АРХІТЭКТУ́РА (лац. architectura ад грэч. architektōn будаўнік),
дойлідства, мастацтва праектавання і будаўніцтва будынкаў, збудаванняў і іх комплексаў, а таксама сістэма будынкаў і збудаванняў, якія фарміруюць прасторавае асяроддзе для жыцця і дзейнасці людзей. Архітэктура адначасова з’яўляецца і галіной матэрыяльнай культуры і маст. творчасці. Ствараецца ў адпаведнасці з патрабаваннямі і магчымасцямі грамадства, якое вызначае функцыян. прызначэнне і маст. лад архітэктуры. Паводле функцыян. прызначэння падзяляецца на жылую архітэктуру (гл.Жыллё), прамысловую архітэктуру, архітэктуру грамадскіх будынкаў і збудаванняў (гл.Грамадскія будынкі), садова-паркавую (гл.Садова-паркавае мастацтва). У асобныя галіны вылучаюць планіроўку і забудову гар. і сельскіх населеных месцаў (гл.Горадабудаўніцтва, Сельская архітэктура). Пры стварэнні матэрыяльнага асяроддзя жыцця і дзейнасці людзей архітэктура зыходзіць з патрабаванняў карыснасці, трываласці і прыгажосці. Адзін з асн. яе крытэрыяў — мэтазгоднасць. Архітэктура мае спецыфічныя сродкі выяўлення ідэйна-маст. зместу, гал. з іх — фарміраванне прасторы і архітэктоніка. Для гарманізацыі прасторавых формаў выкарыстоўваюць кампазіцыйна-вобразныя прыёмы і сродкі: сіметрыю і асіметрыю, кантраст і нюанс, рытм, прапорцыі, маштабнасць, вылучэнне гал. ў кампазіцыі, суразмернасць частак і цэлага і г.д.Маст. выразнасць твораў архітэктуры павышаецца падборам фактуры, колеру, дэкар. элементаў, выяўленнем формы з дапамогай святлаценю і інш. Асобны будынак, нават дасканалай маст. формы, успрымаецца сам па сабе, а разам з інш. аб’ектамі і ландшафтам стварае пэўную арх.-прасторавую сістэму, вышэйшай ступенню якой з’яўляецца арх. ансамбль. Найбольшы маст. эфект дасягаецца ў выніку сінтэзу архітэктуры з інш. відамі мастацтва (жывапіс, скульптура, дэкар.-прыкладное мастацтва, маст. канструяванне; гл.Сінтэз мастацтваў). Сукупнасць функцыян., канструкцыйных і маст. рысаў, уласцівых архітэктуры пэўнага народа ў вызначаны гіст. перыяд, складае яе стыль. Нац. характар архітэктуры выяўляецца ў яе асаблівасцях пэўнага народа або рэгіёна і звязаны з іх гіст. развіццём, эканомікай, культурай, этнічнымі і маст. традыцыямі. Найб. яскравы нац. характар маюць помнікі народнага дойлідства. Мясц. традыцыі архітэктуры часцей сінтэзуюцца з традыцыямі, агульнымі для многіх краін і народаў. У гэтым выяўляецца ўзаемаўплыў і ўзаемадзеянне мастацтва розных народаў, кожны з якіх робіць свой уклад ў сусветную архітэктуру.
Архітэктура зарадзілася, калі чалавек пачаў сам будаваць жыллё. Найб. раннія жылыя збудаванні на тэр. Беларусі адносяцца да часоў палеаліту (стаянкі каля вёсак Бердыж Чачэрскага і Юравічы Калінкавіцкага р-наў Гомельскай вобл.). Пазней з’явіліся селішчы з наземнымі жытламі. Ад часоў бронз. і жал. вякоў у Англіі, Францыі, Арменіі і інш. краінах захаваліся культавыя мегалітычныя збудаванні — дальмены, менгіры, кромлехі (сусветна вядомы кромлех у Стоўнхенджы, Вялікабрытанія) і абарончыя збудаванні. У рабаўладальніцкіх дзяржавах, дзе ў руках маёмных класаў канцэнтраваліся сродкі і бясплатная рабочая сіла, былі дасягненні навукі і тэхнікі, ствараліся буйныя ірыгацыйныя сістэмы, абарончыя і культавыя забудаванні, манум. палацы і храмы (піраміды ў Гізе, храмы ў Луксоры і Карнаку ў Егіпце, зікураты Асірыі і Вавілоніі, Вялікая Кітайская сцяна, пячорныя храмы і ступы ў Індыі, храмы і палацы інкаў і ацтэкаў). У эпоху росквіту эгейскага мастацтва і гарадоў-дзяржаў (полісаў) Стараж. Грэцыі развівалася сістэма рэгулярнай планіроўкі гарадоў, узніклі разнастайныя тыпы жылых, культавых і грамадскіх будынкаў, грамадска-рэліг. цэнтры — акропалі (Афінскі акропаль), склалася сістэма арх.ордэра. Прасякнутая гуманіст. духам архітэктуры Стараж. Грэцыі значна паўплывала на далейшае развіццё сусветнага дойлідства. У Стараж. Рыме вял. значэнне набылі збудаванні, якія сведчылі аб магутнасці дзяржавы (форумы, амфітэатры, тэрмы, базілікі, палацы, аркі трыумфальныя), з’явіліся скляпеністыя перакрыцці, новыя буд. матэрыялы (Рымскі Калізей, Рымскі Пантэон). У эпоху сярэднявечча асн. тыпамі былі культавыя збудаванні (хрысц. цэрквы і манастыры ў Еўропе, мячэці і медрэсэ, маўзалеі ва ўсх. краінах), а таксама крапасныя і абарончыя замкі, крамлі. У Візантыі створаны буйныя купальныя збудаванні (Канстанцінопальскі Сафійскі сабор). Візантыйская архітэктура зрабіла вял. ўплыў на дойлідства Балгарыі, Сербіі, Македоніі, Грузіі, Арменіі і Стараж. Русі. На землях Кіеўскай Русі ў 10—12 ст. будаваліся гарады, абарончыя ўмацаванні з магутнымі валамі і вежамі (Залатыя вароты ў Кіеве), храмы (Кіеўскі Сафійскі сабор, Наўгародскі Сафійскі сабор, Уладзімірскі Дзмітрыеўскі сабор), на бел. землях — Полацкі Сафійскі сабор, Полацкая Спаса-Ефрасіннеўская царква, Віцебская Благавешчанская царква), княжацкія палацы. У 12—14 ст. на землях б.Стараж. Русі склаліся школы дойлідства: кіеўская, чарнігаўская, уладзіміра-суздальская, пскоўская, наўгародская, гродзенская, полацкая (гл. асобныя арт.). У 14—16 ст. фарміруецца руская, украінская, беларуская архітэктура. У 17—18 ст. высокага ўзроўню дасягнула рус., бел. і ўкр.драўлянае дойлідства (Кіжы, Новамаскоўскі Троіцкі сабор, Рубельская Міхайлаўская царква). Значны ўклад у развіццё архітэктуры сярэднявечча зрабілі народы араб. Усходу і Сярэдняй Азіі (гл. ў арт.Арабская культура), Паўд.-Усх. Азіі (храмавы комплекс Ангкор у Камбоджы, маўзалей Тадж-Махал у Агры, Індыя). У Зах. і Цэнтр. Еўропе ў канцы 10 ст. склаўся раманскі стыль — манастырскія комплексы з замкнутымі дварамі-клуатрамі, масіўныя храмы базілікальнага тыпу з некалькімі манументальнымі вежамі (саборы ў Мілане, Вормсе, Ілі і інш.). У 12 ст. ў Францыі, а потым у краінах Зах. і Цэнтр. Еўропы пашырылася архітэктура готыкі са своеасаблівай канструкцыйнай сістэмай — нервюрнымі скляпеннямі, стральчатымі аркамі, аркбутанамі і т.д. (саборы ў Парыжы, Рэймсе, Ам’ене, Шартры ў Францыі, Кёльне, Марбургу ў Германіі, у Празе, Кракаве і інш.).
Важны этап гісторыі архітэктуры ў краінах Зах. і Цэнтр. Еўропы звязаны з эпохай Адраджэння, калі пашырылася буд-ва свецкіх будынкаў, ансамбляў, гарадскіх цэнтраў. На змену ананімнаму рамесніку-дойліду прыйшоў адукаваны спецыяліст-архітэктар, які ў сваіх праектах звяртаецца да ант. спадчыны і абапіраецца на дасягненні сучаснай яму культуры (Ф.Брунелескі, Д.Брамантэ, Мікелоца; тэорыю архітэктуры развівалі Л.Б.Альберці, Віньёла, А.Паладыо і інш.). На Беларусі стыль эпохі Адраджэння выявіўся ў культавых (Заслаўская Спаса-Праабражэнская царква) і замкава-палацавых (Мірскі замкава-паркавы комплекс, ратуша і замкавая брама ў Нясвіжы) пабудовах. У канцы 16 ст. ўзнік стыль барока са складанай сістэмай аб’ёму і прасторы, пластычнасцю і сакавітай дэкаратыўнасцю. Ён стаў пануючым у Італіі (арх. Л.Берніні, Ф.Бараміні), Германіі, Аўстрыі, Чэхіі, Іспаніі, Партугаліі, пашырыўся ў Расіі, а ў краінах Лацінскай Амерыкі набыў нац.маст. ўвасабленне. Першы помнік барока на Беларусі — Нясвіжскі касцёл езуітаў. Маст. сістэма позняга бел. барока мае назву віленскае барока. У 2-й пал. 17 ст. ў Францыі пачала складвацца архітэктура класіцызму, якая была гал. кірункам і ў 18 ст. пасля кароткачасовай успышкі дэкар. і вычварнага стылю ракако. Сярод франц. архітэктараў класіцызму вылучаліся Л.Лево, Ж.Ардуэн-Мансар, А.Ленотр, К.Перо, Ж.А.Габрыэль, К.Н.Леду. У Францыі класіцызм перыяду напалеонаўскай імперыі прыйшоў да халоднай параднасці ампіру. У Расіі ён адцясніў барока і праз абавязковыя «ўзорныя праекты» пашырыўся на звычайную забудову гарадоў. Росквіт рус. класіцызму на пач. 19 ст. адзначаны стварэннем манум. ансамбляў у Пецярбургу, Маскве і правінцыяльных гарадах. Яго прадстаўнікі — В.Бажэнаў, М.Казакоў, І.Староў, Дж.Кварэнгі, А.Захараў, А.Вараніхін, Ж.Тама дэ Тамон, К.Росі, В.Бавэ, Дж.Жылярдзі, А.Грыгор’еў. На Беларусі канца 18 — 1-й пал. 19 ст. ў ліку помнікаў сталага класіцызму ў жыллёвай грамадз. і культавай архітэктуры Гомельскі, Сноўскі (Нясвіжскі р-н), Жыліцкі (Кіраўскі р-н), Радзівілімонтаўскі (в. Чырвоная Зорка Клецкага р-на) палацы, Магілёўскі Іосіфаўскі сабор, Гомельскі Петрапаўлаўскі сабор, Слаўгарадская царква Раства Багародзіцы. У сярэдзіне 19 ст. класіцызм прыйшоў у заняпад. Пачалі ўзнікаць новыя тыпы збудаванняў, заводскія цэхі, шматпавярховыя фабрычныя будынкі, вакзалы, універсальныя магазіны, выставачныя павільёны, даходныя дамы; будынкі з металу і шкла («Хрустальны палац» у Лондане), вышынныя інж.-тэхн. збудаванні з метал. каркасам (Эйфелева вежа ў Парыжы). Група архітэктараў т.зв. чыкагскай школы ў ЗША стварыла спецыфічную форму вышыннага канторскага будынка — небаскроб. Аднак наватарскія канструкцыі часта губляліся ў дэкар. формах, якія ўзнаўлялі стылі розных эпох (гл.Эклектызм). У архітэктуры Беларусі канца 19 — пач. 20 ст. ўпор рабіўся на вонкавую дэкаратыўнасць фасадаў, развіваліся рэтраспектыўныя плыні: неакласіцызм (будынкі духоўнага ведамства і т-вас.-г. страхавання ў Мінску, рэальнага вучылішча ў Гродне); неараманскі стыль (касцёл Сымона і Алены ў Мінску, касцёл у в. Воўчкавічы Мінскага р-на); несапраўдная готыка; неарускі стыль (Пазямельна-сялянскі банк у Віцебску, капліца ў в. Лясная Слаўгарадскага р-на Магілёўскай вобл.). Супярэчнасць паміж традыц. архітэктурай і новай тэхнікай спрабавалі вырашыць архітэктары стылю мадэрн, які ўзнік у 1890-я г. Выкарыстоўваючы новыя буд. і маст. магчымасці, яны аддавалі перавагу пластычнай форме, якая набывала жывапісна-дэкар. трактоўку (А.Гаўдзі ў Іспаніі, У.Макінтош у Вялікабрытаніі, В.Арта ў Бельгіі, Й.Ольбрых, Й.Гофман у Аўстрыі, Ф.Шэхтэль у Расіі). На пач. 20 ст. шэраг архітэктараў спалучалі тэхн. дасягненні з нац. традыцыямі і класічнымі прынцыпамі кампазіцыі (А.Перэ ў Францыі, О.Вагнер і А.Лоз у Аўстрыі, П.Берэнс у Германіі, Х.П.Берлаге ў Нідэрландах). У архітэктуры складваецца рацыяналізм, гал. прынцып якога — максімальная мэтазгоднасць і дакладная адпаведнасць будынка яго прызначэнню. Рацыяналісты (Ле Карбюзье ў Францыі, прадстаўнікі арх. аб’яднання «Баўгаўз» у Германіі) шукалі выразнасці ў лаканізме формаў і іх кантрастах. У 1930-я г. рацыяналізм, пашыраны ў архітэктуры ўсіх развітых краінах, атрымаў назву функцыяналізм. Імкненню функцыяналістаў да універсальнасці формаў проціпастаўлялася т.зв.арганічная архітэктура, заснавальнікам якой быў Ф.Л.Райт. У пасляваенны час своеасаблівасцю нац. школ вылучаліся Фінляндыя (А.Аалта), Японія (К.Танге), Бразілія (О.Німеер). У ЗША арх. Л.Міс ван дэр Роэ стварыў канцэпцыю «універсальнай» архітэктуры, заснаванай на рытмічнай яснасці, прастаце геам. формаў і вял. унутраных прастораў. У процілегласць ёй развіўся кірунак бруталізму, які спалучаў функцыянальнасць пабудоў з наўмыснай масіўнасцю і грубай фактурай аголеных паверхняў (Л.Кан і інш. ў ЗША). Усё большыя магчымасці буд. тэхнікі, якія дазваляюць ствараць складаныя прасторавыя формы зборных жалезабетонных абалонак і вантавых пакрыццяў, набылі маст. асэнсаванне ў збудаваннях П.Л.Нерві ў Італіі, Ф.Кандэлы ў Мексіцы і інш. У 1970—80-я г. ў ЗША і Зах. Еўропе пашырыўся постмадэрнізм, які абвясціў вяртанне да рознастылёвых гіст.арх. формаў мінулых эпох (П’яцца д’Італія ў Нью-Арлеане).
У архітэктуры былога СССР таксама прасочваюцца пэўныя стылявыя змены. Рысы архітэктуры 1920 — пач. 30-х г. выявіліся ў пошуках новых формаў маст. выразнасці і рацыянальнага выкарыстання збудаванняў — лаканічнасць і прастата арх.-маст. вырашэння фасадаў (будынак Дзяржпрома ў Харкаве, Дом урада Рэспублікі Беларусь і інш.). Узніклі новыя тыпы грамадскіх будынкаў — палацы культуры, рабочыя клубы, фабрыкі-кухні, т.зв. дамы-камуны, у праектаванні якіх удзельнічалі групоўкі «канструктывістаў» (браты Весніны, М.Гінзбург, І.Леанідаў), «функцыяналістаў» (К.Мельнікаў, М.Ладоўскі) і інш. Дойліды старэйшага пакалення імкнуліся захаваць класічныя арх. традыцыі (А.Шчусеў, І.Жалтоўскі, І.Фамін). З пачаткам пяцігодак сав. архітэктура перайшла да масавага стварэння буйных прамысл. комплексаў, жылых масіваў і цэлых гарадоў. З 2-й пал. 1930-х г. у архітэктуры грамадскіх будынкаў узніклі тэндэнцыі да захаплення параднасцю, заснаваныя на выкарыстанні класічнай спадчыны, што прывяло да часовага адыходу ад наватарскіх прыёмаў. Дасягненнем гэтага перыяду была рэалізацыя шырокіх горадабудаўнічых ідэй (ген. планы рэканструкцыі Масквы, Ленінграда, Мінска, Гомеля, Віцебска і інш.). У пасляваенны час паралельна з вырашэннем грандыёзных задач па аднаўленні і рэканструкцыі разбураных гарадоў, ствараліся новыя ансамблі гарадскіх цэнтраў. Удасканальваліся віды і тыпы збудаванняў, шырока ўкараняўся метад тыпавога праектавання. Разам з тым назіраўся і зварот да класічнай арх. спадчыны, імкненне да трыумфальнасці, што адбівалася на вырашэнні функцыян., тэхн. і эканам. аспектаў і тэмпе буд-ва. З укараненнем індустр. метадаў буд-ва пашыралася колькасць тыпавых праектаў жылых дамоў з павялічаным наборам тыпаў кватэр. Імкненне да утылітарнасці і эканоміі прывяло да манатоннай аднастайнасці архітэктуры. З 1970-х г. пачынаюць стварацца новыя жылыя раёны, дзе ў буд-ве выкарыстаны больш эстэтычна выразныя формы і планіровачныя прынцыпы, у т. л.Зялёны Луг і Усход у Мінску. Перадавыя тэхн. прыёмы давалі магчымасць стварыць грамадскія збудаванні са свабодным аб’ёмна-планіровачным вырашэннем (Палац з’ездаў у Маскве, палацы мастацтваў і культуры ў Алматы, Ташкенце, Ерэване, Кіеве, Рэсп. інфармацыйна-культурны цэнтр, павільён міжнародных выставак і Палац спорту ў Мінску, аэравакзал ў Брэсце і інш.). Важную ролю ў фарміраванні горадабуд. структур адыгрываюць мемарыяльныя збудаванні і комплексы, якія арганічна ўваходзяць у ансамблі населеных пунктаў і ландшафтаў. Гл. таксама раздзелы «Архітэктура» ў арт. пра Беларусь і інш. краіны і вял. гарады.
Літ.:
Всеобщая история архитектуры. Т. 1—12. 2 изд. М., 1970—75;
Витрувий. Десять книг об архитектуре: Пер. с лат.М., 1936;
Буров А.К. Об архитектуре. М., 1960;
Виолле ле Дюк. Беседы Об архитектуре: Пер. с фр.Т. 1—2. М., 1937—38;
Гропиус В. Границы архитектуры: Пер. с англ.М., 1971;
Мастера архитектуры об архитектуре. М., 1972;
Бэнэм Р. Взгляд на современную архитектуру: Эпоха мастеров: Пер. с англ.М., 1980;
Гидион З. Пространство, время, архитектура: Пер. с нем. 3 изд. М., 1984;
Ле Корбюзье. Архитектура XX в.: Пер. с фр. 2 изд. М., 1977;
Нимейер О. Архитектура и общество: Пер. с португ., англ. и фр.М., 1975;
Райт Ф.Л. Будущее архитектуры: Пер. с англ.М., 1960;
Архітэктура Беларусі: Энцыкл.давед.Мн., 1993;
Encyclopeadia of modern architecture. London, 1963;
History of world architekture. Vol. 1—14. New York, 1972—80;
Kraiewski K. Mala encyklopedia architektury I wnetrz. Wrocław etc., 1974;
Broniewski T. Historia architektury dła wszystkich. 2 wyd. Wrocław etc., 1980;
Benevolo L. Histoire de l’architecture moderne. [Vol.] 1—2. Paris, 1979—80;
Да арт.Архітэктура. Спаса-Ефрасіннеўская царква ў Полацку. 1152—61 (уверсе); Дзмітрыеўскі сабор ва Уладзіміры. 1194—97.Да арт.Архітэктура. Храм Геры ў Пестуме. Італія. 5 ст. да н.э.Да арт.Архітэктура. Сабор у Ілі (Вялікабрытанія). 12 ст. (уверсе); палацца Ручэлаі ў Фларэнцыі (арх. Л.Б.Альберці і Б.Раселіна). 1446—51.Да арт.Архітэктура. Сабор Нотр-Дам у Шартры (Францыя). 1194—1260.Да арт.Архітэктура. Палац Верхні Бельведэр у Вене. Арх. Л.Гільдэбрант. 1722.Да арт.Архітэктура. Мікалаеўская царква ў в. Кажан-Гарадок Лунінецкага раёна Брэсцкай вобл. 1818.Да арт.Архітэктура. Царква Саграда Фамілія ў Барселоне. Арх. А.Гаўдзі. 1884—1926.Да арт.Архітэктура. Алімпійскі спартыўны комплекс у Токіо. Арх. К.Тангэ. 1960—64.Да арт.Архітэктура. Капэла Нотр-Дам-дэю-О ў Раншане (Францыя). Арх. Ле Карбюзье. 1950—53.Да арт.Архітэктура. П’яцца д’Італія ў Нью-Арлеане. Фантан. Арх. Ч.Мур. 1976.Да арт.Архітэктура. Галоўны корпус архітэктурна-будаўнічага факультэта БПА у Мінску. Арх. І.Есьман, В.Анікін. 1982.Да арт.Архітэктура. Павільён міжнародных выставак у Мінску. Арх. Л.Маскалевіч і інш. 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯСВІ́Ж,
горад, цэнтр Нясвіжскага р-на Мінскай вобл. За 112 км ад Мінска, 14 км ад чыг. ст. Гарадзея на лініі Мінск—Баранавічы. Аўтадарогамі злучаны з Баранавічамі, Клецкам, Навагрудкам, Стоўбцамі, з аўтамагістраллю Мінск—Слуцк. 14,6 тыс.ж. (2000).
