СІПА́І (на мове хіндзі, урду і перс. сіпахі — воін, салдат),

з сярэдзіны 18 ст. да 1947 наёмныя салдаты ў Індыі, якіх вербавалі з мясц. жыхароў у каланіяльныя (партуг., франц., англ.) арміі. Першыя фарміраванні С. створаны ў 1740-х г. ген.-губернатарам франц. уладанняў у Індыі для барацьбы з англічанамі і захопу інш. тэр. Найб. шырока С. выкарыстоўвалі англ. каланізатары, у т. л. для ваен.-паліцэйскай службы. Пасля задушэння Індыйскага народнага паўстання 1857—59, у якім С. актыўна ўдзельнічалі, англічане рэарганізавалі фарміраванні С. (паменшылі іх колькасць, не прызывалі мясц. жыхароў у інж. і артыл. часці). С. ўдзельнічалі ў 1-й і 2-й сусв. войнах. С. як калан. наёмныя войскі перасталі існаваць пасля ўтварэння ў 1947 дзяржаў Індыя і Пакістан.

т. 14, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯЦВЕ́ГАЎ МО́ВА, судоўская мова, судзінская мова,

адна з мёртвых балтыйскіх моў. На ёй размаўлялі заходнебалцкія плямёны, што ў 1-м — пач. 2-га тыс. н.э. насялялі тэр. паміж Нёманам і вярхоўямі ракі Нараў. Паступова выцеснена польскай, літ. і ням. мовамі. Блізкая да прускай мовы. Перастала існаваць у 16 ст., сляды захаваліся ў 18—19 ст. у некат. гаворках бел. і літ. моў у выглядзе асобных запазычанняў. Я.м. працяглы час вывучалася на аснове абмежаванага анамастычнага матэрыялу. У 20 ст. выяўлены невял. слоўнік, які вучоныя лічаць яцвяжскім. Ён уключае каля 240 лексічных адзінак з польскімі суадпаведнікамі, але не дае дастатковых звестак пра асаблівасці Я.м.

Літ.:

Топоров В.Н. Балтийские языки // Языки народов СССР. Т. 1. Индоевропейские языки. М., 1966.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 18, кн. 1, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ДНЫЯ ЖЫВЁЛЫ,

жывёлы, усё жыццё якіх праходзіць у вадзе. Адрозніваюць першаснаводных (напр., рыбы, ракі) і другаснаводных (ластаногія, кіты, сірэны, некат. чарапахі, змеі, жукі, клапы, лёгачныя бруханогія малюскі).

Паводле спосабу жыцця падзяляюцца на водных жывёл, што жывуць на дне (гл. ў арт. Бентас), прымацаваныя да субстрату над дном (перыфітон), у тоўшчы вады, якія не могуць хутка актыўна перамяшчацца (гл. ў арт. Планктон), у тоўшчы вады і актыўна перамяшчаюцца (нектон), на паверхневай плеўцы вады (нейстон). Воднае асяроддзе (амаль у 800 разоў шчыльнейшае за паветранае) дае магчымасць водным жывёлам з празрыстым, студзяністым целам існаваць без трывалага покрыва або шкілетнага апарату, абумоўлівае характэрныя спосабы руху і інш. Толькі водным жывёлам уласціва размнажэнне дзяленнем і пачкаваннем. Дыханне ажыццяўляецца праз спец. вонкавыя нарасці цела — шчэлепы або ўсёй паверхняй цела.

Г.​А.​Семянюк.

т. 4, с. 253

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛАТРА́ТЫ, злучэнні ўключэння,

злучэнні, якія ўтвараюцца ўключэннем малекул ці іонаў малых памераў у поласці крышт. рашоткі (рашэцістыя) ці ў поласць адной вял. малекулы. К. называюць злучэннямі тыпу «гаспадар-госць».

Рашэцістыя К., ці інтэркалаты, існуюць толькі ў крышт. стане. Паводле формы поласці адрозніваюць К. клетачныя і слаістыя. Напр., клетачныя К. — газавыя гідраты, у якіх «гасцямі» з’яўляюцца малекулы газаў — аргон, крыптон, хлор, метал і інш., а «гаспадарамі» — малекулы вады, што ўтвараюць крышт. каркас. Знешне яны нагадваюць снег, але могуць існаваць пры дадатнай т-ры. Слаістыя К. ўтвараюцца пры ўкараненні малекул ці іонаў паміж слаямі крышталёў са слаістай рашоткай (напр., злучэнне ўключэння графіту з сернай к-той C​+24HSO​−4∙H2SO4). Утварэнне К. выкарыстоўваюць пры сінтэзе стэрэарэгулярных палімераў, апрасненні марской вады, захоўванні газаў і высокатаксічных рэчываў, у храматаграфіі.

