ДЗЮПО́Н ДЭ НЕМУ́Р ((Duponts de Nemours) П’ер Самюэль) (14.12.1739, Парыж — 7.8.1817),
французскі эканаміст і паліт. дзеяч. Прадстаўнік школы фізіякратаў (увёў гэты тэрмін). Вучань і супрацоўнік Ф.Кенэ, дарадчык А.Р.Ж.Цюрго і яго паслядоўнікаў. У 1767 апублікаваў працу «Аб узнікненні і развіцці новай навукі», у якой даў найб. поўны сістэм. выклад вучэння фізіякратаў. У 1780 ініцыіраваў правядзенне ў Францыі фін. рэформ. У 1789 абраны ў Нац. сход. Прыхільнік усеагульнай асветы, распрацаваў шэраг адукац. праектаў, заснаваных на вучэнні фізіякратаў, у т. л. для Цюрго ў Францыі (1775) і Т.Джэферсана ў ЗША (1800), а таксама для Адукацыйнай камісіі ў Рэчы Паспалітай (у 1774 кароткі час быў яе сакратаром). У сваіх працах адзначаў узорны характар асв. рэформы ў Рэчы Паспалітай. У 1814 эмігрыраваў у ЗША.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖНАРО́ДНАЯ АСАЦЫЯ́ЦЫЯ НАВЕ́ЙШАЙ ГІСТО́РЫІ ЕЎРО́ПЫ, Міжнародная асацыяцыя па сучаснай гісторыі Еўропы,
міжнароднае аб’яднанне гісторыкаў, створанае для развіцця выкладання і даследаванняў у галіне сучаснай гісторыі Еўропы (пасля 1789) і супрацоўніцтва з гэтай мэтай з нац. і міжнар.навук. арг-цыямі. Засн. 30.11.1968 у г. Страсбур (Францыя) як Еўрап. асацыяцыя па сучаснай гісторыі (сучасная назва з 1980). Аб’ядноўвае (1999) вучоных больш як 30 краін. Членства ў Асацыяцыі індывід. і калектыўнае. Асн. форма дзейнасці — правядзенне канферэнцый (адбываюцца кожныя 2 гады), калёквіумаў і круглых сталоў. Штаб-кватэра асацыяцыі ў г. Жэнева (Швейцарыя). Друкаваныя органы — час. «Bulletin de liaison et d’information» («Бюлетэнь сувязі і інфармацыі») і «Guide de la recherche en histoire contemporaine» («Гід у вывучэнні сучаснай гісторыі»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖНАРО́ДНЫ МУЗЫ́ЧНЫ САВЕ́Т (ММС; Conseil international de la musique),
міжнародная музычная арг-цыя. Створана ў 1949 пры ЮНЕСКА (Парыж). Аб’ядноўвае шэраг муз.прафес. і аматарскіх арг-цый і муз. дзеячаў. Мае на мэце ўстанаўленне і развіццё сувязей паміж нац. і міжнар.муз. арг-цыямі і каардынацыю іх дзейнасці; правядзенне кангрэсаў, конкурсаў, фестываляў, сімпозіумаў і інш. Раз у 2 гады збірае Ген. асамблеі. Штогод праводзіць т.зв. трыбуны кампазітараў і выканаўцаў, раз у 2 гады — форумы музыкі Азіі і Афрыкі. Выдае час. «The World of Music» («Свет музыкі»), У ММС уваходзяць нац.муз. к-ты каля 60 краін. У яго складзе 16 міжнар. арг-цый, найб. буйныя — Міжнар.т-ва сучаснай музыкі, Міжнароднае таварыства музыказнаўства, Міжнар. федэрацыя муз. моладзі, Міжнар. савет муз. фальклору.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕТЭРЫНА́РНАЯ САНІТАРЫ́Я,
галіна ветэрынарыі, якая вывучае і распрацоўвае мерапрыемствы па прадухіленні і ліквідацыі хвароб жывёл і ахове людзей ад узбуджальнікаў інфекцый і інвазій, агульных для чалавека і жывёл. Санітарныя мерапрыемствы па ахове здароўя людзей прадугледжваюць арганізацыю і правядзенневетэрынарна-санітарнага нагляду ў кансервавай, малочнай, гарбарнай і інш. галінах прам-сці па перапрацоўцы прадукцыі жывёлагадоўлі, а таксама ў месцах захоўвання і продажу гэтых прадуктаў. Санітарныя меры па ахове здароўя жывёл маюць на мэце падтрыманне пэўнага рэжыму ў памяшканнях для жывёл, пры захоўванні і апрацоўцы кармоў, прыбіранні і захоўванні гною, а таксама дэзінфекцыю, прыбіранне трупаў, ахову глебы, вады ад забруджвання. Распрацоўваюцца вет.-сан. мерапрыемствы па прадухіленні антрапазаанозаў, хвароб жывёл у жывёлагадоўчых комплексах, барацьбе з пераносчыкамі ўзбуджальнікаў інфекц. хвароб — членістаногімі, павышэнні сан. якасці прадуктаў і сыравіны жывёльнага паходжання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРГАНІЗА́ЦЫЯ АБ’ЯДНА́НЫХ НА́ЦЫЙ ПА ПРАМЫСЛО́ВЫМ РАЗВІЦЦІ́ (United Nations Industrial Development Organization; ЮНІДО),
міжурадавая арг-цыя ў сістэме ААН. Створана ў 1966. Паводле статута (прыняты ў 1979 у Вене) ЮНІДО аўтаномная спецыялізаваная ўстанова (з 1986). Чл. арганізацыі з’яўляюцца 147 дзяржаў (1990).
