кампанент клеткі нуклеапратэіднай прыроды, які ўтвараецца пры яе дзяленні і забяспечвае разыходжанне храмасом у мітозе і меёзе. Уяўляе сабой сістэму мікратрубачак з двайным праменепраламленнем, што фарміруецца ў праметафазе і распадаецца ў целафазе. Складаецца з апорных, або безупынных ніцей, арыентаваных ад аднаго полюса клеткі да другога (полюсных), і цягнучых, або храмасомных. Цягнучыя ніці злучаюць полюсы клеткі з цэнтрамі храмасом, якія ёсць на экватарыяльнай пласцінцы. Скарачэнне даўжыні цягнучых ніцей лічыцца гал. фактарам анафазнага руху храмасом да полюсаў клеткі. Верацяно дзяленне бывае прамога і непрамога тыпаў (у залежнасці ад характару сувязі храмасом з полюсамі), астральным (з выяўленымі полюсамі, напр. у шматклетачных жывёл) ці анастральным (без выразных полюсаў, напр. у кветкавых раслін).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́ЦКІ Аляксандр Уладзіміравіч (н. 27.1.1932, в. Бартнікі Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. вучоны ў галіне траўматалогіі і артапедыі. Чл.-кар.Нац.АН Беларусі (1991), д-рмед.н. (1975), праф. (1977). Засл. дз. нав. Беларусі (1982). Скончыў Мінскі мед.ін-т (1955). З 1961 у Бел.НДІ ўдасканалення ўрачоў (з 1966 рэктар, з 1998 заг. кафедры). Навук. працы па праблемах артапедыі і траўматалогіі, накіраваныя на зніжэнне траўматызму, скарачэнне тэрмінаў лячэння, памяншэння інваліднасці і смяротнасці, па вывучэнні тканкавага крывацёку і абменных працэсаў. Выканаў фундаментальныя даследаванні, прапанаваў шэраг метадаў дыягностыкі і лячэння траўматалагічных пашкоджанняў і захворванняў апорна-рухальнага апарату. Дзярж. прэмія Беларусі 1992.
Тв.:
Постоянное вытяжение в травматологии и ортопедии. Мн., 1970;
Рентгенодиагностический атлас. Ч. 1—2. Мн., 1987 (разам з А.М.Міхайлавым);
Нейроортопедические и ортопедо-неврологические синдромы у детей и подростков. Мн., 1998 (разам з Г.Г.Шанько).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЧАТЫРНА́ЦЦАЦЬ ПУ́НКТАЎ»,
умовы міру (14 артыкулаў), выкладзеныя прэзідэнтам ЗША Т.В.Вільсанам у канцы 1-й сусв. вайны ў пасланні да кангрэса ад 8.1.1918. Прадугледжвалі: адкрытыя мірныя перагаворы; поўную свабоду суднаходства; скасаванне мытных бар’ераў; устанаўленне гарантый, што забяспечвалі б скарачэнне ўзбраенняў; урэгуляванне калан. пытанняў; вызваленне Германіяй усіх акупіраваных тэр. Расіі, у т. л. Беларусі, і магчымасць Расіі самой вызначыць сваё паліт. развіццё; вызваленне і развіццё Бельгіі; вяртанне Эльзаса і Латарынгіі Францыі; аднаўленне акупіраваных Германіяй раёнаў Францыі; выпраўленне межаў Італіі ў адпаведнасці з нац. прыкметай; магчымасці аўт. развіцця народаў Аўстра-Венгрыі; вызваленне Германіяй акупіраваных тэр. Румыніі, Сербіі, Чарнагорыі, уступка Сербіі выхаду да мора; магчымасці аўт. развіцця нетурэцкіх частак Асманскай імперыі, адкрыццё праліва Дарданелы для суднаў усіх краін; стварэнне польскай дзяржавы; арганізацыя Лігі Нацый. Пасля вайны шэраг палажэнняў «Ч.п.» Вільсана рэалізаваны ў Версальскім мірным дагаворы 1919 і інш. дагаворах Версальска-Вашынгтонскай сістэмы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРТЭ́РЫІ (грэч. artēria),
крывяносныя сасуды, па якіх кроў рухаецца ад сэрца ва ўсе органы і часткі цела. Да артэрый належыць аорта і ўсе яе разгалінаванні, у т. л. самыя дробныя — артэрыёлы. Артэрыі нясуць кроў, багатую кіслародам (толькі лёгачныя накіроўваюць вянозную кроў ад сэрца ў лёгкія).
Сценкі артэрый маюць 3 абалонкі. Вонкавая злучальнатканкавая абалонка надае артэрыям трываласць і эластычнасць, што дае магчымасць ім вытрымліваць унутраны ціск, расшырацца і звужацца; багатая сасудамі і нервамі. Сярэдняя абалонка складаецца з эластычных валокнаў і гладкіх мышачных клетак, скарачэнне або расслабленне якіх рэгулюе дыяметр прасвету артэрый і, адпаведна, колькасць крыві, што падаецца да органа. Унутраная абалонка ўтворана эндатэліем і злучальнай тканкай, мае ўнутраную эластычную мембрану, што робіць сценкі больш трывалымі. Асобныя ствалы адной або некалькіх суседніх артэрый часта злучаюцца паміж сабой і ўтвараюць анастамозы (больш дробныя артэрыі). Артэрыі, што не маюць анастамозаў, наз. канцавымі.
