помнік сядзібна-паркавай архітэктуры 18—19 ст. Створана ў в. Жамыслаўль (Іўеўскі р-н Гродзенскай вобл.) на левым беразе р. Гаўя. Яе фарміраванне пачалося з 2-й пал. 18 ст. З 1805 уласнасць роду Умястоўскіх. У 1828 К.Умястоўскі па баках набытага 1-павярховага драўлянага сядзібнага дома (у стылі барока) паставіў 2 мураваныя афіцыны з калоннымі порцікамі ў стылі класіцызму (захаваўся адзін), лядоўню, аранжарэю і манеж. Яго жонка дабудавала палац (да 1877), які існуе і цяпер. У канцы 19 ст. ўладальнік У.Умястоўскі аддаў сядзібу пад навук. базу Віленскаму ун-ту. У час. 1-й сусв. вайны (1914) у сядзібе немцы стварылі курорт. Захаваліся палац, гасп. будынкі, вінакурня (1885), парк. Планіровачнае ядро ансамбля — мураваны палац і 2 сіметрычна пастаўленыя флігелі, якія ўтвараюць парадны партэр з круглым газонам. Цэнтр. алею перад палацам замыкае мураваная альтанка са скульптурай Маці Божай (1883). Палац пабудаваны па аналогіі з варшаўскай рэзідэнцыяй 18 ст. Лазенкі, верагодна, паводле праекта арх. Л.Марконі. Т-падобны ў плане 2-павярховы будынак строга сім. кампазіцыі завершаны масіўным кубічным бельведэрам з шырокімі арачнымі вітражамі. У цэнтры гал. фасада лоджыя з каланадай і бакавымі антамі, у цэнтры дваровага — 4-калонны порцік з трохвугольным франтонам і трыгліфным фрызам. У вырашэнні фасадаў выкарыстаны карынфскі ордэр. У адной з залаў захавалася кафляная печ 18 ст. Уцалелі мураваныя склеп, стайня, млын, свіран (пач. 19 ст.). Парк пейзажнага тыпу (пл. каля 7 га) высаджаны ў 1883, падзелены ракой на 2 часткі: рэгулярна-парадную вакол палаца і пейзажную на зарэчным баку. Растуць ліпа звычайная, кедр сібірскі, бяроза далекарлійская і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЛЕ́СКІ ПАЛА́ЦАВА-ПА́РКАВЫ АНСА́МБЛЬ,
помнік палацава-паркавай архітэктуры 18—19 ст. у в. Залессе (Смаргонскі р-н). Належаў роду князёў Агінскіх, з 1802 — М.Клеафасу Агінскаму. Складаўся са старой сядзібы 1-й пал. 18 ст. ў стылі барока (не захавалася) і новага палацава-паркавага ансамбля ў стылі класіцызму (1802—05). Сядзіба ўключала сядзібны дом, невял. парк, гасп. двор і сад. Сядзібны дом — 1-павярховы прамавугольны ў плане драўляны будынак з 4 алькежамі па вуглах. Побач размяшчаўся парк, 2-павярховая драўляная брама вяла ў гасп. двор з кухняй, свірнам, лядоўняй. На тэр. сядзібы быў стаў з млыном, за ім — гасп. пабудовы і сад. Новы палацава-паркавы ансамбль пабудаваны на тэр. паміж абалонай р. Вілія і старой сядзібай паводле праекта арх. М.Шульца з удзелам арх. Ю.Пусэ. Палац — 1—2-павярховы мураваны Г-падобны будынак. Гал. прамавугольны ў плане корпус мае сіметрычна-восевую кампазіцыю з 2-павярховымі бакавымі павільёнамі і цэнтр. часткай, вылучанай 4-калонным дарычным порцікам і вежачкай з гадзіннікам. У інтэр’еры вестыбюля зберагліся арнаментальная фрэскавая размалёўка і кафляныя грубкі. Да гал. фасада прымыкалі 2 аранжарэі і сад. Побач з палацам стаяла 8-гранная капліца, аздобленая арх. жывапісам. Каля палаца размяшчаўся шпацырны звярынец з 2 альтанкамі, за ім — парк у рамантычным стылі (пашкоджаны ў гады 1-й сусв. вайны), дзе ўстаноўлены памятны камень у гонар Т.Касцюшкі. За ракой знаходзіўся звярынец. Вядуцца работы па рэстаўрацыі і аднаўленні арх. аблічча ансамбля.
