СЦЭ́ВАЛА Гай Муцый (Gaius Mucius Scaevola, літаральна ляўша),

у Стараж. Рыме легендарны герой часоў барацьбы рымлян супраць этрускаў (канец 6 — пач. 5 ст. да н.э.). Паводле падання, юнак Гай Муцый павінен быў прабрацца ў лагер этрускаў і забіць цара Парсену, але быў схоплены. Парсена патрабаваў назваць імёны саўдзельнікаў, пагражаючы юнаку жорсткімі катаваннямі. Жадаючы паказаць, як ён мала баіцца болю і смерці, Муцый сам апусціў правую руку ў агонь і не выдаў ніводнага гуку, пакуль тлела рука. Магчыма, гэта паданне ўзнікла як тлумачэнне прозвішча Сцэвала (Ляўша), замацаванага за галіною роду Муцыяў.

т. 15, с. 311

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАЛО́ЧКІ, Буйніцкія,

княжацкі род у ВКЛ. Паходжанне невядома, магчыма, Т. — адгалінаванне полацкіх Ізяславічаў. У канцы 14 ст. князь Юрый Т. атрымаў ад вял. князя ВКЛ Вітаўта Рагачоўскую воласць. У сярэдзіне 15 ст. сын Юрыя князь Фёдар Талочкавіч прадаў вотчынны маёнтак Высокае пану Гаштольду. Пляменнік Фёдара князь Леў меў маёнткі Гатушычы і Буйнічы, ад назвы якога ўтворана прозвішча Буйніцкія. На яго сыне Аляксею (? — 1505) род Т. у мужчынскай лініі згас, а родавыя маёнткі перайшлі да шваграў Аляксея — Кандрата Івашкевіча, Аляксандра Солтанавіча і князя Івана Крошынскага.

т. 15, с. 405

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯТЫ́Т (ад прозвішча франц. вучонага Ж.​Б.​Біо),

мінерал класа сілікатаў з групы слюдаў, K(Mg,Fe)3[AlSi3O10](OH,Fe)2. Мае шмат розных прымесяў. Высокажалезісты біятыт наз. лепідамеланам, магнезіяльны — флагапітам.

Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Крышталі таблітчастыя, ліставатыя, лускаватыя. Колер чорны, карычневы, буры. Бляск шкляны. Цв. 2,5—3. Шчыльн. 2,7—3,3 г/см³. Пародаўтваральны мінерал вывергнутых і метамарфічных горных парод; у пегматытах бываюць крышталі пл. да 7 м². У асадкавых пародах Беларусі трапляецца ўсюды. Выкарыстоўваецца для вызначэння абсалютнага ўзросту горных парод аргонавым і стронцыевым метадамі, вытв-сці змазак, бронзавай фарбы, электраізаляцыйных матэрыялаў, дэкар. цэменту, у аптычным прыладабудаванні.

Біятыт.

т. 3, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́НЗЕЛЬ (ад польск. węzeł вузел), манаграма,

пачатковыя літары тытула, імя і прозвішча адной або некалькіх асоб, якія звычайна пераплятаюцца паміж сабою і ўтвараюць своеасаблівы ўзор, малюнак. Мог быць упрыгожаны вянком, каронаю і інш. Вензель манархаў выкарыстоўваўся як геральдычны сімвал на грашовых знаках і інш. (напр., вензель вял. князёў ВКЛ: Жыгімонта II Аўгуста — SA; Стафана Баторыя — SR; Яна II Казіміра Вазы — JKR). Выкарыстоўваецца і як фірменная марка.

В.​С.​Пазднякоў.

Вензелі каралёў польскіх і вялікіх князёў ВКЛ: Жыгімонта II Аўгуста (1), Стафана Баторыя (2), Яна II Казіміра Вазы (3), Станіслава Аўгуста Панятоўскага (4).

