наданне прадметам, з’явам, людзям свяшчэннага, рэлігійнага зместу; падпарадкаванне сац. ін-таў, культуры і быт. зносін рэліг. ўплыву. У аснове С. — вера ў існаванне свяшчэннага (сакральнага), процілеглага свецкаму. Сімвалам С. з’яўляецца цырымонія асвячэння, у выніку якой звычайная працэдура набывае трансцэндэнтны сэнс. У тэалогіі С. тлумачыцца як вытворнае ад Бога. Ням. тэолаг Р.Ота вызначаў сакральнае як адзіную адметную ўласцівасць божага, якая з’яўляецца сапраўдным коранем рэлігіі. Франц. сацыёлаг Э.Дзюркгейм лічыў, што сакральнае выяўляе натуральна-прыродную аснову чалавецтва, яго грамадскую (калектывісцкую) сутнасць, якая супрацьстаіць індывідуалістычнаму існаванню. На розных этапах гіст. развіцця ступень распаўсюджанасці С. і яе характар былі неаднолькавыя. У ходзе гісторыі працэсам С. супрацьстаяла дэсакралізацыя (секулярызацыя) розных бакоў чалавечага існавання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФАКТО́РЫНГ (англ. factoring агент, пасрэднік),
від фін. паслуг, якія робяць камерцыйныя банкі і іх даччыныя фактар-фірмы дробным і сярэднім фірмам. Узнік у 16—17 ст. як аперацыя гандл. пасрэднікаў, потым набыў форму крэдытавання (гл.Крэдыт). Сутнасць Ф.: фактар-фірма, якая мае статус крэдытнай установы, набывае ў кліента правы на спагнанне даўгоў; частку (70—90%) гэтага доўгу вяртае кліенту да надыходу тэрміну яго аплаты даўжніком. Астатнюю частку доўгу за вылікам працэнтаў вяртае пасля пагашэння даўжніком усяго доўгу. У выніку кліент мае магчымасць хутчэй вяртаць даўгі, ажыццяўляць плацяжы. Адрозніваюць адкрыты — канвенцыйны Ф. (даўжнік паведамлены аб удзеле ў пагадненні фактар-фірмы) і закрыты (канфідэнцыяльны). Парадак правядзення і ўлік факторынгавых аперацый у камерцыйных банках рэгламентуецца Нац. банкам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СПЕ́НСЕР (Spencer) Герберт (27.4.1820, г. Дэрбі, Вялікабрытанія — 8.12.1903),
англійскі філосаф, сацыёлаг і псіхолаг; адзін з пачынальнікаў пазітывізму, дарвінізму сацыяльнага, арганічнай школы ў сацыялогіі, прадстаўнік асацыянізму. У 1837—41 працаваў інжынерам на чыгунцы. У 1848—53 супрацоўнічаў у час. «Economist» («Эканаміст»). Філас. погляды С. фарміраваліся пад уплывам А.Конта, Д.Юма, Дж.С.Міля, кантыянства, натурфілас. ідэй Ф.В.Шэлінга і шатландскай школы. Пад філасофіяй разумеў максімальна абагульненыя веды, заснаваныя на канкрэтных навуках. Падзяляў свет на пазнавальнае і непазнавальнае і лічыў, што навуцы даступна пазнанне толькі падабенства і адрозненняў паміж з’явамі, а не іх сутнасць. Стрыжань вучэння С. — вучэнне пра ўсеагульную эвалюцыю. Пад эвалюцыяй разумеў бесперапынны рух цялесных часцінак, які прыводзіць да росту ўнутр. дыферэнцыяцыі і адначасова да інтэграцыі. Эвалюцыянізмам тлумачыў усе з’явы — ад неарганічных да сац. і маральных. Свядомасць разглядаў як працэс, які развіваецца ад бязладнай гамагеннасці да гетэрагеннасці і выконвае функцыю адаптацыі арганізма да асяроддзя. Асн. элементамі свядомасці лічыў адчуванні і эмоцыі, якія шляхам ускладнення ператвараюцца ў прадукты вышэйшага парадку. Дынаміку псіхічных працэсаў тлумачыў прынцыпам асацыяцый: асацыяцыі, звязаныя з пачуццём задавальнення, замацоўваюцца і перадаюцца ў спадчыну наступным пакаленням, а звязаныя з адмоўнымі пачуццямі — нівеліруюцца. Сац. структуру грамадства трактаваў па аналогіі з пабудовай і функцыяй жывога арганізма. На яго думку, сац. арганізм складаецца з 3 сістэм: рэгулятыўнай (сац. кантроль, паліт. кіраванне), вытворчай і размеркавальнай. Сутнасць грамадскага прагрэсу бачыў у дасягненні асобай найб. свабоды і звядзенні да мінімуму механізмаў сац. кантролю і кіравання, у пераходзе ад мех. прымусу індывідаў да іх арган. аб’яднання на аснове агульных інтарэсаў. Выступаў супраць ідэй сацыялізму, рэвалюцыю лічыў небяспечнай хваробай сац. арганізма. Вучэнне С. паўплывала на развіццё сучаснай сацыялогіі (культурантрапалогія, сацыябіялогія, структурна-функцыянальны аналіз) і псіхалогіі (параўнальна-псіхал. даследаванні паводзін, функцыянальная псіхалогія).
