ПРАЗРЫ́СТАСЦЬ АТМАСФЕ́РЫ,
здольнасць атмасферы прапускаць сонечную радыяцыю. Залежыць ад масы паветра, праз якую праходзяць прамяні, ад утрымання ў паветры вадзяной пары і прадуктаў яе кандэнсацыі (кропель і крышталёў), а таксама аэразольных дамешкаў (пылу, дыму і інш.), якія значна памяншаюць П.а. Найб. празрыстае паветра ў палярных раёнах, найменш — у гарадах, асабліва летам, у выніку тэхнагеннага забруджвання.
т. 12, с. 544
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НА́ТРЫЮ ПЕРАКСІ́Д,
неарганічнае пераксіднае злучэнне, моцны акісляльнік, Na2O2 Бясколернае крышт. рэчыва (тэхн. прадукт слаба-жоўтага колеру). Раствараецца ў вадзе. Пры награванні вышэй за 300 °C раскладаецца з вылучэннем кіслароду. Атрымліваюць акісленнем расплаву натрыю кіслародам ачышчанага ад вуглякіслага газу сухога паветра. Выкарыстоўваюць для рэгенерацыі паветра (Na2O2 + СО2 → Na2CO3 + 1/2 O2) У падводных лодках і дыхальных прыборах, водныя растворы — для адбельвання паперы, тканін.
т. 11, с. 207
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНВЕ́КЦЫЯ (ад лац. convectio прынясенне, дастаўка),
1) у атмасферы — падыманне больш нагрэтых ад зямной паверхні і менш шчыльных мас паветра з адначасовым апусканнем халаднейшых і больш шчыльных мас. Скорасць пад’ёму паветра звычайна некалькі метраў у секунду, зрэдку да 20—30 м/с і больш. Узнікае пры значным праграванні паветра ад падысподняй паверхні, пры адвекцыі халоднага паветра, хуткім яго ахалоджванні ноччу над цёплай паверхняй мора. Выклікае ўтварэнне канвекцыйных воблакаў і ападкаў.
2) У акіяне — вертыкальныя рухі валы, выкліканыя зменамі іх шчыльнасці, якая залежыць ад змены т-ры або салёнасці. Прыводзіць да перамешвання вады, абагачэння кіслародам ніжніх слаёў і пажыўнымі солямі вышэйляжачых. У перыяд асенне-зімовага ахаладжэння вод К. распаўсюджваецца на вял. глыбіні, а ў некат. субтрапічных і трапічных морах з вял. салёнасцю вады — да дна (Міжземнае м., Чырвонае м., Персідскі заліў).
3) У геалогіі — павольная цыркуляцыя неаднародных паводле тэмпературы, складу і вязкасці мас у мантыі Зямлі. Скорасць цыркуляцыі перыядычна мяняецца праз геалагічна значныя прамежкі часу. Канвектыўныя патокі мантыі ўплываюць на тэктанічныя рухі, разломаўтварэнне і размеркаванне рудаўтваральных раствораў у зямной кары.
т. 7, с. 574
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗО́Н,
O3, алатропная мадыфікацыя кіслароду. Газ сіняга колеру, з рэзкім пахам, tкіп -112 °C, моцны акісляльнік, у вял. канцэнтрацыях раскладаецца з выбухам, утварае азаніды. Асн. колькасць азону ў прыродзе знаходзіцца ў азанасферы Зямлі. Атрымліваюць дзеяннем эл. разраду ці УФ-выпрамянення на паветра. Выкарыстоўваюць для дэзінфекцыі вады, паветра, адбельвання тканін, мінер. масла, як бактэрыцыдны сродак. Лішак азону шкодны для жывых арганізмаў, ГДК у паветры 1 мг/м³.
т. 1, с. 170
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІГРАСКАПІ́ЧНАСЦЬ (ад гігра... + грэч. skopeō назіраю),
здольнасць некаторых рэчываў і матэрыялаў паглынаць вільгаць з паветра. Уласцівая матэрыялам капілярна-сітаватай структуры (драўніна, зерне і інш.), у тонкіх капілярах якіх адбываецца кандэнсацыя вільгаці, а таксама рэчывам, якія добра раствараюцца ў вадзе (харч. соль, цукар, канцэнтраваная серная к-та), і асабліва хім. злучэнням, здольным утвараць крышталегідраты. Некаторыя гіграскапічныя рэчывы (напр., бязводны хларыд кальцыю) выкарыстоўваюць як асушальнікі паветра.
