СІМАНО́ВІЧ (Давід Рыгоравіч) (н. 26.6.1932, г. Нароўля Гомельскай вобл.),
бел.паэт. Скончыў БДУ (1955). Працаваў настаўнікам, у газ. «Віцебскі рабочы», у 1961—94 на Віцебскім абл. тэлебачанні. Друкуецца з 1948. Піша на рус мове. Першая кніга паэзіі — «Вясновая казка» (1959). У паэт. зб-ках «Чэрвень-рака» (1962), «Раўнадзенства» (1966), «Мінуты» (1969), «Станцыя трывогі і любові» (1972), «Пісьмо табе» (1975), «Сустрэчныя цягнікі» (1978), «Сілуэты дзён» (1981), «Верасні» (1990) памяць мінулай вайны, роздум пра сённяшні дзень, філас. асэнсаванне мінулага і сучаснага. Кнігі нарысаў і эсэ «Падарожная Аляксандра Пушкіна» (1977), «Праз даль часоў» (1984) пра вядомых людзей, чые жыццёвыя і творчыя шляхі праходзілі праз Беларусь. Піша для дзяцей (зб-кі вершаў «Чароўны луг», 1959; «Зялёны конік», 1968). Аўтар тэлеп’ес «Якаў Свярдлоў» (паст. 1963), «Восеньскі букет. І.Рэпін у Здраўнёве» (паст. 1964), сцэнарыяў тэлефільмаў. Перакладае на рус. мову творы бел. паэтаў. Асобныя яго вершы пакладзены на музыку.
Тв.:
Избранное. Мн., 1995;
Солнечный хмель. Мн., 1982;
Имею честь принадлежать. Витебск, 1999;
Душа за облако цеплялась...: Лирика любви. Витебск, 2001;
Мой Шагал, или Полет любви: Стихи, переводы Витебск, 2001.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКРЫ́ПКА (Міхась) (Міхаіл Аляксандравіч; 26.11.1907, в. Месціна Бярэзінскага р-на Мінскай вобл. — 8.10.1991),
бел. пісьменнік-сатырык. Вучыўся ў Мінскім пед. ін-це (1937—41). Настаўнічаў (1930-41, 1945—62). У 1965—71 нам. дырэктара бюро прапаганды маст. л-ры Саюза пісьменнікаў Беларусі. Друкаваўся з 1927. Першы зб. баек і вершаў «Сатыра і гумар» (1958). Аўтар кніг апавяданняў і гумарэсак «Мая хата не з краю» (1959), «Пад корань» (1962), «Усяк бывае...» (1963), зб. апавяданняў для дзяцей «Дзіва ў рэшаце» (1963); каля 30 аднаактовых камедый, у т. л. «На сваю галаву», (1966), «Акадэмік» (1970), сцэнарыя кароткаметражнай кінакамедыі «Акадэмік» (паст. 1963), зб.антырэліг. нарысаў «Сцеражыцеся цемрашалаў!» (1964). На бел. мову пераклаў паасобныя творы С.Алейніка, А.Барто, А.Вішні, С.Маршака, С.Міхалкова, А.Твардоўскага і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́ГЕРЫ СМЕ́РЦІ,
спецыяльныя месцы, якія ствараліся гітлераўцамі на акупіраваных тэрыторыях у 2-ю сусв. вайну для масавай загубы грамадзян захопленых краін, выкарыстання іх на прымусовай працы. Былі арганічнай часткай акупацыйнага рэжыму, палітыкі генацыду. Паводле афіц. прызначэння падзяляліся на лагеры для ваеннапалонных (дулагі, шталагі, афлагі), цывільнага насельніцтва (працоўныя лагеры СД, перасыльныя лагеры СС, штрафныя, жаночыя, гета) і інш. У большасці выпадкаў размяшчаліся на адкрытай прасторы, абгароджанай калючым дротам, з прыстасаванымі ці наспех абсталяванымі памяшканнямі барачнага тыпу, часта проста землянымі норамі або акопамі. Ахову лагераў і знішчэнне вязняў праводзілі падраздзяленні вермахта, СД і СС. У Л.