Sn, хімічны элемент IV групы перыяд. сістэмы, ат. н. 50, ат. м. 118,710. Прыроднае волава складаецца з 10 стабільных ізатопаў: 112Sn, 114Sn – 120Sn, 122Sn, 124Sn; найб. пашыраныя — 120Sn (32,59%) і 118Sn (24,22%). У зямной кары змяшчаецца 8∙10−3 % па масе. Трапляецца ў мінералах (гл.Алавяныя руды). Вядома з глыбокай старажытнасці (2-е тыс. да н.э.). Серабрыста-белы метал, мяккі і пластычны, tпл 231,91 °C, tкіп 2620 °C, паліморфны (гл.Полімарфізм); пры т-ры вышэй за 13,2 °C існуе белае волава (β-Sn, шчыльн. 7295 кг/м³), якое пры т-ры ніжэй за 13,12 °C пераходзіць у шэрае волава (α-Sn, шчыльн. 5846 кг/м³), пры гэтым метал ператвараецца ў шэры парашок. У звычайных умовах устойлівае да ўздзеяння вады і кіслароду, узаемадзейнічае з галагенамі, неарган. к-тамі, пры награванні — з дыаксідам вугляроду, неметаламі (серай, селенам, фосфарам і інш.), з растворамі шчолачаў, з металамі (кальцыем, магніем, тытанам і інш.) утварае інтэрметал. злучэнні (гл.Волава злучэнні). Атрымліваюць з алавяных руд і рэгенерацыяй адходаў. Выкарыстоўваюць як кампанент сплаваў бронза, латунь, бабіт (гл.Волава сплавы), для аховы металаў ад карозіі (луджэнне).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫПРАМЯНЕ́ННЕ ЗЯМЛІ́, уласнае выпрамяненне зямной паверхні, зямная радыяцыя,
электрамагнітнае выпрамяненне зямной паверхні, састаўная частка радыяцыйнага балансу паверхні Зямлі. Колькасная характарыстыка выпрамянення Зямлі залежыць ад абс. т-ры паверхні Зямлі, якая знаходзіцца прыблізна ў межах ад -83 °C да +77 °C. Пры гэтых т-рах выпрамяненне Зямлі ідзе практычна ў дыяпазоне даўжыні хваль 4—120 мкм (макс. пры 10—15 мкм), накіравана ўгару, і амаль цалкам паглынаецца атмасферай. Зямная паверхня выпраменьвае як шэрае цела з адносным каэф. выпрамянення 0,95. Пры т-ры 15 °C выпрамяненне Зямлі складае 0,38 кВт/м², што магло б прывесці да моцнага ахалоджвання Зямлі, чаго не адбываецца дзякуючы існаванню сустрэчнага атмасфернага выпрамянення, а ўдзень і сонечнай радыяцыі. Розніца паміж выпрамяненнем Зямлі і атм. выпрамяненнем наз.эфектыўным выпрамяненнем, яно і абумоўлівае радыяцыйнае ахалоджванне зямной паверхні ноччу, асабліва пры ясным небе, калі могуць узнікаць туман, раса або шэрань пры замаразках. У цёплую пару года ва ўмераных шыротах выпрамяненне Зямлі за суткі меншае, чым кампенсуючыя яго сустрэчныя патокі выпрамянення, і зямная паверхня награваецца, зімой — наадварот. На Беларусі сярэднямесячныя значэнні выпрамянення Зямлі складаюць (Мінск): студз. 730, люты 675, сак. 775, крас. 870, май 1020, чэрв. 1075, ліп. 1110, жн. 1080, вер. 960, кастр. 900, ліст. 800, снеж. 775 Мдж/м.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЖДЖАВЫ́Я ЧЭРВІ, земляныя чэрві,
агульная назва 5 сям. кольчатых чарвей кл. алігахетаў, або малашчацінкавых кальчацоў. Каля 1500 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды. Жывуць у глебе, подсціле, буйныя віды рыюць хады глыб. да 8 м. На Беларусі 13 відаў, найб. пашыраны пашавы чарвяк (Nicodrilus caliginosus), малы чырвоны чарвяк, або малы выпаўзак (Lumbricus rubellus), эйзеніела чатырохгранная (Eiseniella tetraedra), гнаявы чарвяк (Eisenia foetida), вял. чырвоны выпаўзак (Lumbricus terrestris) і інш.