Упершыню ўпамінаецца ў 1446 як уласнасць Сяляўкі, перададзеная вял.кн.ВКЛ Казімірам М.Неміровічу. З 1492 уласнасць маршалка ВКЛ П.Я.Мантыгірдавіча, з 1523 — Радзівілаў. У 1547 з атрыманнем М.Радзівілам Чорным княжацкага тытула Н. стаў цэнтрам Нясвіжскага княства. У сярэдзіне 16 ст. ў Н. дзейнічаў кальвінскі збор. Па ініцыятыве М.К.Радзівіла Сіроткі 23.4.1586 Н. атрымаў магдэбургскае права. У 1586 засн.Нясвіжскі езуіцкі калегіум, у 1591 — Нясвіжскі кляштар бенедыкцінак, у 1598 — Нясвіжскі кляштар бернардзінцаў. У 1583 пачата буд-ва Нясвіжскага замка (гл. ў арт.Нясвіжскі палацава-паркавы комплекс). У 1586 Н. стаў цэнтрам зямельнага ўладання Радзівілаў — Нясвіжскай ардынацыі з рысамі дзярж. адзінкі ў Навагрудскім ваяв. У вер. 1655 і 1660 у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 Н. заняты ўкр. казакамі і рас. войскамі, але замак аблогу вытрымаў. У 1672 засн.Нясвіжскі кляштар дамініканцаў. У 1673 у Н. каля 2,4 тыс.ж., 366 «дымоў». У 1681 заснаваны штогадовы Міхайлаўскі кірмаш (праводзіўся на свята св. Міхаіла, 29 вер.). Моцна пацярпеў Н. ад шведаў у 1706 у час Паўночнай вайны 1700—21, адбылася Нясвіжа абарона 1706. Горад і замак адбудаваны ў 1720-я г. М.К.Радзівілам Рыбанькам. У прыгарадзе Н. Альбе знаходзілася загарадная рэзідэнцыя Радзівілаў, дзе быў пабудаваны палац, разбіты парк, выкапаны каналы, у 1726—36 працаваў Нясвіжскі чыгуналіцейны завод. У 1764 і 1768 Н. заняты рас. войскамі з-за антырас. пазіцыі К.С.Радзівіла Пане Каханку. З 1793 у Рас. імперыі, да 1796 цэнтр Нясвіжскага павета, пасля заштатны горад Слуцкага пав. У канцы 18 ст. ў Н. 2,7 тыс.ж., 409 дамоў. У ліст. 1812 як уладанне Д.Радзівіла, які з атрадам дзейнічаў у складзе войск Напалеона, заняты рас. арміяй, каштоўнасці замка канфіскаваны. У 1897 у Н. 8446 ж. У ліст. 1917 тут адбыўся 2-і з’езд салдат 2-й арміі Заходняга фронту. У лютым—снеж. 1918 акупіраваны герм. войскамі, 6.8.1919 заняты польск. войскамі. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр павета Навагрудскага ваяв. У кастр. 1926 у Н. адбылася сустрэча маршала Ю.Пілсудскага з буйнымі землеўладальнікамі. З вер. 1939 у БССР, з 15.1.1940 цэнтр раёна. У 1939—8,5 тыс.ж. У Вял.Айч. вайну 28.6.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў горадзе больш за 6 тыс.чал., у 1943 дзейнічала падп. група. Вызвалены 2—4.7.1944 часцямі 65-й арміі 1-га Бел. фронту ва ўзаемадзеянні з партызанамі ў ходзе Мінскай аперацыі 1944. У 1959—6,7 тыс. ж.
Працуюць (2000) Нясвіжскі завод медыцынскіх прэпаратаў, хлебазавод, швейная ф-ка, малочны з-д, камбінат быт. паслуг, рыбгас «Альба»; Нясвіжскі педагагічны каледж, санаторый «Нясвіж», Нясвіжскі гісторыка-краязнаўчы музей.
У 1580-я г. на тэр. сучаснага Н. пачало фарміравацца паселішча гар. тыпу. Да 1533 на месцы стараж. гарадзішча пабудаваны драўляны замак. Ад першага ўпамінання Н. ў пісьмовай крыніцы ў 1446 і да пач. 16 ст. тут існаваў феад. двор, які ў канцы 15 ст. быў умацаваны. У 1589 пачалося буд-ва ратушы. У канцы 15 ст. пабудаваны касцёлсв. Духа, існавала правасл. царква Раства Багародзіцы. У канцы 16 — пач. 17 ст. фарміруецца арх. аблічча Н. (захавалася яго планіровачная структура з невял. зменамі). М.К.Радзівіл Сіротка з удзелам запрошаных ім італьян. архітэктараў узвёў мураваны замак, абнесены земляным валам і вадзяным ровам. У пач, 17 ст. вакол Н. насыпаны земляныя бастыёны і курціны (іх рэшткі захаваліся на беразе Дзявочага става каля кляштара бенедыкцінак, даўж. каля 100—150 м). У 1584—1616 Н. набыў рэгулярную сістэму планіроўкі, сфарміраваўся як горад-крэпасць. Рака падзяляла яго на 2 часткі: уласна горад з замкам і яго прадмесце Новае места, якое будавалася на працягу 17 ст. На 4 асн. уездах у горад былі збудаваны брамы: Нясвіжская замкавая вежа, Нясвіжская Слуцкая брама, Віленская (спачатку наз. Мірская) і Клецкая. Н. меў прамавугольную сістэму планіроўкі з невял. квадратнымі кварталамі. Кампазіцыйным цэнтрам была прамавугольная ў плане Рыначная плошча, забудаваная па перыметры з 3 бакоў мураванымі жылымі дамамі, у цэнтры якой знаходзілася мураваная ратуша. У 17 ст. абапал яе размяшчаліся гандл. рады (перабудаваны ў 18 ст.; гл.Нясвіжская ратуша і гандлёвыя рады). У 1672 за ратушай узведзены мураваны дамініканскі кляштар (не захаваўся). Аснову планіровачнай структуры складалі 2 узаемна перпендыкулярныя вуліцы. Адна, больш працяглая (частка гасцінца Слуцк—Вільня), праходзіла праз увесь горад з З на У і злучала Слуцкую і Віленскую брамы, другая (наз. Водная) — з Пн на Пд, звязвала Рынак з замкавай грэбляй. З канца 16 ст. Н. забудоўваўся паводле класічнай рэнесансавай схемы, прамаляванай ням. жывапісцам А.Дзюрэрам у выглядзе чалавечага цела: замак — галава, калегіум езуітаў з касцёлам — сэрца, ратуша і гандл. рады на рынку — страўнік, рукі і ногі пазначаны кляштарамі і цэрквамі па перыметры горада. Некат. карэкціроўка ўнесена наяўнасцю забалочанага поплаву р. Уша. У канцы 16 ст.паўн.-ўсх. частцы горада, каля замкавай вежы, пабудаваны Нясвіжскі касцёл езуітаў і Нясвіжскі езуіцкі калегіум, у паўд.-ўсх. частцы — Нясвіжскі кляштар бенедыкцінак, у паўн.-зах. частцы — Нясвіжскі кляштар бернардзінцаў. У 1673 узведзены Нясвіжскі кляштар бенедыкцінцаў з касцёлам св. Крыжа. У 2-й пал. 16 ст. ўзнік прыгарад Альба, дзе ў 17—18 ст. сфарміраваўся Альбінскі палацава-паркавы ансамбль. У 1654 і 1659 горад разбураны, у 1706 разрабаваны і спалены, узарваны бастыёны, горад пацярпеў і ад пажараў 1836 і 1843 (згарэла 150 дамоў). У 1720-я г. адбудаваны. У 18 ст. існаваў гар. палац, у 19 ст. — цэрквы Праабражэнская (з 1846 у будынку ратушы), Георгіеўская, Прачысценская (пабудавана ў 1577), 2 касцёлы, сінагога, 7 яўр. малітоўных дамоў. Сучасны горад захаваў гіст.арх.-планіровачную структуру. Ракой і вадаёмам ён падзелены на паўн.-зах. (гіст.) і паўд.-ўсх. (асн. жылы масіў з грамадскім цэнтрам) часткі, звязаныя паміж сабой земляной дамбай і мостам. Асн. кампазіцыйныя восі — вуліцы Ленінская—Савецкая-1 Мая і Шымко—К.Лібкнехта—Садовая (з Пн на Пд). Пасля Вял.Айч. вайны горад развіваўся паводле схемы планіроўкі 1955 (Баранавіцкія праектныя майстэрні) і генплана 1965 (ін-т «Белдзяржпраект»), Гал. вуліца — Ленінская. Адм.-грамадскі і культ. цэнтр сфарміраваўся на Цэнтральнай плошчы (б. Рыначная), на ёй разбіты сквер. Цэнтр забудаваны 3—5-павярховымі дамамі. Сфарміраваліся паўн.-зах. і паўд.-ўсх.вытв. зоны. Зона адпачынку — паркі, вадаёмы, лесапарк. Захаваліся помнікі архітэктуры 16—19 ст.: плябанія, Нясвіжскі«Дом на рынку» і інш. Паводле генплана 1982 (БелНДІПгорадабудаўніцтва, арх. Т.Станішэўская) і праекта дэталёвай планіроўкі цэнтра 1978 (ін-т «Мінскграмадзянпраект», арх. А.Кракалёва, Л.Шылінская, Г.Перліна) прадугледжана далейшае развіццё горада на ПдЗ і ПдУ, стварэнне грамадскага цэнтра на стыку гіст. цэнтра з раёнамі новай жылой забудовы. У 1985 распрацаваны праект рэстаўрацыі і рэгенерацыі гіст. забудовы Н. (арх. Г.Босак, А.Дарэнскі, Т.Куцапалава і інш.). У 1982 у Н. пастаўлены помнік С.Буднаму (скульпт. С.Гарбунова).
Да 20 ст.культ. жыццё Н. развівалася дзякуючы мецэнатам — князям Радзівілам. У 16 і 18 ст. працавала Нясвіжская друкарня, заснаваная С.Будным, М.Кавячынскім і Л.Крышкоўскім і адроджаная Радзівілам Рыбанькам. У 16 ст. склаўся т.зв. Нясвіжскі літ. гурток, у які ўваходзілі С.Будны, А.Рымша, Г.Пельгжымоўскі, Я.Радван, Я.Козак, пазней — Б.Будны і С.Рысінскі. У замку захоўваліся творы дэкар.-прыкладнога мастацтва, карціны, архіў і б-ка Радзівілаў; буйныя кнігазборы былі ў кляштарах. У канцы 16 — пач. 17 ст. пры двары Радзівіла Сіроткі працаваў гравёр і картограф Т.Макоўскі, складзена 1-я дакладная карта ВКЛ. Пры езуіцкім калегіуме з 1610 існавала муз. бурса, з 1620 — канвікт (інтэрнат) для малазабяспечаных вучняў, з 1627 — аптэка, меўся шпіталь, у 1696—1758 дзейнічаў школьны т-р. У 17 ст. ў калегіуме выкладалі паэт М.К.Сарбеўскі, філосаф З.Лаўксмін, у 18 ст. — паэт і драматург Ю.Катэнбрынг, гісторык Я.А.Пашакоўскі. У сярэдзіне 18 ст. Радзівіл Рыбанька заснаваў Нясвіжскую мануфактуру шаўковых паясоў, Нясвіжскую дывановую мануфактуру і Нясвіжскую суконную мануфактуру. У 18 ст. ў Н. працавалі архітэктар К.Ждановіч, мастакі Гескія, гравёр Г.Ляйбовіч. У 18 ст. дзейнічаў Нясвіжскі кадэцкі корпус для падрыхтоўкі афіцэраў радзівілаўскага войска. У 18 — пач. 19 ст. існавалі Нясвіжскі тэатр Радзівілаў з Нясвіжскай балетнай школай, Нясвіжская капэла Радзівілаў з Нясвіжскай музычнай школай; ставіліся п’есы Ф.У.Радзівіл, оперы М.Радзівіла. У выніку канфіскацый рас. улад у 1772 і 1812 страчана значная частка замкавай б-кі, музейных збораў і каштоўнасцей. У 1815 у Н. жыў паэт-дзекабрыст К.Ф.Рылееў, у 1833—35 і 1840—44 — паэт У.Сыракомля. Пасля скасавання езуіцкага ордэна ў 1773 замест калегіума адкрыта вучылішча Адукацыйнай камісіі, да 1835 дзейнічала школа пры дамініканскім кляштары. У 1875 адкрыта Нясвіжская настаўніцкая семінарыя, дзе вучыліся этнографы А.Я.Багдановіч і А.К.Сержпутоўскі, пісьменнікі Я.Колас, К.Чорны, Р.Мурашка, мастак М.К.Сеўрук (з 1939 жыў пастаянна, тут і пахаваны). У 1921—24 дзейнічала Нясвіжская бел. гімназія. У 1994 для адраджэння помнікаў Н. заснаваны міжнар. фонд «Нясвіж». З 1995 працуе Нясвіжскі гісторыка-краязнаўчы музей. У 1996 створаны гіст.-культ. запаведнік «Нясвіж». У горадзе праводзяцца міжнар.навук. сімпозіумы па гісторыі і культуры, фестывалі старадаўняй і камернай музыкі «Музы Нясвіжа». Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магіла ахвяр фашызму, мемар. знак на месцы расстрэлу ахвяр фашызму. Помнік Вызвалення ад ням.-фаш. захопнікаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́НСКІ РАЁН Размешчаны на Пд Брэсцкай вобл. Утвораны 15.1.1940
(у сучасных межах з 1962). Пл. 3,2 тыс.км². Нас. 61,3 тыс.чал. (2000),
гарадскога 4,5%. Сярэдняя шчыльн. 19 чал. на 1 км². Цэнтр — г.Пінск. Уключае г.п.Лагішын, 179 сельскіх нас. пунктаў, Лагішынскі пасялковы Савет, 24 сельсаветы: Аснежыцкі, Ахоўскі, Барычавіцкі, Бобрыкаўскі, Бярозавіцкі, Валішчанскі, Гарадзішчанскі, Дубайскі, Загародскі, Калавуравіцкі, Лапацінскі, Ласіцкі, Лемяшэвіцкі. Лышчанскі, Малоткавіцкі, Мерчыцкі, Навадворскі, Парахонскі, Парэцкі, Пінкавіцкі, Плешчыцкі, Сошненскі, Ставоцкі, Хойнаўскі. Паўднёвая ч. раёна пацярпела ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС.
Большая ч. тэрыторыі ў межах Прыпяцкага Палесся, зах. — узвышанай раўніны Загароддзе. Паверхня пераважна плоская, забалочаная, 75% яе ніжэй за 150 м. Найвыш. пункт 174 м (за 2 км на Пд ад в. Мерчыцы) Карысныя выкапні: торф, гліны і суглінкі, ляскі, мел. Сярэдняя т-растудз. -5,2 °C, ліп. 18,6 °C. Аладкаў 573 мм за год. Вегетац. перыяд 201 сут. Найб.р. Прыпяць і яе прытокі Піна, Ясельда з Мерачанкай і Мышшу, Бобрык 1-ы з Вісліцай, Стыр. Найб. азёры: Палескае возера (Гарадзішча), Пагосцкае возера, Кончыцкае, Семяховічы, Вылазскае; вадасх.: Пагост, Жыдча; каналы: ч. Дняпроўска-Бугскага, Агінскага, Ясельдаўскага, Дубаўскі. Пераважаюць глебы: тарфяна-балотныя (38,2%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (18,3%), дзярновыя і дзярнова-карбалатныя забалочаныя (18,2%), поймавыя (алювіяльныя) забалочаныя (13,4%), дзярнова-падзолістыя (11,7%). Пад лесам 32% тэр. раёна; пераважаюць хваёвыя, ёсць бяроза, дуб, чорная вольха, граб, асіна, ясень. Пад балотамі 43 520 га (13,6%). Найб балоты: Хварашчанскае, Гарадзішчанскае, Дубнік, Жук, Дамашыцы, Панцялеева (ч. з іх уваходзіць у Пінскія балоты). На тэр. раёна заказнікі рэсп. значэння: ландшафтныя — Прастыр, Сярэдняя Прыпяць (часткова), біял.Тырвовічы; мясц. значэння: біял. — Ступскае, мікразаказнікі біял. — Ізін, Кончыцы, Падмосце, Тур, Ермакі; ахоўныя тарфянікі: Булгары, Вуйвічы, Гарадзішчанскае, Дамашыцы, Дублік, Сляпоўскае. Помнікі прыроды рэсп. значэння: парк у в. Парэчча, насаджэнне піхты белай у парку в. Дубай.
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 130,1 тыс.га, з іх асушаных 81,7 тыс.га. На 1.1.2000 у раёне 27 калгасаў, 3 саўгасы, 21 фермерская гаспадарка, с.-г.калект. прадпрыемства «Ніва», гасп. прадпрыемства «Паўднёвае» па вытв-сці свініны, рыбгас «Палессе», зверагаспадарка Белкаапсаюза, с.-г. прадпрыемства «Беларускія журавіны», Пінскае дзярж. прадпрыемства па буд-ве і эксплуатацыі меліярац. і водагасп. сістэм, адкрытыя акц. т-вы «Пінскае аўтатранспартнае прадпрыемства», «Пінская сельгастэхніка», «Пінскі райаграпрамзап». Сельская гаспадарка спецыялізуецца на мяса-малочнай жывёлагадоўлі, вытв-сці збожжа і цукр. буракоў, вырошчваюць кармавыя культуры, бульбу, лён, агародніну. Прадпрыемствы харч. (лікёра-гарэлачныя вырабы, віны, вінныя і безалкагольныя напіткі, піва, кандытарскія вырабы, кісель, крухмал), металаапр., кааператыўнай, швейнай прам-сці; лясгас (піламатэрыялы, дзелавая драўніна), вытв.-гандл. прадпрыемства «Медтэхніка» (мед. абсталяванне). Па тэр. раёна праходзяць: чыг. Брэст—Лунінец, аўтадарогі Брэст—Гомель, Брэст—Мінск—Лунінец, Івацэвічы—Лагішын—Пінск—Столін, Ганцавічы—Пінск. У раёне 30 сярэдніх, 27 базавых, 6 пачатковых, 6 муз., 1 спарт. школы, спецшкола-інтэрнат, завочная школа, с.-г. тэхнікум, СПТВ, цэнтр пазашкольнай работы, дзіцячая турыстычная база, дзіцяча-юнацкі клуб фізічнай падрыхтоўкі, 36 дашкольных устаноў, у т. л. 2 садкі-школы, 74 б-кі, 78 клубаў, 11 бальніц, 2 псіханеўралагічныя інтэрнаты, 4 амбулаторыі, 54 фельч.-ак. пункты, дзіцячы рэабілітацыйна-аздараўленчы цэнтр «Світанак», санаторый «Ясельда», турыстычны цэнтр «Палессе». Музеі: літаратурныя А.Блока (в. Лапаціна), Я.Янішчыц (в. Парэчча), Я.Коласа (в. Пінкавічы); этнаграфіі (в. Жабчыцы), гіст.-краязнаўчы (г.п. Лагішын). Арх. помнікі: цэрквы — Раства Багародзіцы (1758) у в. Ахова, Ушэсця (канец 18 ст.) у в. Боркі, Пакроўская (1878) у в. Бярозавічы, Прачысценская (1720) у в. Востраў, Ільінская (1788) у в. Вуйвічы, Раства Багародзіцы (1787) у в. Вылазы, Раства Багародзіцы (1826) у в. Вяляцічы, Троіцкая (18 ст.) у в. Дабраслаўка, Раства Багародзіцы (1811) у в. Дубай, Параскевы Пятніцы (1788) у в. Жабчыцы, Мікалаеўская (сярэдзіна 19 ст.) у в. Камень, царква (19 ст.) у в. Кашэвічы, Мікалаеўская (1892) у в. Купяцічы, Раства Багародзіцы (1885) у в. Лемяшэвічы, Троіцкая (1875) у в. Месткавічы, Параскевы Пятніцы (1794) у в. Мясяцічы, св. Кірылы і Мяфодзія (2-я пал. 19 ст.) у в. Пагост-Загародскі, Раства Багародзіцы (1888) у в. Парахонск, Раства Багародзіцы (1912) у в. Парэчча, Пакроўская (1830) у в. Пінкавічы, Ушэсця (1855) у в. Ставок, Пакроўская (1856) у в. Тырвовічы; манастырскі будынак (канец 18 ст.) у в. Гарадзішча, касцёл Ўзвіжання св. Крыжа (18 ст.) у в. Дубай, капліцы (19 ст.) у в. Болгары, Дубай, Каўбы, Ласіцк, Чухава; сядзіба (1920-я г.) у в. Заполле, паркі сярэдзіны 18 ст. ў в. Дубай, 1-й пал. 19 ст. ў в. Парэчча, 19 ст. ў в. Сташаны; сядзібныя дамы (канец 19 — пач. 20 ст.) у в. Заполле, Паўтаранавічы; сінагога і будынак Талмуду-Торы (пач. 20 ст.) у в. Пагост-Загародскі. Выдаецца газ. «Полесская правда».
