ідэйна-палітычная дактрына, паводле якой усе цюркскія народы з’яўляюцца адзінай нацыяй і павінны аб’яднацца ў адзіную дзяржаву — «Вялікі Туран». Узнік у Асманскай імперыі ў канцы 19 — пач. 20 ст. як антытэза асманізму з яго ідэяй «адзінага асманскага народа». Ідэі П. выкладаліся ў працах З.Гёкальпа, Х.Эдыба, Ю.Акчура і інш. Быў ідэйнай асновай руху младатуркаў, якія кіравалі Асманскай імперыяй у 1908—18. Напачатку П. меў антырас. кірунак. У 1 -ю сусв. вайну ў Стамбуле быў заснаваны «Камітэт па абароне мусульм. цюрка-татарскіх народаў Расіі» (1915). Пасля паражэння Турцыі ў вайне і перамогі Кемалісцкай рэвалюцыі 1920—23 першы прэзідэнт Турэцкай Рэспублікі М.К.Атацюрк афіцыйна адмовіўся ад П. і супрацьпаставіў ёй ідэю ўласна тур. нацыяналізму. Пэўны ўздым панцюркісцкіх настрояў назіраўся ў Турцыі пасля смерці Атацюрка (1938) і ў 2-ю сусв. вайну. У пач. 1990-х г. з пазіцый П. выступалі асобныя тур.паліт. партыі (Партыя нацыяналіст. руху, Партыя росквіту). Элементы П. (спасылкі на асобы характар сувязей) назіраюцца ў адносінах сучаснай Турцыі з цюркамоўнымі народамі Паволжа, Каўказа і Цэнтр. Азіі, хоць афіцыйна лічыцца, што ён супярэчыць тур. канстытуцыі і не вызначае знешняй палітыкі Турцыі. Ідэі П. паўплывалі на працэс развіцця цюркскіх народаў Крыма, Паволжа, Каўказа і Цэнтр. Азіі. У 1990-я г. элементы ідэалогіі П. выкарыстоўвалі асобныя партыі і рухі ў дзяржавах Закаўказзя і Цэнтр. Азіі (Нар. фронт Азербайджана, «Бірлік» ва Узбекістане, «Жалтаксан» і «Алаш» у Казахстане).
Літ.:
Еремеев Д.Е. Кемализм и пантюркизм // Народы Азии и Африки. 1963. № 3;
Гасанова Э.Ю. Общественная мысль в Турции // Современная философская и социологическая мысль стран Востока. М., 1965;
Пантюркизм в России // Азия и Африка сегодня. 1992. № 7—8;
Левин З.И. Общественная мысль на Востоке: Постколониал. период. М., 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАТЭМАТЫ́ЧНАЕ МАДЭЛІ́РАВАННЕ,
метад даследавання аб’ектаў (з’яў, працэсаў, сістэм) шляхам пабудовы і вывучэння іх матэм. мадэлей; адзін з гал. спосабаў навук. пазнання, прагназавання, кіравання і тэхн. праектавання. Уключае 3 асн. этапы: стварэнне мадэлі аб’екта, пераўтварэнне яе ў алгарытм, а алгарытму — у праграму для ЭВМ.
Мадэль аб’екта запісваецца ў матэм. форме з дапамогай законаў прыродазнаўчых і тэхн.навук. У ёй адлюстроўваюцца найважнейшыя ўласцівасці аб’екта, сувязі паміж яго часткамі і інш. Метадамі выліч. матэматыкі мадэль пераўтвараюць у вылічальна-лагічны алгарытм, а затым у праграму для рэалізацыі на ЭВМ, з дапамогай якой праводзяць «доследы» патрэбных якасных і колькасных характарыстык аб’екта. Працэс М.м. пастаянна паляпшаюць і ўдакладняюць ва ўсіх звёнах і паўтараюць да дасягнення патрэбнай дакладнасці супадзення рэальных і імітацыйных даных. Элементы М.м. выкарыстоўвалі з часу паяўлення дакладных навук. Шырокае развіццё яго пачалося ў 1940-я г. і звязана ў асн. са стварэннем ЭВМ (гл.Мадэліраванне ў навуцы і тэхніцы). У канцы 20 ст. М.м. становіцца інтэлектуальным ядром інфарм. тэхналогій, працэсу інфарматызацыі грамадства. Яно выкарыстоўваецца ў ядз. і касм. тэхніцы, авія-, судна-, машынабудаванні, хім. вытв-сці, эканоміцы, сацыялогіі, біялогіі, медыцыне. а таксама там, дзе прамы натурны эксперымент немэтазгодны або немагчымы. Адзін з заснавальнікаў М.м. — рас. вучоны А.А.Самарскі.
На Беларусі М.м. развіваецца ў ін-тах матэматыкі і тэхн. кібернетыкі Нац.АН, БДУ, БПА, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі і інш.
