ВАЛЬРА́С, Вальра (Walras) Мары Эспры Леон (16.12.1834, г. Эўрэ, Францыя — 5.1.1910), швейцарскі эканаміст, заснавальнік і буйнейшы прадстаўнік матэматычнай школы ў паліт. эканоміі. Праф. Лазанскага ун-та (1870—92). Родапачынальнік (з К.Менгерам і У.Джэвансам) гранічнай карыснасці тэорыі. Асн. твор — «Элементы чыстай палітычнай эканоміі» (ч. 1—2, 1883). Вальрас — стваральнік агульнай стат. мадэлі нар. гаспадаркі, вядомай пад назвай «сістэма агульнай эканамічнай раўнавагі», якая ахоплівала сферу вытв-сці, абмену, капіталу і грошай. У рэгуляванні працэсаў вытв-сці і спажывання адводзіў вял. ролю дзяржаве. У 1950—60-я г. мадэль Вальраса была пераўтворана сродкамі лінейнага праграмавання. Рацыянальны элемент яго мадэлі — пастаноўка экстрэмальнай задачы для нар. гаспадаркі (дасягненне макс. эфекту пры найменшых выдатках) і падыход да цэн як да састаўнога элемента пры адшуканні агульнага оптымуму. Ён лічыў, што «рэдкасць» таксама з’яўляецца элементам вартасці. Паслядоўнікі Вальраса — Г.Касель, А.Афтальён, І.Шумпетэр, В.Парэта.
Тв.:
Théorie mathématique de la richesse sociale. Lausanne, 1883;
Théorie de la monnaie. Paris, 1886;
Etude d’economie sociale, ou Théorie de la réparation de la richesse sociale. Lausanne;
Paris, 1896;
Etudes d’économie politique appliquée. Lausanne, 1896.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЛЕР, Халер (Haller) Альбрэхт фон (16.10.1708, г. Берн, Германія — 12.12.1777), швейцарскі і нямецкі прыродазнавец, пісьменнік. Вучыўся ў Цюбінгенскім і Лейдэнскім ун-тах. З 1727 д-р медыцыны; у 1736—53 праф. Гётынгенскага ун-та, дзе заснаваў анатамічны т-р і бат. сад. У 1751 стварыў у Гётынгене Каралеўскае т-ва навук і быў яго прэзідэнтам. З 1753 у Берне. Прапанаваў сваю сістэму раслін, заснаваную на іх вонкавым выглядзе і будове плода. У галіне фізіялогіі эксперыментальна выявіў уласцівасці мышачных валокнаў. Унёс шэраг дапаўненняў да вучэння У.Гарвея, удакладніў сувязь розных звёнаў сістэмы кровазвароту. Яго зб. «Спробы швейцарскай паэзіі» (1732) адкрываецца паэмай «Альпы», у якой апяваецца прыгажосць гор. Аўтар вершаваных сатыр «Сапсаваныя норавы» (1731), «Модны герой» (1733), раманаў «Узонг» (1771), «Альфрэд, кароль англа-саксаў» (1773), «Фабій і Катон» (1774). Адзін са стваральнікаў ням. дыдактычна-метафізічнай паэзіі (паэмы «Думкі пра розум, забабоны і нявер’е», 1729; «Ілжывасць чалавечых дабрачыннасцей», 1730; «Аб паходжанні зла», «Пра вечнасць», абедзве 1734).
Літ.:
Гейман Б.Я. Галлер // История немецкой литературы. М., 1963. Т. 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗНА́КАВАЯ ТЭО́РЫЯ МО́ВЫ,
вучэнне, якое даследуе мову ў адносінах да інш. знакавых сістэм (матэм., муз., дарожнай і інш.), а таксама яе падабенства ці адрозненне ад іх. Заснавальнік семіётыкіамер. філосаф Ч.Пірс разглядаў мову як знакавыя адзінкі, характэрнай рысай якіх служыць адсутнасць знешняга падабенства з суадноснымі прадметамі. Амер. вучоны Ч.Морыс прапанаваў разглядаць усе знакі (у т. л. і моўныя) у трох вымярэннях: адносіны знакаў да аб’ектаў (семантыка), да інш. знакаў (сінтактыка) і да тых, хто карыстаецца гэтымі знакамі (прагматыка). Заснавальнік лінгвасеміётыкі (навукі, што вывучае знакавыя ўласцівасці мовы) швейцарскі лінгвіст Ф. дэ Сасюр асн. рысамі моўных знакаў лічыў іх сістэмнасць і наяўнасць адвольнай сувязі паміж іх планамі выражэння і планамі зместу. Гэтыя рысы надаюць мове стабільнасць, а таксама здольнасць фармуляваць самыя складаныя адцягненыя паняцці. Найб. выразны знакавы характар маюць пісьмовыя формы мовы, разам з якімі выкарыстоўваюцца і неславесныя знакі (лічбы, сімвалы і інш.).