с. праводзілася знішчэнне зняволеных голадам, холадам, катаржнай працай, катаваннямі, расстрэламі, спальваннем, злачыннымі эксперыментамі ўрачоў-садыстаў і г.д. Толькі на тэр. Беларусі было больш за 260 Л.с., іх філіялаў і аддзяленняў, ахвярамі якіх сталі больш за 1.4 млн.чал. Адзін з першых Л.с. створаны ў в. Дразды пад Мінскам для ваеннапалонных і цывільнага насельніцтва, дзе ў чэрв.—ліп. 1941 утрымлівалася каля 140 тыс.чал.; пасля вызвалення ў 1944 тут у яме-траншэі выяўлены астанкі каля 10 тыс. расстраляных (паўторныя пошукі і раскопкі выявілі новыя масавыя пахаванні закатаваных). Па колькасці ахвяр пасля Асвенціма і Майданака найбуйнейшым лічыцца Трасцянецкі лагер смерці. Адным з самых вял.гар. Л.с. было мінскае гета, створанае 19.7 1941, дзе загублена каля 100 тыс.чал. Жудаснымі па жорсткасці былі лагеры, якія ствараліся гітлераўцамі ў прыфрантавой паласе: напярэдадні адступлення за калючы дрот і мінныя загароды фашысты зганялі непрацаздольных грамадзян і размяшчалі сярод іх інфекцыйных хворых у разліку на хуткае і масавае распаўсюджванне захворванняў сярод насельніцтва і сав.вайск. часцей (гл.Азарыцкія лагеры смерці). Бяспрыкладнымі па садызме былі Л.с., у якіх гітлераўцы абяскроўлівалі дзяцей і падлеткаў для патрэб арміі (у в. Скобраўка Пухавіцкага р-на загінулі 1500 дзяцей-донараў). На тэр. Беларусі Л.с. выкарыстоўваліся захопнікамі і для знішчэння грамадзян з краін Зах. Еўропы, акупіраваных Германіяй. Найб. Л.с. былі Бабруйскі, Беразвецкі, Калбасінскі, Калдычэўскі, Лупалаўскі, Ляснянскі, Маладзечанскі, Масюкоўшчынскі (гл. адпаведныя арт.), Бронная Гара. Адступаючы з Беларусі, захопнікі ў 1944 правялі масавую акцыю знішчэння вязняў, якія яшчэ засталіся, спрабавалі замесці сляды злачынстваў, маскіруючы пахаванні. Створаная ў 1944 камісія садзеяння Надзвычайнай дзяржаўнай камісіі па выяўленні і расследаванні злачынстваў ням.-фаш. захопнікаў сабрала доказы, якія цалкам выкрылі крывавыя злачынствы гітлераўцаў. На месцах л.с. ў памяць пра тых, хто загінуў у іх, пастаўлены помнікі, кожны Л.с. ўвекавечаны ў мемарыяльным комплексе Хатынь.
Літ.:
Нямецка-фашысцкі генацыд на Беларусі (1941—1944). Мн., 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРША́К (Самуіл Якаўлевіч) (3.11.1887, г.Варонеж, Расія — 4.7.1964),
расійскі паэт, перакладчык; адзін з пачынальнікаў рас. дзіцячай л-ры. Вучыўся ў Лонданскім ун-це (1913—14). У 1892—94 жыў у Віцебску. У 1920 арганізаваў у Краснадары адзін з першых рас. дзіцячых т-раў. Друкаваўся з 1904. Вершы для дзяцей «Казка пра неразумнае мышаня» (1923), «Вось які рассеяны» (1928), паэт.зб-кі «Дзеткі ў клетцы» (1923), «Рознакаляровая кніга» (1947), «Вершы для дзяцей» (1950, Дзярж. прэмія СССР 1951), аповесці ў вершах «Містэр Твістэр» (1933), «Апавяданне пра невядомага героя» (1937), паэт. энцыклапедыя «Вясёлае падарожжа ад А да Я» (1952), п’есы-казкі «Гора баяцца — шчасця не ўбачыць» (1922, паст.