Літ.:
Самарский А.А., Михайлов А.П. Математическое моделирование: Идеи. Методы. Примеры. М., 1997;
Самарский А.А., Михайлов А.П. Компьютеры и жизнь: (Мат. моделирование). М., 1987;
Матус П.П., Рычагов Г.П. Математическое моделирование в биологии и медицине: (Аннотацион. справ.). Мн., 1997;
Математическое моделирование: Пер. с англ.М., 1979;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАЦО́ЎНЫ ДАГАВО́Р,
пагадненне паміж работнікам і наймальнікам. Паводле П.д. работнік абавязваецца выконваць работу па адной або некалькіх прафесіях, спецыяльнасцях або пасадах адпаведнай кваліфікацыі і выконваць унутраны прац. распарадак; наймальнік абавязваецца прадастаўляць работніку абумоўленую П.д. работу, забяспечваць умовы працы, прадугледжаныя заканадаўствам аб працы, лакальнымі нарматыўнымі актамі і пагадненнямі бакоў, своечасова выплачваць работніку заработную плату. Дагаворнымі бакамі з’яўляюцца наймальнік і работнік, якія знаходзяцца паміж сабой у прац. адносінах на аснове П.д. Па агульным для наймальнікаў правіле не дапускаецца заключэнне П.д. з асобамі да 16 гадоў. П.д. можа быць заключаны з асобай, што дасягнула 14 гадоў, з пісьмовай згоды аднаго з бацькоў (усынавіцеля, папячыцеля) для выканання лёгкай працы, якая не прычыніць шкоды здароўю і не парушыць працэс навучання.
Умовы П.Д., што вызначаюць сукупнасць правоў і абавязкаў дагаворных бакоў, складаюць яго змест. У П.д. павінны быць: звесткі пра работніка і наймальніка; месца работы з указаннем структурнага падраздзялення, куды работнік уладкоўваецца; працоўныя функцыі работніка; асн. правы і абавязкі работніка і наймальніка; тэрмін П.д. (для тэрміновага дагавора); рэжым працы і адпачынку (у выпадку адрознення ад агульнаўстаноўленага); умовы аплаты працы. Паводле пагаднення бакоў у П.д. могуць быць уключаны і інш. (дадатковыя) умовы, абавязковыя для абодвух бакоў. Пасля заключэння П.д. яго бакі набываюць правы і нясуць абавязкі, замацаваныя ў заканадаўстве аб працы, калект. дагаворы і ў лакальных актах наймальніка.
П.д. можа быць заключаны на няпэўны ці пэўны тэрмін, але не больш як на 5 гадоў; на час выканання пэўнай работы; на час выканання абавязкаў часова адсутнага работніка, за якім захоўваецца месца работы; на час выканання сезонных работ. П.д. заключаецца ў пісьмовай форме і падпісваецца бакамі. Пасля заключэння П.д. прыём на работу афармляецца загадам (распараджэннем). Заканадаўства Рэспублікі Беларусь прадугледжвае таксама такі від П.д., як кантракт, які заключаецца на пэўны тэрмін, і мае асаблівасці ў параўнанні з агульнымі нормамі заканадаўства аб працы і прадугледжвае кампенсацыю за пагаршэнне прававога становішча работніка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНФАРМА́ЦЫЯ (ад лац. informatio тлумачэнне, выкладанне),
звесткі, якія перадаюцца людзьмі вусна, пісьмова або інш. спосабам, а таксама сам працэс перадачы ці атрымання такіх звестак; агульнанавук. паняцце, якое ўключае абмен звесткамі паміж людзьмі, чалавекам і аўтаматам, аўтаматам і аўтаматам, абмен сігналамі ў жывёльным і раслінным свеце, перадачу адзнак ад клеткі да клеткі, ад арганізма да арганізма (гл.Генетычная інфармацыя); адно з асн. паняццяў кібернетыкі. Навук. аналіз І., спосабаў і прыёмаў яе перадачы, пераўтварэння і захавання звязаны з узнікненнем інфармацыі тэорыі. Паводле гэтай тэорыі, І. — колькасная мера зняцця неакрэсленасці паведамленняў, якая вызначае магчымасць іх захавання, кадзіравання і перадачы. Прыхільнікі адлюстравання тэорыі лічаць, што І. мае ў сабе адлюстраваную разнастайнасць прадметаў і характэрна для ўсіх форм і відаў руху (арганізацыі) матэрыі, у т. л. нежывой прыроды. Прадстаўнікі кібернетычнай тэорыі І. (Н.Вінер, Б.М.Пятроў, А.М.Калмагораў) зыходзяць з таго, што І. — гэта тая частка адлюстравання і ведаў, якая захоўваецца ў «памяці» машын і жывых арганізмаў, перадаецца па «каналах сувязі» і перапрацоўваецца ў «сігналы» з мэтай арыентацыі і прыняцця адпаведных рашэнняў. Англ. нейрафізіёлаг У.Р.Эшбі і франц. фізік Л.Брыльюэн надалі паняццю І. агульнанавук. значэнне і разглядаюць яго як адмоўную энтрапію і сродак захавання якаснай спецыфікі, удасканалення і развіцця сістэмы. Інфарм. метады даследавання выкарыстоўваюцца ў лінгвістыцы, семантыцы, генетыцы, малекулярнай біялогіі, псіхалогіі, педагогіцы, мастацтвазнаўстве і інш.
