ЛІ́ХТЭНШТЭЙН (Liechtenstein),

Княства Ліхтэнштэйн (Fürstentum Liechtenstein), дзяржава ў Цэнтр. Еўропе, паміж Швейцарыяй і Аўстрыяй. Падзяляецца на 2 акругі (11 камун). Пл. 157 км². Нас. 31,4 тыс. чал. (1997). Сталіца — г. Вадуц. Афіц. мова — нямецкая. Нац. свята — Дзень нараджэння бацькі правячага князя (15 жн.).

Дзяржаўны лад. Л. — канстытуцыйная манархія. Дзейнічае канстытуцыя 1921. Кіраўнік дзяржавы — наследны князь. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму парламенту — ландтагу, 25 членаў якога выбіраюцца насельніцтвам на 4 гады. Выканаўчая ўлада належыць князю і створанаму пры ім ураду, які складаецца з 5 асоб.

Прырода. Л. знаходзіцца ў Альпах у бас. Верх. Рэйна. На ПдУ — масіў Рэтыкон (г. Граўшпіц, выш. 2599 м), на З — даліна р. Рэйн. Клімат умераны. Сярэдняя т-ра студз. ў даліне Рэйна ад 0 °C да -5 °C, ліп. каля 18 °C. Ападкаў каля 700—1200 мм за год. Рэкі горныя, багатыя гідраэнергіяй. Каля 20% тэрыторыі пад лесам (елка, дуб, бук), каля 40% — пад альпійскімі і субальпійскімі лугамі. Некалькі рэзерватаў.

Насельніцтва. 87,5% складаюць ліхтэнштэйнцы — народ блізкі да суседніх груп аўстрыйцаў, швейцарцаў і немцаў. Жывуць таксама швейцарцы, аўстрыйцы, італьянцы, туркі і інш. Сярод вернікаў пераважаюць католікі — 80%. Сярэднегадавы прырост 1%. Сярэдняя шчыльнасць 200 чал. на 1 км², большасць насельніцтва сканцэнтравана ў даліне Рэйна. У гарадах і гар. пасёлках жыве больш за 80% насельніцтва, у т. л. ў Вадуцы 5,1 тыс. ж. (1997). У прам-сці, гандлі і буд-ве занята 45% працаздольных, у сельскай і лясной гаспадарцы, садоўніцтве і рыбалоўстве — 2%, у абслуговых галінах — 53%. Больш за 6 тыс. чал. штодзённа прыязджаюць на працу ў Л. з Швейцарыі і Аўстрыі.

Гісторыя. У старажытнасці тэр. Л. насялялі кельты, у 15 ст. да н.э. яе заваявалі рымляне, якіх у 3 ст. н.э. выцеснілі адсюль алеманы (швабы). У 12 ст. тут узнікла феад. ўладанне Шэленберг, у 14 ст. — графства Вадуц, што ўвайшлі ў склад «Свяшчэннай Рымскай імперыі», потым сталі пратэктаратам імперыі Габсбургаў. У 1699 Шэленберг, у 1712 Вадуц прададзены аднаму з прыбліжаных аўстр. імператара з роду Ліхтэнштэйн. Датай утварэння дзяржавы лічыцца 15.8.1719, калі аб’яднаныя Шэленберг і Вадуц атрымалі статус княства. З 1806 Л. у складзе Рэйнскага саюза, у 1815—66 у Герм. саюзе. У 1868 урад распусціў армію (80 чал.) і абвясціў пастаянны нейтралітэт (захоўваўся і ў час 1-й і 2-й сусв. войнаў). У 1876—1918 Л. эканамічна цесна звязаны з Аўстра-Венгрыяй (агульная мытная і падатковая прастора). 5.10.1921 прынята сучасная канстытуцыя. З 1923 у эканам. і валютным саюзе з Швейцарыяй. У 1950—60-я г. актывізавалася прамысл. развіццё. З 1989 (фактычна з 1984) князь Л. — Ганс Адам II. На плебісцыце 1992 большасць выбаршчыкаў выказалася за ўступленне Л. ў еўрап. эканам. прастору. Дзейнічаюць партыя Айч. саюз, Прагрэс. грамадз. (бюргерская) партыя, экалагічная партыя Свабодны спіс (усе 3 партыі прадстаўлены ў парламенце), прафс. аб’яднанне Саюз працоўных і інш. Л. — чл. Савета Еўропы (з 1978), ААН (з 1990), Еўрап. асацыяцыі свабоднага гандлю (з 1991), Арг-цыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў лют. 1992.

Гаспадарка. Л. — індустр. краіна, па выпуску прадукцыі на душу насельніцтва займае адно з першых месцаў у Еўропе. Штогадовы даход на 1 чал. — 23 тыс. дол. (1996). Найб. развіта прам-сць экспартнага кірунку. Прамысл. прадпрыемствы — пераважна філіялы швейц. фірм. Вытв-сць электраэнергіі 150 млн. кВт гадз (1997), у асн. на ГЭС. Развіта разнастайнае машынабудаванне (​2/3 прамысл. прадукцыі), у т. л. эл.-тэхн. і радыёэлектроннае прыладабудаванне, вытв-сць кацельнага абсталявання, штампаваных дэталей, высокатэхнал. металаапрацоўка, вытв-сць вакуумнай тэхнікі, электронных сістэм, мікрапрацэсараў. Ёсць асобныя прадпрыемствы тэкст., хім., фармацэўтычнай, гарбарнай, керамічнай, металаапр., дрэваапр. прам-сці. Сусветна вядомы выраб фарфоравых зубных пратэзаў. Найб. прадпрыемствы: прэсавых і штампаваных вырабаў (Эшэн), выліч. машын (Маўрэн), маш.-буд. з-ды (Бальцэрс, Шан, Вадуц). Ёсць вытв-сць фарбаў, лакаў і бялізны. Развіты вінаробства, піваварэнне, сыраробства. Здаўна развіта вытв-сць кафляных плітак і маст. керамікі (Нендэльн). У сельскай гаспадарцы пераважае дробнасялянскае землеўладанне (да 4—5 га). Пад ворывам каля 4 тыс. га, пад пашай каля 6,3 тыс. га. Гал. галіна — жывёлагадоўля (75% кошту с.-г. прадукцыі). Гадуюць буйн. раг. жывёлу, авечак, свіней. Земляробства пераважна ў даліне Рэйна. Вырошчваюць пшаніцу, кукурузу, бульбу, тытунь, кармавыя культуры, агародніну. Пладаводства і вінаградарства. Пчалярства. Многія сяляне сумяшчаюць заняткі сельскай гаспадаркай з працай у прам-сці і абслугоўваннем турыстаў. У сувязі з нізкім падаткам на капітал і адсутнасцю падатку на прыбытак Л. выбраны месцам рэгістрацыі больш як 40 тыс. замежных кампаній. Яны даюць трэць паступленняў у бюджэт краіны. Важнымі крыніцамі даходаў з’яўляюцца банкаўская і фін. справа, замежны турызм (86 тыс. чал. у 1995), санаторныя паслугі і выпуск паштовых марак. Асн. від транспарту — аўтамабільны. У краіне 250 км асфальтаваных аўтадарог, 14,8 тыс. легкавых і 1,5 тыс. грузавых аўтамабіляў. Тэр. Л. перасякае чыг. Вена—Парыж (18,5 км на тэр. краіны). У 1994 экспарт склаў 2,14 млрд. дол., імпарт — 852 млн. долараў. У экспарце пераважаюць прамысл. тавары, у імпарце — спажывецкія і харч. тавары, трансп. сродкі, сыравіна. Асн. знешнегандл. партнёр — Швейцарыя, з якой Л. у грашовай і мытнай уніі (15% экспарту, больш за 75% імпарту). Больш за 40% экспарту ідзе ў краіны Еўропы. Грашовая адзінка — швейцарскі франк.

Літ.:

Печников Б.А. Лихтенштейн — княжество на Рейне. М., 1986.

Ю.​В.​Бярэзіна (прырода, насельніцтва, гаспадарка), У.​Я.​Калаткоў (гісторыя).

Герб і сцяг Ліхтэнштэйна.
Тыповы ландшафт у Ліхтэнштэйне.

т. 9, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛАДЗЕ́ЧНА,

горад абл. падпарадкавання, цэнтр Маладзечанскага р-на Мінскай вобл., на р. Уша. За 73 км ад Мінска. Вузел чыг. ліній на Мінск (электрыфікаваная), Полацк, Вільню. Аўтадарогамі злучаны з Мінскам, Вільняй, Мядзелам, Валожынам. 98 тыс. ж. (1998).

Упершыню ўпамінаецца 16.12.1388. З 1413 у Віленскім ваяв. ВКЛ. У 15 ст. пабудаваны Маладзечанскі замак. Належаў Заслаўскім, Мсціслаўскім, Сангушкам, Рагозам, Радзівілам, Агінскім, Тышкевічам. У 16 ст. неаднаразова спустошаны ў час войнаў Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ (у 1511, 1519, 1533) і Лівонскай вайны 1558—83 (у 1567). Да 17 ст. горад меў каля 3 тыс. ж., уваходзіў у лік 20 буйнейшых гарадоў Беларусі. У 1708 у Паўн. вайну 1700—21 захоплены шведскімі войскамі. У 1757 атрымаў прывілей на гандаль. З 1793 у Рас. імперыі, мястэчка, цэнтр воласці Вілейскага пав. Мінскай, з 1842 — Віленскай губ. У вайну 1812 адбыўся Маладзечанскі бой 1812. З 1860 працавала Маладзечанская прагімназія. У 1864 адкрыта Маладзечанская настаўніцкая семінарыя. У 1873 праз М. пракладзена Лібава-Роменская чыгунка. У 1886 было 648 ж., 85 двароў, 3 царквы, паштовая станцыя, піваварня, 18 крам, штотыднёвыя кірмашы. У пач. 20 ст. ў М. 2393 ж., 6 прадпрыемстваў. У 1-ю сусв. вайну ў прыфрантавой паласе. З 18 лют. да 18 снеж. 1918 акупіраваны герм., з ліп. 1919 да ліп. 1920 — польск. войскамі. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Вілейскага пав. Віленскага ваяв., з 1927 цэнтр Маладзечанскага павета. У 1929 атрымаў статус горада, створаны магістрат. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр Маладзечанскага раёна Вілейскай вобл. У Вял. Айч. вайну 25.6.1941 акупіравана ням. фашыстамі, якія ў М. і раёне загубілі 34 718 чал., стварылі Маладзечанскі лагер смерці; дзейнічала Маладзечанская дыверсійна-разведвальная група. Вызвалена 5 ліп. ў ходзе Вільнюскай аперацыі 1944. З 1944 цэнтр Маладзечанскай вобласці. У 1947—55 працаваў настаўніцкі ін-т. З 1960 у Мінскай вобл. У 1972—56,1 тыс. жыхароў.

Прадпрыемствы маш.-буд. і металаапр. (Маладзечанскі станкабудаўнічы завод, Маладзечанскае вытворчае аб’яднанне «Электрамодуль», радыёзавод, з-ды металаканструкцый, металавырабаў, парашковай металургіі), лёгкай (швейная і мужчынскага абутку ф-кі), харч. (мяса-, хлеба- і плодакансервавы камбінаты, малочны з-д, піўзавод, кандытарская ф-ка), буд. матэрыялаў, дрэваапр. (Маладзечанская мэблевая фабрыка) прам-сці. Маладзечанская фабрыка музычных інструментаў. Мінскі абласны краязнаўчы музей. Брацкая магіла сав. воінаў, партызан, парт. і сав. работнікаў, магіла ахвяр фашызму.