Літ.:
Семиотика языка и литературы. М., 1983;
Соссюр Ф. де. Труды по языкознанию: Пер. с фр.М., 1977.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІТАЛЬЯ́НСКІ ПАХО́Д СУВО́РАВА 1799,
баявыя дзеянні (крас.—жн.) рас. і аўстр. войск пад камандаваннем фельдмаршала А.В.Суворава супраць 2 франц. армій у Паўн. Італіі ў вайну 1798—1802 Францыі з 2-й антыфранц. кааліцыяй (Англія, Расія, Аўстрыя, Турцыя, Каралеўства абедзвюх Сіцылій). Распрацаваны Суворавым план кампаніі прадугледжваў разгром франц. армій паасобку. 26—28.4.1799 гал. сілы Суворава (больш за 40 тыс.чал.) разбілі франц. армію на чале з ген. Ж.В.Маро (каля 28 тыс.чал.) на р. Ада, занялі г. Мілан, у маі — Турын і Александрыю. 17—19 чэрв. войскі Суворава (каля 30 тыс.чал.) у сустрэчным баі на р. Трэбія разграмілі франц. армію ген. Ж.Макданальда (33—35 тыс.чал.), якая рухалася на дапамогу Маро з Сярэдняй і Паўд. Італіі. Разгром саюзнымі войскамі (43 тыс.чал., паводле інш. звестак, 50 тыс.) 35-тысячнай франц. арміі ген. Б.К.Жубера (забіты ў пач. бітвы, яго змяніў Маро) 15 жн. каля г. Нові і перамогі ВМФ Расіі ў ходзе Міжземнаморскага паходу Ушакова 1798—1800 прывялі да амаль поўнага вызвалення Італіі ад франц. панавання. Сувораў быў накіраваны ў Швейцарыю (гл.Швейцарскі паход Суворава 1799). У.Я.Калаткоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЕ́Е ((Klee) Паўль) (18.12.1879, Мюнхенбухзе, каля г. Берн, Швейцарыя — 29.6.1940),
швейцарскі жывапісец і графік. Працаваў у Германіі, з 1933 у Берне. Вучыўся ў Мюнхенскай АМ (1898—1901). З 1921 выкладаў у «Баўгаузе», у 1930—33 у Дзюсельдорфскай АМ. Чл. аб’яднання «Сіні коннік» (1911—14), адзін з заснавальнікаў маст. груп «Новая мюнхенская сецэсія» (1914), «Блакітная чацвёрка» (1924). Малюнкам, гравюрам і акварэлям ранняга перыяду ўласцівы рысы сімвалізму і сюррэалізму, лінеарнасць і манахромнасць; ствараў гратэскныя ілюстрацыі («Кандыд» Вальтэра, 1911—12). У сталы перыяд пад уплывам П.Сезана і В.Кандзінскага, падарожжа ў Туніс у 1914 ствараў фармальныя імправізацыі, заснаваныя на суб’ектыўных вобразах і перажываннях, глыбока індывідуальна пераасэнсоўваў кубізм, абстракцыянізм, экспрэсіянізм і інш. плыні. Творам уласцівы рытмічнасць, імкненне да сімвалічнасці каларыту, арган. ўключэнне ў геаметрызаваныя кампазіцыі стылізаваных выяў птушак, дрэў, фігур людзей і інш.: «Пейзаж з зялёнымі птушкамі» (1923), «Маленькая казка нейкіх карлікаў» (1925), «Пісьмо-прывід» (1937), «Жывёліны ў гушчары» (1938). У творах 1930-х г. («Галава пакутніка», «У эміграцыю», «Вымушаны сыход», «Новыя парадкі») перадаў трагедыю змрочных часоў фашызму. У позні перыяд фігуратыўнасць работ К. ўвасаблялася праз рытм знакаў, ідэаграм, рунаў, іерогліфаў («Праект» і «Узнёсласць», 1938; «Смерць і полымя», 1940), пераважала тэматыка смерці («Змрочнае падарожжа на караблі», 1940, і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕСТАЛО́ЦІ ((Pestalozzi) Іаган Генрых) (12.1.1746, г. Цюрых, Швейцарыя — 17.2.1827),
