штодзённая грамадска-паліт. газета. Заснавальнікі — Савет Рэспублікі і Палата прадстаўнікоў Нац. сходу і СМ Рэспублікі Беларусь. Першы нумар выйшаў 27.7(9.8).1917 у Мінску на рус. мове, з 1925 матэрыялы друкаваліся на бел. і рус. мовах, са жн. 1927 — на бел. мове. Спачатку выдавалася як орган Мінскага, з кастр. 1917 — Паўн.-Зах.абл.к-таРСДРП(б). Арганізатары і першыя рэдактары В.Г.Кнорын, К.І.Ландар, А.Ф.Мяснікоў, В.В.Фамін, М.В.Фрунзе. Двойчы забаранялася Часовым урадам, але выходзіла пад назвамі: з 15(28).9.1917 «Молот», з 8(21).10.1917 «Буревестник», з 1(14).11.1917 пад назвай «Звезда». Рэзка крытыкавала пазіцыі Часовага ўрада, прапагандавала праграму РСДРП(б), змяшчала матэрыялы з’ездаў і канферэнцый бальшавікоў. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 асн.ідэалаг. і прапагандысцкі орган бальшавіцкай партыі. У сувязі з акупацыяй Беларусі германскімі войскамі з лют. 1918 выдавалася ў Смаленску як газета Паўн.-Зах.абл. і Смаленскагагуб. к-таў РКП(б). Са снеж. 1918 зноў пачала выходзіць у Мінску. 3 сак. 1919 орган ЦК КП(б) Літвы і Беларусі, 1—19.4.1919 выходзіла ў Вільні, з 1.5 да 8.8.1919 — зноў у Мінску. У час польскай акупацыі Беларусі з восені 1919 выдавалася ў Смаленску, штотыднёвік, з 8.8.1920 — у Мінску. У 1920—30-я г.асн. ўвагу аддавала дзейнасці камуніст. партыі, асвятляла пытанні калектывізацыі, індустрыялізацыі, культ.буд-ва. У пач.Вял.Айч. вайны ў выніку акупацыі Мінска выдавалася ў Магілёве, Гомелі (да 13.8.1941). У маі—вер. 1942 выдавалася нелегальна як орган Мінскага падп.к-таКП(б)Б (выйшлі 4 нумары); з 27.1.1943 да 1.7.1944 выдавалася ў зоне дыслакацыі партыз. злучэнняў на Міншчыне як орган ЦККП(б)Б і Мінскага абкома КП(б)Б (выйшлі 93 нумары). З 10.7.1944 выдаецца ў Мінску, да жніўня 1991 орган ЦККПБ, Вярх. Савета і СМБССР. Асвятляе пытанні грамадска-паліт., эканам., культ. і міжнар. жыцця, дзейнасць органаў заканадаўчай і выканаўчай улады Рэспублікі Беларусь. Змяшчае заканадаўчыя акты, матэрыялы інфармацыйна-аналітычныя, па праблемах маралі, права, навукі, адукацыі, культуры і гісторыі Беларусі, экалогіі, сац. праблемах, навіны спорту. У 1993—94 выдавала дадатак «Чарнобыль», з 1995 — дадатак «Экалогія — чалавек».
Літ.:
Булацкий Г.В. Печать Белоруссии в период завершения социалистической реконструкции народного хозяйства республики (1933—1937). Мн., 1960;
Дастанка М.Е. Газета «Звязда» ў гады Вялікай Айчыннай вайны (чэрвень 1941 — май 1945 гг.). Мн., 1970;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́ЕЎ,
гарадскі пасёлак, цэнтр Лоеўскага р-на Гомельскай вобл. Прыстань на Дняпры ў вусці р. Сож. За 92 км на Пд ад Гомеля, 60 км ад чыг. ст. Рэчыца на лініі Гомель—Калінкавічы. Аўтадарогамі злучаны з Брагінам і Рэчыцай. 7,8 тыс.ж. (1999).
З 14 ст. ў складзе Кіеўскага княства ВКЛ. У 14—18 ст. існаваў Лоеўскі замак, вакол якога размяшчалася паселішча. У пісьмовых крыніцах гэтае паселішча ўпершыню ўпамінаецца ў 1505 як Лоева Гара. З канца 16 ст. мястэчка і замак — цэнтр Лоеўскага староства. У 1646 далучаны да Старадубскага пав.Смаленскагаваяв.ВКЛ. У час народна-вызваленчай вайны 1648—54 каля Л. адбылася Лоеўская бітва 1649 і Лоеўская бітва 1651. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 Л. спустошаны. Паводле Андросаўскага перамір’я 1667 застаўся ў ВКЛ, у Рэчыцкім пав. Мінскага ваяв 3 1676 ва ўладанні войта рэчыцкага М.С.Юдзіцкага і яго нашчадкаў, у сярэдзіне 19 ст. перайшоў да Лашчаў і Нарушэвічаў. З 1793 у Рас. імперыі, цэнтр воласці Рэчыцкага пав. Мінскай губ. У 1858 у Л. адбыліся хваляванні сялян, выкліканыя новымі павіннасцямі на карысць памешчыка. У 1897 у Л. — 4667 ж., 251 двор, школа, 2 царквы, касцёл і сінагога, 9 млыноў, 24 крамы, гандл. канторы, паштовая станцыя; у пач. 20 ст. дзейнічала суднабуд. верф. З 1919 у Рэчыцкім пав. Мінскай губ.БССР, потым у Гомельскай губ. РСФСР. У маі—чэрвені 1920 акупіраваны польск. войскам. У час контрнаступлення войск Паўд.-Зах. фронту адбыўся Лоеўскі прарыў 1920 кананерак Дняпроўскай ваен. флатыліі. З снеж 1926 у БССР, цэнтр раёна. З 27.9.1938 гар. пасёлак. У Вял.Айч. вайну з 26.8.1941 да 17.10.1943 акупіраваны ням. фашыстамі, якія ў Л. і раёне загубілі 1635 чал. У ліст. 1942 у час рэйду злучэнняў С.А.Каўпака і А.М.Сабурава ўкр. і бел. партызаны разграмілі мясц. гарнізон і на кароткі час авалодалі Л. Вызвалены 17.10.1943 войскамі Цэнтр. фронту пры дапамозе бел. партызан у ходзе бітвы за Дняпро 1943. У 1962—66 у Рэчыцкім р-не. У 1972—5 тыс. жыхароў Камбінат буд. матэрыялаў, малаказавод, раённае аграпрамысл. аб’яднанне, 2 сярэднія, муз. школы, 3 дашкольныя ўстановы, вучэбна-вытворчы камбінат, Дом культуры, бібліятэкі, Дом дзіцячай творчасці, 2 аддз. сувязі, царква. Працуе Лоеўскі музей бітвы за Дняпро. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магіла ахвяр фашызму. Помнік сав. воінам і партызанам. Помнікі архітэктуры: 2 жылыя дамы 2-й пал. 19 — пач. 20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДНЯПРО́, Днепр (стараж.-грэч.Барысфен,
укр.Славуціч),