Літ.:
Свод памятников истории и культуры Белоруссии: Брестская обл. Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯСТЭ́ЧКА,
населены пункт, які адрозніваўся ад горада меншай колькасцю насельніцтва, адсутнасцю абарончых збудаванняў, агр. рысамі, ад сяла і вёскі — наяўнасцю гандлю і рамяства як сталых заняткаў часткі жыхароў. На Беларусі актыўна ўзнікалі з 14 ст. каля месцаў традыц. кірмашоў, на бойкіх гандл. скрыжаваннях, у вял. сёлах і вёсках (каралеўскія таргі). У 15—16 ст. на тэр. Беларусі было больш за 200 М., з іх каля 70 у Панямонні, больш за 40 у цэнтр. рэгіёне і Паазер’і, больш за 30 у Падняпроўі і прыкладна столькі ж на Палессі. Пэўны час падаткі ад местачковага гандлю ішлі выключна на карысць казны. Феадалам забаранялася ствараць прыватнаўладальніцкія таргі без дазволу вял. князя ці караля, праводзіць прыватнаўладальніцкія кірмашы бліжэй чым за тры мілі ад каралеўскіх М. У 1588 шляхта дамаглася скасавання абмежаванняў і забароны буд-ва прыватнаўладальніцкіх таргоў у М. Жыхары, якія вырашылі сяліцца ў М., вызваляліся на некалькі гадоў ад натуральных і грашовых падаткаў. Некат. М. будаваліся каля замкаў ці ствараліся разам з імі (Іказнь, 1504; Дзісна, 1566). Многія ўзнікалі каля кляштараў і вял. прыходаў (Жыровічы, 1643). З часу скасавання абмежаванняў у 16 ст. ў М. пачалі пераўтварацца вял. сёлы і вёскі (Моталь, 1554; Дзівін, 1566; Станькава, 1585, і інш.). Найб. хутка раслі М. на буйных шляхах і скрыжаваннях дарог, каля перапраў і прыстаней (Нача, Барань, Старобін, Стары Свержань, Свіслач, Петрыкаў і інш.). У абавязкі местачкоўцаў уваходзілі нагляд за дарогамі, будаўніцтва корчмаў і заезных дамоў. У 16—18 ст. на Беларусі было ўжо каля 400 М. На чале адміністрацыі М. стаяў войт. М. падзяляліся паводле прыналежнасці (дзярж., прыватнаўласніцкай, царк.), ландшафтнай прывязкі (берагавыя, сухадольныя, балотныя). Магнаты і заможныя паны стваралі свае М. побач з замкамі, палацамі, сядзібамі (Шчучын, Паставы, Варняны, Лужкі і інш.). Ва ўзнікненні М. пэўную ролю адыгрывала наяўнасць прамысл. і інш. аб’ектаў.
Планіровачную структуру вызначалі асн.гандл. шляхі (вуліцы-дарогі). Звычайна на іх перасячэнні стваралася гандлёвая плошча, дзе будавалі гандлёвыя рады, крамы, корчмы, аўстэрыі, у М., якія мелі магдэбургскае права, — ратушы, важніцы (напр., Койданава, цяпер г. Дзяржынск, в. Цімкавічы Капыльскага р-на, г. Клецк Мінскай вобл., г.п.Вял. Бераставіца Гродзенскай вобл.). У цэнтр. частцы М., дзе сяліліся рамеснікі і гандляры, жылыя дамы злучаліся з крамамі і майстэрнямі, часам уключалі ў свой аб’ём шынкі. Пад жыллё шырока выкарыстоўвалі мезаніны і мансарды. Асн.дэкар. элементы аздаблення жылых дамоў — высокі ашаляваны франтон, часам складанай формы, і падчэні пры ўваходзе. Перыферыйныя часткі М. займалі сядзібы сельскага тыпу. М., утвораныя магнатамі і заможнымі панамі побач з замкамі, палацамі, сядзібамі (гарады Шчучын Гродзенскай вобл., Паставы, в. Лужкі Шаркаўшчынскага р-на Віцебскай вобл.), мелі 2 кампазіцыйныя ядры: ансамбль забудовы плошчы і ансамбль палацава-замкавага комплексу. У асобных выпадках абодва цэнтры зліваліся (Лужкі, Паставы). У пач. 19 ст. для многіх М. распрацоўваліся т.зв. ўзорныя планы [напр., гарады Быхаў, Клімавічы, Крычаў, Прапойск (цяпер г. Слаўгарад), Чавусы Магілёўскай вобл., Маладзечна, Вілейка Мінскай вобл., Сянно Віцебскай вобл. і інш.], паводле якіх забудова арганізоўвалася квартальным прынцыпам. Найб. развітую планіровачную структуру на У Беларусі мелі М., што раней былі пав. цэнтрамі (гарады Быхаў, Горкі, Чавусы Магілёўскай вобл., Рагачоў Гомельскай вобл.) ці т.зв. пазаштатнымі гарадамі (гарады Бялынічы, Крычаў, Мсціслаў Магілёўскай вобл.). Астатнія М. Падняпроўя захоўвалі традыц. вясковае аблічча, нярэдка з адной вуліцай. Заходнебел. М. вызначаліся больш развітым цэнтрам, які ўтваралі брукаваная плошча з гандл. радамі, царква ці касцёл, карчма, валасная ўправа (гміна). Непадалёку маглі размяшчацца сінагога, часам — мячэць, пажарная служба з дазорнай вежай. Дамы-крамы ставілі па перыметры плошчы і на асн. вуліцах надзвычай шчыльна, дах да даху. Будынкі часцей былі драўляна-каменныя (фахверкавыя, 15—18 ст.), з мураваным 1-м паверхам (сутарэннем) ці поўнасцю мураваныя (в. Гальшаны Ашмянскага р-на, г.п. Дзятлава, Іўе, Любча, г. Навагрудак Гродзенскай вобл.). Шырока выкарыстоўваліся ўзорныя праекты местачковых дамоў (Варняны, Дзятлава, Іўе, Паставы). У структуры М. зах. рэгіёнаў пэўную ролю адыгрывалі мясц. прадпрыемствы: валюшні, крупадзёркі, млыны, бровары, суднабуд. верфі. Гэта найб. характэрна для М. Радзівілаў (г.п. Урэчча Любанскага р-на Мінскай вобл., Целяханы Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл.), Сапегаў (г.п. Ружаны Пружанскага р-на Брэсцкай вобл.). На працягу 20 ст. ў М. адбыліся пэўныя арх.-планіровачныя пераўтварэнні. У тых, што сталі раённымі цэнтрамі, рэканструяваны (зах. рэгіёны) ці зноў створаны (усх. рэгіёны) плошчы, дзе важнае месца занялі адм. будынкі, дамы культуры, рэстаран, гасцініца, універсальныя магазіны. У заходнебел. М. пад новыя патрэбы часам прыстасоўваліся і старыя збудаванні: гандл. рады ў Іўі, Навагрудку, Пружанах — пад магазіны, дамы-крамы ў Ваўкавыску, Іўі Гродзенскай вобл., Валожыне, Нясвіжы, Ракаве Мінскай вобл. — пад майстэрні, пункты харчавання, невял. гандл. пункты. Развіццё былых М. вядзецца паводле індывід. праектаў. Добраўпарадкоўваюцца плошчы, ствараюцца кветнікі і скверы, ставяцца помнікі. Жылая забудова прадстаўлена секцыйнымі 2—5-павярховымі дамамі. У канцы 19 ст. ў М. жыло каля 150 тыс.чал. У 1920—30-я г. многія М. БССР пераўтвораны ў гарады і гар. пасёлкі, астатнія — у вёскі. У Зах. Беларусі М. існавалі да 1939.
Літ.:
Лакотка А.І. Дойлідства. Мн., 1997 (Беларусы;
Т. 2);
Яго ж. Нацыянальныя рысы беларускай архітэктуры. Мн., 1999.
А.І.Лакотка.
Да арт.Мястэчка. Маладзечна. Рынак. Пач. 20 ст.Да арт.Мястэчка. Гандлёвая плошча ў Клецку (Мінская вобл.). 1930-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭ́ЧЫЦА,
горад абл. падпарадкавання, цэнтр Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл., на правым беразе р. Дняпро пры ўпадзенні ў яго р. Ведрыч; чыг. ст. на лініі Гомель—Калінкавічы; рачны порт; вузел аўтадарог на Гомель, Калінкавічы, Светлагорск, Жлобін, Лоеў, Хойнікі. За 50 км на З ад Гомеля. 66,8 тыс.ж. (2000).
Упершыню ўпамінаецца ў Густынскім летапісе пад 1213; у 1-м Наўгародскім летапісе Р. ў 1214 названа «чарнігаўскім» горадам, што быў разгромлены наўгародскім кн. Мсціславам. З 14 ст. ў складзе ВКЛ, у Мінскім ваяводстве. У 1392—1430 Р. валодаў вял.кн.ВКЛ Вітаўт. У жн. 1561 горад атрымаў ад вял.кн.ВКЛ і караля Польшчы Жыгімонта II Аўгуста няпоўнае магдэбургскае права. У 1569 Р. — цэнтр павета. У час антыфеадальнай вайны 1648—51 горад некалькі разоў займалі казацка-сялянскія атрады. У 1648 Р. авалодаў 3-тыс. атрад, якому Б.Хмяльніцкі забараніў пакідаць горад як важны стратэгічны пункт, але ў 1649 яго адбіў Януш Радзівіл. У 1650 Р. заняў палкоўнік М.Нябаба, які таксама не ўтрымаў яе і быў забіты пры адступленні Пасля вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 Р. страціла стратэгічнае значэнне, і яе ўмацаванні пачалі разбурацца. Паводле прывілея вял. кн ВКЛ і караля Польшчы Аўгуста III ад 15.7.1734 Р. трапіла ва ўладанне кн.Радзівілаў. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Р. ў Рас. імперыі, з 1795 павятовы цэнтр Мінскай губ. У 1886 праз Р. пракладзены ўчастак Лунінец—Гомель Палескіх чыгунак, у 1890-я г. адкрыта прыстань. Паводле перапісу 1897 у Р. 9280 ж., у 1899—9332 ж., маслазавод, цагельня, 2 лесапільні і 2 півамёдаварныя з-ды, прыходскае вучылішча, 2-класнае яўр. вучылішча, некалькі хедэраў, бальніца. У 1903—04 у Р. 205 рамесных прадпрыемстваў (857 рабочых). У 1904 у Р. створана арг-цыяРСДРП, якая ўваходзіла ў склад Палескага камітэта РСДРП(б). У 1910 у Р. 6 фабрык і заводаў (363 рабочыя). З лют. 1918 да студз. 1919 акупіравана герм. войскамі. У час стракапытаўскага мяцяжу 1919 горад захапілі мяцежнікі. З 8.5 да 20.6.1920 акупіравана польскімі войскамі. У 1919—26 цэнтр Рэчыцкага раёна і Рэчыцкай акругіБССР, з 9.6.1927 да 26.7.1930 у Гомельскай акрузе, з 20.2.1938 у Гомельскай вобл., з 27.9.1938 горад абл. падпарадкавання. У 1939 29,8 тыс ж. 28.8.1941 Р. акупіравана ням.-фаш захопнікамі, якія загубілі ў Р. і раёне 3,8 тыс.чал. Дзейнічала Рэчыцкае патрыятычнае падполле. Вызвалена 18.11.1943 у ходзе Гомельска-Рэчыцкай аперацыі 1943 войскамі Бел. фронту. У 1973—53,9 тыс. ж.
Прадпрыемствы машынабуд. і металаапр. (Рэчыцкі суднабудаўніча-суднарамонтны завод, Рэчыцкі метызны завод), харч. (з-ды піваварны, кансервавы, масла і сухога малака, кансервава-агароднінасушыльны, хлебазавод, камбінат збожжапрадуктаў, млын-камбінат), буд. матэрыялаў (Рэчыцкі камбінат будаўнічых матэрыялаў, Рэчыцкі кераміка-трубны завод, Рэчыцкі завод механічнай апрацоўкі драўніны), хім. (Рэчыцкі доследна-прамысловы гідролізны завод, з-д «Тэрмапласт»), лёгкай (ільнозавод, ткацкае ВА, філіялы гомельскіх ВА — швейнага «Камінтэрн» і абутковага «Праца») прам-сці. Працуюць з-дмаст. керамікі, газаперапрацоўчы з-д, раённыя аб’яднанні Дзяржкамсельгастэхнікі і «Сельгасхімія», райпрамкамбінат, камбінат быт. абслугоўвання. У горадзе Рэчыцкі сельскагаспадарчы тэхнікум, СПТУ-178, Дом дзіцячай творчасці, 9 б-к, Рэчыцкі краязнаўчы музей, філіял Дзярж. архіва Гомельскай вобл. Брацкія могілкі сав. воінаў і партызан, 4 брацкія магілы сав. воінаў і партызан, брацкая магіла падпольшчыкаў часоў Вял.Айч. вайны, 4 брацкія магілы ахвяр фашызму, магіла ахвяр мяцяжу 1919. Помнікі археалогіі: мезалітычнае паселішча і гарадзішча стараж. Р.
У канцы 12 ст. горад быў умацаваным пунктам на зямлі дрыгавічоў. У 13 ст. дзядзінец знаходзіўся на месцы гарадзішча ранняга жал. веку і эпохі Кіеўскай Русі на правым беразе р Дняпро (цяпер у гар. парку). У 16—1-й пал. 17 ст. горад меў 3 лініі ўмацаванняў з цэнтрам — 5-вежавым Рэчыцкім замкам, абкружаным ровам і злучаным з астатняй ч. горада пад’ёмным мостам. У 1634 мінскі ваявода А.Слушка заснаваў у Р. кляштар дамініканцаў. У канцы 19 — пач. 20 ст. ў Р. былі 2 царквы — Успенская і Мікалаеўская (з 1723), Троіцкі касцёл, сінагога і некалькі яўр. малітоўных дамоў. У 1910 туг 1309 жылых пабудоў (з іх 4 мураваныя), 14 цэркваў і малітоўных дамоў. Паводле першага рэгулярнага плана (1800) склалася прамавугольная сістэма планіроўкі, якая ў працэсе развіцця дапоўнілася радыяльнай. Горад забудоўваўся паводле генпланаў 1937—39 (арх. Г.Парсаданаў), 1951 (арх. Парсаданаў, М.Томах, ін-т «Белдзяржпраект»), 1977 (БелНДІПгорадабудаўніцтва). У аснове генплана 2000 (БелНДІПгорадабудаўніцтва) закладзены прынцып функцыян. заніравання тэрыторыі. Асн. напрамкі развіцця горада — паўд., паўд-ўсх., паўд.-зах., прадугледжаны таксама шырокі выхад яго да Дняпра. Агульнагар. цэнтр размяшчаецца ўздоўж цэнтр.ч.гал. вуліцы — Савецкай і абмежаваны вул. Чапаева і Авіяцыйнай. Горад мае пераважна 1- ці 2—3-павярховую сядзібную забудову. Асн. капітальная (шматкватэрная) забудова знаходзіцца па вул. Савецкай, у мікрараёнах і кварталах, прылеглых да яе ў цэнтр. і паўд.-ўсх. частках. а таксама па вул. Сняжкова, Маладзёжнай, Чапаева, Нафтавікоў і інш. Па вул. Савецкай і Набярэжнай захаваліся фрагменты забудовы 19 ст.Вытв. зоны — ва ўсх. і паўд.-зах.ч. Ствараецца адзіная сістэма ландшафтна-рэкрэацыйных тэр. уздоўж Дняпра і Ведрычы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРЫ́Ж (Paris),
горад, сталіца Францыі. Знаходзіцца на р. Сена, пры ўпадзенні ў яе рэк Марна і Уаза. 2152 тыс.ж. (1997). Разам з прыгарадамі (Версаль, Сен-Дэні, Іўры, Аржанцёй, Дрансі, Булонь-Біянкур, Мантрой і інш.) утварае самастойны дэпартамент Вял. П. (нас. каля 10 млн.чал.). Гал. горад гіст. вобласці Іль-дэ-Франс. Гал.трансп. вузел краіны (16 чыгунак і больш за 20 аўтадарог). Міжнар. аэрапорты: Шарль дэ Голь, Буржэ, Арлі. Сена звязвае П. з морам (аванпорт Гаўр). Гал.эканам., навук. і культ. цэнтр краіны. Галіны прам-сці — разнастайнае машынабудаванне (асабліва станка-, аўта- і авіябудаванне), вырабы дакладнай механікі і оптыкі, электронная, эл.-тэхн., ваенная, хім. (гумавая, фармацэўтычная, выраб фотаматэрыялаў, пластмас і інш.), харч., паліграф., папяровая, мэблевая прам-сць, вытв-сцьбуд. матэрыялаў і інш. П. — міжнар. заканадаўца мод, выпускаецца больш за 30% гатовага адзення ў краіне. Сусветную вядомасць мае выраб прадметаў туалету, галантарэйных і ювелірных вырабаў, сувеніраў. У П. больш за 50% банкаў краіны, гораду належыць вядучая роля ва ўнутр. і знешнім гандлі Францыі. Рэгулярна праводзяцца міжнар. кірмашы. Горад наведваюць штогод больш за 15 млн. турыстаў. Метрапалітэн. Месцазнаходжанне ЮНЕСКА і інш.міжнар. арг-цый.
Засн. на месцы паселішча гальскага племя парызіяў (адсюль назва). Пад назвай Лютэцыя згадваецца Юліем Цэзарам (53 да н.э.). У 355—363 н.э. рэзідэнцыя рым. імператара Юліяна Адступніка. З 497 пад уладай франкаў, рэзідэнцыя (з 508) караля Хлодвіга I. Пры Каралінгах цэнтр графства. У 855—886 вытрымаў аблогу нарманаў. З 987 сталіца франц. дзяржавы. У гады праўлення караля Філіпа II Аўгуста горад абнесены сценамі, забрукаваны вуліцы, будаваўся Луўр. У 1215 засн.ун-т. У 13—14 ст. буйны гандл. і рамесніцкі цэнтр, найбольшы горад у Еўропе (у пач. 14 ст. 100 тыс.чал.). У 1348 эпідэмія чумы знішчыла 1/3 яго жыхароў. Парыжане ўдзельнічалі ў парыжскім паўстанні 1357—58, паўстаннях 1382 і 1413. У Стогадовую вайну 1337—1453 горад заняты (1420—36) англ. войскамі. У 1420-я г. — сярэдзіне 16 ст. П. страціў ролю паліт. цэнтра, які перамясціўся ў луарскія замкі (рэзідэнцыя франц. каралёў). У час рэлігійных войнаў 16 ст. П. — апора каталіцызму. У 1572 тут адбылося масавае знішчэнне гугенотаў (гл.Варфаламееўская ноч). У П. разгортваліся гал. падзеі Фронды (1648—53). У 1682 каралеўская рэзідэнцыя з П. перанесена ў Версаль (да 1789). З 2-й пал. 17 ст. П. — сусветны цэнтр навукі, л-ры і мастацтва. 14.7.1789 у П. адбыўся штурм Бастыліі, падзенне якой стала пачаткам Французскай рэвалюцыі 1789—99 (у гады рэвалюцыі П. атрымаў правы муніцыпальнага самакіравання; у час праўлення Напалеона I (1804—1814] пазбаўлены гэтых правоў). У сак. 1814 і ліп. 1815 П. акупіраваны войскамі антыфранц. кааліцыі. Адыгрываў важнейшую ролю ў Франц. рэвалюцыях 1830 і 1848. У 1847 у горадзе 1 млн. жыхароў. У 1853 пракладзены праспекты і бульвары, удасканалена сістэма водазабеспячэння і асвятлення (32 тыс. газавых ліхтароў). Месца правядзення сусв. выставак (1855, 1867, 1889, 1900, 1937). У франка-прускую вайну 1870—71 вытрымаў аблогу ням. войск; у горадзе ўсталявалася Парыжская камуна 1871. У 1896 у П. 2,5 млн.чал. У 1-ю сусв. вайну горад пацярпеў ад ням. бамбардзіровак. У П. праводзіліся II (1900) і VIII (1924) Алімпійскія гульні. У 2-ю сусв. вайну акупіраваны (1940) ням. войскамі, цэнтр руху Супраціўлення. Вызвалены ў выніку Парыжскага паўстання 1944. У 1949—67 у П. знаходзілася штаб-кватэра НАТО. П. — месца правядзення шматлікіх міжнар. сустрэч, падпісання шэрагу міжнар. пагадненняў і дагавораў.