Класіфікацыю І. ажыццяўляюць у залежнасці ад спосабаў і прыёмаў яе атрымання, пастаўленых мэт і задач. Адрозніваюць І. першасную (зыходную), вытворную (прамежкавую) і выніковую, а таксама статычную (пастаянную) і дынамічную (пераменную). Яна можа быць поўнай і выбарачнай, залішняй і недастатковай, карыснай і памылковай, паінфармавальнай і прызначанай для кіравання якімі-н. працэсамі. І., якую выкарыстоўваюць для вырашэння сацыяльна значных праблем і якая з’яўляецца прадметам абмену паміж членамі грамадства, іх групамі, паліт. і грамадскімі арг-цыямі і аб’яднаннямі, называюць сацыяльнай. Паводле грамадска-прафес. прызначэння яе падзяляюць на масавую (для ўсіх членаў грамадства) і спецыяльную (для спецыялістаў у галінах навукі, тэхнікі, вытв-сці). У масавай І. адрозніваюць: грамадска-палітычную — сукупнасць звестак пра актуальныя праблемы ўнутр. і знешняй палітыкі дзяржавы, міжнар. жыцця; звычайную, асн. задача якой — арыентаванне і рэгламентацыя паводзін членаў грамадства ў сац. асяроддзі; эстэтычную, што ўздзейнічае на эмацыянальную сферу чалавека з дапамогай маст. вобразаў. У спецыяльнай І. вылучаюць: навукова-тэхнічную (па розных кірунках прыродазнаўчых і грамадскіх навук, галінах нар. гаспадаркі), эканамічную (сукупнасць звестак аб працэсах вытв-сці, абмене і выкарыстанні матэрыяльных даброт) і сацыялагічную (на аснове яе робяць вывады і прапановы для навукі і практыкі). Атрыманая з розных крыніц І. карысная і каштоўная тым, што яна хутка і з найменшымі выдаткамі прыводзіць да вырашэння канкрэтных сац. -эканам., паліт. і выхаваўчых задач. Асн. яе ўласцівасці: аператыўнасць, дакладнасць, аптымальнасць. пераканаўчасць, агульнадаступнасць, лагічнасць, навізна. выразнасць і інш.
На аснове інфарм. сістэм ажыццяўляецца працэс інфарматызацыі грамадства, што мае на мэце ўдасканаленне і павышэнне эфектыўнасці ўсіх сфер яго жыццядзейнасці, інтэлектуальных і творчых здольнасцей чалавека (гл.Інфармацыйнае грамадства). Інфарм. тэхналагізацыя сац. жыцця парадзіла новую канцэпцыю дэмакратыі — «камп’ютэрнай дэмакратыі», у якой І. ўвасабляе пэўны від улады. У грамадзянскай супольнасці, што найб. адпавядае ідэалу такой дэмакратыі, фарміраванне і выяўленне грамадскай думкі праз сродкі масавай І. з’яўляецца адной з умоў дасягнення і ўтрымання рэальнай улады, рэалізацыі права грамадзян на свабоду перакананняў і іх свабоднае выказванне. Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь гарантуе ўсім грамадзянам права на атрыманне поўнай, дакладнай і своечасовай І. аб дзейнасці дзярж. органаў, грамадскіх аб’яднанняў, паліт., эканам., культ. і міжнар. жыцці, стане навакольнага асяроддзя, а таксама на азнаямленне з афіц. матэрыяламі, якія закранаюць іх правы і законныя інтарэсы; карыстанне І. можа быць абмежавана заканадаўствам з мэтай абароны гонару, годнасці, асабістага і сямейнага жыцця грамадзян і поўнага ажыццяўлення імі сваіх правоў. Гл. таксама Інфарматыка, Інфармацыйная тэхналогія, Інфармацыйны пошук.
Літ.:
Глушков В.М. Основы безбумажной информатики. 2 изд. М., 1987;
Ракитов А.И. Информационная революция: наука, экономика, технология М., 1993;
Абдеев Р.Ф. Философия информационной цивилизации. М., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЕКТЫВІЗА́ЦЫЯ,
працэс аб’яднання аднаасобных сял. гаспадарак у с.-г. кааператывы. Праводзілася ў канцы 1920 — пач. 1930-х г. у СССР з мэтай сацыяліст. пераўтварэнняў у вёсцы, ліквідацыі сельскай буржуазіі (кулацтва), павышэння таварнасці с.-г. вытв-сці. Тэарэтычная ідэя К. вынікала з вучэння марксізму-ленінізму аб ліквідацыі эксплуатацыі чалавека чалавекам у грамадстве і прыярытэтнасці калект. форм арг-цыі працы ў матэрыяльнай вытв-сці. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 у Расіі на гэтай аснове пачалі складвацца сацыяліст.вытв. адносіны на вёсцы шляхам стварэння камун сельскагаспадарчых, саўгасаў, інш. форм кааперацыі. Але да пач. 1-й пяцігодкі (1928) у вёсцы пераважалі дробныя аднаасобныя сял. гаспадаркі (25 млн.). Зыходзячы з неабходнасці замены дробнатаварнай гаспадаркі буйной механізаванай с.-г. вытв-сцю, паскарэння тэмпаў індустрыялізацыі, парт.-дзярж. кіраўніцтва СССР на XV з’ездзе ВКП(б) (1927) абвясціла курс на К. Лістападаўскі (1929) пленум ЦКВКП(б) паставіў перад асобнымі абласцямі краіны задачу суцэльнай К. На сталую работу ў калгасы з гарадоў паслалі 25 тыс. перадавых рабочых (гл.Дваццаціпяцітысячнікі). У 1930 ЦКВКП(б) прыняў пастанову аб завяршэнні суцэльнай К. ў асноўным да канца пяцігодкі (1932). Такі дырэктыўны націск на парт. і дзярж. органы выклікаў апазіцыю лідэраў «правага ўхілу» М.І.Бухарына, А.І.Рыкава, М.П.