рака ў Расіі, у Віцебскай, Магілёўскай і Гомельскай абл. Беларусі і на Украіне; трэцяя па даўжыні і плошчы басейна ў Еўропе (пасля Волгі і Дуная). Даўж. 2145 км, на Беларусі 689 км, у т. л. на мяжы Расіі і Беларусі 17 км, у Беларусі да Лоева 562 км і 110 км на мяжы Беларусі і Украіны. Пл. вадазбору 504 тыс.км², у т. л. на Беларусі 118 тыс.км². Пачынаецца з невял. балота на Валдайскім узв. (Смаленская вобл., Расія), упадае ў Дняпроўскі ліман Чорнага м. Вярхоўі вадазбору ў межах Смаленскагаўзв., правабярэжжа сярэдняй ч. верхняга цячэння на Цэнтральнабярэзінскай раўніне, левабярэжжа на Аршанска-Магілёўскай раўніне, што на Пд пераходзіць у нізіну Беларускага Палесся. На Пд ад г. Рагачоў па левабярэжжы ракі цягнецца Прыдняпроўская нізіна. У вярхоўі даліна добра распрацаваная, трапецападобная, шыр. 600 м — 1 км. Пойма двухбаковая, чаргуецца па берагах, шыр. ад 50 м да 1,5 км. Рэчышча свабодна меандрыруе. У межах Беларусі даліна пераважна трапецападобная, ніжэй вусця р. Сож невыразная, шыр. ад 800 м да 10 км, у межах Палескай нізіны зліваецца з прылеглай мясцовасцю. Пойма на значным працягу ад Магілёва — двухбаковая тэраса, шыр. яе ад 1 да 10 км у межах Гомельскага Палесся. Рэчышча на вял. працягу моцназвілістае, багатае перакатамі і мелямі, найб. выразнымі на ўчастку паміж вусцямі рэк Друць і Сож. За 9 км вышэй г. Орша рака праразае граду дэвонскіх вапнякоў, утварае т.зв. Кабяляцкія парогі, даўж. якіх каля 200 м. У сярэднім цячэнні даліна Д. шыр. 6—10 км. Правы бераг узвышаны і стромкі, абрываецца да ракі. Каля г. Канеў даліна звужаецца да 2 км. Паміж гарадамі Днепрапятроўск і Запарожжа Д. перасякае гранітны масіў, дзе да буд-ва Днепрагэса былі Дняпроўскія парогі. У нізоўях Д. цячэ па Прычарнаморскай нізіне, шыр. поймы 23 км. Асн. прытокі на Беларусі: Адроў, Лахва, Друць, Бярэзіна, Прыпяць (справа), Ухлясць, Ржаўка, Сож (злева). Сярэдні і ніжні Д. ў асноўным — каскад ГЭС (з вадасховішчамі): Кіеўская, Канеўская, Крамянчугская, Днепрадзяржынская, Дняпроўская, Кахоўская. У сярэднім цячэнні гал. прытокі Рось (справа), Сула, Псёл, Ворскла, Самара (злева); у ніжнім — Базаўлук, Інгулец (справа), Конка (злева). Асноўны сцёк ракі фарміруецца ў верхнім цячэнні. Жыўленне мяшанае, пераважна снегавое. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 1670 м³/с. Ледастаў з снеж. да сак. ў нізоўі і да пач.крас. ў вярхоўі. Воды Д. выкарыстоўваюцца для водазабеспячэння і арашэння (каналы: Д. — Крывы Рог, Д. — Данбас, Паўночна-Крымскі арашальны). Суднаходны ад вусця да г. Дарагабуж. Д. злучаны з бас. Віслы Дняпроўска-Бугскім каналам, з бас. Нёмана — Агінскім каналам, з бас.Зах. Дзвіны — Бярэзінскім каналам. На правым беразе Д. Канеўскі запаведнік. Асн. гарады: Дарагабуж, Смаленск (Расія), Орша, Шклоў, Магілёў, Быхаў, Рагачоў, Жлобін, Рэчыца (Беларусь), Кіеў, Чаркасы, Крамянчуг, Днепрапятроўск, Запарожжа, Нікапаль, Херсон (Украіна).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫ́ЧАЎ,
горад абл. падпарадкавання, цэнтр Крычаўскага р-на Магілёўскай вобл., на р. Сож. За 104 км ад Магілёва. Вузел чыгунак на Оршу, Магілёў, Унечу і Рослаўль, на аўтадарозе Бабруйск—Масква. 31,1 тыс.ж. (1998).
Упершыню згадваецца ў 1136 ва Устаўнай грамаце смаленскагакн. Расціслава Мсціславіча пад назвай Крэчут. Стараж. цэнтрам К. быў Крычаўскі замак. У 14—18 ст. існавалі Крычаўскія гарадскія ўмацаванні. У 12—13 ст. у Смаленскім, з 1-й пал. 14 ст. ў Мсціслаўскім княствах, з 2-й пал. 14 ст. ў ВКЛ. З канца 15 ст. цэнтр Крычаўскай воласці, уладанне вял. князя ВКЛ, кіраваўся яго намеснікамі. З сярэдзіны 16 ст. ў Мсціслаўскім ваяв. Пад 1592 упамінаецца ў Баркулабаўскім летапісе.
23.8.1653 атрымаў магдэбургскае права і герб (у чырв. полі выява залатога крыжа і сярэбранага мяча). З 17 ст. К. — цэнтр Крычаўскага староства, уладанне Радзівілаў. У Паўн. вайну 1700—21 летам 1708 пад К. быў лагер рас. войск на чале з Пятром I. У час Крычаўскага паўстання 1743—44 у студз. 1744 каля К. адбыўся бой паміж сялянамі і шляхецкім войскам. Пасля I-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) К. у Рас. імперыі, мястэчка ў Чэрыкаўскім пав. Магілёўскай губ. У студз. 1776 Кацярына II падаравала Крычаўскае староства (14 247 чал.) графу Р.А.Пацёмкіну. У 1779 у К. 1594 ж., 470 двароў. У канцы 18 ст. ў К. дзейнічалі Крычаўская суднаверф, Крычаўскія мануфактуры, а таксама вінакурны, цагельны, шкляны, гарбарны, медналіцейны з-ды, млыны. У 1847 у К. 630 двароў, 6 цэркваў, касцёл, малітоўная школа, праводзіліся 3 кірмашы на год. У 1897 мястэчка, цэнтр воласці, 6221 ж., 972 двары, 3 гарбарныя і мылаварны заводы, 4 крупадзёркі, 4 маслабойні, 2 нар. вучылішчы, паштова-тэлегр. кантора, хлебазапасны магазін, 125 крам, 7 цэркваў, касцёл, 5 сінагог, 5 заезных дамоў, 4 кірмашы на год. З мая 1919 у складзе Гомельскай губ. РСФСР, з 20.8.1924 у БССР, цэнтр Крычаўскага раёна Калінінскай, з чэрв. 1927 Магілёўскай акруг, з лют. 1938 у Магілёўскай вобл. З 17.12.1931 горад. З 17.7.1941 да 30.9.1943 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, якія загубілі ў горадзе і раёне каля 24 тыс.чал. Дзейнічала Крычаўскае патрыятычнае падполле. У 1962—65 у Мсціслаўскім р-не. У 1972—26,5 тыс. ж.
