КАРЖАНЕ́ЎСКАЯ (Галіна Анатолеўна) (н. 27.8.1950, в. Лясішча Слуцкага р-на Мінскай вобл.),
бел. пісьменніца. Скончыла БДУ (1973). Настаўнічала. У 1980—82 на Бел. тэлебачанні, з 1984 у газ. «Літаратура і мастацтва». Друкуецца з 1967. У кнігах паэзіі «На мове шчасця» (1973), «Мой сад» (1976), «Званы гадоў» (1980), «Жыла-была...» (1983), «Вечны водгук» (1988), «Невымоўнае» (1991) паэтызуе высакароднасць чалавечых пачуццяў і ўчынкаў, багацце духоўнага свету гераіні-сучасніцы. Яе вершы адметныя глыбокім лірызмам, эмацыянальнай стрыманасцю і драматычнасцю. Піша для дзяцей: п’есы «Іван Світаннік» (паст. 1981), «Шукайце кветку-папараць» (паст. 1985), «Зуб мудрасці» (1984), «Мора, аддай пярсцёнак» (1987), «А як жа Непаседа?», «Чарнабог» (усе паст. 1996), зб-кі вершаў «Сінічка на балконе» (1989), «Рэчы для малечы» (1996) і інш. Аўтар чытанак для 1—2-га класаў «Акрайчык» (1995, з М.Яфімавай) і для 3—4-га класаў «Сцяжынка» (1997). Выступае як публіцыст, крытык, перакладчык.
Л.М.Гарэлік.
т. 8, с. 69
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)