КО́ШАЛЕЎ (Васіль Васілевіч) (1856, слабада Ровенкі Вобл. Войска Данскога — 1915?),
бел. ўрач, вучоны ў галіне інфекцыйных хвароб. Д-р медыцыны (1901). Скончыў Харкаўскі ун-т (1880). У 1881—1901 працаваў у Клімавічах, Рагачове, Магілёве. З 1904 урачэбны інспектар Гродзенскай губ. Працы па даследаванні сан. стану гарадоў Беларусі, барацьбе з дыфтэрыяй, халерай.
т. 8, с. 440
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́ЛЬЦМАНА ПАСТАЯ́ННАЯ,
адна з асноўных фіз. пастаянных, роўная адносінам універсальнай газавай пастаяннай да Авагадра пастаяннай. Пазначаецца k. Названа ў гонар Л.Больцмана. Прымяняюць пры матэм. апісанні заканамернасцяў малекулярнай фізікі і тэрмадынамікі (ураўненне стану ідэальнага газу, выраз для сярэдняй энергіі цеплавога руху малекул і інш.). Прынятае значэнне Больцмана пастаяннай k = 1,380658(12)∙10−23 Дж/К.
т. 3, с. 210
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМПЛІТУ́ДА (ад лац. amplitudo велічыня),
1) найбольшае (па абс. значэнні) адхіленне ад нуля перыядычна зменнай фіз. велічыні (напр., найб. зрушэнне маятніка ад стану раўнавагі).
2) Рознасць паказанняў на шкале вымяральнай прылады (барометра, тэрмометра і інш.).
3) У матэматыцы — адна з характарыстык перыяд. функцый (сінуса, косінуса і інш.).
4) У пераносным сэнсе — размах, шырыня.
т. 1, с. 323
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЯФАНАСКАПІ́Я (ад грэч. diaphanēs празрысты + ...скапія),
прасвечванне прыдаткавых пазух носа, вочных яблыкаў для вызначэння іх стану. Пры паталаг. зменах (пухліна, запаленне, іншароднае цела) пашкоджаны бок зацемнены. Д. робяць у зацемненым памяшканні спец. эл. лямпачкай, замацаванай на ручцы або ў спец. метал. капсуле. Д. верхнясківічных (гаймаравых) пазух носа робяць праз рот.
А.С.Арцюшкевіч.
т. 6, с. 318
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІПАХО́НДРЫЯ (грэч. hypochondria літар. падрабрынне),
хваравіты стан, які характарызуецца празмернай увагай да стану свайго здароўя, страхам за яго і за жыццё. Бывае пры шызафрэніі, псіхапатыях, маніякальна-дэпрэсіўным псіхозе і інш. Скаргі хворых фантастычныя («згнілі, расплавіліся тыя ці інш. органы», «вантробы заселены дробнымі жывёламі» і інш.), дэпрэсіўна афарбаваныя, не адпавядаюць вынікам аб’ектыўнага (клінічнага і лабараторнага) даследавання.
т. 7, с. 301
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАНІЯГРА́ФІЯ (ад грэч. kranion чэрап + ...графія),
метад рэнтгеналагічнага даследавання чэрапа ў розных праекцыях. Пры К. робяць аглядныя (бакавыя, пярэдне-заднія, заднія, аксіяльныя, паўаксіяльныя) і прыцэльныя (для ўдакладнення стану асобных участкаў чэрапа — насавых, скулавых касцей, соскападобных адросткаў, сківіцы і інш.) здымкі, выяўляюць інтрацэрэбральныя кальцынаты пры таксаплазмозе, цыстыцэркозе, абвапнаванні ў пухлінах галаўнога мозга.
Л.Л.Аўдзей.