т. 5, с. 219
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́НДЭ ((Linde) Карл Паўль Готфрыд фон) (11.6.1842, г. Турнаў, Германія — 16.11.1934),
нямецкі фізік і інжынер, адзін з заснавальнікаў вытв-сці халадзільнай тэхнікі. Вучыўся ў Гётынгенскім ун-це. У 1868—78 і 1892—1910 праф. Вышэйшага тэхн. вучылішча ў Мюнхене. На падставе выкарыстання Джоўля—Томсана эфекту сканструяваў і пабудаваў першую прамысл. ўстаноўку для атрымання вадкага паветра (1895) і рэктыфікацыйны апарат для раздзялення паветра на кампаненты (1902).
т. 9, с. 265
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТАРКТЫ́ЧНЫ КЛІ́МАТ,
клімат Антарктыды і прылеглых да яе акіянскіх прастораў (Антарктыкі). Над мацерыком надзвычай суровы. Т-ра паветра на працягу года адмоўная: летам у студз. да -13,6 °C, зімой у ліп. -60...-70 °C, на полюсе холаду (ст. Усход) самая нізкая на Зямлі — каля -90 °C. Ападкаў за год менш за 100 мм. Надвор’е вызначаецца Антарктычным антыцыклонам. Большая частка сонечнай радыяцыі адбіваецца снегавым покрывам (альбеда каля 85%), вял. страты цяпла даўгахвалевым выпрамяненнем з-за высокага становішча паверхні над узр. мора. На ўзбярэжжы т-ра паветра летам павышаецца да 0, +5 °C, гадавая сума ападкаў да 700—1000 мм, моцныя сцёкавыя і ўраганныя (40—60 м/с) вятры. Клімат акіянскіх прастораў Антарктыкі характарызуецца рэзкімі ваганнямі ціску, частымі цыклонамі, параўнальна аднароднымі т-рамі паветра.
т. 1, с. 384
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛЮСЫ ЦЯПЛА́,
мясцовасці на зямным шары з найбольш высокімі тэмпературамі паветра каля зямной паверхні, звычайна ў трапічных паясах. У Паўн. паўшар’і: у пустыні Тар у Індыі (да 53 °C), у пустыні Махаве (Даліна Смерці) у ЗША (да 56,7 °C), у Лівійскай пустыні каля Эль-Азізіі (да 57,8 °C). У Афрыцы (у р-не г. Масаўа, у Эфіопіі) самая высокая сярэднегадавая т-ра паветра на Зямлі (30,2 °C). У Паўд. паўшар’і найвыш. т-ра паветра: у даліне р. Фліндэрс у Аўстраліі (53 °C), у даліне р. Парана ў Паўд. Амерыцы (47 °C). У Сусветным ак. найвыш. т-ры паверхневага слоя вады ў Персідскім зал. (35,6 °C), у паўд. ч. Чырвонага м. і ў Мексіканскім зал. (33 °C).
т. 12, с. 503
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЗАТЭ́РМЫ (ад іза + грэч. therme цеплыня),
ізалініі т-ры паветра, вады і глебы.
т. 7, с. 178
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗА́МАРАЗКІ,
часовае паніжэнне т-ры паветра ніжэй за 0 °C у начны час, калі сярэднясутачная т-ра вышэй за 0 °C. Адрозніваюць З. адвектыўныя (пры ўварванні халоднага арктычнага паветра), радыяцыйныя (начное ахаладжэнне глебы і расліннага покрыва) і мяшаныя (адвектыўна-радыяцыйныя). На тэр. Беларусі познія З. магчымы ў канцы мая — 1-й пал. чэрвеня, а раннія ў канцы жн. — пач. верасня. З., асабліва позняй вясной, прычыняюць вял. шкоду сельскай гаспадарцы.
т. 6, с. 519
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)