навука аб вулканах, прычынах іх утварэння, будове, развіцці, прадуктах вывяржэння, заканамернасцях размяшчэння на паверхні Зямлі і інш. планет, характары іх дзейнасці ў розныя часы, ролі ў фарміраванні зямной кары.
Вулканалогія ўзнікла ў сярэдзіне 1-га тыс. да н.э. (Геракліт і Арыстоцель у Грэцыі, Страбон і Пліній Малодшы ў Рыме). Першая спец.навук. ўстанова — вулканалагічная абсерваторыя на Везувіі створана ў 1842. У 1911 такая абсерваторыя створана на вулкане Кілаўэа на Гавайскіх а-вах, потым вывучэнне вулканаў было наладжана ў Інданезіі, Японіі, ЗША. У 1935 створана вулканалагічная станцыя на Камчатцы ў СССР, пазней вулканалагічныя даследаванні пачаліся ў Арменіі і Грузіі. Каардынацыю сучасных даследаванняў праводзіць Міжнар. асацыяцыя вулканалогіі і хіміі нетраў Зямлі.
Практычныя задачы вулканалогіі — распрацоўка метадаў прагназавання вывяржэння вулканаў, выкарыстання вулканічнага цяпла гарачых вод і пары (гл.Гейзер) у гаспадарцы, выяўленне заканамернасцей утварэння вулканічных горных парод і карысных выкапняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛО́ЎЧЫН,
вёска ў Бялыніцкім р-не Магілёўскай вобл., на р. Вабіч, на аўтадарогах Бялынічы — Галоўчын, Магілёў — Круглае. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 18 км на ПнУ ад г.п. Бялынічы, за 26 км ад горада і чыг. ст. Магілёў. 674 ж., 280 двароў (1996). Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, Дом быту, аддз. сувязі. Царква.
Вядомы з канца 15 ст. З 1501 належаў жонцы вял.кн. Аляксандра Алене Іванаўне, пазней — кн. Галоўчынскім, Патоцкім, віленскаму ваяводу Пацу. У 1567 цэнтр маёнтка ў Аршанскім пав. З 1785 Галоўчын у Магілёўскім пав. Праз вёску праходзіў Віленскі паштовы тракт. У вайну 1812 каля Галоўчына дзейнічаў атрад Дз.Давыдава. У 1901 у вёсцы 1603 ж., 201 двор. З 1924 цэнтр сельсавета. У Вял.Айч. вайну Галоўчын акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, якія ў чэрв. 1944 спалілі 178 двароў, загубілі 201 жыхара. У 1970 — 670 ж., 261 двор.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАМА́НАВІЧЫ,
вёска ў Калінкавіцкім р-не Гомельскай вобл., каля аўтадарогі Мінск—Мазыр. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 31 км на Пн ад Калінкавіч, 151 км ад Гомеля, 7 км ад чыг. ст. Халоднікі. 808 ж., 301 двор (1997).
Узнікла не пазнейпач. 16 ст. У інвентары Мазырскага замка 1552 упамінаецца як сяло, цэнтр «нядзелі» (адм.-тэр. адзінкі ў складзе воласці), 35 двароў. З 1565 у Мазырскім павеце, дзярж. ўласнасць. У 17—18 ст. цэнтр староства. З 1793 у Рас. імперыі, у Рэчыцкім пав. Да 1861 ва ўладанні памешчыка Міхайлава і яго нашчадкаў. Мелася праваслаўная царква. З 1861 цэнтр воласці Рэчыцкага пав. У 1924—35 і з 1960 у Калінкавіцкім р-не, у 1935—60 у Даманавіцкім раёне. У 1971 — 779 жыхароў.
Агароднінасушыльны з-д. Сярэдняя школа, клуб, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАНЖО́Н (франц. donjon),
галоўная шмат’ярусная вежа феад. замка, якая служыла месцам апошняй абароны і сховішчам пры нападзе ворага. Адначасова была назіральным і камандным пунктам у часы ваен. дзеянняў, магла выконваць функцыі аўтаномнай цытадэлі, дзе захоўваўся запас правіянту, ваен. рыштунку. Д. ў Еўропе будавалі ў 9—10 ст., пазней вядомы ўсюды, у т. л. на мусульм. усходзе і ў Закаўказзі На Беларусі былі пашыраны ў 13—17 ст. Вядомы Д. ў Брэсце, Тураве, Гродне, Навагрудку, Полацку, Шклове і інш. Уцалела вежа-данжон у Камянцы (гл.Камянецкая вежа).
