працэс узнаўлення насельніцтва ў сукупнасці людзей, што складаюць пакаленне або сукупнасць пакаленняў. У статыстыцы Н. вымяраюць частатой нараджэння дзяцей у пэўнай групе людзей або ва ўсім насельніцтве. Яго ўзровень вызначаюць каэфіцыентам Н. — суадносінамі ліку народжаных да колькасці ўсяго насельніцтва, у праміле (на 1000 чал.). Н., смяротнасць і працягласць жыцця — асн. паказчыкі натуральнага руху насельніцтва. Біял. аснова Н. — здольнасць чалавека ўзнаўляць патомства. Патэнцыяльная магчымасць Н. рэалізуецца ў выніку рэпрадуктыўных паводзін чалавека, якія абумоўлены сістэмай патрэбнасцей грамадства, і рэгулюецца сац.-культ. нормамі, традыцыямі, грамадскай думкай і інш. Звесткі аб Н. даюць: перапіс насельніцтва або выбарачныя абследаванні, бягучы ўлік нараджэнняў вядуць ЗАГСы, сельсаветы і інш. На Беларусі з пачатку 1990-х г. назіраецца рэзкае скарачэнне Н. (сумарны каэфіцыент Н. ў 1998 у параўнанні з 1989 знізіўся з 2 да 1,2). Гэта абумоўлена супадзеннем шэрагу прычын: новая мадэль рэпрадуктыўных паводзін, накіраваная на фарміраванне 1—2-дзетнай сям’і; дыспрапорцыя ў полаўзроставай структуры насельніцтва; сац.-эканам. нестабільнасць; экалагічныя наступствы катастрофы на Чарнобыльскай АЭС і інш.Гл. таксама «Дэмаграфічны выбух», Дэмаграфія.