У 19 ст. ў М. былі 4 вуліцы, якія разыходзіліся крыжападобна. Хуткі рост М. пачаўся ў сувязі з буд-вам Лібава-Роменскай чыгункі (1873). У 1907 пабудаваны мураваны чыг. вакзал. Генпланы М. распрацаваны ў 1949, 1965 і 1983. Горад развіваецца ў паўд. і ўсх. напрамках. Сетка вуліц прамавугольная. Чыгункі падзяляюць горад на 4 планіровачныя раёны: зах. (канцэнтрацыя прамысл. прадпрыемстваў), паўн. (індывід. жылая забудова), усх. (прамысл. раён; старая ч. горада з пл. Свабоды, б. гандлёвая, дзе захаваўся помнік архітэктуры — Маладзечанская Пакроўская царква), паўд. (зона шматпавярховай капітальнай жылой забудовы, грамадскі цэнтр). Гал. магістралі — праспект Леніна, вуліцы Прытыцкага, Савецкая, Валынца, Я.​Купалы (у 1980-я г. ўзбоч яе пабудаваны мікрараён Шырокая Дуброва), М.​Горкага (часткова захаваўся помнік архітэктуры 18 ст. — будынак б. Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі, раней манастыр антытрынітарыяў), Жданава. На скрыжаванні вуліц Прытыцкага і Савецкай утворана пл. Леніна. Цэнтр. ч. горада забудавана 2—9-павярховымі дамамі. Вышынныя дамінанты размешчаны групамі на больш высокіх адзнаках рэльефу, што стварае выразны сілуэт забудовы. Праектам дэталёвай планіроўкі цэнтра 1986 прадугледжана яго развіццё ў паўн.-зах. напрамку, стварэнне пешаходнай зоны на вул. Прытыцкага з паслядоўным чляненнем яе на 4 планіровачныя комплексы рознага функцыян. прызначэння; азеляненне, стварэнне спарт. і расшырэнне паркавай зон. У М. — помнік у гонар перамогі рус. войск у вайну 1812, ахвярам фашызму на тэр. б. лагера смерці, мемар. комплекс у гонар вызваліцеляў.

У пач. 19 ст. ў шляхецкім павятовым вучылішчы па ініцыятыве Т.​Зана і Л.​Ходзькі створаны школьны т-р. Ставіліся камедыі Зана «Сталасць у сяброўстве», «Грэцкія піражкі» і інш., наладжваліся тэатралізаваныя імправізаваныя «школьныя гульні». Спектаклі адбываліся і ў прагімназіі. У канцы 1870—1911 дзейнічаў школьны т-р у настаўніцкай семінарыі, у якім ставіліся п’есы А.​Астроўскага, М.​Гогаля, А.​Чэхава. У 1913—14 у М., верагодна, выступала Першая бел. трупа І.​Буйніцкага. У канцы 1910-х — 1930-я г. дзейнічалі аматарскія драм. гурткі пад кіраўніцтвам Я.​Давідовіча, К.​Бубена, П.​Мятлы, А.​Капуцкага і інш. Ставіліся п’есы «Паўлінка» Я.​Купалы, «Пінская шляхта» В.​Дуніна-Марцінкевіча, «Збянтэжаны Саўка» Л.​Родзевіча, «Кветкі шчасця» Ф.​Аляхновіча, «Модны шляхцюк» К.​Каганца. Адбываліся паказы батлейкі М.​Капуцкага і А.​Буські. З канца 1940-х г. працавалі самадзейныя драм. гурткі ў школах, на прадпрыемствах. У 1968 арганізаваны дзіцячы лялечны т-р (з 1973 Маладзечанскі ўзорны т-р лялек). З 1991 у М. працуе Мінскі абласны тэатр лялек «Батлейка», з 1993 — Мінскі абласны драматычны тэатр.

Муз. жыццё горада сканцэнтравана пераважна вакол Маладзечанскага музычнага вучылішча. У М. працуюць Маладзечанскі гарадскі сімфанічны аркестр, Мінскі абласны камерны хор «Санорус», шматлікія калектывы муз. і маст. самадзейнасці, многія з якіх маюць званні народных і ўзорных; праводзяцца традыцыйны Маладзечанскі фестываль беларускай песні і паэзіі, рэсп. тэатр. фестываль «Маладзечанская сакавіца».

Літ.:

Каханоўскі Г.А. Маладзечна: Гіст.-экан. нарыс. Мн., 1988;

Яго ж. Даследаванне пра заходнебеларускі тэатр // Полымя 1971. № 2.

Г.​А.​Каханоўскі (тэатр. жыццё), С.​Ф.​Самбук (архітэктура).

Маладзечна. Цэнтр горада.
Будынак чыгуначнага вакзала ў Маладзечне 1907.

т. 9, с. 554

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛО́НІМ,

горад, цэнтр Слонімскага р-на Гродзенскай вобл., на р. Шчара пры ўпадзенні ў яе р. Іса. Чыг. ст. на лініі Баранавічы—Ваўкавыск; вузел аўтадарог на Баранавічы, Івацэвічы, Ружаны, Зэльву, Дзятлава. За 143 км ад Гродна. 51,6 тыс. ж. (2001).

Паводле археал. даследаванняў, горад узнік у 11 ст. на месцы невял. паселішча. Упершыню ўпамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1252. У 1254 уваходзіў у Галіцка-Валынскае княства. З 2-й пал. 13 ст. ў ВКЛ. З канца 13 ст. ў С. быў умацаваны замак (гл. Слонімскія замкі), вакол якога рос горад. Слонімская харугва прымала ўдзел у Грунвальдскай бітве 1410. Пасля Гарадзельскай уніі 1413 С. уключаны ў Трокскае ваяв. У 1531 С. атрымаў ад вял. кн. Жыгімонта 1 Старога самакіраванне паводле магдэбургскага права; пацверджана ў 1591 Жыгімонтам III (тады ж дадзены герб: залаты леў з падвойным сярэбраным крыжам на блакітным полі) і ў 1679 Янам III Сабескім, у 1776 скасавана. З 1560 належаў маршалку Р.​Валовічу, з 1586 — канцлеру ВКЛ Л.​Сапегу, з 1655 — князям Агінскім. У выніку вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 горад заняпаў. Яго эканам. ўздым звязаны з дзейнасцю слонімскага старосты Міхала Казіміра Агінскага, вял. гетмана літ., які ў 2-й пал. 18 ст. заснаваў тут сваю рэзідэнцыю, стварыў Слонімскую друкарню, Слонімскую капэлу Агінскага, Слонімскі тэатр Агінскага, пры якім працавалі Слонімская балетная школа, Слонімская музычная школа, пабудаваў Слонімскія мануфактуры дываноў (гл. ў арт. Слонімскія мануфактуры), Агінскі канал і інш. З 1795 С. у складзе Рас. імперыі, цэнтр Слонімскай губерні, з 1797 у Літоўскай, з 1801 у Гродзенскай губерні, цэнтр Слонімскага павета. У вайну 1812 каля С. 20 кастр. адбыўся бой паміж рас. і франц. войскамі. У 1897 у С. 15 893 ж., 1312 жылых дамоў, у т. л. 333 мураваныя, 5 піваварных, 4 ганчарныя, 2 гарбарныя з-ды, 2 канатныя ф-кі, некалькі млыноў, 2-класнае павятовае вучылішча, прыходскае вучылішча, пачатковае яўр. вучылішча, прыватны жаночы пансіён, 2 царквы, 2 касцёлы, 7 сінагог, мячэць. У пач. 20 ст. адкрыты слонімскія гімназіі і Слонімскае рэальнае вучылішча. Вял. ролю ў развіцці прам-сці горада ў 19 — пач. 20 ст. адыгралі буйныя землеўладальнікі графы Пуслоўскія, якія ў прыгарадзе С. — Альбярціне адкрылі медную, дывановую, лесапільную мануфактуры, Альбярцінскую суконную фабрыку і інш. У 19 ст. створана Слонімская сядзіба «Альбярцін». У 1921—39 у складзе Польшчы, павятовы цэнтр Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР, з 15.1.1940 цэнтр Слонімскага раёна Баранавіцкай вобл. 26.6.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў горадзе і раёне 42 тыс. чал., у т. л. ў С. больш за 10 тыс. чал. Дзейнічала Слонімская раённая антыфашысцкая арганізацыя. 10.7.1944 вызвалены войскамі 1-га Бел. фронту ў ходзе наступлення на Баранавіцка-Брэсцкім напрамку. З 8.1.1954 С. — цэнтр раёна Гродзенскай вобл., з 7.3.1963 горад абл. падпарадкавання. У 1973—32,5 тыс. ж. З 1990 у С. працуе Слонімскі беларускі драматычны тэатр.

У 14—15 ст. фарміравалася забудова пасада, у С. было 9 цэркваў. У 16 ст. на месцы разбуранага замка пабудаваны драўляны палац, перад якім сфарміравалася гандл. плошча (цяпер вул. Першамайская), да якой сыходзіліся асн. вуліцы. У 17—18 ст. узведзены шэраг мураваных кляштараў, храмаў і інш. пабудоў, якія ўвайшлі ў сістэму абарончых умацаванняў: касцёл дамініканцаў, калегіум езуітаў (не захаваліся), кляштар бенедыкцінак, Слонімскі кляштар канонікаў латэранскіх, Слонімскі касцёл і кляштар бернардзінак, Слонімскі касцёл і кляштар бернардзінцаў, Слонімская сінагога, Слонімская капліца Дамініка, Слонімскі Андрэеўскі касцёл, аўстэрыя і ратуша (барока). З 2-й пал. 18 ст. забудова горада фарміравалася вакол звязаных паміж сабою плошчаў: гал. гандлёвай, перад касцёлам дамініканцаў (цяпер пл. Леніна) і перад сінагогай. Вуліцы (пераважна брукаваныя) накіраваны да гандл. плошчы. У 19 ст. распрацаваны праекты перапланіроўкі С., якія прадугледжвалі захаванне гіст. планіровачнай структуры горада. Паводле іх пабудаваны 2—3-павярховыя цагляныя дамы ў цэнтры горада. Захаваліся фрагменты характэрнай для пач. 18 — пач. 20 ст. жылой забудовы, гар. асабнякі 19—20 ст. У стылі мадэрн — Слонімскага вакзала будынак, банк. У пас. Фабрычны (уключаны ў межы горада) — Слонімская сядзіба «Альбярцін». Сучасны горад размешчаны абапал р. Шчара. Генпланы С. распрацаваны ў 1963 (ін-т «Белдзяржпраект», арх. Л.​Васільеў, С.​Мамаева, карэкціроўка 1966) і 1973 (Мінскі філіял ЦНДІПгорадабудаўніцтва, арх. А.​Агафонава, карэкціроўка БелНДІПгорадабудаўніцтва 1987, арх. Т.​Татарынцава). У 1980 зроблены праект дэталёвай планіроўкі цэнтра (БелНДІПгорадабудаўніцтва, арх. Татарынцава). Паводле генплана 1999 (БелНДІПгорадабудаўніцтва, арх. У.​Ісачанка, Татарынцава, Ю.​Чантурыя, пры ўдзеле арх. А.​Пархуты, У.​Казырновіча) гар. тэрыторыі пашыраюцца на Пд і ПдЗ, ствараецца новы грамадскі цэнтр. Зона адпачынку — р. Шчара, канал Агінскага з паркам, парк у пас. Фабрычны, воз. Лабазоўка.

Працуюць акц. т-ва «Слоніммэбля», Слонімскі кардонна-папяровы завод, Слонімская камвольна-прадзільная фабрыка, Слонімская фабрыка мастацкіх вырабаў, ф-ка «Гасцінічная мэбля», вінзавод, камбінат быт. абслугоўвання і інш.; 10 сярэдніх і базавая (санаторна-лясная) школа, муз. школа, 7 б-к, раённы Дом культуры, Слонімскі краязнаўчы музей. Брацкія магілы сав. воінаў і партызан, помнік Вызваліцелям. У наваколлі горада 3 магілы і могілкі яўрэяў — ахвяр фашызму.

Літ.:

Мелешко В.И. Слоним: Ист. очерк. Мн., 1962;

Караткевіч В.Б., Кулагін А.М. Помнікі Слоніма. Мн., 1983;

Цеханавецкі А. Міхал Казімір Агінскі і яго «сядзіба музаў» у Слоніме: Пер. з ням. Мн., 1993;

Супрун В. За смугою часу. Мн., 1994;

Яго ж. Дзеі пад Шчарай. Слонім. 2000.

М.​Б.​Батвіннік (гісторыя), Ю.​У.​Чантурыя (архітэктура).

Слонім. Гарадскія асабнякі 19—1-й пал. 20 ст.
Слонім. Дом культуры.

т. 15, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТО́НГА (Tonga),

Каралеўства Тонга (танганскае Pule’anga Fakatu’i ’o Tonga, англ. Kingdom of Tonga), дзяржава на аднайм. астравах на ПдЗ Ціхага акіяна. Пл. 748 км². Нас. 102,3 тыс. чал. (2002). Дзярж. мовы — танганская і англійская. Сталіца, гал. эканам. цэнтр і порт — г. Нукуалофа на в-ве Тангатапу. Краіна падзяляецца на 5 акруг. Нац. свята — Дзень незалежнасці (4 чэрв.).

