МАКО́ЎСКІ (Тамаш) (1562 або 1575, г. Гданьск?, Польшча — 1630),
бел. гравёр. У 1600—11 працаваў пры двары кн. М.К.Радзівіла Сіроткі ў Нясвіжы, кіраваў друкарняй. Творы вызначаюцца высокім майстэрствам, уплывамі маньерызму і галандскіх майстроў. Выгравіраваў першую дакладную карту Вял.кн. Літоўскага (каля 1603, захавалася 2-е выд., 1613, Амстэрдам), да якой склаў тлумачальны тэкст, уключыў у яго важнейшыя звесткі пра Беларусь, даў агульную характарыстыку краю (захоўваецца ў б-цы Вільнюскага ун-та). Аўтар гравюр да кніг «Пэрэгрынацыя, або Паломніцтва ў Святую зямлю» Радзівіла (1601, Брунсберг), «Гіпіка» К.Дарагастайскага (1603, Кракаў; 1620, Познань), да «Панегірыка братоў Скарульскіх — Яна, Захара і Мікалая» (1604, Нясвіж), «Панегірыка Казіміру» (1610, Вільня). Выканаў гравіраваныя партрэт Радзівіла, віды Нясвіжа, Масквы (каля 1600), Вільні, Гродна, Клецка, Коўна, Трокаў, некалькі гравюр пра падзеі вайны Рэчы Паспалітай з Расіяй (серыя «Асада Смаленска», 1611; выява прадстаўлення сенату палонных братоў Шуйскіх, і інш.). Работы падпісваў Маковіус, Макоўскі, Т.М. У Нясвіжы ўстаноўлены бюст М.
Літ.:
Шматаў В.Ф. Беларуская кніжная гравюра XVI—XVIII стст. Мн., 1984;
Ткачэнка М. Аўтарству стагоддзі не замінка: Невядомы партрэт з творчай спадчыны Тамаша Макоўскага // Мастацтва Беларусі. 1990. № 12;
Alexandrowicz S. Rozwój kartografii Wielkiego Księstwa Litewskiedo od XV do połowy XVIII wieku. 2 wyd. Poznań, 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІВА́ЛЬДЗІ ((Vivaldi) Антоніо) (4.3.1678, г. Венецыя, Італія — 28.7.1741),
італьянскі кампазітар, скрыпач, дырыжор, педагог. Вучыўся ў бацькі, скрыпача Джавані Батыста Вівальдзі, і, магчыма, у Дж.Легрэнцы. У 1703—25 педагог, пазней дырыжор аркестра і кіраўнік канцэртаў, а таксама дырэктар (з 1713) жаночай кансерваторыі «П’ета». Пісаў музыку для свецкіх і духоўных канцэртаў кансерваторыі, оперы для т-раў Венецыі (удзельнічаў у іх пастаноўцы). У творчасці Вівальдзі, паслядоўніка А.Карэлі, вышэйшага росквіту дасягнуў канчэрта гроса (устаноўлена 3-часткавая цыклічная форма, вылучана віртуозная партыя саліста). Стварыў жанр сольнага інстр. канцэрта, чым прадвызначыў дасягненні венскай класічнай школы. Садзейнічаў развіццю віртуознай скрыпічнай тэхнікі. Муз. стыль Вівальдзі адметны меладычным багаццем, дынамічнасцю і экспрэсіўнасцю гучання, празрыстасцю арк. пісьма, класічнай стройнасцю формы. Яго цыкл «Поры года» (1725) — адзін з ранніх узораў арк.праграмнай музыкі. Зрабіў уклад у развіццё інструментоўкі. Сярод твораў: оперы (больш за 40, у т. л. «Нерон, які стаў Цэзарам», 1715; «Алімпіяда», 1734), араторыі («Юдзіф», 1716, і інш.); свецкія кантаты, серэнады; «Stabat Mater» і інш.царк. творы; інстр. канцэрты (465), у т. л. канчэрта гроса (49), для аднаго інструмента з баса кантынуа (331, у т. л. 228 для скрыпкі) і інш.