Томскага, якія выступілі супраць паскораных тэмпаў К., за адмену надзвычайных мер барацьбы з кулацтвам. Адносіны сялян да К. былі складанымі: беднякі падтрымлівалі К., спадзеючыся калект. намаганнямі палепшыць свой матэрыяльны дабрабыт; сераднякі вагаліся, значная іх частка марыла ўладкаваць жыццё ўласнымі сіламі; заможныя сяляне (кулакі) рашуча выступалі супраць К., бо не хацелі аддаваць у «агульны кацёл» свае больш дагледжаныя землі, інвентар, коней і інш. У сувязі з гэтым суцэльная К. праводзілася на аснове «ліквідацыі кулацтва як класа» і адкрытага прымусу ў адносінах да многіх серадняцкіх гаспадарак. У выніку на вёсцы адбывалася сапраўдная вайна: пачалося масавае раскулачванне заможных гаспадарак, перадача іх маёмасці ў калгасы, высылка кулацкіх сем’яў у інш. рэгіёны краіны; запалохванне сераднякоў такой жа перспектывай; мабілізацыя беднаты на барацьбу супраць ворагаў калгаснага ладу. Таму быў гвалт, былі бойкі, забойствы, арышты і рэпрэсіі (у т. л. расстрэлы) улад да праціўнікаў К. Прымаючы пад увагу сац.-эканам. і грамадска-паліт. напружанасць у краіне, парт. і дзярж. кіраўніцтва СССР вымушана было лавіраваць і адступаць пры правядзенні ў цэлым прымусовых тэмпаў К. Так, 14.3.1930 ЦКВКП(б) прыняў Пастанову «Аб барацьбе са скрыўленнямі партлініі ў калгасным руху», у якой усю адказнасць за гэта пераклаў на нізавыя парт. і дзярж. структуры. У той жа час 1930 быў аб’яўлены ў СССР годам разгорнутага наступлення сацыялізму па ўсім фронце. Да сярэдзіны 1930 было калектывізавана 24% гаспадарак, у 1932 — больш за 60, а ў 1937—93% гаспадарак. Аналагічныя працэсы адбываліся і ў сельскай гаспадарцы Беларусі. Калі ў 1928 у БССР было 994 калгасы, то ў 1932 іх колькасць павялічылася да 9 тыс., яны займалі 96% пасяўных плошчаў рэспублікі. К. прывяла да карэнных змен у арганізацыі с.-г. працы, сац.-быт. і грамадска-культ. адносін на вёсцы. У гады Вял.Айч. вайны калгасы ў БССР былі разрабаваны і ліквідаваны. Пасля вайны адноўлены; завяршылася К. ў зах. абласцях рэспублікі. У Рэспубліцы Беларусь з 1990-х г. пачаўся працэс ператварэння калгасаў у акц. т-вы, сталі стварацца фермерскія гаспадаркі. Гл. таксама Калгас.
Літ.:
Ленін У.Л. Аб кааперацыі // Тв.Т. 33 (Полн. собр. соч. Т. 45);
Мілаванаў В.А. Першыя крокі калгаснага руху ў Беларусі (кастрычнік 1917 г.—1920 г.). Мн., 1958;
Филимонов А.А. Укрепление союза рабочего класса и трудящегося крестьянства в период развернутого строительства социализма (1929—1936 гг.). Мн., 1968;
Очерки истории Коммунистической партии Белоруссии. Ч. 2 (1921—1966). Мн., 1967;
Барадач Г.А., Дамарад К.І. Калектывізацыя сельскай гаспадаркі ў Заходніх абласцях Беларускай ССР. Мн., 1959;
Гісторыя Беларускай ССР. Т. 3—5. Мн., 1973—75;
Победа колхозного строя в Белорусской ССР. Мн., 1981;
Сорокин АН. Эксперимент: Человек и земля. Мн., 1994;
Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 2. Мн., 1995.
П.Ц.Петрыкаў.
Да арт.Калектывізацыя. Плакат. 1929. Мастак П.Гуткоўскі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЗНА́ННЕ,
вышэйшая форма адлюстравання, аналізу і ўзнаўлення аб’ектыўнай рэчаіснасці ў мысленні; працэс атрымання і выпрацоўкі ведаў. Ахоплівае канкрэтныя сферы жыццядзейнасці людзей і ажыццяўляецца ў розных спалучэннях жывога і назапашанага вопыту, які перадаецца ад аднаго пакалення да другога. У гэтым плане адрозненне П. і ведаў ёсць адрозненне працэсу і выніку: у ходзе выкарыстання элементаў канкрэтных ведаў для вырашэння праблем жыцця яны пераўтвараюцца і перапрацоўваюцца чалавекам і зноў вяртаюцца ў працэс П. Аб’ектам П. з’яўляецца частка матэрыяльнага свету або духоўнай сферы (аб’ектыўная рэч, прырода, грамадства, свядомасць), а яго суб’ектам выступаюць асобныя індывіды, групы людзей, грамадства, усё чалавецтва. З развіццём грамадства павялічваецца «культурны багаж» суб’екта П., узбагачаюцца і мадыфікуюцца сродкі яго дзейнасці, адбываецца ўсё больш глыбокае пранікненне ў скрытыя сутнасці рэчаў і з’яў. Гэта аб’ектыўна спрыяе вырашэнню адной з гал. задач П. — дасягненне ісціны. На ролю ісціны могуць прэтэндаваць толькі тыя веды, якія прайшлі праверку практыкай. У П. вылучаюць 2 узроўні: пачуццёвы і рацыянальны. Пачуццёвае П. ажыццяўляецца ў 3 асн. формах: адчуванне, успрыманне і ўяўленне. У пачуццёвых вобразах фіксуецца пераважна знешні бок прадметаў і з’яў рэальнага свету, таму яны так або інакш падобны з ім, у чымсьці аналагічныя яму. Аднак гэта адноснае падабенства, бо пачуццёвае адлюстраванне свету індывідуальнае: кожны чалавек бачыць і ацэньвае рэч не так, як яе ўспрымае другі чалавек. Рацыянальнае П. мае больш абстрактны характар і дазваляе выявіць агульныя, істотныя сувязі з’яў і прадметаў. Яно ажыццяўляецца і функцыянуе з выкарыстаннем 3 асн. форм — паняцця, суджэння і розумазаключэння, якія з’яўляюцца неабходнымі і дастатковымі для ажыццяўлення складаных аперацый лагічнага мыслення і дазваляюць у П. рухацца ад з’явы да сутнасці, ад непасрэднага да апасродкаванага, ад адзінкавага да агульнага, ад выпадковага да заканамернага і ўсеагульнага. Узаемасувязь пачуццёвага і рацыянальнага П. заснавана на ўзаемадзеянні першай і другой сігнальных сістэм, адбываецца ў псіхіцы чалавека, якая ў гэтай якасці ўяўляе сабой духоўную творчасць (гл. таксама Інтуіцыя, Інтуіцыянізм, Бессвядомае).
