ЧО́ЛА,
старажытная дзяржава на Пд Індыі і дынастыя, якая ў ёй правіла.
Вядома з 1 ст. н.э. Сталіцы: Пухар, Ганджур і Гангайкондачалапурам. Дзярж. мова — тамільская. У 9 ст. трапіла ў васальную залежнасць ад дзяржавы Палаваў. Узвышэнне Ч. пачалося, калі яе правіцель Адыцья I [871—907] знішчыў дзяржаву Палаваў і захапіў яе тэр. Найб. магутнасці дасягнула ў 10—12 ст., калі дынастыя Ч. падпарадкавала амаль увесь Пд п-ва Індастан, в-аў Шры-Ланка (Цэйлон), Мальдыўскія а-вы, нанесла некалькі паражэнняў дзяржаве Зах. Чалук’яў, здзейсніла паходы ў Бенгалію, на Суматру і ў Малаю. Высокага развіцця дасягнулі земляробства, рамесніцтва і гандаль, тамільская л-ра і мастацтва. З 2-й пал. 12 ст. пачаўся заняпад дзяржавы Ч., у 13 ст. яна стала васалам Хайсалаў і перастала існаваць. Дынастыя вядома да 18 ст.
т. 17, с. 273
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)