В.​В.​Свірыдаў.

т. 8, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫ́ЗІС ПАЛІТЫ́ЧНЫ,

разладжванне функцыянавання якой-н. паліт. сістэмы з пазітыўным ці негатыўным вынікам. Бываюць К.п. канкрэтнай палітыкі, улады, урада (правячага кабінета), парламенцкі, адносін паміж заканад. і выканаўчай уладамі, крызіс даверу (адносін улады і грамадства) і інш. Характэрныя асаблівасці: хуткасць і нечаканасць; недаўгачаснасць ці, наадварот, працягласць (зацяжны К.п.); глыбіня ўздзеяння на паліт. сістэму, якая дасягнула мяжы, далей якой існаваць ці развівацца немажліва, вычарпала рэсурсы ці натыкаецца на супраціўленне звонку (знешняя экспансія з боку суседніх краін). Мае 3 фазы: перадкрызісная (першыя сімптомы); кульмінацыя; разбурэнне сістэмы ці яе пераход у новы стан або ўтварэнне новай сістэмы. Найб. пашыраны ўрадавы К.п. Умовай выхаду з К.п. з’яўляецца даступнасць паліт. сістэмы крытыцы з боку грамадства, адкрытасць крыніцам інфармацыі, здольнасць прыстасоўвацца да новых умоў. Адзін з прыкладаў К.п. — Красавіцкі крызіс 1917 у Расіі.

т. 8, с. 505

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТАСТАБІ́ЛЬНЫ СТАН (ад мета... + лац. stabilis устойлівы),

адносна ўстойлівы стан сістэмы, з якога яна можа перайсці ў больш устойлівы стан (напр., асн.) пад уздзеяннем знешніх узбурэнняў ці самаадвольна. 1) М.с. тэрмадынамічных сістэм — стан няўстойлівай раўнавагі (гл. Раўнавага тэрмадынамічная). Існаванне М.с. абумоўлена асаблівасцямі кінетыкі фазавых пераходаў. У такім стане знаходзяцца, напр., перагрэтая вадкасць — вадкасць, т-ра якой большая за т-ру кіпення пры дадзеным ціску; перахалоджаная (перасычаная) пара — пара, т-ра якой ніжэйшая за т-ру кандэнсацыі пры дадзеным ціску; перанасычаны раствор — раствор, канцэнтрацыя якога перавышае канцэнтрацыю насычанага раствору пры дадзенай т-ры.

2) М.с. квантавых сістэм — узбуджаны энергетычны стан атамнай сістэмы (атама, малекулы, атамнага ядра), у якім яна можа існаваць адносна працяглы час. Пераходы з такіх станаў у станы з меншай энергіяй, якія суправаджаюцца выпрамяненнем фатонаў, забаронены адбору правіламі.

т. 10, с. 309

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НІМУМУ ЗАКО́Н у аграхіміі,

папаўненне недахопу ў глебе пэўных мінер. рэчываў або злучэнняў да ўзроўню, мінімальна неабходнага для ўрадлівасці глебы. Сфармуляваны Ю.Лібіхам (1840). Асн. палажэнне закону — у глебу павінны быць вернуты ў першую чаргу тыя рэчывы, запасы якіх найб. спустошаны; унясенне любых інш. рэчываў не дае прыросту ўраджаю, пакуль не будзе ліквідаваны недахоп рэчыва ці злучэння да ўзроўню наяўнасці яго ў глебе ў пэўнай мінімальнай колькасці.

У больш агульнай сучаснай форме М.з., які дапоўніў амер. заолаг В.​Шэлфард (1877—1968) — «закон талерантнасці» — сведчыць, што прысутнасць або працвітанне арганізма ў пэўным месцапражыванні залежыць ад комплексу экалагічных фактараў. Па кожнаму фактару ёсць дыяпазон талерантнасці, па-за межамі якога арганізм не здольны існаваць. Немагчымасць працвітання або адсутнасць арганізма вызначаецца тымі фактарамі, значэнні якіх набліжаюцца або выходзяць за межы талерантнасці.