Вылучаюць таксама асн. віды пазнавальнага працэсу: звычайнае, міфалагічнае, містычнае і навук. П.; часам да іх дадаюць містычны і экстрасэнсорны віды П.Звычайнае П. (жыцейскае, штодзённае) — першасная пач. форма пазнавальнай дзейнасці суб’екта, якая служыць яго прыстасаванню да рэальных умоў жыцця і выступае неабходнай перадумовай авалодвання ім інш. спецыялізаванымі відамі ведаў. Навуковае П. арыентавана на адкрыццё законаў і з’яў, невядомых практыцы да гэтага часу, недаступных звычайнаму П. Яно, у сваю чаргу, ажыццяўляецца на 2 узроўнях: эмпірычнае П., якое дае звесткі пра знешнія бакі і сувязі аб’екта, і тэарэтычнае П., якое раскрывае ўнутр., скрытыя ад назірання сувязі і законы. Асн. метадамі эмпірычнага П. выступаюць назіранне, эксперымент, аналіз, індукцыя, сінтэз і інш., тэарэтычнага П. — гіпатэтыка-дэдукцыйны метад, ідэалізацыя, мадэліраванне, пабудаванне навук.тэорыі.
Традыц. сродкі і метады П., заснаваныя на аб’ектна-суб’ектных адносінах, адрозніваюцца ад яго тлумачэння на аснове суб’ектыўна-суб’ектных адносін, дзе гал. пазнавальным сродкам лічаць эмацыянальна-пачуццёвыя і эмацыянальна-валявыя фактары любові і веры. Любоў, з гэтага пункту погляду, сцвярджае каштоўнасць таго, на каго накіравана гэта пачуццё, а найб. адэкватна яна раскрываецца ў веры, якая папярэднічае ведам і дазваляе чалавеку рухацца наперад у сферы П. невядомага. У сучаснай навуцы і філасофіі прызнаецца прынцыповая магчымасць П. рэчаіснасці, але ў розных навук. плынях і школах па-рознаму падыходзяць да вырашэння пытання характару і працэсу П., яго мэт, характэрных рыс, магчымасцей. Агульнае вучэнне аб пазнавальнай дзейнасці дае філас. тэорыя П. — гнасеалогія. Спецыфічныя праблемы і бакі працэсу П. даследуюцца гісторыяй навукі, навуказнаўствам, кагнетыўнай псіхалогіяй, сацыялогіяй навукі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАМЫСЛО́ВАЯ АРХІТЭКТУ́РА,
праектаванне і буд-вапрамысл. прадпрыемстваў і вытв. збудаванняў. Сродкамі П.а. ствараецца матэрыяльна і эстэтычна арганізаванае асяроддзе, неабходнае для ажыццяўлення чалавекам вытв. працэсу. Пры праектаванні аб’ектаў. П.а. ўлічваюцца рацыянальнае размяшчэнне прадпрыемстваў у сістэме горада, арх.-планіровачная арг-цыя і забудова саміх прадпрыемстваў і комплексаў, арг-цыякульт.-быт. абслугоўвання і камфортных умоў працы ў сферы вытв-сці, добраўпарадкаванне тэрыторый, а таксама эфектыўнасць капіталаўкладанняў.
Станаўленне і развіццё П.а. звязана з развіццём прамысл. вытв-сці і нар. гаспадаркі на ўсіх гіст. этапах. Да 18 ст.вытв.працэс быў засн на ручной працы, вытв. пабудовы не вылучаліся ў самаст. тып будынкаў. У эпоху прамысловага перавароту (з 1760-х г). калі вытв.працэс быў звязаны з выкарыстаннем машыннай тэхнікі, узнікла неабходнасць у буйных памяшканнях для машын, абсталявання, рабочых. Першыя прамысл. будынкі былі прамавугольныя ў плане, з нясучымі цаглянымі ці каменнымі сценамі і драўлянымі перакрыццямі (ф-кі ў Вялікабрытаніі). Пераважалі утылітарныя вырашэнні: падоўжаныя масіўныя сцены, якія часам чляніліся пілястрамі, упрыгожваліся паясамі фігурнай муроўкі. Выкарыстанне ў канцы 18—19 ст. каркасных канструкцый з металу і жалезабетону паспрыяла стварэнню вытв. будынкаў з рацыянальнай планіроўкай унутр. аблегчанымі сценамі, павелічэнню колькасці паверхаў і памераў светлавых праёмаў, што істотна змяніла вонкавае аблічча вытв. будынкаў. У П.а. пач. 20 ст. пашыраліся новыя канстр. сістэмы, якія давалі магчымасць перакрываць без апор вял. пралёты, выкарыстоўваліся новыя буд. і аддзелачныя матэрыялы. Лепшыя аб’екты П.а. (напр., турбінная ф-ка фірмы «АЭГ» у Берліне, 1909—12, арх. П.Берэнс, ф-ка «Фагус» у г. Альфельд, Германія, 1911—16, арх. В.Гропіус) з выразным рытмам калон, каркаснымі канструкцыямі, вялікапралётнымі перакрыццямі, новымі прыёмамі члянення вял. паверхняў сцен палосамі зашклення ў метал. пераплётах істотна паўплывалі на архітэктуру 20 ст. Сучасныя прамысл. будынкі і збудаванні вылучаюцца буйным маштабам, аб’ёмна-планіровачным вырашэннем і сілуэтам, становяцца важным арх. акцэнтам у гар. забудове.