Літ.:
Кулагин А.Н. Архитектура дворцово-усадебных ансамблей Белоруссии. Вторая пол. XVIII — начало XIX в. Мн., 1981;
Трэпет Л.В. Там, дзе гучалі паланезы. Мн., 1990.
Л.В.Іванова.
Залескі палацава-паркавы ансамбль. З малюнка Л.Ходзькі. 1822.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕЗГА́ЙЛЫ, Кежгайлы,
магнацкі род герба «Задора». Паходзяць са стараж.літ. баярства, ахрышчанага ў каталіцтва пасля 1385, ад баярына Бушкі (каля 1320 — пасля 1385) і яго сына Валімонта (каля 1350 — пасля 1398). Прозвішча роду К. паходзіць ад імя трэцяга з сыноў Валімонта — Кезгайлы (Міхала, каля 1380 — каля 1450), намесніка вількамірскага (1409—12, старосты жамойцкага ў 1412—32, 1440—41 і з 1442), кашталяна віленскага (з 1445). Найб. вядомыя К.:
Міхаіл (каля 1410—76), сын Кезгайлы, канцлер ВКЛ (1444), адначасова ваявода віленскі (з 1459). Ад вял.кн. Казіміра атрымаў у 1451 частку Лукомскай вол., Дварэц і Ельну ў Новагародскім пав., воласць Бакшты (пазнейшыя Дукора і Смілавічы) у Менскім пав., у 1465 — Любчу на Нёмане і Ракаў. Я н (каля 1415—85), сын Кезгайлы, атрымаў у 1451 ад вял.кн. Казіміра Мсцібогаў у Ваўкавыскім пав., у спадчыну пасля бацькі — частку Дзевялтова, Крожаў і інш. маёнткаў у Літве і Жамойці. Староста жамойцкі (з 1465) і адначасова кашталян віленскі (з 1478). Станіслаў (мянушка Рэкуць, каля 1450—1527), сын Яна, атрымаў частку Дзевялтова, Крожаў, Мсцібогаў, Ракаў, частку Бакштаў, Налібак і Дзераўную ў Менскім пав. і інш. Староста жамойцкі (1485), часова гетман найвышэйшы (1501—02), кашталян віленскі (з 1522). Трэці сын Станіслаў (каля 1500—1532), староста жамойцкі (з 1527), адначасова кашталян трокскі (з 1528). Мікалай (1461? — 1512), малодшы сын Яна, атрымаў частку Крожаў, Налібак, Дзевялтова, Ельну. Яго ўнук Станіслаў Мікалаевіч (каля 1520—54) паступіў у світу вял.кн. Жыгімонта Аўгуста. У 1545 кухмістр, потым стольнік ВКЛ. У 1549 атрымаў тытул графа «Свяшчэннай Рымскай імперыі». З 1551 падчашы ВКЛ. Пасля яго смерці род К. згас, уладанні падзялілі родзічы па жаночай лініі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МСЦІСЛА́ЎСКАЕ КНЯ́СТВА.
1) удзельнае княства Смаленскай зямлі ў 12—13 ст. Цэнтр — г.Мсціслаў. Адзіны вядомы мсціслаўскі князь — Мсціслаў Раманавіч (з 1180). У 1197 ён стаў князем смаленскім і, верагодна, пакінуў М.к. за сабою як дамен.
2) Удзельнае княства ў складзе ВКЛ у 14—16 ст. пасля захопу Мсціслава ў 1359 вял.кн.ВКЛ Альгердам. У 1380-я г. ў якасці намесніка тут сядзеў яго сын Карыгайла, з 1392 — другі сын, Лугвен, які паклаў пачатак роду князёў Мсціслаўскіх (Лугвенавічаў). Княства першапачаткова ўключала ў свой склад воласці ўздоўж сярэдняга цячэння Сажа і Дняпра: Мсціслаў, Магілёў, Цяцерын, Княжыцы, Дрокаў, Крычаў, Папову Гару, Мглін і далучаную Вітаўтам воласць Малохву ўздоўж правага берага р. Віхра і яе прытока Малохвы. У 1432 за падтрымку Яраславам і Юрыем Лугвенавічам.і кн. Свідрыгайлы вял.кн.ВКЛ Жыгімонт Кейстутавіч забраў у іх М.к.
