АСВЯТЛЯ́ЛЬНЫЯ САСТА́ВЫ,

піратэхнічныя саставы, якія выкарыстоўваюць у асвятляльных ракетах, артыл. снарадах, авіябомбах для асвятлення вял. участкаў мясцовасці, для начных аэрафотаздымак. Пераважна сумесі парашкоў магнію і алюмінію (ці іх сплаваў) з акісляльнікамі (нітраты натрыю і барыю) і невялікай колькасцю арган. сувязных рэчываў (смолы, парафін, стэарын). Цеплата згарання ~6 МДж/кг, т-ра гарэння 2500—3000 °C, працягласць гарэння ад 8 с да 8 мін.

т. 2, с. 26

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСЕКСУА́ЛЬНАСЦЬ (ад а... + лац. sexualis палавы),

поўная адсутнасць палавой зацікаўленасці ў дарослых людзей. Характарызуецца алібідэміяй і анаргазміяй. Прычынамі асексуальнасці могуць быць нейраэндакрынныя парушэнні, інтаксікацыя наркотыкамі, снатворнымі, нейралептыкамі і транквілізатарамі, солямі цяжкіх металаў, арган. захворванні галаўнога або спіннога мозга, гіпаплазіі палавога апарата, дэпрэсіўны стан; зрэдку неўсвядомленая гомасексуальная ўстаноўка, садысцкія або мазахісцкія тэндэнцыі і інш. Існуе прыроджаная канстытуцыйная асексуальнасць (у 0,5% жанчын).

т. 2, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТРАФІЛІ́Т (ад астра... + грэч. phyllon ліст),

пародаўтваральны мінерал, тытанацырконасілікат (K, Na)3 (Mn, Fe)7 Ti2 (O, OH, F)7 [Si4O12]2. Састаў зменлівы. Прымесі барыю, магнію і інш. Крышталізуецца ў трыкліннай сінганіі. Крышталі пласціністыя, ігольчастыя, агрэгаты зблытанавалакністыя. Колер залаціста-буры, бронзава-жоўты. Бляск бронзавы. Цв. 2—3. Шчыльн. 3,3—3,4 г/см³. Крохкі. Характэрны мінерал нефелінавых сіенітаў і іх пегматытаў.

Астрафіліт.

т. 2, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТРО́ЎНА,

возера ў Беларусі, у Полацкім раёне Віцебскай вобласці. У бас. р. Ушача, за 22 км на ПдЗ ад г. Полацк. Пл. 0,31 км², даўж. 1,1 км, найб. шыр. 0,5 км, найб. глыб. 3 м. Пл. вадазбору 15,2 км². Берагі нізкія, забалочаныя, параслі хмызняком. 3 астравы агульнай пл. 3,6 га. Упадае ручай з воз. Блізніца. Выцякае ручай у воз. Расна.

т. 2, с. 57

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТУРЫ́ЙСКІ ВУ́ГАЛЬНЫ БАСЕ́ЙН,

найбуйнейшы ў Іспаніі, на Пд і ў цэнтры правінцыі Аўеда. Пл. каля 3 тыс. км². Адклады вугляноснага карбону. Запасы каменнага вугалю 1215 млн. т. Гал. радовішчы: Цэнтральнае, Тэверга, Хіхон. Прамысл. распрацоўка з сярэдзіны 19 ст. Вуглі ўсіх марак — ад антрацытаў да блізкіх да бурых. Цеплыня згарання 28—34,7 МДж/кг. Вуглі выкарыстоўваюцца ў металургіі як энергет. сыравіна.

т. 2, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ТБАРА, Бахр-эль-Асуад,

рака ў Эфіопіі і Судане, правы прыток Ніла. Даўж. 1120 км. Пачынаецца з Эфіопскага нагор’я, на Пн ад воз. Тана, цячэ пераважна па Суданскім плато. Гал. прыток Тэкэзэ (справа). У сухі перыяд года ў ніжнім цячэнні перасыхае. У перыяд летніх дажджоў (ліп.ліст.) дасягае Ніла. Сярэднегадавы расход вады 32 м³/с. ГЭС. Каля вусця Атбары — г. Атбара.

т. 2, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АТО́Л (англ. Atoll ад мальдыўскага),

каралавы востраў, які мае форму суцэльнага або разарванага кальца, што акружае лагуну невял. глыбіні (да 100 м). Утвараюцца ў выніку росту каралавых рыфаў па перыферыі а-воў пераважна вулканічнага паходжання, якія павольна апускаюцца. Звычайна невял., іншы раз дасягаюць 50 км і больш у дыяметры. Пашыраны паасобку і архіпелагамі ў трапічных шыротах Ціхага і Індыйскага акіянаў.

Атол.

т. 2, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АТРАШКЕ́ВІЧ (Валерый Іосіфавіч) (22.4.1939, в. Красная Горка Ушацкага р-на Віцебскай вобласці — 26.1.1990),

бел. літаратуразнавец. Канд. філал. н. (1979). Скончыў Магілёўскі пед. ін-т (1962), дзе і працаваў. Дэбютаваў вершамі ў 1958. У манаграфіі «Ад прататыпа да вобраза» (1984) даследаваў праблемы аўтабіяграфізму ў бел. прозе 1920-х г. (Ц.​Гартны, М.​Гарэцкі, Я.​Колас). Аўтар прац па гісторыі бел. л-ры, тэксталогіі, тэатры.

т. 2, с. 78

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АТЭКТАНІ́ЧНАЯ СКЛА́ДКАВАСЦЬ,

утварэнне складак горных парод пад уздзеяннем экзагенных працэсаў. Атэктанічная складкавасць узнікае ад напору покрыўных ледавікоў, апоўзневых працэсаў, выпірання гліністых парод у бартах рачных далін, абвалу парод у карставыя пустоты, разбухання ангідрыту пры пераходзе ў гіпс, перакрывання асадкамі рыфтавых пабудоў і выступаў рэльефу і інш. У Беларусі найб. шырока праявілася як гляцыятэктанічныя парушэнні ў адкладах плейстацэну.

М.​А.​Нагорны.

т. 2, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АТЭ́Р (Aterian),

археалагічная культура сярэдняга палеаліту ў Паўн. Афрыцы (каля 30—19 тыс. г. назад). Назва ад стаянкі каля г. Бір-эль-Атэр (Алжыр). Сярод помнікаў — гроты і стаянкі на адкрытай мясцовасці. Насельніцтва займалася паляваннем на насарогаў, газеляў, сланоў і інш. Найб. характэрныя прылады — крамянёвыя тронкавыя і лістападобныя наканечнікі стрэл з двухбаковай апрацоўкай. Некат. прылады (бакавыя скрабкі, адшчэпы) нагадваюць мусцьерскія.

т. 2, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)