МІЦКЕ́ВІЧ (Мікалай Іванавіч) (29.11.1914, г. Дзяржынск Мінскай вобл. — 30.11.1991),
бел. фізікахімік. Акад.АН Беларусі (1980, чл.-кар. 1969), д-рхім.н. (1964), праф. (1966). Засл. дз. нав. Беларусі (1978). Скончыў БДУ (1939). З 1950 у Ін-це хіміі, у 1959—69 і з 1982 у Ін-це фізіка-арган. хіміі (у 1958—65 нам. дырэктара). У 1969—82 акад.-сакратар Аддз.хім. і геал. навук АН Беларусі. Навук. працы па вывучэнні кінетыкі працэсаў акіслення арган. рэчываў. Устанавіў механізм спалучанага з акісленнем дэкарбаксіліравання смаляных, мона- і дыкарбонавых кіслот, іх эфіраў і інш. вытворных. Распрацаваў метады сінтэзу двухатамных фенолаў і галагенавытворных араматычных кіслот.
Тв.:
Сопряженное с окислением декарбоксилирование карбоновых кислот. Мн., 1970 (разам з Б.В.Ерафеевым);
Механизм жидкофазного окисления кислородсодержащих соединений. Мн., 1975 (разам з Я.Ц.Дзянісавым, У.Я.Агабекавым);
Процессы окисления в природе и технике. Мн., 1978 (разам з У.Я.Агабекавым, Н.Р.Арыка).
Літ.:
Н.И.Мицкевич // Весці АНБССР. Сер. хім.навук. 1974. № 6;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЛІНЕ́ЙНАЯ АКУ́СТЫКА,
галіна акустыкі, якая вывучае гукавыя ваганні і хвалі настолькі высокай інтэнсіўнасці, што ўзнікае ўзаемадзеянне паміж палямі гукавога і інш. паходжання.
Пры распаўсюджванні магутнага гукавога выпрамянення наглядаюцца скажэнне формы хвалі і ўзнікненне ўдарных хваль, змена спектра і ўзнікненне хваль камбінацыйных частот, дадатковае паглынанне і своеасаблівае насычэнне інтэнсіўнасці, прамянёвы ціск, акустычнае цячэнне вадкасцей і інш. Характэрная асаблівасць нелінейных эфектаў — іх залежнасць ад амплітуды хвалі. Для апісання гэтых з’яў Н.а. зыходзіць з нелінейных ураўн.механікі суцэльных асяроддзяў. Пры ўліку затухання хваль Н.а. карыстаецца вынікамі тэрмадынамікі неабарачальных працэсаў і статыстычнай механікі. Пры мікраскапічным апісанні акустычныя хвалі і цеплаабмен разглядаюцца як розныя выяўленні аднаго працэсу (мех. ваганняў) і Н.а. зліваецца з малекулярнай і квантавай акустыкай, асабліва ў дыяпазоне ультрагукавых частот. Прыклады спецыфічных нелінейных эфектаў — ціск гукавога выпрамянення, акустычная кавітацыя. Узаемадзеянне акустычных і эл.-магн. хваль адначасова вывучаецца Н.а. і нелінейнай оптыкай.