Асн. мэты і віды дзейнасці: дапамога краінам, што развіваюцца, у правядзенні і паскарэнні індустрыялізацыі, распрацоўка і каардынацыя з гэтай нагоды мерапрыемстваў ААН; садзейнічанне ва ўмацаванні супрацоўніцтва паміж індустрыяльна развітымі краінамі і тымі, што стаяць на шляху развіцця; правядзенне адпаведных кансультацый і перагавораў, падтрымка інвестыцыйных працэсаў, перадача тэхналогій і г.д. Аказвае тэхн. дапамогу, распрацоўвае праграмы падрыхтоўкі кадраў для прам-сці, выступае як цэнтр па зборы, сістэматызацыі і распаўсюджванні прамысл. інфармацыі.
Асн. органы — Ген. Канферэнцыя, Савет па прамысл. развіцці і К-т па праграме і бюджэце. Штаб-кватэра арг-цыі ў Вене.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКАЯ ВУЧО́НАЯ АРХІ́ЎНАЯ КАМІ́СІЯ,
гістарычнае т-ва Віцебскай губ. ў 1909—19. Створана 13.6.1909 па ініцыятыве Е.Р.Раманава, А.П.Сапунова, В.С.Арсеньева. Мела на мэце ахову помнікаў гісторыі і культуры, вывучэнне і папулярызацыю гісторыі роднага краю, збор прадметаў старажытнасці, старадаўніх рукапісаў і дакументаў, правядзеннеархеал. раскопак, выданне навук. і папулярных прац. У канцы 1910 налічвала 28 членаў-заснавальнікаў, 99 ганаровых і 325 правадз. членаў, 15 членаў-супрацоўнікаў. Старшыні камісіі: Арсеньеў, У.А.Кадыгробаў, К.І.Ціхаміраў. Мела праўленне, савет, гіст. Архіў, музей, б-ку. Існавала на субсідыі ўрада, членскія ўзносы, грашовыя ахвяраванні, зборы з лекцый. У 1910 па яе ініцыятыве адкрыты Віцебскі настаўніцкі інстытут, у 1911 — Віцебскае аддзяленне Маскоўскага археалагічнага інстытута. Выдавала перыядычны зб.«Полацка-Віцебская даўніна». Скасавана ў сувязі з утварэннем Віцебскага губ. архіўнага ўпраўлення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАЛАГІ́ЧНЫ ЗАКА́ЗНІК,
тэрыторыя, вылучаная з мэтай захавання і аднаўлення каштоўных водных аб’ектаў і комплексаў прыроды. Уключаюць азёрныя, балотныя і рачныя заказнікі. На Беларусі (на 1.1.1997) 14 гідралагічных заказнікаў рэсп. значэння: Балота Мох, Белае, Вялікае Астравіта, Глыбокае-Чарбамысла, Доўгае, Ельня, Карыценскі Мох, Крывое, Рычы, Сосна ў Віцебскай, Заазер’е ў Магілёўскай, Чарэмшыца ў Мінскай, Выганашчанскае ў Брэсцкай, Дзікае ў Брэсцкай і Гродзенскай абласцях (агульная пл. 93 825 га); 14 заказнікаў мясц. значэння: 2 у Брэсцкай, 8 у Віцебскай, 3 у Гомельскай і 1 у Мінскай абласцях.
