ПО́ЛЬСКА-ТУРЭ́ЦКІЯ ВО́ЙНЫ 17 ст.,

войны паміж Рэччу Паспалітай і Асманскай імперыяй (у саюзе з Крымскім ханствам) гал. чынам за валоданне ўкр. землямі (Валынню і Падоліяй). Пачатак вайне 1620—21 паклала знішчэнне туркамі каля г. Цэцора атрада гетмана С.Жалкеўскага, які ўварваўся ў Малдаўскае княства. 30-тысячнае войска Рэчы Паспалітай на чале з К.Хадкевічам і 40 тыс. укр. казакоў на чале з гетманам П.​К.​Сагайдачным у гал. бітве паблізу Хаціна (1621) адбілі атакі тур.-тат. войск. Паводле Польска-турэцкага міру 1623 граніца паміж гэтымі дзяржавамі прайшла па р. Днестр. Вайну 1672—76 пачала Асманская імперыя. Тур.-тат. войскі захапілі Камянец-Падольскі, працягвалі наступленне на Львоў і Бучач, што прымусіла Рэч Паспалітую да заключэння Бучацкага мірнага дагавора 1672, які не прызнаў польскі сейм. У 1673 тур. войска зноў было разбіта каля Хаціна. У 1676 польскае войска паспяхова вяло баі каля Жураўна. Аднак Рэч Паспалітая мусіла падпісаць Журавінскі мірны дагавор 1676, паводле якога Падолія адышла да Асманскай імперыі, а значная ч. Правабярэжнай Украіны — пад уладу гетмана П.Д.Дарашэнкі. Польскі сейм зноў адмовіўся зацвердзіць гэты дагавор. Вайну 1683—99 пачала Рэч Паспалітая, якая прыйшла на дапамогу Аўстрыі (гл. Аўстра-турэцкія войны 16—18 ст.) у крытычны момант, калі тур. войскі ўзялі ў аблогу Вену. У 1683 польскае войска сумесна з аўстр. арміяй і войскам герм. князёў пад кіраўніцтвам караля Польшчы і вял. кн. ВКЛ Яна III Сабескага, пры ўдзеле атрадаў укр. казакоў разграміла тур. войскі пад Венай. У ходзе вайны ў 1684 была створана антытур. кааліцыя «Свяшчэнная Ліга» (Рэч Паспалітая, Аўстрыя, Брандэнбург, Венецыя, а з 1686 і Расія). Паводле заключнага на Карлавіцкім кангрэсе 1698—99 мірнага дагавора Падолія і ч. Правабярэжнай Украіны адышлі да Польшчы, панізоўе Дняпра і г. Керч засталіся (да 1774) у Турцыі, Азоў замацаваны за Расіяй.

т. 12, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫКА́ЗЫ,

1) цэнтральныя органы дзярж. кіравання ў Расіі 16 — пач. 18 ст. Назва ад даручэнняў, загадаў (рус. «приказов»), якія ў 15 ст. маскоўскі вял. князь даваў сваім баярам і дзякам. Паступова гэтыя даручэнні набылі рэгулярны характар і для іх выканання з’явіліся спец. памяшканні «ізбы», якія пры фарміраванні ў 16 ст. Рускай цэнтралізаванай дзяржавы ператварыліся ў пастаянныя дзярж. ўстановы — П. У 17 ст. існавала каля 80 П., гал. з іх — Пасольскі, Памесны, Разрадны і Тайных спраў. Астатнія паводле функцый падзяляліся на адм.-суд.-паліцэйскія (Земскі, Разбойны, Халопскі і інш.), тэрытарыяльныя (Казанскі, Сібірскі, Вял. Расіі, Маларасійскі і інш.), ваенныя (Стралецкі, Пушкарскі, Казачы і інш.), фінансавыя (Вял. казны, Вял. прыходу, Хлебны і інш.), дварцовыя (Вял. палаца, Пасцельны, Сакольнічы і інш.). У 1656—67 дзейнічаў П. Вял. княства Літоўскага, які кіраваў бел. і літ. землямі, часова заваяванымі ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. Кожны П. узначальваў суддзя з ліку членаў Баярскай думы. Суддзям падпарадкоўваліся дзякі, дзякам — падзячыя. Суддзя вырашаў справы аднаасобна, найб. складаныя з іх разглядаў з дзякамі. Структура П. вызначалася іх кампетэнцыяй. Вял. П. (Памесны, Разрадны і інш.) падзяляліся на сталы́ па тэр. і функцыян. прынцыпах, а сталы́ — на павыцці. Невял. па колькасці служачых П. (Пасольскі) падзяляліся адразу на павыцці. У 17 ст. сярэднімі лічыліся П. са штатам у 20—40 чал., у буйных працавала да 400 чал. Для П. характэрна спалучэнне суд., адм. і фін. функцый, частае дубліраванне функцый адзін аднаго, вял. цяганіна і хабарніцтва. У 1717—21 П. заменены Калегіямі (некат. існавалі пазней, напр., Сібірскі да 1763).

2) Цэнтр. органы кіравання пры патрыярху рус. правасл. царквы ў 17 ст.: дварцовы, казённы, разрадны.

3) Назва стралецкіх палкоў у Расіі 16 — пач. 18 ст.

Літ.:

Ерошкин Н.П. История государственных учреждений дореволюционной России. 3 изд. М., 1983.

С.​Л.​Лугаўцова.

т. 13, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІЛЕ́ЗІЯ (польск. Śląsk, чэш. Slezsko, ням. Schlesien),

гістарычная славянская вобласць у верхнім і сярэднім цячэнні р. Одра (Одэр). Большая частка ў складзе Польшчы (Апольскае, Дольнашлёнскае, Шлёнскае і інш. ваяводствы). Паўд. С. часткова ў складзе Чэхіі (раёны каля граніцы з Польшчай).