т. 10, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧО́ЛА,

старажытная дзяржава на Пд Індыі і дынастыя, якая ў ёй правіла.

Вядома з 1 ст. н.э. Сталіцы: Пухар, Ганджур і Гангайкондачалапурам. Дзярж. мова — тамільская. У 9 ст. трапіла ў васальную залежнасць ад дзяржавы Палаваў. Узвышэнне Ч. пачалося, калі яе правіцель Адыцья I [871—907] знішчыў дзяржаву Палаваў і захапіў яе тэр. Найб. магутнасці дасягнула ў 10—12 ст., калі дынастыя Ч. падпарадкавала амаль увесь Пд п-ва Індастан, в-аў Шры-Ланка (Цэйлон), Мальдыўскія а-вы, нанесла некалькі паражэнняў дзяржаве Зах. Чалук’яў, здзейсніла паходы ў Бенгалію, на Суматру і ў Малаю. Высокага развіцця дасягнулі земляробства, рамесніцтва і гандаль, тамільская л-ра і мастацтва. З 2-й пал. 12 ст. пачаўся заняпад дзяржавы Ч., у 13 ст. яна стала васалам Хайсалаў і перастала існаваць. Дынастыя вядома да 18 ст.

т. 17, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРАМАРФО́З (ад грэч. airō падымаю + morphōsis узор, форма), анагенез, арагенез, морфафізіялагічны прагрэс,

эвалюцыйнае пераўтварэнне марфалагічнай структуры і функцый арганізма, у выніку якога ён падымаецца на прынцыпова новую, больш прагрэсіўную ступень развіцця; адзін з асн. кірункаў біял. прагрэсу. Тэрмін увёў рус. вучоны А.​М.​Северцаў (1920). Арамарфоз садзейнічае высокай жыццяздольнасці арганізма, павышэнню ўзроўню абмену рэчываў, развівае больш актыўныя спосабы барацьбы за існаванне і інш. Магчымасці арамарфозу рэалізуюцца ў працэсе развіцця ідыяадаптацый і інш. больш вузкіх прыстасаванняў, на базе якіх могуць фарміравацца новыя арамармозы. Напр., лёгкія для кісцяпёрых рыб (продкаў наземных пазваночных) былі ідыяадаптацыяй, што давала ім магчымасць існаваць у вадаёмах з паніжанай колькасцю растворанага кіслароду. Для іх патомкаў (наземных пазваночных) арамарфозам стала ўдасканаленне лёгачнага дыхання. Якасны скачок арамарфозу адбыўся пры пераходзе ад рэптыліяпадобных да млекакормячых: чатырохкамернае сэрца, унутрывантробны тып развіцця, узнікненне пёравага, валасянога покрыва і інш.

т. 1, с. 451

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЕ НАВУКО́ВАЕ ТАВАРЫ́СТВА (БНТ). Існавала з чэрв. 1942 да канца 1943 у Мінску. Створана ням.-фаш. акупац. ўладамі з дапамогай калабарацыяністаў. У склад прэзідыума БНТ уваходзілі І.​Ермачэнка

(старшыня),

В.​Іваноўскі, Ф.​Юрда (намеснікі), Г.​Касяк (вучоны сакратар), члены т-ва А.​Адамовіч, П.​Свірыд і інш.; «ганаровы прэзідэнт» — ген. камісар Беларусі В.​Кубэ. Т-ва мела на мэце сабраць усе навук. кадры, што па розных прычынах апынуліся на акупіраванай тэрыторыі, і прымусіць іх працаваць на акупантаў. Аднак на працягу года дзейнасць БНТ плёну не дала. У чэрв. 1943 зноў абвешчана аб адкрыцці т-ва. Яго прэзідэнтам стаў Іваноўскі, намеснікамі — Лыноўскі і Масевіч. Ад бел. вучоных, якіх пад пагрозай рэпрэсій гітлераўцы сагналі на ўстаноўчы сход т-ва, патрабавалася распрацоўваць навук. тэмы, зыходзячы з задач ваен. часу. Перастала існаваць у выніку байкоту і супраціўлення вучоных.

М.​У.​Токараў.

т. 2, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)