Даўж. 2 см — 3 м (Eisenia magnifica), шыр. да 20 мм. Цела цыліндрычнае, крыху сплясканае або чатырохграннае, светла-шэрае, зялёнае, вішнёва-чырвонае, чорна-бурае. Складаецца з 60—450 членікаў (сегментаў), на кожным з іх (акрамя першага) ад 8 да некалькіх дзесяткаў шчацінак, што дапамагаюць пры поўзанні і ўтрыманні ў нары. На пярэднім канцы цела паясок, што выдзяляе рэчыва, якое склейвае 2 асобіны пры спароўванні і ўтварае яйцавы кокан. Добра развітыя нерв., крывяносная, стрававальная, выдзяляльная і палавая сістэмы, органы дотыку, нюху, здольнасць да рэгенерацыі. Дыхаюць скурай. Гермафрадыты. Актыўныя ноччу, днём выпаўзаюць з зямлі толькі пасля дажджу (адсюль назва). Сапрафагі. Жывяцца пераважна рэшткамі раслін. Рыхляць і ўзбагачаюць глебу мінер. рэчывамі, надаюць ёй устойлівую дробна-камякаватую структуру, спрыяюць аэрацыі і ўвільгатненню. Некаторыя — гаспадары ўзбуджальнікаў гельмінтозаў жывёл і чалавека.
Дажджавыя чэрві: 1 — вялікі чырвоны выпаўзак; 2 — малы чырвоны; 3 — гнаявы; 4 — эйзеніела чатырохгранная.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫ́ЧАЎСКІЯ МАНУФАКТУ́РЫ,
тры мануфактуры, якія дзейнічалі ў канцы 18—1-й пал. 19 ст. ў мяст. Крычаў (цяпер г. Крычаў Магілёўскай вобл.). 1-я парусінавая мануфактура існавала ў 1783—1845. Уладальнік граф Р.А.Пацёмкін. За тыдзень вырабляла каля 100 кавалкаў (5 тыс. аршынаў) парусіны. У 1783 выраблена 820 кавалкаў паруснага палатна масай 1120 пудоў. У 1786 расходавана каля 1200 пудоў пражы. У 1797 было 112 станкоў, працавалі 224 прыгонныя, выраблена 900 кавалкаў парусіны. Яе прадукцыя ішла на Крычаўскую суднаверф, а таксама ў Херсон і Крамянчуг. 2-я парусінавая мануфактура існавала ў 1786—1831. Уладальнік памешчык Галынскі. Вырабляла белае і шэрае палатно (50 тыс. аршынаў у 1796), брызентавую тканіну (33 тыс. аршынаў у 1797), суравое палатно (77 тыс. аршынаў у 1823). У 1786 было 170 ткацкіх станкоў. У 1797—1814 мелася 120 рабочых, акрамя сялянак-прадзільшчыц, якія працавалі ў вёсках у залік паншчыны. Прадукцыя ішла ў Херсон, Крамянчуг, Рыгу, Пецярбург і інш.Канатная мануфактура існавала ў 1785—98. Размяшчалася ў 2 будынках, мела 24 колы, печ для варкі смалы з попелам. Працавала каля 300 прыгонных. У 1787 вырабляла па 1000 пудоў канатаў за тыдзень. У 1785 для Херсонскага адміралцейства выпушчана канатаў на 117,2 тыс. руб.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЭ́МНІЙ (лац. Silicium),
Si, хімічны элемент IV групы перыяд. сістэмы, ат. н. 14, ат. м. 28,0855. Прыродны К. складаецца з 3 стабільных ізатопаў, асн.28Si (92,27%). Другі (пасля кіслароду) элемент паводле распаўсюджанасці ў зямной кары (27,6% па масе). У прыродзе знаходзіцца ў асн. у выглядзе крэмнію дыаксіду і сілікатаў прыродных, у свабодным стане не сустракаецца. Атрыманы ў 1823 Ё.Я.Берцэліусам; названы ад лац. silex — крэмень (назва К. ад грэч. kremnos уцёс, скала).