Літ.:
Белецкий И. Антонио Вивальди, 1678—1741: Краткий очерк жизни и творчества. Л., 1975;
Ryom P. Verzeichnis der Werke A. Vivaldis. 2 Ausg. Leipzig, 1979;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛІНО́ЎСКІХ БІБЛІЯТЭ́КА,
збор кніг бел. рэвалюцыянераў-дэмакратаў братоў В.Каліноўскага і К.Каліноўскага.
Асн. тэматыка збору — гісторыя ВКЛ. Да 1864 знаходзілася на прыватнай кватэры Каліноўскіх у Пецярбургу. Налічвала некалькі соцень кніг на бел., рус., польск., лац., ням., франц. мовах па гісторыі, філасофіі, мовазнаўстве, юрыспрудэнцыі Беларусі, Польшчы і інш. краін, творы маст. л-ры. Была палемічная л-ра 16—17 ст., выданні сеймавых выступленняў дзярж. і царк. дзеячаў таго часу, каралеўскія і гетманскія універсалы і інш., у т. л. «Вянец бессмяротнасці. З нагоды смерці Кацярыны Радзівіл» Вітанскага (1643), «Смерць Caneri» С.Тупіка (1667), «Праўдзівая рэляцыя аб навагрудскай дыспутацыі», «Трыбунал Вялікага княства Літоўскага» (1793) і інш. Сярод маст. л-ры твор на старабел. мове «Жартоўныя трагедыі» (1642; захоўваецца ў Цэнтр.навук. б-цы АН Украіны ў Кіеве), творы ўраджэнцаў Беларусі С.Ягадынскага, Ф.Князьніна, польск. паэта Ц.Норвіда. У К.б. былі рукапісы (арыгіналы і копіі), бібліягр. працы па гісторыі ВКЛ і Рэчы Паспалітай, у т. л. «Бібліяграфічныя кнігі» І.Лялевеля (т. 1—2, 1823—26), «Гісторыя польскай літаратуры» Ф.Бянткоўскага (т. 1—2, 1814). Многія з іх былі выдадзены ў Вільні, Полацку, Магілёве, Віцебску, Гродне, Торуні, Варшаве. Лёс б-кі пасля смерці братоў Каліноўскіх (1862 і 1864) не вывучаны. У б-цы імя Асалінскіх (Вроцлаў) захоўваецца каталог (няпоўны), у якім зафіксавана 230 кніг. Частка кніг з аўтографамі В.Каліноўскага выяўлена ў Рас.нац. б-цы ў С.-Пецярбургу. Рукапісы ў пач. 1870-х г. прададзены ў Варшаве, далейшы іх лёс невядомы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫЦІЕ́, агіяграфія,
від рэліг. л-ры, апавяданне пра жыццё духоўнай ці свецкай асобы, кананізаванай хрысціянскай царквой.
Ж. ўзніклі ў Рымскай імперыі ў першыя стагоддзі хрысціянства. Складваліся па пэўнай схеме, вызначаліся ўмоўнасцю, дыдактыкай, царк.-рэліг. фантастыкай (прывіды, цуды). Услаўлялі аскетызм, цярплівасць, рэліг. фанатызм і былі сродкам царк. і паліт. прапаганды. Некаторыя ўвабралі сюжэты дахрысц. міфаў, сярэдневяковых навел, анекдотаў і самі сталі крыніцай легенд, духоўных вершаў, народных драм. У Кіеўскую Русь перайшлі ў 10—11 ст. з Візантыі (гл. ў арт.Візантыя, раздз. Літаратура) і шырока бытавалі на землях усх. славян у зб-ках Мінеі-чэцці (пашыраныя), пралогі (кароткія) і пацерыкі (у іх аснове займальныя эпізоды з жыцця манахаў). Арыгінальныя Ж. ў Кіеўскай Русі з’явіліся ў 11 ст.: княжацкія з паліт. тэндэнцыяй (такі від Ж. невядомы ў Візантыі) — Ж. Барыса і Глеба (11 ст.), Вольгі, Уладзіміра (12 ст.), Аляксандра Неўскага (13 ст.), Дзмітрыя Данскога (14 ст.); царкоўныя — «Жыціе Феадосія Пячэрскага», «Жыціе Аўрамія Смеленскага», «Кіева-Пячэрскі пацярык» і інш.
