паталагічнае ўтварэнне, што ўзнікае ў скуры пры парушэннях ліпіднага абмену і ўяўляе сабой назапашванне фагацытаў, якія ўтрымліваюць халестэрын і трыгліцэрыды. Адрозніваюць 3 яе разнавіднасці: ксанталазма (найчасцей бывае ў пажылых жанчын) — сіметрычна размешчаныя каля ўнутр. краю вока плоскія, мяккія ўтварэнні жаўтавата-аранжавага колеру, авоіднай ці стужкападобнай формы; множная вузельчыкавая — бязбольныя, сіметрычна размешчаныя на скуры галавы, твару, каленных і локцевых суставаў, ягадзіцах вузельчыкі ад жоўтага да карычневага адцення (па краях ружова-чырвоныя); туберозная пухлінападобная (бывае ў нованароджаных і малых дзяцей, радзей у дарослых) — бязбольныя, дольчатыя, шчыльныя ўтварэнні на локцевых і каленных суставах памерам з вішню ці грэцкі арэх жоўтага колеру з бурым ці фіялетавым адценнем. Развіваецца павольна, прагрэсіруе. Лячэнне тэрапеўтычнае (печані, падстраўнікавай залозы, нырак), хірургічнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУМУЛЯТЫ́ЎНЫЯ КА́ЗКІ, ланцужковыя казкі,
група нар. казак са спецыфічнымі кампазіцыйнымі і стылявымі асаблівасцямі, найчасцей казак пра жывёл. Трапляюцца ў рус., бел., укр. і інш. фальклоры. Назва ад лац. cumulare — накопліваць, павялічваць. У іх кампазіцыі — шматлікія нарастаючыя паўторы аналагічных ці падобных дзеянняў, якія канчаюцца завяршэннем казачнага ланцуга падзей (адсюль другая назва — ланцужковыя) у адваротным парадку. Звёны казкі далучаюцца або адно за адным, або кожны раз пры далучэнні новага звяна ранейшыя паўтараюцца. Напр., «Галінка і верабей» (вершаваная апрацоўка М.Танка), «Як курачка пеўніка ратавала», «Пшанічны каласок», «Рэпка», «Звяры ў яме» і г.д.
Літ.:
Пропп В.Я. Кумулятивная сказка // Пропп В.Я. Фольклор и действительность. М., 1976;
Лойтер С.М. О жанровой специфике кумулятивной сказки // Проблемы изучения русского устного народного творчества. М., 1979. Вып. 6.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́РЫЯ [лац. curia ад co(cum) з, разам + vir муж, мужчына],
1) у Стараж. Рыме з 8—6 ст. да н.э. аб’яднанне некалькіх родаў патрыцыяў. Звычайна было 30 К., па 10 у кожнай родавай трыбе (акрузе); паводле іх збіралі курыятныя нар. сходы (каміцыі). Кожная К. мела асобнае месца для сходаў і свае святыні. У часы рэспублікі (510/509—30 або 27 да н.э.) усе К. ўзначальваў вял. курыён, да галасавання ў каміцыях былі дапушчаны і плебеі.
2) У сярэдневяковых краінах Зах. Еўропы савет і суд пры феадале.
3) Сукупнасць устаноў, падпарадкаваных рым. папу (гл.Рымская курыя).