Дзяржаўны лад. Т. — канстытуцыйная манархія. Уваходзіць у Садружнасць. Дзейнічае канстытуцыя 1875 (з папраўкамі і дапаўненнямі). Кіраўнік дзяржавы — кароль. Заканадаўчы орган — аднапалатная Заканадаўчая асамблея (30 членаў: кароль, члены кабінета міністраў і асабістага савета караля, 9 членаў, якіх выбірае знаць, і 9 членаў, якіх выбірае насельніцтва на 3 гады). Выканаўчую ўладу ажыццяўляюць кароль і кабінет міністраў на чале з прэм’ер-міністрам.

Прырода. Астравы вулканічныя (выш. да 1030 м, в-аў Као) і каралавыя (выш. некалькі м, некат. прыўзнятыя да 200 м). Найб. в-аў Тангатапу, пл. 257 км². Клімат трапічны марскі. Сярэднямесячныя т-ры ад 26 °C (люты) да 20 °C (жнівень). Ападкаў каля 2000 мм за год, на схілах гор да 3000 мм. Бываюць разбуральныя трапічныя ўраганы. На асобных астравах ёсць рэкі і ручаі, захаваліся трапічныя лясы (11% тэр.) з дрэвападобных папарацей, пальмаў, панданусаў. Жывёльны свет збеднены (пацукі, мышы, кажаны). Шмат птушак. Мора багатае рыбай, чарапахамі, малюскамі. Ёсць прыродаахоўныя рэзерваты.

Насельніцтва. Больш за 98% складаюць танганцы — адзін з палінезійскіх народаў. Жывуць невял. групы метысаў, палінезійцаў з інш. астравоў, еўрапейцаў. Сярод вернікаў пераважаюць пратэстанты, ёсць католікі (16%) і мармоны (14%). Сярэднегадавы прырост 1,91% (2000) Сярэдняя шчыльн. 136,8 чал. на 1 км². З 150 астравоў заселены 45. Каля 68 тыс. чал. жыве на в-ве Тангатапу, дзе шчыльн. дасягае 264 чал. на 1 км². Гар. насельніцтва 43% (1997). У г. Нукуалофа каля 40 тыс. ж. (1998). 65% самадзейнага насельніцтва занята ў сельскай гаспадарцы, рыбалоўстве, марскіх промыслах. Значная эміграцыя ў Новую Зеландыю, Аўстралію і ЗША.

Гісторыя. А-вы Т. заселены палінезійцамі ў 2-м тыс. да н.э. У 10 ст. н.э. на Т. ўсталявалася ўлада правадыроў-жрацоў туі-тонга; у 15 ст. рэліг. і свецкая ўлады падзелены. У 1616 галандскія мараплаўцы В.​Схаўтэн і Я.​Лемер адкрылі 1-я з а-воў Т.; у 1643 А.Я.Тасман адкрыў буйнейшы з іх — Тангатапу; у 1773—74 Т. даследаваў Дж.Кук, які назваў іх а-вамі Таварыства. У 1797 на Т. з’явіліся еўрап. місіянеры. У 1831 яны схілілі ў хрысціянства правадыра а-воў Вавау — Таўфа’ахау Тупоу, які аб’яднаў пад сваёй уладай усе а-вы Т. і абвясціў сябе каралём Т. пад імем Георга Тупоу I [1845—93]. У 1875 прынята канстытуцыя Т., створаны парламент, значную частку якога складаюць прадстаўнікі традыц. арыстакратыі.

У 1900 Вялікабрытанія навязала каралю Георгу Тупоу II [1893—1918] дагавор, які ператварыў Т. ў брыт. пратэктарат. Новы дагавор 1958 даў Т. права знешнеэканам. зносін. У 1968 брыт. ўрад заключыў дагавор з каралём Таўфа’ахау Тупоу IV [з 1966] пра пераход Т. да незалежнасці; 4.7.1970 абвешчана незалежнасць. На Т. дзейнічае адна паліт. партыя — Нар. партыя.

Гаспадарка. Т. — слабаразвітая аграрная краіна. Валавы ўнутр. прадукт на 1 чал. складае 1720 дол. (1999). 32,1% яго ствараецца ў сельскай гаспадарцы і рыбалоўстве, 7,8% — у прам-сці і буд-ве, 7,3% — на транспарце і ў сувязі, 11% — у гандлі, рэстаранах і атэлях, 41,8% — у інш. абслуговых галінах. Гал. галіна — земляробства. Пад с.-г. ўгоддзямі 61,3 тыс. га, у т. л. пад ворывам 18 тыс. га, пад шматгадовымі насаджэннямі 38,8 тыс. га, пад пашай 4,5 тыс. га. Значная частка зямель належыць каралеўскай сям’і і спадчыннай арыстакратыі, якія здаюць яе ў арэнду сялянам. Пераважаюць гаспадаркі пл. да 3 га. Штогадовы збор асн. культур (тыс. т.): какосавых арэхаў — каля 125, бананаў — каля 5, батату — 80, маніёку — 12, апельсінаў — 3, памідораў — 2. Асн. экспартныя культуры — какосавыя арэхі і бананы, а таксама какава, кава, ваніль, імбір, чорны перац, цытрусавыя, арахіс, манга, ананасы. Асн. харч. культуры — батат, маніёк, ямс, тара, хлебнае дрэва, кукуруза, рыс, бахчавыя, агародніна. У краіне каля 6 тыс. галоў буйн. раг. жывёлы, 8 тыс. коней, 80 тыс. свіней, 10 тыс. коз. Птушкагадоўля (каля 270 тыс. курэй). Рыбалоўства (каля 2—3 тыс. т рыбы штогод). Прам-сць: лесапільныя з-ды і прадпрыемствы па перапрацоўцы с.-г. сыравіны, пашыве адзення, выпуску спарт. абсталявання, зборцы з імпартаваных дэталей і вузлоў міні-экскаватараў. Вытв-сць электраэнергіі 35 млн. кВт∙гадз (1999). Развіты саматужныя рамёствы і промыслы: выраб нац. тканін і адзення, цыновак, сувеніраў. Транспарт аўтамаб. і марскі. Аўтадарог 680 км, у т. л. 184 км з цвёрдым пакрыццём, 3,4 тыс. легкавых, 3,6 тыс. грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў (1996). Астравы злучаны паміж сабой рэйсамі невял. суднаў. Гал. порт Нукуалофа. 6 аэрапортаў, у т. л. міжнар. на в-ве Тангатапу. У 1998 экспарт склаў 8 млн. дол., імпарт — 69 млн. дол. У экспарце пераважаюць копра, бананы, кава, какава, ваніль, рыба, у імпарце — спажывецкія і харч. тавары, нафтапрадукты. Замежны турызм (у 1997/98—26,2 тыс. чал. пераважна з Новай Зеландыі, ЗША, Аўстраліі) і грашовыя пераводы грамадзян Т. з-за мяжы з’яўляюцца важнымі крыніцамі даходаў. Грашовая адзінка — паанга.

Літ.:

Малаховский К.В. Под Южным Крестом. М., 1974.

Герб і сцяг Тонга.
Да арт. Тонга. У танганскай вёсцы.

т. 15, с. 487

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІ́ДЖЫ (Fiji),

Рэспубліка Фіджы (Republic of Fiji), дзяржава ў Акіяніі, у паўд.-зах. ч. Ціхага ак., на а-вах Фіджы. Пл. 18,3 тыс. км². Нас. 832,5 тыс. чал. (2000). Сталіца — г. Сува на в-ве Віты-Леву. Падзяляецца на 4 акругі. Афіц. мова — англійская, выкарыстоўваецца фіджыйская і хіндустані. Нац. свята — Дзень незалежнасці (10 кастр.).

Дзяржаўны лад. Ф. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1990 (з папраўкамі 1998). Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт з тэрмінам паўнамоцтваў 5 гадоў. Заканад. ўлада належыць двухпалатнаму парламенту (палата прадстаўнікоў — 71 член, сенат — 32 сенатары, з іх 14 члены Вял. Савета Правадыроў, якія выбіраюць прэзідэнта). Члены сената назначаюцца. Частка месцаў у парламенце размяркоўваецца прапарцыянальна сярод прадстаўнікоў розных нацыянальнасцей (у т. л. 23 зарэзервавана для фіджыйцаў, 19 для індусаў), другая частка выбіраецца. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад з 15 міністраў на чале з прэм’ер-міністрам.

Прырода. Архіпелаг Ф. складаецца з 332 астравоў, найб. Віты-Леву (10,6 тыс. км²) і Вануа-Леву (5,8 тыс. км²). Большасць астравоў вулканічнага паходжання. У рэльефе пераважаюць плато, перасечаныя горнымі хрыбтамі (г. Томаніві, выш. да 1323 м, в-аў Віты-Леву). Уздоўж узбярэжжаў — вузкія раўніны; берагі амаль усіх астравоў акаймаваны каралавымі рыфамі, шмат лагун і заліваў. Карысныя выкапні: золата, серабро, баксіты, медныя і марганцавыя руды, вапнякі. Клімат трапічны акіянічны, вільготны, частыя ўраганы. Сярэднямесячныя т-ры 25—28 °C. Ападкаў ад 1700 да 3500 мм за год (на паўд.-ўсх. наветраных схілах). Глебы чырваназёмныя. Паўд.-ўсх. схілы ўкрыты вільготнымі трапічнымі лясамі з каштоўнымі пародамі дрэў (сандалавае, цікавае, чырвонае), на падветраных схілах пераважае саванна. Жывёльны свет бедны. Шматлікія рэзерваты.

Насельніцтва. Каля 51% насельніцтва складаюць фіджыйцы (пераважна нашчадкі шлюбаў меланезійцаў і палінезійцаў), 44% — індусы, 5% — еўрапейцы, кітайцы і інш. Вернікі хрысціяне (метадысты і католікі 52%), індуісты (38%), мусульмане (8%) і інш. Сярэдняя шчыльн. 45,5 чал. на 1 км². Каля 110 астравоў ненаселены. Сярэднегадавы натуральны прырост 1,8%. Гар. насельніцтва 49%. Гал. горад — Сува (167,4 тыс. ж. з прыгарадамі, 1996). У сельскай гаспадарцы занята 44% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці 35%, у абслуговых галінах 21%.

Гаспадарка. Ф. — адна з найб. эканамічна развітых краін Акіяніі. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) у 1998 склаў 5,4 млрд. дол. (6,7 тыс. дол. на 1 чал.). Аснова эканомікі — сельская гаспадарка і турызм. У сельскай гаспадарцы ствараецца каля 20% ВУП. Пад ворывам і шматгадовымі насаджэннямі каля 10% тэр. Асн. экспартуемыя культуры: цукр. трыснёг (пл. 73,3 тыс. га, збор 3280 тыс. т), какосавая пальма (11,2 тыс. т копры), імбір (1,1 тыс. т). Гал. харч. культуры: рыс (17 тыс. т), кукуруза, сорга, какава (2,4 тыс. т), ананасы, бананы, цытрусавыя і інш. Гадуюць (тыс. галоў, 1997) буйн. раг. жывёлу (344), коз (235), свіней (112). Развіта птушкагадоўля (3,9 млн. галоў). Улоў рыбы 36,4 тыс. т (1999). Нарыхтоўка каштоўных гатункаў драўніны (511 тыс. м³). Здабыча золата (каля 1,5 т штогод), серабра, вапняку. Вытв-сць электраэнергіі 550 млн. кВт∙гадз (80% на ГЭС, 20% на ЦЭС). Апрацоўчая прам-сць (10% ВУП) прадстаўлена прадпрыемствамі лёгкай прам-сці (вытв-сць адзення, абутку, трыкат. вырабаў), па перапрацоўцы с.-г. сыравіны (вытв-сць цукру, копры, алею, піва, цыгарэт, рысаачыстка) і вэнджання рыбы. Ёсць з-ды па вытв-сці буд. матэрыялаў (цэмент, буд. дэталі, дахавы матэрыял), фанеры і запалак, мылаварная ф-ка, суднарамонтныя майстэрні. Турызм — другая па значнасці галіна гаспадаркі. Цёплы клімат, пясчаныя пляжы, празрыстыя воды, каралавыя рыфы штогод прыцягваюць каля 360 тыс. турыстаў (пераважна з Аўстраліі, Новай Зеландыі, Японіі, ЗША, Вялікабрытаніі). У 1998 даход ад турызму склаў 266 млн. долараў. Даўж. чыгункі 597 км, аўтадарог 3440 км, у т. л. 1692 км з цвёрдым пакрыццём. У краіне 30 тыс. легкавых і 29 тыс. грузавых аўтамабіляў. Гал. парты: Ламбаса, Лаўтока, Левука, Савусаву, Сува. 25 аэрапортаў. Экспарт (393 млн. дол., 1998) цукру, адзення, золата, рыбы, драўніны, імпарт (612 млн. дол., 1998) машын і трансп. абсталявання, нафтапрадуктаў, харч. вырабаў, хімікатаў. Гал. гандл. партнёры: Аўстралія, Новая Зеландыя, Японія, ЗША, дзяржавы Акіяніі. Краіна атрымлівае фін. дапамогу ад Аўстраліі, Японіі, Новай Зеландыі, Еўрап. фонду развіцця, ААН і інш. Грашовая адзінка — фіджыйскі долар.