У 1440 вял.кн. Казімір IV вярнуў княства Юрыю Лугвенавічу, які з перапынкамі трымаў яго да сваёй смерці. Потым М.к. валодаў яго сын Іван, пасля смерці якога (2-я пал. 1480-х г.) Казімір забраў М.к. ў скарб. 15.8.1495 вял.кн.ВКЛ Аляксандр аддаў Мсціслаў жонцы і дочкам Івана Юр’евіча. У 1499 Аляксандр выдаў Ульяну, дачку Івана Юр’евіча, замуж за кн. Міхаіла Іванавіча Заслаўскага (гл.Заслаўскія), які атрымаў ў вотчыну Мсціслаў і Мглін і стаў называцца кн. Мсціслаўскім. У 1526 старэйшы сын Міхаіла Іванавіча Фёдар ад’ехаў у Маскву. Пасля смерці другога сына, Васіля, М.І.Мсціслаўскі завяшчаў княства каралевічу Жыгімонту Аўгусту і трымаў яго далей у якасці каралеўскага ўладання. Пасля смерці М.І.Мсціслаўскага (1529) яго ўладанні сталі староствам Віленскага ваяводства, а ў 1565 утворана Мсціслаўскае ваяводства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
П’Е́СА (ад франц. piéce кавалак, частка),
1) у музыцы — невялікі закончаны пераважна інстр. твор для сольнага, ансамблевага або аркестравага выканання. Вылучаецца разнастайнасцю зместу і формы. У муз. практыцы абазначае сінонім паняцця «твор» або прыналежнасць да сферы камернай музыкі, што выяўляе ўзаемасувязь паняцця «П.» з рознымі муз. жанрамі, прадстаўленымі самаст. творамі — мініяцюрамі.
У бел. музыцы сярод. П.: прэлюдыі (М.Аладава, П.Падкавырава, Р.Суруса і інш.), імправізацыі (для віяланчэлі сола Г.Гарэлавай, імправізацыя і танец для скрыпкі з фп. Э.Тырманд), рапсодыі для 2 цымбалаў і нар.арк. Дз.Смольскага, фантазіі (на 2 бел.нар. песні для нар. аркестра Я.Глебава), экспромты, муз. моманты (для ансамбля скрыпачоў і фп. А.Мдывані), скерца (для цымбалаў з фп. І.Лучанка), вальсы, маршы і інш. Часам інстр. П. ўзнікаюць як сінтэз муз. жанраў з літаратурнымі (балада, незакончаная казка для скрыпкі з фп. А.Багатырова; казка, П. для фп. С.Картэса; эпіталама, канцэртная П. для ансамбля скрыпачоў і фп. К.Цесакова; навелета, П. для скрыпкі і фп. У.Солтана; паэма для фп. Ф.Пыталева), тэатр.-драматычнымі (2 драм. маналогі для габоя сола Смольскага, Маскі для скрыпкі з фп. Г.Вагнера), жывапіснымі (Акварэлі для віяланчэлі з фп. Цесакова, фрэскавыя ўзоры для цымбалаў сола Л.Шлег). Інстр. П. ўзнікаюць таксама на аснове вак. жанраў (напр., раманс, калыханка для віяланчэлі з фп. Аладава; арыета для валторны з фп. Багатырова).