Назва С., верагодна, ад сілінгаў — часткі стараж.-герм. племя вандалаў, якія жылі тут да 6 ст. н.э. З 6—7 ст. заселена славянамі. У пач. 10 ст. С. ў складзе Чэхіі (дзяржавы Пржэмыславічаў), з 990 — Польшчы (дзяржавы Пястаў). У 1000 насельніцтва С. прыняло хрысціянства. З 1138 С. — удзельнае княства, у 1163—73 і пасля 1241 раздроблена. З пач. 13 ст. тут сяліліся і ням. каланісты (продкі сілезскіх немцаў). У 1-й пал. 14 ст. зноў увайшла ў Чэхію. З 1526 С. (акрамя Севежскага, Асвенцімскага, Заторскага княстваў) — уладанне аўстр. Габсбургаў. У выніку Сілезскіх войнаў (1740—42, 1744—45) і Сямігадовай вайны 1756—63 большая частка С. ўключана ў склад Прусіі (акрамя княстваў Опава і Цешын, тэр. якіх засталася пад уладай Габсбургаў — т.зв. Аўстрыйская С.). У 1793 і 1844 у рэгіёне адбыліся Сілезскія паўстанні ткачоў. У 1919 пруская правінцыя С. (утворана ў 1807) падзелена на правінцыі Верхняя С. з цэнтрам у г. Опельн (Аполе) і Ніжняя С. з цэнтрам у г. Брэслаў (Вроцлаў); тут адбыліся Сілезскія паўстанні 1919, 1920, 1921. З 1920 б. Аўстрыйская С. ў складзе Чэхаславакіі. У 1922 Саветам Лігі Нацый каля ​1/3 Верхняй С. перададзена Польшчы. У кастр. 1938 (пасля Мюнхенскага пагаднення 1938 аб падзеле тэр. Чэхаславакіі) польскія войскі занялі Цешынскую С. Пасля 2-й сусв. вайны рашэннем Патсдамскай канферэнцыі 1945 большая частка С. вернута Польшчы (гэта становішча прызнана герм.-польскім дагаворам аб межах 14.11.1990); у 1946 тут праведзена масавая дэпартацыя сілезскіх немцаў, частка іх вярнулася ў рэгіён у 1950-я і 1970-я г.

У.​Я.​Калаткоў (гісторыя).

т. 14, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«СТАЯ́ННЕ НА УГРЫ́» 1480,

ваенныя дзеянні паміж ханам Вялікай Арды Ахматам і вял. князем маскоўскім Іванам III у 1480. У 1476 Іван III прыпыніў выплату Ардзе штогадовага грашовага «выхаду», які збіраўся з рус. зямель з часоў Батыя. Хан Ахмат, заняты барацьбой з Крымскім ханствам, толькі ў 1480 вырашыў пачаць актыўныя дзеянні супраць маскоўскага княства. Ён правёў перагаворы з вял. князем ВКЛ і каралём Польшчы Казімірам IV аб ваен. дапамозе. Іван III у сваю чаргу заключыў ваен. саюз з крымскім ханам Менглі-Гірэем (сапернікам Ахмат-хана) і дамовіўся пра выступленне яго супраць Казіміра IV. У студз. 1480 супраць Івана III паўсталі яго браты Барыс і Андрэй Большы, незадаволеныя ўзмацненнем улады вял. князя. Выкарыстаўшы гэтыя абставіны, восенню Ахмат распачаў свой паход. Імкнучыся абысці р. Ака, 8 кастр. Ахмат падышоў да прытока Акі р. Угра. Яго спроба фарсіраваць раку была адбіта сынам Івана III Іванам Маладым і братам вял. кн. Андрэем Меншым. Ахмат адышоў, верагодна, да Варатынска, дзе стаў чакаць падыходу Казіміра IV. Іван III, замацаваўшыся ў г. Крэменец, з мэтай выйграць час пачаў перагаворы з Ахматам. 30 вер.—3 кастр. Іван III паразумеўся з мяцежнымі братамі, і іх палкі прыйшлі ў Крэменец. 26 кастр. Угра замерзла. Аднак Ахмат, даведаўшыся пра месцазнаходжанне войск братоў Івана III і не атрымаўшы дапамогі ад саюзніка (у гэты час Менглі-Гірэй напаў на паўд. землі ВКЛ), не адважыўся наступаць. 11 ліст. тат.-манг. войскі адышлі на поўдзень. 6 студз. 1481 Ахмат быў забіты пры сутычцы з войскамі цюменскага хана Ібака, і ў Вял. Ардзе пачаліся міжусобіцы. Гэтыя падзеі паклалі канец мангола-тат. панаванню і Рус. дзяржава стала суверэннай.

Літ.:

Насонов А.Н. История русского летописания XI — начала XVIII в М., 1969. С 418—435;

Базилевич К.В. Внешняя политика Русского Централизованного государства. Вторая половина XV в. М., 1952.

т. 15, с. 184

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРАНСІЛЬВА́НІЯ (Transilvania), Залессе,

гістарычная вобласць у цэнтры і на З Румыніі, паміж Усх. і Паўд. Карпатамі і Зах. Румынскімі гарамі. Пераважную частку тэр. займае Трансільванскае плато. Рэльеф узгорысты. Радовішчы гаручых газаў і кам. солі. Пасевы пшаніцы, тытуню, цукр. буракоў. Асн. гарады і прамысл. цэнтры: Клуж-Напока, Брашоў, Сібіў, Тыргу-Мурэш.

З 2-й пал. 1-га тыс. да н.э. тут жылі геты і дакі, якія ў 4—1 ст. да н.э. ўтваралі плем. саюзы. У канцы 1 ст. н.э. ўзнікла гета-дакійская дзяржава цара Дэцэбала [87—106) з цэнтрам у Т. і сталіцай у г. Сармізегетуза. У 106 яна заваявана Рымам і ператворана ў рым. правінцыю Дакія, мясц. насельніцтва раманізавана. У 271 рымляне пакінулі Т., дзе ў 3—6 ст. праходзілі і часткова асядалі готы, гуны, авары і інш., у 6—7 ст. з’явіліся паселішчы славян. У 6—8 ст. Т. ў складзе Аварскага каганата. Да 9 ст. ў Т. і ў суседняй Валахіі ў выніку асіміляцыі плямён утварылася ўсх.-раманская народнасць улахаў (валахаў) — продкаў сучасных румын і малдаван. З 11—12 ст. Т. падуладная каралям Венгрыі, якія перасялілі сюды частку венг. сялян. У працэсе заваявання Венгрыі Турцыяй Т. ў 1541 вылучалася ў асобнае княства пад сюзерэнітэтам тур. султана. Князь Т. Іштван Батары [1571—86] з 1575 адначасова быў каралём Польшчы і вял. князем ВКЛ пад імем Стафана Баторыя. Паводле рашэнняў Карлавіцкага кангрэса 1698—99 Т. ўвайшла ў склад уладанняў аўстр. Габсбургаў. З 1867 Т. — частка Каралеўства венграў у складзе Аўстра-Венгрыі. У час распаду Аўстра-Венгрыі пасля яе паражэння ў 1-й сусв. вайне Т. 1.12.1918 далучана да Румыніі, што прызнана Трыянонскім мірным дагаворам 1920. Венскім арбітражам 1940 да Венгрыі далучана Паўн. Т., якая паводле Парыжскіх мірных дагавораў 1947 зноў замацавана за Румыніяй. У 1952—68 на частцы тэр. Т. існавала Венг. аўт. вобласць з цэнтрам у г. Тыргу-Мурэш.