4) У шэрагу дзяржаў, у т. л. былой Рас. імперыі, асобыя разрады (выбарчыя К.), на якія падзяляліся выбаршчыкі паводле маёмасных, нац. і інш. адзнак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЭМП-ДЭ́ВІДСКІЯ ПАГАДНЕ́ННІ 1978,
комплекс пагадненняў паміж Ізраілем і Егіптам пры пасрэдніцтве ЗША аб мірным урэгуляванні Блізкаўсходняга канфлікту. Падпісаны 17 вер. ў загараднай рэзідэнцыі прэзідэнта ЗША Дж.Картэра ў Кэмп-Дэвідзе (адсюль назва) прэзідэнтам Егіпта А.Садатам, прэм’ер-міністрам Ізраіля М.Бегінам і Картэрам (сведка). Прадугледжвалі наданне абмежаванага самакіравання арабам-палесцінцам з Зах. берага р. Іардан і сектара Газа, заключэнне егіпецка-ізраільскага сепаратнага мірнага дагавора (падпісаны ў Вашынгтоне 26.3.1979 на ўмовах вываду ізраільскіх войск з Сінайскага п-ва, куды часова ўводзіліся войскі ЗША і краін НАТО). За гэтыя пагадненні Садату і Бегіну прысуджана Нобелеўская прэмія міру 1978. К.-д.п., падпісаныя без удзелу Арганізацыі Вызвалення Палесціны, не былі прызнаны ААН, большасцю араб. краін, тагачасным кіраўніцтвам СССР і ў Палесціне фактычна не выконваліся, аднак палепшылі егіпецка-ізраільскія адносіны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАЦІ́НСКІ САЮ́З,
федэрацыя старажытнаіталійскіх гарадоў на тэр. сучаснай вобл.Лацыо, якая ўзнікла ў пач. 1-га тыс. да. н.э. і аб’ядноўвала (паводле ант. традыцыі) 30 абшчын. Напачатку Л.с. узначальваў г.Альба-Лонга, з 6 ст. да н.э. — Рым. Гарады мелі агульныя святы, саюзны сход вырашаў агульныя пытанні і спрэчкі паміж яго членамі. У канцы 6 — пач. 5 ст. да н.э. некаторыя лац. абшчыны часова вызваліліся ад рым. панавання. У 493 да н.э. Л.с. адноўлены (на чале з Рымам) на ўмовах узаемадапамогі ў войнах, удзеле камандавання пры падзеле здабычы. У час гальскага нашэсця (390 ці 387 да н.э.) Л.с. распаўся. У 358 да н.э. аднавіўся на больш выгадных для Рыма ўмовах. Скасаваны пасля 2-й Лацінскай вайны (340—338 да н.э., гл.Лацінскія войны).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕНКАРА́НЬ,
горад, раённы цэнтр у Азербайджане, на р. Ленкараньчай пры ўпадзенні яе ў Каспійскае м. 45,4 тыс.ж. (1991). Порт на Каспійскім м.Чыг. станцыя. Цэнтр раёна вырошчвання субтрапічных культур. Прам-сць харчасмакавая (чай, рыбныя і агароднінныя кансервы, мясныя вырабы і інш.); вытв-сцьбуд. матэрыялаў. Тэатр. Краязнаўчы музей. Прыморскі кліматычны і бальнеалагічны курорт (з 19 ст.).
Адзін з самых стараж. гарадоў Азербайджана. У 12 ст. паблізу Л. адкрыты гарачыя мінер. крыніцы. У 1629 цэнтр нац.-вызв. паўстання. З сярэдзіны 18 ст. гал горад Талышынскага ханства. У перыяд Руска-іранскіх войнаў 19 стагоддзя разбурана персамі, якія пабудавалі тут крэпасць. У 1813 узята рус. войскамі. Паводле Гюлістанскага мірнага дагавора 1813 уваходзіла ў склад Расіі (да 1918, з 1846 пав. горад).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́НСКІ ((Lenski) Юльян) (сапр. Ляшчынскі; 8.1.1889, г. Плоцк, Польшча — 20.8.1939),