Крышт. К. — цёмна-шэрае рэчыва з метал. бляскам, шчыльн. 2330 кг/м³, tпл 1415 °C. Паўправаднік, электрафіз. ўласцівасці якога залежаць ад прыроды і канцэнтрацыі прымесей (легіруючых дабавак), структурных дэфектаў. Не раствараецца ў вадзе і к-тах. Раствараецца ў сумесі азотнай і плавікавай кіслот, растворах шчолачаў з вылучэннем вадароду. Устойлівы ў паветры, акісляецца кіслародам да SiO2 пры т-ры вышэй за 400 °C. З фторам (пры пакаёвай т-ры) і астатнімі галагенамі (пры 300—500 °C) утварае тэтрагалагеніды К. (напр., SiCl4 тэтрахларыд К. — бясколерная вадкасць, дыміць у паветры). Пры награванні ўзаемадзейнічае з азотам, фосфарам, вугляродам (гл.Крэмнію карбід), многімі металамі (гл.Сіліцыды). З вадародам непасрэдна не ўзаемадзейнічае, сіланы атрымліваюць ускосным шляхам. Арган. вытворныя К. — крэмнійарганічныя злучэнні, крэмнійарганічныя палімеры. Тэхн. К. атрымліваюць аднаўленнем расплаву SiO2, коксам, паўправадніковы — аднаўленнем SiCl4 вадародам, раскладаннем сілану SiH4 пры 1000 °C. З расплаву паўправадніковага К. вырошчваюць монакрышталі. Выкарыстоўваюць у электроніцы для вырабу інтэгральных схем, дыёдаў, транзістараў, сонечных батарэй і інш.; як кампанент электратэхн. і інш. сталей, чыгуну, бронзы, сілумінаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗО́ННАЯ ТЭО́РЫЯкрышталічных цвёрдых цел,
квантавая тэорыя спектра энергій электронаў крышталя. Паводле З.т. гэты спектр складаецца з зон дазволеных і забароненых энергій. З.т. тлумачыць шэраг уласцівасцей і з’яў у крышталях, у прыватнасці, розны характар іх электраправоднасці.
Аснова З.т. — аднаэлектроннае прыбліжэнне: скорасць руху атамных ядраў каля становішчаў раўнавагі многа меншая за скорасць электронаў; кожны электрон рухаецца ў трохмерна-перыядычным полі, якое ствараецца ядрамі і астатнімі электронамі. Зона праводнасці (с) і валентная зона (v) утвораны сукупнасцю атамных энергет. узроўняў, «расшчэпленых» у выніку аб’яднання свабодных атамаў у крышт. рашотку. Узроўні энергіі валентных электронаў (е) атама расшчапляюцца і зрушваюцца значна больш, чым узроўні ўнутраных электронаў (і). Шырыня забароненай зоны Eg (энергет. шчыліна паміж v- і с-зонамі) вызначаецца раўнаважнай адлегласцю паміж ядрамі (пастаяннай крышт. рашоткі d) У крышталі з N ідэнтычных атамаў кожны атамны ўзровень расшчапляецца на N узроўняў, якія ўтвараюць квазінеперарыўную дазволеную зону або яе частку. Электроны запаўняюць дазволеныя зоны энергій у адпаведнасці з Паўлі прынцыпам: на N узроўнях зоны можа знаходзіцца не больш за 2N электронаў. Уласцівасці крышталя залежаць ад колькасці электронаў у зоне праводнасці і/ці ад колькасці незапоўненых узроўняў (вакансій для электронаў) у валентнай зоне. Калі энергет. зона запоўнена электронамі часткова, то пад уздзеяннем знешняга эл. поля яны пераразмяркоўваюцца па ўзроўнях у зоне. Пры гэтым парушаецца сіметрыя размеркавання электронаў па скорасцях — узнікае эл. ток. Таму крышталь з часткова запоўненай c-зонай з’яўляецца правадніком электрычнасці — металам. Электроны ў поўнасцю запоўненай v-зоне з-за прынцыпу Паўлі не могуць пераразмяркоўвацца па ўзроўнях энергіі; крышталь з пустой с-зонай і поўнасцю запоўненай электронамі v-зонай — дыэлектрык. Калі цеплавая энергія дастатковая для пераводу часткі электронаў з v-зоны ў c-зону, то электраправоднасць крышталя расце пры награванні; такі крышталь — паўправаднік. Пры слаба перакрытых с- і v-зонах крышталь з’яўляецца паўметалам (напр., вісмут), а пры змыканні гэтых зон (Eg=0) — бясшчылінным паўправадніком (напр., шэрае волава). З.т. — набліжэнне да рашэння фундаментальнай задачы: вывесці ўласцівасці крышталя з уласцівасцей атамаў, з якіх ён складаецца.
Літ.:
Харрисон У.А. Электронная структура и свойства твердых тел: Физика химической связи: Пер. с англ.Т. 1—2. М., 1983;
Анималу А. Квантовая теория кристаллических твердых тел: Пер. с англ.М., 1981.