БО́ЙКА (Уладзімір Андрэевіч) (9.4.1932, Мінск — 2.4.1996),
бел. мастацтвазнавец, літаратурны крытык, паэт, мастак. Скончыў БДУ (1955). У 1956—93 працаваў у газ. «Літаратура і мастацтва», час. «Родная прырода». Аўтар кніг пра выяўл. мастацтва, літ. партрэтаў мастакоў А.Глебава, В.Грамыкі, А.Кашкурэвіча, М.Савіцкага, У.Стальмашонка, А.Тычыны, пісьменніка А.Адамовіча і інш. У 1970—90-я г. аўтар і вядучы радыёцыкла «Выхавай у сабе прыгожае», тэлевізійнага цыкла «Роздум», тэлевізійных партрэтаў А.Бембеля, С.Катковай і інш. Сцэнарыст фільмаў «Паэзія графікі» (1971), «Прафесар прыгажосці» (1972, з А.Белавусавым), «Мастак Арлен Кашкурэвіч» (1976), «Васіль Быкаў. Праўдай адзінай» (1992). Аформіў і праілюстраваў літ.-маст. і навук. выданні: «Шляхі вялі праз Беларусь» В.Грыцкевіча і А.Мальдзіса (1980), «Народ і вайна» М.Тычыны (1985), Збор твораў у 5 тамах З.Бядулі (1985—89), «Нічога важней» (1987) і Выбраныя творы ў 4 тамах (т. 1, 1995) А.Адамовіча, і інш. Акварэлі, манатыпіі, малюнкі, калажы ўтвараюць цыклы «Міншчына», «Вільня», «Рыбачае (Крым)», «Калабрыйскія імгненні (Італія)» і інш.
Тв.:
Маўклівая размова. Мн., 1964;
Глебаў А.К. Мн., 1974;
Беларуская палітра дваццатага стагоддзя: Эцюды. Мн., 1976;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУГАЁЎ (Дзмітрый Якаўлевіч) (н. 12.1.1929, в. Сычык Крычаўскага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. крытык і літ.-знавец. Канд.філал.н. (1960). Праф. (1987). Скончыў Магілёўскі пед.ін-т (1952). З 1959 у Ін-це л-ры АН Беларусі, з 1964 у БДУ. Друкуецца з 1957. Аўтар манаграфій пра жыццё і творчасць М.Лынькова, М.Танка, У.Дубоўкі, М.Гарэцкага, К.Крапівы, І.Мележа, В.Быкава, артыкулаў пра творчасць Я.Брыля, Г.Бураўкіна, А.Вярцінскага, П.Галавача, Ц.Гартнага, В.Каваля, В.Казько, Я.Коласа, А.Кудраўца, М.Лобана, Б.Мікуліча, А.Мрыя, І.Навуменкі, Я.Нёманскага, П.Панчанкі, Б.Сачанкі, М.Стральцова, А.Чарнышэвіча, К.Чорнага, І.Чыгрынава, Я.Янішчыц і інш. Працы Бугаёва адметныя жанравай і тэматычнай разнастайнасцю, канцэптуальнасцю, глыбінёй і пераканальнасцю літ.-знаўчага аналізу, уменнем раскрыць індывідуальна-творчае аблічча пісьменніка, эстэт. і жанрава-тэматычнае багацце, стылявую самабытнасць бел. л-ры. Аўтар успамінаў «Жыццём ідучы...» (1995). Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Коласа 1984 за кн. крытычных нарысаў «Талент і праца» (1979).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРА́ЙЗЕР ((Dreiser) Тэадор) (27.8.1871, г. Тэрэ-Хот, ЗША — 28.12.1945),
амерыканскі пісьменнік. У 1888—89 вучыўся ва ун-це г. Блумінгтан. З 1892 пачаў працаваць журналістам, у 1897 апублікаваў першыя нарысы і апавяданні. Найб. вядомасць яму прынеслі раманы «Сястра Керы» (1900), «Джэні Герхарт» (1911), «Трылогія жадання» («Фінансіст», 1912; «Тытан», 1914; «Стоік», 1947, незак.), «Геній» (1915), «Амерыканская трагедыя» (1925). Аўтар зб-каў апавяд. «Вызваленне» і іншыя апавяданні (1918), «Дванаццаць мужчын» (1919), «Фарбы вялікага горада» (1923), кн. публіцыстыкі «Драйзер глядзіць на Расію» (1928; нап. пад уражаннем паездкі ў Расію ў 1927—28), «Трагічная Амерыка» (1931), «Амерыку варта ратаваць» (1941). Адыграў вял. ролю ў развіцці рэалізму ў амерыканскай л-ры. Надаў новае гучанне надзвычай распаўсюджанай у л-ры ЗША тэме «амерыканскай мары»: паказаў яе адваротны бок — «амерыканскую трагедыю», раскрыў механізм уздзеяння грамадства на псіхалогію і лёс як звычайнага чалавека, так і асобы адоранай; паказаў будзённасць і шматлікасць трагедый, выкліканых імкненнем людзей любымі сродкамі дасягнуць поспеху, зрабіць кар’еру. Пасля смерці пісьменніка выйшлі раман «Апірышча» (1946) і яго лісты (т. 1—3, 1959).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЛЫ́ГІН (Сяргей Паўлавіч) (н. 6.12.1913, в. Дурасаўка, Башкортастан),
рускі пісьменнік. Акад.Рас.АН (1991). Герой Сац. Працы (1988). Скончыў Омскі с.-г.ін-т (1939). Працаваў інжынерам-гідратэхнікам, у Сібірскім аддзяленні АНСССР. З 1986 гал. рэдактар час. «Новый мир». Першыя зб-кі «Апавяданні» (1941), «На Вялікую зямлю» (1952), «Нарысы і апавяданні» (1953). У раманах «Сцежкі Алтая» (1962), «Салёная Падзь» (ч. 1—2, 1967—68, Дзярж. прэмія СССР 1968), «Паўднёваамерыканскі варыянт» (1973), «Камісія» (1975), «Пасля буры» (кн. 1—2, 1980—85), «Свабода выбару: раман без сюжэта» (1996) звяртаецца да найважнейшых пераломных этапаў паслярэв. гісторыі Расіі і сучаснага жыцця Зах. Сібіры. Як публіцыст актыўна адстойвае сваю пазіцыю (у 1980-я г. выступаў супраць павароту паўн. рэк), імкнецца асэнсаваць складаныя працэсы сучаснага жыцця («Мая дэмакратыя. Нататкі па ходу жыцця. З успамінаў пісьменніка», 1996). Аўтар літ.-знаўчых прац пра А.Чэхава, Л.Талстога, А.Платонава. Творы З. на бел. мову пераклалі А.Кудравец, В.Адамчык.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—6. М., 1989—91;
Бел.пер. — На Іртышы: Аповесць, апавяданні. Мн., 1991.
Літ.:
Дедков И.А. Сергей Залыгин: Страницы жизни, страницы творчества. М., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕРО́НКлаўдзій Друз Германік Цэзар
(Nero Claudius Drusus Germanicus Caesar; 15.12.37, г. Анцыо, Італія — 9.6.68),
старажытнарымскі імператар [54—68]. З дынастыі Юліяў-Клаўдзіяў. Сын сенатара Гнея Даміцыя Агенабарбы. і Агрыпіны. Усыноўлены імператарам Клаўдзіем (50), ажаніўся з яго дачкой Актавіяй (53). Пасля забойства Клаўдзія абвешчаны імператарам. Да 62 пад уплывам прэфекта прэторыя Бура і свайго б. настаўніка Сенекі правіў у згодзе з сенатам, потым перайшоў да палітыкі рэпрэсій і канфіскацый. Загадаў забіць маці (59), жонку (62), потым прыбліжаных — Сенеку, паэта Лукана, пісьменніка Петронія і інш. Калі ў 64 моцны пажар зруйнаваў б.ч. Рыма, стаў праследаваць яўрэяў і хрысціян, каб адвесці ад сябе падазрэнне ў падпале горада. З 64 публічна выступаў як спявак і акцёр. Пасля здрады прэтарыянскай гвардыі скончыў жыццё самагубствам. Н. прысвечана біяграфія Светонія, некалькі трагедый 19 ст., оперы К.Мантэвердзі, Г.Ф.Гендэля, А.Рубінштэйна і інш.
