РЭАНІМАТАЛО́ГІЯ (ад рэанімацыя + ...логія),

раздзел клінічнай медыцыны, які вывучае механізмы надыходу смерці і аднаўлення функцый арганізма чалавека. Навукова абгрунтоўвае метады рэанімацыі і прафілактыкі развіцця небяспечных для жыцця станаў. Вывучае прычыны смерці (танаталогія), прычыны раптоўнага спынення сэрца або дыхання, абгрунтоўвае своечасовае правядзенне метадаў ажыўлення, распрацоўвае сучасныя прыёмы рэанімацыі. Даследуе жыццёва важныя сістэмы арганізма: сардэчна-сасудзістую, ц. н. с., дыхальную і інш., прафілактыку развіцця неабарачальных змен у арганізме (біял. смерць), інтэнсіўныя рэанімацыйныя мерапрыемствы пасля спынення сэрца або дыхання, прыёмы па ажыўленні да поўнага аднаўлення функцый арганізма.

Літ.:

Неотложные состояния: Справ. для врачей. 2 изд. Мн., 1998;

Синдром смерти. Мн., 1999.

У.​А.​Кульчыцкі, А.​А.​Зайцаў.

т. 13, с. 537

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)