СЛУ́ГІ, сяляне-слугі,

катэгорыя сялян у ВКЛ у 15—18 ст., асн. павіннасцю якіх было выкананне спец. службаў. Да С. належалі вайсковыя сяляне (панцырныя баяры, путныя баяры, выбранцы, служкі і інш.), адм.-гасп. службовыя сяляне (старцы, войты, цівуны і інш.), прыслуга (кухары, півавары і інш.), прамыславікі (асочнікі, баброўнікі, стральцы, конюхі, рыбаловы і інш.), вясковыя рамеснікі (кавалі, цесляры, ганчары, калеснікі, кушняры і інш.). З-за спецыфічнасці сваіх павіннасцей С. мелі больш высокі ў параўнанні з інш. сялянамі сац. статус, але ён не вызваляў іх ад прыгоннага права. С. выконвалі на карысць уласніка комплекс павіннасцей, у які ўваходзіла асн. служба (ад якой С. атрымоўвалі сваю назву) і дадатковыя павіннасці (дзякла, талокі і інш.). С. плацілі ўстаноўленыя дзярж. падаткі. З далучэннем у канцы 18 ст. Беларусі да Рас. імперыі С. паступова зліліся з асн. масай сялянства.

А.​Б.​Доўнар.

т. 15, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)