т. 15, с. 506

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УЛАДЗІ́МІР СВЯТАСЛА́ВІЧ (у хрышчэнні Васіль; ?—1015),

вялікі князь кіеўскі [980—1015]. Пазашлюбны сын вял. кіеўскага кн. Святаслава Ігаравіча і ключніцы-рабыні Малушы Любячанкі. З 969 князь-намеснік у Ноўгарадзе. У час жорсткіх усобіц пасля смерці Святаслава (972) уцёк у Скандынавію, адкуль вярнуўся з атрадам варагаў у Ноўгарад і выгнаў свайго брата Яраполка Святаславіча. Каля 980 рушыў на Кіеў. Па дарозе захапіў Полацк, забіў там кн. Рагвалода, яго жонку і сыноў, а князёўну Рагнеду Рагвалодаўну гвалтам зрабіў сваёй жонкай. Пасля захапіў Кіеў і забіў Яраполка. Адваяваў у Польшчы Чэрвенска-Перамышльскую зямлю (981), рабіў паходы на вяцічаў (981—982), яцвягаў (983), радзімічаў (984). Пашырыў і ўмацаваў межы Кіеўскай Русі, у т. л. заснаваў для абароны ад печанегаў і інш. качэўнікаў гарады-крэпасці па рэках Трубеж, Сула, Стугна, Асётр, Дзясна. Каб умацаваць сваю ўладу, рэфармаваў язычніцкі культ і стварыў пантэон гал. багоў на чале з Перуном. За дапамогу ў задушэнні паўстання на тэр. Візантыі (987) атрымаў у жонкі сястру імператара Васілія II Ганну. Умовай для гэтага шлюбу стала хрышчэнне У.С., які ў 988—989 зрабіў хрысціянства дзярж. рэлігіяй (гл. Хрышчэнне Русі). Пабудаваў у Кіеве велічны храм св. Багародзіцы. Пры У.С. развіваліся земляробства і рамёствы, будаўніцтва, засн. школы для падрыхтоўкі служылай знаці і духавенства. Наладзіў паліт., эканам. і культ. сувязі з Візантыяй, Балгарыяй, Польшчай, зах.-еўрап. краінамі. Меў 12 сыноў ад 5 жонак (1-я Рагнеда). Верагодна, заснаваў г. Ізяслаўль (цяпер Заслаўе), названы ім так у гонар свайго сына ад Рагнеды Ізяслава Уладзіміравіча, якому аддаў у княжанне яго «отчину» (зямлю продкаў) — Полацкае княства. Прыкладна ў сярэдзіне 13 ст. кананізаваны правасл. царквой як роўнаапостальны святы. У.С. — гіст. прататып магутнага і шчодрага кн. Уладзіміра Краснае Сонейка з рус. былін.

Літ.:

Толочко П. Володимир Святий. Ярослав Мудрий. Київ, 1996.

Г.​В.​Штыхаў.

т. 16, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХМЯЛЬНІ́ЦКІ Багдан (Зіновій) Міхайлавіч (каля 1595, верагодна, г. Чыгірын Чаркаскай вобл., Украіна — 6.8.1657),

гетман Украіны (з 1648), дзярж. дзеяч, палкаводзец. Паходзіў з дробнай правасл. шляхты. Адукацыю атрымаў у езуіцкім калегіуме ў Львове. Удзельнічаў у паходах супраць туркаў і крымскіх татар, у казацкіх паўстаннях. У рэестравым казацкім войску быў вайсковым пісарам, пасля паўстання 1637—38 чыгірынскі сотнік. У 1647 арыштаваны за падрыхтоўку новага паўстання супраць Польшчы. Пасля вызвалення ўцёк у Запарожскую Сеч, дзе выбраны гетманам запарожскага войска. У 1648 заключыў саюз з крымскім ханам супраць Польшчы і пачаў баявыя дзеянні. У маі 1648 у бітвах на Жоўтых Водах і каля Корсуня разбіў польскае войска, пасля чаго на Украіне пачалася вызв. вайна (гл. Вызваленчая вайна ўкраінскага і беларускага народаў 1648—54). Напачатку быў прыхільнікам аўтаноміі Украіны ў складзе Каралеўства Польскага, што было замацавана Збораўскім дагаворам 1649. Па ініцыятыве Х. Пераяслаўская рада 1654 зацвердзіла пагадненне з рас. царом Аляксеем Міхайлавічам пра ўваходжанне Украіны ў склад Расійскага царства як аўтаномнай дзяржавы. Аднак у 1656 выявіліся супярэчнасці паміж Х. і царскім урадам, які не прытрымліваўся пагаднення аб аўтаноміі Украіны. Х. пачаў перагаворы са Швецыяй і Малдовай з мэтай замацаваць сваё становішча і забяспечыць сваім сынам пераемнасць улады на пасадзе гетмана. Падтрымліваў кантакты з кіраўніком кальвінісцкай групоўкі ў ВКЛ Б.Радзівілам, якому выдаў універсал на недатыкальнасць Слуцка і Слуцкага княства ад дзеянняў казацкіх атрадаў. У гісторыю Х. ўвайшоў як дзярж. дзеяч, які садзейнічаў адраджэнню ў сярэдзіне 17 ст. Украінскай дзяржавы. Ацэнка яго дзейнасці сярод укр. гісторыкаў неадназначная.

