ДЗЯМ’Я́НКІ,

група археал. помнікаў (2 стаянкі канца 5—1-й пал. 2-га тыс. да н.э., бескурганны 3—7 ст. і курганны 6—12 ст. могільнікі, селішча 12—15 ст.) каля в. Дзям’янкі Добрушскага р-на Гомельскай вобл. На стаянках верхнедняпроўскай і сярэднедняпроўскай культур сярод знаходак крамянёвыя прылады працы, рэшткі ляпнога посуду. На бескурганным могільніку пахавальны абрад — трупаспаленне па-за межамі могільніка; на курганным — трупаспаленне і трупапалажэнне галавой на З і У (адзіны некропаль радзімічаў, які існаваў бесперапынна ў 7—12 ст.). На селішчы прасочаны рэшткі 4—5 пабудоў. Непадалёку ад вёскі выяўлена 11 стаянак каменнага і бронзавага вякоў.

т. 6, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАБЕ́НШЧЫНА,

гарадзішча штрыхаванай керамікі культуры каля в. Лабеншчына Мінскага р-на. Пляцоўка з У умацавана 3 валамі і 2 равамі, з ПнЗ — 2 валамі і 2 равамі. У ранні перыяд існавання (4—1 ст. да н.э.) гарадзішча было слаба ўмацавана, пляцоўка выкарыстоўвалася часткова. Выяўлены рэшткі 5 наземных жытлаў слупавой канструкцыі, падзеленых на асобныя жылыя камеры, агнішчы круглай і авальнай форм, абкладзеныя камянямі, печ-домніца. У 2—4 ст. гарадзішча заселена поўнасцю, насыпаны валы, выкапаны равы, па краі пляцоўкі пастаўлена драўляная сцяна. Знойдзена вял. колькасць рэшткаў посуду, жал. сякеры, сярпы, посахападобныя шпількі, скроневыя кольцы, гліняныя прасліцы і інш.

т. 9, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎСКІ МУЗЕ́Й ЭТНАГРА́ФІІ,

філіял Магілёўскага абласнога краязнаўчага музея. Адкрыты ў 1981. Пл. экспазіцыі 760 м², каля 4,5 тыс. экспанатаў асн. фонду (1999). Матэрыялы музея знаёмяць з матэрыяльнай і духоўнай культурай сялян Магілёўскага Падняпроўя і гарадскім побытам магіляўчан канца 19 — пач. 20 ст. Сярод экспанатаў прылады працы, прадметы побыту, нар. адзенне краснапольскага і магілёўскага строяў, калекцыі ручнікоў кожнага раёна Магілёўшчыны, абразоў магілёўскай іканапіснай школы 17—19 ст., кафлі і драўлянай скульптуры 17—19 ст., фарфоравага і сярэбранага посуду, самавараў, мэблі, газавых лямпаў, царк. кнігі, часопісы 19 — пач. 20 ст.

С.​Б.​Рыбакова, Ж.​Я.​Клімуць.

т. 9, с. 469

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АТВЕ́РЖЫЧЫ,

бескурганны могільнік і 2 селішчы зарубінецкай культуры, курганны могільнік 10—11 ст. каля в. Атвержычы Столінскага р-на Брэсцкай вобласці. Даследавалі ў 1950—60-я г. Ю.​У.​Кухарэнка і К.​В.​Каспарава. На бескурганным могільніку ўскрыта 97 пахаванняў з трупаспаленнем у авальных або круглых ямах (1 ст. да нашай эры — 1 ст. нашай эры). Знойдзена шмат ляпнога посуду, металічныя фібулы, буйныя шпількі, трапецападобныя падвескі, бранзалеты, скураны пояс, упрыгожаны бронзавымі пласцінамі і бляшкамі, і інш. На адным з селішчаў раскапана паўзямлянка памерам 4,8×3 м, заглыбленая ў зямлю на 0,7 м, з рэшткамі глінабітнай печы дыям. 0,65 м.

Бронзавыя шпілька і фібулы з бескурганнага могільніка Атвержычы.

т. 2, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́СЕЎСКІ ХРУСТАЛЁВЫ ЗАВО́Д,

прадпрыемства гатунковага шклянога посуду і высокамастацкіх вырабаў. Засн. ў 1756 А.​Мальцовым у г. Гусь-Хрустальны (Расія, б. з-д А.​Мальцова); тут упершыню ў Расіі пачалі вырабляць хрусталь. Асн. прадукцыя канца 19 — пач. 20 ст. — вырабы з бясколернага і каляровага шкла (з размалёўкай і залачэннем), хрусталю (з алмазнай гранню і гравіроўкай), вазы з 2—3-слойнага хрусталю) з траўленнем, 1950-х г. — выдзіманыя шклянкі для гарбаты і віна, 1960-х г. — свінцовы хрусталь. На з-дзе ствараюць розныя віды хрусталёвых вырабаў — сувеніры, дэкар. кампазіцыі і інш.

Да арт. Гусеўскі хрусталёвы завод. Я.​Рогаў. Дэкаратыўны набор. 1968.