т. 4, с. 87

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯЛЫ́НІЦКІЯ-БІРУ́ЛІ,

шляхецкі род герба «Бялыня» ў ВКЛ. Першым у дакументах згадваецца Гаўрыла Сямёнавіч Біруля, які ў час Лівонскай вайны 1558—83 быў ротмістрам казацкай харугвы. Магчыма, род паходзіць ад віцебскіх баяраў Харковічаў, бо ў 1635 Ян Біруля (верагодна, сын Гаўрылы) названы Харковічам. Першая частка прозвішча Бялыніцкіх-Біруляў паходзіць ад радавога маёнтка Бялынічы (сучасная в. Бялынавічы Віцебскага р-на). Валодалі таксама Навасёлкамі каля Бялынавіч, Зачарніччам, Тулавам, маёнткамі каля мяст. Бялынічы Аршанскага пав. (адсюль паданне пра іх паходжанне з гэтых мясцін). З роду Бялыніцкіх-Біруляў паходзяць А.А.Бялыніцкі-Біруля, В.К.Бялыніцкі-Біруля.

В.​Л.​Насевіч.

т. 3, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́ЛЬДУНГ (Baldung; прозвішча Грын; Grien) Ганс (каля 1484/85; г. Швебіш-Гмюнд?, Германія — 1545),

нямецкі жывапісец і графік (дрэварыт, малюнкі) эпохі Адраджэння. Працаваў у Нюрнбергу (у майстэрні А.Дзюрэра), Страсбургу, Фрайбургу (стварыў у саборы гал. алтар «Каранаванне Марыі»). Рэнесансавы рацыяналізм спалучаў з містыкай, абагульненую пластыку — з дробнымі рытмамі. Сярод жывапісных работ: «Пакуты св. Себасцьяна» (1507), «Святая сям’я на адпачынку» (1511—14), «Смерць, што цалуе жанчыну» (1517), «Нараджэнне Хрыста» (1520), «Геркулес і Антэй» (1530), «Адам і Ева» (1531—33), «Сем узростаў жанчыны» (1544), аўтар дрэварытаў, малюнкаў.

Я.​Ф.​Шунейка.

Г.Бальдунг. Сем узростаў жанчыны. 1544.

т. 2, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЙНЫ-ЯСЯНЕ́ЦКІЯ,

дзяржаўныя дзеячы ВКЛ, шляхецкі род герба «Гакі». Паходзяць ад віцебскіх баяр Рамейкавічаў. Сын аднаго з іх, Война Богушавіч Рамейка, у сярэдзіне 16 ст. валодаў маёнткам Ясянец на р. Сэрвач у Новагародскім (Навагрудскім) пав. Яго нашчадкі — павятовая шляхта ў Віцебскім, Новагародскім і Мазырскім пав. — карысталіся прозвішчам Войны-Ясянецкія (зрэдку з дадаткам старога прозвішча Рамейка). З іх Ян (Іван) у канцы 16 ст. быў намеснікам віцебскага ваяводы, Фёдар Мацвеевіч у 1634 валодаў маёнткам Ласосіна, Канстанцін у 1633—35 быў пісарам земскім віцебскім, Аляксандр (?—1698) быў войскім віцебскім, кашталянам новагародскім (1684).

В.​Л.​Насевіч.

т. 4, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КОНЬ (сапр. прозвішча, магчыма, Іваноў) Фёдар Савельевіч, рускі дойлід 2-й пал. 16 ст. Адзін са стваральнікаў рус. фартыфікацыйнай школы, якая зрабіла ўплыў на крапасное буд-ва 16—17 ст. у Расіі і на Беларусі. Паходзіў, верагодна, з прыгонных (раён Дарагабужа, цяпер Смаленская вобл.). Будаўнік магутных крапасных збудаванняў: каменныя сцены і вежы Белага горада Масквы (1585—93, знесены ў 18 ст.), гар. сцены Смаленска (1595—1602) і інш. Яму прыпісваюць буд-ва крэпасці Барысаў Гарадок каля Мажайска (1599, разабрана ў пач. 19 ст.).