Літ.:

Документы Богдана Хмельницкого, 1648—1657. Киев, 1961;

Крип’якевич І.П. Богдан Хмельницький. 2 вид. Львів, 1990;

Смолій В.А., Степанков В.С. Богдан Хмельницький: Соціально-політич. портрет. Київ, 1993;

Іх жа. Богдан Хмельницький: Хроніка життя да діяльності. Київ, 1994;

Доба Богдана Хмельницького: (До 400-річчя від дня народження великого гетьмана). Київ, 1995.

А.​П.​Грыцкевіч.

Б.М.Хмяльніцкі.

т. 17, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦІ́МКАВІЧЫ,

вёска ў Капыльскім р-не Мінскай вобл., каля Цімкавіцкага вадасховішча, на скрыжаванні аўтадарог на Капыль, Нясвіж, Семежава. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 11 км на ПдЗ ад г. Капыль, 136 км ад Мінска. 3 км ад чыг. ст. Цімкавічы. 2009 ж., 910 двароў (2003). Унітарныя прадпрыемствы райаграпрамзабеспячэння, райпалівазбыт, аўтапарк № 21; з-д жалезабетонных вырабаў, лесагадавальнік, база мінер. угнаенняў. Сярэдняя школа імя К.Чорнага, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, аддз. сувязі. Брацкія магілы пагранічнікаў, сав. воінаў і партызан. Магіла ахвяр фашызму. Помнік у гонар 17-га Чырванасцяжнага Цімкавіцкага пагранатрада. Помнікі архітэктуры: капліца і брама-званіца (2-я пал. 19 ст.). Літ. музей імя К.​Чорнага.

Вядомы з 1499 у складзе Капыльскага княства ВКЛ. Уладанне Алелькавічаў, з 1585 Хадкевічаў, у 17 ст. Сапегаў, Палубінскіх, з канца 17 ст. — у 18 ст. Радзівілаў. З 16 ст. мястэчка. Паводле інвентара 1622, існавалі мястэчка і маёнтак Ц. У 17 ст. цэнтр воласці Навагрудскага пав. У 1647 пабудаваны Цімкавіцкі касцёл святога Міхаіла. У 1670—51 дым, 4 вуліцы, млын, Ільінская царква, касцёл, некалькі корчмаў. З 1793 у Рас. імперыі, мястэчка, цэнтр воласці Слуцкага пав. У 1863 адкрыта земскае нар. вучылішча. У 1886 у мястэчку 728 ж., 138 двароў, вучылішча. 2 царквы, касцёл, 2 яўр. малітоўныя школы, 6 заезных дамоў, 35 крам, нядзельны кірмаш; у сядзібе Ц. — бровар і піваварня. У пач. 20 ст. 1681 ж.; 323 двары, пошта; у маёнтку 63 ж. У 1909—14 у школе Ц. вучыўся, у 1920—22 працаваў К.Чорны. У 1917—2253 ж., 355 двароў, вышэйшае пач. вучылішча; у маёнтку 202 ж. З 20.8.1924 да 24.9.1926 і з 27.9.1938 цэнтр сельсавета Капыльскага р-на. З 1938 вёска. У Вял. Айч. вайну дзейнічала падп. група, партызаны правялі Цімкавіцкую аперацыю 1942, у 1942 гітлераўцы загубілі ў Ц. 1018 ж., у 1944 часткова спалілі вёску.

Г.​М.​Новікава, В.​М.​Удальцоў (гісторыя).

т. 17, с. 115

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КНІГАЗНА́ЎСТВА,

навука пра кнігу як з’яву культуры і яе бытаванне ў грамадстве. У вызначэнні К. існуе некалькі падыходаў: як комплексная грамадская навука пра кнігу і кніжную справу, якая вывучае працэсы стварэння, распаўсюджвання і выкарыстання твораў пісьменства і друку; як комплекс адносна самаст. дысцыплін (тэорыі і арганізацыі кнігавыдання, кнігагандлю, бібліятэказнаўства, бібліяграфазнаўства і інш.); як асобная вузкаспецыяльная навука пра гісторыю кнігі і тэорыю яе грамадскіх дачыненняў. Сінонімамі К. ў розныя часы былі тэрміны «бібліялогія», «бібліягнозія», «бібліясофія». У кнігазнаўчых даследаваннях гіст. кірунку вылучаюць гісторыю пісьма, рукапіснай кнігі (кадыкалогія), друкаванай кнігі, гісторыю мастацтва кнігі і бібліяфільства. Сярод дапаможных гісторыка-кніжных дысцыплін — палеаграфія, археаграфія, крыніцазнаўства, філіграналогія (гл. Вадзяныя знакі), бібліяпегія (вывучэнне пераплётаў) і інш.

Пачынальнікам К. лічаць аўстр. бібліёграфа М.​Дэніса, які адзін з першых ужыў тэрмін «К.». Яго погляды развілі аўстр. і франц. спецыялісты кніжнай справы 18 ст. У Расіі першымі тэарэтыкамі К. былі В.​С.​Сопікаў, В.​Р.​Анастасевіч, М.​М.​Лісоўскі, А.​М.​Лавягін, М.​А.​Рубакін, М.​М.​Куфаеў. У 1894—96 у Маскве выдаваўся штомесячны час. «Книговедение». Уздым К. пачаўся ў канцы 1950-х г. Праблемамі К. займаецца ЮНЕСКА (з 1982 выдае серыю «Даследаванні пра кнігу і чытанне»).