На Беларусі з 9 ст. вядомы выраб прадметаў з дрэва, каменю, гліны, жалеза і інш., заснаваны на ручной працы. Першымі т.зв.вытв. збудаваннямі былі дамы-майстэрні: драўляныя пабудовы ў традыцыях нар. дойлідства, якія ўключалі жылую, вытв. і гасп. часткі (у Полацку, Віцебску, Магілёве, Гродне і інш.). Развіццё П.а. звязана з паяўленнем у 1-й пал. 18 ст. мануфактур (шкляныя ў Налібаках Стаўбцоўскага і Урэччы Любанскага р-наў, шаўковых паясоў у Слуцку, суконная ў Нясвіжы; усе Мінская вобл.). У 2-й пал. 18 ст. драўляныя 1-павярховыя будынкі мануфактур пастаўлены ў Гродне, Паставах і інш. У канцы 19 — пач. 20 ст., калі ў П.а. пачалі выкарыстоўвацца новыя буд. матэрыялы (чыгун, пракатнае жалеза, бетон, жалезабетон), пабудаваны шэраг прадпрыемстваў (пераважна на берагах рэк або побач з чыгункай), у т. л.Добрушская папяровая фабрыка, Віцебская лёнапрадзільная фабрыка «Дзвіна», суконная ф-ка ў в. Парэчча Пінскага р-на Брэсцкай вобл. і інш. У пач. 20 ст. рэканструяваны старыя (папяровая ф-ка «Папірус» і хрусталёвы з-д у Барысаве, шклозавод «Старава» ў Бабруйскім пав.) і пабудаваны новыя прадпрыемствы. Пошук новых арх. форм вёўся ў кірунку стварэння арх. вобраза лаканічнымі і простымі маст. сродкамі, абапіраючыся на традыцыі. Адна з першых прамысл. пабудоў — станкабуд. з-д «Энергія» (1920) у Мінску. 1930-я г. адметныя буд-вам новых прадпрыемстваў і тэхнал. пераабсталяваннем старых. Больш шырокае ўжыванне металу і жалезабетону дазволіла якасна змяніць формы і арх. аблічча прамысл. будынкаў. Шматпралётныя карпусы з адносна вял. пралётамі, выразнай арх. кампазіцыяй і дакладнай арг-цыяй унутр. прасторы, з выяўленнем функцыян. і канстр. зместу будавалі без лішніх дэкар. дэталей у афармленні фасадаў (ф-кі панчошна-трыкат. імя КІМ у Віцебску, штучнага валакна ў Магілёве, кандытарская «Камунарка» ў Мінску, з-д «Гомсельмаш» у Гомелі). Пасляваен. аднаўленне і рэканструкцыя вяліся паралельна з увядзеннем новых будынкаў, абсталяваных новай тэхнікай. Пабудаваны аўтамаб. і трактарны заводы-гіганты ў Мінску, буйныя прадпрыемствы радыётэхн., прыладабуд., паліграф. прам-сці. Прамысл. аб’екты ўключаліся ў асн. горадабуд. вузлы і структуру старых і новых гарадоў, дапаўнялі і ўзмацнялі арх.-вытв. кампазіцыю гар. забудовы. У 1950-я г. паляпшалася аб’ёмна-планіровачнае вырашэнне вытв. будынкаў, узведзены першы на Беларусі паўназборны шматпавярховы вытв. будынак — гал. корпус Мінскага гадзіннікавага завода. У кампазіцыі выкарыстоўваліся элементы класічнай спадчыны (Мінскі паліграфічны камбінат, з-д электронных выліч. машын у Мінску). Пашырыліся блакіроўка прамысл. будынкаў, уніфікацыя і тыпізацыя іх канструкцый, стварэнне карпусоў пад адным дахам (дывановы камбінат, з-ды электрамех. і электралямпавы ў Брэсце, комплекс харч. прадпрыемстваў у раёне Дражні ў Мінску). У 1960—70-я г. пабудаваны буйныя аб’екты вытв. аб’яднанняў «Палімір» у Наваполацку, «Хімвалакно» ў Магілёве, «Азот» у Гродне, «Беларуськалій» у Салігорску, «Гідрааўтаматыка» ў Гомелі і інш. На базе існуючых прадпрыемстваў створаны сучасныя вытв. комплексы з макс. блакіроўкай і кааперацыяй службаў і камунікацый, з эфектыўным выкарыстаннем тэрыторый, неабходнымі эстэт. і сан.-гігіенічнымі ўмовамі. Вял. перавагу мела аб’яднанне дробных прадпрыемстваў у камбінаты, замена старых 1-павярховых пабудоў сучаснымі шматпавярховымі будынкамі са свабоднай унутр. прасторай, што давала магчымасць мадэрнізаваць тэхнал.працэс, ствараць выразныя планіровачныя структуры і арх. прадстаўнічасць. Ствараюцца аб’яднаныя прамысл. комплексы — прамысл. вузлы, упарадкоўваюцца існуючыя прамысл. раёны. У павышэнні эстэт. і арх. выразнасці будынкаў і збудаванняў важнае месца належыць маст. выяўленню ўласцівасцей матэрыялаў і канструкцый, сістэме чляненняў сцен фасадаў, фактуры і колеру канстр. і аддзелачных матэрыялаў, колераваму вырашэнню інтэр’ераў. У арх.-кампазіцыйным вырашэнні выкарыстоўваецца прыём кантрасту падоўжаных 1-павярховых аб’ёмаў і шматпавярховых кампазіцыйных дамінантаў інж.-лабараторных карпусоў (Барысаўскі завод «Аўтагідраўзмацняльнік», Баранавіцкі завод аўтаматычных ліній, Мінскі завод халадзільнікаў, Мінскі тонкасуконны камбінат і інш.). Новыя прамысл. будынкі гарманічна ўключаюцца ў прыродны ландшафт. Вядучая арг-цыя па праектаванні прамысл.буд-ва на Беларусі — ін-т«Белпрампраект» (засн. ў 1949). Значны ўклад у П.а. зрабілі архітэктары С.Баткоўскі, Э.Бацян, І.Боўт, У.Караль, С.Корчык, У.Некрашэвіч, Н.Шпігельман і інш.
