характару (многія перадаюць па 2 ці 3 фанемы). У залежнасці ад становішча ў слове некат. знакі маюць 2 ці 3 абрысы. У алфавіце 20 асн. і 8 дадатковых літар (для перадачы іншамоўных гукаў) — вытворныя ад 14 асн. знакаў уйгурскага алфавіта, які захоўваўся ў манголаў у запазычаным выглядзе; на мяжы 16—17 ст. у яго ўнесены значныя змены. Вядомы таксама квадратнае пісьмо (13—14 ст., на аснове тыбецкага алфавіта), з 17 ст. — айрацкае «яснае пісьмо» Зая-Пандзіты (на аснове «старога пісьма»; атрымала шырокае распаўсюджанне сярод айратаў і калмыкаў). М.п. існавала да 1931 у буратаў (Бурація) і да 1945 у Манголіі; ва Унутр. Манголіі (Кітай) ім працягваюць карыстацца.
Літ.:
Санжеев Г.Д. Старописьменный монгольский язык. М., 1964;
Яго ж. Лингвистическое введение в изучение истории письменности монгольских народов. Улан-Удэ, 1977.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕСІ́НА (Messina),
горад у Італіі, на ПнУ в-ва Сіцылія. Адм. ц.прав. Месіна. Каля 300 тыс.ж. (1997). Порт на Міжземным м. Чыгуначным паромам праз Месінскі праліў звязаны з гарадамі Рэджа-ды-Калабрыя і Віла-Сан-Джавані. Прам-сць: суднабуд., нафтаперапр., цэм., плодакансервавая, тэкстыльная. Ун-т (з 1548). Арх.помнікі 12—16 ст. Ваенна-марская база.
Засн. каля 735 да н.э. пад назвай Занкла грэч. каланістамі з а-воў Наксас і Эўбея на месцы паселішча племя сікулаў. У 490 да н.э. заваявана Анаксіласам Рэгійскім (выхадцам з грэч. вобласці Месенія, адсюль назва). З 461 да н.э. М. — рэспубліка. У 396 да н.э. горад зруйнавалі карфагеняне. У 312 да н.э. заваяваны Агафоклам, у 282 да н.э. — мамерцінцамі (наз. Мамерціна). Пазней горадам па чарзе валодалі сарацыны (з 831), грэкі (з 1038), нарманы (з 1061), іспанцы (з 1678). У 1873 і 1903 горад зруйнаваны землетрасеннямі. У 1848 бамбардзіраваны і заняты неапалітанцамі. Вызвалены ў 1860 Дж.Гарыбальдзі, увайшоў у склад аб’яднанага Італьян. каралеўства. У 2-ю сусв. вайну ў ходзе Сіцылійскай аперацыі 1943 заняты англа-амер. войскамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖЭ́РЫЧЫ,
вёска ў Тулаўскім с/с Зэльвенскага р-на Гродзенскай вобл. За 17 км на ПдЗ ад г.п. Зэльва, 19 км ад чыг. ст. Зэльва. 266 ж., 102 двары (1999).
Вядомы з 2-й пал. 15 ст. як двор Межырэч (Міжрэчча), належаў Нацовічам (Нацам) і Іллінічам. У 16—18 ст. уласнасць Клочкаў, Дольскіх, Вішнявецкіх. У 1550 мястэчка Ваўкавыскага пав. Навагрудскага ваяв.ВКЛ. З 1795 у Рас. імперыі. У 19 — пач. 20 ст. сяло, цэнтр воласці Ваўкавыскага пав. Гродзенскай губ. У 1897—334 ж., 55 двароў. З 1921 у Польшчы, у Ваўкавыскім пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр Межырэцкага с/с Зэльвенскага р-на, з 1954 у Каралінскім, потым у Тулаўскім с/с. У 1962—66 у Ваўкавыскім, Слонімскім р-нах Гродзенскай вобл. У 1970-я г. ўдакладнена назва — М. замест Межырэчча. Сярэдняя школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі, Дом быту. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Помнікі архітэктуры: царква св. Ганны (1905), касцёл Звеставання (1912).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКІ ГІСТО́РЫКА-КУЛЬТУ́РНЫ МУЗЕ́Й-ЗАПАВЕ́ДНІКЗасн. ў 1967 як гісторыка-археал. запаведнік ў г. Полацк Віцебскай вобл., які ўключаў тэр.Полацкага Ніжняга замка, Полацкага Верхняга замка, Полацкі Сафійскі сабор. У 1985 да запаведніка далучаны ўсе помнікі археалогіі, гісторыі і культуры, Полацкі краязнаўчы музей. У 1990 атрымаў статус рэспубліканскага, з 1997 сучасная назва, з ліп. 2000 Нацыянальны. Пл. каля 1,8 км², каля 75 тыс. экспанатаў асн. фонду (2000). У складзе запаведніка Запалоцце (паселішча 1-га тыс. да н.э.), селішча і гарадзішча 6—8 ст., Полацкі Спаса-Ефрасіннеўскі манастыр, падмуркі храма-пахавальні 12 ст. і комплексу Бельчыцкага Барысаглебскага манастыра, Ніжні і Верхні замкі, дом Пятра I, Полацкі Богаяўленскі манастыр, Брацкая школа (18 ст.), Ефрасіннеўская царква (19 ст.), Крыжаўзвіжанская царква (19—20 ст.), рэшткі Полацкага езуіцкага калегіума; працуюць Полацкі музей беларускага кнігадрукавання, музей гісторыі архітэктуры Сафійскага сабора (з 1987), музей-бібліятэка Сімяона Полацкага (з 1994), Полацкі краязн. музей, Полацкі музей баявой славы, музей-кватэра Героя Сав. Саюза З.М.Тусналобавай-Марчанкі (з 1987), стацыянарная выстаўка «Прагулка па Ніжне-Пакроўскай» (з 1998), музей традыц. ручнога ткацтва Паазер’я (з 1998).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАЗАРО́КІ,
вёска ў Глыбоцкім р-не Віцебскай вобл., на аўтадарозе Глыбокае — Полацк. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 45 км на ПнУ ад. г. Глыбокае, 155 км ад г. Віцебск, 6 км ад чыг. ст. Зябкі. 583 ж., 250 двароў (2000). Лясніцтва, участак Глыбоцкіх электрасетак, аўтазаправачная станцыя. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Магіла ахвяр фашызму. Помнікі архітэктуры: Петрапаўлаўская царква (1909) і касцёл Маці Божай (1907), Помнік на магіле І.Ц.Буйніцкага.
У пач. 16 ст. П. — велікакняжацкі маёнтак. У 16—18 ст. уладанне І.Корсака, І.Кунцэвіча, Я.Рагазы, Туковічаў, Шчытоў, Храпавіцкіх, А.Кройца. З 1793 П. ў Рас. імперыі, цэнтр воласці Дзісенскага пав. Мінскай, з 1842 — Віленскай губ. З 1856 працавала школа. У 1866—103 ж., 14 двароў. У 1907 пабудаваны касцёл Маці Божай, у 1909 — Петрапаўлаўская царква; была сінагога. У 1921—39 П ў складзе Польшчы, цэнтр Дзісенскага пав. Віленскага ваяв. З 1939 у БССР, з 12.10.1940 цэнтр сельсавета Пліскага, з 1962 — Глыбоцкага р-наў.