1) у музыцы — зрушэнне акцэнту з метрычна больш моцнай долі такта на больш слабую. Абазначае зрухі націску, якія адбываюцца ў выніку несупадзення рэальнай і метрычнай акцэнтуацыі і прыводзяць да ўтварэння ў межах такта нарматыўных і ненарматыўных акцэнтаў. Асн. выразная якасць С. — абвастрэнне рытмічнага і меладычнага руху, актывізацыя метрычнай пульсацыі ці яе згладжванне. Сінкапіраваныя рытмы пашыраны ў прафес. і нар. музыцы многіх народаў свету, у т. л. беларусаў. Як характэрная адзнака ўласна муз. і выканальніцкага стылю С. ўласціва танц.-інстр. фальклору.
2) У вершаскладанні — пропуск галоснага гука або групы гукаў у сярэдзіне слова. Выкарыстоўваецца з мэтай дасягнення гукавой і сэнсава-эмацыянальнай выразнасці паэтычнага твора. Сустракаецца ў нар. творчасці, творах пісьмовай л-ры:
Стары дзед мяжой ішоў,
Залатыя ключы найшоў.
— Прападайце, златы ключы,
За старога не йсці.
(Бел. народная песня)
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУПЕРГРАВІТА́ЦЫЯ,
лакальнае абагульненне суперсіметрыі. Уключае рэлятывісцкія пераўтварэнні каардынат і часу (гл.Адноснасці тэорыя) і пераўтварэнні сіметрыі паміж базонамі і ферміёнамі.
Дазваляе аб’яднаць прасторава-часавыя і ўнутраныя групы сіметрыі і на гэтай падставе апісаць усе вядомыя ўзаемадзеянні (гравітацыйнае, слабае, эл.-магн. і моцнае). С. патрабуе ўвядзення бязмасавай часціцы са спінам 3/2 (гравітына), партнёрам якой па супермультыплету з’яўляецца бязмасавая часціца са спінам 2, якая атаясамліваецца з квантам гравітацыйнага поля — гравітонам. Важная перавага С. — значнае скарачэнне ультрафіялетавых разбежнасцей (абарачэнне ў бясконцасць) фіз. велічынь, магчымасць рашыць праблему іерархій і пабудова на яе аснове тэорыі суперструн (аднамерных аб’ектаў у прасторы з 10 ці 26 вымярэннямі) — калібровачнай тэорыі вышэйшай сіметрыі, якая дазваляе апісаць усе элементарныя часціцы і іх узаемадзеянні на адзінай аснове.
Літ.:
Фридман Д., Ньювенхейзен П. ван. Супергравитация и унификация законов физики: Пер. с англ. // Успехи физ. наук. 1979. Т. 128, вып. 1;
Окунь Л.Б. Физика элементарных частиц. 2 изд. М., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФАНЕТЫ́ЧНЫЯ ПРАЦЭ́СЫ,
змены гукаў у межах фанет. слова пад уздзеяннем суседніх гукаў або агульных умоў вымаўлення. Да асн. Ф.п. належаць акамадацыя (прыстасаванне артыкуляцыі зычных і галосных гукаў, якія ў моўнай плыні стаяць побач), асіміляцыя (прыпадабненне зычных да зычных і галосных да галосных у межах слова), дысіміляцыя (распадабненне зычных або галосных па якой-н. прыкмеце), рэдукцыя (скарачэнне і змяненне гучання ненаціскных складоў і найперш галосных гэтых складоў), пратэзы або прыстаўныя гукі (зычныя ці галосныя гукі, якія з’яўляюцца ў пачатку слова ў пэўных фанет. умовах; напр., «вуліца», «ільвы»), эпентэза (устаўка звычайна зычных гукаў у сярэдзіну слова ў выпадку збегу 2 галосных пры запазычаннях), дыярэза (выпадзенне асобных гукавых элементаў; напр., «позна», «абласны»), гаплалогія (выпадзенне са слова аднаго з аднолькавых складоў), кантракцыя (сцяжэнне 2 і больш гукаў у адзін).
