ЛУ́РЫЯ ((Luria) Сальвадор Эдуард) (13.8. 1912, г. Турын, Італія — 6.2.1991),

амерыканскі вірусолаг і генетык; адзін з заснавальнікаў генетыкі мікраарганізмаў. Чл. Нац. АН ЗША (1959). Скончыў Турынскі ун-т (1935). З 1950 праф.

Ілінойскага ун-та, з 1959 — Масачусецкага тэхнал. ін-та, з 1974 адначасова дырэктар Цэнтра ракавых даследаванняў. Навук. працы па даследаванні структуры і ўзнаўлення бактэрыяфагаў. Адкрыў механізм рэплікацыі вірусаў. Нобелеўская прэмія 1969 (разам з А.Д.Хершы і М.Дэльбрукам).

С.Лурыя.

т. 9, с. 373

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯВІ́ЦКІ (Мікалай Аляксеевіч) (27.12. 1911—15.8.1982),

расійскі кінарэжысёр, сцэнарыст. Нар. арт. СССР (1982). Скончыў Дзярж. ін-т кінематаграфіі (1936, майстэрня С.​Эйзенштэйна). З 1957 працаваў у навукова-папулярным і дакумент. кіно. Сярод фільмаў: «Рускі камень» (1960), «Вялікі выкрывальнік» (1971, сцэнарый з Л.​Горыным), па ўласных сцэнарыях зняў фільмы «Крылом да крыла» (1972), «Рэпін малюе Талстога» (1978), «Яўген Баратынскі» (1979), «Фёдар Дастаеўскі» (1980) і інш. Дзярж. прэмія Расіі 1968.

т. 9, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯШУ́К (Алег Васілевіч) (н. 22.7.1949, г. Брэст),

бел. архітэктар. Скончыў БПІ (1971). Працаваў у Брэсцкім буд. тэхнікуме, з 1971 у ін-це «Брэстграмадзянпраект». Асн. работы ў Брэсце: будынкі дзіцячага сада-ясляў з плавальным басейнам па вул. Герояў абароны Брэсцкай крэпасці (1977), фізкультурна-аздараўленчага камбіната (1982, у сааўт.), дзіцячага кафэ «Казка» (1985), аблвыканкома (1991), аэравакзала (1986, у сааўт.), забудова Усходняга жылога раёна (1990, у сааўт.) і інш. Дзярж. прэмія Беларусі 1988.

т. 9, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ЛЬЦАЎ (Мікалай Анатолевіч) (н. 11.10.1933, Масква),

бел. вучоны і канструктар у галіне выліч. тэхнікі. Скончыў Маскоўскі энергет. ін-т (1957). З 1960 на Мінскім з-дзе ЭВМ, у 1972—96 у НДІ ЭВМ. Навук. працы па асновах канструявання ЭВМ, выліч. комплексаў і прылад выліч. тэхнікі. Гал. канструктар ЭВМ «Мінск-26», працэсара ЭВМ ЕС-1020, нам. гал. канструктара ЭВМ «Мінск-27» і ЕС-1022. Дзярж. прэмія СССР 1970.

М.​П.​Савік.

т. 10, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРЦІНО́ВІЧ (Анатоль Андрэевіч) (н. 10.3.1937, г. Слуцк Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне хірургіі. Скончыў Мінскі мед. ін-т (1960). З 1966 у Мінскай абл. клінічнай бальніцы (у 1970—97 заг. Рэсп. цэнтра сасудзістай хірургіі). Навук. працы па сасудзістай хірургіі. Дзярж. прэмія Беларусі 1992.

Тв.:

Хирургическое лечение осложненного истинного варикоза нижних конечностей с коррекцией перфорантных вен (разам з І.​Б.​Аляшкевічам, М.​М.​Хомчанкам) // Заболевания сосудов нижних конечностей. Гродно, 1970.