Літ.:
Светоний Гай Транквилл. Жизнь двенадцати цезарей: Пер. с лат.М., 1993;
Федорова Е.В. Императорский Рим в ліцах. 2 изд. Смоленск, 1995;
Амфитеатров А.В. Зверь из бездны. Т. 1—2. М., 1996;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛЬЗА́К ((Balzac) Анарэ дэ) (20.5.1799, г. Тур, Францыя — 18.8.1850),
французскі пісьменнік, пачынальнік рэалізму 19 ст. Вучыўся ў Вандомскім каледжы; у 1819 скончыў парыжскую Школу права, адначасова праслухаў курс л-ры ў Сарбоне. Першы твор — класіцыстычная трагедыя ў вершах «Кромвель» (1820). Поспех і прызнанне прыйшлі з выхадам гіст. рамана «Шуаны» (1829). Прыярытэтам эстэт. сістэмы пісьменніка стаў матэрыяльны свет і будзённае жыццё. Гэта выходзіла па-за межы рамантызму, які панаваў у л-ры да 1830-х г. Аднак традыцыі рамант. мастацтва заўсёды прысутнічалі ў творчасці Бальзака, выяўляліся пры адлюстраванні ўсёпаглынальнай страсці герояў. Назіральнасць і празорлівасць пісьменніка дазволілі зразумець гал. тэндэнцыю эпохі — эканам. пераразмеркаванне багацця, уласнасці і выхад на авансцэну новых уладароў жыцця — фінансістаў, спекулянтаў, ліхвяроў, дзялкоў, якія вырашалі лёс грамадства, стваралі жывую гісторыю. Так нарадзіліся вобразы Габсэка, Грандэ, Гарыо, Нусінгена. Адчуванне свету ў яго цэласнасці і ўнутранай узаемазвязанасці прывяло Бальзака ў 1834 да задумы стварыць «грандыёзны раман пра грамадства», людзей і падзеі 19 ст., якая рэалізавана ў вялізным цыкле раманаў і навел (каля 100) пад назвай «Чалавечая камедыя» пра Францыю перыяду Рэстаўрацыі і Ліпеньскай манархіі. Вылучаюцца 3 яго часткі (эцюды). «Эцюды звычаяў» падзяляліся на сцэны прыватнага («Габсэк», 1830; «Трыццацігадовая жанчына», 1831—34, канчатковая рэд. 1842; «Бацька Гарыо», 1834—35, і інш.), правінцыяльнага («Яўгенія Грандэ», 1833; «Музей старажытнасцяў», 1836—38; «Страчаныя ілюзіі», 1837—43, і інш.), парыжскага («Бляск і ўбоства куртызанак», 1838—47; «Кузіна Бэта», 1846; «Кузэн Понс», 1847, і інш.), ваеннага («Шуаны» і інш.), паліт. («Цёмная справа», 1841, і інш.) і вясковага («Вясковы лекар», 1833, і інш.) жыцця. «Філасофскія эцюды» склалі «Шчыгрынавая скура» (1830—31), «Элексір даўгалецця» (1830), «Пошукі абсалюту» (1834) і інш. У «аналітычныя эцюды» ўвайшлі «Фізіялогія шлюбу» (1829), «Дробныя нягоды сямейнага жыцця» (1845—46) і інш. Творы аб’ядноўваліся агульнымі героямі, якія ўяўлялі сабой розныя тыпы: узроставыя, прафесійныя, сацыяльныя, маральныя, псіхалагічныя і гэтак далей. Бальзак абараняў манархію, каталіцызм і адначасова захапляўся бурж. прагрэсам. Аднак ніхто лепш за яго не паказаў заганы грамадства, у якім грошы і асабісты інтарэс вынішчаюць усё лепшае, натуральнае з чалавечых адносін і здольныя ператварыць чалавека ў монстра. Творчая манера Бальзака вызначаецца апісальнасцю, стыль — дэталёвасцю, жывапіснасцю. Яму належаць таксама збор навел «Свавольныя апавяданні» (1832—37), п’есы («Мачаха», 1848, і інш.), крытычныя артыкулы («Эцюд пра Бейля», прадмова да «Чалавечай камедыі» і інш.). На бел. сцэне ставіліся спектаклі па п’есах Бальзака «Мачаха», «Драпежніца», раманах «Яўгенія Грандэ», «Баламутка» («Жыццё халасцяка»).