Д. размяшчаліся пры гал. браме, непасрэдна каля ўезда ў замак або ў цэнтры ўмацаванняў. У плане маглі быць круглыя, авальныя, прамавугольныя, шматвугольныя. Стральба вялася праз байніцы, разлічаныя на кругавую абарону, з баявых балконаў, верхніх баявых пляцовак з-за зубцоў і праз машыкулі.
Літ.:
Ткачоў М.А. Абарончыя збудаванні заходніх зямель Беларусі XIII—XVIII стст. Мн., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛУШКО́ЎСКІ (Адам Паўлавіч) (1793, С.-Пецярбург — паміж 1868 і 1870),
рускі артыст балета, балетмайстар, першы тэарэтык і гісторык рус. харэаграфіі. Скончыў Пецярбургскую балетную школу (1809), вучыўся ў І.Вальберха і Ш.Дзідло. У 1808—11 танцаваў на пецярбургскай сцэне, у 1812—31 у Вял. т-ры ў Маскве. Спачатку выступаў у віртуозным рэпертуары, пазней выконваў пантамімныя і характарныя ролі. У 1812—39 кіраўнік балетнай школы і гал. балетмайстар Вял.т-ра. Паставіў больш за 39 арыг. спектакляў. Прапагандаваў нац. фальклор, даў узоры тэатралізацыі рус.нар. танцаў. Ставіў і шматактавыя балеты-меладрамы ў стылі «рамана жахаў». Увасобіў 14 балетаў Дзідло. Упершыню стварыў спектаклі на тэмы рус. л-ры, у т. л. «Руслан і Людміла, або Звяржэнне Чарнамора...» Ф.Шольца паводле А.Пушкіна (1821, выканаў таксама партыю Руслана) і інш. Аўтар літ. прац, у якіх шмат кашт. звестак і разважанняў пра балет 1-й пал. 19 ст. («Успаміны балетмайстра», 1940).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́ЛАНД ((Holland) Ян Давід) (17.3.1746, г. Санкт-Андрэасберг, Германія — 27.12.1827),
польскі кампазітар ням. паходжання. З пач. 1780-х г. па запрашэнні К.Радзівіла прыдворны кампазітар і капельмайстар Нясвіжскай капэлы Радзівілаў. Тут напісаў шэраг паланэзаў, кантат і опер. Найб. вядомая камічная опера «Агатка, або Прыезд пана» на лібр. М.Радзівіла, упершыню пастаўленая ў 1784 у Нясвіжы (на Бел. радыё паст. ў 1994). Яна прасякнута ідэямі сентыменталізму, у тэксце адчуваюцца антыпрыгонніцкія акцэнты, у музыцы пераважае класічны стыль, выкарыстаны элементы фальклору. Сярод інш. твораў опера-вадэвіль «Чужое багацце нікому не на карысць» (1780), балет «Арфей у пекле» (паст. 1784, Нясвіж), кантата (1786), арк. музыка (сімфоніі, серэнада, дывертысмент, паланэзы). Пасля 1790, верагодна, пераехаў у Гродна, пазней — у Варшаву. З 1802 выкладаў у Віленскім ун-це.
Літ.:
Мальдзіс А.І. Таямніцы старажытных сховішчаў. Мн., 1974. С. 91—92;
Дадзіёмава В. Еўрапейская славутасць, якая належыць і нам // Беларусь. 1996. № 3.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕД (Guesde) Жуль [сапр.Базіль
(Basile) Мацьё; 11.11.1845, Парыж — 28.7.1922], дзеяч франц. і міжнар.сацыяліст. руху, адзін з лідэраў 2-га Інтэрнацыянала. Паліт. кар’еру пачынаў як радыкальны журналіст-рэспубліканец. За падтрымку ў прэсе Парыжскай камуны асуджаны на 5 гадоў, але паспеў эмігрыраваць. Кантакты з К.Марксам, Ф.Энгельсам, П.Лафаргам спрыялі пераходу Геда на пазіцыі навук. сацыялізму. Для прапаганды марксізму ў рабочым руху засн. у 1877 газ. «L’Égalité» («Роўнасць»). Адзін з заснавальнікаў (1879) і кіраўнік (у 1880—1901) Рабочай партыі Францыі. Гед і яго прыхільнікі (гедысты) змагаліся з рознымі плынямі ў рабочым руху (пруданізмам, анархізмам, пасібілізмам),
пазней занялі цэнтрысцкія пазіцыі. Гед — адзін з заснавальнікаў (1901) і кіраўнікоў Сацыяліст. партыі Францыі, а пасля яе аб’яднання (1905) з Франц.сацыяліст. партыяй (засн. ў 1902) у адзіную сацыяліст. партыю — адзін з яе лідэраў. У 1893—98 і 1906—22 дэпутат парламента, лідэр сацыяліст. фракцыі. У 1914—15 дзярж. міністр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЛО́БІНСКАЯ ІНКРУСТА́ЦЫЯ,
агульнапрынятая назва дэкар.-прыкладных вырабаў Жлобінскай фабрыкі інкрустацыі. Куфэркі, пано чорнага або карычневага колеру. аздабляюць у тэхніцы аплікацыі ўзорыстымі кампазіцыямі з залацістай ці паліхромнай саломкі. Нарэзаныя квадрацікамі, ромбікамі, прамавугольнічкамі кавалачкі разгладжаных саломінак наклейваюцца на драўляную аснову, потым вырабы пакрываюць слоем бясколернага лаку. Промысел заснаваны на мясц.нар. традыцыях аплікацыі саломкай куфэркаў, сальніц, рамак для фотаздымкаў і інш.