Бел. т-рам імя Я.Коласа, 1962), «Церамок» (1941, паст. Гомельскім абл. т-рам лялек, 1962), «Дванаццаць месяцаў» (1943, Дзярж. прэмія СССР 1946) і інш. адметныя блізкасцю да фальклору, непасрэднасцю, Добрай казачнасцю, гумарам, гарэзлівасцю. Кн. «Выбраная лірыка» (1962) уласцівы глыбіня пранікнення ў вечныя праблемы быцця, шчырасць, імкненне да гармоніі. У Вял.Айч. вайну ствараў сатыр. вершы і подпісы да паліт. плакатаў (Дзярж. прэмія СССР 1942). Аўтар кн. успамінаў «У пачатку жыцця» (1962), зб-ка артыкулаў пра літ. майстэрства «Выхаванне словам» (1961) і інш. Майстар маст. перакладу: «Санеты Шэкспіра ў перакладах С.Маршака» (1948, Дзярж. прэмія СССР 1949), вершы Р.Бёрнса, У.Блейка, Дж.Радары, Дж.Кітса, Ф.Багушэвіча, Я.Лучыны, Цёткі і інш. Падтрымліваў творчыя сувязі з Я.Коласам. П’есы-казкі М. ставіліся ў т-рах Беларусі: «Цудоўны кошык» паводле М. (1945), «Разумны казёл» (1953), «Кошчын дом» (1957, 1980) у Дзярж. т-ры лялек; «Фініст — Ясны Сокал» (1968), «Гора-няшчасце» (1969, абедзве з В.Васільевай) у Дзярж.рус.драм. т-ры; опера-казка І.Польскага на лібрэта М. «Церам-церамок» (1961) у т-ры оперы і балета. На бел. мову асобныя творы М. пераклалі А.Астрэйка, П.Броўка, В.Вітка, К.Кірэенка, М.Лужанін, М.Маляўка, У.Шахавец, А.Якімовіч, і інш. Ленінская прэмія 1963.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—8. М., 1968—72;
Собр. соч.Т. 1—4. М., 1990;
Надпись на часах: Эпиграммат. стихи. М., 1987;
Бел.пер. — Вайна з Дняпром. Мн., 1934;
Пошта. Мн., 1937;
Мы ваенныя. Мн., 1941;
Дванаццаць месяцаў. Мн., 1947;
Містэр Твістэр. 2 выд.Мн., 1952;
Круглы год. Мн., 1953.
Літ.:
Я думал, чувствовал, я жил: Воспоминания о Маршаке [2 изд.] М., 1988;
Шушкевіч С. Роздум над Дзвіною // Шушкевіч С. Выбр.тв.Мн., 1978. Т. 2.
У краінах Стараж. Усходу, Грэцыі, Рыме мастацтву вучыліся ў майстроў, якія перадавалі свае веды і вопыт вучням. У сярэднявеччы было пашырана цэхавае навучанне. З 16 ст. ў Еўропе пачалі адкрывацца маст. школы-акадэміі. У Расіі ў 17 ст. М.а. атрымлівалі ў Аружэйнай палаце ў Маскве, з 1711 у Рысавальнай школе пры Пецярбургскай друкарні; з 1757 цэнтрам маст. адукацыі стала Пецярбургская акадэмія мастацтваў.
На Беларусі ў 19 ст.вял. ролю ў падрыхтоўцы мастакоў адыгралі Віленская мастацкая школа, Віленская школа малявання, Полацкая езуіцкая акадэмія і інш. У канцы 19 — пач. 20 ст. ўзніклі Віцебская школа-майстэрня Ю.Пэна, рысавальны клас (1899), школы-студыі Я.Кругера (1906) у Мінску, Ф.Пархоменкі ў Магілёве. У 1920-я г. створаны маст. школы і студыі ў Мінску, Гаралку, Оршы, Полацку, Гомельская мастацкая студыя, Віцебскае маст. вучылішча, у 1947 — Мінскае мастацкае вучылішча. Спецыялістаў з вышэйшай М.а. рыхтуюць Беларуская акадэмія мастацтваў, Беларуская акадэмія музыкі.
