ПАЛІ́П (грэч. polypus літар. мнаганогі),

паталагічнае ўтварэнне, якое ўзвышаецца над паверхняй слізістых абалонак (верхніх дыхальных шляхоў, жан. палавых органаў, страўнікава-кішачнага тракту, прыдатачных пазух носа і інш.). Перадпухлінны працэс, напр., паліпоз тоўстай кішкі — аблігатны перадрак. Адрозніваюць пухлінны — адэнаматозны П. (напр., страўніка, кішэчніка), дысгарманальны (эндаметрый), запаленчага (гіперпластычны, алергічны) і дызантагенетычнага паходжання (напр., ангіяматозны), П. няяснай этыялогіі. Памеры ад некалькіх міліметраў да некалькіх сантыметраў, бываюць рознай формы і кансістэнцыі, з гладкай дольчатай ці варсістай паверхняй. Напр., адэнаматозны П. складаецца ў асноўным з залозістай тканкі, дысгарманальны і запаленчы — са злучальнай. Бывае плацэнтарны П., які ўзнікае ў матцы пасля цяжарнасці. П. могуць нагнойвацца, пакрывацца язвамі, кроватачыць. Лячэнне хірургічнае.

М.​К.​Недзьведзь.

т. 12, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)