Літ.:
Реформатский А.А. Введение в языковедение. 4 изд. М., 1967;
Падлужны А.І. Нормы беларускага літаратурнага вымаўлення // Сучасная беларуская мова: (Пытанні культуры мовы). Мн., 1973;
Янкоўскі Ф. Гістарычная граматыка беларускай мовы. 2 выд.Мн., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСКО́ЎСКАЯ СІНЕКЛІ́ЗА,
найбуйнейшая адмоўная тэктанічная структура плітнага этапу развіцця Усх.-Еўрапейскай платформы, у зах.ч. Рускай пліты. Пл. больш за 1 млн.км². У межах Беларусі краявы паўд.-зах. схіл сінеклізы. Абмежавана на ПдЗЛатвійскай седлавінай і Беларускай антэклізай, на Пд — Варонежскай антэклізай, на ПдУ — Волга-Уральскай антэклізай. Запоўнена адкладамі верхняга пратэразою, палеазою, меза-кайназою. На тэр. Беларусі ў аснове плоскія шырокія Магілёўская і Полацкая ўпадзіны (паўн.-ўсх. звёны Кобрынска-Магілёўскага і Кобрынска-Полацкага палеапрагінаў), запоўненыя адкладамі верхнявендскага-ніжнекембрыйскага комплексу. Фарміраванне М.с. адбывалася ў познабайкальскую і герцынскую эпохі складкавасці, галоўны этап працякаў з сярэдняга да позняга дэвону. На крайнім ПдЗ сінеклізы з познафранскага часу пачаў фарміравацца Прыпяцкі прагін, у выніку чаго тут адбылося скарачэнне плошчы М.с. Верхнепратэразойскія, ніжнепалеазойскія і дэвонскія адклады перспектыўныя на нафту і газ. Сярод кам.-вуг. адкладаў пашыраны бурыя вуглі, якія ўтвараюць Падмаскоўны вугальны басейн. З юрскімі і мелавымі адкладамі звязаны радовішчы шкловых і фармовачных пяскоў. Да М.с. прымеркаваны гідрагеалагічны басейн з вял. запасамі прэснай вады. Гл. таксама Аршанскі гідрагеалагічны басейн.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЯ РАБО́ЧАЯ АРГАНІЗА́ЦЫЯ 1894—97,
арганізацыя яўрэйскіх рабочых рамеснай і дробнай прам-сці горада. Утварылася пад уплывам Мінскай яўрэйскай с.-д. групы. У 2-й пал. 1894—95 на аснове стачачных кас створаны цэхавыя (прафес.) саюзы пераплётчыкаў, слесараў, гарбароў, шаўцоў і інш., усяго — 24 саюзы з агульнай колькасцю членаў да 1200 чал. Кіравалі саюзамі выбарныя прадстаўнікі і касіры. Іх дзейнасць каардынавала міжкасавая сходка (цэнтральная каса), якая складалася з прадстаўнікоў цэхавых саюзаў. У яе ўваходзіў прадстаўнік с.-д. групы. За 2 гады (1894—96) цэхавыя саюзы арганізавалі ў Мінску 54 стачкі з удзелам 480 рабочых. Гал. патрабаванні стачачнікаў: скарачэнне рабочага дня (26 стачак), павелічэнне платы (13). Найб. працягласць стачкі — 70 дзён. Пераважная большасць стачак (50) скончылася поўнай ці частковай перамогай. Летам 1896 і ў сак.—жн. 1897 паліцыя правяла масавыя арышты. Да следства прыцягнута каля 200 рабочых. У выніку большасць саюзаў распалася. Восенню 1897 у М.р.а. адбыўся раскол: большасць уцалелых саюзаў падтрымала прапанову яўр.с.-д. групы аб уступленні ў Бунд, астатнія стварылі мясц. арг-цыю леванародніцкай Рабочай партыі паліт. вызвалення Расіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРАДЖА́ЛЬНАСЦЬ,
працэс узнаўлення насельніцтва ў сукупнасці людзей, што складаюць пакаленне або сукупнасць пакаленняў. У статыстыцы Н. вымяраюць частатой нараджэння дзяцей у пэўнай групе людзей або ва ўсім насельніцтве. Яго ўзровень вызначаюць каэфіцыентам Н. — суадносінамі ліку народжаных да колькасці ўсяго насельніцтва, у праміле (на 1000 чал.). Н., смяротнасць і працягласць жыцця — асн. паказчыкі натуральнага руху насельніцтва. Біял. аснова Н. — здольнасць чалавека ўзнаўляць патомства. Патэнцыяльная магчымасць Н. рэалізуецца ў выніку рэпрадуктыўных паводзін чалавека, якія абумоўлены сістэмай патрэбнасцей грамадства, і рэгулюецца сац.-культ. нормамі, традыцыямі, грамадскай думкай і інш. Звесткі аб Н. даюць: перапіс насельніцтва або выбарачныя абследаванні, бягучы ўлік нараджэнняў вядуць ЗАГСы, сельсаветы і інш. На Беларусі з пачатку 1990-х г. назіраецца рэзкае скарачэнне Н. (сумарны каэфіцыент Н. ў 1998 у параўнанні з 1989 знізіўся з 2 да 1,2). Гэта абумоўлена супадзеннем шэрагу прычын: новая мадэль рэпрадуктыўных паводзін, накіраваная на фарміраванне 1—2-дзетнай сям’і; дыспрапорцыя ў полаўзроставай структуры насельніцтва; сац.-эканам. нестабільнасць; экалагічныя наступствы катастрофы на Чарнобыльскай АЭС і інш.Гл. таксама «Дэмаграфічны выбух», Дэмаграфія.