Захаваліся руіны амфітэатра 1 ст. і тэрм 2—3 ст. У 6—11 ст. П. быў абкружаны кальцом кляштараў: Сен-Жэрмен-л’Аксеруа, Сен-Жэрве, Сен-Мартэн-дэ-Шан, бенедыкцінцаў на Манмартры, Сен-Віктор, Сен-Марсель, Нотр-Дам-дэ-Шан. У 12—13 ст.гар. раёны па абодвух берагах р. Сена абнесены каменнай сцяной. У забудове сучаснага П. захавалася сярэдневяковая радыяльна-кальцавая планіроўка. Радыяльныя магістралі перасякаюцца кольцамі бульвараў, пракладзеных на месцы б. крапасных сцен. Гіст. ядро П. складаюць 3 цэнтры: дзярж. і рэліг. на в-ве Сітэ, універсітэцкі на левым беразе і гандл.-рамесны на правым беразе р. Сена. У 16—17 ст. у хаатычную сярэдневяковую забудову ўнесены элементы рацыянальнай планіроўкі, склаліся гал. рэнесансавыя і класіцыстычныя ансамблі, плошчы Вагезаў (б. Каралеўская; 1606—12), Вандомская (1685—1701), Перамог (1685—86, абедзве арх. Ж.Ардуэн-Мансар). У 18 — пач. 19 ст. рэканструяваны цэнтр, створаны плошчы Людовіка XV (цяпер Згоды; 1755—63, арх. Ж.А.Габрыэль) і Карузель з трыумфальнай аркай (1806, арх. Ш.Персье, П.Фантэн), пабудавана больш за 50 застаў, т.зв. прапілеяў П. (захаваліся 4, 1784—89, арх. К.Н.Леду). У 1853—96 упарадкавана сетка гал. магістралей, створаны новыя плошчы (Рэспублікі, 1854—62), скверы і лесапаркі, у т. л. Булонскі і Венсенскі лясы, бульвары, азялененыя вуліцы з добраўпарадкаванымі рэспектабельнымі будынкамі. Берагі Сены ў раёне «Вялікага П.» злучаюць 60 мастоў. У канцы 19 — пач. 20 ст. інтэнсіўна раслі жылыя раёны ўскраін, пракладзены метрапалітэн (1-я чарга ў 1897—1904, афармленне ўваходаў у стылі мадэрн, арх. Э.Гімар). У 1920—30-я г. забудаваны прыгарады (комплексы ў Ле-Прэ-Сен-Жэрве, Пантэне, Дрансі), у 1950-я г. створаны буйныя жылыя масівы Бабіньі, Баньё, Масі-Антані, Баньёле і інш. У 1960—90-я г. забудоўваюцца жылыя раёны на перыферыі П. (Крэтэй, Нантэр), рэканструюецца цэнтр.Гал.арх. ансамблі: на в-ве Сітэ — Парыжскай Божай Маці сабор, Палац правасуддзя (1783—86, арх. П.Дэмезон, Ж.Д.Антуан) з гатычнай капліцай Сент-Шапель (1243—48); на левым беразе Сены — Дом інвалідаў (з 1671, арх. Л.Бруан і інш.) з саборам (1671—1708; паводле інш. звестак, 1680—1706; у інтэр’еры грабніца Напалеона 1, 1843—60), адкрыты на Эспланаду (плошчу) інвалідаў (1704—20) з мостам Аляксандра III (1896—1900); Марсава поле (сучасная планіроўка 1908—28, арх. К.Фарміге) з Эйфелевай вежай, Пантэон (б.касцёл Сент-Жэнеўеў, 1755—89, арх. Ж.Ж.Суфло), б-ка Сент-Жэнеўеў (1843—50, арх. А.Лабруст); на правым беразе Сены — пл. Згоды, на якой перасякаюцца гал.гар. восі, Луўр, Елісейскія палі (17 ст., арх. А.Ленотр, забудавана пераважна ў канцы 19 ст.), пл. дэ Голя з трыумфальнай аркай (1806—37, рэльефы), якія ўтвараюць анфіладу плошчаў цэнтра П. Сярод арх. помнікаў гатычныя касцёлы Сен-Жэрмен-дэ-Прэ (11—17 ст.) і Сен-П’ер-дэ-Манмартр (1147), атэлі Клюні (1498) і Карнавале (1544, арх. П.Леско, скульпт. Ж.Гужон, абодва цяпер музеі); палацы Люксембургскі (Сенат; 1615—20, арх. С. дэ Брос), Каралеўскі (Пале-Руаяль; 1629—36, арх. Ж.Лемерсье) і Бурбонскі (цяпер Палата дэпутатаў; 1722); комплексы будынкаў Сарбоны (з 1635, арх. Лемерсье і інш), кляштара Валь-дэ-Грас (1645—1710, арх. Ф.Мансар, Лемерсье, П.Лемюэ і інш.), Калеж чатырох нацый (цяпер Ін-т Францыі; 1661, арх. Л.Лево), касцёл Сен-Сюльпіс (1646—1749), базіліка Сакрэ-Кёр на ўзгорку ў раёне Манмартра (1875, арх. П.Абадзі), т-р «Гранд-апера» (1861—75, арх. Ш.Гарнье; размалёўка плафона глядзельнай залы М.Шагала, 1964), палац Шаё (1936—37, арх. Л.Азема і інш.). Найб. значны горадабудаўнічы ансамбль 20 ст. — грамадска-дзелавы цэнтр квартала Дэфанс, які ўключае Нац. цэнтр прам-сці і тэхнікі (1958, арх. Б.Зерфюс і інш.), вышынны дзелавы цэнтр Мен-Манпарнас (1964—73, арх. Э.Бадуэн і інш.), комплекс «Фронт Сены» (з 1965), Вял. арку (1982, арх. І.О. фон Шпрэкельсен), шматлікія небаскробы і інш. Сярод жылых і грамадскіх пабудоў: т-р Елісейскіх палёў (1911—13, арх. А. і Г. Перэ, рэльефы А.Бурдэля, размалёўкі М.Дэні), вілы Ла-Рош (1923), Стайн (1927), у Пуасі (1929—31, усе арх. Ле Карбюзье), будынкі ЮНЕСКА (1953—57, арх. М.Броер, Зерфюс і інш., інж. П.Л.Нерві), цэнтр «Італі» (з 1968), амёбападобныя жылыя дамы ў парку Дэфанс (1976—90, арх. Э.Аё), Нац. цэнтр мастацтва і культуры імя Ж.Пампіду (1977, арх. Р.Піяно, Р.Роджэрс і інш.), разбудова Луўра (1981—93). Каля П. ў Марне-ла-Вале пабудаваны вял. лунапарк «Еўрадыснейленд» (1992). У П. фантаны «Нявінных» (1547—49, арх. Леско, скульпт. Гужон), «4 пары года» (1739—45, скульпт. Э.Бушардон) і інш. Набярэжная Сены з помнікамі архітэктуры ўключана ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Найважнейшыя помнікі П.: Калона Напалеона I на Вандомскай пл. (1806—10, арх. Ж.Б.Лепер, Ж.Гандуэн), А. дэ Бальзаку (1893—97) і В.Гюго (1866—1900, абодва скульпт. А.Радэн), маршалу М.Нею (1852—53), рэльеф «Марсельеза» на трыумфальнай арцы (1833—36, абодва Ф.Руд), Сцяна камунараў на могілках Пер-Лашэз (1909, П.Маро-Вацье), магіла Невядомага салдата пад аркай Зоркі (1921), мемарыялы Пакутнікаў Супраціўлення на ўзгорку Мон-Валер’ен (1960—61) і тым, што загінулі ў фаш. канцлагерах (на в-ве Сітэ, 1961).
У П. 13 ун-таў (створаны ў 1972 у выніку рэформы Парыжскага ун-та), Калеж дэ Франс, Вышэйшая практычная школа, Нац.політэхн.ін-т, Вышэйшая нармальная школа, Каталіцкі ін-т П., 2 кансерваторыі, Нац. вышэйшая школа выяўл. мастацтваў і інш.; Ін-т Францыі ў складзе 5 акадэмій, у т. л.Франц. акадэмія (з 1635), Акадэмія л-ры (з 1664), Акадэмія навук (з 1666); шматлікія НДІ і навук. т-вы, у т. л. Пастэраўскі ін-т, Ін-т арабскага свету, Ін-т радыю. Нац.б-ка і Нац. архівы. Буйнейшыя выд-вы, у т. л. Ашэт (з 1826), Ларус (з 1865). Каля 100 музеяў, у т. л. Луўр, Нац. музей сучаснага мастацтва, Музей чалавека, музеі Бальзака, Гюго, П.Пікасо, А.Радэна; шматлікія маст. галерэі. Каля 90 тэатраў, у т. л.«Камеды Франсэз», Парыжская опера; больш за 300 кінатэатраў. Бат. сад (з 1635; адзін з найстарэйшых у Еўропе).
Беларусы ў Парыжы. З часоў ВКЛ і Рэчы Паспалітай тут вучыліся некат. ўраджэнцы Беларусі, у т. л. Т.Касцюшка. Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай у П. з’явіліся і паліт. эмігранты з бел. зямель: удзельнікі паўстанняў 1794 (у т. л. М.К.Агінскі), 1830—31 (І.Дамейка і інш.), 1863—64 (В.Урублеўскі, К.Далеўскі, Г.Корвін-Крукоўская і інш. рэвалюцыянеры, якія сталі ўдзельнікамі Парыжскай камуны 1871). Тут вучыліся мастацтву Н.Орда і інш. ўраджэнцы Беларусі, жылі мастакі В.Ваньковіч, М.Шагал і інш. Арганізаваная нац.-культ. дзейнасць беларусаў П. пачалася з узнікненнем у 1930 «Беларускага хаўрусу». У 1938 у П. створана «Бел. жаночая грамада імя А.Пашкевіч (Цёткі)», стала выдавацца бел. газета «Рэха». Пасля 2-й сусв. вайны ў П. выдавалася першая з пасляваен. беларускамоўных газет у замежжы — «Беларускія навіны» (1945—47). З 1947 выходзілі бел.рэліг.час.«Божым шляхам» і штомесячнік «Моладзь», тут дзейнічаў старшыня Рады БНР М.Абрамчык. У канцы 1940 — пач. 1950-х г. у П. знаходзілася штаб-кватэра Сусветнага аб’яднання беларускай эміграцыі. З 2-й пал. 1950-х г. у сувязі з пераездам у інш. краіны ч. беларусаў іх грамадскае і нац.-культ. жыццё ў П. паступова згортвалася. У 1970 зноў актывізаваўся «Бел. хаўрус» (з 1991 яго старшыня — мастак М.Навумовіч). У 1980—90-я г. ў П. пераехалі В.Забораў, В.Дзёмкіна, мастак М.Паўлоўскі і інш. Цяпер у П. жыве каля 1,3 тыс. беларусаў (асн. частка беларусаў Францыі). Дзейнічае бел. каталіцкая місія.
Літ.:
Париж.: Пер. с фр.М., 1976;
Favier J. Paris: Deux mille ans d’histoire. Paris, 1997;
Rouleau B. Paris: histoire d’un espace. Paris, 1997;
Лялькоў І. Gallia Albaruthensie, або Пяць стагодзьдзяў беларускае прысутнасьці ў Францыі // Спадчына. 1999. № 2.
Дз.М.Чаркасаў (гісторыя), Т.А.Папоўская (беларусы ў Парыжы).
Набярэжная Сены ў Парыжы.Да арт.Парыж. Від на востраў Сітэ. Фрагмент мініяцюры з «Раскошнага часаслова герцага Берыйскага». Браты Лімбург. 1409—16.Парыж. Калона Напалеона I на Вандомскай плошчы.Парыж. Трыумфальная арка на плошчы дэ Голя.Парыж. Вялікая арка ў квартале Дэфанс. 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́МСКА-КАТАЛІ́ЦКАЯ ЦАРКВА́на Беларусі,
аб’яднанне каталіцкіх дыяцэзій на тэр. Беларусі. Зах.-хрысц. ўплывы пранікалі на бел. землі з 11 ст. праз місіянераў, гандл. і эканам. сувязі з зах.-еўрап. краінамі (гл.Хрысціянства). У 1250-я г. ў сувязі з прыняццем вял.кн.Міндоўгам каталіцкага хрышчэння адбылося першае прызначэнне рымска-каталіцкага біскупа для часткі бел. і літ. зямель. У 1263—1387 Р.-к.ц. не мела ў ВКЛтэр. арг-цыі, хоць місіянерская дзейнасць не спынялася. Трывала ў ВКЛкаталіцызм замацаваўся пры вял.кн.Ягайле, калі ён заснаваў у 1387 Віленскую рымска-каталіцкую епархію, якая ахоплівала літ. і большую частку бел. зямель. Паўд.-зах. землі Беларусі, у т. л. Брэст, Пінск, уваходзілі ў склад Уладзімірскага біскупства (г. Уладзімір на Валыні). У 1417 створана Жмудскае біскупства, у 1613 — Смаленскае. У канцы 15—1-й пал. 16 ст. ў перыяд Рэфармацыі Р.-к.ц. часткова страціла свае пазіцыі. Для пераадолення крызісу праведзена царк. рэформа, якая была падтрымана папствам і санкцыяніравана Трыдэнцкім саборам 1545—63. У парафіях ад ксяндзоў патрабавалася весці метрычныя запісы, здзяйсняць паломніцтвы, ствараць каталіцкія брацтвы, шпіталі, пач. школы, б-кі (гл. таксама Контррэфармацыя). Вял. ролю ў пашырэнні каталіцызму на Беларусі адыгралі ордэны манаскія. У 1772 на тэр. Беларусі дзейнічалі кляштары 27 ордэнаў (аўгусцінцы, баніфраты, бернардзінцы, дамініканцы, камуністы, кармеліты, марыяне, місіянеры, піяры, рахіты, трынітарыі, францысканцы і інш.). Іх дзейнасць прыўнесла на Беларусь зах.-еўрап.культ. ўплыў і пакінула прыкметны след у яе гісторыі і культуры, спрыяла развіццю навуч. устаноў і кнігадрукавання, навукі, у галіне мастацтва прынесла культуру барока, традыцыі школьных тэатраў, грыгарыянскіх спеваў, вакальна-інстр. музыкі.
У 1772 у выніку 1-га падзелу Рэчы Паспалітай да Рас. імперыі адышла тэрыторыя, на якой жыло каля 100 тыс. католікаў. У 1773 указам Кацярыны II тут утворана Бел. рымска-каталіцкая епархія (дыяцэзія) з цэнтрам у Магілёве; яе біскупу (на той час С.І.Богуш-Сестранцэвіч) падпарадкаваліся ўсе касцёлы і кляштары ў дзяржаве. У 1783 замест Бел. дыяцэзіі створана Магілёўская рымска-каталіцкая архіепархія, зацверджаная булай папы Пія VI. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1795—98 замест скасаванага Віленскага біскупства створана Інфлянцкае біскупства з цэнтрам у Вільні. У 1798 Віленскае біскупства адноўлена. На 1798 у Рас. імперыі было 6 рымска-каталіцкіх дыяцэзій, з іх З (Віленская, Магілёўская, Мінская рымска-каталіцкая епархія) ахоплівалі ўсю тэр. Беларусі. У 1797 для кіравання Р.-к.ц. створаны дэпартамент для рымска-каталіцкіх спраў пры Юстыц-калегіі ліфляндскіх, эстляндскіх і фінляндскіх спраў. У 1801 замест дэпартамента засн. рымска-каталіцкая духоўная калегія, якой было падпарадкавана ўсё каталіцкае духавенства. У 1869 Мінская дыяцэзія скасавана, кіраванне яе касцёламі даручалася магілёўскаму архібіскупу. У сувязі з паўстаннямі 1830—31 і 1863—64 царскія ўлады закрылі шэраг бел. каталіцкіх кляштараў, былі скасаваны езуіцкія навучальныя ўстановы, школы і калегіумы піяраў і дамініканцаў. У 1892 усе навуч. ўстановы пры касцёлах перададзены мін-ву нар. асветы. Духоўную адукацыю ў канцы 18—1-й пал. 19 ст. атрымлівалі ў Рыме, Віленскай рымска-каталіцкай духоўнай акадэміі, Полацкай езуіцкай акадэміі, семінарыях у Вільні, Беластоку, Магілёве, Мінску. У 2-й пал. 19 ст. дзейнічалі Духоўная акадэмія ў С.-Пецярбургу і па адной семінарыі ў кожнай дыяцэзіі.
Пасля Кастр, рэвалюцыі 1917 у Расіі, ва ўмовах неўмяшання дзяржавы ў справы царквы, была адноўлена Мінская дыяцэзія. Але ў 1920—30-я г. Р.-к.ц. перажыла шэраг антырэліг. кампаній: канфіскацыю царк. каштоўнасцей, закрыццё касцёлаў, суд. працэсы над прадстаўнікамі каталіцкага духавенства па абвінавачанні ў контррэв. дзейнасці і шпіянажы на карысць Польшчы. На 1938 у БССР не засталося ніводнага дзеючага касцёла. У Зах. Беларусі ў складзе Польшчы Р.-к.ц. знаходзілася ў спрыяльных умовах: у Драгічыне і Пінску былі адкрыты духоўныя семінарыі, адраджаліся кляштары, будаваліся новыя касцёлы і інш. Пасля ўз’яднання Зах. Беларусі з БССР (1939) уплыў Р.-к.ц. рэзка скараціўся, ксяндзы падвяргаліся рэпрэсіям. У Вял.Айч. вайну многія ксяндзы ўдзельнічалі ў партыз. руху, асабліва актыўным было польскае духавенства ў Арміі Краёвай. За ўдзел у антыфаш. руху акупантамі загублена больш за 100 чал. каталіцкага духавенства. На 1945 у БССР захавалася 325 касцёлаў (90 разбурана ў вайну). Пасля вайны пачалася новая хваля скасавання парафій і абмежавання дзейнасці Р.-к.ц., духавенства масава выязджала ў Польшчу, многія рэпрэсіраваны. На 1.1.1960 у БССР існавала 191 каталіцкае аб’яднанне са 102 ксяндзамі, у 1985—96 аб’яднанняў з 52 ксяндзамі. Сувязі Р.-к.ц. Беларусі з Ватыканам былі парушаны (ажыццяўляліся нелегальна праз епіскапат Польшчы). Кадры духавенства для Беларусі рыхтаваліся з 1975 у Рыжскай каталіцкай духоўнай семінарыі. У 2-й пал. 1980-х г. у СССР пачалося ажыўленне рэліг. дзейнасці, у т. л. Р.-к.ц. Адчыняюцца старыя і будуюцца новыя касцёлы, аднаўляецца дзейнасць манаскіх ордэнаў, вядзецца місіянерская дзейнасць, выдаецца рэліг.л-ра і інш. Арганізаваны епархіяльныя структуры: у 1989 засн. апостальская адміністрацыя ў Мінску, у 1991 утвораны новыя царк.-адм. адзінкі — Гродзенскае біскупства (у межах Гродзенскай вобл.), Мінска-Магілёўская архідыяцэзія (у межах Мінскай, Магілёўскай абл.) з падпарадкаваннем апошняй Пінскай дыяцэзіі (у межах Брэсцкай і Гомельскай абл.), у 1998 — Віцебская дыяцэзія (у межах Віцебскай вобл.). На 1.1.2001 у Рэспубліцы Беларусь 417 парафій, 266 ксяндзоў, 7 кляштараў, Вышэйшая духоўная семінарыя ў Гродне (з 1990), выдаюцца час. «Наша вера» (Мінск), «Дыялог» (Баранавічы), «Ave Maria» (час. Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі), «Ave Maria. Маленькі рыцар Беззаганнай» (Мінск), «Misericordia» («Міласэрнасць», Гродна), газ. «Слова Жыцця» (Гродна), «Odkupiciel» («Збавіцель», Гродна), «Каталіцкія навіны» (Мінск; Магілёў).