дзеяч польскага і міжнар. рабочага руху. Вучыўся ў Ягелонскім (Кракаўскім) ун-це (1909—12). З 1905 чл. Сацыял-дэмакратыі Каралеўства Польскага і Літвы. У час Кастр. рэвалюцыі 1917 камісар ВРК, пазней камісар па польскіх справах у Наркамнацы. Са снеж. 1918 у Мінску, адзін з арганізатараў і рэдактар газ. «Młot» («Молат»). У 1919 нар. камісар асветы Літ.-Бел. ССР, чл.ЦК КП(б) Літвы і Беларусі. У 1920 чл. Польскага бюро прыЦК РКП(б). З 1925 чл.ЦК і Палітбюро ЦК Кампартыі Польшчы (КПП). Удзельнік I (1928) і II (1935) з’ездаў КПЗБ. У 1929—37 ген. сакратар КПП, чл. Прэзідыума Выканкома Камінтэрна. У 1937 рэпрэсіраваны, расстраляны. Рэабілітаваны ў 1955.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІЗАВЕ́ТА I (Elizabeth),
Цюдар (7.9.1533, Грынвіч, цяпер у складзе Лондана — 24.3.1603), англійская каралева [1558—1603], апошняя з дынастыі Цюдараў. Дачка Генрыха VIII. На троне пасля смерці Марыі Цюдар. Пры ёй у краіне канчаткова ўсталяваўся пратэстантызм (англіканская царква), заключаны мір з Францыяй (1559), упарадкавана фін. сістэма, створаны шэраг гандл. кампаній (у т. л.Ост-Індская кампанія), вялася барацьба з каталіцкай апазіцыяй на чале з Марыяй Сцюарт. У знешняй палітыцы ўзмацніліся гандл. і калан. экспансія Англіі (у т. л. ў Ірландыю), саперніцтва за панаванне на моры з Іспаніяй (разгром ісп.«Непераможнай армады» ў 1588). Асабіста падтрымлівала Ф.Дрэйка. Перыяд яе праўлення характарызуецца росквітам навукі, л-ры і мастацтва.
Літ.:
Гусакова Н., Новик В. Две королевы // Женщины-легенды. Мн., 1993.
Лізавета I. Маст. Н.Хіліярд. 1585.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІМО́ННАЯ КІСЛАТА́,
2-гідроксі-1,2,3-прапантрыкарбонавая кіслата, (HO)OCCH2 C(OH)COOH, арганічная трохасноўная кіслата. Належыць да класа оксікіслот, малекулярная маса 192,12. Добра раствараецца ў вадзе і спірце, з воднага раствору пры т-ры ніжэй за 36,5 °C крышталізуецца ў выглядзе монагідрату. Адыгрывае важную ролю ў працэсах вугляводнага абмену і дыхання клетак. У адрозненне ад жывёл шэраг раслін і мікраарганізмаў назапашваюць Л.к. ў вял. колькасці (6—8% у пладах цытрусавых, 8—14% у сцёблах махоркі, да 10% у культ. вадкасці грыбка Aspergillus niger). Асн.прамысл. спосаб атрымання Л.к. — лімоннакіслае браджэнне цукроў ці патакі з дапамогай грыбка Aspergillus niger; здабываюць таксама з пладоў лімона, лісця бавоўніку і інш. Выкарыстоўваецца ў вытв-сці напіткаў, кандытарскіх вырабаў, медыцыне (для кансервавання крыві), фарбаванні, вырабе пластмас, фатаграфіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІХЕНАІНДЫКА́ЦЫЯ (ад грэч. leichēn лішай, лішайнік + лац. indico указваю, вызначаю),
метад ацэнкі забруджанасці навакольнага асяроддзя з выкарыстаннем лішайнікаў як найб. адчувальных індыкатарных раслін. Адрозніваюць колькасную (з дапамогай матэм. індэксаў), якасную (параўнанне пашырэння відаў з паказчыкамі забруджанасці) і ўскосную (па стане жыццядзейнасці) індыкацыю. Па паказчыках Л. выяўляецца: стан прыродных і культурных ландшафтаў, узрост і захаванасць першаснага лесу, кіслотнасць глеб, сан.-гігіенічны стан паветра населеных пунктаў і прамысл. цэнтраў, узрост валуноў і стараж. збудаванняў, геал. ўмовы мясцовасці і інш. На Беларусі Л. выкарыстоўваецца пры даследаванні забруджанасці атмасферы двухвокісам серы, экалагічнай экспертызе населеных пунктаў, ланд шафтна-экалагічных даследаваннях раслінных комплексаў.
Літ.:
Горбач Н.В. Об индикационной роли лишайников в лесных сообществах // Геоботанические исследования. Мн., 1966;