Прадпрыемствы буд. матэрыялаў («Крычаўцэментнашыфер», з-д жалезабетонных вырабаў), Крычаўскі завод гумавых вырабаў, мэблевая ф-ка, мясакамбінат, маслазавод, хлебазавод і інш.Крычаўскі краязнаўчы музей. Брацкія магілы сав. воінаў, ваеннапалонных і ахвяр фашызму, курган Славы. Помнікі архітэктуры: Крычаўскі палац (1778—87), паштовая станцыя (19 ст.), Мікалаеўская царква (канец 19 — пач. 20 ст.). Збярогся звон, адліты ў 1748 для царквы Параскевы Пятніцы. Помнікі археалогіі: гарадзішчы Гарадзец (ранняга жал. веку, 5—7 ст. і эпохі Кіеўскай Русі) і Замкавая rapa (эпохі Кіеўскай Русі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НОВАДЗЯВО́ЧЫ МАНАСТЫ́Р, Багародзіца-Смаленскі манастыр, манастыр Прачыстай Маці Божай Адзігітрыі,
архітэктурны комплекс 16—17 ст. у Маскве. Засн. ў 1524 як жаночы вял.кн. маскоўскім Васілём III у гонар захопу Смаленска ў 1514. Размяшчаўся на шляху з Масквы ў ВКЛ і быў часткай абарончага пояса маскоўскіх манастыроў — Данскога, Данілава, Сіманава і інш. У 16—17 ст. у манастыр пастрыгаліся жанчыны з царскай і знатных баярскіх сем’яў; у ім жылі ўдава сына Івана IV Грознага царэвіча Івана, сястра Пятра I царэўна Соф’я і яго першая жонка Еўдакія Лапухіна, удава цара Фёдара Іванавіча Ірына Фёдараўна Гадунова. У 1610—12 Н.м. абрабаваны і захоплены войскамі Рэчы Паспалітай. У 1655 сюды пераведзены манашкі Аршанскага Куцеінскага Успенскага манастыра. Найб. росквіт Н.м. прыпадае на часы праўлення царэўны Соф’і Аляксееўны (1682—89; пазней яна была зняволена ў манастыр Пятром I). У 1724 тут абсталяваны шпіталь для салдат і афіцэраў рус. арміі, прытулак для падкідышаў жан. полу. Н.м. быў адным з найб. буйных землеўласнікаў: у канцы 17 ст. валодаў 36 сёламі, у 1744 меў каля 15 тыс. прыгонных сялян мужчынскага полу. У 1763 у ім 136 манашак, у канцы 19 ст. — больш за 200.
Тэр. Н.м. абкружана цаглянымі сценамі (канец 17 ст.) з 12 вежамі. Асн. будынкі (сабор, званіца, трапезная) пастаўлены ў адну лінію і ўтвараюць маляўнічую панараму. Ансамбль пачаў фарміравацца з буд-вам Смаленскага сабора (1524—25, размалёўкі 16 і 17 ст.). Выдатны помнік дэкар.-прыкладнога мастацтва — 5-ярусны разны іканастас сабора (1683—85) з 84 калонкамі з расл. і геам. арнаментам, выкананы 50 рэзчыкамі-беларусамі пад кіраўніцтвам В.Андрэева і 13 «станочнікамі» на чале з К.Міхайлавым і С.Зіноўевым. Залачэнне выканана 16 бел. майстрамі на чале з Д.Залатаровым. Астатнія пабудовы (пераважна 17 ст.) — у стылі нарышкінскага барока: трапезная з царквой Ушэсця (1685—87), 6-ярусная васьмівугольная званіца (1689—90), Праабражэнская і Пакроўская надбрамныя цэрквы і прылеглыя да іх Лапухінскія і Марыінскія палаты (усе 1683—88). У 1922 Н.м. закрыты, у ім створаны «Музей разняволення жанчыны», з 1934 — філіял Гіст. музея. Частка памяшканняў была адведзена пад кватэры. У 1943 у Н.м. адкрыты Маскоўскія багаслоўскія курсы, у 1944 — багаслоўскі ін-т. З 1980 у ім знаходзілася рэзідэнцыя мітрапаліта круціцкага і каломенскага. У саборы пахаваны жанчыны царскага роду, княгіні (Галіцыны, Адоеўскія і інш.), баярыні (Дашкавы і інш.). На тэр. Н.м. знаходзіцца некропаль; у 1927 было 2811 пахаванняў з надмагільнымі плітамі ці помнікамі. У 1930-я г. большасць магіл разбурана. Захавалася каля 100 помнікаў, у т. л. паэту Дз.Давыдаву, пісьменнікам М.Загоскіну, І.Лажэчнікаву, гісторыкам М.Пагодзіну, С.Салаўёву і інш. З 1994 манастыр дзейнічае як жаночы. Іл.гл. таксама да арт.Беларуская рэзь.
Літ.:
Абецедарский Л. Белорусы в Москве XVII в.: Из истории рус.-бел. связей. Мн.. 1957;
Новодевичий монастырь: [Путеводитель]. М., 1988;
Бураков Ю.Н. Под сенью монастырей московских. М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЗБОР ДЗЯРЖА́ЎНЫХ ГРА́МАТ І ДАГАВО́РАЎ»
(«Собрание государственных грамот и договоров»),
выданне дакументаў па рас. гісторыі з архіва Мін-ва замежных спраў. Падрыхтаваны Камісіяй друку дзярж. грамат і дагавораў. У 1813—94 апубл. 5 ч. (1037 дакументаў). У 1—4-й ч. змешчаны матэрыялы па ўнутр. гісторыі 13 ст. — 1696, у т. л. духоўныя і дагаворныя граматы 13—16 ст., указы 16—17 ст., дакументы Земскіх сабораў, войнаў Расіі з Рэччу Паспалітай 1632—34 і 1654—67 і інш. 5-я ч. змяшчае дакументы па дыпламат. гісторыі краіны 14—16 ст., у т. л. па зносінах Расіі з Рэччу Паспалітай і інш. дзяржавамі. Дакументы суправаджаюцца апісаннем і відарысам пячатак.
«ЗБОР ДЗЯРЖА́ЎНЫХ І ПРЫВА́ТНЫХ АКТАЎ»
[«Собрание государственных и частных актов, касающихся истории Литвы и соединенных с ней владений (от 1387 до 1710 г.)»],
зборнік дакументаў па гісторыі ВКЛ. Выдадзены Віленскай археалагічнай камісіяй пад рэд. М.Круповіча (ч. 1, 1858). Змяшчае 54 дакументы, у т. л. прывілеі Ягайлы і Вітаўта каталіцкай царкве (1387—88), вял.кн. Казіміра і Аляксандра феадалам на землі, Жыгімонта I Старога Ф.Скарыне (1532), Жыгімонта II Аўгуста А.Ратундусу, ліст Ж.Кальвіна да віленскіх пратэстантаў, інвентары Ляхавіцкага замка (1658), Смаленска і Смаленскага замка (1654), рэестр войска ВКЛ, што абараняла Смаленск у 1654 ад рас. арміі, суд. справы аб вядзьмарстве, дакументы пасольства Аўгуста П да Пятра I (1703—11) і інш. Большасць дакументаў надрукавана з арыгіналаў на лац., бел. і польскай мовах. Выданне збору стала адной з падстаў для закрыцця ўладамі Віленскай археал. камісіі і Віленскага музея старажытнасцей.