Гісторыя. Ф. заселены меланезійцамі ў 2-м тыс. да н.э. Першым з еўрапейцаў Ф. наведаў у 1643 галандскі мараплавец А.Я.Тасман, у 1774 іх даследаваў англ. мараплавец Дж.Кук. У 1835 тут з’явіліся амер. місіянеры-метадысты, пры падтрымцы якіх правадыр в-ва Мбаў — Какамбаў аб’яднаў увесь архіпелаг і ў 1857 абвясціў сябе каралём Ф. У 1874 англічане прымусілі яго прызнаць брыт. пратэктарат над Ф. Для працы на плантацыях цукр. трыснягу пачаўся масавы ўвоз насельніцтва з Індыі, якое да 1950-х г. складала больш за палавіну насельніцтва Ф. 10.10.1970 абвешчана незалежнасць Ф. ў складзе Садружнасці і прынята канстытуцыя. Да нашага часу вострай унутрыпаліт. праблемай Ф. застаюцца адносіны паміж індусамі і карэннымі фіджыйцамі. Перамога інд. партый на выбарах 1987 прывяла да 2 ваен. пераваротаў, у выніку якіх 1.10.1987 Ф. абвешчаны рэспублікай і выйшлі з Садружнасці (адноўлены ў 1997); шмат індусаў выехала з краіны. Канстытуцыя 1990 замацавала за карэннымі фіджыйцамі большасць у парламенце. З 1998 дзейнічаюць новыя папраўкі да канстытуцыі, якія павялічылі норму этн. прадстаўніцтва індусаў у парламенце. На Ф. дзейнічаюць паліт. партыі: Фіджыйская паліт. партыя, Усеагульная партыя выбаршчыкаў, Нац. федэратыўная партыя. Ф. — чл. ААН (з 1970), Садружнасці.

Літ.:

Малаховский К.В. Под южным крестом. М., 1974.

Герб і сцяг Фіджы.
Да арт. Фіджы. Панарама г. Сува.

т. 16, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІГЕ́РЫЯ (Nigeria),

Федэратыўная Рэспубліка Нігерыя (Federal Republic of Nigeria), дзяржава ў Зах. Афрыцы. Мяжуе на З з Бенінам, на Пн з Нігерам, на ПнУ (па воз. Чад) з Чадам, на У з Камерунам. На Пд абмываецца Гвінейскім зал. Атлантычнага ак. Пл. 923,8 тыс. км². Нас. 113,8 млн. чал. (1999). Дзярж. мова — англійская, шырока распаўсюджаны мовы хаўса і фульбе (на Пн), іоруба і ігба (на Пд). Сталіца — г. Абуджа; былая сталіца і гал. эканам. цэнтр — г. Лагас. Краіна падзяляецца на 30 штатаў і сталічную акругу. Нац. свята — Дзень незалежнасці (1 кастр.).

Дзяржаўны лад. Н. — федэратыўная рэспубліка. Член брыт. Садружнасці. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца на ўсеагульных выбарах. Вышэйшы орган дзярж. улады — Савет нац. абароны і бяспекі, які складаецца з прэзідэнта, віцэ-прэзідэнта, правадыроў плямён, старшыні Часовага савета і некалькіх яго членаў. Заканад. орган — двухпалатны парламент (Палата прадстаўнікоў і Сенат), які выбіраецца на ўсеагульных выбарах. Выканаўчая ўлада належыць Часоваму савету (ураду), яго члены выбіраюць старшыню, які выконвае функцыі прэм’ер-міністра.

Прырода. Большая ч. паверхні — пласкагор’е выш. 400—600 м. У цэнтры — плато Джос (да 1690 м). На У, каля мяжы з Камерунам, горы Мандара, Шэбшы (да 2040 м), частка плато Баменда. Уздоўж Гвінейскага зал. — прыморская алювіяльная нізіна (шыр. 40—100 км) з вял. дэльтай Нігера. Карысныя выкапні: нафта (агульныя запасы 7,2 млрд. т, 12-е месца ў свеце), прыродны газ (2,6 трлн. м³), каменны і буры вугаль, руды волава, жалеза, вальфраму, ніобію, танталу, тытану, урану, свінцу, цынку. Ёсць кухонная соль, фасфаты, шматлікія буд. матэрыялы. Клімат на Пн экватарыяльна-мусонны з дажджлівым летам і сухой зімой; сярэдняя т-ра ў крас. — маі 25—32 °C, у снеж. — студз. 20—25 °C, ападкаў ад 500 да 1500 мм. На прыбярэжнай нізіне клімат экватарыяльны, вельмі вільготны; сярэднія месячныя т-ры ўвесь год ад 24 °C да 28 °C, ападкаў ад 2000 да 4000 мм. Гал. р. Нігер з найб. прытокам р. Бенуэ. На ПнУ частка воз. Чад. Пад лесам і хмызнякамі 12% тэр. На Пн паўпустыня і сухая саванна, у сярэдняй ч. — тыповая саванна з баабабамі, акацыямі і хмызнякамі, на Пд ад яе — галерэйныя і паркавыя лясы. На ўзбярэжжы вільготныя трапічныя лясы з каштоўнымі пародамі дрэў. У лясах зберагліся малпы, насарогі, сланы, у рэках — гіпапатамы і кракадзілы, у саваннах — жырафы, антылопы, ільвы, гіены. Шмат птушак, змей, насякомых. Рэзерваты Боргу і Янкары.

Насельніцтва. Н. — шматнацыянальная краіна. Пражывае каля 260 плямён і народнасцей, 19 самых вялікіх налічваюць больш як па 1 млн. чал. Найб. народы (разам з блізкімі па мове): на ПдЗ іоруба (каля 26 млн. чал.) і ігба (каля 21 млн. чал.), на Пн фульбе (каля 23 млн. чал.), усе ўваходзяць у нігера-кардафанскую моўную сям’ю; на Пн хаўса (каля 30 млн. чал.), якія ўваходзяць у афразійскую моўную сям’ю. У гарадах невял. групы еўрапейцаў (каля 30 тыс. чал.), амерыканцаў ЗША, арабаў. Сярод вернікаў 50% — мусульмане (пераважна на Пн), 40% — хрысціяне (пераважна на Пд), 10% — прыхільнікі мясцовых рэліг. культаў. Сярэднегадавы прырост насельніцтва каля 3%. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 123,2 чал. на 1 км². Найб. шчыльна заселены паўд. раёны (500 чал. на 1 км² і больш). Рэдка населена поўнач — месцамі 10—20 чал. на 1 км². Гар. насельніцтва 40%. Найб. гарады (тыс. ж. з прыгарадамі, 1998): Лагас — 10 287, Ібадан — каля 4000. У 26 гарадах ад 200 тыс. да 1 млн. ж. У сельскай гаспадарцы занята 54% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці, гандлі, абслуговых галінах — 19%, у кіраванні — 15%.

Гісторыя. У неаліце на тэр. Н. жылі шматлікія плямёны паляўнічых і збіральнікаў. Рэшткі першай развітой культуры — Нок, носьбіты якой умелі апрацоўваць жалеза, адносяцца да 5 ст. да н.э. — 3 ст. н.э. У канцы 1-га тыс. н.э. на Пн узніклі гарады-дзяржавы народа хаўса (Замфара, Зарыя, Габір, Кана, Кацына і інш.). З 11 ст. тут пашырыўся іслам. Караванны гандаль праз Сахару спрыяў развіццю дзяржаў хаўса, якія дасягнулі росквіту ў 16—18 ст. У пач. 19 ст. яны ўвайшлі ў склад халіфата Сакота. З канца 1-га тыс. н.э. на ПдЗ Н. існавалі дзяржавы народа іоруба, найбольшай з якіх у 17—18 ст. была Ойо. У ніжнім цячэнні р. Нігер існавала дзяржава Бенін. Паўн.-ўсх. частка Н. ўваходзіла ў склад Канем-Борну. Народ ігба (іба) жыў вял. абшчынамі, якімі кіравалі саветы старэйшын. Першыя еўрапейцы (партугальцы) з’явіліся на тэр. Н. ў 1472. У 16—19 ст. прыбярэжныя гарады Н. сталі цэнтрамі гандлю рабамі. У 1861 англічане захапілі г. Лагас. У 1885 яны стварылі пратэктарат Ойл-рыверс (з 1893 Пратэктарат нігерскага ўзбярэжжа); у 1900 — пратэктараты Паўн. і Паўд. Н., якія 1.1.1914 аб’яднаны ў Калонію і пратэктарат Н. Брыт. ўлады ўсталявалі сістэму т.зв. «ўскоснага кіравання», пры якой непасрэдная ўлада на месцах захоўвалася ў афр. правадыроў. Н. ператварылася ў сыравінную базу Вялікабрытаніі. З фарміраваннем мясц. буржуазіі і інтэлігенцыі ўзмацнілася антыкалан. барацьба, адбыўся шэраг паўстанняў (1914—18, 1929 і інш.). У 1922 Г.​Маколей стварыў першую афр. паліт. партыю — Нігерыйскую нац.-дэмакр. партыю. У 1944 створаны Нац. савет Н. і Камеруна (з 1962 Нац. савет нігерыйскіх грамадзян, НСНГ), старшынёй якога абраны Маколей, ген. сакратаром — Н.​Азіківе. У выніку рэформы 1947 Н. падзелены на Паўн., Зах. і Усх. вобласці, у якіх адпаведна дамінавалі народы хаўса, іоруба і ігба. У 1951 створаны Паўн. нар. кангрэс (ПНК) на чале з А.​Бела і Група дзеяння (ГД) на чале з А.​Авалова.

1.10.1960 абвешчана незалежнасць Н. Уладу ажыццяўляў кааліцыйны ўрад ПНК—ГД на чале з А.​Т.​Балева. Распад кааліцыі ў 1964 прывёў да міжнар. сутыкненняў. У студз. 1966 адбыўся дзярж. пераварот. Ваен. кіраўнік Дж.Т.​У.​Іронсі абвясціў у маі 1966 аб пераўтварэнні Н. ва унітарную дзяржаву. У ліп. 1966 Іронсі забіты. Новы ваен. ўрад Я.​Гавона вярнуўся да федэратыўнай сістэмы. Пагромы ігба на Пн Н. ўзмацнілі сепаратысцкія настроі. У маі 1967 ваен. губернатар Усх. вобл. А.​Аджукву абвясціў яе незалежнай дзяржавай Біяфра. У ліп. 1967 пачалася вайна паміж сепаратыстамі і цэнтр. урадам, у якой загінула больш за 1 млн. чал. 15.1.1970 войскі Біяфры капітулявалі. У 1975 Гавон скінуты ген. М.​Мухамедам. Пасля забойства Мухамеда ў 1976 ваен. кіраўнік А.​Абасанджа перадаў уладу дэмакр. выбранаму прэзідэнту А.​Ш.​Шагары (скінуты ваеннымі 31.12.1983). У пач. 1990-х г. пачалася дэмакратызацыя грамадскага жыцця, але пасля перамогі на прэзідэнцкіх выбарах 1993 лідэра апазіцыі М.​Абіёлы ваен. ўлады анулявалі яе вынікі. У краіне быў усталяваны жорсткі аўтарытарны рэжым ген. С.​Абачы і Н. апынулася ў міжнар. ізаляцыі. Пасля смерці Абачы (чэрв. 1998) ваен. кіраўніцтва было вымушана правесці ў лют. 1999 дэмакр. выбары, на якіх прэзідэнтам выбраны прадстаўнік Нар. дэмакр. партыі Абасанджа. Яго ўрад абвясціў праграму шырокіх пераўтварэнняў. У Н. дзейнічаюць паліт. партыі: Нар. дэмакр. партыя, Усенар. партыя, Дэмакр. альянс. Н. — чл. ААН (з 1960), Арг-цыі афр. адзінства. Дыпламат. адносіны паміж Н. і Рэспублікай Беларусь усталяваны ў жн. 1992.

