прылада для візуальнага адлюстравання алфавітна-лічбавай і графічнай інфармацыі ў дыялогавым рэжыме работы чалавека з ЭВМ. Адрозніваюць алфавітна-лічбавыя, вектарныя і растравыя Д.; чорна-белага і каляровага адлюстравання; малога, сярэдняга і высокага раздзялення. Д. уваходзіць у склад персанальнай ЭВМ або далучаецца да ЭВМ з дапамогай ліній сувязі.
Д. мае экран (электронна-прамянёвыя трубкі, вадкакрышталічны або інш.), генератар сімвалаў і ліній, пульт кіравання з клавіятурай, запамінальнае прыстасаванне і блокі сувязі са знешнімі крыніцамі інфармацыі, таксама можа мець сродкі адваротнай сувязі («мыш», светлавы аловак і інш.) для аператыўнай карэкцыі інфармацыі на экране. Алфавітна-лічбавы Д. адлюстроўвае інфармацыю з дапамогай зададзенага набору сімвалаў (на экране да 24 радкоў тэксту па 80 сімвалаў у радку). Вектарны Д. — спецыялізаваны Д. для адлюстравання графічнай інфармацыі ў выглядзе адрэзкаў ліній (вектараў). Найб. дасканалы растравы Д., адлюстроўвае інфармацыю ў выглядзе мазаікі святлівых пунктаў (элементаў відарысу), інфармацыя пра кожны элемент захоўваецца ў апорнай памяці Д., ад аб’ёму якой залежыць яго раздзяляльная здольнасць. Выкарыстоўваецца як выхадная прылада (тэрмінал) выліч. сістэм і сетак, а таксама ў аўтаматызаваных сістэмах праектавання, кіравання, інфармацыйна-пошукавых сістэмах, сістэмах перадачы даных і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАГАВЫ́ АРКЕ́СТР, рагавая музыка,
самабытны тып аркестра медных духавых інструментаў. Вядомы ў Расіі ў сярэдзіне 18—1-й пал. 19 ст. Упершыню створаны ў Пецярбургу чэш. валтарністам Я.А.Марашам, прыдворным капельмайстрам аркестра С.К.Нарышкіна. Не меў аналага ў зах.-еўрап. краінах. На Беларусі быў у Шклоўскім тэатры Зорыча.
Складаўся з удасканаленых паляўнічых рагоў розных памераў (ад 9,5 да 225 см), якія выраблялі з ліставой медзі, мелі канічную форму і парабалічна загнуты канец трубкі каля муштука. Р.а. поўнага складу ўключаў 91 рог, кожны з якіх выдаваў адзін гук пэўнай вышыні. Гучанне Р.а., магутнае і разам з тым мяккае, аксамітавае, вібрыраванае, нагадвала гучанне своеасаблівага аргана. Напачатку Р.а. абслугоўвалі прыдворныя святы, балі, прагулкі «на вадзе», феерверкі, маскарады, паляўнічыя выезды, суправаджалі серэнады. У канцы 18 — пач. 19 ст. іх выкарыстоўвалі ў публічных тэатр. пастаноўках і канцэртах. Часта былі адзінымі выканаўцамі інстр. музыкі ў правінцыяльных гарадах і памешчыцкіх сядзібах. Лепшыя Р.а. мелі даволі багаты і разнастайны рэпертуар — ад апрацовак нар. песень і танцаў да оперных уверцюр, сімфоній. Як спецыфічная з’ява муз. культуры знік у 1830-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СПІННЫ́ МОЗГ,
аддзел цэнтральнай нервовай сістэмы пазваночных жывёл і чалавека, размешчаны ў пазваночным канале (гл.Пазваночнік). Забяспечвае ажыццяўленне большасці рэфлексаў, звязаных з дзейнасцю шкілетна-мышачнай і вісцэральных сістэм.