Тв.:
Бел.пер. — Габсэк. Мн., 1993;
Рус.пер. — Собр. соч.Т. 1—24. М., 1960.
Літ.:
Реизов Б.Г. Бальзак: Сб. статей. Л., 1960;
Бальзак в воспоминаниях современников. М., 1986;
Моруа А. Прометей, или Жизнь Бальзака: Пер. с фр.М., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БУ́РА І НА́ЦІСК»
(«Sturm und Drang»),
грамадска-літ. рух у Германіі ў 1700—80-я г. (назва ад аднайм. драмы ням.пісьменніка Ф.М.Клінгера; 1776). Найб. значныя прадстаўнікі: І.В.Гётэ і Ф.Шылер (ранні перыяд творчасці), Клінгер, Я.М.Р.Ленц, Г.Л.Вагнер, Г.А.Бюргер, К.Ф.Д.Шубарт, І.Г.Фос. Для творчай практыкі пісьменнікаў «Бура і націск» характэрны пераважна зварот да драматургіі. Яны выступілі з рэзкім пратэстам супраць сац. несправядлівасці, дэспатызму феадалаў, рэліг. і саслоўных ланцугоў грамадства, адстойвалі права асобы на годнасць і свабоднае развіццё. У процілегласць асветніцкаму рацыяналізму і нарматыўнай эстэтыцы класіцызму «бурныя геніі» супрацьпаставілі ідэю самабытнага ва ўсіх праявах «характэрнага мастацтва», патрабавалі адлюстравання моцных пачуццяў, гераічных учынкаў, характараў, не зломленых дэспатычным рэжымам, абвяшчалі культ «арыгінальнага генія» — мастака-творцы. Літ. ўзорамі для іх былі паэмы Гамера і трагедыі У.Шэкспіра. Вырашальнае значэнне ў станаўленні эстэтыкі «Буры і націску» мелі думкі І.Г.Гердэра пра нац. своеасаблівасць мастацтва і яго нар. карані, пра ролю фантазіі і эмацыянальнага пачатку. Моцны пратэст супраць несправядлівасці, характэрны для творчасці прадстаўнікоў руху, дазволіў ням. Асветніцтву ўзняцца да ўзроўню нац.-вызв. задач эпохі.
Літ.:
Неустроев В.П. «Буря и натиск» // Неустроев В.П. Немецкая литература эпохи Просвещения. М., 1958.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО ((Waugh) Іўлін) (28.10.1903, Лондан — 10.4.1966),
англійскі пісьменнік; адзін з буйнейшых майстроў сатыр. прозы. Вучыўся ў Оксфардзе. Першы літ. твор прысвечаны паэзіі і жывапісу Д.Г.Расеці (1928). У раманах «Заняпад і разбурэнне» (1928), «Брыдкая плоць» (1930), «Чорная бяда» (1932), «Прыгаршчы праху» (1934), «Сенсацыя» (1938) крытыка тагачаснай рэчаіснасці. Падзеі 2-й сусв. вайны прыўнеслі ў творы Во настроі элегічнага смутку. Раманы «Перапыненая работа» (1942), «Вяртанне ў Брайдсхед» (1945) ён назваў «некралогамі асуджаным вярхам», «памінальнай месай па каштоўнасцях старога свету». Стыль Во адзначаны праніклівым псіхалагізмам і афарыстычнай мовай (навелы «Марское падарожжа», «Пераможца атрымлівае ўсё» і інш.). У раманах з трылогіі «Пачэсны меч» (1965) драма пісьменніка, які не прыняў ілжывых каштоўнасцей рэчаіснасці, імкнуўся да пераадолення дысгармоніі жыцця праз захаванне традыц. ўкладу сям’і і дабрачыннасці. «Выпрабаванне Гілберта Пінфалда» (1957) — аўтабіягр. раман. Прыхільнасць да прынцыпаў рэалізму ў мастацтве засведчыў у артыкулах «Літаратурны стыль у Англіі і Амерыцы» (нап. 1955), «Гібель Жывапісу» (нап. 1956).
Тв.:
Prose, memoirs, essays. М., 1980. Рус.пер. — Мерзкая плоть;
Возвращение в Брайдсхед: Романы;
Незабвенная: Повесть;
Рассказы. 3 изд. М., 1982;
Офицеры и джентльмены: Роман. Мн., 1988;
Испытание Гилберта Пинфолда. М., 1992.