На Беларусі зараджэнне К. цесна звязана з развіццём пісьменства. Гуманістычную ролю кнігі абгрунтоўвалі Ефрасіння Полацкая, Кірыла Тураўскі, Клімент Смаляціч, Аўрамій Смаленскі. Мэтам дэмакратызацыі і ўзвышэння кнігі, яе эстэтычнай прыгажосці, зразумеласці і даступнасці служыў Ф.​Скарына. У прадмовах, пасляслоўях, каментарыях да сваіх выданняў Скарына і яго паслядоўнікі С.​Будны, В.​Цяпінскі, браты Мамонічы, друкары брацкіх друкарняў высока ўзнялі кніжную справу Беларусі, сцвердзілі значнасць бел. кніжнасці ў агульным рэчышчы еўрап. Адраджэння. Кнігазнаўчая праца праводзілася ў Віленскай акадэміі, калегіумах, буйных манастырскіх і прыватных бібліятэках. Многія з прадстаўнікоў магнацкіх родаў Радзівілаў, Сапегаў, Хадкевічаў, Алелькавічаў, Зяновічаў, Храптовічаў і інш. выдатна разумелі значэнне кнігі ў адукацыі і культуры. Добрае веданне юрыд. л-ры свайго часу Л.​Сапега выкарыстоўваў пры ўкладанні і рэдагаванні Статута ВКЛ 1588. Кнігазнаўчы кірунак мелі вопісы бібліятэк. Вопіс б-кі Слуцкага Троіцкага манастыра 1494 — першы з вядомых на Беларусі. У аналагічным вопісе б-кі Супрасльскага манастыра 1557 улічана і часткова апісана афармленне 211 кніг, у т. л. каваных золатам, серабром і інш. У 19 ст. развіццё К. на Беларусі звязана з Віленскім ун-там і дзейнасцю ў ім І.Лялевеля, які ў працах «Дзве бібліяграфічныя кнігі» (т. 1—2, 1823—26) і «Гісторыя бібліятэк» (1827) асвятляў тэарэт. пытанні К. як комплекснай навукі пра кнігу. У 1829 А.​М.​Багаткевіч чытаў у Віленскім ун-це фактычна першы ў Рас. імперыі курс К. У 19 ст. вялася работа па апісанні бел. старадрукаў, стварэнні каталогаў прыватных і грамадскіх бібліятэк, кнігарняў (П.​А.​Гільтэбрант, Ф.​М.​Дабранскі, А.​І.​Мілавідаў, С.​Л.​Пташыцкі, Р.​А.​Зямкевіч і інш.). Асобныя аспекты К. і гісторыі стараж. бел. кніжнасці разглядаліся ў працах П.​У.​Уладзімірава «Доктар Францыск Скарына. Яго пераклады, друкаваныя выданні, і мова» (1888) і Я.​Ф.​Карскага «Беларусы» (т. 1—3, 1903—22). У 1920-я г. на ніве бел. К. працавалі Ю.​І.​Бібіла, Дз.​І.​Даўгяла, М.​В.​Мялешка, У.​І.​Пічэта, М.​М.​Шчакаціхін, Б.​І.​Эпімах-Шыпіла. Многія працы выходзілі за межамі БССР, у т. л. «Матэрыялы да крыўскай гісторапісі: Доля кнігасховаў і архіваў зямель крыўскіх і беларускіх Вялікага княства Літоўскага» А.​Шлюбскага (Коўна, 1925), «Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі» В.​Ю.​Ластоўскага (Коўна, 1926) — першая вял. анталогія па гісторыі бел. кніжна-літаратурнага і дакументальнага пісьменства 10 — пач. 19 ст. У БССР у 1926 выйшла калектыўнае даследаванне «Чатырохсотлецце беларускага друку, 1525—1925». У 1926—29 у Мінску працавала Беларускае таварыства бібліяфілаў, якое выдала першую ў БССР працу аб кніжных знаках (кніга Шлюбскага «Exlibris’ы А.​Тычыны», 1928). У цяперашні час пытанні К. распрацоўваюць б-кі: Нацыянальная Беларусі, Цэнтр.-навук. АН Беларусі, Прэзідэнцкая, БДУ, Нац. кніжная палата Беларусі, Бел. ун-т культуры, кафедры гуманітарнага профілю ВНУ. Шмат зрабілі ў галіне К. вучоныя С.​Х.​Александровіч, М.​Б.​Батвіннік, Г.​Я.​Галенчанка, А.П. і В.​П.​Грыцкевічы, Л.​І.​Збралевіч, А.​К.​Каўка, Г.​В.​Кісялёў, У.​М.​Конан, Ю.​А.​Лабынцаў, А.​В.​Мальдзіс, Я.​Л.​Неміроўскі, М.​В.​Нікалаеў, С.​А.​Падокшын, Т.​І.​Рошчына, І.​В.​Саверчанка, В.​У.​Скалабан, В.​А.​Чамярыцкі, В.​Ф.​Шматаў, Я.​Я.​Янушкевіч і інш. Артыкулы па К. друкуюцца ў штогодніку «Пытанні бібліяграфазнаўства і бібліятэказнаўства» (выдаецца з 1980). Значны абагульняльны і канкрэтна-гіст. матэрыял па К. сістэматызаваны ў фундаментальных выданнях, тэматычных зборніках і манаграфіях, прысвечаных 500-годдзю Скарыны: «Біблія Скарыны» (факс. выд., т. 1—3, 1990—91), «Францыск Скарына і яго час: Энцыкл. давед.» (1988), «Францыск Скарына: Жыццё і дзейнасць: Паказ. л-ры» Неміроўскага і Л.​А.​Осіпчыка (1990), «Францыск Скарына — беларускі і ўсходнеславянскі першадрукар» Галенчанкі (1993) і інш. Выдатны ўзор вынікаў працы бел. кнігазнаўцаў — выданне да 400-годдзя зацвярджэння Статута Вялікага княства Літоўскага 1588 (1989). У наш час даследаванне важных праблем К. суправаджаецца выхадам адпаведных серый кнігазнаўчых выданняў. Вызначэнню зместу паняццяў «нацыянальны дакумент», «кніжная спадчына Беларусі» і інш. тэарэт. пытанням прысвечана серыя «Здабыткі: Дакументальныя помнікі Беларусі», рэстытуцыі кніжных каштоўнасцей — серыя «Вяртанне», міжнар. славяназнаўчай праграме «Гісторыя кніжнай культуры Падляшша» — аднайм. серыя, комплексным праблемам культуры і гісторыі — серыя «Беларусіка=Albaruthenica». Выходзяць серыі: «З гісторыяй на «Вы», «Скарыніч: Літ.-навук. гадавік», «Шляхам гадоў: Гіст.-літ. зб.». Пошукам кнігалюбаў і лёсу асобных рарытэтаў прысвечана выданне «Свіцязь: Альманах бібліяфілаў Беларусі» (1989). Пытанні гісторыі кніжнай справы на Беларусі асвятляюцца ў выданнях суседніх краін: «Друкары старажытнай Польшчы з XV да XVIII ст. Сш. 5. Вялікае княства Літоўскае» (1959), «400 гадоў рускага кнігадрукавання» (1964), «Украінская кніга» (1965), «Слоўнік дзеячаў польскай кнігі» (1972), «Кнігазнаўства: Энцыкл. слоўнік», «Гісторыя кнігі Літвы: Паказ. л-ры, 1659—1982» (абодва 1982). У бел. замежжы кнігазнаўчыя даследаванні вялі Бел. бібліягр. служба (Германія), Беларускі інстытут навукі і мастацтва ў Нью-Йорку, Беларуская бібліятэка і музей імя Францішка Скарыны ў Лондане, даследчыкі М.​Панькоў, М.​Вакар, Л.​Акіншэвіч, В.​Тумаш (С.​Брага), А.​Надсон, В. і З.​Кіпелі, Я.​Запруднік, А.​Ружанец-Ружанцоў і інш. Найб. значныя працы — «Мова ў гісторыі беларускага пісьменства» (т. 1, Мюнхен; Лондан, 1974—75; т. 2, Кліўленд, 1978) А.​Калубовіча, «Пяць стагоддзяў Скарыніяны, XVI—XX» (Нью-Йорк, 1989) Тумаша.

