спосабы перажывання жывёламі неспрыяльных зімовых умоў ва ўмераных і высокіх шыротах. У беспазваночных такімі прыстасаваннямі з’яўляюцца цыклы развіцця, якія забяспечваюць іх выжыванне, напр., насякомыя перажываюць зіму на холадаўстойлівых фазах яец (многія жукі, матылі, саранча), лічынак (некат. жукі, камары, стракозы, цыкады) або кукалак (многія матылькі). Прыстасаваннем да зімоўкі з’яўляецца спячка, характэрная для некат. пайкілатэрмных жывёл (беспазваночныя, рыбы, земнаводныя, паўзуны), а таксама для шэрагу гамаятэрмных жывёл (млекакормячыя — вожыкі, кажаны, суркі, суслікі, соні і інш.); некат. млекакормячым уласцівы зімовы сон (буры мядзведзь, барсук, хамяк, янот і інш.). Птушкі, большасць млекакормячых і рыб, некат. насякомыя перасяляюцца на зіму ў інш. біятопы або р-ны з больш спрыяльнымі кліматычнымі ўмовамі і кармавой базай (гл.Міграцыі жывёл, Пералёты птушак). У многіх жывёл у выніку асенняй лінькі паяўляецца густая поўсць або пер’евае покрыва, якія зніжаюць цеплааддачу і ўтвараюць ахоўную афарбоўку. З восені жывёлы запасаюцца кормам або пераходзяць на больш даступны корм. Робяць сховішчы ў снезе, будуюць гнёзды. Дробныя птушкі і звяры зімой начуюць групамі, што памяншае аддачу цяпла. У час зімоўкі таксама праводзіцца ахова жывёл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБЁР (Castor fiber),
млекакормячая жывёла атр. грызуноў. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Амерыцы, дзе жыве другі від — бабёр канадскі. На Беларусі трапляецца амаль усюды. Ахоўваецца. Трымаецца старыцаў, рэк з павольным цячэннем, азёраў з багатай прыбярэжнай расліннасцю.
Даўж. цела каля 100 см, хваста да 34 см, маса да 30 кг. Тулава тоўстае, масіўнае, ногі кароткія, пяціпальцыя, заднія з плавальнымі перапонкамі. Хвост пляскаты (шыр. да 15 см), укрыты буйнымі рагавымі шчыткамі. Поўсць густая, шаўкавістая, з доўгімі восцевымі валасамі і густым пухам. Жыве сем’ямі. Добра плавае і нырае. Рые норы, будуе хаткі, запруды. Корміцца карэнішчамі травяністых раслін, карой і маладымі галінкамі лазы, асіны і інш. Нараджае 1—5 бабранят. Каштоўны: выкарыстоўваецца футра і бабровы струмень.
У мінулым важны аб’ект палявання, абмену і гандлю на Беларусі. Косці бабра выяўлены пры раскопках гарадзішчаў 6—12 ст. на тэр. рэспублікі і сумежных раёнаў Смаленшчыны. Вядомы граматы 14—16 ст., выдадзеныя манастырам і прыватным асобам на ўгоддзі з бабровымі гонамі (месцы адлову бабра) каля Полацка, Маладзечна, в. Трасцянец (Мінскі р-н), Слуцка і інш. За карыстанне гонамі насельніцтва плаціла падаткі. Статут ВКЛ 1588 забараніў лавіць баброў у чужых уладаннях, трывожыць у месцах пасялення, весці ворыва, высечку кустоў, сенакос паблізу бабровых гнёздаў. Наглядам за бабровымі гонамі і іх аховай займалася спец. катэгорыя сялян-слуг (гл.Баброўнікі). У 18 ст. бабёр — звычайны звер толькі на Бярэзіне, Прыпяці, Піне, Ясельдзе, Свіслачы. На пач. 20 ст. бабёр амаль знік, невял. паселішчы засталіся толькі ў маладаступных для чалавека мясцінах на Бярэзіне, Сажы і Нёмане. Для аднаўлення і павелічэння запасаў у 1925 створаны Бярэзінскі запаведнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫМА́ТЫ (Primates),
атрад вышэйшых млекакормячых надатр. плацэнтарных. Вядомы з верхняга мелу (каля 130 млн.г. назад). Найб.стараж. прадстаўнікі — залямбдалестасы, ад якіх эвалюцыяніравалі лемурападобныя і тарзіпадобныя (продкі даўгапятаў) і ад якіх паходзяць шыраканосыя і вузканосыя малпы. 2 падатр.: паўмалпы і малпы. Каля 200 відаў. Пашыраны пераважна ў трапічных і субтрапічных лясах Азіі, Афрыкі, Цэнтр. і Паўд. Амерыкі. Жывуць на дрэвах, ёсць паўназемныя і наземныя формы. Большасць відаў актыўныя днём. Трымаюцца статкамі, радзей парамі ці паасобна. Згуртаванні П. маюць складаную арганізацыю і супадпарадкаванне. 69 відаў і падвідаў П. занесены ў Чырв. кнігу МСАП.
