ВЕНТЫЛЯ́ЦЫЯ,

замена забруджанага паветра чыстым у памяшканнях, збудаваннях, апаратах і інш. Стварае спрыяльныя ўмовы для працы і адпачынку людзей, правядзення тэхнал. працэсаў, захоўвання абсталявання, канструкцый, матэрыялаў, прадуктаў, кніг, карцін і інш. Вентыляцыя бывае: натуральная і мех. (робіцца вентылятарамі); выцяжная, прытокавая, прытокава-выцяжная; агульнаабменная і мясцовая.

Арганізаваная натуральная вентыляцыя (аэрацыя) ажыццяўляецца праветрываннем праз фрамугі ў вокнах, сценах, вентыляцыйныя ліхтары, неарганізаваная — праз поры і няшчыльнасціагараджальных канструкцый будынка. У жылых памяшканнях выкарыстоўваецца выцяжная вентыляцыя, у цэхах і вытв. будынках — выцяжная і прытокава-выцяжная. Пры мясц. выцяжной вентыляцыі шкодныя рэчывы выдаляюцца з месца іх утварэння з дапамогай мясц. адсмоктвальнікаў (выцяжных шафаў, парасонаў і інш.). Мясц. прытокавая вентыляцыя робіцца паветр. душамі, заслонамі, аазісамі ў гарачых цэхах, каб стварыць спрыяльны мікраклімат у абмежаванай прасторы (на рабочым месцы). Прытокавая вентыляцыя забяспечвае награванне, ахаладжэнне і ўвільгатненне паветра, ачыстку яго ад пылу і газаў. Агульнаабменная вентыляцыя заснавана на разбаўленні шкодных рэчываў, што ёсць у памяшканні, а таксама цеплыні і пары чыстым паветрам да патрэбнай нормы. Яна стварае ў вытв. і грамадскіх будынках аднолькавыя паветр. ўмовы ва ўсіх памяшканнях. Для ачысткі прыточнага паветра ад пылу ўстанаўліваюць паветр. фільтры, а для ачысткі паветра, якое выдаляецца мясц. адсмоктвальнікамі, — пылаўлоўнікі, абсорберы і адсорберы. У прамысл. будынках вентыляцыя ажыццяўляецца праз вентыляцыйныя каналы і паветраводы.

т. 4, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)