2) У літаратуры — усе творы драматычнага роду, сінонім паняцця драма. Тэрмін «П.», які напачатку абазначаў невял. муз. твор, у 19 ст. выкарыстоўваўся і ў дачыненні да лірычных вершаў. У 20 ст. П. сталі называць драмы; часта гэта слова замяняе іх жанравае абазначэнне аўтарам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЖАВА́ЛЬСКІ (Мікалай Міхайлавіч) (12.4.1839, в. Кімбарава Пачынкаўскага р-на Смаленскай вобл., Расія — 1.11.1888),
расійскі географ, падарожнік, натураліст, даследчык Цэнтр. Азіі. Са старадаўняга роду Пржавальскіх, якія атрымалі шляхецкае званне і землі ў Віцебскім ваяв.ВКЛ у канцы 16 ст. Ген.-маёр. (1886). Ганаровы чл. Пецярбургскай АН (1878) і Рус.геагр.т-ва (1880), многіх рас. і замежных т-ваў. Скончыў Акадэмію Генштаба ў Пецярбургу (1863). Кіраўнік экспедыцыі ва Усурыйскі край (1867—69), 4 экспедыцый ў Цэнтр. Азію: Мангольскую (1870—73), Лабнорскую і Джунгарскую (1876—77), першую (1879—80) і другую (1883—85) Тыбецкія. У час экспедыцый пройдзена больш за 30 тыс.км і праведзена здымка гэтай тэрыторыі. П. даследаваў і апісаў прыроду Цэнтр. Азіі, адкрыў некалькі хрыбтоў і катлавін у Куньлуні, Наньшані і Тыбецкім нагор’і, удакладніў паўн. межы нагор’я, даследаваў вярхоўі рэк Хуанхэ і Янцзы, азёры Лабнор і Кукунор, палажыў пачатак вывучэнню клімату, сабраў багатыя калекцыі флоры і фауны, апісаў шэраг невядомых жывёл (у т. л. каня П., дзікага вярблюда, мядзведзя-пішчухаеда і інш.), сабраў звесткі па этнаграфіі. У 1891 Рускае геагр.т-ва ўстанавіла сярэбраны медаль і прэмію імя П., у 1946 Геагр.т-ваСССР — залаты медаль імя П. У яго гонар названы горад (Каракол), сяло ў Смаленскай, вобл., горны хрыбет у сістэме Куньлуня, ледавік на Алтаі, мыс на в-ве Ітуруп (Курыльскія а-вы), некат. віды жывёл і раслін, апісаныя ім.
Тв.:
Монголия и страна тангутов: Трехлетнее путешествие в Восточной нагорной Азии. М., 1946;
От Кульджи за Тянь-Шань и на Лоб-нор. М., 1947;
От Кяхты на истоки Желтой реки: Исслед. северной окраины Тибета и путь через Лоб-нор по бассейну Тарима. М., 1948.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАВЕ́НА (Ravenna),
горад на Пн Італіі. Адм. ц. правінцыі Равена. Каля 150 тыс.ж. (2000). Вузел чыгунак і аўтадарог. Порт на Адрыятычным м. (звязаны з ім суднаходным каналам). Прам-сць: нафтаперапр. і хім., маш.-буд., харч., абутковая, цэм., керамічная. Вытв-сцьмуз. інструментаў. Музеі. Турызм.
Засн., верагодна, племем умбраў. З 2 ст. да н.э. пад уладай Рыма, важны порт Італіі. З 402 н.э. Р. — рэзідэнцыя імператараў Зах.Рым. імперыі. З 540 пад уладай Візантыі, у 565—751 сталіца Равенскага экзархата. У 751 заваявана лангабардамі, у 765 Піпін Кароткі перадаў горад папе рымскаму. У 12 ст.засн.ун-т. Міжусобная вайна арыстакратычных родаў скончылася ўстанаўленнем у Р. сіньёрыі роду Палентаў (да 1441). Абмяленне канала выклікала закрыццё порта і эканам. заняпад горада. У 1449—1509 падпарадкавана Венецыяй. У 1512 зруйнавана французамі. Пасля іх выгнання Свяшчэннай Лігай — у Папскай вобласці (за выключэннем 1797—1814). З 1860 у складзе аб’яднанай Італіі.
Горад багаты на помнікі раннехрысц. і візант. архітэктуры і манум. мастацтва: маўзалей Галы Плацыдыі (каля 440), баптыстэрыі правасл. (сярэдзіна 5 ст.) і арыян (канец 5 — пач. 6 ст.), базіліка Сант-Апалінарэ Нуова (пач. 6 ст., кампаніла 8—9 ст., порцік 16 ст.), 8-гранны храм Сан-Вітале (526—547). Усе збудаванні аздоблены мазаікамі 5—6 ст. Часткова захаваліся помнікі мастацтва остготаў — т.зв. палац (пач. 6 ст., паводле інш. крыніц, 8 ст.) і маўзалей (каля 520) Тэадорыха. Па-за гар. сценамі — базіліка Сант-Апалінарэ ін Класе (асвячона ў 549. мазаікі 6, 7 і 9 ст., кампаніла канца 10 ст.). У Р. знаходзіцца надмагілле Дантэ (1483, арх. і скульпт. П.Ламбарда), над ім — класіцыстычны храмік (1780, арх. К.Марыджа).