Арыгінальныя бел. Ж. вядомы з канца 12—13 ст. — «Жыціе Ефрасінні Полацкай», «Сказанне пра віленскіх пакутнікаў Іаана, Антонія, Яўстафія». Іх аўтары не прытрымліваліся візант. схемы, звярталіся да гіст. фактаў, уключалі эмац.-псіхал. маналогі, бытавыя замалёўкі. З перакладных папулярных на Беларусі былі «Жыціе Аляксея, чалавека божага» і зб.«Жыціі святых». Вядомы таксама Чэцці камянецкая і жыровіцкая (15 ст.), слуцкая (16 ст.), супрасльскія рукапісная і друкаваная «Мінея агульная» (17 ст.), пралогі і пацерыкі (віленскія, супрасльскія і інш. 15—17 ст.). У Ж. шмат каштоўнага гіст. матэрыялу, яны маюць вял. пазнавальнае значэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯВІ́ЦКІ (Дзмітрый Рыгоравіч) (каля 1735, Кіеў ? — 16.4.1822),
расійскі і ўкраінскі жывапісец; найбуйнейшы майстар рус. параднага партрэта 18 ст. З 1769 акадэмік, з 1776 саветнік Пецярбургскай АМ; у 1771—88 кіраваў партрэтным класам. Вучыўся ў бацькі, укр. гравёра Р.Лявіцкага (Лявіцкага-Носа) і А.Антропава (1752—55 і з 1758). Магчыма, разам з бацькам удзельнічаў у размалёўцы Андрэеўскага сабора ў Кіеве (1752—55). Каля 1758 пераехаў у Пецярбург. У 1762 афармляў каранацыйныя ўрачыстасці ў Маскве. У ранніх творах спалучаў агульную ўрачыстасць позняга барока з рысамі натуральнасці і штодзённасці, імкнуўся да раскрыцця характару, дакладнасці і матэрыяльнасці выявы. Работам уласцівы эфектнасць кампазіцый, інтэнсіўнасць і танальнае адзінства колеравых адценняў, выразнасць поз і жэстаў: партрэты А.Какорынава (1769—70), П.Дзямідава (1773), серыя парадных партрэтаў выхаванак Смольнага ін-та («Смалянкі», каля 1773—76). Інтымныя партрэты адзначаны паглыбленасцю і разнастайнасцю індывідуальных характарыстык, стрыманасцю маст. сродкаў (Д.Дзідро, 1773—74; М.Дзякавай, 1778; святара, магчыма, бацькі, 1779 і інш.). 3 пач. 1780-х г. пад уплывам класіцызму тонкая нюансіроўка змянілася лакальным колерам, манера пісьма стала больш гладкай: «Урсула Мнішак» (1782), «Кацярына П» (1783) і інш. З 2-й пал. 1780-х г. яго работы страцілі ранейшую цэласнасць і гарманічнасць, характарнасць вобразаў. Некаторыя творы вызначаюцца яркай выразнасцю маст. сродкаў («Невядомы са сфінксам», 1790-я г.). Пасля 1800 з-за хваробы вачэй амаль не працаваў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯСВІ́ЖСКАЯ ДРУКА́РНЯ.