Літ.:
Мараш Я.Н. Ватикан и католическая церковь в Белоруссии (1569—1795). Мн., 1971;
Яго ж. Очерки истории экспансии католической церкви в Белоруссии XVIII в. Мн., 1974;
Яго ж. Политика Ватикана и католической церкви в Западной Белоруссии (1918—1939). Мн., 1983;
Канфесіі на Беларусі (канец XVIII—XX ст.). Мн., 1998;
Верашчагіна А.У., Гурко А.В. Гісторыя канфесій на Беларусі ў другой палове XX ст.Мн., 1999;
Глябовіч А. Касцёл у няволі // Спадчына. 1994. № 1—2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКІ СПА́СА-ЕФРАСІ́ННЕЎСКІ МАНАСТЫ́Р, Полацкі Спаскі манастыр,
помнік архітэктуры 12 — пач. 20 ст. ў г. Полацк Віцебскай вобл. Знаходзіцца на ўскраіне горада, на правым беразе р. Палата. Засн. ў пач. 12 ст. князёўнай Ефрасінняй Полацкай як абарончы фарпост Полацка (з Пн), за 2 км ад горада, у в. Сяльцо, на месцы, дзе знаходзілася драўляная царква Спаса. У 1579 кароль Рэчы Паспалітай Стафан Баторый заняў Полацк і заснаваў у манастыры сваю рэзідэнцыю, потым перадаў яе езуітам. У 1656 паводле загаду рас. цара Аляксея Міхайлавіча манастыр пераасвячоны і вернуты праваслаўным. З 1667 зноў належаў езуітам, пасля 1820 перайшоў да піяраў. З 1832 вернуты праваслаўным, з 1841 жаночы манастыр. У 1844 пры манастыры адкрыта 3-класнае жан. вучылішча, сіроцкі прытулак, багадзельня. Найб. росквіту манастыр дасягнуў у канцы 19 ст. пры ігуменні Яўгенні (Гаваровіч). У 1910 сюды з Кіева перавезены мошчы св. Ефрасінні Полацкай. У пач. 20 ст. ў манастыры былі мураваныя храмы, якія ўтваралі невял. плошчу пры ўваходзе, а таксама каля 20 драўляных і мураваных жылых і гасп. пабудоў, сад, агарод. У1928 манастыр закрыты. У Вял.Айч. вайну на тэр. манастырскага комплексу быў лагер сав. ваеннапалонных, многія пабудовы разбураны. З 1943 манастыр пачаў дзейнічаць. У 1960 зноў закрыты (насельніцы пераведзены ў Жыровіцкі Успенскі манастыр). З 1989 манастыр аднавіў сваю дзейнасць. У ансамбль уваходзяць: цэрквы Спаса-Праабражэнская і Свята-Ефрасіннеўская трапезная (цёплая), Крыжаўзвіжанскі сабор, жылы дом, брама-званіца з жылым манастырскім корпусам, падмуркі храма-пахавальні. У 1998—2000 узведзены манастырскі жылы корпус, гасп. пабудовы, майстэрні. Спаса-Праабражэнская царква — помнік архітэктуры Полацкай школы дойлідства. Размешчана ў цэнтры манастырскага комплексу. Пабудавана паміж 1152—61 дойлідам Іаанам на заказ Ефрасінні Полацкай як саборны храм. З пераходам манастыра да езуітаў царква была ператворана ў касцёл. У 1833 часткова перабудавана (арх. А.Порта). Мураваны 3-нефавы 6-стаўповы крыжова-купальны храм (8 χ 12). Цэнтр. неф з У завершаны паўкруглай масіўнай апсідай, больш вузкія бакавыя нефы — паўкруглымі нішамі ў тоўшчы сцяны. Паўд. і паўн. фасады расчлянёны пілястрамі з паўкалонамі, якія рытмічна падзяляюць паверхню на 3 вузкія і 2 шырокія прасценкі (чаргуюцца), прарэзаны паўцыркульнымі аконнымі праёмамі на 2 узроўнях (ніжнія ў 1,5 раза большыя за верхнія, з т.зв. броўкамі з 4 радоў плінфы). Напачатку царква мела пазакамарнае пакрыццё асн. аб’ёму і больш нізкага нартэкса. Барабан купала ўзвышаўся над скляпеннямі асн. аб’ёму і апіраўся на квадратны ў плане пастамент, на гранях якога былі какошнікі. Закамары і какошнікі мелі кілепадобнае завяршэнне, што стварала ярусную кампазіцыю верху. У 19 ст. пазакамарнае пакрыццё заменена 3-схільным дахам. Уваход на хоры — у паўн. частцы зах. сцяны. Па баках хораў 2 маленькія келлі, адна з іх, паводле падання, прызначалася для Ефрасінні Полацкай. Інтэр’ер аздоблены фрэскамі 12 ст. — унікальнымі творамі стараж.-рус.манум. мастацтва. Даследаванні паверхні сцен, скляпенняў і слупоў даюць падставу меркаваць, што ўвесь храм багата ўпрыгожаны фрэскамі, якія закрыты напластаваннямі тынку і алейнай размалёўкай 5 832—35 і 1840. Расчыстка сценапісу праводзілася ў 1937, 1938, 1940, 1950, 1972. Адкрыта 8 фрагментаў фрэсак 12 ст. Тры з іх знаходзяцца ў алтарнай частцы: на лапатках паўд. і паўн. сцен выявы невядомых святых ва ўвесь рост з кнігамі ў руках, на паўд. сцяне побач з бакавым праёмам выява святога, што моліцца на фоне высокай вежы. 5 фрагментаў у цэнтр. частцы: на паўд. сцяне 2 з выявамі святых манашак; на паўн.-ўсх. і паўд.-ўсх. слупах франтальныя выявы святых ва ўвесь рост са скруткамі ў руках; на паўн.-зах. слупе, які падтрымлівае хоры, выява невядомай маладой святой. У апошнія гады пазнейшыя алейныя размалёўкі пачалі ападаць. Адкрылася шмат новых фрагментаў і сюжэтных кампазіцый у цэнтр. (10 выяў) і бакавых апсідах, цэнтр. частцы, у келлі Ефрасінні Полацкай. Фрэскі вылучаюцца выразнасцю індывід. характарыстык, натхнёнасцю, эмацыянальнасцю, суровай экспрэсіяй. Выявы святых пададзены ў класічных прапорцыях: з прадаўгаватымі тварамі, вял. міндалепадобнымі вачыма, цёмнымі вачніцамі, сціснутымі, але прыгожымі і жывымі вуснамі. Стараж. фрэскамі таксама была размалявана вонкавая паўд. сцяна (не захавалася). У 1161 Лазар Богша для царквы зрабіў Крыж Ефрасінні Полацкай. Крыжаўзвіжанскі сабор размешчаны з левага (паўн.) боку ад Спаса-Праабражэнскай царквы. Узведзены ў 1893—97 з цэглы (паводле праекта У.Ф.Коршыкава) у руска-візант. стылі. З пач. 1990-х г. вядзецца расчыстка і кансервацыя размалёвак (мастак-рэстаўратар І.В.Ракіцкі). Уяўляе сабой крыжова-купальны 3-нефавы храм, 4-слуповы, 5-купальны, з 3 прытворамі і паўцыркульнай апсідай. Цэнтр. шлемападобны купал на высокім светлавым 12-гранным барабане. Па вуглах ад яго 8-гранныя вежы, завершаныя шлемападобнымі купаламі. У дэкар. аздабленні фасадаў выкарыстаны закамары, арачныя ўваходныя парталы, паўкалонкі, круглыя медальёны. У 1990 праведзена рэстаўрацыя сабора.
Свята-Ефрасіннеўская трапезная (цёплая) царква размешчана з правага (паўд.) боку ад Спаса-Праабражэнскай царквы. У 1847 1-павярховы жылы дом быў прыстасаваны пад царкву, у 1849 перабудаваны. Уяўляе сабой прамавугольны ў плане аб’ём з 5-граннай апсідай (з У), 4-гранным прыдзелам (з Пд) і прытворам (з 3). Накрыта 2-схільным дахам, у цэнтры якога невял. купал з галоўкай на драўляным 8-гранным барабане. Уваход у выглядзе арачнага партала з шырокай лесвіцай, сцены дэкарыраваны рустам, аконныя праёмы паўцыркульныя з ліштвамі. У 1989 царква адрэстаўрыравана. Жылы корпус размешчаны на ПдУ ад Спаса-Праабражэнскай царквы (каля храма-пахавальні). Пабудаваны ў пач 18 ст. з цэглы як жылы, пазней — летняя рэзідэнцыя генерала езуіцкага ордэна. 2-павярховы прамавугольны ў плане будынак з уваходам з усх. боку. Сцены прарэзаны невял. аконнымі праёмамі з ліштвамі, вуглы дэкарыраваны руставанымі лапаткамі і ўмацаваны (з боку яра) 2 масіўнымі контрфорсамі. Брама-званіца і манастырскі корпус размешчаны пры ўваходзе на тэр. манастыра з боку вул. Фрунзе. Брама-званіца, узведзеная ў 1882 з цэглы, уяўляла сабой 1-арачны пралёт, перакрыты цыліндрычным скляпеннем і завершаны вежай-званіцай (не захавалася; у 1992 адноўлена). Да яго з 2 бакоў далучаліся 1-павярховыя флігелі. Да левага флігеля ў 1902 прыбудаваны 3-павярховы (1-ы паверх цокальны) мураваны жылы манастырскі корпус. Фундаменты храма-пахавальні размешчаны за 100 м на ПнУ ад Спаса-Ефрасіннеўскай царквы. Існаваў у 1-й пал. 12—1-й пал. 17 ст. Уваходзіў у ансамбль манастыра. Быў пабудаваны ў традыцыях Полацкай школы дойлідства. Паводле археал. даследаванняў 1947, 1961—62, 1964, 1976 храм быў 3-нефавы, 4-стаўповы, крыжова-купальны (шыр. 14,85 м, даўж. без апсіды 17,2 м), 3-апсідны (бакавыя апсіды размешчаны ў тоўшчы ўсх. сцяны). З паўд., зах. і паўн. бакоў абнесены галерэяй (шыр. 4,1 м), якая пераходзіла ў невял. капліцы з самаст. апсідамі. Сцены складзены з плінфы ў тэхніцы муроўкі са «схаваным радам». Фасады аформлены лапаткамі ступеньчатага профілю. Унутры храм быў багата аздоблены. Знойдзена шмат кавалкаў тынкоўкі з фрэскавай размалёўкай: з арнаментам, выявамі святых і анёлаў. Узорыстая мазаічная падлога была выкладзена з керамічных паліваных плітак рознай формы; малюнкі выкладаліся са смальты ў форме квадратаў, трохвугольнікаў і палосак. Выяўлены таксама рэшткі мужчынскіх пахаванняў ў цагляных камерах. Храм быў пахавальняй полацкіх епіскапаў. Захаваліся падмуркі і часткова ніжнія ч. сцен. Комплекс манастыра ўваходзіць у Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік. З 1997 у манастыры знаходзіцца адноўлены Крыж Ефрасінні Полацкай (маст. М.Кузьміч). У 2000 у гонар 2000-годдзя Раства Хрыстова і 100-годдзя смерці ігуменні Яўгенні (Гаваровіч) у саборы ўстаноўлена памятная дошка (аўтары: А.Інькова, Г.Лаўрэцкі, А.Царык).
Літ.:
Монастырь у церкви Спаса: Полоцкий Спасо-Ефросиниевский монастырь с древности до наших дней: Фотоальбом. Мн., 2000.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСК,
горад, цэнтр Віцебскай вобл. і Віцебскага р-на, на Зах. Дзвіне, у сутоках рэк Віцьба і Лучоса. За 300 км ад Мінска. Вузел чыгунак на Маскву, С.-Пецярбург, Оршу, Полацк і аўтадарог. Порт на Зах. Дзвіне. Аэрапорт. 356,4 тыс.ж. (1996).
Гісторыя. Археал. даследаванні сведчаць, што першыя пасяленні чалавека на тэр. горада адносяцца да каменнага веку. Паводле падання, зафіксаванага ў Віцебскім летапісе 18 ст., Віцебск (летапісны Видбеск, Видебск, Витьбеск, Витепеск) заснаваны кіеўскай княгіняй Вольгай у 974. Назву атрымаў ад р. Віцьба. Займаў важнае месца на шляху «з варагаў у грэкі» У 1021 вял. кіеўскі кн. Яраслаў Мудры перадаў Віцебск полацкаму кн. Брачыславу Ізяславічу. Пасля смерці полацкага кн. Усяслава Брачыславіча (1101) — цэнтр удзельнага Віцебскага княства. З 1320 у складзе ВКЛ. Да 1351 у Віцебску закончана буд-ва мураваных Верхняга і Ніжняга замкаў (гл.Віцебскія замкі), княжацкага палаца. З 14 ст. Віцебск — цэнтр Віцебскага павета. У 15—16 ст. буйны гандлёвы і рамесны цэнтр. У 1441 названы ў ліку 15 найбуйнейшых гарадоў ВКЛ. Адным са сведчанняў яго гандл. сувязей з замежжам з’яўляецца Віцебскі скарб. З 1506 цэнтр Віцебскага ваяводства. У 1597 гораду дадзена магдэбургскае права, ён атрымаў уласны герб — у блакітным полі пагрудная мужчынская выява, пад якой чырвоны меч. Паводле магдэбургскага прывілея Віцебску дазвалялася мець сваю пячатку, ратушу (гл.Віцебская ратуша), гасціны двор. Органам гар. самакіравання стаў магістрат, што складаўся з радцаў і лаўнікаў на чале з войтам. У выніку ваен. падзей пач. 16—18 ст. горад неаднаразова быў разбураны і спалены. 12.11.1623 у Віцебску ўспыхнуў бунт супраць полацкага уніяцкага архіепіскапа І.Кунцэвіча (гл.Віцебскае паўстанне 1623). Бунт быў задушаны каралеўскім войскам, а горад пазбаўлены магдэбургскага права (вернута ў 1654). У 17 ст. Віцебск — значны гандл. і рамесніцкі цэнтр (больш за 1 тыс. дамоў, дрэва- і металаапрацоўчая, гарбарная, ганчарная, васкабойная, мылаварная вытв-сці, апрацоўка футра, піва- і мёдаварэнне). У 2-й пал. 18 ст. стаў 2-м па велічыні горадам Беларусі (пасля Магілёва). З 1772 у складзе Рас. імперыі. У 1772—77 цэнтр Віцебскай правінцыі. Як павятовы горад уваходзіў у Пскоўскую, з 1776 у Полацкую губ., з 1796 цэнтр Беларускай, з 1802 — Віцебскай губерні. З 1777 пачало дзейнічаць першае прамысл. прадпрыемства — гарбарнае. У 1781 зацверджаны новы герб Віцебска з выявай «Пагоні». У 1785 у Віцебску 10,5 тыс.ж. У 1826 створана Беларускае вольнае эканамічнае таварыства, у 1834 — Віцебскае таварыства ўрачоў, з 1838 выдавалася газ.«Витебские губернские ведомости», у 1845 пачаў працаваць гар.тэатр. Паводле перапісу 1887 у Віцебску 65 871 ж., каля 2800 дамоў, 31 навуч. ўстанова, 3 друкарні, 2 бальніцы. Развіццё рэв. руху ў Віцебску звязана з дзейнасцю разначынцаў-народнікаў. У 1892 узнік марксісцкі гурток, у 1896—97 — рабочая арг-цыя, з 1897 — сац.-дэмакр.к-т Бунда, з 1903 — арг-цыяРСДРП. У рэвалюцыю 1905—07 адбыліся масавыя выступленні гараджан, існаваў Віцебскі кааліцыйны камітэт, які выконваў некат. функцыі Савета рабочых дэпутатаў. У 1-ю сусв. вайну з восені Віцебск стаў прыфрантавым горадам, куды перамясціліся штаб Дзвінскай ваеннай акругі, ваен. ўстановы, шпіталі; гарнізон горада ў 1916 налічваў 40 тыс. ваеннаслужачых. Лют. рэвалюцыя 1917 актывізавала паліт. жыццё. У Віцебску сфарміраваны мясц. органы Часовага ўрада, арганізаваны Віцебскі грамадскі к-т, 20.3(2.4). 1917 створаны Віцебскі Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Каля 20 розных партый і рухаў уключыліся ў барацьбу за ўладу і ўплыў на насельніцтва горада і губерні. 27.10(9.11).1917 Віцебскі ВРК узяў уладу ў горадзе ў свае рукі. З 2.2.1919 Віцебск у складзе РСФСР. 3.3.1924 вернуты БССР, стаў цэнтрам Віцебскага раёна і Віцебскай акругі. У 1933 — 125,3 тыс.ж. У 1930-я г. горад ператварыўся ў буйны прамысл. і культ. цэнтр рэспублікі. З 15.1.1938 цэнтр Віцебскай вобласці, з 27.9.1938 горад абл. падпарадкавання.
У 1940 — 180 тыс.ж. 11.7.1941 Віцебск акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі. Для абароны горада было сфарміравана Віцебскае народнае апалчэнне 1941. З першых дзён акупацыі ў горадзе дзейнічала Віцебскае патрыятычнае падполле. За час акупацыі гітлераўцы загубілі ў Віцебску і наваколлі 76 тыс. ваеннапалонных і каля 62 тыс. мірных грамадзян. 26.6.1944 горад вызвалены ў выніку Віцебска-Аршанскай аперацыі 1944. За пасляваен. гады нанава адбудаваны.
Гаспадарка. У 1825 у Віцебску было 10 прадпрыемстваў. З 2-й пал. 19 ст.сац.-эканам. стан горада адметны развіццём капіталіст. адносін. У 1866 праз Віцебск пракладзена Рыга-Арлоўская чыгунка, пазней чыг. лініі звязалі горад з Пецярбургам, Масквой, Брэстам і Кіевам. У 1882 заснаваны Віцебскі чыгуналіцейна-машынабудаўнічы завод, у 1883 — Віцебская тытунёва-махорачная фабрыка, у 1889 — Віцебская папярова-кардонная фабрыка, у 1892 — Віцебская акулярная фабрыка, развіваліся шчацінная, шкляная, васкабойная, гарбарная, па вырабе карабельных канатаў і інш. галіны вытворчасці. У 1897 на 102 фабрычна-заводскіх прадпрыемствах было занята каля 1,5 тыс. рабочых, на 1795 саматужных прадпрыемствах — каля 5 тыс. рамеснікаў. Бельгійскае акц.т-ва пабудавала ў Віцебску ў 1897 электрастанцыю (гл.Віцебская электрастанцыя), у 1898 — трамвайную лінію (першую на Беларусі) з эл. цягай; у цэнтры горада — водаправод. Да буйных акц. прадпрыемстваў належалі Віцебская лёнапрадзільная фабрыка «Дзвіна» і Віцебскі піваварны заводакц.т-ва «Левенбрэй». У 1913 Віцебск меў высокі ўзровень канцэнтрацыі прам-сці: дзейнічала 45 ф-к і з-даў; працавала каля 8 тыс.чал., з іх 40% у тэкстыльнай і каля 20% у металаапр. галінах. У 1920-я г. Віцебск ператварыўся ў буйны прамысл. цэнтр рэспублікі. У 1923 пачала працаваць абутковая ф-ка (гл.Віцебская абутковая фабрыка «Чырвоны Кастрычнік»). Да канца 1925 у Віцебску ўведзены ў дзеянне з-ды машынабудаўнічы «Чырвоны металіст», гарбарны і інш. У 1927 у горадзе працавала 36 прадпрыемстваў цэнзавай прам-сці (7036 рабочых). У 1928—33 пабудаваны швейная ф-ка «Сцяг індустрыялізацыі», фанерны з-д (гл.«Віцебскдрэў»), арцель «8 Сакавіка» (гл.Віцебская фабрыка мастацкіх вырабаў «Купава»), ф-кі панчошна-трыкатажная (гл.Віцебскае панчошна-трыкатажнае аб’яднанне «КІМ»), кардонная, шчацінна-шчотачны камбінат, элеватар, заводы маслабойны, цагельныя, кафляны, вапнавы. У 1933—37 рэканструяваны інсуючыя, створаны новыя прадпрыемствы. У 1938 у Віцебску дзейнічала 209 прадпрыемстваў (разам з арцелямі). Выпускалася 28% прамысл. прадукцыі, працавала 81 тыс. рабочых. У 1940 заснаваны Віцебскі станкабудаўнічы завод імя Камінтэрна. Пасля вызвалення Віцебска ад ням.-фаш. захопнікаў першымі былі адноўлены станкабудаўнічыя з-ды; заснаваны Віцебскі завод заточных станкоў. У 1948—50 створаны мэблевая ф-ка (гл.«Віцебскмэбля»), дывановы камбінат (гл.«Віцебскія дываны»). З 1951 працуе з-д Металмаш (гл.Віцебскі прыладабудаўнічы завод), з 1955 — Віцебская шаўкаткацкая ф-ка (гл.Віцебскі камбінат шаўковых тканін), з-д зборнага жалезабетону, буйнапанэльнага домабудавання, з 1960 — Віцебскі завод трактарных запасных частак. Індустрыяльнае развіццё актывізавалася ў 1960—70-я г. Зараз Віцебск — буйны прамысл. і культ. цэнтр, дае каля 1/3 валавой прадукцыі вобласці. Развіта машынабудаванне і металаапрацоўка (Віцебскі станкабудаўнічы завод імя С.М.Кірава, Віцебскі завод тэхналагічнага абсталявання «Эвістар», «Віцебскае вытворчае аб’яднанне «Электравымяральнік», Віцебскае вытворчае аб’яднанне «Віцязь», Віцебскае вытворчае аб’яднанне «Маналіт» і інш.), лёгкая (Віцебская прамыслова-гандлёвая фірма «Футра», Віцебскае тэкстыльнае вытворчае аб’яднанне, «Белвест» і інш.), харчовая (мясакамбінат, кандытарскі камбінат «Віцьба», з-ды алейнаэкстракцыйны, кансервавы, макаронная ф-ка, піваварны завод і інш.); дрэваапрацоўчая, буд. матэрыялаў (з-ды буйнапанэльнага жалезабетону, дрэнажных труб, керамзітавага жвіру) прам-сць.