Мае форму трубкі з патоўшчанымі бакавымі сценкамі, уверсе пераходзіць у прадаўгаваты мозг, унізе (на ўзроўні 2-га паяснічнага пазванка) заканчваецца мазгавым конусам. Укрыты трыма злучальна-тканкавымі абалонкамі: цвёрдай, павуціннай, мяккай; цэнтр. канал і падпавуцінная прастора запоўнены спіннамазгавой вадкасцю. У дарослага чалавека даўж. С.м. 41—45 см, маса 26—28 г. С.м. утвораны шэрым рэчывам (размешчана ў цэнтры), якое абкружае белае рэчыва. У шэрым рэчыве лакалізуюцца нерв. ядры, у белым праходзяць шляхі, якія злучаюць ц. н. с. з органамі і тканкамі. С.м. складаецца з 31—33 сегментаў, кожны з якіх мае 2 пары нерв. карэньчыкаў: пярэднія, рухальныя (па іх імпульсы з клетак С.м. перадаюцца шкілетным мышцам, унутр. органам) і заднія, адчувальныя (імпульсы ад рэцэптараў скуры, мышцаў, унутр. органаў перадаюцца ў С.м.). Пярэдні і задні карэньчыкі з кожнага боку С.м. злучаюцца паміж сабой і ўтвараюць спіннамазгавыя нервы. С.м. залежыць ад галаўнога мозга, найб. складаныя рэфлекторныя рэакцыі С.м. кіруюцца галаўным мозгам пры дапамозе праводзячых шляхоў белага рэчыва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРАМБО́Н (італьян. trombone ад tromba труба),
медны духавы муштуковы нетранспануючы муз. інструмент. Мае шырокія мензуру і канічны раструб, які ў вузкай частцы злучаны з рассоўным механізмам, што ўключае 2 нерухомыя трубкі (штангі), на якія насоўваецца U-падобная куліса. Рухомае прыстасаванне забяспечвае храматычны гукарад. Існуюць Т. рассоўны (цугтрамбон) і вентыльны. 6 разнавіднасцей — ад сапрана да кантрабаса. У наш час выкарыстоўваюцца тэнаравыя і тэнарава-басовыя, радзей басовыя Т. Ужываецца пераважна як арк. (Т. складае самаст. групу ў традыц. складзе эстр. аркестра «big band», эстр.-сімф.), зрэдку як сольны інструмент.
Продкам Т. лічыцца стараж.-рым. букцына (з сям’і труб). У інш. краінах Еўропы вядомы з 15 ст. Сям’я Т. сфарміравалася ў 16 ст.
На Беларусі Т. вядомы з 18 ст. ў складзе езуіцкіх капэл, з 19 ст. — у аматарскіх аркестрах навуч. устаноў: Гомельская муз. школа (Мацей Красоўскі, Ян Сураж), Мінская мужчынская гімназія (Восіп Шаскольскі), 1-е Мінскае гар. 4-класнае вучылішча (Шыменеў); духавога аркестра Мінскага вольна-пажарнага т-ва, ваен. аркестраў. З пач. 20 ст. пашыраны ў прафес. і аматарскіх аркестрах, ансамблях.
Літ.:
Вилковир Е. Практический курс инструментовки для духового оркестра. М., 1963;
Левин С. Духовые инструменты в истории музыкальной культуры. Л., 1973.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБ’ЕКТЫ́Ў,
аптычная сістэма або яе частка, якая стварае сапраўдны адваротны відарыс аб’екта. Створаны аб’ектывам відарыс разглядаецца праз акуляр (звычайна пасля абарачальнай сістэмы) ці фіксуецца на экране, фатагр. плёнцы, фотакатодзе перадавальнай тэлевізійнай трубкі і інш. Бываюць лінзавыя, люстраныя і люстрана-лінзавыя.