Існавала ў 16 і 18 ст. у г. Нясвіж Мінскай вобл. 1) Н.д. 16 ст.засн. М.Кавячынскім і Л.Крышкоўскім; ідэйным кіраўніком у першыя гады яе існавання быў С.Будны. Першая на тэр. Беларусі друкарня, якая карысталася кірыліцай. Друкар кірылічных выданняў невядомы. У 1562 выдадзены «Катэхізіс» Буднага — першая на Беларусі кніга на бел. мове, а таксама яго твор «Пра апраўданне грэшнага чалавека перад богам» (не збярогся). Друкавала творы на польск. і лац. мовах (друкар Д.Ланчыцкі); усяго ў 1563—71 надрукавала 11 выданняў, у асн. творы палемічнай пратэстанцкай публіцыстыкі. Спыніла дзейнасць паводле загаду М.К.Радзівіла Сіроткі. Апошняе выданне — «Біблія» (пераклад на польск. мову Буднага) дадрукавана ў 1572 у Заслаўі ці ў маёнтку Кавячынскіх ва Уздзе. Большасць кніг Н.д. аформлены проста, без ілюстрацыйных гравюр. У маст. афармленні кніг прытрымлівалася друкарскіх традыцый Ф.Скарыны: выкарыстанне наборнага арнаменту, разнастайных шрыфтоў, ініцыялаў з дэкаратыўна-раслінным фонам. Маёмасць друкарні ў 1572 купіў Я.С.Кішка, які ў 1574 заснаваў Лоскую друкарню. 2) Н.д. 18 ст. (1750—90-я г.) засн. Радзівіламі. У 1751 падаравана мясц. калегіуму езуітаў. Гравёрам быў Г.Ляйбовіч. У ёй надрукавана каля 70 белетрыстычных, рэлігійных, палемічных і вучэбных твораў, панегірыкаў на польск. і лац. мовах, у т. л. «Пра жыццё і справы Аляксандра Вялікага» К.Руфа (1763), «Жыццё і ерасі Вальтэра» Ф.Нано (1781), «Артыкулы вайсковыя» (1754), альбом медзярытаў «Партрэты сям’і Радзівілаў...» (1757, усяго 165 гравюр на медзі).
Літ.:
Мальдзіс А.І. Кнігадрукаванне Беларусі ў XVIII ст. // Книга, библиотечное дело и библиография в Белоруссии. Мн., 1974;
Шматаў В.Ф. Беларуская кніжная гравюра XVI—XVIII стст. Мн., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́НСКІЯ ЎМАЦАВА́ННІ Існавалі ў 14—18 ст. Складаліся з замка і гар. умацаванняў. Замак размяшчаўся на гарадзішчы, на левым беразе р. Піна. У вопісе горада за 1561—66 згадваецца «вежа Уладычная», якая стаяла асобна ў паўн.ч. замкавых умацаванняў. Акрамя брамы з пад’ёмным мостам перад ёю ў лініі абароны стаялі яшчэ не менш як 3 вежы, назвы якіх невядомы. Перыметр замкавых умацаванняў складаў 0,5 км. У мірны час у замку пастаянна размяшчаліся невял. гарнізоны салдат на чале з ротмістрамі. У час вайны дзейнічалі законы аб усеаг. абароне. Гарадскія ўмацаванні складаліся з 2 ліній абароны. 1-я лінія ў выглядзе вала, паркана і рова ахоплівала сетку радыяльных вуліц, якія адыходзілі ад замка і дугой упіраліся ў высокі бераг Піны, і фактычна ўключалі тэр. горада 11—13 ст. Вал перарываўся 4 брамамі (Уладычная, Меская, Траецкая і Спаская). Уздоўж берага ракі ішоў драўляны паркан, які спускаўся ў абарончы роў. Агульная даўжыня 1-й лініі абароны складала 1,4 км. 2-я лінія абароны, т.зв. «астрог», даўж. каля 2 км, таксама ўпіралася ў бераг Піны. Яна ўключала 4 брамы: Берасцейскую, Віленскую, Северскую і Лешчанскую. На З і ПнЗ перад валам ішоў штучны абарончы роў, які на ПнУ і У пераходзіў у прыродны з ручаём на дне, т.