У пач. дзейнасці ф-кі геам. дэкор паўтараў тканыя нар. вырабы, кавалачкі саломкі фарбавалі ў розныя колеры. Пазней майстры выпрацавалі ўласны стыль аплікацыі, адмовіліся ад паліхроміі, падкрэсліваючы натуральны колер саломы. Дробнаўзорысты геам. малюнак вызначаецца гарманічным спалучэннем розных адценняў кавалачкаў саломы — ад амаль белага да светла-карычневага. Часта вырабы паводле канструкцыі і характару размяшчэння дэкору імітуюць куфры. Кампазіцыі пано адлюстроўваюць сцэнкі з жыцця, фалькл., літ. і казачныя сюжэты. Сярод майстроў М.В. і В.Н.Дзехцярэнкі, В.П.Котаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНСТЫТУ́Т СЕ́ЛЬСКАЙ І ЛЯСНО́Й ГАСПАДА́РКІБеларусі імя У.І.Леніна.
Існаваў у 1927—30 у Мінску як н.-д. ўстанова пры СНКБССР. Меў 5 аддзелаў (с.-г. эканомікі і аграрнай палітыкі, раслінаводства і прыкладной батанікі, жывёлагадоўлі і прыкладной заалогіі, меліярацыі і культуры балот, лясной гаспадаркі) з доследнымі станцыямі, геафіз. абсерваторыю, хім. лабараторыю, Бюро сялян-даследнікаў і с.-г. секцыю Ін-та бел. культуры. Выдаваў зборнікі прац і час. «Сельская і лясная гаспадарка». Закрыты ў сувязі з рэпрэсіраваннямі дырэктара і вядучых вучоных ін-та. На базе яго аддзелаў пазнейзасн. шэраг н.-д. ін-таў (земляробства, меліярацыі і воднай гаспадаркі, лясной гаспадаркі — цяпер Ін-т лесу Нац.АН), Гідраметэаралагічная служба Беларусі. У Ін-це Працавалі: акадэмікі АН Беларусі Г.І.Гарэцкі, А.Д.Дубах, А.І.Кайгародаў, М.К.Малюшынскі, В.І.Пераход, У.У.Шкатэлаў, акад. УАСГНІЛ і АН УССР Г.М.Высоцкі, чл.-кар.АН Беларусі С.П.Мельнік, засл. дз. нав. Беларусі В.К.Захараў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛАКО́ЎСКІ ((Kołakowski) Лешак) (н. 23.10.1927, г. Радам, Польшча),
польскі філосаф. Чл. Польскай АН з 1991. Праф. Варшаўскага ун-та (1964—68). У 1966 выключаны з Польск. аб’яднанай рабочай партыі. У 1968 (пасля сакавіцкіх студэнцкіх дэманстрацый) пазбаўлены кафедры, эмігрыраваў. З 1970 праф. Оксфардскага ун-та. У сваіх поглядах першапачаткова прыхільнік марксізму-ленінізму, пазней яго крытык. Даследуе праблемы гісторыі, філасофіі, філасофіі культуры (асабліва рэлігіі), аксіялогіі і гнасеалогіі. Аўтар фундаментальнай працы «Галоўныя плыні марксізму. Узнікненне—развіццё—распад» (т. 1—3, 1976—78), прысвечанай гісторыі марксізму. Сярод інш. прац: «Светапогляд і штодзённае жыццё» (1957), «Пазітывісцкая філасофія» (1966), «Культура і фетышы» (1967), «Прысутнасць міфа» (1972). «Гусерль і пошукі пэўнасці» (1975), «Рэлігія: калі Бога няма» (1982), «Honor metaphysicus» (1988), «Цывілізацыя на лаве падсудных» (1990).
Літ.:
Flis M. Leszek Kołakowski—teoretyk kultury europejskiej. Kraków, 1992;
Kłoczowski J.A. Więcej nit mit. Leszka Kołakowskiego spory o religię. Kraków, 1994.