Па асобных маст. спецыяльнасцях вядзецца падрыхтоўка ў Беларускай політэхнічнай акадэміі, Беларускім педагагічным універсітэце, Беларускім універсітэце культуры, Брэсцкім універсітэце, Віцебскім універсітэце, Віцебскім тэхналагічным універсітэце, Гомельскім універсітэце, Гродзенскім універсітэце, Магілёўскім універсітэце. Спецыялістаў з сярэдняй М.а. рыхтуюць Мінскае, Гомельскае маст. вучылішчы, Бел.рэсп. вучэбны комплекс гімназія-каледж мастацтваў (гл.Беларускі ліцэй мастацтва), Віцебскае і Гродзенскае вучылішчы мастацтваў, Магілёўскае вучылішча культуры, Маладзечанскае музычнае вучылішча, Мінскі архітэктурна-будаўнічы тэхнікум, Віцебскае вышэйшае прафес. вучылішча нар.маст. промыслаў, Бабруйскае вышэйшае прафес. вучылішча дэкар.-прыкладнога мастацтва, Кобрынскае вышэйшае прафес. вучылішча выяўл. мастацтва і маст. промыслаў, Мінскі гар. вучэбна-прафес. цэнтр дэкар.-прыкладнога мастацтва, Мірскае маст.прафес.-тэхн. вучылішча рэстаўрацыйна-буд. работ. На Беларусі працуюць (1999): 24 дзіцячыя маст. школы, Мінскі маст. ліцэй пры Бел.АМ, 76 сярэднеадукацыйных школ з маст. ухілам, 6 з муз.-маст., 2 з муз.-выяўл. і харэаграфічным, 16 з архітэктурна-выяўл., 116 з агульнаэстэт. ухілам, маст. аддзяленні пры дзіцячых школах мастацтваў, студыі выяўл. і дэкар.-прыкладнога мастацтва пры Нац. цэнтры творчасці дзяцей і моладзі, Мінскім Палацы дзяцей і моладзі, гар. і раённых дамах культуры, дамах нар. рамёстваў. Для ўдасканалення майстэрства мастакоў існуюць Творчыя акад. майстэрні Мін-ва культуры Беларусі, мастацтвазнаўцаў — аспірантуры пры Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац.АН Беларусі, Бел.АМ, Бел. акадэміі музыкі, Віцебскім ун-це, Бел. ун-це культуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІЯНЕ́РСКІЯ АРГАНІЗА́ЦЫІ,
грамадскія арг-цыі дзяцей і дарослых, члены якіх называюць сябе піянерамі (франц. pionnier даследчык). Існуюць у Расіі, Украіне, Беларусі, Казахстане, Кітаі, Францыі, Партугаліі, Фінляндыі і інш. краінах, адрозніваюцца структурай, мэтамі і формамі дзейнасці. Упершыню ўзніклі ў Расіі ў маі 1922 як дзіцячыя камуніст. арг-цыі, якія ў кастр. 1922 аб’яднаны ва ўсерас. дзіцячую камуніст. арг-цыю «Юныя піянеры імя Спартака» (з 1926 Усесаюзная П.а. імя У.І.Леніна). П.а. СССР (у 1988 больш за 20 млн. 10—15-гадовых піянераў-школьнікаў) дзейнічала пад кіраўніцтвам камсамола як яго рэзерв і памочнік, мела сетку пазашкольных устаноў — палацы і дамы піянераў і школьнікаў, піянерскія лагеры і інш., выдавала (1988) 34 газеты і 53 часопісы. Ў яе ўваходзіла Бел. П.а. імя У.І.Леніна (створана ў 1922, каля 900 тыс.чл. у 1977). З 1920-х г. П.а. існавалі пры камуніст. і левых сацыяліст. і рабочых партыях многіх краін (у т. л. ў Зах. Беларусі). Распад сусв.сацыяліст. сістэмы і СССР выклікаў крызіс піянерскага руху. Усесаюзная П.а. імя У.І.Леніна 1.10.1990 пераўтворана ў Саюз П.а. — Федэрацыю дзіцячых арг-цый, якая ў 2001 аб’ядноўвала на ўмовах свабоднай асацыяцыі 65 піянерскіх і інш. дзіцячых арг-цый у большасці б. рэспублік СССР. Яе членам з’яўляецца грамадскае аб’яднанне Бел.рэсп. піянерская арг-цыя (БРПА, утворана 13.9.1990) — добраахвотная непаліт. грамадская арг-цыядзяцей (ад 7 гадоў) і дарослых (узрост неабмежаваны) са свабодным членствам, правапераемніца Бел. П.