Асн. аптычныя характарыстыкі: фокусная адлегласць f; дыяметр уваходнай зрэнкі d; святласіла d/f; вугал (поле) зроку; раздзяляльная здольнасць. Аб’ектывы тэлескапічных сістэм маюць фокусную адлегласць да некалькіх метраў і дыяметр уваходнай зрэнкі ад некалькіх сантыметраў (у геад., вымяральных і падзорных трубах) да некалькіх метраў (у тэлескопах-рэфрактарах), аб’ектывы мікраскопаў — фокусную адлегласць 1,5—40 мм, малафарматных фотаапаратаў — 6—2000 мм (для аматарскай практыкі 28—200 мм). Фатагр. аб’ектывы бываюць нармальныя (вугал зроку 40—50°), шырокавугольныя (больш за 70°), звышшырокавугольныя (больш за 83°, аб’ектывы тыпу «рыбіна вока» больш за 180°), даўгафокусныя (менш за 39°) і звышдаўгафокусныя (менш за 9°). Канструкцыя складаных аб’ектываў дазваляе выправіць храматычную і геам.аберацыі аптычных сістэм. Большасць аб’ектываў — анастыгматы. Аб’ектывы з пераменнай фокуснай адлегласцю (панкратычныя), у якіх плоскасць відарыса і святласіла нязменныя, выкарыстоўваюцца ў кіна- і тэлекамерах, спец. прамянёвастойкія — у лазерных сістэмах. Для павелічэння фіз. святласілы аб’ектывы прасвятляюць (гл.Прасвятленне оптыкі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСЦЫЛО́ГРАФ (ад лац. oscillum ваганне + ...граф),
вымяральная прылада для графічнага назірання і запісу функцыянальных сувязяў паміж эл. велічынямі, што характарызуюць які-н. фізічны працэс. З дапамогай асцылографа вызначаюць змены сілы току і напружання ў часе, вымяраюць частату, зрух фазаў, характарыстыкі электравакуумных і паўправадніковых прылад, а з дапамогай спец. датчыкаў (напр., тэрмапары) неэл. велічыні: т-ру, ціск, паскарэнне і інш. Асцылографы бываюць нізка- (да 1 МГц) і высокачастотныя (да 100 МГц і вышэй), адна- і многапрамянёвыя, імпульсныя, запамінальныя, спец. тэлевізійныя і інш.
Святлопрамянёвы асцылограф складаецца з люстранага гальванометра (шлейфа), святлоаптычнай сістэмы і прыстасаванняў для працягвання святлоадчувальнага носьбіта запісу (напр., фотапаперы) і непасрэднага назірання, вызначальніка часу. Бывае з фатаграфічным, электраграфічным, ультрафіялетавым і камбінаваным запісам адхілення светлавога праменя, адбітага ад шлейфа, скорасць працягвання носьбіта запісу да 5000 мм/с. Можна адначасова даследаваць да 64 розных працэсаў, напрыклад пры вывучэнні вібрацый і дэфармацый у самалётах, турбінах. Электроннапрамянёвы асцылограф прызначаны для непасрэднага назірання і фатаграфавання эл. працэсаў на экране электронна-прамянёвай трубкі (ЭПТ). Сігнал падаецца на вертыкальна адхіляльныя пласціны (шпулі) ЭПТ, напружанне разгорткі пры назіранні часавай залежнасці — на гарызантальна адхіляльныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРЫКАТА́ЖНАЯ МАШЫ́НА, вязальная машына,
машына для мех. вязання трыкатажнага палатна або трыкат. штучных вырабаў. Адрозніваюць Т.м. паводле прызначэння, канструкцыі, выгляду трыкат. іголак і інш. Класы прамысл. Т.м. вызначаюцца колькасцю іголак, што замяшчаюцца ў адзінцы даўжыні ігольніцы: чым танчэйшыя іголкі і меншая адлегласць паміж імі, тым вышэйшы клас машыны і вырабляецца больш тонкае палатно.