Літ.:
Ким Н.Н. Промышленная архитектура. 2 изд. М., 1988;
Архитектура Советской Белоруссии. М., 1986.
І.І.Боўт.
Да арт.Прамысловая архітэктура. Будынкі суконнай фабрыкі ў вёсцы Парэчча Пінскага раёна Брэсцкай вобл. З малюнка Н.Орды. 19 ст.Да арт.Прамысловая архітэктура. Будынак гадзіннікавага завода ў Мінску.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЭ́НДА ЗЯМЛІ́,
форма землекарыстання, пры якой уласнік зямлі перадае за плату на пэўны тэрмін зямельны ўчастак іншай асобе (арандатару) для вядзення гаспадаркі. Узнікла ў рабаўладальніцкім грамадстве і дала пачатак развіццю арэнды. У часы рабаўладальніцтва і феадалізму пераважала прадуктовая (дзеля атрымання прадуктаў), пры капіталізме набыла прадпрымальніцкі характар: арандатар укладвае ў зямлю ўласны капітал, вядзе гаспадарку з дапамогай наёмнай рабочай сілы і атрымлівае прыбытак. Пераходнымі формамі ад прадуктовай да прадпрымальніцкай арэнды зямлі былі здольшчына і адработкі. Капіталістычная арэнда зямлі найбольш пашырана ў развітых краінах (ЗША, Вялікабрытанія, Бельгія, Нідэрланды, Францыя). На развіццё арэндных адносін у аграрным сектары істотна ўплывае дзяржаўнае рэгуляванне — фінансавая дапамога для тэхнічнага аснашчэння сельскай гаспадаркі, падтрымка ў збыце прадукцыі і інш. З улікам гэтага асобныя землеўладальнікі самі становяцца і прадпрымальнікамі. Зямлю для прадпрымальніцкай дзейнасці і здачы ў арэнду набываюць таксама буйныя карпарацыі.
На Беларусі да 1861 пераважала дакапіталістычная арэнда зямлі. Пасля адмены прыгону сяляне атрымалі права заключаць арэндныя здзелкі, што спрыяла развіццю арэндных адносін. Патрэбу ў гэтым мелі не толькі беззямельныя сяляне, а і памешчыкі, якія не маглі ўласнымі сіламі апрацаваць сваю зямлю. Аграрны крызіс канца 19 стагоддзя паскорыў гэты працэс. У 1887 арэндны фонд складаў каля 2,5 млн. дзесяцін, а ў 2-й палове 1890-х гадоў каля 3,5 млн. дзесяцін. Пераважала сялянская арэнда зямлі. Але ў канцы 19 стагоддзя больш за 1,5 млн. дзесяцін зямлі арандавалі дваране, купцы, мяшчане, якія вялі буйныя прадпрымальніцкія гаспадаркі з выкарыстаннем вольнанаёмнай працы. Да 1917 арэндны фонд на Беларусі, паводле ацэнак спецыялістаў, дасягнуў прыкладна 5 млн. дзесяцін, у т. л. не менш як 3,3 млн. дзесяцін прыпадала на сялянскую арэнду. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 зямля была нацыяналізавана, а яе арэнда забаронена. З некаторымі абмежаваннямі адноўлена ў часы нэпа і існавала да калектывізацыі. Права на арэнду зямлі грамадзяне і арганізацыі зноў атрымалі на аснове прынятых Вярхоўным Саветам Беларусі «Кодэкса Беларускай ССР аб зямлі» і «Закона Беларускай ССР аб арэндзе» (1990). Здаваць у арэнду зямлю і іншыя прыродныя рэсурсы могуць толькі мясцовыя Саветы дэпутатаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРА́БЫ (саманазва аль-араб),
група народаў, асн. насельніцтва араб. краін Зах. Азіі і Паўн. Афрыкі. Жывуць таксама ў Іране, Турцыі, Ізраілі, Самалі, Эфіопіі і інш., значныя групы арабаў-эмігрантаў жывуць у Паўд. і Паўн. Амерыцы, Францыі і інш. Агульная колькасць больш за 175 млн.чал. (1987). Гавораць на арабскай мове. Большасць вернікаў — мусульмане-суніты, частка — шыіты, абадзіты, друзы, ёсць і хрысціяне. Гл. таксама Алжырскія арабы, Егіпецкія арабы, Іракскія арабы, Йеменскія арабы, Ліванскія арабы, Лівійскія арабы, Мараканскія арабы, Суданскія арабы.