Даўж. ад 13 см (лемуры мышыныя, ігрункі карлікавыя) да 200 см (гарыла), маса ад 60 г да 180 кг і больш (у няволі). Большасць П. маюць хвост. Валасяное покрыва развітое, у паўмалпаў — з падшэрсткам. У многіх П. поўсць і безвалосыя ўчасткі скуры ярка афарбаваныя. Вочы карыя або жоўтыя. Ва ўсіх малпаў канечнасці пяціпальцыя, добра развітыя, вял. пальцы ў многіх П. проціпастаўлены інш. пальцам. Іх канцавыя фалангі маюць ногці (акрамя тупайевых). Кара галаўнога мозга ў паўмалпаў з малой колькасцю барознаў і звілін, у малпаў (і чалавека) вял. паўшар’і мозга добра развітыя, са шматлікімі барознамі і звілінамі (акрамя ігрунковых). Зрок і слых развітыя, нюх рэдукаваны. Зрок пераважна бінакулярны, у малпаў і чалавека каляровы. Зубная сістэма гетэрадонтная (разцы, іклы, карэнныя); у большасці паўмалпаў і ўчэпістахвостых малпаў 36 зубоў, у вузканосых малпаў і чалавека — 32. Усёедныя. Размнажаюцца ўвесь год, нараджаюць звычайна 1 дзіцяня (у ніжэйшых — 2—3).
Літ.:
Жизнь животных. Т. 7. 2 изд. М., 1989. Гл. таксама літ. да арт.Прыматалогія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗУБР (Bison bonasus),
млекакормячае сям. пустарогіх атр. парнакапытных. 2 падвіды: раўнінны еўрап. белавежскі (B.b. bonasus) і каўказскі (B.b. caucasicus). У мінулым быў пашыраны на тэр. Літвы, Украіны (без Крыма), Прыдоння і Вял. Каўказа. На пач. 20 ст. захаваўся ў Белавежскай пушчы і на Каўказе, але быў знішчаны — у пушчы ў 1919, на Каўказе ў 1927.
У заапарках шэрагу краін захавалася 56 жывёл. Узнаўленне З. праводзілася ў спец. гадавальніках у Белавежскай пушчы ў Польшчы, заапарках Еўропы, на Каўказе, у Асканіі-Нова, Беларусі, Прыокскатэрасным і Окскім запаведніках, Літве. Еўрапейскі падвід аднаўляецца шляхам развядзення жывёл, якія захаваліся ў заапарках, каўказскі — гібрыдызацыяй B. bonasus × B. bonasus caucasicus. Акрамя чыстакроўных З. разводзяць гібрыдаў (зубрабізон і складаныя гібрыды са свойскай жывёлай). Жыве ў лісцевых і мяшаных лясах. У вясенне-летні перыяд З. трымаецца ў мясцінах з разнатраўем; увосень канцэнтруецца ў дубравах або лясах; зімой корміцца парасткамі, карой дрэў і інш., трымаецца паблізу падкормачных пунктаў. На Беларусі жыве падвід З. еўрап. белавежскі. Рэдкі, знаходзіцца ў стадыі аднаўлення папуляцый. Занесены ў Чырв. кнігу МСАП і Беларусі. На 1.1.1997 у Белавежскай пушчы 280 З., у Бярэзінскім біясферным запаведніку 34, у Прыпяцкім запаведніку 29, у інш. раёнах Беларусі 43 асобіны. Трымаецца статкамі да 20 асобін на чале з самкай.
Даўж. цела да 3,5 м, выш. ў карку да 2 м, маса да 1,2 т; самкі драбнейшыя. Пярэдняя ч. тулава масіўная за кошт гарба. Галава адносна невял. з парай серпападобных рагоў. Шыя кароткая і тоўстая. Грудзі шырокія, магутныя. Поўсць адносна кароткая, зімой вельмі густая, бурая; на карку, шыі, падбародку доўгая, утварае грыву, бараду, махры падгузка. Палаваспелыя ў 3—4 гады. Нараджае пераважна 1 цяля; многія зубрыцы целяцца раз у 2 гады. Жыве 25—30 гадоў.