МО́ТАЛЬ,

група археал. помнікаў (каля 15) мезаліту, неаліту і бронзавага веку каля в. Моталь Іванаўскага р-на Брэсцкай вобл. Найб. значныя калекцыі атрыманы на стаянках 1 і 5. Выяўлена каля 30 тыс. знаходак, у т.л. каля 3 тыс. сабрана на паверхні. Знойдзены грубаапрацаваныя каменныя сякеры, прылады макралітычнага тыпу, крамянёвыя разцы, скрэблы, скрабкі, цёслы, нажы, праколкі, пласціністыя і тронкавыя наканечнікі, адходы крамянёвай вытв-сці, ляпныя гаршкі, арнаментаваныя адбіткамі шнура, дробнымі наколамі тыпу адступаючай лапаткі, тарцовымі адбіткамі невял. пласцінкі, зрэдку грэбеня, лейкападобныя кубкі, вял. колькасць неарнаментаванага посуду.

т. 10, с. 527

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)