Мяркуецца, што семіцкія плямёны, якія далі пачатак араб. народам, аўтахтонныя жыхары Аравійскага п-ва. У 1-м тыс. да н. э. ўзніклі першыя араб. дзяржавы Пальміра, Набатэя і Ліх’ян (на Пн Аравіі), у 5—6 ст.н. э. — Гасан і Лахм (на Пд Аравіі), Кінда (Цэнтр. Аравія). У гэты час пачаўся працэс фарміравання араб. народа. Тагачасныя арабы знаходзіліся на стадыі разлажэння племяннога ладу, хоць патрыярхальна-радавыя адносіны і племянныя сувязі захоўваліся яшчэ вельмі доўга. З 1-й пал. 7 ст. ўзмацнілася пранікненне арабаў у суседнія краіны. У выніку арабскіх заваяванняў утварыўся велізарны Арабскі халіфат (гл.Халіфат), які ахопліваў тэр. ад Індыі да Атлантычнага ак. і ад Сярэдняй Азіі да Цэнтр. Афрыкі. Заваяванае насельніцтва, асабліва ў Паўн. Афрыцы, прыняло мову, рэлігію (іслам), элементы матэр. і духоўнай культуры арабаў і было хутка арабізавана. Разам з тым і арабы многае ўзялі з культуры заваяваных народаў. У выніку склалася своеасаблівая арабская культура, якая зрабіла вял. ўплыў на сусв. культуру. Створаны сілай зброі Арабскі халіфат у 9—10 ст. распаўся на Багдадскі (гл.Абасідаў халіфат), Каірскі (гл.Фатымідаў халіфат), Кардоўскі халіфат, а пазней на больш дробныя халіфаты, эміраты, княствы. У 16 ст.араб. краіны Пярэдняй Азіі (акрамя значнай ч. Аравійскага п-ва) і Паўн. Афрыкі (за выключэннем Марока) увайшлі ў Асманскую імперыю. З 19 ст.араб. землі — арэна барацьбы паміж калан. дзяржавамі, а ч.тэр. Марока захоплена Партугаліяй яшчэ ў 15—16 ст. Вызваленчая барацьба арабаў, якая не спынялася і ў 19 — 20 ст., прынесла араб. краінам дзярж. незалежнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́ПІНГ (англ. doping ад dope даваць наркотык),
стымуляцыя псіхафіз. актыўнасці спартсмена з дапамогай фармакалагічных сродкаў і метадаў. прызнаных Мед. камісіяй Міжнар.алімп.к-та (МАК) допінгавымі. У спіс допінгавых сродкаў уваходзяць: узбуджальныя (амфетамін, эфедрын, кафеін); абязбольваючыя наркатычныя (марфін, кадэін, какаін і інш.); андрагенна-анабалічныя стэроіды (метанабол. 19-нортэстастэрон, станазалол, тэстастэрон); мачагонныя (фурасемід, гідрахлоратыязід, ацэтазаламід, аміларод і інш. для хуткага штучнага зніжэння масы цела, прыспешваюць працэс выдзялення мачы, што зніжае канцэнтрацыю ў ёй допінгавых субстанцый і перашкаджае іх выяўленню); пептыдныя гармоны і іх аналагі (плацэнтны ганадатрапін, кортыкатрапін, самататрапін, эрытрапаэтын). Д. з’яўляюцца таксама сродкі, выкарыстанне якіх не забаронена, але мае пэўныя абмежаванні; алкаголь, марыхуана, сродкі мясц. абязбольвання. У абгрунтаваных мед. паказаннямі выпадках дазваляецца выкарыстанне пракаіну, лідакаіну (ксілакаіну), карбакаіну. Кортыкастэроіды могуць выкарыстоўвацца толькі мясцова пры захворваннях вушэй, вачэй, скуры, пры інгаляцыйнай тэрапіі (астма, алергічны насмарк) і бэта-адрэналітыкі (прапраналол і інш.). Допінгавымі метадамі лічацца аўтатрансфузія (пераліванне ўласнай крыві), гетэратрансфузія (пераліванне донарскай крыві), пераліванне прэпаратаў, які маюць эрытрацыты (з уласнай або донарскай крыві), фармацэўтычныя, хім., фіз. маніпуляцыі з мэтай падмены саставу пробы біял. вадкасці.
Пошукі пазатрэніровачных спосабаў стымуляцыі псіхафіз. магчымасцей чалавека вяліся яшчэ ў старажытнасці. З канца 19 ст. ў спарт. дысцыплінах, што патрабуюць доўгатэрміновага напружання (напр., веласіпедны спорт), выкарыстоўвалі кафеін, алкаголь, эфір, стрыхнін і абязбольваючыя наркатычныя сродкі. Першыя антыдопінгавыя даследаванні (пачынальнік польскі фармацэўт А.Букоўскі) праведзены ў пач. 20 ст. на скакавых конях на іпадромах Будапешта, Варшавы, Вены. У 1950—60-я г. фармацэўтычныя сродкі пачалі шырока выкарыстоўваць у многіх відах спорту. Першы смяротны выпадак зафіксаваны ў час Алімп. гульняў у 1960 у Рыме (у выніку злоўжывання амфетаміну і вял. напружання пры высокай тэмпературы паветра памёр дацкі веласіпедыст К.Енсен). У 1967 МАК стварыў Мед. камісію, якая распрацавала правілы антыдопінгавага кантролю. На 94-й сесіі МАК (1988, Сеул) прыняты тэкст Міжнар.алімп. антыдопінгавай хартыі, якая вызначае прынцыпы барацьбы з Д., ролю і задачы ў ёй спарт і ўрадавых арг-цый. У 1989 Антыдопінгавая хартыя прынята Саветам Еўропы.