зв. Каралінскай канавай. З У горад прыкрываўся Пінскім Лешчанскім манастыром і комплексам умацаванняў Пінскага Каралінскага замка. Перад кожнай брамай быў пад’ёмны мост, перакінуты цераз абарончы роў. Усе лініі абароны Пінска захоўваліся да канца 18 ст. Апошні раз яны згадваюцца ў інвентары Пінскага староства за 1783. Пазней, на працягу 19 ст., гар. ўмацаванні паступова знівеліраваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУЧАНО́К (Ігар Міхайлавіч) (н. 6.8.1938, г. Мар’іна Горка Пухавіцкага р-на Мінскай вобл.),
бел. кампазітар. Засл. дз. маст. Беларусі (1973). Нар.арт. Беларусі (1982). Нар.арт.СССР (1987). Скончыў Бел. кансерваторыю (1961, клас А.Багатырова), у 1982—86 яе рэктар. З 1980 старшыня праўлення Бел. саюза кампазітараў. Працуе ў розных жанрах (вак,сімф., камерна-інстр., камерна-вак.), найб. плённа ў песенным. Асн. вобразная сфера яго песеннай творчасці — лірыка-рамантычная. Музыцы ўласцівы яркі меладызм і нац. самабытнасць. Сярод твораў: кантаты «Курган» на словы Я.Купалы і «Салдацкае сэрца» (абедзве 1962), «Невядомы салдат» (1970), «Зоры над соснамі» (1981), паэма-легенда «Гусляр» (1979), вак.-сімф. паэма «Вайна не патрэбна» (1983); уверцюра-фантазія для сімф.арк. (1975), стр. квартэт, саната для габоя і фп., саната і прэлюдыя для фп.; вак. цыклы «Сіні колер» (1965), трыпціх «Чалавеку патрэбна цішыня» (1966), цыкл рамансаў «О, Радзіма бацькоў» на вершы В.Дуніна-Марцінкевіча, М.Танка, Н.Гілевіча (1980), балады «Апасіяната» на словы Э.Агняцвет (1969), «Авэ Марыя» на словы М.Алтухова (1973); песні «Памяць сэрца», «Мой родны кут», «Жураўлі на Палессе ляцяць», «Спадчына», «Алеся», «Вераніка», «Верасы», «Хатынь», «Каб камяні маглі гаварыць», «Пісьмо з 45-га», «Зачарованая мая», «Майскі вальс», «Світанак», «Белы бусел», «Я хаджу закаханы», «Пакуль на зямлі існуе каханне», «Мар’іна Горка», «Дарагія мае старыя» і інш.; хары, творы для эстр. аркестра; музыка для дзяцей, да драм. спектакляў, радыё- і тэлепастановак, тэле- і кінафільмаў. Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1967. Дзярж. прэмія Беларусі 1976.
Літ.:
Зубрыч І.І. Ігар Лучанок;
Кім Цесакоў. Мн., 1973;
Ауэрбах Л.Д. Белорусские композиторы: Е.Глебов, С.Кортес, Д.Смольский, И.Лученок. М., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ПСКІ (Уладзімір Сцяпанавіч) (н. 6.5. 1940, в. Шолкавічы Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл.),
бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1966). З 1964 працаваў у раённым друку, у апараце ЦК ЛКСМБ. З 1976 адказны сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі. З 1978 гал. рэдактар час. «Вясёлка». Друкуецца з 1953. Аўтар кніг публіцыстыкі «Дзень за днём» (1973), «Знайдзі сябе» (1974), нарысаў «Прыдзвінскі цуд» (1975), «Высокія зоркі» (1981), дакумент. аповесцей «Крутыя вёрсты» (1980, пра Героя Сав. Саюза З.