«ЗБОР ДЭКРЭ́ТАЎ, УКА́ЗАЎ ПРЭЗІДЭ́НТА І ПАСТАНОЎ УРА́ДА РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ»,
афіцыйнае выданне Адміністрацыі Прэзідэнта і ўрада Рэспублікі Беларусь. Выходзіць са снеж. 1996 на бел. і рус. мовах 3 разы на месяц. Друкуе дэкрэты, указы Прэзідэнта і пастановы ўрада Рэспублікі Беларусь. Мае дадатак «Міжнародныя дагаворы Рэспублікі Беларусь» (выдаецца з крас. 1997). Уключаныя ў яго дакументы друкуюцца на мове арыгінала. У 1922—90 выходзіў «Збор законаў Беларускай ССР, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў Савета Міністраў Беларускай ССР», у 1991—94 — «Збор пастаноў урада Рэспублікі Беларусь», у жн. 1994 — ліст. 1996 — «Збор указаў Прэзідэнта і пастаноў Кабінета Міністраў Рэспублікі Беларусь».
афіцыйнае выданне ўрада БССР. Выходзіў у 1922—90 на бел. і рус. мовах 3 разы на месяц. Друкаваў законы, указы, пастановы Вярх. Савета БССР, пастановы і распараджэнні СМБССР, нарматыўныя акты рэсп. ведамстваў. Да жн. 1925 наз. «Збор узаконенняў і распараджэнняў Рабоча-Сялянскага ўрада Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі», у жн. 1925—маі 1941 і 1946—17 — «Збор пастаноў і распараджэнняў урада Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі», у 1946—49 — «Збор пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі», у 1950—55 не выдаваўся, з 1956 да чэрв. 1979 — «Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР». У 1990—96 выдаваліся «Ведамасці Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь», у 1991—94 — «Збор пастаноў урада Рэспублікі Беларусь». Са студз. 1997 выдаюцца «Ведамасці Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРТЫЗА́НСКІ ПОЛКу Вялікую Айчынную вайну,
адна з арганізацыйных форм аб’яднання партыз. сіл у тыле ворага. На тэр. Беларусі меў абмежаванае пашырэнне. Колькасць партызан, узбраенне і структура кіравання амаль такія, як у партызанскай брыгадзе. Звычайна полк падзяляўся на батальёны, роты, узводы і аддзяленні. Дзейнічала 14 палкоў, з іх 11 арганізацыйна ўваходзілі ў склад ваенна-аператыўных груп (ВАГ), 3 дзейнічалі самастойна (Смаленскі, 208-ы імя Сталіна, «Трынаццаць»). Усе палкі, за выключэннем Смаленскага і «Трынаццаць», будаваліся па адзінай структуры, распрацаванай штабам ВАГ пры Магілёўскім падп. абкоме КП(б)Б. Палкі мелі штаб, 1—2 дыверсійныя ўзводы, падраздзяленні баявога і матэрыяльнага забеспячэння, некаторыя — шпіталь, пасадачныя авіяпляцоўкі або пляцоўкі для прыёму авіягрузаў. Артылерыя і станковыя кулямёты ў залежнасці ад колькасці ствалоў у палках аб’ядноўваліся ў роту цяжкай зброі або ўключаліся ў склад стралк. рот чацвёртымі агнявымі ўзводамі. Пасля злучэння з Чырв. Арміяй БШПР вызначыў палкі як брыгады. На Беларусі дзейнічалі П.п.: 15-ы [жн. 1943—28.6.1944; у Кармянскім р-не Гомельскай, Быхаўскім, Бярэзінскім, Клічаўскім, Прапойскім, Чавускім р-нах Магілёўскай абл.; камандзір А.С.Дзямідаў; камісар І.П.Ніжнік; нач. штаба І.І.Вішнеўскі (загінуў), П.А.Віліткевіч], 113-ы (студз. — 30.6.1944; у Быхаўскім, Бялыніцкім, Клічаўскім, Магілёўскім р-нах Магілёўскай вобл.; камандзіры К.М.Белавусаў, З.П.Гапонаў; камісар Дз.Я.Альховік; нач. штаба І.Ф.Хазаў), 121-ы імя А.М.Касаева [ліст. 1943—30.6.1944; у Быхаўскім, Бялыніцкім, Магілёўскім р-нах Магілёўскай вобл.; камандзіры А.М.Касаеў (загінуў), А.А.Ільінскі; камісар І.М.Іваноў; нач. штаба В.М.Саўчанка, М.М.Гарусаў], 122-і «За Радзіму» (кастр. 1943—30.6.1944; у Бялыніцкім, Шклоўскім р-нах Магілёўскай вобл.; камандзір А.І.Ліпскі; камісар М.Ф.Кручынін; нач. штаба П.А.Сікорскі, М.А.Салтаказін), 152-і (кастр. 1943—24.2.1944; у Рагачоўскім р-не Гомельскай, Быхаўскім, Кіраўскім, Клічаўскім, Магілёўскім р-нах Магілёўскай абл.; камандзір М.Дз.Грыцан; камісары К.Н.Шыбанаў, І.С.Зычкоў; нач. штаба І.Б.Рутман, К.В.Еўтуховіч), 208-ы імя І.В.Сталіна (30.8.1943—11.7. 1944; у Быхаўскім. Бялыніцкім, Бярэзінскім, Кіраўскім, Клічаўскім р-нах Магілёўскай, Барысаўскім, Крупскім, Пухавіцкім, Чэрвеньскім р-нах Мінскай, Ганцавіцкім, Лагішынскім, Пінскім, Целяханскім р-нах Пінскай абл.; камандзір Я.М.Бяспоясаў, камісар Р.І.Шчарбакоў, нач. штаба П.Ф.Бадачэнка), 255-ы (ліст. 1943—28.6.1944; у Жлобінскім, Рагачоўскім р-нах Гомельскай, Быхаўскім, Кіраўскім, Клічаўскім р-нах Магілёўскай, Крупскім р-не Мінскай абл.; камандзір В.А.Мінайлаў; камісары А.Н.Захарава, В.У.Паўлаў; нач. штаба І.А.Ярымаў), 277-ы (вер. 1943—28.6.1944; у Быхаўскім, Бялыніцкім, Бярэзінскім, Кіраўскім, Клічаўскім, Магілёўскім, Шклоўскім р-нах Магілёўскай, Крупскім р-не Мінскай абл.; камандзіры І.З.Ізох, М.П.Коканцаў; камісары І.М.Гершовіч, М.І.Кніга, А.М.Радзюк; нач. штаба С.Ц.Токараў), 425-ы (кастр. 1943—24.2.1944; у Рагачоўскім р-не Гомельскай, Быхаўскім, Кіраўскім, Магілёўскім р-нах Магілёўскай абл.; камандзір Ф.Ф.Сухаў; камісар Ц.І.Ляўшынскі; нач. штаба В.П.Юхнаў, Ц.Я.Сакалоўскі), 537-ы [кастр. 1943—27.6. 1944; у Рагачоўскім р-не Гомельскай, Асіповіцкім, Бабруйскім, Быхаўскім, Кіраўскім, Клічаўскім р-нах Магілёўскай абл.; камандзір С.Дз.Баркоўскі; камісар Ф.Ф.Дабравольскі; нач. штаба А.А.Вязальшчыкаў, М.Н.Дрозд (загінуў), М.А.Леў], 600-ы (студз. — 30.6.1944; у Бялыніцкім, Бярэзінскім, Магілёўскім, Шклоўскім р-нах Магілёўскай вобл.; камандзір Г.Ф.Меднікаў; камісар В.Ц.Някрасаў; нач. штаба В.Дз.Швагрынаў, А.А.Станкевіч), 810-ы (кастр. 1943—24.2. 1944; у Рагачоўскім р-не Гомельскай, Быхаўскім, Кіраўскім, Магілёўскім р-нах Магілёўскай абл.; камандзір М.Л.Максімаў-Лебедзеў, камісар Дз.А.Смагін, нач. штаба А.Р.Феакцістаў), Смаленскі [ліп. 1942—3.7.1944; у Куранецкім р-не Вілейскай, Сенненскім, Талачынскім, Ушацкім, Чашніцкім р-нах Віцебскай абл.; Дзямідаўскім, Касплянскім р-нах Смаленскай вобл. (Расія); камандзір І.Ф.Садчыкаў, камісар А.Ф.Юр’еў; нач. штаба Г.П.Дамарацкі, П.Г.Міняеў], «Трынаццаць» [чэрв. 1942—1.6.1944; у Віцебскай, Магілёўскай, Мінскай і Смаленскай абл.; камандзіры С.У.Грышын, С.В.Пахомаў (в.а.); камісар І.А.Стралкоў; нач. штаба І.В.Узлоў (загінуў), С.П.Скварцоў].