Літ.:
Анджапаридзе Г. Трилогия И.Во «Почетный меч» // Проблемы английской литературы XIX и XX вв. М., 1974;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЁННІК,
штодзённыя або перыядычныя запісы (звычайна датаваныя), якія адлюстроўваюць падзеі жыцця аўтара на фоне рэчаіснасці; літаратурна-бытавы жанр. Запісы часта вызначаюцца па гарачых слядах падзей. Дз. найчасцей пішацца для сябе і не разлічаны на публічнае прачытанне (за выключэннем літ. Дз.).
З’яўляюцца своеасаблівымі гісторыка-культ. дакументамі (Дз. мараплаўца Дж.Кука, ліцэйскі Дз. дзекабрыста В.К.Кюхельбекера, публіцыста АС.Суворына, пісьменнікаў В.Скота, Стэндаля, Т.Шаўчэнкі, Ф.Дастаеўскага, Л.Талстога, А.Чэхава і інш.). Пэўнымі дзённікавымі асаблівасцямі вызначаюцца некаторыя творы стараж.бел. л-ры: «Дзённік» Фёдара Еўлашоўскага (канец 16 — пач. 17 ст.), дыярыушы А.Філіповіча, С. і Б.Маскевічаў, якія грунтаваліся на папярэдніх дзённікавых запісах. Элементы Дз. часта маюць падарожныя запісы і лісты, што тлумачыцца іх хранікальнасцю: мемуары А.Абуховіча (канец 19 ст.), «Лісты з дарогі» Ядвігіна Ш. (1910), «Успаміны з паездкі ў Фінляндыю» Цёткі (1914). Пісьменніцкія Дз., нават калі не становяцца літ. творамі, маюць літ.-гіст. значэнне і з’яўляюцца каштоўным матэрыялам для даследавання жыццёвага і творчага шляху пісьменніка, вытокаў і псіхалогіі яго творчасці (дзённікавыя запісы 1902—03, «На схіле дзён», 1945—51, Я.Коласа; «Лісткі календара», 1932—39, М.Танка; ваен. Дз. 1941—43 І.Мележа і інш.). Часта Дз. выступае як жанравая разнавіднасць дакумент. і маст. прозы, можа быць блізкі да твораў аўтабіяграфічнага жанру.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЫ́ШКА (Анатоль Канстанцінавіч) (н. 16.4.1935, в. Данейкі Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. пісьменнік, крытык, перакладчык, педагог. Брат М.К.Клышкі, Засл. работнік культ. Беларусі (1994). Скончыў БДУ (1958). Працаваў у газ. «Літаратура і мастацтва», у час. «Полымя», з 1971 у НДІ педагогікі Мін-ва асветы Беларусі. Друкуецца з 1950. Даследуе праблемы развіцця бел. паэзіі (творчасць М.Багдановіча, М.Танка, П.Панчанкі, А.Вялюгіна, Р.Барадуліна і інш), вершазнаўства, методыкі навучання і выкладання л-ры ў школе. Аўтар маст. кніг для дзяцей «У лясах Белавежы» (1975), «Самая лепшая хатка» (1976), «Вярэнька загадак» (1982), «Францыск Скарына, альбо Як да нас прыйшла кніга» (1983) і інш., адметных арыгінальнасцю думкі і формы, дакладнасцю ацэнак, яркасцю стылю, а таксама «Буквара» (1-е выд. 1969; шматразова перавыдаваўся), зб. для дадатковага чытання «Верасок» (3-е выд. 1986), чытанкі «Чабарок» (1989, 1991), пропісаў (7-е выд. 1992). Аўтар «Беларуска-польскага размоўніка» (1992). Пераклаў на бел. мову «Новы запавет» (1980), раман стараж.-грэч.пісьменніка Лонга «Пастушыная гісторыя пра Дафніса і Хлою» (1991). Перакладае з польск., ням., лац., укр. і інш. моў.
Тв.:
Права на верш. Мн., 1967;
Шыльдбюргеры: Па-нямецку пачуў, па-беларуску збаяў Анатоль Клышка. Мн., 1983.
Літ.:
Каваленка В.А. Пра паэзію і мужнасць духу // Прага духоўнасці. Мн., 1975.