ВАЕ́ННА-РЭВАЛЮЦЫ́ЙНЫ КАМІТЭ́Т БЕЛАРУ́СКАЙ ССР (ВРКБССР),
надзвычайны вышэйшы орган сав. улады на тэр. Беларусі ў 2-й пал. 1920. Утвораны ў Мінску на базе Мінскага губ.ВРК у адпаведнасці з Дэкларацыяй аб абвяшчэнні незалежнасці Беларускай ССР ад 31.7.1920. У яго ўвайшлі А.Р.Чарвякоў (старшыня), А.І.Вайнштэйн, У.М.Ігнатоўскі, В.Г.Кнорын, А.М.Крыніцкі, І.Т.Смілга. Падпарадкоўваўся Рэв.ваен. савету Зах. фронту. Друк. органы — газ.«Савецкая Беларусь», «Известия военно-революционного комитета ССРБ», «Звезда» і пав. газеты. Асн. задачы: арганізацыя сав. улады на месцах, дапамога Чырв. Арміі, падрыхтоўка склікання з’ездаў Саветаў і выбары пастаянных органаў улады. Меў камісарыяты: ваенны, унутр. спраў, земляробства, фінансаў, харчавання, працы, асветы, аховы здароўя, сац. забеспячэння, юстыцыі, сувязі, рабоча-сял. інспекцыі, савет нар. гаспадаркі і інш. У жн. ўлада ВРКБССР распаўсюджвалася на 21 павет Мінскай, Віленскай і Гродзенскай губ., у кастр. пасля заканчэння сав.-польскай вайны — толькі на 6 паветаў Мінскай губ.ВРКБССР перадаў свае паўнамоцтвы Другому Усебеларускаму з’езду Саветаў (13—17.12.1920).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНГІ́НА (лац. angina літар. ўдушша),
вострая інфекцыйная хвароба з запаленнем міндалін, пераважна паднябенных. Узбуджальнік ангіны — звычайна гемалітычны стрэптакок; перадаецца хвароба праз кантакты з хворым, праз ежу і пітво. Ангіна можа быць сімптомам некаторых інфекц. захворванняў (дыфтэрыя, шкарлятына, адзёр), пры хваробах крыві і крывятворных органаў. Захворванню спрыяе агульнае і мясц. ахаладжэнне арганізма. Бывае катаральная (пачырваненне, прыпухласць слізістай абалонкі міндалін), лакунарная (у лакунах — паглыбленнях міндалін з’яўляецца фібрынозны налёт, які выступае на паверхні міндаліны ў выглядзе белых, шэрых палосаў), фалікулярная (нагнаенне лімфозных фалікул, што выступаюць пад слізістай абалонкай у выглядзе буйных жоўтых кропак), флегманозная (запаленне тканак вакол міндаліны, каляміндалінавы абсцэс). Асн. сімптомы ангіны: боль у горле, недамаганне, павышаная тэмпература (38—40°). Працягласць хваробы — 4—7 дзён. Ускладненні: рэўматызм, энда-, міякардыт, нефрыт. Лячэнне ангіны: пасцельны рэжым, цёплая, негустая ежа, сагравальныя кампрэсы, павязкі на шыю, паласканне горла (1—2%-ным растворам борнай к-ты, растворам марганцавакіслага калію, кухоннай солі), гарачкапаніжальныя (аспірын), сульфаніламіды, антыбіётыкі (пры цяжкім стане). Пры абсцэсах неабходна іх ускрыццё.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЗІНА́ЦЦАТЫ З’ЕЗД КП(б)Б.
Адбыўся 22—29.11.1927 у Мінску; 344 дэлегаты з рашаючым і 220 з дарадчым голасам, якія прадстаўлялі 23 735 чл. І 11 392 канд. у чл. партыі. Парадак дня: даклады аб рабоце ЦК і ЦККВКП(б), справаздачы ЦК, ЦКК і рэвіз. камісіі КП(б)Б; даклады аб асновах 5-гадовага плана развіцця нар. гаспадаркі БССР і СССР, аб рабоце ў вёсцы, аб выніках нац.-культ. будаўніцтва і паліт.-асв. работы; выбары кіруючых органаўКП(б)Б.