Асвета. У 10—11 ст. у Віцебску пры цэрквах, манастырах, княжацкіх дварах ствараліся школы, у якіх па царк. кнігах вучылі дзяцей маёмных класаў. Паводле знойдзенай пры раскопках берасцяной граматы, у 13—14 ст. у школах Віцебска вучыліся дзеці купцоў і рамеснікаў. У 14—18 ст. пры праваслаўных, каталіцкіх і пратэстанцкіх храмах і манастырах існавалі школы, езуіцкі (гл.Віцебскі езуіцкі калегіум) і піярскі (1775) калегіумы, дзейнічалі правасл. брацтвы і базыльянскія школы і інш. У канцы 18 — пач. 19 ст. рымска-каталіцкія ордэны адкрывалі жаночыя школы і пансіянаты. Пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі ў канцы 18 ст. ў Віцебску былі адкрыты рус. школы, вучылішчы, гімназіі. Першая рус. школа адкрыта ў канцы 1770-х г. (у 1784 у ёй навучалася 76 дзяцей). Першая мужчынская гімназія (гл.Віцебская мужчынская гімназія) адкрыта ў 1808, у 1834 — Віцебская настаўніцкая семінарыя, у 1870 — Віцебская Марыінская жаночая гімназія. Мед. работнікаў сярэдняй кваліфікацыі рыхтавала з 1872 Віцебская фельчарская школа. У 1906—13 існавала прыватная Віцебская фельчарска-акушэрская школа. У 1890 1856 адкрыта духоўная семінарыя, а ў 1902 — епархіяльнае жаночае вучылішча. У 1891 у Віцебску 22 навуч. ўстановы, у якіх займалася каля 3500 навучэнцаў, у т. л. павятовыя вучылішчы: двухкласнае (145 навучэнцаў) і аднакласнае (148 навучэнцаў), прыходскае (60 навучэнцаў); 5 б-к, чытальня. У 1910 адкрыты першы на Беларусі настаўніцкі ін-т (гл.Віцебскі настаўніцкі інстытут), пераўтвораны ў 1918 у пед.ін-т, Віцебскае рэальнае вучылішча. У 1911 створана Віцебскае аддзяленне Маскоўскага археалагічнага інстытута. У 1920 засн. механіка-буд. тэхнікум, у 1921 — вышэйшы с.-г. тэхнікум (з 1924 ветэрынарны ін-т), маст. вучылішча. У 1940 у Віцебску 29 ясляў, 53 дзіцячыя сады, 43 агульнаадук. школы, 15 сярэдніх спец.навуч. устаноў, 4 ВНУ, 2 н.-д. ўстановы, 19 дамоў культуры і клубаў. У 1996/97 навуч.г. ў Віцебску 110 дашкольных устаноў, у т. л. дашкольная гімназія, 2 цэнтры развіцця дзіцяці, 7 дашкольных устаноў з паглыбленымі кірункамі дзейнасці (замежная мова, бел. мова, эстэтыка і інш.) і 2 санаторнага тыпу, 4 кампенсуючыя дашкольныя ўстановы, дзіцячы дашкольны дом. Дзейнічаюць 44 агульнаадук. школы (48 317 вучняў, у т. л. 1 ліцэй, 2 гімназіі), школа-інтэрнат для дзяцей з парушэннямі слыху і школа-інтэрнат для дзяцей з затрымкай псіх. развіцця; 14 прафес.-тэхн. вучылішчаў (больш за 7 тыс. навучэнцаў); 9 сярэдніх спец.навуч. устаноў, у т. л.Віцебскі станкаінструментальны тэхнікум, Віцебскі політэхнічны тэхнікум, Віцебскі індустрыяльна-педагагічны тэхнікум, Віцебскі індустрыяльна-тэхналагічны тэхнікум, Віцебскі філіял Вышэйшага каледжа сувязі. У Віцебску 4 дзярж.ВНУ: Віцебскі універсітэт, Віцебская акадэмія ветэрынарнай медыцыны, Віцебскі медыцынскі інстытут, Віцебскі тэхналагічны універсітэт, а таксама Віцебскі філіял Міжнароднага недзяржаўнага інстытута працоўных і сацыяльных адносін.
Архітэктура. Старажытны цэнтр горада — гарадзішча (Замкавая гара) на левым беразе Віцьбы на высокім узгорку, вакол якога ў 9 — пач. 10 ст. ўзніклі 3 паселішчы. У 10—13 ст. Віцебск — умацаваны замак (дзядзінец), да якога далучаўся вакольны горад (пасад). Са збудаванняў таго часу вядома Віцебская Благавешчанская царква. У 2-й пал. 13 — пач. 14 ст. сфарміраваліся Верхні (б. дзядзінец) і Ніжні (б. пасад), у 16 ст. — Узгорскі замкі, якія былі цесна звязаны паміж сабой. Уяўленне пра планіроўку і забудову горада дае унікальны графічны дакумент — «Чарцёж» Віцебска 1664. Сярод будынкаў 17 ст.Віцебскі гасціны двор, Віцебская Святадухаўская царква, Віцебская Сімяонаўская царква, Віцебская Спаса-Праабражэнская царква, Віцебская Увядзенская царква, Віцебскі палац Агінскага і інш. У драўляным грамадзянскім і культавым дойлідстве сфарміравалася Віцебская школа дойлідства. Рэгулярныя планы забудовы Віцебска распрацоўваліся ў канцы 18 — пач. 19 ст. Планіровачна горад падзяляўся на 3 часткі: Узгорскую (паміж Зах. Дзвіной і Віцьбай), Заручаўскую (паміж Віцьбай і Ручаём), Задзвінскую (на правым беразе Зах. Дзвіны). Сфарміраваўся развіты грамадскі цэнтр горада, які складаўся з Саборнай і Рыначнай плошчаў. У ансамбль Саборнай пл. ўваходзілі касцёл і калегіум езуітаў, Віцебскага акруговага суда будынак. Рыначную пл. фарміравалі ратуша, Васкрасенская царква, касцёл і Віцебскі кляштар бернардзінцаў. На высокім беразе Зах. Дзвіны пабудаваны Віцебскі палац губернатара, у розных частках горада — Віцебская Успенская царква і манастыр базыльян, Віцебскі Варварынскі касцёл, Віцебская Троіцкая царква Маркава манастыра, Віцебская Троіцкая царква на Пескаватыку, Мікалаеўская, Казанская цэрквы. Сярод грамадскіх будынкаў канца 19 — пач. 20 ст. вылучаліся: мужчынская гімназія, Віцебскага пазямельна-сялянскага банка будынак, Віцебскага духоўнага вучылішча будынак. З пач. 1930-х г. вялося комплекснае буд-ва — ствараліся жылыя пасёлкі каля буйных прамысл. прадпрыемстваў, на гал. магістралях горада будаваліся 4-павярховыя жылыя дамы камунальнага тыпу, Віцебскі жылы дом спецыялістаў, Віцебскі дом-камуна, Віцебскі клуб металістаў. У першыя пасляваен. дзесяцігоддзі праводзілася рэканструкцыя гар. цэнтра, пабудаваны чыг. вакзал, гасцініца «Дзвіна» (арх. В.Ладыгіна, Я.Заслаўскі), будынак Бел.драм.т-ра імя Я.Коласа (арх. А.Максімаў, Т.Рыскіна) і інш. У 1970—90-я г. развіццё горада ажыццяўляецца па генпланах 1975 і 1982. Завершаны ансамбль Перамогі плошчы, аформлена пл. Тысячагоддзя Віцебска (б. Тэатральная). Сярод грамадскіх будынкаў: новыя карпусы мед. (арх. В.Данілаў), пед. (арх. У.Зубкоў, З.Конаш), вет. (арх. А.Грачышнікаў) ін-таў, 12-павярховая гасцініца «Віцебск» (арх. Данілаў, З.Даўгяла), Палац культуры прафсаюзаў (арх. В.Кірылаў, А.Бельскі), кінатэатр «Брыганціна» і летні амфітэатр (арх. В.Бабашкін) і інш. У цэнтр. частцы горада захавалася гіст. планіроўка 16—17 ст., мураваная забудова і асобныя помнікі гісторыі і архітэктуры 18 — пач. 20 ст. У Віцебску дзейнічае абл.арг-цыяБел. саюза архітэктараў (з 1974). Помнікі героям Айч. вайны 1812, П.М.Машэраву, В.З.Харужай. Брацкія магілы і вайск. могілкі сав. воінаў. Батанічны сад.
Мастацкае жыццё Віцебска канца 19 — пач. 20 ст. вызначалася актыўнасцю. У крас. 1871 тут працавала маст.-археал. выстаўка, дзе экспанаваліся жывапісныя і графічныя творы, фотаздымкі бел. гарадоў, этнагр. прадметы, археал. знаходкі з прыватных збораў. У 1893 1897 адкрыты Віцебскі царкоўнаархеал. музей. У 1898 пачала працаваць Віцебская школа-майстэрня Ю.Пэна. З Віцебшчынай звязана творчасць мастакоў Н.Орды, І.Трутнева, Дз.Струкава, К.Стаброўскага, І.Аскназія, М.Дабужынскага, Я.Мініна і інш., якія зрабілі шматлікія замалёўкі помнікаў стараж. архітэктуры, пейзажаў Віцебска і краю. У 1892—98 у маёнтку Здраўнева пад Віцебскам жыў і працаваў І.Я.Рэпін. У 1919—23 працавала створаная па ініцыятыве М.Шагаланар.маст. школа «новага рэвалюцыйнага ўзору», у якой выкладалі Дабужынскі, Пэн, К.Малевіч, Р.Фальк, А.Бразер, С.Юдовін і інш. У 1919—21 пры школе існаваў музей сучаснага мастацтва, створаны па ініцыятыве Шагала. Фонд складаўся з 120 твораў авангардысцкага характару. У 1925 частка работ перададзена ў Віцебскі абл. краязнаўчы музей. У хуткім часе школа ператварылася ў вышэйшыя маст.-практычныя майстэрні, пазней — у маст. практычны ін-т (існаваў да 1922). У 1919 адбываліся выстаўкі твораў мастакоў-авангардыстаў, дзе акрамя работ віцебскіх жывапісцаў і графікаў экспанаваліся карціны з музеяў Масквы і Петраграда. У 1920—23 дзейнічала арг-цыя«Сцвярджальнікі новага мастацтва», якая мела на мэце замяніць выяўл. мастацтва абстрактнымі формамі вытв.-маст. канструявання. У 1920 выйшлі кнігі Малевіча «Бог не скінуты», «Мастацтва, царква, фабрыка», «Супрэматызм» (у апошняй аўтар выклаў тэорыю новага авангардысцкага кірунку). Выдаваліся часопісы «Искусство» (1921—22) і «Журнал ВИТРОСТА» (Віцебскага аддзялення РОСТА, 1921), плакаты Віцебскія «Окна РОСТА» (1919—22) і інш. На іх старонках публікаваліся матэрыялы пра маст. жыццё горада. У 1923 адкрылася Віцебскае народнае мастацкае вучылішча, пры якім у 1927 створана аб’яднанне моладзі Асацыяцыі мастакоў рэвалюцыі (кіраўнік П.Гаўрыленка). Аб’яднанне ў 1928—30 наладжвала ў горадзе маст. выстаўкі. У 1920-я г. пачало дзейнічаць Віцебскае акр.т-ва краязнаўства (кіраўнік М.Каспяровіч), куды ўваходзілі А.Шлюбскі, І.Фурман, З.Гарбавец, І.Гаўрыс, Мінін, М.Эндэ. Члены маст. секцыі т-ва пры маст. вучылішчы збіралі ўзоры нар. мастацтва, рабілі замалёўкі помнікаў архітэктуры і г.д. Т-вам выдадзены брашуры «Крашаніна» (1925) і «Віцебск у гравюрах С.Юдовіна» (1926) Фурмана, «Беларуская архітэктура» Каспяровіча (1925). Артыкулы Каспяровіча, М.Шчакаціхіна, Гаўрыса, Мініна, Я.Васілевіча па праблемах мастацтва змяшчаліся ў зборніку «Віцебшчына» (т. 1—2, 1925—28). У цэлым 1920-я г. вызначаліся вострай барацьбой паміж прыхільнікамі авангардызму і рэаліст. мастацтва. 12.7.1939 у Віцебску адкрыта маст. галерэя Пэна (экспанавалася каля 100 яго работ). Усяго ў фондах галерэі было каля 800 твораў (асн. частка перададзена ў Нац.маст. музей Беларусі, асобныя творы — у Віцебскі абл. краязнаўчы музей). У 1941 адбыліся 1-я выстаўка выяўл. мастацтва Віцебска і перасоўная выстаўка графікі. Другая абл. выстаўка твораў мастакоў Віцебска і вобласці наладжана ў 1949. Пасля стварэння ў 1952 Віцебскай абл. арг-цыі Саюза мастакоў Беларусі маст. жыццё горада актывізавалася. Выстаўкі мастакоў адбыліся ў 1953, 1955, 1957; з 1960 штогод наладжваюцца справаздачныя абл. выстаўкі, а таксама маладзёжныя, групавыя, тэматычныя, персанальныя і інш. У 1970—80-я г. адбыліся тэматычныя маст. выстаўкі: прысвечаныя 1000-годдзю Віцебска, 35-годдзю Перамогі ў Вял.Айч. вайне, 800-годдзю стварэння «Слова пра паход Ігаравы», «Зямля і людзі», «Подзвігу народа жыць у вяках», «У краі блакітных азёр», «Пейзаж нашай Радзімы», «Маладосць Віцебшчыны», «Мастак і экалогія», акварэлі; персанальныя Ф.Гумена, Я.Красоўская, І.Сталярова, У.Вітко, В.Лук’янава, М.Міхайлава, А.Ільінова, В.Ральцэвіча, Л.Анцімонава, В.Някрасава, В.Ціханенкі, П.Явіча, А.Салаўёва, А.Скавародка, А.Толкача, А.Кузьмічова. Творы мастакоў Віцебска экспанаваліся ў Маскве, Мінску, Пскове, Каўнасе, Ленінградзе, Смаленску, Зялёнай Гуры, у Віцебску — мастакоў з Мінска, Латвіі, Зялёнай Гуры, Франкфурта-на-Одэры, «Сучаснае мастацтва Ноўгарада» і інш.
Сярод экспазіцый 1990-х г. выстаўкі, прысвечаныя 75-годдзю Віцебскай маст. школы, «Пленэр-90», групы УБІКУС, «Віцебскі габелен», «Віцебская акварэль: гісторыя і сучаснасць», творы польскіх графікаў, «Барока на Беларусі», «І.Рэпін. Малюнкі», твораў М.Шагала, фінскага мастака А.Ахола-Вало, «Лепшы твор года», серыя выставак «Інфармэйшэн», «Новыя імёны»; групавыя і персанальныя выстаўкі Г.Шутава, Толкача, А.Мемуса, А.Каржанеўскага, У.Кухарава, А.Кавалёва, Гумена, У.Вольнава, Т.Беразоўскай, А.Някрасава, А.Кастагрыза, А.Ізаіткі, І.Сталярова, У.Напрэенкі, М.Дудзіна, М.Ляўковіча, Л.Мядзведскага, А.Карпана, А.Слепава, І.Шкуратава, В.Ляховіч, А.Ільінова, М.Драненкі і інш. Выстаўкі віцебскіх майстроў выяўл. мастацтва адбыліся ў Маскве, Пецярбургу, Мінску, Гданьску, Жэневе, Брэмене, Нінбургу, Варшаве, Шчэціне, Катавіцах, Берліне, Таронта, Іерусаліме, і адпаведныя выстаўкі гэтых гарадоў у Віцебску. Праведзены 1-ы міжнар. пленэр памяці М.Шагала (1994), 1-ы і 2-і міжнар. пленэры «Малевіч. УНОВИС. Сучаснасць» (1994, 1996). Перыядычна адбываюцца выстаўкі твораў самадзейных мастакоў і майстроў нар. мастацтва. Створаны незалежныя творчыя аб’яднанні «Квадрат» (1987), «УБІКУС» (1992), «Віцебская акварэль» (1995). Дзейнічаюць маст. музей, Артцэнтр імя М.Шагала, прыватная галерэя А.Пушкіна.
Літаратурнае жыццё. З Віцебскам звязана дзейнасць многіх бел., рус. і польскіх дзеячаў культуры і мастацтва. У паэзіі Сімяона Полацкага з Віцебскам асацыіруецца паняцце радзімы. У 17 ст. віцебскі ваявода Я.Храпавіцкі склаў «Дыярыуш», «дыялогам» з якога пачаў сваю дзейнасць віцебскі школьны тэатр. У 1768 С.Аверка склаў Віцебскі летапіс, дзе шмат арыгінальных звестак па гісторыі горада. У Віцебску нарадзіліся бел. і польск. паэты Ф.Д.Князьнін, А.Рыпінскі, рус. гісторык і філолаг-славіст А.Л.Пагодзін, вучыўся паэт-рамантык Т.Лада-Заблоцкі, творчасць якога прасякнута любоўю да Беларусі (паэма «Ваколіцы Віцебска» і інш.), жыў А.Дэльвіг. Віцэ-губернатарам Віцебска ў 1853—54 быў рус. пісьменнік І.Лажэчнікаў. У сярэдзіне 19 ст. літаратары Віцебска групаваліся вакол «наддзвінскага дудара» А.Вярыгі-Дарэўскага. У канцы 19 — пач. 20 ст. ў Віцебску і на Віцебшчыне жылі і працавалі бел. этнографы і фалькларысты Е.Раманаў, М.Нікіфароўскі, В.Астаповіч, краязнаўцы А.Сапуноў, У.Стукаліч, пісьменнік А.Пшчолка. У літ. жыцці Віцебска ўдзельнічалі рус. пісьменнікі. У горадзе бывалі Г.Дзяржавін (1799, 1800), які ў сваіх «Запісках» (1859) адзначаў нац. самабытнасць бел. народа, А.Пушкін (1820, 1824), М.Гогаль (1828), Т.Шаўчэнка (1843, 1847), І.Бунін (1889), збіраў матэрыялы для нарысаў Г.Успенскі (1890).
У 1924—28 у Віцебску дзейнічала акруговае аддзяленне літ. аб’яднання «Маладняк». Частымі гасцямі Віцебска былі Я.Купала, Я.Колас, К.Чорны, іх п’есы ставіліся на сцэне Віцебскага т-ра. У 1958 выйшаў літ.-маст. Альманах «Дзвіна». Дзейнічаюць абласныя аддзяленні Бел. саюза журналістаў (з 1970), Саюза бел. пісьменнікаў (з 1980). Пры Віцебскім пед. ін-це (з 1993 ун-т) створаны літ. музей; экспануюцца рукапісы, фотаздымкі, кнігі з аўтографамі пісьменнікаў-землякоў. У горадзе жывуць і працуюць пісьменнікі В.Беляжэнка, П.Ламан, У.Папковіч, А.Салтук, Д.Сімановіч.
У 1797—1917 працавала Віцебская губернская друкарня, якая надрукавала больш за 250 назваў кніг і больш за 400 друкаваных выданняў, у т. л. «Памятную кніжку Віцебскай губерні» (з 1860), «Агляд Віцебскай губерні» (з 1885) і інш. У 1883—88 А.Сапуновым апублікаваны зб. дакументаў па гісторыі Віцебшчыны і Полаччыны 11—19 ст.«Віцебская даўніна». Грамадска-палітычны перыяд. друк канца 19 — пач. 20 ст. прадстаўлялі газ.«Витебский листок» (1898—99) і «Витебская жизнь» (1906). Правасл. царква выдавала «Полоцкие епархиальные ведомости» (1874—1916). Афіц. органам Віцебскага губ. праўлення былі «Витебские губернские ведомости» (1838—1918), якія складаліся з афіц. і неафіц. аддзелаў. Неафіц. аддзел меў значэнне самаст. выдання і з 1901 выдаваўся асобна (у 1906—07 замест яго выходзіла прыватная газета «Витебский голос», у 1912—17 — газ.«Витебский вестник»). У 1916—17 выдаваўся штотыднёвы грамадска-паліт. і літ.час. ліберальнага кірунку «Витебский край», у 1916—19 прыватная газ. «Витебский листок». Кніжныя выданні гэтага перыяду — у асн. адбіткі з «Витебских губернских ведомостей». У 1917 выходзіла газ. «Известия военно-революционного комитета города Витебска», якая ў далейшым шмат разоў мяняла назву (у 1924—29 называлася «Заря Запада», у 1929—38 — «Віцебскі пралетарый»), з крас. 1937 «Віцебскі рабочы» (цяпер абл., незалежная). У грамадз. вайну ў Віцебску створана новая газ. «Голос бедняка» (1918). У 1919—1920-я г. выдаваліся час. «Коммунистический труд» [1919—23, выд. губкома РКП(б) і губпрафсаюза], «Голос труда» (1920—21, прафсаюзны), «Віцебская сялянская газета» (1924—27). У гады Вял.Айч. вайны на акупіраванай тэрыторыі з 1942 і ў прыфрантавой паласе распаўсюджвалася газ. «Віцебскі рабочы».
Выходзяць газеты: «Народнае слова» (абл., з 1990), «Жыццё Прыдзвіння» (раённая, з 1938, да 1991 «Ленінская праўда»), «Витебский курьер М>» (гар., з 1990), «Віцьбічы» (гар., з 1991), «Выбар» (гар., з 1991) і інш. Віцебскае абл. радыё працуе з 1927, абл. студыя тэлебачання з 1960.