Літ.:
Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне,1941—1945: Энцыкл.Мн., 1990. С. 476—479.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРЭ́ЦКІ (Максім Іванавіч) (18.2.1893, в. Багацькаўка Мсціслаўскага р-на Магілёўскай вобл. — 10.2.1938),
бел. пісьменнік, літаратуразнавец, публіцыст, фалькларыст, грамадскі дзеяч. Адзін з пачынальнікаў нац.маст. прозы. Зрабіў вял. ўклад у развіццё бел. культуры, у фарміраванне нац. свядомасці. Брат Г.І.Гарэцкага. Скончыў Горацкае каморніцка-агранамічнае (1913), Паўлаўскае ваен. (Петраград, 1916) вучылішчы. У 1913—14 працаваў на Віленшчыне, у 1914—17 на фронце, быў цяжка паранены. З канца 1917 у Смаленску, супрацоўнічаў у «Известиях Смоленского Совета рабочих, солдатских и крестьянских депутатов», у газ. «Звезда» (1918), з рэдакцыяй якой пераехаў у Мінск, на пач. 1919 — у Вільню. У выніку захопу горада польскімі войскамі апынуўся на акупіраванай тэрыторыі. Выкладаў на бел. настаўніцкіх курсах і ў Віленскай беларускай гімназіі. Рэдактар газ.«Наша думка» (снеж. 1920 — ліп. 1921), з вер. 1921 выдавец і рэдактар газ.«Беларускія ведамасці». У студз. 1922 арыштаваны і зняволены ў Лукішскую турму. Яму было прад’яўлена абвінавачванне «ў прыналежнасці да партыі камуністаў, у арганізацыі тайных баявых дружын з мэтаю замаху на дзяржаўную ўладу, у друкаванай і вуснай прапагандзе». За гэта пагражала смяротная кара або катарга. Дзякуючы пратэсту грамадскасці суд не адбыўся. Паводле слоў пісьменніка, ён «без суда, са здзекам, быў выкінуты з Вільні ў нейтральны пас паміж польскім і літоўскім фронтам». У кастр. 1923 пераехаў у Мінск. Выкладаў беларусазнаўства на рабфаку БДУ, бел. мову і л-ру ў Камуністычным ун-це Беларусі. Працаваў у Інбелкульце (з 1925 правадз. член), у Горацкай с.-г. акадэміі (люты 1926 — жн. 1928), у АН Беларусі. 18.7.1930 арыштаваны на падставе сфабрыкаванага органамі АДПУ абвінавачання ў прыналежнасці да «Саюза вызвалення Беларусі». 10.4.1931 асуджаны да 5 гадоў высылкі ў Вятку. З 1935 выкладаў рус. мову і л-ру ў школе ў пас. Пясочня Смаленскай вобл. (цяпер г. Кіраў Калужскай вобл.). 4.11.1937 зноў арыштаваны, 5.1.1938 прыгавораны да расстрэлу (расстраляны ў Вязьме). Рэабілітаваны ў 1957.
Літ. дзейнасць пачаў з газетных нататак і карэспандэнцый. Першае апавяданне «У лазні» апубл. ў 1913. Дамінуючая тэма яго творчасці — лёс бел. сялянства, працоўнай вёскі на гіст. зломе эпох, народ і інтэлігенцыя, пошукі ёю шляхоў сац. і нац. вызвалення. Зборнікам апавяданняў «Рунь» (1914), драматызаванай аповесцю «Антон» (1914, апубл. 1919) і інш. творамі пашырыў тэматычныя і жанрава-стылёвыя межы бел. прозы, увёў новага героя — вясковага інтэлігента («Роднае карэнне» і інш.) і форму лірыка-экспрэсіўнага спасціжэння рэчаіснасці («Патаёмнае», «Страхаццё»). Да гэтага перыяду адносіцца паспяховая спроба маст. асваення гіст. тэмы («Лірныя спевы») і жанру філас., інтэлектуальнай прозы (цыкл апавяданняў «За што?»). Гарэцкі прайшоў шлях складанага ідэйна-творчага і светапогляднага развіцця. Значныя карэктывы ў асветніцкае ўспрыманне рэчаіснасці, што ўласціва ранняму перыяду яго творчасці, унесла вайна і рэвалюцыя. Паглыбіўся гістарызм пісьменніцкага мыслення, узмацніўся аналітычны пачатак у творчасці, іншай стала філас. канцэпцыя чалавека як істоты складанай, супярэчлівай, падуладнай уздзеянню разнастайных фактараў і ўплываў («Маці», «Хадзяка»). Апавяданні ваеннай тэматыкі («Літоўскі хутарок», «Генерал», «Рускі») прасякнуты антымілітарысцкім пафасам, пратэстам супраць разбурэння маральных асноў быцця. У публіцыстыцы смаленскага перыяду (кастр. 1917 — люты 1919) выказваў спадзяванне на перамогу сацыяліст. рэвалюцыі (арт. «Новая буржуазія»), падтрымліваў асобныя палажэнні бальшавіцкай праграмы (арт. «Няхай жыве камуністычная Беларусь!»); творчая і грамадская дзейнасць віленскага перыяду (люты 1919 — кастр. 1923) прасякнута асуджэннем тэрору і непрыманнем новай улады (аповесць «Дзве душы», 1919, апавяданні «Апостал», «Усебеларускі з’езд 1917-га года»). Абноўленая нац.-адраджэнская праграма, скіраваная на выхаванне сац. і нац. свядомасці, духоўнае ўзвышэнне чалавека, пераадоленне ім прыгонніцкай спадчыны, выявілася ў апавяданнях «Панская сучка», «Смачны заяц» (зб. «Досвіткі», 1926). У творчасці 1930-х г. адзначаецца далейшае паглыбленне эпічных асноў, больш грунтоўная распрацоўка тэм інтэлігенцыя і народ, будучыня Беларусі. Своеасаблівыя этапы духоўнай біяграфіі вясковай моладзі адлюстраваны ў аповесцях «У чым яго крыўда?» (1926), «Меланхолія» (нап. ў 1920-я г.), дакументальна-маст. дзённіку «На імперыялістычнай вайне» (1926). Творы Гарэцкага засведчылі новы падыход у адлюстраванні падзей вайны і зараджэнне традыцыі «акопнай праўды» як літ.-эстэт. з’явы. У рамане-хроніцы «Віленскія камунары» (1931—32, апубл. 