На тэр. гідралагічнага заказніка забараняецца здабыча торфу, нарыхтоўка моху, правядзенне меліярацыйных работ. Пры ўмове захавання водаахоўнай ролі насаджэнняў дазваляецца высечка лесу, кустоў, нарыхтоўка прутоў, дубільнай кары, а таксама касьба, збор грыбоў і ягад. Паляванне і рыбная лоўля вядуцца па вызначаных правілах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМАСА́ЦЫЯ (польск. komasacja),
ліквідацыя цераспалосіцы звядзеннем сялянскіх зямель у адзін участак з наступным выхадам на хутары; састаўная частка агр. рэформы ў Польшчы, абвешчанай сеймам у 1919. Праводзілася паводле закону ад 28.12.1925 «Пра парцэляцыю, камасацыю і асадніцтва» з мэтай умацаваць у Зах. Беларусі заможнае сялянства як апору польск. ўрада. Закон абавязваў памешчыкаў прадаваць сялянам і асаднікам участкі зямлі па 15 га у Польшчы і па 26 га у Зах. Беларусі і Зах. Украіне. З 1 млн.га зямлі, прададзенай у 1926—30 памешчыкамі, 90% купілі заможныя сяляне і асаднікі. Бяднейшым сялянам даставаліся горшыя землі. Расходы на К. цалкам клаліся на сялян. Правядзенне К. асабліва паскорылася ў гады эканам. крызісу 1929—30. Як і ўся агр. рэформа, К. ўзмацніла сац. размежаванне зах.-бел. вёскі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМІ́СІЯ ПА СПРА́ВАХ НЕПАЎНАЛЕ́ТНІХ,
у Рэспубліцы Беларусь орган, які каардынуе дзейнасць дзярж. органаў і грамадскіх аб’яднанняў па папярэджанні безнагляднасці і правапарушэнняў непаўналетніх, уладкаванні дзяцей і падлеткаў, ахове іх правоў. Разглядае справы аб правапарушэннях дзяцей і падлеткаў, кантралюе правядзенне выхаваўчай і прафілактычнай работы з непаўналетнімі ў навуч. установах (у т. л. ў спец. установах закрытага тыпу), у прыёмніках-размеркавальніках для непаўналетніх і выхаваўча-працоўных калоніях. Камісіі ўтвараюцца пры гар., раённых, абл. выканкомах, а Камісія па справах непаўналетніх пры СМ Рэспублікі Беларусь — СМ Рэспублікі Беларусь. Склад камісій, іх правы і парадак дзейнасці рэгламентуюцца заканадаўствам. Пастановы, прынятыя камісіямі, абавязковыя для выканання прадпрыемствамі, арг-цыямі, установамі незалежна ад форм уласнасці, службовымі асобамі і грамадзянамі. Дзейнасць камісій ажыццяўляецца пры шырокім удзеле грамадскасці і ва ўзаемадзеянні з пастаяннымі камісіямі Саветаў дэпутатаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІТВІ́Н (Міхалон) (сапр.Цішкевіч Міхайла),
бел. гуманіст і мысліцель 16 ст. З шляхты. У 1538—40 пасол ВКЛ да крымскага хана Сагіб-Гірэя. Аўтар сац.-паліт. трактата на лац. мове «Аб норавах татараў, літоўцаў і масквіцян» [нап. каля 1550, выд. 1615 у Базелі (Швейцарыя)]. З пазіцый бяднейшай шляхты крытыкаваў сац.-паліт. адносіны, дзярж. лад, суд. ўстановы і феад. права ВКЛ, уклад жыцця духавенства і царк. парадкі, выступаў за правядзеннесуд. рэформ. Прычынай сац. несправядлівасці лічыў «сапсаванасць нораваў», таму ідэалам абвяшчаў грамадства без маёмаснай няроўнасці, асуджаў імкненне да раскошы і марнатраўства. У справе перабудовы грамадска-паліт. адносін заклікаў звяртацца да вопыту суседніх народаў (рускіх, татараў і інш.).
Літ.:
Сокол С.Ф. Социологическая и политическая мысль в Белоруссии во II половине XVI в. Мн., 1974. С. 37—63.