Равена. Базіліка Сант-Апалінарэ ін Класе з кампанілай канца 10 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́РЫКАВІЧЫ,
род старажытнарускіх князёў і маскоўскіх цароў, якія лічыліся нашчадкамі Рурыка (гл.Рурык-Сінявус—Трувор). Існуе меркаванне, што сапр. генеалагічнае дрэва Р. уключала ў сябе акрамя варага Рурыка і родавых слав. правадыроў. Бясспрэчным родапачынальнікам Р. быў кіеўскі кн.Ігар (у сканд. сагах Ігар Стары), якога «Аповесць мінулых гадоў» называе сынам Рурыка. Гэта першая рэальная гіст. фігура дынастыі Р. У 11—13 ст. некат. адгалінаванні Р. называліся таксама па імёнах сваіх родапачынальнікаў — Ізяславічы («Рагвалодавы ўнукі»), Манамашычы, Ольгавічы, Расціславічы і інш. Пазней у ВКЛ нашчадкамі Р., верагодна, былі княжацкія роды Адзінцэвічаў, Друцкіх, Астрожскіх, Вішнявецкіх, Гарадзецкіх, Дольскіх, Збаражскіх, Лукомскіх, Нясвіцкіх, Палубінскіх, Парэцкіх, Сцяпанскіх, Талочак, Чацвярцінскіх і інш. З утварэннем вакол Маскоўскага вялікага княстваРус. цэнтралізаванай дзяржавы б. ўдзельныя князі ператвараліся там у вышэйшы пласт маскоўскіх служылых людзей. Вярх. ўлада ў Маскоўскай (Расійскай) дзяржаве да смерці ў 1598 цара Фёдара Іванавіча знаходзілася ў руках уладзіміра-суздальскіх Манамашычаў. З роду ніжагародскіх князёў Р. быў цар Васіль Іванавіч Шуйскі [1606—10]. Аднак «Смута»пач. 17 ст. канчаткова звяла Р. з гіст. сцэны як правіцеляў, і на змену ім прыйшла дынастыя Раманавых (былі ў сваяцтве з Р.). У наступныя стагоддзі частка Р. страціла княжацкі тытул і змяшалася з нетытулаванымі дваранскімі родамі. У той жа час многія Р. (Валконскія, Абаленскія, Гарчаковы, Далгарукія і інш.) займалі ў Расіі важныя дзярж. пасады, але ніколі, як правіла, не прэтэндавалі на царскі (імператарскі) прастол.
Літ.:
Творогов О.В. Князья Рюриковичи: Краткие биогр. М., 1992;
Коган В.М. История дома Рюриковичей: (опыт ист.генеалог. исслед.). СПб, 1993;
Шишов А. Русские князья. Ростов н/Д, 1999;
Богуславский В.В., Бурминов В.В. Русь. Рюриковичи: Ил. ист. словарь. М., 2000.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВАБО́ДА,
магчымасць чалавека дзейнічаць у адпаведнасці са сваімі мэтамі, жаданнямі, інтарэсамі. Практычная рэалізацыя С. ажыццяўляецца пры наяўнасці аб’ектыўнай магчымасці (знешняй С.) для дзейнасці. У гісторыі грамадскай і філас. думкі С. разглядалася як праблема валодання чалавекам свабодай волі і абумоўленасці С. знешнімі абставінамі (гл.Свабода і неабходнасць). У ант. філасофіі С. проціпастаўлялася лёсу (Сакрат, Платон), паліт. дэспатызму (Арыстоцель, Эпікур), чалавечаму існаванню (стаіцызм, платанізм). У сярэдневякоўі С. разумелася як збаўленне ад граху, спалучэнне ўнутр. маральнай С. з усемагутнасцю Бога. У эпоху Адраджэння яна разглядалася як магчымасць поўнага і бесперашкоднага развіцця асобы. У філасофіі Асветніцтва прызнавалася панаванне над С. натуральных заканамернасцей свету і прычынных сувязей паміж яго элементамі. У ням. філасофіі з 17 ст. С. разглядалася як маральна-творчае развіццё сутнасці чалавека (Г.