Тв.:
Рус.пер. — Синтетическая философия. Киев, 1997;
Основания психологии // Ассоциативная психология. М., 1998;
Опыты научные, политические и философские. Мн., 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЕ́ЙКАЎ Аляксандр Іванавіч (20.5.1842, Масква — 9.2.1916),
расійскі кліматолаг і географ; заснавальнік кліматалогіі ў Расіі. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1910). Чл.Рус.геагр.т-ва (1866). Падарожнічаў па еўрап.ч. Расіі, Бел. Палессі (1891), Каўказе, Крыме, Сярэдняй Азіі, Зах. Еўропе, многіх краінах Азіі, Амерыкі. У навук. працы «Кліматы зямнога шара, асабліва Расіі» (1884) раскрыў фіз.сутнасць і разгледзеў структуру кліматычных працэсаў, ролю асобных кліматаўтваральных фактараў, узаемасувязь клімату з інш. кампанентамі прыроды. Распрацаваў класіфікацыю рэк паводле гідралагічнага рэжыму. Даследаваў пытанні геаграфіі насельніцтва, агракліматалогіі. Заклаў асновы палеакліматалогіі, с.-г. метэаралогіі і феналогіі. Імем Ваейкава названы праліў паміж астравамі ў Курыльскай градзе, ледавік на Паўн. Урале, Гал.геафіз. абсерваторыя ў С.-Пецярбургу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЕ́ННАЯ ПАЛІ́ТЫКА,
састаўная частка агульнай палітыкі дзяржавы і інш.сац.-паліт. інстытутаў, якія непасрэдна звязаны са стварэннем ваен. арг-цыі, падрыхтоўкай і выкарыстаннем сродкаў узбр. барацьбы для дасягнення паліт. мэт. Ваенная палітыка канкрэтызуецца ў ваеннай дактрыне, ваен. стратэгіі і практыцы ваеннага будаўніцтва. Абапіраецца на ацэнку ўласных сіл і сіл верагодных праціўнікаў, патэнцыялаў, якія складаюць ваенную магутнасць дзяржавы, і фактараў, ад якіх залежаць ход і вынік вайны. Важнае месца ў ваеннай палітыцы адводзіцца праблемам стварэння, умацавання і ўдасканалення ваен. арг-цыі, тэхн. аснашчэння ўзбр. сіл, вызначэння перспектыў развіцця ваен. тэхнікі, мабілізацыйных магчымасцяў дзяржавы, падрыхтоўкі рэзерваў, іх мабілізацыі і разгортвання пры неабходнасці. Сутнасць ваеннай палітыкі Рэспублікі Беларусь накіравана на прадухіленне вайны, захаванне міру, абарону суверэнітэту і тэр. цэласнасці краіны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМПА́НІЯ (ад франц. compagnie таварыства, супольнасць),
1) гандлёвае, прамысл., трансп. і інш. аб’яднанні прадпрымальнікаў. У сферы эканам. адносін адрозніваюць К.: афіліяваную, якая валодае пакетам акцый менш за 50%; венчурную — дробную або сярэднюю інвестыцыйную К., што займаецца навук. даследаваннямі, інж. распрацоўкамі і іх крэдытаваннем; інжынерынгавую, якая спецыялізуецца на аказанні паслуг, звязаных з падрыхтоўкай вытв. працэсу; афшорную — замежную К., зарэгістраваную ва ўстаноўленым парадку; траставую, што арганізавана на адносінах уласнасці, сутнасць якіх вынікае ў перадачы маёмасці або маёмасных правоў уладальніка (даверніка) на даверніцкае кіраванне інш. асобе на карысць прызначаных давернікам асоб.
2) Група асоб, якія разам бавяць вольны час. 3) Сукупнасць ваен. аперацый, аб’яднаных агульнай стратэг. мэтай на пэўным этапе вайны.
