СПАНІЭ́ЛІ (англ. spaniel ад ісп. español іспанскі),

група парод (больш за 20) паляўнічых сабак для палявання на вадаплаўную, балотную і баравую дзічыну. Знаходзяць дзічыну, выганяюць яе пад выстрал паляўнічага, адшукваюць застрэленых птушак. Выведзены ў 15—16 ст. у Іспаніі. Сучасныя пароды (кокер-С., спрынгер-С., фільд-С., нарфольд-С.) сфарміраваліся ў 18—19 ст. у Вялікабрытаніі. Выведзены дэкар. пароды С. (кінгчарльз-С., той-С. і інш.).

Канстытуцыя моцная, сухая. Выш. ў карку 36—44 см. Масць чорная, карычневая (з падпалінамі), рыжая, белая або шэрая з плямамі і крапам. Поўсць доўгая, прамая або злёгку хвалістая, на вушах і лапах. пачассе. Галава доўгая з выпуклым ілбом і звіслымі вушамі. Хвост купіруюць. Тып паводзін ураўнаважаны-рухавы. Тыповы алюр на пошуку — лёгкі галоп.

Спаніэлі: 1 — кінг-чарльз-спаніэль; 2 — амерыканскі кокер-спаніэль; 3 — англійскі кокер-спаніэль; 4 — фільд-спаніэль; 5 — кламбер-спаніэль.

т. 15, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)