Гаспадарка. Н. — агр. краіна з развітой нафтаздабыўной прам-сцю. Валавы ўнутр. прадукт на 1 чал. — каля 1270 дол. за год. Удзельная вага прам-сці (разам з буд-вам) у агульнай прадукцыі 42%, сельскай гаспадаркі 33%, абслуговых галін 25%. Аснова прамысловасці — нафтаздабыўная галіна. Штогод здабываюць каля 75 млн. т нафты (дэльта Нігера, шэльф Гвінейскага зал.). Здабычу вядуць кампаніі са змешаным капіталам. Ёсць Нац. нафтавая кампанія. Здабываюцца прыродны газ (пераважна спадарожны), каменны вугаль, руды волава (каля 5% сусв. здабычы), ніобію, танталу, вальфраму, торыю, жалеза, золата; буд. матэрыялы. Выпрацоўка электраэнергіі 13,8 млрд. кВт∙гадз (1996); 61% даюць ЦЭС (у найб. гарадах на Пд), 39% — ГЭС (гал. — Каінджы і Джэба на Нігеры). З галін апрацоўчай прам-сці найб. развіты харч. і харчасмакавая, тэкстыльная. Пашырана вытв-сць алею (пальмавага, арахісавага, бавоўнавага), перапрацоўка какавы, вытв-сць цукру, піва, безалкагольных напіткаў, сокаў, мясных, фруктовых і агароднінных кансерваў, мяса-малочнай прадукцыі. З перапрацоўкай пальмавых ядраў і арахісу звязана мылаварная прам-сць (Ілобу, Аба). Перапрацоўка какавы (Лагас, Адо, Ілеша, Іфе), арэхаў кола (Абеокута). Дзейнічаюць 50 піваварных і 20 мукамольных з-даў. Цукр. з-ды выпускаюць каля 300 тыс. т цукру штогод. Есць прадпрыемствы тытунёвай прам-сці (Ілорын, Ашогба). Тэкст. прам-сць прадстаўлена камбінатам у г. Кана, ф-камі ў Лагасе, Адо, Аніча, Кадуне, вытв-сцю трыкатажу ў Аба і Энугу, швейных вырабаў у Лагасе і Кадуне, сінт. дываноў у г. Бенін-Сіці. Асн. цэнтры гарбарна-абутковай прам-сці — Лагас, Кадуна, Кана. Н. мае 4 нафтаперапр. з-ды (асн. цэнтры — Лагас і Порт-Харкарт). Працуюць нафтахім. з-ды ў Элес-Элеме, Вары, Кадуне (агульная магутнасць 11 млн. т), прадпрыемствы па вытв-сці звадкаванага газу, прапілену, сажы, этылену, вадкага кіслароду, вуглякіслага газу, лакаў і фарбаў, натур. каўчуку, вытв-сці аўтамаб. і веласіпедных шын. фармацэўтычнай прадукцыі, парфумерыі, суперфасфатных і азотных угнаенняў, сернай кіслаты. Чорная металургія прадстаўлена камбінатамі ў Аджаакуце (магутнасць 1,5 млн. т за год) і Алоджы (1 млн. т); сталепракатныя прадпрыемствы ў Джосе, Кацыне, Ашогба (агульная магутнасць 630 тыс. т). З прадпрыемстваў каляровай металургіі найб. волаваплавільны з-д (Джос). Машынабудаванне прадстаўлена аўтазборачнымі прадпрыемствамі (за год 100 тыс. легкавых і 20 тыс. грузавых аўтамашын), вытв-сцю прычэпаў, матацыклаў, веласіпедаў, трактароў. Ёсць прадпрыемствы па вытв-сці гандл. абсталявання, быт. тэхнікі, па буд-ве і рамонце суднаў (Лагас, Ібадан, Кадуна, Кана), больш за 400 прадпрыемстваў па дрэваапрацоўцы, у т. л. лесапільна-фанерны з-д у Сапеле, папяровая ф-ка ў г. Джэба (магутнасць 100 тыс. т паперы за год), ф-ка газетнай паперы ў Ока-Ібоку, цэлюлозна-папяровы камбінат у Онда, прадпрыемствы мэблевай прам-сці, буд. матэрыялаў і інш. Разнастайныя саматужныя рамёствы (кавальскае, разьбярства па метале, слановай косці, дрэве, вырабы з бронзы, серабра, вытв-сць тканін, посуду, мэблі, ганчарных вырабаў, апрацоўка скур і інш.). Сельская гаспадарка не забяспечвае патрэб краіны. Пад ворывам і шматгадовымі насаджэннямі каля 30 млн. га, пад пашай каля 40 млн. га, арашаецца каля 1 млн. га. Захавалася абшчыннае землекарыстанне, на Пн — феад. перажыткі. Аснова земляробства на Пн і ў сярэдняй ч. краіны — вырошчванне на ўласныя патрэбы кукурузы, проса, сорга, рысу; збор збожжа каля 20—22 млн. т штогод, на ўзбярэжжы — пераважна батату, маніёку, бабовых. Гал. экспартныя культуры: алейная пальма (дэльта Нігера і суседнія раёны), какава і каўчуканосы (зах. ч. ўзбярэжжа), арахіс і бавоўна (Пн), меншае значэнне маюць какосавая пальма, дрэва кола, цукр. трыснёг, тытунь. Штогод атрымліваюць каля 700 тыс. т пальмавага алею (50% сусв. вытв-сці), каля 200 тыс. т какавы-зярнят (10% сусв. вытв-сці), каля 100 тыс. т натуральнага каўчуку. Жывёлагадоўля развіта на Пн краіны, дзе няма мухі цэцэ. Пагалоўе (млн. галоў, 1997): буйн. раг. жывёлы — 19,6, коз — 24,5, авечак — 14, свіней — 7,6, свойскай птушкі — 126. Марское, рачное і азёрнае рыбалоўства. Транспарт чыг., аўтамаб., унутр. водны, марскі. Даўж. (1997) чыгунак 3557 км, аўтадарог 51 тыс. км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 26 тыс. км, унутр. водных шляхоў 8575 км; нафтаправодаў 2042 км, прадуктаправодаў 3000 км, газаправодаў 500 км. Гал. парты: марскія Лагас, Порт-Харкарт, Калабар, рачны Аніча. У 1998 экспарт склаў 9.7 млрд. дол., імпарт — 9,8 млрд. дол. У экспарце пераважаюць нафта і нафтапрадукты (95% кошту), какава, каўчук, ядры пальмавых арэхаў; у імпарце — машыны і абсталяванне, хімікаты, тавары шырокага попыту, збожжа і жывёла. Гал. гандл. партнёры: ЗША (35% экспарту, 14% імпарту), Францыя (6 і 8%), Іспанія (11% экспарту), Вялікабрытанія (11% імпарту), Германія (10% імпарту). Грашовая адзінка — наіра.

Ахова здароўя. Сістэма аховы здароўя ўключае дзярж. мерапрыемствы па забеспячэнні насельніцтва мед. паслугамі, але значную долю займае прыватная практыка. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 53, жанчын 54 гады (1999). Узровень нараджальнасці — 42 на 1 тыс. чал. Смяротнасць — 13 на 1 тыс. чал. Натуральны прырост 3%. Забяспечанасць бальнічнымі ложкамі — 1 на 1070 чал., урачамі — 1 на 4496. Дзіцячая смяротнасць — 69 на 1 тыс. нованароджаных (1999).

Літаратура Н. цесна звязана з вуснай нар. творчасцю. Развіваецца на мовах народаў іоруба, ігба, хаўса і інш., вядучае месца займае агульнанігерыйская л-ра на англ. мове. У канцы 19 — пач. 20 ст. пад уплывам вызв. руху ўзнікла публіцыстыка. У 1920—40-я г. зарадзіліся грамадз. паэзія (Д.​Асадэбай) і драматургія (Х.​Агундэ). Этапам у развіцці прозы стала лубачная літаратура. У 1950-я г. вядомасць набылі аповесці А.​Тутуолы, звязаныя з казачным эпасам народа іоруба і адметныя займальнасцю сюжэтаў і гратэскавасцю. Першы нігерыйскі раман — «Людзі горада» С.​Эквензі. Для л-ры 1960-х г. характэрна інтэнсіўнае асваенне новых для афр. л-р жанраў, найперш рамана, і тэм (А.​Нзекву, Э.​Амадзі, Т.​Алука, О.​Эгбуна). Гал. тэндэнцыя развіцця прозы — станаўленне крытычнага рэалізму: трылогія «І прыйшло разбурэнне», «Спакою больш няма», «Страла бога» Ч.​Ачэбе, раманы «Інтэрпрэтатары» і «Час і беззаконнасць» В.Шайінкі, аповесць «Голас» Г.​Акары. Сац. тэматыку распрацоўвалі Эквензі і Дж.​Муноні. Для пісьменнікаў 1970—80-х г. (К.​Аматоса, О.​Мезу) характэрна імкненне ўзбагаціць англ. мову элементамі афр. моў. Наватарскімі пошукамі адметныя раманы Акары, Шайінкі. У паэзіі і драматургіі вызначальным стала спалучэнне традыцый нар.-песеннай афр. творчасці і сусв. англамоўнай паэзіі (Дж.​П.​Кларк, К.​Акігба). У пач. 1960-х г. створана Асацыяцыя афр. пісьменнікаў.

Архітэктура. У зоне трапічных лясоў на ПдЗ і ПдУ са старажытнасці будуюцца прамавугольныя ў плане жытлы з глінянымі ці плятнёвымі сценамі, разнымі аканіцамі і 2-схільным пакрыццём з саломы і пальмавага лісця. У народаў ігба і іоруба глінабітныя жылыя дамы і гасп. пабудовы з глухімі сценамі размяшчаюцца па перыметры прамавугольнага двара, абкружанага галерэямі. Драўляныя слупы галерэй, дзверы і панэлі фасада аздабляюцца разнымі выявамі сімвалічных фігур і жывёл або геам. арнаментам. У цэнтр. частцы Н. пераважаюць круглыя гліняныя пабудовы з канічным саламяным дахам. У 8—10 ст. узніклі гандл. гарады, абкружаныя глінабітнымі сценамі даўж. да 15 км са шматлікімі брамамі. Звілістыя вузкія вуліцы забудоўваліся 1—2-павярховымі дамамі з гліны ці сырцу з плоскім або купальным пакрыццём. Фасады ўпрыгожваліся рэльефным арнаментам, блізкім да арабескі (палац Гідан Румфа ў Кана; 15 ст.), або праразным узорам з афарбоўкай (імітацыя каменнай муроўкі, раслінныя матывы). З прыходам ісламу з’явіліся мячэці — прамавугольныя, на гліняных слупах, часам без мінарэта, з ціснёным арнаментам на фасадах. У канцы 19 ст. рэпатрыянты з Бразіліі ўнеслі ў архітэктуру гарадоў паўд. Н. элементы лац.-амер. барока: франтоны з завіткамі, балюстрады, узорыстыя жал. рашоткі, геральдычную скульптуру. У 1930-я г. пад уплывам еўрап. архітэктуры з’явіліся цэрквы пераважна ў стылі неаготыкі, 2—3-павярховыя дамы з жал. дахам і мансардамі. З 1960-х г. узводзяцца шматпавярховыя грамадскія будынкі з арміраванага бетону на стальным каркасе з выкарыстаннем сонцаахоўных рэбраў, казыркоў, рашотак, нац. элементаў (пераважна паводле праектаў англ. архітэктараў; будынкі Вярх. суда ў Кадуне, Нац. палац, Дом радыё, банк у Лагасе, Універсітэцкі гарадок у Ібадане і інш.). Працуюць нігерыйскія архітэктары, якія атрымалі адукацыю ў Еўропе, а таксама на арх. ф-тах тэхнал. каледжа ў Лагасе, ун-таў у Нсуке і Зарыі.

Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Стараж. помнікі выяўл. мастацтва (тэракотавая пластыка) на тэр. Н. адносяцца да культуры Нок (каля 900 да н.э. — 2 ст. н.э.). На мяжы н.э. выраблялі бронз. чалавечыя фігуры ў раёнах Джэбе і Тадзе. У 12—17 ст. росквіту дасягнула скульптура Беніна, Іфе, якой уласцівы тонкая мадэліроўка форм. Са стараж. часоў у многіх народаў Н. бытуе дробная драўляная пластыка (выявы людзей, жывёл). Паліхромныя чалавечыя фігуркі адметныя гратэскнасцю, падкрэсленай экспрэсіўнасцю, заснаванай на дыспрапорцыі форм. Пашыраны драўляныя рытуальныя маскі (цяпер выкарыстоўваюцца для карнавалаў). Развіццю прафес. мастацтва ў 1920—60-я г. садзейнічаў мастак еўрап. акад. кірунку А.​Анаболу. Значную ролю ў фарміраванні новага мастацтва Н. адыгралі скульптары Ідах, Ф.​Ідэхен, Ф.​Ідубар, Д.​Нвока, І.​Ае, Б.​Энвонву, якія прыўнеслі нац. традыцыі ў сучасную скульптуру. Сярод рэаліст. жывапісцаў Энвонву, элементы традыц. мастацтва ўласцівы творам У.​Эгону, пошукі выяўл. і каларыстычных сродкаў — Ю.​Грыло, Дж.​Акола, А.​Эконгу. Да манум. жывапісу звяртаюцца Р.​Агундэле, Дж.​Бураймах, Б.​Анабракпае і інш., мазаікі — І.​Адэемі, дызайну — А.​Ласекан, тэатр.-дэкарацыйнага мастацтва — Нвока. Сярод нар. рамёстваў — выраб розных табурэтаў, бранзалетаў, арнаментаваных пасудзін з гарбуза — калебасаў, набіўных і вышытых тканін, ганчарных, шкляных і скураных пасудзін.

Літ.:

История Нигерии в новое и новейшее время. М., 1981;

Обасанджо О. Нигерия в огне: Гражданская война в Нигерии 1967—1970 гг.: Пер. с англ. М., 1984;

Чемоданова Е.Г. Нигерия и страны «третьего мира»: Новое в стратегии полит. сотрудничества. М., 1993. Вавилов В.Н. Проза Нигерии. М., 1973;

Современные литературы Африки. М., 1973.

І.​В.​Загарэц (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.​І.​Сініца (гісторыя), Г.​М.​Малей (літаратура).

Герб і сцяг Нігерыі.
Да арт. Нігерыя. Астанцы на плато Джос. Саванна ў вільготны перыяд.
Да арт. Нігерыя. Піраміды з мяхоў арахісу, прыгатаванага для экспарту.
Да арт. Нігерыя. ГЭС Каінджы на р. Нігер.

т. 11, с. 313

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУРУ́НДЗІ (Burundi),

Рэспубліка Бурундзі (République du Burundi), дзяржава ва Усх. Афрыцы. Мяжуе на Пн з Руандай, на У і Пд з Танзаніяй, на З з Заірам, на ПдЗ абмываецца водамі воз. Танганьіка. Падзяляецца на 15 правінцый. Пл. 27,8 тыс. км². Нас. 6,026 млн. чал. (1993). Сталіца — г. Бужумбура. Афіц. мова кірундзі і франц., пашырана мова суахілі. Нац. свята — Дзень незалежнасці (1 ліп.).

Дзяржаўны лад. Бурундзі — рэспубліка. Паводле канстытуцыі 1992 кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца ўсеагульным галасаваннем тэрмінам на 5 гадоў. Заканадаўчую ўладу ажыццяўляе аднапалатны парламент (Нац. асамблея), выканаўчую — урад на чале з прэм’ер-міністрам, які фарміруе прэзідэнт.

Прырода. Амаль уся краіна занята пласкагор’ем (выш. 1500—200 м), падзеленым некалькімі глыбокімі далінамі, складзеным гал. ч. з дакембрыйскіх крышт. і метамарфічных парод. Зах. край яго — мерыдыянальны хрыбет выш. 2000—2600 м. Асобныя невысокія горы ёсць на У. На крайнім З тэр. Бурундзі ўваходзіць ва Усх.-Афр. рыфтавую зону. Карысныя выкапні: золата, уран, волава, кобальт, медзь, вальфрам, берыліевая руда, касітэрыт, торф і інш. Клімат субэкватарыяльны, умерана вільготны, акрамя сухога сезона (чэрв.—вер.), у паніжаных раёнах гарачы (у Бужумбуры на выш. каля 780—800 м над узр. м. сярэднямесячныя т-ры паветра 23—25 °C), на выш. 1500—2000 м (б. ч. краіны) умерана цёплы (сярэднямесячныя т-ры паветра 15—20 ºС). Ападкаў ад 800—1000 мм да 1400—1600 мм за год. Больш як палавіна тэр. краіны належыць да бас. вытокаў р. Ніл (рэкі Рувуву і Аканьяру), на З рэкі ўпадаюць у воз. Танганьіка (бас. р. Конга). Прыродныя трапічныя лясы амаль усе вынішчаны (займаюць 2% тэр.), пераважаюць паўторныя саванны і культ. расліннасць. Нац. паркі: Ківіра, Рузізі, Рувуву; некалькі рэзерватаў.

Насельніцтва. Больш за 98% складае народнасць барундзі, належыць да групы паўн. банту. Этнасацыяльна яна падзяляецца на групы жывёлаводаў-тутсі (каля 14%), земляробаў-хуту (каля 85%) і пігмеяў-тва (каля 1%). Жывуць таксама еўрапейцы (пераважна бельгійцы), выхадцы з Паўд. Азіі (у асн. індыйцы). Каля 67% вернікаў — хрысціяне, у т. л. 62% католікаў, 5% пратэстантаў, 32% прытрымліваюцца мясц. традыц. вераванняў, ёсць мусульмане (каля 1%). Сярэдняя шчыльнасць насельніцтва адна з самых высокіх у Афрыцы — 216,8 чал. на 1 км². У гарадах жыве каля 15% насельніцтва. Найб. з іх (1993, тыс. ж.): Бужумбура — 300, Гітэга — 101,8, Муінга — 79,3, Нгозі — 74,2.

Гісторыя. Тэр. Бурундзі заселена чалавекам у эпоху палеаліту. У пач. 1-га тыс. н.э. тут з’явіліся земляробчыя бантумоўныя плямёны хуту, у 12—13 ст. — качэўнікі-жывёлаводы тутсі. Заснаваная ў 17 ст. тутсі-бурундзійская дзяржава на чале з мвамі (каралём) пасля заключэння Гельгаландскага дагавора 1890 паміж Германіяй і Вялікабрытаніяй аб падзеле сфер уплыву ва Усх. Афрыцы стала аб’ектам герм. каланізацыі. Разам з суседняй Руандай Бурундзі, кароль якой супраціўляўся каланізацыі да 1903, у 1908—12 аб’яднаны ў адзіную калан. тэр. пад назвай Руанда-Урундзі. Апошняя ў 1-ю сусв. вайну акупіравана войскамі Бельгіі (1916), у 1923 паводле рашэння Лігі Нацый перададзена ёй у падмандатнае кіраванне, у 1946 прызнана ААН падапечнай тэр. Бельгіі. З канца 1950-х г. узмацніўся нац.-вызв. рух бурундзійцаў, якім кіравала Партыя адзінства і нац. прагрэсу на чале з Л.​Рвагасорэ (забіты ў 1961). 27.6.1962 спец. сесія ААН ліквідавала бельг. апеку над Руанда-Урундзі. 1.7.1962 абвешчана незалежнасць Каралеўства Бурундзі. Пасля ваен. перавароту 1966, які прывёў да звяржэння манархіі і ўстанаўлення рэспублікі, краінай кіравалі ваенныя (перавароты 1976, 1987). Паліт. і сац. нераўнапраўе этнічна пераважных хугу ў параўнанні з кіруючай меншасцю тутсі выклікала крывавыя сутыкненні паміж імі (1972, 1988). У 1991 прэзідэнт маёр П.​Буёя распачаў працэс дэмакратызацыі краіны. У 1993 прэзідэнтам рэспублікі ўпершыню выбраны хуту М.​Ндадзье (забіты афіцэрамі-тутсі ў кастр. 1993). Этн. канфлікты спарадзілі праблему бежанцаў (каля 700 тыс. чал. у 1994). З 1994 прэзідэнт рэспублікі хуту С.​Нтыбантунганья, кіраўнік урада тутсі А.​Ндуваё. У выніку перавароту 1996 кіраўніком дзяржавы зноў стаў П.​Буёя. Дзейнічаюць Фронт за дэмакратыю ў Бурундзі, Партыя адзінства за нац. прагрэс, Партыя народа, Аб’яднанне за дэмакратыю і сац.-эканам. развіццё, Канфедэрацыя свабодных прафсаюзаў Бурундзі і інш. Бурундзі — член ААН з 1962, Арг-цыі афр. адзінства і інш.

Гаспадарка. Аснова эканомікі — сельская гаспадарка, у якой занята 93% насельніцтва (у прам-сці і гандлі 1,5%). Апрацоўваецца 43% тэр. краіны, у т. л. 2,6% арашаецца, пад лугамі і пашай 35%. Пераважае матычнае земляробства. Вырошчваюць бананы, маніёк, батат, бульбу, фасолю, кукурузу, сорга, проса, рыс, арахіс, тытунь. Пасадкі алейнай пальмы. Гал. экспартныя прадукты: высакаякасная кава гатунку арабіка (збор 30—45 тыс. т штогод), бавоўна (6—7 тыс. т), чай (2—3 тыс. т), кара хіннага дрэва. Жывёлагадоўля экстэнсіўнага кірунку, адсталая. Гадуюць буйн. раг. жывёлу — каля 1 млн. галоў (1990), авечак, козаў. Рыбалоўства ў воз. Танганьіка (каля 10 тыс. т штогод). У прам-сці пераважаюць прадпрыемствы па перапрацоўцы с.-г. сыравіны (кавы, чаю, бавоўны, рысу і інш.). Прадпрыемствы: піваварныя, безалкагольных напіткаў, цукр., малочныя, мукамольныя, алейныя, мылаварныя, гарбарныя; цэментныя, цагельныя, лесапільныя з-ды, тэкст., сеткавязальная, коўдравая і абутковая ф-кі. Дробныя ЦЭС і ГЭС, б.ч. электраэнергіі Бурундзі атрымлівае з Заіра. Невял. здабыча золата, алавянай і танталаніобіевых руд. Традыц. рамёствы. Транспарт пераважна аўтамабільны. Даўж. аўтадарог 5,9 тыс. км, у т. л. 400 км з цвёрдым пакрыццём. Знешні гандаль ідзе пераважна па воз. Танганьіка паміж партамі Бужумбура і Кігома (Танзанія). 5 аэрапортаў, у т. л. міжнар. ў Бужумбуры. Экспарт: кава (больш за 80% па кошце), бавоўна, чай, скуры. Імпарт: прамысл., харч. і спажывецкія тавары, нафтапрадукты. Асн. гандл. партнёры: ЗША, Бельгія, ФРГ, Японія. Некат. ролю ў гандл. балансе краіны адыгрываюць грашовыя пераводы бурундзійцаў, якія працуюць у суседніх краінах, найб. у горнай прам-сці Заіра. Грашовая адзінка — бурундзійскі франк.

Літ.:

Соколова Р.Б. Республика Бурунди: Справ. М., 1992.

І.​В.​Загарэц (прырода, гаспадарка), У.​Я.​Калаткоў (гісторыя).

Герб і сцяг Бурундзі.
Да арт. Бурундзі. Горы на ўсходзе краіны.

т. 3, с. 353

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМА́Н, Султанат Аман,

дзяржава на Б. Усходзе, займае паўд.-ўсх. ч. Аравійскага п-ва. Тэр. дзяржавы выцягнутая з ПдЗ на ПнУ на 940 км. Абмываецца водамі Аравійскага м. Мяжуе з Йеменам, Саудаўскай Аравіяй і Аб’яднанымі Арабскімі Эміратамі; граніцы на З праходзяць па пустыні і выразна не акрэслены. Абсалютная манархія. У адм. адносінах падзяляецца на 6 раёнаў і 59 губернатарстваў. Пл. 212,4 тыс. км. Нас. 1,9 млн. чал. (1994). Афіц. мова арабская, дзярж. рэлігія іслам. Сталіца — г. Маскат. Нац. свята — Дзень нараджэння султана Кабуса (18 ліст.).