т. 8, с. 450
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫРО́ДНЫХ РЭСУ́РСАЎ АБМЕЖАВА́НАСЦЬ,
асноўны закон рэсурсазнаўства, згодна з якім планета Зямля — абмежаванае цэлае і ўсе яе рэсурсы і ўмовы канчатковыя. Антрапагеннае ўздзеянне на энергетыку планеты звыш дапушчальнай нормы выводзіць прыродную сістэму са стану раўнавагі, таму ідэя пра «невычарпальныя» прыродныя рэсурсы памылковая. Устанаўленне збалансаванага антрапагеннага абмену рэчываў — адна з гал. задач чалавецтва.
П.І.Лабанок.
т. 13, с. 81
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕЙ-ЛЮСА́КА ЗАКО́НЫ,
два законы, адкрытыя Ж.Л.Гей-Люсакам (1802, 1808). Закон цеплавога расшырэння газаў: аб’ём дадзенай масы ідэальнага газу пры пастаянным ціску мяняецца паводле формулы VT = V0(1 + αvΔT), дзе V0 і VT — аб’ём газу пачатковы і пры т-ры T; ΔT = T − T0 — рознасць гэтых т-р; αv — каэф. цеплавога расшырэння газу пры пастаянным ціску (~1/273,15 К−1 для ўсіх газаў). Для рэальных газаў выконваецца набліжана і тым лепш, чым далей ад крытычнага стану знаходзіцца газ. Разам з Бойля—Марыёта законам і Авагадра законам паслужыў асновай для вываду ўраўнення стану ідэальнага газу (гл. Клапейрона—Мендзялеева ўраўненне). Закон аб’ёмных адносін: аб’ёмы газаў, якія ўступаюць у хім. рэакцыю, адносяцца адзін да аднаго і да аб’ёмаў газападобных прадуктаў рэакцыі як простыя цэлыя лікі. Напр., пры ўзаемадзеянні вадароду і хлору з утварэннем газападобнага хлорыстага вадароду H2 + Cl2 = 2HCl аб’ёмы газаў адносяцца як 1:1:2.
т. 5, с. 134
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГНІТАСТРЫ́КЦЫЯ (ад магніт + лац. strictio сцісканне, нацягванне),
змена памераў і формы цела пры намагнічванні. Выяўлена для жалеза Дж.П.Джоўлем у 1842. Адлюстроўвае ўзаемасувязь падсістэм атамных магнітных момантаў і крышталічнай рашоткі; уласціва ўсім рэчывам.
Тлумачыцца тым, што ўзаемадзеянні, якія вызначаюць магн. стан крышталя, залежаць ад адлегласці паміж атамамі (ці іонамі). Змены магн. стану пры зменах магн. поля, т-ры, пругкіх напружанняў і інш. вядуць да зрушэння атамаў і іонаў ад стану раўнавагі і тым самым да дэфармацыі цела. Характарызуецца адноснай зменай лінейных памераў цела λ = Δl/l (лінейная М.) або аб’ёму (аб’ёмная М.) і залежыць ад напрамку вымярэння адносна знешняга магн. поля. Пры вымярэннях уздоўж поля М. наз. падоўжнай, перпендыкулярна полю — папярочнай, напр., у фера- і ферымагнетыках λ дасягае 10−2, у антыфера-, пара- і дыямагнетыках — да 10−6. Гл. таксама Магнітастрыкцыйныя матэрыялы.
Літ.:
Белов К.П. Магнитострикционные явления и их технические приложения. М., 1987.
Г.І.Макавецкі.
т. 9, с. 479
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРЫ́ЧНЫ ГРАДЫЕ́НТ, бараметрычны градыент,
паказчык стану атмасферы, які характарызуе змяненне атм. ціску на адзінку адлегласці па вертыкалі і гарызанталі, вызначаецца ў напрамку, перпендыкулярным ізабары. Звычайна гарызантальны барычны градыент складае 1—3 гПа на 100 км (у трапічных ураганах павялічваецца ў дзесяткі разоў). Замест вертыкальнага барычнага градыенту часта карыстаюцца барычнай ступенню. Ад барычнага градыенту залежаць напрамак і сіла ветру.
т. 2, с. 335
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)