Падзяляюцца Т.м.: паводле спосабу петлеўтварэння на папярочна-вязальныя (кулірныя) і асновавязальныя; паводле прызначэння (для вязання палатна і штучных вырабаў); паводле колькасці ігольніц (аднафантурныя і двухфантурныя). У залежнасці ад канструкцыі ігольніц, у якіх замацоўваюцца іголкі, бываюць круглавязальныя (для вырабу палатна ў выглядзе трубкі) і плоскія (для вырабу палатна ў выглядзе тканіны). Асн. рабочыя органы (механізмы) Т.м.: петлеўтваральны (вязальны), падачы нітак (сілкавальны) і адцяжны (адвод ад ігольніц вырабленага трыкатажу з пастаянным нацяжэннем). Петлеўтваральны механізм мае ігольніцы з іголкамі (язычковымі, кручковымі або пазавымі), плаціны (пласцінкі складанай формы, што выгінаюць ніткі ў петлі), ніткавадзіцель і інш. Працэсы вязання на прамысл. Т.м. аўтаматызаваны, маюць электронныя сродкі кіравання. Існуюць таксама бытавыя вязальныя машыны і апараты. Асн. вузлы ручных машын: петлеўтваральныя элементы (язычковыя іголкі і плаціны), карэтка (накіроўвае іголкі і плаціны пры вязанні). лічыльнік радкоў і інш. Вязальныя апараты маюць кручкі, грэбень са штырамі, на які ўручную навешваюцца петлі, і лінейкі, з дапамогай якіх перасоўваюцца кручкі і рэгулюецца шчыльнасць вязання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭЛЕКТРО́ННЫ МІКРАСКО́П,
вакуумная электронна-аптычная прылада для атрымання павялічанага відарыса аб’екта, у якой замест светлавых прамянёў выкарыстоўваюцца пучкі электронаў, паскораных да высокіх энергій. Прынцып дзеяння Э.м. заснаваны на законах электроннай і іоннай оптыкі. Па раздзяляльнай здольнасці (да 0,1 нм) пераўзыходзіць аптычны мікраскоп у некалькі тысяч разоў, што дазваляе вывучаць атамную і малекулярную структуру даследуемых аб’ектаў. Паводле характару даследаванняў аб’ектаў адрозніваюць прасвечвальныя, адбівальныя, растравыя, эмісійныя, ценявыя і люстраныя Э.м.
У прасвечвальных Э.м. відарыс аб’екта ствараецца з дапамогай электронных лінзаў электронамі, якія прайшлі праз даследаваны аб’ект. У адбівальных — рассеянымі (адбітымі) электронамі. У растравых электронны пучок факусіруецца лінзамі ў тонкі прамень-зонд, які сканіруе паверхню аб’екта. Такімі мікраскопамі даследуюцца празрыстыя і непразрыстыя (для электронаў) аб’екты, відарыс якіх звычайна назіраецца на экране электронна-прамянёвай трубкі. У эмісійных Э.м. аб’ект сам за кошт награвання, асвятлення, бамбардзіроўкі яго электронамі ці іонамі і інш. выпрамяняе электроны, якія паскараюцца і праходзяць праз лінзы. У ценявых Э.м. электронныя лінзы ствараюць электронны зонд, які на аддаленым ад аб’екта экране ці на фотапласцінцы стварае ценявы відарыс. З дапамогай люстраных Э.м. вызначаюць размеркаванне эл. патэнцыялу паблізу паверхні даследуемага ўзору (электроны адбіваюцца ад эквіпатэнцыяльнай паверхні, якая ўтварылася перад узорам). Э.м. выкарыстоўваюцца ў навук. даследаваннях, у тэхнал. мэтах, напр., для вырабу мікрасхем метадам электроналітаграфіі, а таксама для кантролю ў розных галінах мікраэлектронікі, паўправадніковай тэхнікі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАНАТЭХНАЛО́ГІЯ,
сукупнасць метадаў стварэння і выкарыстання матэрыялаў, устройстваў і сістэм, памеры якіх у адным, двух ці трох вымярэннях знаходзяцца ў межах ад 0,1 нм да 100 нм.