Прырода. Тэр. Амана займае ўскраіну плато Аравійскага п-ва з гарамі Хаджар (найвыш. пункт краіны г. Шам, 3353 м) на ПнУ. На ПдЗ плато Дафар з гарамі Кара. Уздоўж Аманскага заліва вузкая (40—50 км) прыбярэжная нізіна Эль-Батына. У цэнтры — усх. ўскраіна пустыні Руб-эль-Халі. Карысныя выкапні: нафта (запасы 575 млн. т), прыродны газ (283 млрд. м³), медная (20 млн. т) і хромавая (2 млн. т) руды; ёсць каменны вугаль, вапняк, мармур, падземныя воды, невял. запасы свінцу, золата, серабра. Клімат трапічны, гарачы і сухі. Сярэдняя т-ра паветра ў студз. каля 21 °C, у ліп. 32 °C. Ападкаў на раўнінах каля 125 мм, у гарах да 500 мм за год, выпадаюць пераважна летам. Пастаянных рэк няма, ёсць вадзі. Пераважае пустынная і паўпустынная расліннасць, у гарах участкі саваннаў, лістападных трапічных лясоў. У аазісах фінікавыя і какосавыя пальмы, аліўкавыя дрэвы. Сярод жывёл — газелі, ліс, шакал, зайцы, тушканчыкі, яшчаркі, змеі.

Насельніцтва. Больш як 90% арабы, жывуць таксама персы, індусы, выхадцы з Усх. Афрыкі. Большая палавіна насельніцтва аселая, сканцэнтравана ў Эль-Батына і вакол Маската, ва ўнутр. раёнах і на ПдЗ — качавое і паўкачавое. Шчыльнасць 8,9 чал. на 1 км². Пераважае сельскае насельніцтва (каля 89%). Найб. гарады: Маскат, Эль-Матрах, Эс-Сахар, Назва, Салала.

Гісторыя. Ёсць звесткі, што ў 4—3-м тыс. да н.э. насельніцтва на тэр. Амана мела флот і займалася пасрэдніцтвам у гандлі паміж краінамі бас. рэк Ніл, Тыгр, Еўфрат і Інд. У 7—11 ст. тэр. Амана некалькі разоў уключалася ў склад Арабскага халіфата. У сярэдзіне 8 ст. аманскія плямёны аб’ядналіся вакол імама, якому належала духоўная і свецкая ўлада. Незалежны імамат Амана з перапынкамі існаваў да канца 18 ст. У пач. 16 ст. прыбярэжнай ч. Амана завалодалі партугальцы, у 1730-я г. заваявалі персы. З 2-й пал. 18 ст. Аман — аб’ект барацьбы паміж Англіяй, Францыяй і вахабітамі. На пач. 19 ст. кантроль над паўд.-ўсх. ч. Аравійскага п-ва ўстанавіла Англія. Тэр. Амана была падзелена на імамат Амана, султанат Маскат і т.зв. Пірацкі бераг (з 1853 Аман Дагаворны). У 1891 над Маскатам устаноўлены брыт. пратэктарат. Імамат Амана заставаўся незалежны. Яго кіраўнікі выступалі за ліквідацыю залежнасці Маската ад Англіі і ўз’яднанне краіны, што прывяло да ўзбр. канфліктаў паміж абодвума бакамі. Паводле Сібскага дагавора 1920 англ. ўлады і султан Маската прызналі імамат Амана незалежнай дзяржавай. У 1955, парушыўшы дагавор, англа-маскацкія войскі ўвайшлі на тэр. Амана і да 1959 акупіравалі большую яго частку; правіцелем Амана стаў султан Маската Саід бен Тэймур. У выніку дзярж. перавароту з ліп. 1970 на чале Амана стаў султан Кабус бен Саід. Са жн. 1970 краіна мае назву Султанат Аман. У вер. 1971 Аман прыняты ў Лігу арабскіх краін, у кастр. — у ААН. Супрацоўнічае з ЗША, падтрымлівае цесныя сувязі з Вялікабрытаніяй. Аман быў пасрэднікам ва ўрэгуляванні ірана-іракскай вайны 1980—88, з’яўляецца прыхільнікам стварэння бяз’ядзерных зон у розных ч. свету. Выступае за захаванне на сучасным этапе замежных войскаў у Персідскім заліве. Мае пагадненне з ЗША аб ваен. супрацоўніцтве.

Гаспадарка. Аснова эканомікі — здабыча (38 млн. т., 1993) і экспарт (праз порт Міна-эль-Фахль каля Маската) нафты; дае каля 70% валавога ўнутр. прадукту (у 1992 ацэньваўся ў 10,4 млрд. амер. дол., штогадовы прырост да 13%) і больш за 90% паступленняў цвёрдай валюты. Гадавая магутнасць нафтаперапр. з-даў 3 млн. т. Разведку і здабычу нафты ажыццяўляюць змешаныя кампаніі (60% капіталаў ва ўрада Амана, 40% у зах.-еўрап. фірмаў). Прыродны газ (гадавая здабыча 2,8 млрд. м³) выкарыстоўваецца ў энергетыцы, працуюць з-ды па звадкаванні газу. Ёсць дзярж. прадпрыемствы: медзеплавільны з-д у г. Эс-Сахар, нафтаперапрацоўчы ў Маскаце, цэментны ў Русаі. Развіты рыбалоўства, буд. прам-сць, саматужныя промыслы (апрацоўка скур, прадзенне, ткацтва, вытв-сць ювелірных вырабаў, халоднай зброі, прадметаў хатняга ўжытку, перапрацоўка фінікаў). Сельская гаспадарка дае 3% валавога ўнутр. прадукту (у ёй занята 42% насельніцтва, разам з рыбалоўствам). Для земляробства прыдатныя 0,2% плошчы краіны, 4,7% пад пашай. Найб. асвоены Эль-Батына, прыбярэжная раўніна Дафара і вадзі ўнутр. раёнаў. Земляробства аазіснае, са штучным арашэннем. Гал. культура — фінікавая пальма (50% апрацаваных зямель). Вырошчваюць проса, кукурузу, ячмень, пшаніцу, траву альфу (ідзе на выраб паперы і тканін), гародніну, тытунь, лімоны, апельсіны, манга, бананы, вінаград, какосавыя арэхі. Увозіцца збожжа. Жывёлагадоўля экстэнсіўная. Бедуіны-качэўнікі гадуюць авечак, козаў, вярблюдаў. Асн. транспарт — марскі і аўтамабільны, сувязь з унутр. раёнамі — па караванных шляхах. Асн. парты Міна-Кабус, Райсут, Маскат, Эль-Матрах. Аўтамагістралі злучаюць Аман з Аб’яднанымі Арабскімі Эміратамі. Даўж. аўтадарог каля 23 тыс. км, нафтаправодаў 800 км, газаправодаў 350 км. Міжнар. аэрапорты ў Эс-Сіб (прыгарад Маската) і Салале. Экспарт (4,9 млрд. амер. дол., 1991) — пераважна нафта, імпарт (3 млрд. амер. дол., 1991) — машыны і трансп. сродкі, змазачныя матэрыялы, прадукты харчавання. Буйнейшыя гандл. партнёры: Вялікабрытанія, ЗША, Японія, ААЭ, Паўд. Карэя, Сінгапур. Грашовая адзінка — аманскі рыял.

М.​С.​Вайтовіч (прырода, гаспадарка), У.​С.​Кошалеў (гісторыя).

Герб і сцяг Амана.
Да арт. Аман. Вароты г. Маскат.

т. 1, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НА́РЫС,

эпічны жанр, які сінтэзуе заканамернасці навук. і маст. пазнання. Рэальны факт і вобраз суіснуюць у Н. як цэлае двухадзінства публіцыст. зместу і формы. Спецыфіка Н. выяўляецца ў аператыўнасці асвятлення надзённых праблем сучаснасці, выразнасці грамадскай пазіцыі аўтара. Для Н. характэрны свабода жанрава-кампазіцыйнай будовы, жанравая разнастайнасць (Н. падарожны, партрэт, эсэ, аналітычны і інш.).

Пачаткам Н. лічаць «Сентыментальнае падарожжа па Францыі і Італіі» Л.​Стэрна (Лондан, 1768). Рускі Н. развіваецца з 2-й пал. 18 ст. (А.​Радзішчаў, М.​Карамзін). У гэтым жанры выступалі У.​Даль, Дз.​Грыгаровіч, А.​Пушкін, М Гогаль, М.​Някрасаў, І.​Тургенеў, М Салтыкоў-Шчадрын. М.​Мамін-Сібірак, Л.​Талстой, М.​Ляскоў, У.​Караленка, А.​Чэхаў, В.​Верасаеў, М.​Памялоўскі, В.​Сляпцоў, Ф.​Рашэтнікаў, М.​Лявітаў, Г.​Успенскі, У.​Гіляроўскі і інш. Вял. роля ў развіцці Н. ў сав. л-ры належыць М.​Горкаму, А.​Серафімовічу, Дз.​Фурманаву, Л.​Рэйснер, М.​Шагінян, М.​Кальцову, В.​Авечкіну, Б.​Агапаву, Я.​Дорашу, Г.​Радаву, Г.​Траяпольскаму, Ю.​Казакову, В.​Пяскову, М.​Міхайлаву і інш.

Вытокі бел. Н. — у палемічнай л-ры 2-й пал. 16—1-й пал. 17 ст. («Трэнас» М.​Сматрыцкага, «Дыярыуш» Афанасія Філіповіча і інш.). Зараджэнне Н. як жанру ў бел. л-ры адносіцца да сярэдзіны 19 ст. (краязнаўчыя нататкі П.​Шпілеўскага, У.​Сыракомлі). Фрагменты Н. ёсць у этнагр. працах П.​Шэйна, Е.​Раманава, М.​Нікіфароўскага (2-я пал. 19 — пач. 20 ст.). Зрух у развіцці Н. абумоўлены ўзнікненнем першых легальных нац. выданняў (газ. «Наша доля», «Наша ніва», 1906). Пачынальнікі Н. — першапраходцы новай бел. л-ры: Ядвігін Ш. («Лісты з дарогі», 1910), Я.​Купала («Думкі з пабыцця ў Фінляндыі на Іматры», 1910), Цётка («З дарогі», «Успаміны з паездкі ў Фінляндыю», абодва 1914), М.​Багдановіч («З летніх уражанняў», 1916), Я.​Колас («З румынскага фронту», 1917), М.​Гарэцкі («На імперыялістычнай вайне», 1914—19, апубл. 1926). Паскоранае развіццё Н. адбывалася ў 1920-я — пач. 1930-х г. На старонках перыяд. і асобных выданняў (каля 30 кніг) адлюстраваны рэв. пераўтварэнні ў жыцці вёскі і горада: «1200 вёрст па Беларусі» М.​Чарота (1924), «Падарожжа на новую зямлю» М.​Зарэцкага (1929), «Па сонечным шляху» В.​Сташэўскага (1930), «Наступ на горны» Ц.​Гартнага (1932), «Ад Мядзведжай гары да Белага мора» П.​Галавача (1934) і інш. З Н. выступалі Я.​Колас, К.​Чорны, Я.​Скрыган, М.​Лынькоў, З.​Бядуля, Э.​Самуйлёнак, П.​Броўка, П.​Глебка, Х.​Шынклер, С.​Баранавых, У.​Мяжэвіч, Ю.​Лявонны і інш. У Вял. Айч. вайну публіцыстыка цэнтр. і армейскага друку (творы К.​Чорнага, К.​Крапівы, Я.​Купалы, Я.​Коласа, Лынькова) адлюстроўвала характэрнае ў жыцці фронту, тылу, акупіраванай тэр. Беларусі. У пасляваен. час апублікаваны цыкл Н. «Шляхамі вайны» Лынькова (1945), «У родных лясах» Г.​Шчарбатава (1946), «Пульс жыцця» (1949) і «Дзённік сувязіста» (1957) Шынклера і інш. Набыткі Н. 1950—60-х г., пераважна «вясковага», вызначаны арыентацыяй на праўдзівы паказ жыцця; «Светлы шлях» (1958) і «Зямныя вузлы» (1965) І.​Дуброўскага, «Ключы ад Сезама» (1964) і «Дзівасіл» (1968) В.​Палтаран. Урбаністычная тэма прадстаўлена ў У.​Дадзіёмава, А.​Кулакоўскага, В.​Мысліўца, Э.​Ялугіна і інш. Н. пашырыў свае геагр. абсягі: «Вачыма друга: Польскі дзённік» (1956) і «На другім баку планеты» (1960) Я.​Брыля, «Ліпень у дарозе» І.​Мележа (1956), «За акіянам» Лынькова (1962), «Казкі янтарнай краіны» У.​Караткевіча (1963), «Два месяцы ў Нью-Йорку» І.​Шамякіна (1964), «Эль Махрыб» В.​Вольскага (1965) і інш. Атрымала развіццё тэндэнцыя паглыблення гістарызму ў Н.: «Зямля маіх продкаў» Б.​Сачанкі (1964), «Акно, расчыненае ў зіму» (1969) і «Па зялёную маланку» (1970) Я.​Сіпакова, «Зямля пад белымі крыламі» Караткевіча, «Астравеччына, край дарагі» А.​Мальдзіса (абодва 1977) і інш. Аналітычны Н. 1970—80-х г. адзначыў непаўторнасць творчай індывідуальнасці публіцыстаў: «Гамоніць Палессе» (1977) і «Час сеяць і час жаць» (1982) Дуброўскага, «Дыханне» (1977), «Далёка наперадзе» (1981) і «На маёй далоні — лінія ракі» (1987) А.​Казловіча, «Час гаспадароў» М.​Герчыка (1983), «Чорны хлеб» В.​Праскурава (1984), «Дайсці да ладу» (1985) і «Вясковыя дыспуты» (1987) В.​Якавенкі, «Хлеб і мужнасць» Л.​Левановіча (1987) і інш. Ідэйна-тэматычны змест Н. 1990-х г. вызначаны працэсамі сац.-эканам. і псіхал. перабудовы, творчай пераарыентацыяй і адпаведна наяўнасцю альтэрнатыўных пазіцый, поглядаў, пераважна па праблемах дзярж. будаўніцтва, нац. адраджэння — далейшага развіцця бел. мовы і культуры.