1963) паказаў герояў, якія лічылі рэв. барацьбу універсальным сродкам вырашэння сацыяльных праблем. Панарама жыцця бел. народа ад часоў прыгоннага права да 1930-х г. створана ў аповесці «Камароўская хроніка» (незаконч., апубл. ў 1966). Дакументальна-маст. сродкамі ў ёй адлюстраваны сац. супярэчнасці эпохі, побыт, праца, норавы, звычаі бел. вёскі і інш. пластоў грамадства, раскрыты рысы характару беларуса. У творах Гарэцкага арганічна спалучаюцца сац. аспекты з маст. даследаваннем духоўнай сферы, выяўляецца глыбіня і змястоўнасць філас. канцэпцыі жыцця як няспыннага працэсу выпрацоўкі і перадачы ад пакалення да пакалення сац. і маральна-этычнага вопыту, духоўных каштоўнасцей. Незакончаныя творы «Лявоніус Задумекус» (1931—32), «Скарбы жыцця» (1932—35, 1937?), «Кіпарысы» (апрацоўка запісаў 1928) разам з асобнымі раздзеламі «Камароўскай хронікі» раскрываюць трагізм становішча рэпрэсіраванага мастака, з’яўляюцца пачаткам эстэт. асваення бел.літ. тэмы ГУЛАГа. Гарэцкі — аўтар «Гісторыі беларускае літаратуры» (1920, факс. выд. 1992), «Хрэстаматыі беларускае літаратуры: XI век — 1905 г.» (1922), слоўнікаў «Невялічкі беларуска-маскоўскі слоўнік» (1919), «Практычны расійска-беларускі слоўнік» (1924, разам з М.Байковым), зб. «Народныя песні з мелодыямі» (1928, з А.Ягоравым) і інш. Пераклаў на бел. мову раман А.Фадзеева «Разгром», аповесці Ю.Лібядзінскага «Тыдзень», «Камісары», асобныя апавяданні М.Горкага («Зброднік», «Канавалаў», «Чалкаш»), а таксама артыкулы і дадаткі да 3-га тома Зб.тв. У.І.Леніна (выд. 1929). Рукапісная спадчына Гарэцкага захоўваецца ў аддзеле рэдкай кнігі і рукапісаў Цэнтральнай навук. б-кі імя Я.Коласа Нац.АН Беларусі. Творы пісьменніка перакл. на рус., укр., балг., лат., літ., ням., польск. мовы. На радзіме пісьменніка створаны музей, пастаўлены помнікі ў Мінску, Вязьме, імем Гарэцкага названы вуліцы ў Мінску, Мсціславе, Горках. У 1997 створаны Міжнар. фонд братоў Гарэцкіх.
Тв.:
Выбр.тв.Т. 1—2. Мн., 1973;
Зб.тв.Т. 1—4. Мн., 1984—1986;
Творы. Мн., 1990.
Літ.:
Максім Гарэцкі: Успаміны, артыкулы, дакументы. Мн., 1984;
Адамовіч А. «Браму скарбаў сваіх адчыняю...» Мн., 1980;
Бугаёў Дз. Максім Гарэцкі. Мн., 1968;
Дасаева Т.М. Летапіс жыцця і творчасці Максіма Гарэцкага. Мн., 1993;
Гарэцкі Р. Расстрэл Максіма Гарэцкага // ЛІМ. 1992. 9 і 16 кастр.;
Першыя Гарэцкія чытанні: (Тэз. дакл. і паведамл.). Горкі, 1992;
Гарэцкія чытанні: Тэз. дакл. і паведамл. Горкі, 1993;
Гарэцкія чытанні: Матэрыялы дакл. і паведамл. Горкі, 1994, 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МСЦІСЛА́Ў,
горад, цэнтр Мсціслаўскага р-на Магілёўскай вобл., на р.Віхра. За 95 км ад Магілёва, 19 км ад чыг. ст. Ходасы на лініі Орша—Крычаў. Вузел аўтадарог на Магілёў, Горкі, Крычаў, Чавусы, Хіславічы. 12,5 тыс.ж. (1998).
Першыя звесткі пра М. звязаны з граматай кн. Расціслава Смаленскага, якая датуецца 1136—50. У Іпацьеўскім летапісе названы пад 1156 як горад Смаленскай зямлі. Заснавальнікам М. лічаць кн.Давыда Расціславіча. З 1180 цэнтр удзельнага Мсціслаўскага княства. У 14—18 ст. у М. існаваў Мсціслаўскі замак. У 13—1-й пал. 14 ст. М. у Смаленскім княстве. У розны час належаў Сямёну Лугвену (гл.Мсціслаўскія), які каля 1380 заснаваў тут Мсціслаўскі пустынскі Успенскі манастыр, Жыгімонту II Аўгусту. З 1528 цэнтр староства Віленскага ваяв., пасля адм.-тэр. рэформы 1565—66 цэнтр Мсціслаўскага ваяводства. У 1-й пал. 17 ст. заснаваны Мсціслаўскі езуіцкі калегіум, у 1634 горад атрымаў магдэбургскае права і герб (у блакітным полі шчыт і рука з мячом). У 1620—1832 у М. існаваў Мсціслаўскі касцёл і кляштар кармелітаў. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 адбыліся Мсціслава абарона 1654 і Мсціслава абарона 1659. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) у складзе Рас. імперыі, у 1772—76 цэнтр Мсціслаўскай правінцыі. З 1773 цэнтр Мсціслаўскага павета Магілёўскай губ., у 1781 атрымаў новы герб (у сярэбраным полі чырвоны ліс). З 1796 — у Беларускай губ., з 1802 зноў у Магілёўскай губ. У 1785 у М. 2,8 тыс.ж., 502 двары. З 1808 дзейнічала Мсціслаўская суконная мануфактура, у 1816—84 — Мсціслаўская талесная мануфактура. У 1861 у горадзе больш за 6 тыс.ж., дзейнічалі 2 плісавыя мануфактуры, ф-ка баваўняных тканін, гарбарны, вапнавы і цагельны з-ды, крупадзёрка, маслабойня. У 1897 у М. 8514 ж., гар., духоўнае і прыходскае вучылішчы, 17 дробных прадпрыемстваў, 3 бальніцы. У 12—19 ст. буйны цэнтр ганчарных вырабаў і арх.-дэкар. керамікі (гл.Мсціслаўская кафля, Мсціслаўская кераміка). На пач. 20 ст. ў горадзе 1048 жылых будынкаў, у т. л. мураваных, жаночая і мужчынская гімназіі, 2 б-кі, друкарня, 3 манастыры, 3 царквы, касцёл, сінагога, 10 малітоўных дамоў, бальніца, аптэка. З 1915 дзейнічаў Мсціслаўскі царкоўна-археалагічны музей. У 1919—24 у складзе Смаленскай губ. РСФСР, цэнтр павета. У 1921 працаваў педтэхнікум. З 1924 у БССР, цэнтр Мсціслаўскага раёна ў Калінінскай, у 1927—30 — Аршанскай акругах. З 1938 у Магілёўскай вобл. У 1927—8,1 тыс.ж. З 14.7.1941 да 28.9.1943 акупіраваны ням. фашыстамі; на тэр. горада існаваў лагер смерці, у якім закатавана 900 чалавек. У 1959—8,1 тыс. жыхароў.