Да аб’ектаў Н. належаць атамныя кластэры, плёнкі, трубкі, ніці і іх асацыяты, а таксама сітаватыя матэрыялы. Дае магчымасць «праграміраваць» уласцівасці аб’ектаў, пры гэтым спалучаць як іх дэзінтэграцыю, так і зборку з адзінкавых атамаў (малекулярнае дойлідства). Напр., у сканіруючым тунэльным мікраскопе пад уздзеяннем эл. поля атамы (іоны) з метал. іголкі пераносяцца на паверхню правадніка, аддзеленага ад іголкі вакуумным прамежкам; перамяшчэннем іголкі ўздоўж паверхні паўправадніка можна ствараць на ім «атамныя ўзоры» і выкарыстоўваць іх для запісу інфармацыі. Аб’екты Н. ствараюць таксама імплантацыяй (укараненнем) паскораных іонаў унутр. крышталя, малекулярна-прамянёвай эпітаксіяй, хім. сінтэзам і інш. метадамі. Зменай памераў і формы аб’ектаў можна мяняць іх уласцівасці (напр., удзельную электраправоднасць) пры захаванні хім. саставу. Н. выкарыстоўваецца пры стварэнні новых матэрыялаў (напр., фулерэнаў, вугляродных нанатрубак), вырабе прыборных паўправадніковых гэтэраструктур з квантавымі ямамі і звышрашоткамі, кіраванні хім. рэакцыямі (напр., каталіз) і інш. Даследуюцца магчымасці стварэння нанаробатаў.
На Беларусі даследаванні па Н. вядуцца ў Нац.АН, БДУ, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі, Гродзенскім і Гомельскім ун-тах.
Літ.:
Нанотехнология в ближайшем десятилетии. Прогноз направления исследований: Пер. с англ.М., 2002;
Nanotechnology. New York, 2003;
Гапоненко Н.В. Пленки, сформированные золь-гель методом на полупроводниках и в мезопористых матрицах. Мн., 2003.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЙРО́Н (ад грэч. neuron нерв, жыла), нервовая клетка, нейрацыт,
асноўная структурная і функцыян. адзінка нерв. сістэмы, якая валодае спецыфічнымі праяўленнямі ўзбуджальнасці. Здольны ўспрымаць сігналы, перапрацоўваць іх у нерв. імпульсы і праводзіць да нерв. канцоў, што маюць кантакт з інш. Н. або эфекторнымі органамі (мышцы, залозы). Утвараюцца ў эмбрыягенезе з нейрабласта на стадыі нерв.трубкі. Гал. структурная асаблівасць — наяўнасць адросткаў (аксонаў і дэндрытаў), якія адыходзяць ад цела клеткі. Успрымальная ч. Н. — разгалінаваныя дэндрыты. Сумацыя мясц. працэсаў узбуджэння і тармажэння выклікае нерв. імпульсы. Яны распаўсюджваюцца ад цела клеткі па аксоне да нерв. канцоў, што выслабаняюць медыятар, які прыводзіць да актывацыі мембран нерв. клетак, што ўспрымаюць імпульсы. Адрозніваюцца Н. формаю цела (пірамідныя, многавугольныя, круглыя, авальныя), памерам (5—150 мкм) і колькасцю адросткаў. Паводле функцый бываюць Н. чуллівыя (сенсорныя), якія ўспрымаюць сігналы з вонкавага ці ўнутр. асяроддзя, асацыятыўныя — звязваюць Н. паміж сабой і рухальныя, што перадаюць нерв. імпульсы ад Н. да выканаўчых органаў. Паслядоўнае сінаптычнае аб’яднанне чуллівых, асацыятыўных і рухальных Н. утварае рэфлекторную дугу. Паводле характару ўздзеяння Н. на клеткі, з якімі яны маюць кантакт пры дапамозе сінапсаў, адрозніваюць узбуджальныя і тармазныя Н., паводле тыпу выдзеленага медыятара — норадрэнэргічныя, пептыдэргічныя, халінэргічныя і інш. Нейрасакраторныя Н. выпрацоўваюць і выдзяляюць нейрагармоны. Для Н. характэрны высокі ўзровень абмену рэчываў, асабліва сінтэзу бялкоў і РНК. У філагенезе колькасць Н. павялічваецца і дасягае ў чалавека некалькіх мільярдаў. У большасці жывёл дыферэнцыраваныя Н. не дзеляцца.