т. 10, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕРЫФІ́ЛД ((Merrifield) Роберт Брус) (н. 15.7.1921, г. Форт-Уэрт, ЗША),

амерыканскі хімік-біяарганік. Чл. Нац. АН ЗША (1972). Скончыў Каліфарнійскі ун-т у Лос-Анджэлесе (1943), дзе і працаваў. З 1949 у Ракфелераўскім ун-це ў Нью-Йорку (з 1966 праф.). Навук. працы па хіміі пептыдаў. Распрацаваў метад гетэрафазнага сінтэзу пептыдаў на цвёрдых палімерных носьбітах з актыўнымі групамі, якія ўзаемадзейнічаюць з амінакіслотамі (1962). Сінтэзаваў брадыкінін, ангіятэнзін, рыбануклеазы. Нобелеўская прэмія 1984.

т. 10, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЁРФІ ((Murphy) Уільям Пары) (6.2.1892, г. Стоўтан, штат Вісконсін, ЗША — 9.10.1987),

амерыканскі тэрапеўт-гематолаг. Скончыў вышэйшую школу ў Арэгоне (1914). З 1922 у шпіталі г. Бостан, адначасова з 1923 у Гарвардскай мед. школе (з 1935 праф.). Навук. працы па лячэнні цукр. дыябету і захворванняў крыві. Распрацаваў дыету з сырой печані для лячэння перніцыёзнай анеміі, методыку лячэння анемій унутрымышачным увядзеннем пячоначнага экстракту. Нобелеўская прэмія 1934 (разам з Дж.Р.Майнатам і Дж.Х.Уіплам).

У.Мёрфі.

т. 10, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУРО́ДАЎ (Джурабек) (н. 24.12.1942, с. Куруд Ленінабадскай вобл., Таджыкістан),

таджыкскі спявак (тэнар), выканаўца на рубобе, кампазітар. Нар. арт. СССР (1979). Скончыў Ленінабадскі пед. ін-т (1962). З 1963 артыст Тадж. філармоніі. У яго рэпертуары тадж. і інш. нар. песні з уласным акампанементам. Выступае і з сімф. аркестрам. Аўтар больш як 150 песень, у т. л. цыклаў на словы М.​Турсун-задэ, С.​Ясеніна і інш. Дзярж. прэмія Таджыкістана 1987.

т. 11, с. 34

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НГУЕ́Н ВАН Х’ЕЎ (Nguyễn Vãn Hieû; н. 21.6.1938, Ханой),

в’етнамскі фізік-тэарэтык. Замежны чл. АН СССР (1982). Скончыў Ханойскі пед. ін-т (1956). З 1960 у Аб’яднаным ін-це ядз. даследаванняў (г. Дубна), з 1970 дырэктар Ін-та фізікі ў Ханоі, з 1983 старшыня Нац. цэнтра навук. даследаванняў В’етнама. Навук. працы па квантавай тэорыі поля, фізіцы элементарных часціц (класіфікацыя і структура элементарных часціц) і фізіцы нейтрына. Ленінская прэмія 1986.

т. 11, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІКО́ЛЬ ((Nicolle) Шарль Жуль Анры) (21.9.1866, г. Руан, Францыя — 28.2.1936),

французскі вучоны ў галіне мікрабіялогіі. Скончыў Руанскі ун-т (1893). З 1903 дырэктар Пастэраўскага ін-та ў Тунісе. Навук. працы па вывучэнні ўзбуджальнікаў сыпнога тыфу, скурнага і вісцэральнага лейшманіёзу, трахомы, шкарлятыны, грыпу, міжземнаморскай ліхаманкі і інш., распрацоўцы спосабаў прыгатавання вакцын і сываратак. У 1909 эксперым. даказаў, што пераносчыкам узбуджальніка сыпнога тыфу з’яўляецца адзежная вош. Нобелеўская прэмія 1928.

Ш.Ніколь.

т. 11, с. 344

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)