Стараж. М. складаўся з дзядзінца, умацаванага ровам і валамі, і вакольнага горада, абнесенага ў 13 ст. 2-й лініяй умацаванняў з боку плато. На Пн, ПнУ і ПнЗ размяшчаўся пасад (цяпер у раёне вуліц Піянерскай і Заслонава) і пераправа — пачатак стараж. шляху з М. на Смаленск. Рэльеф і сляды стараж. тапанімікі сведчаць, што пасад распасціраўся таксама ўверх і ўніз па рацэ і каля падножжа Троіцка-Нікольскай, Дзявочай і Панівойскай гор (цяпер у раёне вуліц Акцябрскай, Рэспубліканскай, Пушкіна). Арх. аблічча М. вызначалася дамінантамі драўлянага комплексу замка з Нікольскім храмам у цэнтры, мноствам драўляных і мураваных цэркваў, касцёлаў, кляштараў, абарончымі сценамі і вежамі пасада. Ад замка да 4 уязных драўляных брам — Траецкай, Афанасьеўскай, Спаскай і Папоўскай — радыяльна адыходзілі вуліцы. Ніжняя частка М. ўздоўж р. Віхра (Падол) мела нерэгулярную забудову. У 17 — пач. 20 ст. ў М. існаваў Мсціслаўскі Тупічэўскі манастыр. У 17—18 ст. пабудаваны мураваныя кляштары: кармелітаў (гл.Мсціслаўскі касцёл і кляштар кармелітаў). езуітаў (гл.Мсціслаўскі езуіцкі калегіум), бернардзінцаў. У 1778 зацверджаны рэгулярны план М., які вызначаў прамавугольную планіроўку і сістэму плошчаў. Пабудаваны драўляны палац (згарэў у 1858), на цэнтр. плошчы створаны бульвар. У вайну 1812 горад разбураны М. шмат пацярпеў ад пажараў, асабліва ў 1858 (згарэў амаль увесь гар. цэнтр). Захавалася гіст. планіроўка горада, цяпер горад развіваецца ўздоўж р.Віхра ў паўн. напрамку Яго генпланы распрацаваны ў 1961, 1977, карэкціроўка ў 1987. Арх.-планіровачная структура М. — прамавугольная сетка вуліц у цэнтр. частцы і свабодная забудова ў перыферыйных раёнах. Гал. вось — вул. Ленінская (з ПнЗ на ПдУ, забудавана 2—3-павярховымі жылымі дамамі) з паркамі. У арх.-планіровачную кампазіцыю ўваходзяць помнікі архітэктуры 17—19 ст. — Мсціслаўская царква Аляксандра Неўскага, Спаса-Праабражэнская царква, будынкі б. земскай управы, мужчынскай гімназіі, а таксама гіст. зоны — Траецкая, Замкавая, Дзявочая горы. Захаваліся таксама жылыя драўляныя дамы традыц. архітэктуры, характэрныя для рэгіёна гасп. пабудовы, малыя арх. формы і інш. Цэнтр частка горада забудавана 2—5-павярховымі жылымі дамамі. Новыя шматпавярховыя дамы будуюцца на свабодных тэрыторыях уздоўж Магілёўскай шашы. Паводле праекта рэгенерацыі гіст. цэнтра М. 1985 прадугледжана захаванне гіст. рэгулярнай планіровачнай структуры цэнтр. часткі забудовы, яе далейшая рэканструкцыя, аднаўленне і рэстаўрацыя; дапаўненне гіст. забудовы ў межах цэнтра новай, малапавярховай (не вышэй як 3 паверхі), кампазіцыйна, маштабна і функцыянальна адпаведнай; арг-цыя пешаходных вуліц і зон; захаванне гіст. пераемнасці ў арх.-прасторавай арганізацыі цэнтра і будове яго сілуэта з дамінантамі — помнікамі архітэктуры 18—19 ст. і інш.
Масласырзавод, хлебазавод, асфальтавы з-д і інш. 2 прафес.-тэхн. вучылішчы, Мсціслаўскі гісторыка-археалагічны музей. Мемар. комплекс землякам, што загінулі ў Вял.Айч. вайну, помнік П.Ц.Мсціслаўцу. Брацкая магіла сав. воінаў. Магіла ахвяр фашызму. Помнікі архітэктуры: Мсціслаўская царква Аляксандра Неўскага, Мсціслаўскі касцёл і кляштар кармелітаў, Мсціслаўскі Тупічэўскі манастыр, Спаса-Праабражэнская царква (19 ст.), грамадскія будынкі канца 19 — пач. 20 ст. Помнікі археалогіі: 2 гарадзішчы, вакольны горад.
Мсціслаў. Будынак былой мужчынскай гімназіі. 1908.Да арт.Мсціслаў. Будынкі аптэкі, гар. вучылішча, жаночай гімназіі. Пач. 20 ст.У цэнтры Мсціслава.Мсціслаў. Фрагмент сучаснай забудовы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДНЯПРО́ЎЕ,
гісторыка-этнаграфічны рэгіён Беларусі, які займае Магілёўскую, ч. Віцебскай і Гомельскай абласцей. На Пн па водападзеле Дняпра і Зах. Дзвіны мяжуе з Паазер’ем, на З па левабярэжжы Бярэзіны і Дняпра — з Цэнтральнай Беларуссю і Усходнім Палессем. У стараж.-рус. перыяд (9—12 ст.) ішоў інтэнсіўны працэс сцірання племянных этнакульт. адрозненняў, зліццё слав. плямён у адзіную народнасць. Гэтаму ў значнай ступені садзейнічалі раўнінны рэльеф і дняпроўская сістэма суднаходных рэк, якія адыгрывалі важную ролю ва ўнутр. і знешніх культ.-эканам. сувязях. Гіст. лёс П. быў звязаны са стараж. Кіевам і з гісторыяй інш.усх.-слав. зямель. Этнакульт. комплекс, фальклорныя традыцыі і нар. гаворкі П. маюць шмат агульных рыс з суседняй Смаленшчынай і зах. Браншчынай (у 12 ст. значная ч. П. ўваходзіла ў Смаленскае, паўд. — у Чарнігаўскае княствы). У той час у П. важныя адм. і эканам. цэнтры — Копысь, Орша, Друцк, Мсціслаў, Прапошаск (Слаўгарад), Крычаў, Лучын, Гомель, Рагачоў, Чачэрск і інш. У канцы 12 ст. са Смаленскага вылучылася Мсціслаўскае княства, якое да сярэдзіны 14 ст. ўвайшло ў склад ВКЛ, але захоўвала ў ім пэўную аўтаномію. На ранніх сярэдневяковых картах Еўропы (карты Н.Кузана — канец 15 — пач. 16 ст., С.Мюнстэра — 1540) левабярэжная ч. П. пазначана пад назвай Белая Русь. На больш позніх картах (Г. дэ Баплана, Я.Сандарта — 2-я пал. 17 ст., Т.Кітхіна — 1740, і інш.) Белая Русь лакалізавана ўжо ў верхнім П. і Паазер’і. Такое вызначэнне Белай Русі захавалася да сярэдзіны 19 ст., калі канчаткова было пашырана (з-за агульнасці гіст. лёсу і этнічнай культуры) на ўсю тэр. сучаснай Беларусі. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) П. далучана да Расіі, на яго тэр. ўтворана Магілёўская губ., якая ў асн. супадала з межамі рэгіёна. Пасля 1917 і ўтварэння БССР П. з 1924 у складзе БССР (Гомельскі і Рэчыцкі пав. далучаны ў 1926). Сельскія пасяленні звычайна размяшчаліся па берагах невял. рэк і ў міжрэччах. На характар рассялення ўплывала суседства з воднымі шляхамі, урадлівасць мясц. глеб. Найб. густа заселенай і аграрна развітой была левабярэжная ч. П., у прыватнасці Аршанска-Магілёўская раўніна. Змешаныя хваёва-лісцевыя лясы і дубровы, што ўкрывалі гэтую тэрыторыю, у 18 — пач. 20 ст. на значных плошчах былі высечаны, і на іх месцы ўтварыліся масівы акультураных зямель. Адносна спрыяльныя глебава-кліматычныя ўмовы садзейнічалі пашырэнню хлебаробства. З тэхн. культур сеялі лён і каноплі. Агракультура П. мела рэгіянальныя рысы, што выяўлялася ў спосабах і прыёмах апрацоўкі глебы, мясц. варыянтах земляробчых прылад (сох, ільнамялак, барон), формах феад. рэнты і інш. У лясных краях прыкметнай падмогай у гаспадарцы былі здабыўныя промыслы. Частка насельніцтва ішла ў адыходныя промыслы ў суседнія губерні Расіі. У Гомельскім пав. (пераважна ў сучасным Веткаўскім р-не) было шмат пасяленцаў-старавераў, якія сяліліся тут з 1685. Многія з іх займаліся рамізніцтвам, ваджэннем суднаў, будаўніцтвам, ткацтвам, пчалярствам. Частка — гандлем і камерцыяй (бралі ў арэнду сады, скуплялі ў мясц. сялян сушаныя грыбы, ягады, мёд, воск, гандлявалі лесам, хлебам, соллю). Сельскія пасяленні ў параўнанні з суседнім Паазер’ем вызначаліся большымі памерамі (15—30 сядзіб) і выразнай вулічнай планіроўкай. Замкнутыя ці Г-падобныя сядзібныя забудовы размяшчаліся абапал вуліцы, якая мела акрэсленую цэнтр. частку і канцы. Вуліца агароджвалася па баках і заканчвалася нярэдка з абодвух канцоў шырокімі варотамі, якія зачыняліся на ноч. З маладворных пасяленняў былі пашыраны засценкі. Пасля адмены прыгоннага права назіраўся міграцыйны рух насельніцтва на З, у лясныя раёны Бярэзінскага басейна, дзе ўзнікалі новыя пасяленні. Мігранты прыносілі з сабою вытворчы вопыт і этнакульт. традыцыі, прыстасоўваючы іх да мясц. умоў; ставілі дабротныя дамы і гасп. пабудовы, абносілі іх трывалым парканам з брамамі на вуліцу. Распаўсюджаныя тыпы планіроўкі традыц. жылля: хата + сенцы + клець, хата + сенцы + хата, хата + трысцен. Апошні выконваў ролю сянец, нярэдка (калі ў ім ставілі печ) ператвараўся ў жылое памяшканне. Свіран (амбар, інбар) для збожжа ставілі насупраць хаты. Хлявы (хлеў, пуня) прымыкалі да жылля праз павець ці размяшчаліся ў глыбіні двара. Сярод дапаможных памяшканняў стопкі сустракаліся рэдка, замест іх у П. былі распаўсюджаны функцыянальна блізкія скляпы (паграбы). Прасторныя гумны са стрэхамі на сохах мелі сушню — звычайную ёўню ці двух’ярусную асець з ямнай печчу. Больш прыкметная кантынентальнасць клімату, наяўнасць сушняў пры гумнах, як і добрая вентыляцыйнасць апошніх, рабілі непатрэбнымі азяроды, якія тут былі рэдкай з’явай. Для сушкі лёну часцей выкарыстоўвалі лазні, якія мелі падоўжную страху, што абапіралася з аднаго боку на 2 слупы, утвараючы навес. Канстр. аснова жыллёвых пабудоў — зруб з круглых бярвён, звязаных у просты вугал з астаткам, на штандарнай аснове. Стрэхі на лемягах (закотам) і стаянках (пазней — на кроквах) крылі саломай «пад колас», радзей — камлём уніз («пад грабёнку»), У раёнах, багатых лесам (Рагачоўскі, Быхаўскі, Клімавіцкі, Чэрыкаўскі пав.), пашыраны стрэхі, крытыя дошкамі, дорам, дранкай (шчапа). Пэўным арх. абліччам і арганізацыяй інтэр’ера адрознівалася нар. жыллё на Пд рэгіёна. Маляўнічай дэкаратыўнасцю вызначалася веткаўская разьба, якой аздаблялі франтоны, ліштвы, карнізы, ганкі, брамы і весніцы. Нар. адзенне П. ўвасобіла стараж. рысы, уласцівыя традыц. касцюму слав. народаў, зазнаўшы пэўны ўплыў усх. і еўрап. строяў. Тыповае верхняе адзенне — злёгку прыталеныя кажухі і шыракаполыя світкі светла-шэрага колеру са стаячым каўняром без гузікаў (падвязваліся вакол таліі шарсцяным плеценым поясам), а таксама кафтан-армяк тыпу бурноса, укарочаная паўсвітка і кажушок (паўшубак). У традыц. жаночым адзенні яшчэ ў пач. 20 ст. бытавалі стараж. панёвы, узорныя андаракі, сшытыя з безрукаўкай-гарсэтам (ліф, кабат), і саяны, аналагічныя рус. сарафанам. Жаночыя кашулі шылі з плечавымі ўстаўкамі (полікамі), нагрудная ч. якіх з больш тонкага кужэльнага палатна. Іх упрыгожвалі вышыўкай і тканым арнаментам чырвонага ці камбінаванага (чырвонага з чорным) колераў (магілёўскі строй, краснапольскі строй); аздаблялі сакаленнем, маршчэннем (буда-кашалёўскі строй). Самабытным узорна-дэкар. стылем упрыгожвання вылучаецца адзенне паўд. раёнаў (неглюбскі строй). У арнаменце святочнага адзення і тканін дамінавалі адносна буйныя геам. ўзоры, у Пасожжы часцей сустракаліся расл. матывы. Ва ўзорным ткацтве ўжывалася браная тэхніка, у вытв-сці андараковай тканіны пераважала 2-нітавае ткацтва. Своеасаблівымі прыёмамі аздаблення вылучаюцца традыц. тканыя неглюбскія ручнікі і буда-кашалёўскія ручнікі. Рэгіянальнай асаблівасцю вызначалася кераміка. Посуд з чырвонай гліны з тонкімі сценкамі аздаблялі на гарлавінах ці плечыках хвалістымі паяскамі, што наносіліся завостраным прутком па сырой гліне. Ён быў лёгкі і грацыёзны. Лінгвістычная карта Беларусі адзначае дыялект. асаблівасці гаворак П., якія вылучаны ва ўсх.-магілёўскую групу паўн.-ўсх. дыялекту. Неаднароднасць культ. ландшафтаў дазваляе вылучыць у П. некалькі лакальных раёнаў (падраёнаў) — левабярэжжа і правабярэжжа Дняпра, Пасожжа і Бярэзінскі раён — з уласцівым кожнаму з іх комплексам мясц. этнакульт. прыкмет.