а. імя У.І.Леніна. Налічвае (2001) 280 тыс. членаў. Гал. мэта — дапамагчы падлеткам у іх грамадз. станаўленні, арыентаваць іх на актыўную стваральную дзейнасць, накіраваную на пазнанне свету і паляпшэнне навакольнага жыцця. Кіруючыя органы — Цэнтр. савет (Мінск), абласныя, гар. і раённыя саветы піянераў. Вышэйшы орган — рэсп. злёт, які раз у 3 гады выбірае старшыню Цэнтр. савета. Асн. праца БРПА вядзецца ў школах, дзе ствараюцца піянерскія дружыны (5 і больш піянераў), якія могуць аб’ядноўвацца ў атрады. Членства ў арг-цыі падзяляецца на 4 ступені: «наследнікі» (папярэдняя ступень, школьнікі 7—10 гадоў), «даследчыкі» (уласна піянеры, дзеці з 10 гадоў), «выпрабавальнікі» (старэйшыя піянеры), «лідэры» (кіраўнікі аб’яднанняў). «Даследчыкі», «выпрабавальнікі» і «лідэры» носяць чырв. гальштукі з адпаведнай колькасцю каляровых стужак-нашывак. БРПА працуе па 5 асн. праграмах: «Сем Я» — самапазнанне і развіццё асобы; «Наследнікі» — праца з малодшымі школьнікамі; «Спадчына» — засваенне сац.-культ. традыцый, фарміраванне экалагічнага мыслення, «Гульня — справа сур’ёзная» — выкарыстанне патэнцыялу гульні ў гуманізацыі адносін паміж падлеткамі; «Дзіцячы ордэн міласэрнасці». Вынікі выканання праграм падводзяцца ў штогадовых летніх палатачных лагерах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТА́ПЕНКА (Змітрок) (Дзмітрый Емяльянавіч; 23.11.1910, в. Калеснікі Хіславіцкага р-на Смаленскай вобласці — кастр. 1944),
бел.паэт. Скончыў Мсціслаўскі пед. тэхнікум (1929). Працаваў у рэсп. Прэсе. 5.12.1936 арыштаваны, асуджаны на 8 гадоў. З лагера ўцёк. Жыў у Маскве. Удзельнік Айч. вайны. Загінуў у баі ў Карпатах. Друкаваўся з 1926. Пісаў пераважна апавядальна-сюжэтныя творы (зб-кі «На ўсход сонца», «Краіне», абодва 1931, «Абураныя», 1932; цыкл вершаў «Ноч на станцыі Негарэлае», нап. 1930; паэма «Два таварышы», нап. 1931). У паэме «Эдэм» (нап. 1944) уславіў мужнасць і самаахвярнасць народа ў змаганні з ворагам. Аўтар вершаванай кн. для дзяцей «Трактар» (1933). Стаяў ля вытокаў бел.навук.-фантаст. л-ры (раман «Вызваленне сіл», 1932). Пераклаў на бел. мову раманы «Маці» М.Горкага (1932), «Ваколіцы» Л.Первамайскага (1931), аповесць «Ударны атрад» А.Дончанкі (1932), «Прыгоды ўдалага ваякі Швейка» К.Ванака (1932) і інш.
Тв.:
Вершы і паэмы. Мн., 1968.
Літ.:
Бярозкін Р. Выпрабаванне гісторыяй // Бярозкін Р. Кніга пра паэзію. Мн., 1974;
Шушкевіч С. Лёс паэта // Шушкевіч С. Выбр.тв.Мн., 1978. Т. 2;
Арочка М. Беларуская савецкая паэма. Мн., 1979. С. 139—140, 186—191;
Скрыган Я. Рэквіем // Скрыган Я. Некалькі хвілін чужога жыцця. 2 выд.Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЛЕ́ВІЧ (Антон Пятровіч) (27.5.1914, в. Дуброўка Уздзенскага р-на Мінскай вобл. — 11.4.1978),