Літ.:

Кніга Беларусі, 1517—1917: Зводны кат. Мн., 1986;

Книговедение в Белоруссии. Мн., 1977;

Белороссика: Книговедение, источники, библиогр. Мн., 1980;

Книга в Белоруссии. Вып. 1—2. Мн., 1981—83;

Мигонь К. Наука о книге: Очерк проблематики: Пер. с пол. М., 1991.

В.​М.​Герасімаў.

т. 8, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІСТОРЫЯ ДЗЯРЖАВЫ І ПРАВА

Вытокі бел. гісторыка-прававой думкі ў далёкай старажытнасці, калі з узнікненнем на тэр. Беларусі дзяржаўнасці і пісьменства з’явілася патрэбнасць у захавальніках і тлумачальніках звычаяў. Пазней, калі бел. землі сталі палітыка-эканам. цэнтрам феад. дзяржавы ВКЛ, з’явіліся прафес. юрысты (суддзі, адвакаты і інш.), узнікла неабходнасць у тэарэт. асэнсаванні новых з’яў і грамадскіх працэсаў. У 16 ст. на Беларусі (паводле некат звестак) выдадзена 16 юрыд. кніг, у т. л. Статут 1588, закон аб Гал. судзе (Трыбунале) і інш. Пачалося фарміраванне кола паліт. дзеячаў і мысліцеляў (ф.Скарына, М.​Літвін, С.​Будны, А.​Волан, Мікалай Радзівіл Чорны, А.​Валовіч, Л.​Сапега і інш.), якія на падставе сусв. навук. напрацовак уносілі ў праблемы дзяржавы і права ВКЛ практычныя прапановы па ўдасканаленні грамадскіх адносін і заканадаўства. Ф.​Скарына выказваў думкі аб ролі народа і нар. суверэнітэце, якія пераклікаліся з тэорыяй натуральнага права; лічыў, што права ў цэлым і асобныя законы павінны выдавацца на падставе звычаяў пэўнай зямлі, быць справядлівымі, карыснымі народу і накіраванымі на дасягненне агульнага дабра. Ён прыняў удзел у падрыхтоўцы першага кадыфікаванага зводу законаў ВКЛ — Статута 1529. Пашырэнне на Беларусі рэфармацыйных рэнесансавых і гуманістычных ідэй садзейнічала свецкай інтэрпрэтацыі палітыка-прававых інстытутаў (А.​Волан і А.​Алізароўскі, Л.​Зізаній, П.​Скарга, М.​Сматрыцкі, В.​Цяпінскі і інш.). А.​Волан лічыў важнейшай натуральнай уласцівасцю чалавека імкненне да свабоды і неабходнасць яе абараняць з дапамогай права, якое павінна быць справядлівым, разумным і з’яўляцца гарантам (абараняць) свабоды і роўнасці людзей («Пра палітычную або грамадзянскую свабоду», 1572). Прадстаўнікі рэфармацыйнага руху на Беларусі П.​Гезка, М.​Чаховіц, С.​Будны, В.​Цяпінскі і інш. імкнуліся аб’яднаць прававую тэорыю з практыкай, што было рэалізавана пры ўдасканаленні папярэдняга заканадаўства (шматлікіх грамат, Судзебніка 1468) і стварэнні законаў, заснаваных на мясц. праве і традыцыях народа — Статутаў ВКЛ 1529, 1566, 1588. У іх змешчаны нормы ўсіх галін тагачаснага права: канстытуцыйнага, адм., грамадз. (у т. л. рэчавага, абавязацельнага, спадчыннага, апякунскага і інш.), крымін., працэсуальнага і нават прыродаахоўнага.

На падставе дасягненняў прававой тэорыі ў 16 ст. ў ВКЛ праведзена судовая рэформа, у выніку якой з’явіліся выбарныя, аддзеленыя ад выканаўчай улады суды для шляхты і новыя прынцыпы судаводства — галоснасць, спаборнасць судовага працэсу з удзелам адвакатаў і інш. Узнікла і пачала рэалізоўвацца патрэбнасць у прафес. юрыд. кадрах, падрыхтоўку якіх ажыццяўлялі і зах.-еўрап. ун-ты, і ўласныя навуч. ўстановы. Права вывучалася ў Светаянскай школе грамадз. права ў Вільні (1566), кальвінісцкіх і арыянскіх школах у Слуцку, Іўі, Койданаве, Лоску, Нясвіжы, Навагрудку і інш. гарадах, а таксама ў прыватных школах (палестрах). У Віленскім ун-це (у 1640 быў адкрыты юрыд. ф-т). З 1583 па 1781 выпускнікам ун-та было прысвоена 149 навук. ступеней па праве. Дзейнічалі 2 кафедры кананічнага і 2 — грамадз. права. У сваіх лекцыях і навук. працах І.​Анацэвіч, М.​Баброўскі, І.​Даніловіч, І.​Лялевель, Т.​Чацкі, Ю.​Ярашэвіч і інш. закраналі гіст. і гісторыка-прававыя праблемы, звязаныя з мінулым бел. народа. Развіццю юрыд. навукі на Беларусі садзейнічалі апублікаваныя ў 18 ст. з дапамогай Адукацыйнай камісіі Рэчы Паспалітай заканад. акты з каментарыямі і заўвагамі да іх; храналагічны збор законаў ВКЛ і Польшчы ў 8 тамах — Валюміна легум (1732—82), збор дакументаў па міжнар. праве ў 3 тамах, выдадзены М.​Догелем у 1758—64; збор норм ваенна-крымін. права — «Артыкулы ваенныя» (Нясвіж, 1754), а таксама кнігі «Доказ асноў натуральнага права» Т.​Млоцкага (Вільня, 1779), «Навука права натуральнага, палітычнага, палітычнай эканоміі і права народаў» І.​Страйноўскага (Вільня, 1785) і інш. Вынікам узаемадзеяння навукі і практыкі стала прыняцце соймам Рэчы Паспалітай у 1791 «Закона аб урадзе», вядомага як Канстытуцыя 3 мая (адна з першых канстытуцый у гісторыі чалавецтва).

Пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі пытанні гісторыі дзяржавы і права Беларусі, Літвы і Украіны закраналіся ў працах А.​Каравіцкага, Ю.​Ярашэвіча, М.​І.​Кастамарава, М.​Ф.​Уладзімірскага-Буданава, М.​П.​Дашкевіча, М.​В.​Доўнар-Запольскага, Р.​В.​Дземчанкі, М.​В.​Каяловіча, І.​І.​Лапо, Ф.​І.​Леантовіча, М.​К.​Любаўскага, М.​А.​Максімейкі, І.​А.​Маліноўскага, Т.​Чацкага, М.​М.​Ясінскага, Т.​Нарбута і інш. Фундаментальную крыніцазнаўчую базу для вывучэння гісторыі права Беларусі стваралі такія выданні, як «Беларускі архіў старажытных грамат» пад рэдакцыяй І.​І.​Грыгаровіча (ч. 1, 1824); «Зборнік Муханава» (1836); «Акты Заходняй Расіі», т. 1—5 (1846—53); «Акты Віленскай археаграфічнай камісіі», т. 1—39 (1865—1915), «Гісторыка-юрыдычныя матэрыялы...», в. 1—32 (Віцебск, 1871—1906); «Акты Паўднёвай і Заходняй Расіі...», т. 1—15 (1863—92). Асаблівая заслуга ў даследаванні прававой гісторыі Беларусі належыць І.​М.​Даніловічу, які з 1814 выкладаў у Віленскім ун-це мясц. (г.зн. беларуска-літоўскае) права. Ён выявіў і апублікаваў шэраг помнікаў права Беларусі (напр., у 1826 апублікаваў тэкст Судзебніка 1468, падрыхтаваў да друку напісаны на бел. мове Статут ВКЛ 1529, а таксама збор дакументаў «Скарбец дипломатов» («Скарбніца актаў», Вільня, 1860—62), у якім змешчаны вытрымкі ці апісанне 2383 актаў па гісторыі дзяржавы і права Беларусі і Літвы.

Навук. даследаванні 1920—30-х г. былі адказам на пытанні, пастаўленыя практыкай сав. дзярж. буд-ва. Праблемы гісторыі дзяржавы і права, юрыд. навукі займалі значнае месца ў даследаваннях вучоных БДУ (з 1921). Першы рэктар БДУ У.​І.​Пічэта больш за 130 навук. прац прысвяціў гісторыі права, палітыкі, эканомікі і культуры Беларусі; у 1961 выдадзены збор яго прац «Беларусь і Літва XV—XVI ст.». Пытанні прававой гісторыі Беларусі распрацоўвалі А.​В.​Бурдзейка, Дз.​І.​Даўгяла, М.​В.​Доўнар-Запольскі, В.​Д.​Дружчыц, Т.​І.​Забела, К.​І.​Таўсталес, М.​Я.​Ясінскі і інш. Першымі выкладчыкамі на прававым аддзяленні былі Г.​С.​Гурвіч (савецкае дзярж. права), В.​Н.​Дурдзянеўскі (дзярж. права бурж. краін), М.​Б.​Кроль (суд. псіхіятрыя), І.​Т.​Цітоў (суд. медыцына), М.​А.​Грэдзінгер (цывільнае права і працэс), Б.​В.​Чрэдзін (рымскае права) і інш. У адкрытым у 1922 Ін-це бел. культуры існавала камісія па сав. буд-ве (пазней пераўтворана ў прававую секцыю), у якой вывучаліся пытанні дзярж.-прававога жыцця рэспублікі. Інбелкульт пачаў выданне дзярж.-прававых актаў 16—17 ст., якія ўваходзілі ў склад Літоўскай метрыкі. Выдадзены 3-томны «Беларускі архіў» (1927—30), а таксама збор артыкулаў па розных галінах юрыд. навукі: дзярж., адм., крымін., грамадз., зямельнага права, судаводства, гісторыі і тэорыі дзяржавы і права (М.​А.​Грэдзінгер, Р.​Я.​Парэчын, М.​А.​Канаплін, В.​М.​Шыраеў, С.​Слупскі, Ф.​І.​Гаўзе, М.​М.​Гуткоўскі, Е.​А.​Вішнеўскі, М.​А.​Бонч-Асмалоўскі), праца М.​М.​Гуткоўскага «Сістэматычны паказчык (спроба сістэматыкі) заканадаўства Беларускай ССР за 1919—28 г.» (1929). У канцы 1920-х г. шэраг вучоных-прававедаў (У.​І.​Пічэта, Р.​Я.​Парэчын, М.​М.​Гуткоўскі, В.​Д.​Дружчыц) рэпрэсіраваны, аб’ём і тэматыка навук. даследаванняў скараціліся. У 1944 аднавіў дзейнасць Мінскі юрыд. ін-т (у 1954 пераўтвораны ў юрыд. ф-т БДУ). У 1958 і 1969 выдадзена калектыўная праца ў 2 частках «Нарысы па гісторыі дзяржавы і права БССР». У 1960 перавыдадзены Статут ВКЛ 1529. У 1970—76 надрукаваны 2 т. «Гісторыі дзяржавы і права Беларускай ССР» (С.​П.​Маргунскі, І.​І.​Пацяружа, В.​Н.​Арцёмава, Ю.​П.​Броўка, М.​В.​Сторажаў, В.​І.​Семянкоў, В.​І.​Шабайлаў, І.​А.​Юхо і інш.). У 1978 выйшла манаграфія І.​А.​Юхо «Прававое становішча насельніцтва Беларусі ў XVI ст.», у 1975—79 — В.​А.​Круталевіча «Нараджэнне Беларускай Савецкай Рэспублікі» (у 2 ч.). Праблемы дзяржавы і права закраналі ў сваіх працах бел. гісторыкі (З.​Ю.​Капыскі, А.​П.​Грыцкевіч і інш.), вучоныя РСФСР (М.​М.​Улашчык, Дз.​Л.​Пахілевіч). Гісторыі палітыка-прававой думкі Беларусі прысвяцілі свае працы С.​Ф.​Сокал, С.​А.​Падокшын і В.​Ф.​Шалькевіч.