Лейбніц, І.Кант, І.В.Гётэ, Ф.Шылер, А.Шапенгаўэр, Ф.Ніцшэ). Прадстаўнікі марксізму сцвярджалі, што С. чалавека дэтэрмінавана ўмовамі яго асяроддзя. У экзістэнцыялізме яна разумеецца як С. выбару самога сябе і звязваецца з адказнасцю за выбар (Ж.П.Сартр, М.Хайдэгер, К.Ясперс). Змест паняцця С. звязаны з гіст. працэсам развіцця грамадства. У стараж. грамадстве С. разумелася як прыналежнасць да пэўнага роду ці племені і супрацьпастаўлялася залежнасці ад інш. плямён. У індустрыяльным грамадстве яна набыла эканам. і юрыд. сэнс як магчымасць выбару прафес. дзейнасці, валодання ўласнасцю і яе стварэння. У постіндустрыяльным грамадстве характарызуецца здольнасцю чалавека да адаптацыі і сац. мабільнасці ў сацыякульт. і тэхнал.-інфарм. прасторы. Ступень С. ў грамадстве цесна звязана з формай праўлення. Перадумовамі С. ў дзяржаве з’яўляюцца канстытуцыяналізм, забеспячэнне гарантыі абароны правоў чалавека і задавальнення асн. патрэбнасцей яго жыцця, фарміраванне органаў дзярж. улады шляхам нар. волевыяўлення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГІ́НСКІ (Міхал Клеафас) (7.10.1765, Гузаў каля Варшавы — 15.10.1833),
дзярж. дзеяч Рэчы Паспалітай, кампазітар, літаратар. З родуАгінскіх. З 1789 надзвычайны пасол у Галандыі, выконваў дыпламат. місію ў Лондане. У 1791 у Магілёве прысягнуў Кацярыне II, чым захаваў маёнткі ва ўсх. Беларусі. Падтрымаў Канстытуцыю 3 мая 1791. Пасля перамогі Таргавіцкай канфедэрацыі 1792 эмігрыраваў у Прусію, яго маёнткі былі канфіскаваны; вяртанне на радзіму і зварот маёмасці былі абумоўлены яго ўступленнем у канфедэрацыю. Дэпутат Чатырохгадовага (1788—92) і Гродзенскага (1793) соймаў. У 1793—94 падскарбі вял. літоўскі. У час паўстання 1794 увайшоў у склад Найвышэйшай літ. рады. Сфарміраваў на свае сродкі батальён стралкоў і камандаваў ім у некалькіх бітвах. У жн. 1794 зрабіў рэйд да Дынабурга (цяпер Даўгаўпілс). Змагаўся супраць прускіх войскаў. Пасля задушэння паўстання жыў у Вене, Венецыі, Парыжы. У 1802 вярнуўся ў свой маёнтак Залессе каля Смаргоні. У 1810 атрымаў званне сенатара. Прапанаваў імператару Аляксандру I праект аднаўлення ВКЛ у складзе Рас. імперыі (гл.Агінскага план 1811). Пасля адышоў ад паліт. дзейнасці. З 1823 жыў у Італіі. Вядомы як кампазітар. Ігры на фп. вучыўся ў Ю.Казлоўскага, на скрыпцы — у Дж.Б.Віёці. Кампазітарскую дзейнасць пачаў у 1790-я г. стварэннем маршаў і баявых песень, пашыраных сярод паўстанцаў 1794. Аўтар папулярных паланэзаў, у т. л. паланэза ля-мінор «Развітанне з Радзімай», фп. п’ес, рамансаў, адметных лірызмам, меладычнасцю, нар.-песеннымі традыцыямі, а таксама аднаактовай оперы «Зеліс і Валькур, або Банапарт у Каіры» на ўласнае лібрэта (1799). Агінскаму належаць трактат «Лісты пра музыку» (1828, выд. на польск. мове ў 1956), «Мемуары пра Польшчу і палякаў з 1788 да 1815 г.» (т. 1—4, 1826—27, на франц. мове).
Літ.:
Бэлза И. Михал Клеофас Огиньский. 2 изд. М., 1974.