Швейцарскі педагог, адзін з заснавальнікаў дыдактыкіпач. навучання. Скончыў 2 курсы калегіума Каралінум. У 1774—80 узначальваў «Установу для бедных у Найхафе», у 1798—99 — прытулак для сірот у Станцы, у 1800—04 — ін-ты ў Бургдорфе і ў 1805—25 у Івердоне. У сваім светапоглядзе спалучаў ідэі франц. асветнікаў, у асн. Ж.Ж.Русо, з тэорыямі ням. філосафаў Т.Лейбніца, І.Канта, І.Г.Фіхтэ і інш. Аўтар шматлікіх пед. і літ. твораў, у т. л. «Лінгард і Гертруда» (1781—87), «Як Гертруда вучыць сваіх дзяцей» (1801), «Пісьмо да сябра пра знаходжанне ў Станцы» (1799), трактата «Лебядзіная песня» (1826) і інш. Паводле П., выхаванне павінна быць прыродазгодным (улічваць прыроду дзіцяці і закладзеныя ў ім задаткі). Важнай задачай выхавання лічыў развіццё ў дзяцей высокіх маральных пачуццяў, фарміраванне маральнай свядомасці і перакананняў. Навучанне імкнуўся будаваць на псіхал. аснове (пачуццёвым пазнанні), выкладаў ідэю развіццёвага навучання (К.Дз.Ушынскі назваў яе «вялікім адкрыццём П.»). Сфармуляваў дыдактычныя прынцыпы паслядоўнасці ў навучанні, адстойваў прынцып сістэматычнасці, вял. значэнне надаваў нагляднасці. Прыхільнік злучэння навучання і прац. актыўнасці. Яго ідэі паўплывалі на развіццё дыдактыкі і педагогікі.
Тв.:
Рус.пер. — Избр. пед. соч. Т. 1—2. М. 1981.
Літ.:
Пинкевич А.П. И.Г.Песталоцци. М., 1933;
Кларин В.М. Теория элементарного образования // Магистр. 1993. №2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРН (ням. Bern; франц. Berne),
горад, сталіца Швейцарыі. Адм. ц. кантона Берн, на р. Аарэ. 135 тыс.ж. (1990), з прыгарадамі 299 тыс.ж. (1989). Важны трансп. вузел. Міжнар. аэрапорт. Прам-сць: маш.-буд., радыёэлектронная, эл.-тэхн., прыладабуд., хім.-фармацэўтычная, швейная, паліграф., харчасмакавая, у т. л. шакаладная. Турызм. Ун-т. Музеі: Швейцарскі, Альпійскі, Паштовы, Гістарычны, Натуральнай гісторыі і інш. Абсерваторыя. Батанічны сад. У Берне штаб-кватэра Сусветнага паштовага саюза, Міжнар. саюза тэлесувязі, некаторых устаноў ААН.
Засн. ў 1191, у 1218 абвешчаны вольным імперскім горадам. У 1353 увайшоў у Швейц. канфедэрацыю. У 1415 да Берна далучаны Ааргау, у 1536 — Во (Ваат). У 1528 праведзена рэліг. Рэфармацыя. У 17 ст. алігархічная форма кіравання выклікала шматлікія хваляванні ў Берне і яго ваколіцах. У 1798 заняты франц. войскамі, Ааргау і Во атрымалі незалежнасць. З 1848 сталіца Швейцарыі. На пач. 20 ст. адзін з цэнтраў расійскай рэв. эміграцыі.
У старой частцы Берна часткова захаваліся крапасныя сцены і Гадзіннікавая вежа (15 ст.), рэгулярная сярэдневяковая планіроўка, барочная забудова 17—18 ст. Каларыт гораду надаюць аркады ніжніх паверхаў дамоў, рэнесансавыя скульпт. фантаны на плошчах і скрыжаваннях вуліц. Помнікі архітэктуры: царква дамініканцаў (каля 1290), ратуша (1406—17) з рэнесансавай вежай (16 ст.), сабор Санкт-Вінцэнц (1421—1588, арх. М.Энзінгер, С.Гурдэр, Д.Гайнц, вітражы 15 ст.), барочная царква св. Духа (1726—29, арх. Г.Шыльдкнехт), багадзельня (1735—41), Корнгаўз (1711—16, арх. Г.Дзюнц), палац Эрлагергоф (1752), атэль дэ Мюзік і старая гаўптвахта (1767, абодва арх. Н.Шпрунглінг), парламент (1852—1901; неакласіцызм, арх. Г.Аўэр).