бел.паэт. Вучыўся ў Магілёўскім педтэхнікуме, у 1933—35 — у Магілёўскім палітасветным ін-це. Друкаваўся з 1937. У першым зб. «Чалавек з Дубровы» (М., 1945, на рус. мове) — творы ваен. часу. У творчасці Бялевіча ўслаўленне подзвігу народа ў Вял.Айч. вайну, жыццё калгаснай вёскі. Яго паэзіі ўласцівыя традыцыйна-фалькл. вобразнасць, нар.-песенны лад, выразнасць маст.-выяўл. сродкаў, даступнасць лексікі, адкрытасць выказвання. Аўтар сатыр. і гумарыстычных твораў (зб-кі «Хлеб і нахлебнікі», 1957; «Маштабны Міканор», 1963), вершаў, казак і паэм для дзяцей. Выступаў як празаік і публіцыст (зб-кі нарысаў «Людзі робяць вясну», 1959; «Споведзь сэрца», 1978; нарыс «Хатынь: боль і гнеў», 1971; аповесць «Малюнкі маленства», 1977; кн.літ. партрэтаў пісьменнікаў «Чарадзеі», 1970). Пераклаў на бел. мову паэму А.Твардоўскага «За даллю — даль» (1962), паасобныя творы А.Пракоф’ева, М.Бажана, А.Малышкі, У.Няходы і інш. На словы Бялевіча напісалі песні М.Аладаў, А.Багатыроў, Я.Цікоцкі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́НЕГУТ ((Vonnegut) Курт) (н. 11.11.1922, г. Індыянапаліс, ЗША),
амерыканскі пісьменнік. Вывучаў біяхімію ў Корнелскім (1940—42), антрапалогію ў Чыкагскім (1945—47) ун-тах. Аўтар раманаў, пераважна антыўтопія, «Механічнае піяніна» (1952; рус.пер. «Утопія — 14», 1967), «Сірэны Тытана» (1959, рус.пер. 1988), «Калыска для кошкі» (1963; рус.пер. 1970), «Дай вам Бог здароўя, містэр Разуотэр, або Не сыпце перлы перад свіннямі» (1965; рус.пер. 1978), «Бойня нумар пяць, або Крыжовы паход дзяцей» (1969; рус.пер. 1970), «Снеданне для чэмпіёнаў, або Бывай, чорны панядзелак» (1973, рус.пер. 1975), «Балаган, або Больш я не адзінокі» (1976), «Вечны вязень» (1979), «Прамое пападанне» (1982; рус.пер. «Хлопец маху не дасць», 1986), «Сіняя барада. Аўтабіяграфія Рабо Карабек’яна, 1916—1988» (1987) і інш., апавяданняў, п’ес, кн. артыкулаў і эсэ «Вербная нядзеля. Аўтабіяграфічны калаж» (1981) і інш.Асн. праблематыка творчасці — дэгуманізацыя свядомасці, мілітарызацыя грамадства, небяспека атамнай вайны. Філас. насычанасць прозы Вонегута спалучаецца з фантастыкай, алегарычнасцю, сатырай і іроніяй, пародыяй і гратэскам.
Тв.:
Рус.пер. — Собр.соч. Т. 1—5. М., 1992—93.
Літ.:
Мендельсон М. Роман США сегодня — на заре 80-х гг. 2 изд. М., 1983;
Засурский Я.Н. Американская литература XX в. 2 изд. М., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯРБА́ (Вера) (сапр.Сакалова Гертруда Пятроўна; н. 14.1.1942, в. Высокі Гарадзец Талачынскага р-на Віцебскай вобл.),
бел. паэтэса. Скончыла БДУ (1964). Працавала ў рэдакцыі газ. «Літаратура і мастацтва» (1972—77), час. «Беларусь» (1980—83). Друкуецца з 1948. Маладосць і каханне, пачуцці мацярынства, роздум над гісторыяй бацькоўскай зямлі, складанымі і супярэчлівымі праблемамі сучаснасці — асн. матывы лірыкі паэтэсы (зб. «Вочы вясны», 1962, «Белыя пісьмы», 1967, «Высакосны год», 1969, «Альфа», 1978, «Яраслаўна», 1986, і інш.). Паэзія Вярбы рамантычна ўзнёслая, летуценная, не пазбаўленая рэаліст. матываў і вобразаў. Творча пераасэнсоўвае паэтыку і вобразнасць вуснай нар. творчасці. Аўтар ліра-эпічнай паэмы «Каліна» (1968), прысвечанай В.Харужай і яе паплечнікам, паэмы «Сіняя бухта» (1975) пра сцежкі маленства, родны край, паэм «Падаліст» (1975, пра гісторыю Мінска, лёс свайго народа), «Снежная горка» (1976) і інш. Верш Вярбы «Ручнікі» стаў папулярнай песняй (муз. М.Пятрэнкі). Піша і для дзяцей (зб. «Пралеска», 1968). Пераклала на бел. мову аповесць Р.Фраермана «Дзікі сабака Дзінга, альбо Аповесць пра першае каханне» (1975).
Тв.:
Выбранае. Мн., 1976;
Мая маленькая планета. Мн., 1982;
Белыя пісьмы: Вершы, паэмы. Мн., 1987;
Апошні верасень: Выбранае. Вершы і паэмы. Мн., 1995.