Літ.:
Такер Дж., Рэмптон В. Гиперзвук в физике твердого тела: Пер. с англ.М., 1975;
Красильников В.А., Крылов В.В. Введение в физическую акустику. М., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́РМЫ ПРА́ЦЫ,
устаноўленыя заданні на выкананне ў пэўных умовах (арганізацыйна-тэхнічных, прыродна-кліматычных) асобных работ, вытв. аперацый ці функцый адным або групай (брыгадай) працоўных, што маюць адпаведную прафесію, спецыяльнасць, кваліфікацыю; меры затрат працы. Зыходная база для арганізацыі працы на прадпрыемствах, аснова для разліку многіх паказчыкаў (велічыні вытворчага цыкла, вытворчай магутнасці, матэрыяльнага стымулявання і інш.), заснаваных на вымярэнні колькасці працы, працоўных па іх катэгорыях, фонду заработнай платы. Пры дапамозе Н.п. знаходзяць больш эфектыўныя варыянты тэхнал.працэсаў і рацыянальныя прыёмы выканання работ. Н.п. класіфікуюцца: адпаведна прынятай адзінкі вымярэння—нормы часу (затраты прац. часу на выкананне адзінкі працы, прадукцыі), нормы выпрацоўкі (аб’ём работ ці колькасць адзінак прадукцыі, выкананыя за адзінку часу; велічыня адваротна прапарцыянальная норме часу), нормы абслугоўвання (колькасць вытв. аб’ектаў, адзінак абсталявання, прац. месцаў, якія павінен абслужыць адзін або група працаўнікоў) і нормы колькасці (вызначаная колькасць працаўнікоў пэўнага прафес. складу, неабходная для выканання канкрэтных вытв. функцый або аб’ёму работ у дадзеных умовах). Паводле ступені дыферэнцыяцыі Н.п. бываюць аперацыйныя, узбуйненыя і комплексныя; паводле метадаў абгрунтавання — тэхнічна абгрунтаваныя, доследна-статыстычныя і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАЛЕЛІ́ЗМ (ад грэч. parallēlos той, хто ідзе побач),
у біялогіі, паралельнае развіццё, парафілія, незалежнае развіццё падобных адзнак у эвалюцыі блізкароднасных груп арганізмаў. У выніку П. другасна набытае падабенства розных груп быццам бы накладваецца на іх падабенства, якое абумоўлена агульнасцю паходжання. Узнікае асобая катэгорыя падабенства органаў і розных відаў — гамаялогія. П. пашыраны ў філагенезе розных груп арганізмаў. Напр., шляхам П., відаць, развіваліся прыстасаванні да воднага спосабу жыцця ў 3 лініях эвалюцыі ластаногіх (маржы, вушастыя і сапраўдныя цюлені); у розных груп кісцяпёрых рыб развіваліся прыкметы земнаводных; у некалькіх груп зверападобных паўзуноў (тэрапсід) — прыкметы млекакормячых. Прыкметы пакрытанасенных раслін незалежна і паралельна развіваліся ў розных лініях эвалюцыі іх продкаў — праангіяспермаў. Узнікненне П. звязана з захаваннем роднаснымі групамі арганізмаў пэўнай генет. супольнасці і падабенства працэсаў антагенезу і яго рэгуляцыі. У генафондах роднасных відаў заканамерна з’яўляюцца падобныя (гамалагічныя) мутацыі (закон гамалагічных радоў у спадчыннай зменлівасці, які ўстанавіў М.І.Вавілаў). П. тлумачыцца падобным напрамкам натуральнага адбору, які дзейнічае на групы продкаў, што разышліся першапачаткова (гл.Дывергенцыя). Часам П. вызначаюць як канвергенцыю блізкароднасных груп.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІРО́ЛІЗ ДРАЎНІ́НЫ, сухая перагонка драўніны,
тэрмічнае (пры награванні да 450 °C) раскладанне драўніны без доступу паветра. Асн. прадукты П.д. — драўнінная смала, воцатная кіслата, драўняны вугаль. Адзін з першых працэсаўхім. тэхналогіі, вядомы з 12 ст. (смалакурэнне, вуглевыпальванне). У 19 ст. пачалося прамысл. выкарыстанне П.д. пераважна для атрымання воцатнай к-ты.