Да арт.Берн. Набярэжная Аарэ.Да арт.Берн. Будынкі ў старой частцы горада.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́СЭ ((Hesse) Герман) (2.7.1877, г. Кальв, Германія — 9.8.1962),
нямецка-швейцарскі пісьменнік. У 1891—92 вучыўся ў Маўльбронскай семінарыі. З 1912 жыў у Швейцарыі, у 1923 адмовіўся ад герм. грамадзянства і прыняў швейцарскае. Зведаў уплыў псіхааналізу З.Фрэйда і «аналітычнай псіхалогіі» К.Г.Юнга. Пачынаў як паэт-неарамантык (зб. «Рамантычныя песні», 1899). Філас. раманы «Петэр Каменцынд» (1904), «Гертруда» (1910), «Росхальдэ» (1914), «Дэміян» (1919), «Стэпавы воўк» (1927), раман-утопія «Гульня шкляных перлаў» (1943; бел.пер. В.Сёмухі, 1992), аповесці «Пад коламі» (1906), «Кнульп» (1915), «Клейн і Вагнер» (1920), «Курортнік» (1925), «Паездка ў Нюрнберг» (1932), «Нарцыс і Гольдмунд» (1930), «Паломніцтва ў Краіну Усходу» (1932) прысвечаны праблемам сцвярджэння асобы ў дэталізаваным грамадстве, ролі мастака ў сучасным свеце, лёсу культуры, цывілізацыі, чалавека-творцы. Яго проза адметная літ. гульнёй, стылістычным поліфанізмам, іроніяй, парадыйнасцю, стылізацыяй пад трактат, навук. даследаванне і інш. Аўтар паэмы ў прозе «Сідхартха» («Індыйская паэма», 1922), паэтычных цыклаў, апавяданняў, эсэ, публіцыст. артыкулаў, дарожных нататкаў. На бел. мову асобныя яго творы пераклалі В.Сёмуха, М.Сяднёў. Нобелеўская прэмія 1946.
Тв.:
Бел.пер. — Пра мастацкую творчасць: [Эсэ] // Сяднёў М. Масеева кніга. Мн., 1994;
Паэт;
Воўк // Крыніца. 1995. № 3;
Рус.пер. — Паломничество в Страну Востока: Повесть;
Игра в бисер: Роман;
Рассказы. М., 1984;
Последнее лето Клингзора. М., 1986;
Письма по кругу: Худож. публицистика. М., 1987;
Сиддхартха. Мн., 1993;
Собр. соч.Т. 1—8. М.;
Харьков, 1994—95.
Літ.:
Березина А.Г. Герман Гессе. Л., 1976;
Седельник В.Д. Гессе и швейцарская литература. М., 1970;
Павлова Н.С. Герман Гессе // Павлова Н.С. Типология немецкого романа, 1900—1945. М., 1982;
Каралашвили Р. Мир романа Германа Гессе. Тбилиси, 1984;
Залоска Ю. Майстар гульні // Крыніца. 1995. № 3;
Лявонава Е. Паэтыка душы ў творах Германа Гесэ // Там жа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ВЕЛ I (1.10.1754, С.-Пецярбург — 24.3.1801),
расійскі імператар [1796—1801]. З дынастыі Раманавых. Сын Пятра III і Кацярыны II, бацька імператараў Аляксандра I і Мікалая I. У пачатку царавання амнісціраваў зняволеных пры Кацярыне II М.І.Навікова, А.М.Радзішчава, Т.Касцюшку і інш. Цэнтралізаваў кіраванне, скараціў колькасць губерняў з 50 да 41. У бел.-літ. губернях пацвердзіў дзеянне Статута Вялікага княства Літоўскага 1588, спыніў перавод уніятаў у праваслаўе. Праводзіў курс на ўзмацненне асабістай ўлады. Запалоханы Французскай рэвалюцыяй 1789—99, устанавіў у краіне жорсткі ваен.-паліцэйскі рэжым, увёў цэнзуру друку, закрыў прыватныя друкарні (1797), забараніў увоз кніг з-за мяжы (1800). Пазбавіў дваран свабоды ад цялесных пакаранняў (1797), забараніў дваранскія губ. сходы і калект. звароты, прымусіў дваран-афіцэраў і чыноўнікаў выконваць службовыя абавязкі, а не толькі лічыцца на службе. Раздаў дваранам 600 тыс. душ дзярж. сялян, запрыгоніў сялян паўд. Украіны і Дона (1796). Указамі 1797 забараніў продаж без зямлі дваровых і беззямельных сялян, прымус сялян да працы на памешчыкаў па нядзелях, раіў памешчыкам скараціць паншчыну да 3 дзён у тыдзень, у 1798 забараніў прадаваць без зямлі ўкр. сялян. Імкнуўся палепшыць фін. становішча дзяржавы, у 2 разы павялічыў падушны падатак. Рэфармаваў армію на аснове прускіх ваен. статутаў, увёў жорсткую муштру і палачную дысцыпліну. Прыняў удзел у кааліцыйных войнах супраць Францыі (гл.Італьянскі паход Суворава 1799, Швейцарскі паход Суворава 1799, Міжземнаморскі паход Ушакова 1798—1800), аднак пасля разладу з саюзнікамі ў 1800 пачаў збліжэнне з Н.Банапартам (гл.Напалеон I), што прывяло Расію да стану вайны з Вялікабрытаніяй і стварыла пагрозу рас. гандлю і прам-сці. Палітыка П. I, неўраўнаважанасць яго характару выклікалі незадавальненне прыдворных колаў і гвардыі. У выніку дварцовага перавароту П. I забіты, прастол перайшоў да Аляксандра I.