Тэма першага плана ў Н. — экалогія і дэмаграфія Беларусі пасля Чарнобыльскай катастрофы: «Сталі воды горкімі» В.​Гігевіча і А.​Чарнова (1991), «Калі б ды каб жа» Казловіча (1994), «Чарнобыль. Дзесяць гадоў пасля» Якавенкі (1996), «Вяртанне ў радыяцыю» Левановіча (1997), зб. «Лісты да жывых. Дайджэст газеты «Набат» (1999) і інш. Тэма аховы духоўных скарбаў спадчыны, уздыму культуры, маральнага аздараўлення сучаснага грамадства ў кн. нарысаў «Крыж на зямлі і поўня ў небе» В.​Карамазава (1991), «Расплата: Сямейная хроніка» У.​Глушакова (1993), «Зерне да зерня» (1996), «Хто мы, адкуль мы...» (кн. 1—2, 1996—98) А.​Марціновіча, «Гаснуць вулканы» Дуброўскага (1997), «Палескія вандроўнікі» Г.​Пашкова (1998), у дзённіку «Бацькі і дзеці» (1995) і Н. «Падранкі» (1999) У.​Ліпскага і інш. На матэрыяле мінулага ў Н. розных форм і памераў асэнсоўваюцца надзённыя праблемы дэмакратызацыі і гуманізацыі жыцця: «Памяць» (1988) і «Народжаны перамагаць» (1998) С.​Паўлава, «Без эпітафіі» Ялугіна (1989), «Такія сінія снягі» (1988) і «Зона маўчання» (1990) С.​Грахоўскага і інш.

Публ.:

Беларускі савецкі нарыс. Т. 1—2. Мн., 1977.

Літ.:

Журбина Е. Искусство очерка. М., 1957;

Шкраба Р. Цэлы свет // Шкраба Р. Скарбы. Мн., 1973;

Юрэвіч У. Нарыс — гэта даследаванне // Юрэвіч У. Абрысы. Мн.. 1976;

Стральцоў Б. Публіцыстыка: Жанры. Майстэрства. Мн., 1977;

Лысенка А.Ф. Нарыс // Беларуская савецкая проза: Апавяданне і нарыс. Мн., 1971;

Яе ж. Сучасны беларускі нарыс. Мн., 1978;

Яе ж. З трывогай і надзеяй: Бел. публіцыстыка 80-х гг. Мн., 1991.

А.​Ф.​Лысенка.

т. 11, с. 195

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЦЫЯНАЛІЗА́ЦЫЯ,

пераход маёмасці прыватных асоб ва ўласнасць дзяржавы на падставе спец. актаў кампетэнтных дзярж. устаноў. Аб’ектамі Н. могуць быць і асобныя прадпрыемствы, аб’яднанні, будынкі, зямельныя ўчасткі і цэлыя галіны эканомікі, уся зямля або асобныя яе катэгорыі. Можа ажыццяўляцца праз бязвыплатную экспрапрыяцыю (прымусовае адчужэнне), поўны або частковы выкуп. Права дзяржавы на правядзенне Н., якое ўключае свабоднае распараджэнне прыроднымі рэсурсамі краіны, пацверджана ў шэрагу рэзалюцый Ген. Асамблеі ААН. Міжнар. публічнае права прызнае права дзяржавы на Н., але не прадугледжвае рэгулявання супярэчнасцей, што ўзнікаюць у выніку пераразмеркавання ўласнасці паміж дзяржавай і прыватнымі ўласнікамі. Разнавіднасцю Н. з’яўляецца дэпрыватызацыя — ператварэнне ў дзярж. ўласнасць прыватызаванай раней дзярж. маёмасці. У развітых капіталіст. краінах Н. закранае, як правіла, тыя галіны вытв-сці, што патрабуюць вял. і доўгатэрміновых капітальных укладанняў і няздольны прынесці хуткія прыбыткі прыватным прадпрымальнікам, але з’яўляюцца неабходнымі для функцыянавання эканомікі і дзяржавы ў цэлым (ваенная, паліўнаэнергет. прам-сць, сувязь, транспарт і інш. галіны інфраструктуры). Уладальнікам нацыяналізаванай маёмасці звычайна выплачваецца кампенсацыя. Н. практыкавалася ўжо ў 19 ст., праводзілася ў шэрагу еўрап. краін у 1920—30-я г. Многія еўрап. дзяржавы (Францыя, Вялікабрытанія, Аўстрыя і інш.) шырока праводзілі Н. пасля 2-й сусв. вайны з мэтай больш хуткага і эфектыўнага аднаўлення эканомікі за кошт дзярж. сродкаў. Вопыт сац.-эканам. развіцця сведчыць, што працэсы Н. і раздзяржаўлення, або прыватызацыі, перыядычна змяняюць адзін аднаго ў залежнасці ад стану эканомікі і паліт. кан’юнктуры. Левыя паліт. сілы (сацыялісты, камуністы) звычайна выступаюць за Н. найважнейшых галін эканомікі, правыя (напр., брыт. кансерватары, герм. хрысц. дэмакраты) — за іх прыватызацыю. У 1950—80-я г. Н. неаднаразова праводзілася ў Вялікабрытаніі, Францыі, Італіі і інш. краінах з мэтай пераадолення крызіснага становішча ў галінах інфраструктуры. З сярэдзіны 1980-х г. у большасці развітых краін свету прыярытэтнае значэнне зноў набыла палітыка прыватызацыі дзярж. маёмасці, бо сталі відавочнымі крызісныя з’явы, звязаныя з функцыянаваннем дзярж. сектара эканомікі (рост бюракратызацыі кіравання, інфляцыйных працэсаў, зніжэнне тэмпаў росту і эфектыўнасці вытв-сці і інш.). У сацыяліст. краінах Еўропы (Чэхія, Польшча, Венгрыя і інш.), дзе ў 1940—50-я г. Н. праводзілася як рэв. акт шляхам бязвыплатнай канфіскацыі або за частковы выкуп, масавая прыватызацыя (або дэнацыяналізацыя) дзярж. маёмасці разгарнулася пасля страты камуністамі ўлады ў 1989—90. У тых краінах, дзе засталіся сацыяліст. рэжымы (Кітай, В’етнам, Куба), эканам. мэтазгоднасць таксама прымушае кіруючыя партыі ў большай ці меншай ступені праводзіць прыватызацыю дзярж. маёмасці. Аднак і цяпер у развітых краінах свету дзярж. сектар эканомікі стварае не менш як ​1/5 нац. прадукту. У краінах, што развіваюцца, пасля атрымання імі незалежнасці ў першую чаргу нацыяналізаваліся прадпрыемствы замежных манаполій. У некаторых краінах ажыццяўлялася Н. прадпрыемстваў буйной нац. буржуазіі. Праводзілася Н. і як бязвыплатная канфіскацыя, і як частковы выкуп. У асобных краінах, што развіваюцца, дзярж. сектар заняў значнае месца ў эканоміцы (напр., у Індыі забяспечвае 40% прамысл. вытв-сці, у Алжыры дае 80% валавога ўнутр. прадукту). У апошнія гады ў многіх краінах, якія развіваюцца, таксама пачала ажыццяўляцца палітыка прыватызацыі дзярж. маёмасці.

У Сав. Расіі (пазней СССР) і ў інш. сацыяліст. краінах Н. мела характар паліт. акцыі, накіраванай на ліквідацыю прыватнай уласнасці на сродкі вытв-сці і класа прыватных прадпрымальнікаў — буржуазіі. У Сав. Расіі яна праводзілася пераважна ў 1917—20 як прымусовае і бязвыплатнае адабранне маёмасці ва ўласнасць дзяржавы. Дэкрэт «Аб зямлі», прыняты 26.10(8.11).1917 на 2-м з’ездзе Саветаў Расіі, ліквідаваў без выкупу прыватную ўласнасць на зямлю, у т. л. памешчыцкую, з бясплатнай перадачай яе ў карыстанне сялянам. У 1917—18 нацыяналізаваны транспарт, сувязь, банкі, знешні гандаль. У 1918 сав. ўрад пачаў планамерную Н. галін прам-сці (цукровай, каменнавугальнай, нафтавай і інш.). Паводле дэкрэта СНК ад 28.6.1918 Н. падлягалі ўсе вял. прадпрыемствы з капіталам ад 200 тыс. руб.

У 1919—20 пад уплывам палітыкі «ваеннага камунізму» нацыяналізаваны ўсе сярэднія і б.ч. дробных прадпрыемстваў. У час новай эканамічнай палітыкі (з 1921) Н. дробнай прам-сці часова прыпынена, а частка дробных прадпрыемстваў дэнацыяналізавана.

На Беларусі Н. ажыццяўлялася на падставе дэкрэтаў рас. органаў сав. улады. У адпаведнасці з дэкрэтам СНК РСФСР ад 17(30). 11.1917 нацыяналізаваны чыг. майстэрні ў Мінску, Віцебску і інш. гарадах, усе чыгункі, банкі, а таксама лесапільныя з-ды і млыны, уладальнікі якіх не падпарадкаваліся рабочаму кантролю. 23.12.1917 (5.1.1918) СНК Зах. вобласці нацыяналізаваў уласнасць Усерас. земскага саюза, Саюза гарадоў, інж.-буд. арг-цый і тылавых ваен. складоў. Свой адбітак на правядзенне Н. ў Беларусі наклалі герм. (люты—снеж. 1918) і польская (лета 1919 — лета 1920) акупацыі б. ч. яе тэрыторыі. У кастр. 1918 — ліп. 1919 (да польскай акупацыі) нацыяналізаваны 140 ф-к і з-даў, або 41% вял. прадпрыемстваў. Пасля вызвалення ад польскай акупацыі ў жн.—снеж. 1920 нацыяналізаваны яшчэ 152 вял. і 392 малыя прадпрыемствы. Удзельная вага дзярж. сектара ў канцы 1920 у буйной прам-сці складала 94,2%, у дробнай — 47,4%, у саматужных рамесных прадпрыемствах — 2,5%. Прыватная ўласнасць на сродкі вытв-сці была амаль поўнасцю ліквідавана ў БССР. як і ўсюды ў СССР, у 1930-я г. ў перыяд індустрыялізацыі і калектывізацыі. У Заходняй Беларусі польскія ўлады адмянілі сав. дэкрэты аб Н. Паўторная Н. тут праводзілася пасля далучэння гэтай тэр. да БССР на падставе дэкларацыі Народнага сходу Заходняй Беларусі (кастр. 1939). З 1990-х г. на Беларусі, як і ў інш. краінах б. СССР, прыярытэтнае значэнне набылі працэсы раздзяржаўлення і прыватызацыі эканомікі, але дзяржава пакідае за сабой права ў неабходных выпадках праводзіць Н. або дэпрыватызацыю. Паводле «Грамадзянскага кодэкса» Рэспублікі Беларусь ператварэнне маёмасці юрыд. і прыватных асоб у дзярж. ўласнасць шляхам яе Н. адбываецца толькі на падставе адпаведнага заканадаўства.

Літ.:

Виноградов В.А. Вопросы теории и практики социалистической национализации промышленности. М., 1964.

А.​Б.​Дорына, Е.​Ф.​Саўчук.

т. 11, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)