Літ.:

Белогорцев И. Зодчий Федор Конь. Смоленск, 1949;

Косточкин В.В. Государев мастер Федор Конь. М., 1964.

т. 8, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФРАНЦКЕ́ВІЧЫ-РАДЗІМІ́НСКІЯ, Радзімінскія,

шляхецкі род герба «Бродзіц» у ВКЛ. Паходзілі з Мазовіі, дзе мелі прозвішча Радзімінскія; пазней ад імя Францішка (Францка) Радзімінскага, падкаморыя полацкага ў 16 ст., утварылася прозвішча Францкевічы. Найб. вядомыя:

Ежы (? — пасля 1629), сын Міхала, лідскі войскі, суддзя земскі, маршалак Трыбунала ВКЛ у 1628, з 1629 маршалак, каралеўскі сакратар. Мікалай (каля 1585 — каля 1630), сын Міхала, харунжы надворны ВКЛ у 1611—13, староста мсціслаўскі з 1613, васілішскі, радамльскі, маршалак Трыбунала ВКЛ у 1620. Мацей Міхал (? — 24.8.1654), харунжы новагародскі з 1636, староста мазырскі з 1651, пісар польны ВКЛ з 1653. Казімір (7—23.8.1694), сын Міхала, падчашы мінскі, лідскі падкаморы з 1674, войскі з 1687, староста з 1679, падскарбі надворны ВКЛ з 1689; маршалак Трыбунала ВКЛ у 1682, 1688, 1693; староста крэўскі, лідскі. Заснаваў кляштар кармелітаў у мяст. Жалудок, базыльянскі манастыр у г. Ушачы. Стафан (? — каля 1712), сын Яна, харунжы новагародскі ў 1654. Вызначыўся ў Хацінскай бітве 1673, у бітве з туркамі пад Венай у 1683. Шмат разоў у 1648—1712 выбіраўся паслом на сеймы, уваходзіў у шматлікія сеймавыя камісіі. Міхал Гедэон (? — 16.6.1712), сын Стафана, староста слонімскі з 1693, харунжы надворны ВКЛ з 1695. Казімір Юзаф (28.10.1680, Полацкае ваяв. — 27.3.1728), член ордэна езуітаў з 1698, рэктар езуіцкіх калегіумаў у Оршы ў 1720—27 і Мінску ў 1727—28. Міхал Юзаф (1730, г. Вількамір, цяпер г. Укмерге, Літва — 27.12.1780), член ордэна піяраў з 1746, рэктар піярскіх калегіумаў у Шчучыне і Вільні. З 1775 узначаліў Літоўскую правінцыю піяраў. Значна развіў школьную справу піяраў пасля скасавання ордэна езуітаў і ІХ навуч. устаноў.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 16, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛУАЗІ́Т (ад прозвішча бельг. геолага Ж.​Амаліуса д’Алуа),

гліністы мінерал падкласа слаістых сілікатаў, гідраксілалюмасілікат Al4[Si4O10](OH8)∙4H2O. Прымесі Fe​3+, Cr​3+. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Крышталі ультрамікраскапічныя, трубчастыя. Характэрныя воскападобныя і фарфорападобныя агрэгаты. Колер белы, шэры, зеленаваты. Бляск жамчужны ці васковы да матавага. Цв. 1—2,5. Шчыльн. 2—2,6 г/см³. У вадзе размакае, утварае суспензію, пластычную масу. Утвараецца ў экзагенных умовах пры выветрыванні алюмасілікатных парод (габра, дыябазаў, сіенітаў і інш.). Састаўная частка некат. глін. Сыравіна керамічнай прам-сці; выкарыстоўваецца таксама для вытв-сці каталізатараў і напаўняльнікаў. На Беларусі трапляецца ў каалінітавых, латэрытных і інш. корах выветрывання крышт. фундамента.

Галуазіт.

т. 4, с. 471

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)