Тэатральнае жыццё. У сярэднявеччы на Каляды ў Віцебску наладжваліся тэатралізаваныя гульні-паказы. З канца 17 ст. і да 1870-х г. адбываліся нар. лялечныя паказы жлоба, паказы нар. драмы «Цар Максімілян»; дзейнічаў Віцебскі школьны тэатр. У 1805, 1806 горад наведвалі польск. трупы М.Кажынскага, паміж 1808 і 1812 — А.Руткоўскага. У 1840-я г. ў Віцебску існаваў хатні т-р ген.-губернатара А.М.Галіцына, у якім выступаў і балетны ансамбль пад кіраўніцтвам М.Піёна. 23.12.1845 тут адкрыўся гар. т-р. У ім працавалі Віцебскі балет Піёна, драм. трупа Я.Чаховіча (1847—49); гастраліравалі рус., укр., польск. трупы, акцёры М.Іваноў-Казельскі, У.Давыдаў, М.Дальскі, К.Гарын, В.Далматаў, П.Арленеў і інш. У 1850—60-я г. наладжваліся аматарскія спектаклі і канцэрты. У 1900-я г. дзейнічалі мясц. трупы пад кіраўніцтвам П.Папова-Волхаўскага, Е.Кавалеўскага, К.Вітарскага, А.Вяхірава. Іх рэпертуар быў вельмі разнастайны: побач з т.зв. касавымі спектаклямі, развесяляльнымі п’есамі, вадэвілямі, камедыямі, меладрамамі ставіліся і класічныя творы. Прыкметную ролю ў культ. жыцці Віцебска адыгрывалі аматары: з пач. 1900-х г. арганізоўваліся беларускія вечарынкі, у 1906—14 існаваў Віцебскі музычна-драматычны гурток. З пач. 1920-х г. сталі пашыранымі агітац. віды мастацтва: для рабочых і чырвонаармейцаў наладжваліся канцэрты-мітынгі, ствараліся тэатр. гурткі, працавалі Віцебскі тэатр рэвалюцыйнай сатыры, Віцебскі губернскі паказальны тэатр, агітацыйна-маст. калектыў «Сіняй блузы», Піянерскі т-р, на базе якога створаны т-р рабочай моладзі (1931—34). З ліст. 1926 у Віцебску дзейнічае прафес.драм.т-р, які і цяпер з’яўляецца цэнтрам тэатр. жыцця горада (гл.Беларускі акадэмічны тэатр імя Якуба Коласа). Працуе Беларускі тэатр «Лялька», дзейнічаюць шматлікія самадзейныя калектывы, прыязджаюць з гастролямі т-ры Беларусі і б. рэспублік СССР. Віцебск — месца правядзення тэатр. фестываляў: Першага бел.тэатр. (1986), Тэатр. марафона (1993), прысвечанага дню т-ра, і інш.
Музычнае жыццё Віцебска да пач. 19 ст. развівалася пераважна ў формах хатняга музіцыравання, канцэртаў мясц. аматараў і гастралёраў. У 1-й пал. 19 ст. яно канцэнтравалася вакол навуч. устаноў, пераважна жаночых пансіёнаў, дзе выхаванкі навучаліся ігры на фп. і спевам, выступалі з канцэртамі. У 1845—47 працаваў Віцебскі балет Піёна. З канца 19 ст. пры т-ры дзейнічаў прафес.сімф. аркестр. Пры муз. т-рах існавалі класы спеваў, ігры на фп. і скрыпцы; выкладалася тэорыя музыкі. Віцебскі музычна-драматычны гурток і Т-ва прыгожых мастацтваў (пач. 20 ст.) штотыднёва наладжвалі канцэрты аматараў і прафесіяналаў. У 1915 у Віцебску арганізавана аддзяленне Рус.муз.т-ва і муз. класы пры ім. У горадзе гастралявалі Л.Аўэр, І.Гофман, С.Кусявіцкі, С.Рахманінаў і Т.Туа, Р.Піньё, П.Сарасатэ, Л.Собінаў, Я.Хейфец. У 1919 праведзены 1-ы з’езд настаўнікаў спеваў і муз. дзеячаў Віцебскай губ. Асяродкам развіцця муз. культуры стаў сімф. аркестр (120 музыкантаў; дырыжор Б.Сухадрэў). У 1918 адкрылася нар. кансерваторыя, яе і сімф. аркестр узначаліў дырыжор М.Малько. Працаваў хор нар. кансерваторыі на чале з М.Анцавым. У 1922 кансерваторыя рэарганізавана ў муз. тэхнікум (з 1935 муз. вучылішча). Сіламі яго навучэнцаў у 1920-я г. пастаўлены оперы «Фауст» Ш.Гуно і «Русалка» А.Даргамыжскага. У наш час муз. цэнтр Віцебска — Віцебская абласная філармонія і муз. вучылішча. Працуюць 5 муз. школ, школа і вучылішча мастацтваў, абл. аддзяленне Бел. саюза муз. дзеячаў, шматлікія самадз.муз. і харэаграфічныя калектывы (каля 30 маюць званне народных і ўзорных). Праводзяцца шматлікія фестывалі і конкурсы, у т. л.міжнар. фестывалі «Славянскі кірмаш», імя І.І.Салярцінскага, сучаснай харэаграфіі, бальных і спарт. танцаў «Веснавыя россыпы», «Парад надзей», «Віцебская сняжынка», конкурсы гітарнай музыкі «Віцебскі лістапад», «Менестрэль» і інш.
Літ.:
Чарняўская Т.І. Архітэктура Віцебска: З гісторыі планіроўкі і забудовы горада. Мн., 1980;
Якімовіч Ю.А. Помнікі мураванага грамадзянскага дойлідства Віцебска XIX — пачатку XX ст.Мн., 1990.
Герб Віцебска 1597.Да арт.Віцебск. «Чарцёж» Віцебска 1664.Да арт.Віцебск. Від на горад. З акварэлі Ю.Пешкі. 1-я пал. 19 ст.Віцебск. Від з Успенскай гары. 1894.Да арт.Віцебск. Гасцініца «Віцебск».Від на Віцебск з боку Заходняй Дзвіны.Да арт.Віцебск. Кіраўскі мост цераз Заходнюю Дзвіну.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛАВЕ́НІЯ (Slovenija),
Рэспубліка Славенія (Republika Slovenija), дзяржава на Пдцэнтр.ч. Еўропы, на ПнЗ Балканскага п-ва. Мяжуе на Пн з Аўстрыяй, на У з Венгрыяй, на Пд і ПдУ з Харватыяй, на З з Італіяй і абмываецца Трыесцкім зал. Адрыятычнага мора. Пл. 20,3 тыс.км². Нас. 1927, 6 тыс.чал. (2000). Дзярж. мова — славенская. Сталіца — г.Любляна. Падзяляецца на 62 раёны. Нац. свята — Дзень дзяржаўнасці (25 чэрв.).
Дзяржаўны лад. С. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1991. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца на ўсеагульных выбарах на 5 гадоў. Парламент — Дзяржаўны сход з 90 дэпутатаў, якія выбіраюцца на 4 гады. Дзяржаўны савет (у ім 40 дэпутатаў, выбіраюцца на 5 гадоў і прадстаўляюць сац., эканам., прафес. і мясц. інтарэсы) — дарадчы орган, карыстаецца правам адкладальнага вета. Вышэйшая выканаўчая ўлада належыць ураду, які самастойны ў межах сваёй кампетэнцыі і падсправаздачны Дзярж. сходу.
Прырода. С. — пераважна горная краіна. На ПнЗ і Пн хрыбты Альпаў (усх.ч.), у т. л. Юлійскія Альпы з г. Трыглаў (2863 м). На Пдпаўн. ўскраіна Дынарскага нагор’я, у т. л. вапняковае плато Карст. Нізінныя і раўнінныя ўчасткі на З, каля ўзбярэжжа Адрыятычнага м. і на У. Ёсць радовішчы свінцова-цынкавых і медных руд, бурага вугалю і інш. Клімат на большай ч.тэр. ўмерана-кантынентальны. У міжгорных далінах т-растудз. ад 0 °C да -2 °C, ліп. 18—19 °C. На ўзбярэжжы клімат субтрапічны міжземнаморскі. Ападкаў 800—1200 мм за год, у гарах месцамі больш за 2000 мм. Асн. рэкі — Сава і Драва (бас. Дуная). Горныя ледавіковыя і карставыя азёры. Горныя букавыя, дубовыя і хвойныя лясы займаюць каля 55% тэр., ёсць участкі са стэпавай расліннасцю (плато Карст), горныя лугі, на ўзбярэжжы міжземнаморскія хмызнякі. Жывёльны свет больш захаваўся ў гарах, там трапляюцца мядзведзі, рысі, дзікі, ваўкі, алені, серны і дзікія козы. Ёсць запаведнікі і заказнікі. Пячоры Скочыян уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Насельніцтва. Каля 90% складаюць славенцы. Жывуць таксама харваты (3%), сербы (2%), баснійцы-мусульмане, венгры, італьянцы і інш. Вернікі ў асн. католікі (больш за 70%), ёсць лютэране, уніяты, мусульмане. Сярэдняя шчыльн. каля 95 чал. на 1 км², на раўнінах і ў міжгорных далінах дасягае 200—300 чал. на 1 км², у гарах каля 10—20 чал. на 1 км². У гарадах жыве 52% насельніцтва. Найб. гарады (тыс.ж., 1996): Любляна — 330, Марыбар — 103,5, Цэле — каля 50. У прам-сці і буд-ве занята каля 45% эканамічна актыўнага насельніцтва, у сельскай гаспадарцы — 20%, у абслуговых галінах — 35%.
Гісторыя. У старажытнасці тэр. С. насялялі ілірыйцы. У 1 ст.н.э. яе каланізавалі рымляне (значна раманізавана). З 6 ст. заселена славянамі (славенцамі). У 7 ст. яны ўтварылі княства Карантанія, якое напачатку ўваходзіла ў дзяржаву Сама, потым падпарадкоўвалася Баварыі (з 740—745) і Франкскай дзяржаве (з 788). Тут узніклі паселішчы ням. каланістаў (у Зах. С), у 11—13 ст. утварыліся княствы Карынтыя, Штырыя, Крайна, Горыца, Істрыя. З 1282 яны пад уладай аўстр. Габсбургаў (канчаткова з пач. 16 ст.), тэр. ядром С. з 1394 было герцагства Крайна. У час напалеонаўскіх войнаў большая ч. С. ўваходзіла ў Ілірыйскія правінцыі (1809—14) Паводле рашэнняў Венскага кангрэса 1814—15 славенскія землі зноў трапілі пад уладу Аўстр. імперыі (з 1867 Аўстра-Венгрыя). Пасля 1-й сусв. вайны і распаду Аўстра-Венгрыі тэр. С. 1.12.1918 увайшла ў новастворанае Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў (з 1929 Югаславія). У 2-ю сусв. вайну землі С. акупіраваны ў ходзе Балканскай кампаніі 1941 і падзелены паміж Германіяй, Італіяй і Венгрыяй. Да 15.5.1945 яны вызвалены Нар.-вызв. арміяй Югаславіі. Пасля абвяшчэння Федэратыўнай Нар. Рэспублікі Югаславіі (29.11.1945) С. ўвайшла ў яе склад як адна з 6 рэспублік (з 1963 у складзе Сацыяліст. Федэратыўнай Рэспублікі Югаславіі). Уз’яднанню тэр. С. пасля 2-й сусв. вайны садзейнічалі Парыжскія мірныя дагаворы 1947. С. ўносіла значны ўклад у агульнаюгасл. эканоміку. На мяжы 1980—90-х г. улады С., як і суседняй Харватыі, сталі ініцыятарамі выхаду сваіх рэспублік са складу югасл. федэрацыі і тым самым распаду Югаславіі. Напачатку Саюз камуністаў С. (СКС) на чале з М.Кучанам прапаноўваў пераўтварыць Саюз камуністаў Югаславіі (СКЮ) у саюз самаст.рэсп. арг-цый, а югасл. федэрацыю — у канфедэрацыю незалежных рэспублік. Потым Кучан узначаліў працэс супраціўлення С. югасл. федэральным уладам («раздружэнне»).
У сак. 1990 Сацыяліст. Рэспубліка С. перайменавана ў Рэспубліку С. У крас. 1990 у краіне адбыліся першыя свабодныя парламенцкія выбары, на якіх перамог саюз 7 партый «Дэмас»; прэзідэнтам С. выбраны Кучан (перавыбраны ў 1992 і 1997). 2.7.1990 парламент прыняў «Дэкларацыю аб суверэнітэце дзяржавы Славенія». На плебісцыце (праведзены 23.12.1990) 88,2% выбаршчыкаў выказаліся за дзярж. незалежнасць С. 25.6.1991 парламент прыняў акт аб незалежнасці С. (абвешчаны 26.6.1991 адначасова з Харватыяй). Паміж 27.6 і 7.7.1991 адбыліся сутыкненні паміж уведзенымі ў С. часцямі югасл. федэральнай арміі і славенскімі ўзбр. атрадамі («малая вайна»). Пры пасрэдніцтве Еўрап. супольнасцей (ЕС) і процістаянні з Харватыяй югасл. ўрад спыніў узбр. канфлікт і 29.7.1991 вывеў свае войскі з тэр. С., і яна стала незалежнай дзяржавай дэ-факта. Незалежнасць С. першымі прызналі ФРГ (26.12.1991), краіны ЕС (15.1.1992), Расія (14.2.1992). 22.5.1992 С. прынята ў ААН. 13.8.1992 дзярж. суверэнітэт С. прызнаў і югасл. ўрад (двухбаковыя дыпламат. адносіны ўстаноўлены 30.11.1995) У С. разгарнуліся паліт. і сац.-эканам. пераўтварэнні. 23.12.1991 прынята канстытуцыя, паводле якой С. стала парламенцкай рэспублікай. Найб. уплывовай паліт. сілай стала ў 1992 Ліберальна-дэмакр. партыя (зноў пасля выбараў 1996), лідэр якой Я.Дрноўшак стаў прэм’ер-міністрам С. У 1994 С далучылася да праграмы НАТО «Партнёрства дзеля міру». У 1995 парафіравана пагадненне аб асацыіраваным партнёрстве С. і Еўрап. Саюза. За гады незалежнасці С. дасягнула пэўных эканам. поспехаў, пераважна за кошт унутр. рэсурсаў. Урад краіны стымуляваў развіццё малых і сярэдніх прадпрыемстваў, заахвочваў вытв-сць на экспарт. Праведзена рэформа цэнаўтварэння і эканам. лібералізацыя ў цэлым, уведзена нац. валюта (толар). С. — чл. Савета Еўропы (з 1993). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 23.7.1992.
Палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі. Найб. уплывовымі паліт. партыямі краіны з’яўляюцца: Ліберальна-дэмакр. партыя С., Славенская нар. партыя, С.-д. партыя С., Славенскія хрысц. дэмакраты, Аб’яднаны спіс сацыял-дэмакратаў, Дэмакр. партыя пенсіянераў, Славенская нац. партыя і інш.
Гаспадарка. С. — індустр.-агр. краіна, па ўзроўні эканам. развіцця блізкая да найб. развітых краін Зах. Еўропы. Нягледзячы на эканам. спад пасля распаду Сацыяліст. Федэратыўнай Рэспублікі Югаславіі, нармалізавалася сітуацыя ў нар. гаспадарцы, праведзена прыватызацыя. Краіна атрымлівае штогод 1,8—2 млрд.дол. замежных інвестыцый (пераважна з Германіі, Аўстрыі, Францыі). Валавы ўнутр. прадукт у 1998 склаў 20,4 млрд.дол. (каля 10 300 дол. на 1 чал.), 35% яго атрымліваюць у прам-сці, 5% — у сельскай гаспадарцы, 60% — у сферы паслуг. У горнай прам-сці найб. значэнне мае здабыча бурага вугалю (4,6 млн.т у 1999, асн. радовішчы на Пд), свінцовых і цынкавых руд, буд. матэрыялаў. Энергетыка заснавана на выкарыстанні гідрарэсурсаў (175 ГЭС на горных рэках, у т. л. каскады ГЭС на рэках Драва, Сава, Соча), бурага вугалю і імпартнай нафты (68 ЦЭС). Працуе АЭС у Кршко (штогод выпрацоўвае каля 4 млрд.кВт∙гадз электраэнергіі). У 1999 выпрацавана 13,1 млрд.кВт∙гадз электраэнергіі. Шматгаліновая апрацоўчая прам-сць. Развіты чорная (у 1999 чыгуну, сталі, ферасплаваў атрымана 947 тыс.т, асн. цэнтр г. Есеніцы) і каляровая (вытв-сць свінцу, цынку, алюмінію, гарады Межыца і Кідрычава) металургія, хім. (вытв-сць мыйных сродкаў, лакафарбавых вырабаў, пластмас, пестыцыдаў і мінер. угнаенняў) і фармацэўтычная прам-сць. Развіта машынабудаванне, асабліва с.-г., электратэхн., трактара- і аўтамабілебудаванне, цяжкае машынабудаванне і інш. Аўтамабілі (118,9 тыс., 1999) выпускаюць філіялы ням. і франц. кампаній. Эл.-тэхн. прадпрыемствы выпускаюць разнастайную прадукцыю быт. (халадзільнікі, маразільнікі, пральныя машыны і інш.) і прамысл. прызначэння. Вырабляецца таксама абсталяванне для харч. прам-сці і металург. з-даў. Харч. і лёгкая прам-сць у асн. забяспечвае ўнутр. патрэбы, часткова — знешні рынак. У цэнтр. і ўсх. раёнах развіты мукамольная, маслабойная, мяса- і малочна-кансервавая, цукр.прам-сць. На Адрыятычным узбярэжжы вінаробства, вытв-сць аліўкавага алею, рыбных і фруктовых кансерваў, перапрацоўка імпартнай прадукцыі (кавы, чаю і інш.). Баваўняная, шарсцяная, шаўковая і гарбарна-абутковая прам-сць працуе пераважна на імпартнай сыравіне. Есць вытв-сць штучных валокнаў і скуры. У 1999 атрымана 39,1 млн.м² баваўняных і 4 млн.м²сінт. тканін. Развіты электронная, лясная і дрэваапр., папяровая, паліграф., мэблевая, швейная, шкляная і керамічная, буд. матэрыялаў прам-сць, разнастайныя саматужныя промыслы, выраб сувеніраў і інш. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваюць каля 680 тыс.га зямлі, у т. л. каля 500 тыс.га пад ворывам і шматгадовымі насаджэннямі, каля 180 тыс.га пад пашай і лугамі. Збожжавыя культуры займаюць каля 90 тыс.га, тэхн. — 15 тыс.га, збожжа на фураж —49 тыс.га, кармавыя травы — 292 тыс.га, пад садамі і вінаграднікамі —31 тыс.га. У 1999 сабрана 117,2 тыс.т пшаніцы, 309 тыс.т кукурузы. У жывёлагадоўлі (2000) найб. значэнне мае гадоўля буйн. раг. жывёлы (453 тыс. галоў) і свінагадоўля (592 тыс. галоў). У гарах і на плато Карст гадоўля авечак і коз. Птушкагадоўля (8,55 млн. курэй, 2000). У 1999 атрымана 247 тыс.т мяса (128,6 кг на душу насельніцтва), 620 тыс.т малака (323 л на душу). Марское і рачное рыбалоўства. Транспарт аўтамаб., чыг., марскі. У 1999 у С. было 20,1 тыс.км аўтадарог, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 16,3 тыс.км (619 км дарог міжнар. класа); 1201 км чыгункі. У краіне 657 тыс. легкавых, 37 тыс. грузавых аўтамашын і аўтобусаў (2000). Развіты авіяц. транспарт, каля г. Любляна — міжнар. аэрапорт. Гал. марскі порт Копер. Выкарыстоўваюцца таксама парты Трыест (Італія) і Рыека (Харватыя). У 1999 экспарт склаў 8,5 млрд.дол., імпарт 10,1 млрд.дол. У экспарце пераважае прадукцыя машынабудавання і тэкст. прам-сці (разам больш за 70% кошту), хім. (8%) і с.-г. (5%) прадукцыя; у імпарце — машыны і абсталяванне, сыравіна і паліва. Гал.гандл. партнёры: Германія (29% экспарту, 21% імпарту), Італія (15 і 17% адпаведна), Харватыя, Аўстрыя, Францыя, Расія, ЗША. С. — краіна развітога турызму і горнага спорту. Ёсць горнаклімат. і прыморскія курорты. Штогод С. наведвае больш за 1 млн. замежных грамадзян. даход ад замежнага турызму ў 1999 склаў 1,01 млрд.дол. Грашовая адзінка — талар.
Узброеныя сілы. Уключаюць рэгулярныя ўзбр. сілы (9 тыс. 550 чал.) і ваенізаваныя фарміраванні (паліцыя, 4,5 тыс.чал.). Рэзерв —61 тыс.чал. (2000). Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Камплектаванне паводле прызыву На ўзбраенні 96 танкаў, да 100 баявых браніраваных машын, каля 230 адзінак рэактыўных сістэм залпавага агню, гармат палявой артылерыі і мінамётаў, 9 пускавых установак зенітных ракет, да 60 гармат зенітнай артылерыі, каля 10 самалётаў-разведчыкаў, 18 лёгкіх трансп. самалётаў, 16 верталётаў, 2 патрульныя катэры.