З’езд арыентаваў планавыя органы БССР на фарсіраванне тэмпаў індустрыялізацыі, у сельскай гаспадарцы — на выкарыстанне розных формаў кааперавання, развіццё калект. формаў пры далейшай інтэнсіфікацыі і павышэнні прадукцыйнасці працы. Рэлігія разглядалася як ідэалогія антысав. элементаў. У ажыццяўленні нац. палітыкі акцэнты зроблены на развіццё нац. культур і нар. адукацыі, беларусізацыі. Дагматызавана формула класавага (пралетарскага) інтэрнац. выхавання, што стварала глебу для сектанцкіх скажэнняў у адносінах да культ. спадчыны і нац. культуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДМІНІСТРАЦЫ́ЙНЫ НАГЛЯ́Д,
1) дзейнасць органаўдзярж. кіравання па кантролі за выкананнем арг-цыямі, службовымі асобамі і грамадзянамі ўстаноўленых дзяржавай правілаў у асобных галінах кіравання.
2) Нагляд за асобамі, вызваленымі з месцаў пазбаўлення волі. Існаваў з 1966 на тэр.СССР і ажыццяўляўся органамі МУС за некаторымі катэгорыямі злачынцаў (напр., за асабліва небяспечнымі рэцыдывістамі). Наладжваўся (тэрмін ад 6 месяцаў да 1 года) па месцы жыхарства вызваленых і меў на мэце папярэдзіць учыненне новых злачынстваў. Адміністрацыйны нагляд устанаўліваў пэўныя абмежаванні для паднагляднага, парушэнне якіх праследавалася ў адм. ці крымін. парадку. У Рэспубліцы Беларусь адменены ў крас. 1992. У дарэвалюцыйнай Расіі дзейнічаў аналагічны гэтай адм. меры паліцэйскі нагляд, які ажыццяўляўся галосна і тайна, часова і пажыццёва. Выкарыстоўваўся не толькі як мера папярэджання крымін. злачыннасці, але і як сродак барацьбы з вызв. рухам з пач. 19 ст. Заканадаўча зацверджаны ў 1882. Паднаглядны не меў права мяняць месца жыхарства, знаходзіцца на дзярж. і грамадзянскай службе, займацца пед. дзейнасцю і г.д. Адміністрайны нагляд існуе ў многіх сучасных замежных краінах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТЭАМІЭЛІ́Т (ад астэа... + грэч. myelos мозг),
інфекцыйнае запаленне касцявога мозгу і ўсіх слаёў косці. Неспецыфічны астэаміэліт выклікаецца гнаяроднымі мікробамі, спецыфічны туберкулёзнай, бруцэлёзнай, сіфілітычнай і інш. палачкамі. Узбуджальнікі астэаміэліту трапляюць у косць праз кроў (гематагенным шляхам) з аддаленага гнойнага ачага (фурункула, абсцэсу і інш.), праз пашкоджаныя тканкі (адкрытыя пераломы, раненні), з інфіцыраваных тканак (гнойнае запаленне суседняга сустава). Захворванню садзейнічаюць траўмы, пераахаладжэнні, ператамленні, авітамінозы і інш. Пры астэаміэліце ў косці парушаецца кровазварот, закупорваюцца сасуды (трамбоз); косць, пазбаўленая жыўлення, мярцвее. Участкі амярцвелай тканкі паступова адрываюцца і выдаляюцца праз свішчы з гноем. Адрозніваюць астэаміэліт востры гематагенны і хранічны. Востры астэаміэліт пачынаецца раптоўна: высокая тэмпература, дрыжыкі, ірвота, часты пульс, зацямненне свядомасці. Там, дзе пашкоджана косць, узнікае прыпухласць, чырванее скура. Калі гной прарываецца, тэмпература спадае, агульны стан хворага паляпшаецца. Ускладненні: гнойныя запаленні суставаў (артрыты), пераломы касцей, вывіхі, сепсіс, пашкоджанні ўнутр.органаў. Востры астэаміэліт можа пераходзіць у хранічны з перыядычнымі абвастрэннямі. Лячэнне вострага астэаміэліту — тэрапеўтычнае, хранічнага — хірургічнае, фізіятэрапеўтычнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРУДНА́Я КЛЕ́ТКА,
