ШАНТЫ́Р Фабіян Гіляравіч (4.2.1887, г. Слуцк Мінскай вобл. — 29.5.1920),
бел. пісьменнік, грамадскі дзеяч, публіцыст. Працаваў хатнім настаўнікам, мулярам, прыватным адвакатам. У 1905—07 за рэв. дзейнасць зняволены. З 1914 у арміі. У 1916—17 удзельнічаў у рабоце клуба «Беларуская хатка» ў Мінску. У 1917 адзін з лідэраў левага крыла БСГ, старшыня яго Бабруйскага к-та. Уваходзіў у Бел.нац.к-т і Цэнтр. раду бел. арг-цый і партый. Дэлегат Усебеларускага з’езда 1917. У 1918 заг. Смаленскага аддз.Бел.нац. камісарыята, у Слуцкім пав.ваен. камісарыяце. У 1919 камісар па нац. справах Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўрада Беларусі, у распараджэнні ЦК КП(б) Літвы і Беларусі, у Бел.рэд. калегіі ЦК КП(б)ЛіБ. У 1920 рэпрэсіраваны і прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Рэабілітаваны ў 1992. Друкаваўся з 1909. Пісаў на бел., рус. і польскай мовах. Аўтар рамант., блізкіх да абразкоў-імпрэсій, бессюжэтных апавяданняў («Захар», 1909; «Ноч», «Смерць убогага», абодва 1910, і інш.), вершаў, артыкулаў, публіцыстычнай працы «Беларускае пытанне» (1918, рукапіс не захаваўся). Адзін з аўтараў калект.зб. «Зажынкі» (М., 1918). На бел. мову пераклаў брашуру «Павукі і мухі» В.Лібкнехта.
Тв.:
Патрэбнасць нацыянальнага жыцця для беларусаў і самаадзначэння народу. Мн., 1992 [рэпр. выд.: Слуцк, 1918];
У час барацьбы: [Верш у прозе] // Крыніца. 1988. № 11.
Літ.:
Якутов В.Д. А.Г.Червяков: Страницы биогр. Мн., 1978. С. 31;
Казбярук У.М. Рамантычны пошук. Мн., 1983. С. 40;
Сташкевич Н. На пути к истине. Мн., 1983. С. 39;
Мяснікоў А. Нацдэмы: Лёс і трагедыя Фабіяна Шантыра, Усевалада Ігнатоўскага і Язэпа Лёсіка. Мн., 1993;
Рудовіч С. Час выбару: Прабл. самавызначэння Беларусі ў 1917 г.Мн., 2000.