Ахова здароўя. Агульнадзярж. палітыку ў галіне аховы здароўя ажыццяўляе савет па ахове здароўя. Разам з бясплатным дзярж. лячэннем існуюць страхавая медыцына, прыватныя ўрачы. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 72, жанчын 79 гадоў. Узровень нараджальнасці — 9 на 1 тыс.чал. Смяротнасць — 10 на 1 тыс.чал. Натуральны прырост адмоўны: — 0,05%. Дзіцячая смяротнасць — 5 на 1 тыс.чал. (2001). Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 177 чал., урачамі — 1 на 866 чал. (1997).
Друк, радыё, тэлебачанне. У 1999 у С. каля 656 перыяд. выданняў. Найб. уплывовыя газеты: «Dnevnik» («Штодзённік», з 1951), «Večer» («Вечар», з 1952), «Delo» («Праца», з 1959), «Slovenske novice» («Славенскія навіны», з 1991). Інфарм. агенцтва — Славенскае тэлегр. агенцтва (СТА, з 1991). Радыё і тэлебачанне С. ў складзе прадпрыемства «Радыё і тэлебачанне Славенія». Радыёвяшчанне з 1928. Радыёстанцыя «Радыё Славенія» вядзе перадачы па 3 нац. праграмах. У 1996 зарэгістравана 59 радыёстанцый, у т. л. 19 мясц., 2 студэнцкія і камерцыйныя (найб. уплывовыя «Радыё Копер-Кападзістрыя» і «Радыё Марыбар»). Тэлебачанне з 1959 (каляровае з 1974). Цэнтр. студыя тэлебачання «Тэлебачанне Славенія» вядзе перадачы па 2 нац. каналах. Дзейнічаюць 2 рэгіянальныя каналы. З 1998 трансліруюцца праграмы па кабельным тэлебачанні і праз Інтэрнет. З 1999 працуе 41 прыватная камерцыйная, рэгіянальная і лакальная тэлевізійныя станцыі. Вяшчанне на славенскай, венг. і італьян. мовах.
Літаратура. Развіваецца на славенскай мове. Першы літ. твор рэліг. зместу на лацінцы — Фрэйзенгскія фрагменты (10—11 ст.). У 14—15 ст. створаны Ратацкі і Сцічанскі рукапісы, якія ўключалі малітоўныя творы, у т. л. казанні і царк. песні. У 16 ст. пад уплывам пратэстантызму абуджалася нац. свядомасць славенцаў, развівалася літ. мова (біблейскія пераклады П.Трубара, поўны пераклад Бібліі Ю.Далмаціна). Пасля застою ў літ. жыцці на мяжы 18—19 ст. выйшаў першы паэт. альманах «Пісаніцы». Вылучыліся драматургія А.Т.Лінхарта, паэзія В.Водніка, аўтара першай славенскай граматыкі на славенскай мове (1811). Рамант. паэзія 19 ст. прадстаўлена творчасцю Ф.Прашэрна, які спалучыў дасягненні нар. паэзіі з высокім узроўнем літ. мовы. У 2-й пал. 19 ст. ўзмацніліся рэаліст. тэндэнцыі: у прозе — лірычныя і рэаліст. апісанні сял. побыту (Ф.Леўсцік, І.Юрчыч), у паэзіі — вершы І.Стрытара, С.Грэгарчыча, А.Ашкерца. На мяжы 19—20 ст. праявіліся шматлікія плыні і школы, у т. л. мадэрнізм і новы рамантызм з імпрэсіянізмам, дэкадансам, экспрэсіянізмам, сімвалізмам (творы І.Цанкара, О.Жупанчыча, С.Косавела), якія спрыялі ўздыму славенскай л-ры. У 1930-я г.найб. уплывовай плынню быў сац. рэалізм (творчасць Прэжыхава Воранца, Ю.Казака, М.Кранеца, С.Касмача). Л-ра перыяду 2-й сусв. вайны прадстаўлена партыз. лірыкай і драматургіяй М.Бора К.Дзястоўніка-Каюха, прозай Т.Свяціны. У сучаснай прозе традыцый рэалізму прытрымліваецца Б.Зупанчыч, пераемнікам мадэрнізму і новага франц. рамана з’яўляецца Р.Шаліга, да постмадэрнізму схіляецца А.Блатнік. Яскравыя прадстаўнікі жаночай прозы — Б.Баету, М.Новак. У паэзіі пераважаюць інтымнасць, двухсэнсавасць, ірацыяналізм і суб’ектыўнасць (Д.Зайц, Я.Менарт, К.Ковіч, В.Таўфер, С.Макаравіч, Т.Шаламун, Б.А.Новак, А.Дабяляк). У драматургіі значнае месца заняла творчасць Д.Янчара. У перакладзе на бел. мову выдадзены апавяданні ў зб. «Югаслаўскія апавяданні» (1975), казкі ў зб. «Югаславянскія казкі» (1999), вершы ў зб-ках «На волю птушку выпускаю» (1989), «На зорных шляхах» (1991), «Знічкі сямі нябёс» (1992), анталогія паэзіі «Маці мая, Славенія» (1976), творы Леўсціка («Марцін Крпан», 1982), Зупанчыча («Памінкі», 1983), Жупанчыча («У вечным дазоры»), Прэжыхава Воранца («Падарункі»), Юрчыча («Як аднойчы казла судзілі: Незвычайная аповесць з даўніх часоў», усе 1986), Прашэрна («Санеты смутку», 1987). Сярод перакладчыкаў на бел. мову: Н Гілевіч, С.Законнікаў, А.Зарыцкі, В.Зуёнак, Р.Люхцікаў, С.Мінскевіч, А.Разанаў, У.Рубанаў, К.Севярынец, Я.Сіпакоў, І.Чарота, Г.Шаранговіч і інш.
Архітэктура. З эпохі бронзы вядомы абкружаныя валамі і равамі паселішчы, некропалі з магіламі на круглых каменных падмурках. Захаваліся ўмацаваныя паселішчы ілірыйцаў, рэшткі паселішчаў кельтаў (Цэле), стараж.-рым. гарадоў (Любляна, Птуй). З 8 ст. будавалі 1-нефавыя хрысц. храмы дараманскага тыпу (падмуркі з неапрацаванага каменю, плоскія драўляныя дахі). У 12—13 ст. панаваў манум. раманскі стыль, будавалі кляштарныя комплексы з 3-нефавымі базілікамі (у Сцічне, 1136—56; Кастаневіцы), 1-нефавыя касцёлы і ратонды (баптыстэрый у Коперы), касцёлы са шматграннай апсідай (у Сподня-Муце), невял. замкі з палацам, капэлай і данжонам (у Хмельніку каля Нова-Места). Гар. паселішчы, што вырасталі на месцы ант. (Любляна, Птуй, Цэле), захоўвалі іх рэгулярную планіроўку. У 13 ст. з’явіліся гатычныя арх. элементы, раслі ўмацаваныя гарады. У цэнтр.ч. С. пераважалі 2-павярховыя дамы з вузкімі фасадамі, на ўзбярэжжы Адрыятыкі — 3-павярховыя палацы з параднымі заламі і стральчатымі аконнымі праёмамі (у Коперы, Піране і інш.). У культавым буд-ве стаў пашыраным тып 3-нефавага касцёла (касцёл Маці Божай у с. Птуйска-Гора каля Птуя); сустракаліся 2-нефавыя зальныя касцёлы з вежай на фасадзе (у Свеці-Прымажы-над-Камнікам, каля 1459—1507) і 1-нефавыя з плоскай столлю і шматграннай скляпеністай апсідай. Саборы вызначаліся строгім вонкавым выглядам, акцэнтаваліся шмат’яруснымі квадратнымі вежамі з шатровым завяршэннем (у Марцьнцы, каля 1392; Солчаве, 1461—85); іх убранне стала больш дэкаратыўным, сеткавыя і зорчатыя скляпенні пакрывалі маляўнічай арнаментацыяй (у Шэнт-Руперце, каля 1482—97). У свецкай архітэктуры 16 ст. з’явіліся рэнесансавыя элементы — балконы, лоджыі, арачныя галерэі, ордэрныя парталы (ратуша і замак у Марыбары; замкі Тур’як і Жужамберк, палац «Старая графовія» ў Цэле). У пач. 17 ст. пашырыўся стыль барока. Формы італьян. і аўстр. дойлідства спалучаліся з мясц. асаблівасцямі. Касцёлы ўзводзілі 1-нефавыя з прадстаўнічым фасадам (касцёлсв. Якаба, 1613—15; сабор св. Мікалая, 1700—07; урсулінак, 1718—26, 1744, гал. алтар маст. Ф.Роба, у Любляне), у плане трохвугольныя (у Шмарна-Горы, 1711—12), авальныя (у Паляне, 1720, арх. абодвух Г.Мачак) ці з увагнутым 2-вежавым фасадам (у Сладка-Горы, каля 1750). З 19 ст. ўсталяваўся класіцызм, з’явіліся элементы гістарызму (неагатычная ратуша ў Птуі, неарэнесансавы Нац. музей у Любляне) і стыль мадэрн (творы арх. М.Фабіяні ў Любляне). 1920-я г. адзначаны пошукамі ў стылі нац. неарамантызму з выкарыстаннем сярэдневяковай, рэнесансава-барочнай спадчыны, нар. архітэктуры (б-ка ун-та ў Любляне, арх. І.Плечнік, дзейнасць якога заклала аснову славенскай арх. школы 20 ст.). У 1930-я г. выявілася тэндэнцыя да функцыяналізму (арх. І.Вурнік, В.Шубіц у Любляне, Марыбары). Вял. урбаністычныя праекты канструктывізму рэалізоўваліся з рэгіянальнымі адметнасцямі: выкарыстанне разам з бетонам мясц. парод каменю, цэглы, дрэва, арганічнае ўпісанне архітэктуры ў горны ландшафт, пашырэнне 8-павярховых «кропачных» і вежападобных дамоў «стоўпніц». Пасля 2-й сусв. вайны ўзведзены новыя гарады з выразнай свабоднай планіроўкай, прамысл. раёны, добраўпарадкаваныя жылыя комплексы з грамадскімі цэнтрамі, школамі і інш. Паводле праектаў арх. Фабіяні і Плечніка рэканструяваны плошчы і набярэжныя Любляны. Сярод найб. значных пабудоў 2-й пал. 20 ст.: Нар. скупшчына (арх. В.Гланц), спарт. зала «Цівалі» (арх. М.Божыч), ансамбль будынкаў на пл. Рэвалюцыі (арх. Э.Раўнікар) у Любляне, атэль «Рыўера» у Петравіцы (арх. І.Арнаўтавіч), комплекс вакзала і атэля «Славія» ў Марыбары (арх. М.Чэрнігай), работы арх. В.Мушыча, С.Севеча, М.Міхеліча і інш. У 1959 засн. Саюз архітэктараў С.
Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. На тэр. С. выяўлены дробная пластыка эпохі палеаліту, неалітычная кераміка з геам. арнаментам, блізкая да помнікаў Апуліі і Сіцыліі, творы выяўл. і дэкар.-прыкладнога мастацтва ілірыйцаў (бронзавыя пасудзіны-сітулы з рэльефнымі культавымі і быт. сцэнамі). Да 4—7 ст. адносяцца маст. вырабы готаў і стараж. славян. У сярэдневякоўі пашыраны рэльефы ў тымпанах, з’явіліся алтары са статуямі і рэльефамі, драўляная скульптура («Божая Маці», 3-я чвэрць 14 ст., царква ў Солчаве). Асобным творам скульптуры 13—14 ст. уласцівы прыальпійскія і паўн.-італьян. ўплывы. Лінейна-плоскасны стыль размалёвак 1-й пал. 14 ст. (у Турнішчы, у Свеці-Янезе на Бохінскім воз.) пад італьян. уплывам змяніўся больш аб’ёмнымі выявамі з наіўнай непасрэднасцю (у Марцьянцы, 1392, майстар Янез Аквіла). Лірызмам, цікавасцю да пейзажу, быт. дэталей, простанар. вобразаў вылучаюцца размалёўкі Янеза Люблянскага ў Вісака (1443) і Муляве (1456). Евангельскія сцэны часта ствараліся ў выглядзе сцэн з сял. жыцця (размалёўкі касцёла ў Црнгробе, 1453, майстар Вольбенк). Рысы Адраджэння праяўляліся ў разных алтарах, рэльефных эпітафіях, найб. у размалёўках касцёлаў у Крыжна-Горы (1502) і Свеці-Прымажы-над-Камнікам (1504 і каля 1520), у якіх спалучаліся жывая характэрнасць вобразаў і шматлікасць быт. дэталей. Пад венецыянскім уплывам у канцы 16 ст. ўзніклі свецкія жанры — партрэт і дэкар. жывапіс. У скульптуры вылучаюцца пластычна-выразныя і дынамічныя работы Ф.Робы, у жывапісе — ілюзіяністычныя размалёўкі і алтарныя карціны Ф.Ялоўшака, партрэты Ф.Берганта. У дэкар.-прыкладным мастацтве пашыранымі сталі вырабы з металу, дрэва, керамікі. У выяўл. мастацтве класіцызм суіснаваў з рамантызмам (творы Ф.Каўчыча, М.Лангуса). У жанрава-партрэтных кампазіцыях І.Томінца рамант. ноты спалучаліся з рысамі бідэрмееру. У канцы 19 ст. ў стылістыцы позняга класіцызму жывапісныя кампазіцыі стваралі А.Ажбе, А.Гангл, І.Заец, А.Карынгер, браты Ю. і Я. Шубіцы, у якіх рысы акадэмізму саступілі месца пленэрным пошукам. У пач. 20 ст. склаўся славенскі імпрэсіянізм (нац. пейзажы часта са сцэнамі сял. працы І.Грохара, М.Стэрнена, М.Ямы, Р.Якапіча). Жывапісцы і графікі І.Ваўпаціч, Х.Смрэкар, Ф.Тратнік у пошуках нац. своеасаблівасці звярталіся да сімволікі і стылізацыі. Цікавасць да сял. жыцця, драм. выразнасць, часам сац.-крытычныя ноты ўласцівы творчасці экспрэсіяністаў Ф. і Т.Краляў, В.Пілана, Тратніка. У 1920—30-я г. побач з экспрэсіянізмам і сюррэалізмам (С.Крэгар) развіваўся т. зв. паэтычны рэалізм: вытанчаныя па каларыце інтымныя і лірычныя жанравыя сцэны, партрэты, пейзажы Б.Якаца, Г.А.Коса, Ф.Міхеліча і інш., якія выкарыстоўвалі прыёмы постімпрэсіянізму. У скульптуры пад уплывам І.Мештравіча неакласічная манументальнасць спалучалася з дэкар. стылізацыяй. З 1950-х г. мастакі звяртаюцца да фармальна-фактурных і колеравых пошукаў: жывапіс і графіка Я.Берніка, Г.Ступіцы, скульптура Я.Савіншака, С.Ціхеца. Нац.рэаліст. і гуманіст. традыцыі развівалі Кос, Міхеліч, Якац, Л.Далінар. Развіваецца манум. мастацтва (мазаікі М.Прэгеля, вітражы Крэгара), маст. канструяванне.
Музыка. Муз. фальклор С. падзяляецца на прыморска-істарскі, альпійскі і меджымурскі (усх.ч.). Бытуюць лірычныя, жартаўлівыя, шлюбныя песні, стараж. балады. Нар. песні і танцы маюць агульныя рысы з ням.-аўстр. і венг.нар. музыкай. У альпійскіх, прыморскіх і ўсх. рэгіёнах пашыраны шматгалосыя спевы, у паўд.-ўсх. — аднагалосыя абрадавыя песні, т.зв. каледы. Нар. музыка дыятанічная, для яе характэрны скачкі на шырокія інтэрвалы, пераменны метр, складаны рытм. Сярод муз. інструментаў пераважаюць духавыя — фрулы, рог, губны гармонік. Прафес. музыка развіваецца з 12—13 ст. Сярод кампазітараў 15—16 ст. Б.Праспергіус, Ю.Слатканя, Я.Галус (царк. і свецкае шматгалоссе). З 2-й пал. 16 — пач. 17 ст. актывізавалася муз. жыццё ў гарадах. У 1701 Я.Хёфер засн. у Любляне Філарманічную акадэмію (адна са старэйшых у Еўропе, з 1794 — Філарманічнае т-ва). Сярод кампазітараў 18 ст. Я.Зупан (аўтар першай оперы на славенскай мове «Белін», 1780 ці 1782, не паст.), Я.Новак, М.Омерза, Хёфер, Я.Хочавар, М.Чадзеж. Рысы нац. стылю, пераважна ў песенна-харавым жанры, усталяваліся да сярэдзіны 19 ст. (Ю.Флейшман, М.Вілхар, Г. і К. Машакавы). Пры муз. т-ве «Глазбена маціца» ў Любляне (з 1872) засн.муз. школа (1882), хор (1891), сімф. аркестр. У 1892 адкрыты Славенскі т-р (ставіліся нац. оперы і аперэты), пры ім — Славенская опера. У канцы 19—пач. 20 ст.нац.муз. мастацтва развівалі Ф.Гербіч, А.Фёрстэр, у пач. 20 ст. — Г.Крэк, Э.Адаміч, Р.Савін, А.Лаявіц. У 1919 адкрыта Люблянская кансерваторыя (з 1926 Дзярж. кансерваторыя, з 1939 Муз. акадэмія, з 1945 Вышэйшая муз. школа), у 1934 — Ін-т фальклору, у 1935 — Люблянская філармонія. Пачынальнік сучаснай нац. кампазітарскай школы С.Осцерц (прыхільнік зах.-еўрап. музыкі). Да нац. вытокаў звярталіся Б.Арніч (сімф. творы), М.Казіна, Д.Швара, П.Шывіц, М.Ліпаўшак. Пасля 2-й сусв. вайны развіццю муз. культуры С. садзейнічалі: кампазітары І.Петрыч, П.Рамаўш, Швара; дырыжоры Д.Жэбрэ, Б.Лескавіц, С.Хубад, З.Цыгліч; піяністы Ліпаўшак, Шывіц; скрыпач І.Озім; спевакі В.Букавец, Л.Корашац, Ф.Лупша, Р.Францп, Х.Хелцл; музыказнаўцы А.Рыявец, Д.Цветка і інш. Працуюць Ін-т музыказнаўства пры Люблянскім ун-це, Славенская філармонія, сімф. і камерны аркестры, аркестр лёгкай музыкі пры радыё і тэлебачанні, Люблянскі камерны хор, Славенскі актэт, «Актэт Галус» у Любляне і інш. З 1950 дзейнічае Саюз кампазітараў С.
Тэатр. Першыя тэатр. прадстаўленні паказаны ў пач. 17 ст. ў Любляне ў гімназіі езуітаў. У 17—18 ст. адбываліся лац. і ням. містэрыі. Першае славенскае прадстаўленне, створанае манахам Ромуальдам, пастаўлена ў 1721. У 1765 у Любляне адкрыўся пастаянны Саслоўны т-р (з 1862 — Дзярж.т-р), у якім у 1789 пастаўлена першая славенская п’еса «Міцка — дачка жупана» А.Лінхарта. У 2-й пал. 19 ст. ствараліся аматарскія гурткі пры славенскіх чытальнях. У 1867 арганізавана Тэатр.т-ва ў Любляне, пры якім працавала драм. школа. Драм. т-вы існавалі таксама ў Трыесце (1902), Марыбары (1909), Цэле (1911), Птуі (1912). У 1892 у Любляне засн. першы прафес. Славенскі нац.т-р, дзе ставілі п’есы класічнай драматургіі і нац. аўтараў (І.Цанкар, Э.Крыстан, Ф.Фінжгар). На яго сцэне працавала першае пакаленне славенскіх акцёраў: І.Борштнік, С.Борштнік-Звонарава, А.Даніла-Цэрар, А.Данілава, Л.Дрэнавац, Х.’Нучыч, М.Скрбіншак. Паміж сусв. войнамі нанава сфарміравана трупа Славенскага нац.т-ра (акцёры М.Вера, М.Данілава, І.Левар, Скрбіншак, рэжысёры Ц.Дзебевец, Б.Гавела, Б.Крэфт, Б.Ступіца, О.Шэст), засн.т-р у Марыбары. У 1945 дзейнасць гэтых т-раў адноўлена, створаны новыя тэатр. калектывы, у т. л. Гарадскі т-р у Любляне. З 1950-х г. ствараліся эксперым. т-ры, якія аддавалі перавагу драме абсурду. У 1970-я г. распачалі дзейнасць шматлікія авангардысцкія калектывы («Глей», «Пекарна» ў Любляне). Існуе больш за 10 прафес. т-раў, працуюць таксама аматарскія калектывы; асн. цэнтры тэатр. жыцця — Любляна, Марыбар, Цэле, Нова-Горыца. Працуюць акцёры П.Бабіч, Ш.Дрольц, Д.Почкай, Р.Роліч, В.Юван; рэжысёры М.Корун, З.Шэдлбаўэр, Д.Іованавіч і інш. З 1945 у Любляне працуюць Акадэмія тэатр. мастацтва, Славенскі тэатр. музей.
Герб і сцяг Славеніі.Да арт.Славенія. Падножжа Юлійскіх Альпаў на ПнЗ краіны.Да арт.Славенія. Горад Марыбар.Да арт.Славенія. Ландшафт паблізу г. Любляна.Да арт.Славенія. Галоўны алтар касцёла урсулінак у Любляне. Мастак Ф.Роба.Да арт.Славенія. Від горада Любляна.Да арт.Славенія. Касцёл урсулінак у Любляне.