ТРАНСІЛЬВА́НІЯ (Transilvania),

Залессе, гістарычная вобласць у цэнтры і на З Румыніі, паміж Усх. і Паўд. Карпатамі і Зах. Румынскімі гарамі. Пераважную частку тэр. займае Трансільванскае плато. Рэльеф узгорысты. Радовішчы гаручых газаў і кам. солі. Пасевы пшаніцы, тытуню, цукр. буракоў. Асн. гарады і прамысл. цэнтры: Клуж-Напока, Брашоў, Сібіў, Тыргу-Мурэш.

З 2-й пал. 1-га тыс. да н.э. тут жылі геты і дакі, якія ў 4—1 ст. да н.э. ўтваралі плем. саюзы. У канцы 1 ст. н.э. ўзнікла гета-дакійская дзяржава цара Дэцэбала [87—106) з цэнтрам у Т. і сталіцай у г. Сармізегетуза. У 106 яна заваявана Рымам і ператворана ў рым. правінцыю Дакія, мясц. насельніцтва раманізавана. У 271 рымляне пакінулі Т., дзе ў 3—6 ст. праходзілі і часткова асядалі готы, гуны, авары і інш., у 6—7 ст. з’явіліся паселішчы славян. У 6—8 ст. Т. ў складзе Аварскага каганата. Да 9 ст. ў Т. і ў суседняй Валахіі ў выніку асіміляцыі плямён утварылася ўсх.-раманская народнасць улахаў (валахаў) — продкаў сучасных румын і малдаван. З 11—12 ст. Т. падуладная каралям Венгрыі, якія перасялілі сюды частку венг. сялян. У працэсе заваявання Венгрыі Турцыяй Т. ў 1541 вылучалася ў асобнае княства пад сюзерэнітэтам тур. султана. Князь Т. Іштван Батары [1571—86] з 1575 адначасова быў каралём Польшчы і вял. князем ВКЛ пад імем Стафана Баторыя. Паводле рашэнняў Карлавіцкага кангрэса 1698—99 Т. ўвайшла ў склад уладанняў аўстр. Габсбургаў. З 1867 Т. — частка Каралеўства венграў у складзе Аўстра-Венгрыі. У час распаду Аўстра-Венгрыі пасля яе паражэння ў 1-й сусв. вайне Т. 1.12.1918 далучана да Румыніі, што прызнана Трыянонскім мірным дагаворам 1920. Венскім арбітражам 1940 да Венгрыі далучана Паўн. Т., якая паводле Парыжскіх мірных дагавораў 1947 зноў замацавана за Румыніяй. У 1952—68 на частцы тэр. Т. існавала Венг. аўт. вобласць з цэнтрам у г. Тыргу-Мурэш.

т. 15, с. 506

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)