т. 5, с. 544

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗВЯРКО́ (Міхаіл Мартынавіч) (27.1.1930, г.п. Івянец Валожынскага р-на Мінскай вобл. — 1989),

бел. майстар маст. керамікі. Працаваў ганчаром на Івянецкай ф-цы маст. керамікі (з 1955). Стварыў шэраг арыгінальных маст. твораў, а таксама ўзораў керамічных вырабаў для масавай вытв-сці. Прадаўжаў і развіваў мясц. традыцыі вырабу ганчарнага быт. посуду, аздобленага фляндроўкай, фігурных ляпных пасудзін у выглядзе зуброў, мядзведзяў, ільвоў, бараноў і інш., цацкі. Арыгінальнасцю ганчарнай пластыкі, дасціпнасцю вырашэння вызначаецца дробная скульптура ў выглядзе фігурак людзей і цэлых кампазіцый на быт. і фальклорныя тэмы: «Вяселле» (1970), «Івянецкія ганчары» (1975), «Царскі генерал» (1976), «Чырвонаармеец» (1978) і інш.

Я.​М.​Сахута.

М.Звярко. Леў. 1976.

т. 7, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́ДНА-НІ́КЕЛЕВЫЯ СПЛА́ВЫ,

медныя сплавы, у якіх асн. легіруючым элементам з’яўляецца нікель. Пры дабаўленні нікелю да медзі павялічваюцца яе трываласць, каразійная ўстойлівасць, зніжаецца тэмпературны каэф. эл. супраціўлення. Добра апрацоўваюцца ціскам.

М.-н. с. падзяляюць на канструкцыйныя і электратэхнічныя. Канструкцыйныя М.-н.с. — мельхіёр, нейзільбер (мае 5—35% нікелю і 13—45% цынку), куніяль (4—20% нікелю і 1—4% алюмінію), вызначаюцца добрымі антыкаразійнымі ўласцівасцямі і прыгожым серабрыстым колерам. Выкарыстоўваюць у суднабудаванні, для вытв-сці посуду і маст. вырабаў. Электратэхнічныя М.-н.с. — канстантан (39—41% нікелю і 1—2 % марганцу), капель (42,5—44 % нікелю і 0,1—1% марганцу), маюць высокае эл. супраціўленне. Выкарыстоўваюць для вырабу рэзістараў, рэастатаў, тэрмапар.

т. 10, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТАНІ́МІЯ (ад грэч. metōnymia перайменаванне),

перанос назвы аднаго прадмета ці з’явы на інш. прадмет ці з’яву на аснове пэўнай прычыннай сувязі паміж імі; від паэт. mpona. М. — ужыванне імя аўтара ў значэнні напісаных ім твораў («вывучаю Пушкіна», «купіў Багдановіча»), назвы краіны — у значэнні насельніцтва, якое там жыве («Уся Беларусь узнялася супраць фашысцкіх захопнікаў»), назвы прылады дзеяння замест яго самога ці яго вынікаў («пяро Купалы», «пэндзаль Бялыніцкага-Бірулі»), назвы посуду замест таго, што ў ім звычайна знаходзіцца («выпіў кубак», «з’еў талерку»), перанос значэння ўнутр. уласцівасці рэчы на яе самую («смеласць гарады бярэ») і г.д. Адзін з відаў М. — сінекдаха.

В.​П.​Рагойша.

т. 10, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРУЖА́НСКАЯ КЕРА́МІКА,

ганчарныя вырабы майстроў 19—20 ст. з г. Пружаны Брэсцкай вобл., аднаго з буйнейшых ганчарных цэнтраў паўд.зах. Беларусі. Выраблялі чорнаглянцаваны посуд традыц. асартыменту: гаршкі і слоі з накрыўкамі, збаны, макатры, спарышы, міскі, талеркі, патэльні, кубкі і інш., якія вызначаліся буйнымі формамі, глянцаваным дэкорам у выглядзе вертыкальных і косых палос, рамбічнай сеткі, завіткоў, елачкі і інш. Характар размяшчэння дэкору падкрэсліваў выразнае чляненне форм вырабаў. З 1920-х г. асвоены таксама выраб глазураванага посуду. З 1984 промысел не існуе.

Літ.:

Сахута Я.М. Беларуская народная кераміка. Мн., 1987.

Я.​М.​Сахута.

Да арт. Пружанская кераміка. А.​Такарэўскі. Ганчарны посуд. 1980-я г.

т. 13, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБРУ́ЙСКАЯ КЕРАМІ́КА,

традыцыйныя ганчарныя вырабы майстроў з Бабруйска. Промысел вядомы з даўніх часоў. У канцы 19 — пач. 20 ст. ў Бабруйску працавала каля 60 майстроў. Выраблялі дымленыя (т.зв. сінія), з 1930-х г. паліваныя рэчы. Акрамя сталовага, кухоннага, тарнага посуду выраблялі дэкар. дробную пластыку, цацкі. Своеасаблівасць маст. аблічча бабруйскай керамікі вызначалі мясц. сыравіна, майстэрства рамеснікаў, тэхнал. ўзровень вытворчасці. Бабруйскую кераміку вылучаюць прапарцыянальны строй і прыёмы фармоўкі, спалучэнне бясколерных празрыстых глазураў з багатым каларытам светла-чырвоных глін, сціплае дэкарыраванне адводкамі і штампікамі, асаблівасці ў канструкцыі накрывак і ручак. У Бабруйску працуе цэх маст. керамікі, дзе акрамя ганчарнага спосабу фармоўкі існуе адліўка і прасаванне, наладжаны выпуск рэчаў з ангобнай размалёўкай.

У.​В.​Угрыновіч.

Бабруйская кераміка.

т. 2, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)