аснова груднога аддзела тулава ў паўзуноў, птушак, млекакормячых жывёл і чалавека, складзеная з грудных пазванкоў, рэбраў і грудзіны; частка восевага шкілета амніётаў. З’явілася ўпершыню ў паўзуноў у сувязі з прагрэсіўным развіццём органаў апоры (апора плечавога пояса) і дыхання. У чалавека мае форму ўсечанага конуса, сплюшчанага ў пярэднезаднім напрамку, які мае верхнюю і ніжнюю апертуры. Плоскасць верхняй апертуры нахілена ўперад, таму пярэдні край яе знаходзіцца ніжэй за задні. Ніжняя апертура абмежавана рэбернай дугой і закрыта дыяфрагмай. Міжрэберныя прамежкі запоўнены мышцамі. Велічыня акружнасці грудной клеткі (вымяраецца на ўзроўні саскоў) характарызуе склад цела чалавека. Пры ўдыху грудная клетка расшыраецца. Выгляд і памеры яе залежаць ад спосабу жыцця, рухаў, дыхання; маюць узроставыя, палавыя, індывід. і прафес. адрозненні. Змены грудной клеткі бываюць у выглядзе прыроджаных і набытых, сіметрычных і асіметрычных дэфармацый, ад пухлінных, дыспластычных, дыстрафічных працэсаў і пашкоджанняў, што ўплывае на функцыянаванне грудной клеткі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫШЭ́ЙШЫ АТЭСТАЦЫ́ЙНЫ КАМІТЭ́Т РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ, ВАК Беларусі,
цэнтральны орган кіравання, які забяспечвае функцыянаванне нац. сістэмы падрыхтоўкі і атэстацыі навук. і навукова-пед. работнікаў у галіне прысуджэння ім вучоных ступеней і прысваення вучоных званняў. Створаны паводле Пастановы Савета Міністраў ад 18.9.1922 18.9.1992 як Вышэйшая атэстацыйная камісія, з ліст. 1995 — камітэт. Прысуджае на падставе хадайніцтваў саветаў па абароне дысертацый вучоную ступень доктара навук; зацвярджае рашэнні саветаў па абароне дысертацый аб прысуджэнні вучонай ступені кандыдата навук; прысвойвае вучоныя званні прафесара і дацэнта; стварае сістэму органаў па атэстацыі навук. і навукова-пед. работнікаў і каардынуе іх дзейнасць; прымае ўдзел у распрацоўцы парадку падрыхтоўкі навук. кадраў вышэйшай кваліфікацыі праз аспірантуру, дактарантуру і суіскальніцтва; распрацоўвае і зацвярджае пералік спецыяльнасцей, па якіх прысуджаюцца вучоныя ступені, і пералік спецыяльнасцей, па якіх прысвойваюцца вучоныя званні; стварае нац. банк даных навук. і навукова-пед. работнікаў рэспублікі з вучонымі ступенямі, званнямі і інш. У 1996 на Беларусі працавала 136 саветаў па абароне дысертацый, 25 экспертных саветаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЕ́ТА (ад грэч. diaita склад жыцця, рэжым харчавання),
рацыён харчавання чалавека, які прадугледжвае пэўныя колькасныя і якасныя суадносіны харч. рэчываў і прадуктаў, спосабы кулінарнай апрацоўкі, інтэрвалы ў прыёме ежы. Распрацоўкай і рэкамендацыямі Д. для хворага займаецца дыеталогія. Д. складаецца з улікам фізіял. патрэбнасці арганізма ў харч. рэчывах і энергіі, хім. складзе і кулінарнай апрацоўкі ежы, характару паталаг. працэсу, яго стадыі, актыўнасці і функцыян. расстройстваў, тыповых для дадзенай хваробы; базіруецца на законах рацыянальнага харчавання — фізіялагічна паўнацэннага харчавання з улікам асаблівасцей чалавека.
