СІПА́І (на мове хіндзі, урду і перс. сіпахі — воін, салдат),

з сярэдзіны 18 ст. да 1947 наёмныя салдаты ў Індыі, якіх вербавалі з мясц. жыхароў у каланіяльныя (партуг., франц., англ.) арміі. Першыя фарміраванні С. створаны ў 1740-х г. ген.-губернатарам франц. уладанняў ў Індыі для барацьбы з англічанамі і захопу інш. тэр. Найб. шырока С. выкарыстоўвалі англ. каланізатары, у т. л. для ваен.-паліцэйскай службы. Пасля задушэння Індыйскага народнага паўстання 1857—59, у якім С. актыўна ўдзельнічалі, англічане рэарганізавалі фарміраванні С. (паменшылі іх колькасць, не прызывалі мясц. жыхароў у інж. і артыл. часці). С. ўдзельнічалі ў 1-й і 2-й сусв. войнах. С. як калан. наёмныя войскі перасталі існаваць пасля ўтварэння ў 1947 дзяржаў Індыя і Пакістан.

т. 14, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)