Пры П.д. адбываецца тэрмадэструкцыя геміцэлюлоз (пры 200—260 °C), цэлюлозы (240—350 °C), лігніну (250—400 °C). Выхад прадуктаў залежыць ад скорасці награвання і канчатковай т-ры працэсу, а таксама пароды і вільготнасці драўніны. З 1 м³ драўніны атрымліваюць (у сярэднім) 140—180 кг драўнянага вугалю, 280—400 кг вадкага дыстыляту, з якога вылучаюць драўнінную смалу і воцатную к-ту, і 80—100 кг газападобных прадуктаў (некандэнсавальных гаручых газаў; цеплата згарання 3—15 МДж/м³). Асн. стадыі тэхнал. схемы П.д.: раздрабненне сыравіны на кавалкі, высушванне драўніны (да вільготнасці не вышэй за 15%), піроліз, ахаладжэнне вугалю і яго стабілізацыя, кандэнсаванне пары лятучых прадуктаў. Звычайна П.д. ажыццяўляюць у верт. апаратах (рэтортах) бесперапыннага дзеяння з унутр. цыркуляцыяй газападобнага цепланосьбіта. Гл. таксама Лесахімічная прамысловасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАНК ((Planck) Макс Карл Эрнст Людвіг) (23.4.1858, г. Кіль, Германія — 4.10.1947),
нямецкі фізік-тэарэтык, адзін з заснавальнікаў квантавай тэорыі. Чл. Берлінскай АН (1894), Лонданскага каралеўскага т-ва (1926). Замежны ганаровы чл.АНСССР (1926). Вучыўся ў Мюнхенскім (1874—77) і Берлінскім (1877—78) ун-тах. З 1880 у Мюнхенскім ун-це, праф. ун-таў у Кілі (з 1885) і Берліне (з 1889), адначасова сакратар Берлінскай АН (1912—43). Навук. працы па тэрмадынаміцы, тэорыі цеплавога выпрамянення, тэорыі адноснасці, электрамагнетызме, оптыцы, акустыцы, кінетычнай тэорыі газаў, гісторыі і метадалогіі фізікі. Выказаў меркаванне аб дыскрэтным характары энергетычных працэсаў у атамных асцылятарах, увёў паняцце квант энергіі і фундаментальную фіз. канстанту h (гл.Планка пастаянная). Устанавіў закон размеркавання энергіі ў спектры абс. чорнага цела (гл.Планка закон выпрамянення). Увёў паняцце «тэорыя адноснасці», вывеў рэлятывісцкае ўраўненне дынамікі, атрымаў формулы для энергіі і імпульсу электрона. Нобелеўская прэмія 1918.
Тв.:
Рус.пер. — Единство физической картины мира. М., 1966;
Избр. труды. М 1975.
Літ.:
Макс Планк, 1858—1958. М., 1958;
Кляус Е.М., Франкфурт У.И. Макс Планк, 1858—1947. М., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАГНО́З (ад грэч. prognosis прадбачанне, прадказанне),
навук.-абгрунтаванае суджэнне пра магчымы будучы стан якіх-н. аб’ектаў або з’яў, пра альтэрнатыўныя шляхі і тэрміны іх дасягнення. Распрацоўваецца на аснове ўсебаковага і глыбокага навук. пазнання і аналізу аб’ектыўных заканамернасцей, тэндэнцый і ўзаемасувязей развіцця грамадства і прыроды, канкрэтных умоў развіцця дадзенага аб’екта прагназіравання. П. уключае вядомыя і невядомыя звесткі пра аб’ект, уяўляе сабой ідэальны вобраз, мадэль, апісанне імавернасных падзей, працэсаў, з’яў. Паводле крытэрыю часу П. падзяляюць на бягучыя (ад некалькіх гадзін да некалькіх месяцаў), кароткатэрміновыя (да 5 гадоў), сярэднетэрміновыя (5—10 гадоў), доўгатэрміновыя (ад 10—15 да 20—30 гадоў) і звышдоўгатэрміновыя. Паводле сваёй прыроды П. падзяляюцца на гідраметэаралагічныя, геал., біял., медыка-біял., касмалагічныя, геагр. і інш. Другую групу складаюць П., якія адносяцца да развіцця грамадства (эканам., сац., псіхал., дэмаграфічныя, культ.-эстэт. і інш.). Адрозніваюць таксама П. даследчыя (пошукавыя) і нарматыўныя.
Літ.:
Лисичкин В.А. Теория и практика прогностики. М., 1972;
Мартино Дж. Технологическое прогнозирование: Пер. с англ.М., 1977;
Котляров И.В. Теоретические основы социального проектирования. Мн., 1989;
Теория прогнозирования и принятия решений. М., 1977.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАГАВО́Й (Павел Пракопавіч) (16.6.1895, в. Навілаўка Веткаўскага р-на Гомельскай вобл. — 29.12.1985),
бел. вучоны ў галіне глебазнаўства. Акад.АН Беларусі (1953, чл.-кар. 1947), д-рс.-г.н., праф. (1943). Засл. дз. нав. Беларусі (1949). Скончыў Маскоўскую с.-г. акадэмію (1923). З 1923 у Бел. ін-це сельскай і лясной гаспадаркі, з 1925 у БСГА. З 1930 у Бел. лесатэхн. ін-це (заг. кафедры). У 1958—62 у Бел.НДІ глебазнаўства і аграхіміі (дырэктар), у 1964—73 у Бел.тэхнал. ін-це (заг. кафедры). Навук. працы па вывучэнні глеб Беларусі, працэсаў глебаўтварэння і іх уплыве на ўрадлівасць, водных рэжымаў глебагрунтоў. Прапанаваў прынцыпы класіфікацыі глеб дзярнова-падзолістай зоны і поймавых глеб. Адзін са складальнікаў глебавай карты Беларусі. Дзярж. прэмія Беларусі 1976.