Д. найчасцей назначаюць пры пэўнай хваробе (гастрыце, язвавай хваробе, інфаркце міякарда і інш.), пры хранічных хваробах страўнікава-кішачнага тракту, абмену рэчываў, сардэчна-сасудзістай і эндакрыннай сістэм, для прафілактыкі, калі чалавек ачуньвае пасля хваробы, аперацыі. Пры хваробах унутр.органаў хворы павінен прытрымлівацца пэўнай Д. доўга, іншы раз усё жыццё. У лячэбна-прафілакт. установах адзіная нумарная сістэма Д. (ад № 1 да 15). Адрозніваюць таксама разгрузачныя Д. (1—2 дні ў тыдзень). Д. жывёл — рэжым кармлення хворай жывёлы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫСТРАФІ́Я ДЗІЦЯ́ЧАЯ,
хранічнае расстройства харчавання з парушэннем абмену рэчываў. Найчасцей развіваецца ў дзяцей з пахудзеннем на 10—20% пры 1-й ступені (лёгкая Д.), на 20—30% пры 2-й (сярэдняцяжкая Д.) і больш як на 30% пры 3-й (цяжкай Д.), што парушае гарманічнае развіццё. Бывае з памяншэннем масы цела ў адносінах да яго даўжыні (гіпатрафія), з нармальнай ці лішняй масай цела (паратрафія), з прапарцыянальным зніжэннем масы і даўжыні цела (гіпастатура). Узнікае ва ўлонні маці ці ў першыя тыдні жыцця дзіцяці (нястача ежы і хваробы маці пры цяжарнасці, узрост, прафес. шкоднасці, алкагалізм і інш.) і постнатальна (пасля нараджэння) пад уздзеяннем эндагенных (імунадэфіцытны стан, заганы развіцця ўнутр.органаў, асабліва страўнікава-кішачнага тракту і інш.) і экзагенных (аліментарныя, інфекц. ўздзеянні, няправільны догляд) фактараў. Д. выклікае парушэнне дзейнасці ферментаў стрававальна-кішачнага тракту, працэсаў расшчаплення і ўсмоктвання харч. рэчываў, абмену буд. і энергет. працэсаў, дзейнасці нерв. сістэмы, кровазвароту. Арганізм знясільваецца, супраціўленне яго зніжаецца, можа развіцца таксіка-септычны стан, што прыводзіць да смерці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЯГНО́СТЫКА (ад грэч. diagnōstikos здольны распазнаваць),
раздзел клінічнай медыцыны, які вывучае метады і прынцыпы распазнавання хваробы, пастаноўкі дыягназу, назначэння лячэння і правядзення прафілактычных мерапрыемстваў. Уключае 3 асн. раздзелы: семіётыку (вывучае сімптомы хваробы), метады дыягнастычнага абследавання хворага (дыягнастычную тэхніку), метадалагічныя асновы, якія вызначаюць тэорыю і метады дыягназу. Пры Д. нараўне з анамнезам, мед. аглядам аўскультацыяй, пальпацыяй, перкусіяй выкарыстоўваюць удасканаленыя тэхн. сродкі і метады — ангіяграфію, камп’ютэрную тамаграфію, рэнтгенаграфію, фонакардыяграфію, электракардыяграфію, электраэнцэфалаграфію, эндаскапію, радыеізатопную і ультрагукавую Д. і інш. З дапамогай эндаскапічных, рэнтгеналагічных, ультрагукавых метадаў даследавання, лапараскапіі праводзяць Д. захворванняў гінекалагічнага профілю. Ультрагук выкарыстоўваюць у акушэрстве для прэнатальнай Д. (дае магчымасць удакладніць стан плода, плацэнты, правесці Д. заган развіцця плода). Д. неабходная пры даследаванні нервовай, сардэчна-сасудзістай, дыхальнай, касцявой, мочавыдзяляльнай сістэм, органаў стрававання. Найб. важная ранняя Д. захворванняў, зыход якіх залежыць ад своечасовасці лячэння (напр., раку, туберкулёзу). Адным са шляхоў ранняй Д. з’яўляецца дыспансернае абследаванне практычна здаровых людзей. Гл. таксама Дыспансерызацыя.