Літ.:
Эйдельман Н.Я. Грань веков: Полит. борьба в России. М., 1986;
Песков А.М. Павел I. М., 1999;
Хайкина Л.В. Михайловский замок и некоторые аспекты религиозно-философских воззрений Павла I // Отечеств. история. 2000. № 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЮ́ТА (італьян. valuta літар. кошт, вартасць),
1) грашовая адзінка краіны і яе тып (залатая, сярэбраная, папяровая, крэдытная).
2) Грашовыя знакі замежных краін (крэдытныя білеты, манеты і інш.).
3) Крэдытныя сродкі абарачэння і плацяжу, выражаныя ў замежных грашовых адзінках (вэксалі, чэкі, сертыфікаты і інш.).
4) Міжнар. і еўрап. разліковыя адзінкі СДР, ЭКЮ — калектыўная валюта. Па сваёй сутнасці валюта — гэта грошы ў міжнар. разліках. Да 19 ст. існавалі сярэбраны монаметалізм і біметалізм (адначасовае абарачэнне сярэбраных і залатых манет), у 19 ст. ў абарачэнні была залатая валюта, на сучасным этапе — папяровая (неразменныя на золата і серабро банкаўскія білеты і папяровыя грошы). У залежнасці ад рэжыму выкарыстання валюта бывае: свабодна канверсаваная, ці поўнасцю абарачальная (абменьваецца на любую замежную валюту і не мае абмежаванняў у валютных аперацыях), часткова канверсаваная (мае абмежаванні ў валютных аперацыях) і неканверсаваная (замкнутая, неабарачальная). Да свабодна канверсаваных валют адносяцца долары ЗША і Канады, ням. марка, фунт стэрлінгаў Вялікабрытаніі, яп. іена, франц. і швейцарскі франкі і некаторыя інш., якія без абмежаванняў выкарыстоўваюцца ў міжнар.эканам. аперацыях і для стварэння валютных рэзерваў (рэзервовая, ключавая валюта). Часткова канверсаваная валюта краін, дзе існуюць валютныя абмежаванні, як правіла, для рэзідэнтаў (фіз. і юрыд. асоб гэтай краіны), а таксама на пэўныя валютныя аперацыі (напр., на рух капіталаў і крэдытаў). Неканверсаваная валюта ў краінах, дзе няма эканам. стабільнасці і існуюць абмежаванні і забароны на ўвоз і вываз валюты, яе абмен, куплю-продаж, а таксама інш. меры валютнага рэгулявання з мэтай стрымаць выкарыстанне дэфіцытнай замежнай валютай. Да неканверсаванай адносіцца і валюта Беларусі (1996). Свабодна абарачальная нац. валюта і трывалы валютны рэзерв — паказчык эканам. стабільнасці краіны. Для выкарыстання валюты ўстаноўлены пэўныя формы і правілы (гл.Валютная біржа, Валютны курс, Валютны парытэт, Валютныя аперацыі і інш.).
Існуюць таксама паняцці валюты цаны, ці валюты здзелкі (грашовая адзінка, у якой вызначаецца цана тавару ў кантракце па знешнегандл. аперацыі ці выражаецца сума міжнар. крэдыту), валюты плацяжу, ці валюты разлікаў (грашовая адзінка, у якой у кантракце вызначаецца аплата на знешнеэканам. аперацыі ці пагашэнне міжнар. крэдыту), валюты вэксаля (грашовая адзінка, у якой прад’яўлены вэксаль), валюты клірынгу (грашовая адзінка, на аснове якой адкрываюцца ўзаемныя рахункі краін для безнаяўных узаемных міжнар. разлікаў) і інш.