З пач. 1990-х г. праводзяцца комплексныя даследаванні праблем развіцця дзяржаўнасці і права Беларусі на ўсіх этапах гісторыі, выяўляюцца характэрныя рысы, асаблівасці і тэндэнцыі ў дзярж.-прававым буд-ве, развіцці дзярж. органаў улады і суд. сістэмы, становішчы грамадства і інш. (А.​Ф.​Вішнеўскі, Т.​І.​Доўнар, В.​А.​Круталевіч, С.​Ф.​Сокал, М.​У.​Сільчанка, В.​А.​Шаўкапляс, І.​А.​Юхо і інш.). Навукоўцы ўдзельнічаюць у перавыданні стараж. нарматыўных актаў. Зроблены пачатак стварэнню шматтомнай працы па гісторыі дзяржаўнасці і права Беларусі. Актуальным праблемам гісторыі дзяржавы і права Беларусі: узнікненню бел. дзяржаўнасці, фарміраванню тэрыторыі, паходжанню назвы «Беларусь», уніям ВКЛ з Польшчай, гісторыі заканадаўства — прысвечаны працы І.​А.​Юхо. У працах Т.​І.​Доўнар раскрываюцца этапы, характэрныя рысы і тэндэнцыі развіцця права Беларусі ў 14—18 ст., асаблівасці кадыфікацыі заканадаўства ў 16 ст., адметнасць прававой гісторыі і прававой культуры Беларусі і іх узаемасувязь з агульнаеўрап. працэсам эвалюцыі права, прасочваецца гісторыя канстытуцыйнага, крымін., грамадз. права. А.​Ф.​Вішнеўскі ў сваіх творах даў характарыстыку паэтапнага развіцця дзяржавы і права Беларусі са старажытнасці да нашага часу. У апошнія гады выдадзены шэраг навучальных дапаможнікаў па гісторыі дзяржавы і права Беларусі (аўтары А.​Ф.​Вішнеўскі, Т.​І.​Доўнар, В.​А.​Круталевіч, М.​У.​Сільчанка, С.​Ф.​Сокал, В.​А.​Шаўкапляс, І.​А.​Юхо і інш.). Гісторыкі-правазнаўцы прынялі ўдзел у падрыхтоўцы шэрагу энцыклапедычных выданняў: «Юрыдычны энцыклапедычны слоўнік» (1989), «Статут Вялікага княства Літоўскага 1588 г.» (1989), «Энцыклапедыя гісторыі Беларусі» (1993—2003), «Мысліцелі і асветнікі Беларусі» (1995), «Асветнікі зямлі Беларускай» (2001) і інш. Значнай навуковай падзеяй стала выданне ў 2001 «Гісторыі канстытуцыйнага права Беларусі» (Р.​А.​Васілевіч, Т.​І.​Доўнар, І.​А.​Юхо), перавыданне ў 2003 Статута 1566 (Т.​І.​Доўнар, І.​А.​Юхо, У.​М.​Сатолін). Бел. вучоныя-юрысты даследуюць фундаментальныя тэарэт. праблемы дзяржавы і права, распрацоўваюць праблемы гарантый забеспячэння суверэнітэту ў прававой, сац.-эканамічнай, культ. і інш. сферах жыцця грамадства.

Літ.:

Лаппо И.И. Литовский статут 1588 года. Т. 1—2. Каунас, 1934—1938;

Очерки истории государства и права БССР. Вып. 1—2. Мн., 1958—69;

Статут Великого княжества Литовского. Мн., 1960;

История государства и права Белорусской ССР. Т. 1—2. Мн., 1970—76;

Сокол С.Ф. Политическая и правовая мысль в Белоруссии XVI — первой половине XVII в. Мн., 1984;

Статут Вялікага княства Літоўскага 1588: Тэксты. Давед. Камент. Мн., 1989;

Вишневский А.Ф., Довнар Т.И. История государства и права Беларуси (1917—1996). Мн., 1996;

Довнар Т.И. Краткий очерк истории государства и права Республики Беларусь: (Послеоктябрьский период). Мн., 1997;

Вішнеўскі А.Ф., Юхо Я.А. Гісторыя дзяржавы і права Беларусі ў дакументах і матэрыялах. Мн., 1998;

Юхо І.А. Гістарыяграфія гісторыі дзяржавы і права феадальнай Беларусі. Мн., 1999;

Ермаловіч М. Беларуская дзяржава — Вялікае княства Літоўскае. Мн., 2000;

Круталевіч В.А., Юхо І.А. Гісторыя дзяржавы і права Беларусі (1917—1945 гг.). 2 выд. Мн., 2000;

Дагаворы і граматы як крыніца беларускага права. Мн., 2000;

Доўнар Т. 1 Помнікі права Беларусі феадальнага перыяду. Мн., 2001;

Статут Вялікага княства Літоўскага 1588. Пер. на бел. мову. Мн., 2002;

Вішнеўскі А.Ф. Гісторыя дзяржавы і права Беларусі. Мн., 2003;

Статут Вялікага княства Літоўскага 1566 года. Мн., 2003.

Т.​І.​Доўнар.

т. 18, кн. 2, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)