4) Мерапрыемствы для ажыццяўлення чарговай важнай грамадска-паліт. або гасп. задачы (выбарчая К., пасяўная К.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРМЕТЫ́ЗМ,
1) рэлігійна-філас. плынь эпохі элінізму і позняй антычнасці. Спалучала элементы папулярнай грэч. філасофіі, халдзейскай астралогіі, перс. магіі, егіпецкай алхіміі; мела эзатэрычны характар. Традыцыі герметызму атрымалі працяг у еўрап. Адраджэнні (М.Фічына, Дж.Піка дэла Мірандала), у Агрыпы, паўплывалі на Дж.Бруна, М.Каперніка, І.Ньютана і інш. Герметызм выступае ў ролі агульнай тэарэт. асновы шэрагу эзатэрычных і акультных вучэнняў — неаплатанізму, гнастыцызму (гностыкі), антрапасофіі і інш.Сутнасць, вытокі і асн. палажэнні герметызму выкладзены ў даследаванні А.Ж.Фесцюж’ера «Адкрыцці Гермеса Трысмегіста» (т. 1—4, 1949—54).
2) Мадэрнісцкі кірунак у італьян. паэзіі 1920—40-х г. (Э.Мантале, Дж.Унгарэці); адна з асн. асаблівасцей сучаснай мадэрнісцкай паэзіі. З выкарыстаннем наўмысна ўскладненай формы выражае трагічнае светаадчуванне, смутак, выкліканыя адзінотай і адчужанасцю чалавека ў сучасным грамадстве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНСАНА́НС (франц. consonance ад лац. consonantia гармонія, сугучнасць) у музыцы, адначасовае спалучэнне тонаў стройнага, згоднага гучання. Процілеглае К. паняцце — дысананс. Адрозніваюцца характарам узаемадзеяння гарманічных спектраў гукаў, што ўтвараюць пэўнае сугучча. Акустычная сутнасць К. ў супадзенні вял. колькасці гармонікаў (абертонаў) гэтых гукаў. Да К. належаць усе чыстыя інтэрвалы, вял. і малыя тэрцыі і сексты і акорды, складзеныя толькі з гэтых інтэрвалаў (за выключэннем тых, у якіх адзін з верхніх гукаў утварае чыстую кварту з басам). Матэматычнае абгрунтаванне К. зрабілі піфагарэйцы ў Стараж. Грэцыі. У еўрап.прафес. музыцы 15—19 ст. адрозненне паміж К. і дысанансам набыло якасны характар, дасягнула ступені вострай процілегласці і стала адной з асноў муз. мыслення. У музыцы 20 ст. рэзка павялічылася значэнне дысанансу, адрозненне паміж ім і К. ў значнай ступені згладжваецца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНЦЭПТУАЛІ́ЗМ (ад лац. conceptus думка, паняцце),
1) кірунак зах.-еўрап. сярэдневяковай схаластычнай філасофіі пра сутнасць агульных паняццяў (універсалій). К. займае прамежкавае становішча паміж сярэдневяковым рэалізмам і наміналізмам у рашэнні праблемы рэалій. Паводле К., агульнае на ўзроўні аб’ектыўных рэчаў не існуе; няма такога быцця. Агульнае — гэта канцэпты, г. зн. ідэальныя (іматэрыяльныя) паняцці. Яны першапачаткова ўласцівы чалавечаму розуму і толькі ў ім існуюць. Яны апрыёрныя (дадоследныя) і з’яўляюцца формай пазнання, з дапамогай якой раскрываецца падабенства рэчаў. Найб. вядомыя прадстаўнікі К.П.Абеляр, У.Окам, Т.Гобс. У новы час ідэі К. пра прыроду паняццяў адстойвалі Дж.Лок, Э.Кандыльяк, К.Гельвецый. Паступова К. стаў адным з прынцыпаў тэорыі пазнання, паводле якога агульнае разглядаецца толькі як вынік абстракцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРОТКАТЭРМІНО́ВЫ КРЭДЫ́Т,
від крэдыту, які выдаецца на тэрмін да года пераважна на часовае папаўненне абаротных сродкаў прадпрыемства, на заработную плату і інш. мэты. Выдаецца на ўмовах тэрміновасці, зваротнасці, платнасці. Працэнты, выплачаныя за такі крэдыт, могуць адносіцца на сабекошт прадукцыі (выдаткі вытв-сці і рэалізацыі), балансавы або чысты прыбытак. Адным з відаў К.к. з’яўляецца і т.зв.анколь (пазыка да запатрабавання), які пагашаецца па першым патрабаванні і выдаецца, як правіла, пад забеспячэнне каштоўнымі паперамі і таварамі. Сутнасць яго ў тым, што банк адкрывае пазычальніку спец. бягучы рахунак пад заклад таварна-матэрыяльных каштоўнасцей або каштоўных папер. У межах забяспечанасці крэдыту банк аплачвае ўсе рахункі суб’екта гаспадарання. Пагашэнне крэдыту ажыццяўляецца па першым патрабаванні банка за кошт сродкаў, якія паступаюць на рахунак пазычальніка, або шляхам рэалізацыі закладу.