Тв.:
Почвы БССР. Мн., 1952 (у сааўт.);
Поймы рек Днепра, Сожа и Припяти (в пределах БССР) и их хозяйственное использование. Мн., 1957 (разам з І.П.Яновічам);
Водный режим почво-грунтов на территории Белоруссии. Мн., 1972.
Літ.:
Библиография научных трудов академика АНБССР П.П.Рогового. Мн., 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЕГЕАЛО́ГІЯ (ад радые... + геалогія),
ядзерная геалогія, навука, якая вывучае радыеактыўныя працэсы (радыеактыўны распад, рэакцыі актывацыі, дзялення і сінтэзу ядзер) у прыродзе і адлюстраванне эвалюцыі атамных ядзер у развіцці Зямлі і касм. цел. Тэрмін «Р.» увёў У.І.Вярнадскі ў 1937. Садзейнічае вырашэнню праблем глыбіннай будовы Зямлі, вулканізму і тэктагенезу, эвалюцыі зямных абалонак, развіцця жывога рэчыва, сувязі касм. і геахім.працэсаў. З дапамогай радыеметрычных метадаў разведкі вядуцца пошукі карысных выкапняў. Цесна звязана з радыегеахіміяй, радыегідрагеалогіяй, ядзернай геафізікай, ядзернай геатэрмікай, касмахіміяй. Падзяляецца на ўласна Р., ізатопную геалогію і абсалютную геахраналогію. Даследуе прыродныя радыеізатопы (напр., урану 238U, 235U, торыю232Th, калію 40K, кальцыю 48Ca, рубідыю 87Rb і інш.), касмагенныя (метэарытаў, першаснага касм. выпрамянення і інш.), радыеізатопы, якія распаліся ў геал. мінулым, стабільныя ізатопы — канчатковыя прадукты распаду (напр., гелій 4He, ксенон 136Xe, свінец 204, 206, 208Pb, вісмут 210Bi і інш.), таксама абс. ўзрост горных парод (уран-свінцовы, калій-аргонавы, радыевугляродны і інш. метады), крыніцы і патокі цеплавой энергіі, радыяцыйна-хім. з’явы (радыёліз вады, ізатопны абмен і інш.). На Беларусі праблемамі Р. займаюцца ў Ін-це геал. навук Нац.АН.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСКЛА́ДАЎ ТЭО́РЫЯ,
раздзел аперацый даследавання, дзе будуюцца і аналізуюцца матэм. мадэлі каляндарнага планавання (упарадкавання і ўзгаднення ў часе пэўнай сукупнасці дзеянняў, падзей, аперацый, работ і інш.). Асн. мэта Р.т. — распрацоўка метадаў рашэння аптымізацыйных задач, што ўзніклі пры гэтым (гл.Аптымізацыі задачы і метады).
У задачах Р.т. зыходныя даныя звычайна дэтэрмінаваныя, у адрозненне ад задач масавага абслугоўвання тэорыі. Таму разглядаецца клас задач абслугоўвання канечнага мноства патрабаванняў адной ці некалькімі прыладамі ў дэтэрмінаванай абслуговай сістэме. Вывучаюцца таксама выліч. складанасць задач, магчымасці пабудавання набліжаных алгарытмаў рашэння, устойлівасць рашэнняў, многакрытэрыяльныя задачы. Выкарыстоўваецца ў кіраванні вытв-сцю, распрацоўцы графікаў руху транспарту, праграмна-мэтавым планаванні і кіраванні буйнымі праектамі, пабудаванні раскладаў заняткаў у навуч. установах, дыспетчарызацыі інфармацыйна-выліч працэсаў і інш.
На Беларусі даследаванні па праблемах Р.т. вядуцца з 1960-х г. у Ін-це матэматыкі і Ін-це тэхн. кібернетыкі Нац.АН, БДУ і інш.
Літ.:
Танаев В.С., Гордон В.С., Шафранский Я.М. Теория расписаний: Одностадийные системы. М., 1984;
Танаев В.С., Сотсков Ю.Н., Струсевич В.А. Теория расписаний: Многостадийные системы. М., 1989;
іх жа. Математические модели и методы календарного планирования. Мн., 1994.