Тусналобаву-Марчанка), «Урокі Купрэвіча» (1987), «Любі мяне пры ўсякай долі...» (з Б.Чалым, 1989; пра моладзь, вывезеную ў час Вял.Айч. вайны ў Германію), «Невядомы» (1990; пра нарадавольца І.Грынявіцкага), зб-каў прозы «Лаўрэнавы працадні» (1984), «Раны» (1987), «Дзень нараджэння» (1988). Пра родную вёску, праблемы выхавання моладзі аповесць «Адпяванне жывых» (1993). Тэма дзяцей-сірот узнята ў дзённіку «Бацькі і дзеці» (1995). Аповесць «Я: Праўдзівы аповяд пра твой і мой радавод» (1998), створаная на архіўных і дакумент. матэрыялах, расказвае пра карані сем’яў, прозвішчаў, гербаў. Выдаў кнігі аповесцей, апавяданняў, казак (у т. л. казкі-коміксы) для дзяцей «Рыгоркавы прыгоды» (1974), «Якое яно, шчасце?», «Марынчына казка» (абедзве 1977), «Як бог стварыў свет» (1993), «Вясёлая азбука», «Падкідыш» (абедзве 1992; Літ. прэмія імя Я.Маўра 1993). За аповесць «Загадкавы чалавечак» (1997) Літ. прэмія імя В.Віткі 1997. Творы для дзяцей адметныя веданнем дзіцячай псіхалогіі, займальнасцю, жывой нар. мовай, дасціпнасцю. Паводле аповесці «Вясёлая азбука» ў Дзярж. т-ры муз. камедыі Беларусі пастаўлены мюзікл «Прыгоды ў замку Алфавіт» (1996, лібрэта С.Клімковіч, муз. В.Войціка). З 1988 прэзідэнт Бел. дзіцячага фонду, віцэ-прэзідэнт Міжнар. асацыяцыі дзіцячых фондаў. Ініцыятар і старшыня 1-га Усебел. фестывалю нар. гумару ў Аўцюках Калінкавіцкага р-на Гомельскай вобл. (1995). Міжнар. прэмія А.Швейцара за дабрачынныя справы на карысць дзяцей, заложнікаў чарнобыльскай трагедыі (1998).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́ДЗЕВІЧ (Леапольд Іванавіч) (12.6.1895, фальварак Кур’янаўшчына, цяпер Лагойскі р-н Мінскай вобл. — 1938?),
бел.паліт. і грамадскі дзеяч, пісьменнік. Брат Ч.І.Родзевіча. Вучыўся ў Камуніст. ун-це нац. меншасцей Захаду (1923—24). З 1910 у Вільні, уключыўся ў бел.культ.-асв. і грамадскі рух. Удзельнічаў у Беларускім музычна-драматычным гуртку, выступаў у Першай беларускай трупе Ігната Буйніцкага. У 1917 мабілізаваны ў армію. У час польск. акупацыі 1919—20 працаваў пісарам Бел. вайсковай камісіі ў Мінску. З прыходам сав. улады ў апараце Наркамата земляробства БССР, потым пераехаў у Вільню. У 1921—23 кіраваў Беларускай драматычнай майстроўняй, рэдагаваў газ.«Беларускі звон», «Наша будучыня». У 1922 увайшоў у Беларускую рэвалюцыйную арганізацыю (БРА), чл. яе ЦК. У 1923 арыштаваны польск. ўладамі. Адзін з ініцыятараў аб’яднання БРА з КПЗБ; з 1923 чл.ЦККПЗБ. З 1924 сакратар Гродзенскага акр.к-таКПЗБ. У 1925—33 рэдактар газ.«Чырвоны сцяг», час.«Бальшавік». На II канферэнцыі КПЗБ (ліст. 1924) далучыўся да сэцэсіі. З восені 1925 у Мінску, кіраваў замежнай рэдакцыяй прадстаўніцтва ЦККПЗБ пры ЦККП(б)Б, быў рэдактарам «Бюлетэня ЦККПЗБ», членам Камісіі па вывучэнні Зах. Беларусі пры АНБССР. У 1933 арыштаваны па справе т.зв. Бел.нац. цэнтра. Да 1938 знаходзіўся ў Саратаве. У 1938 паўторна арыштаваны (дакладныя дата і месца смерці невядомы). Рэабілітаваны ў 1956. Аўтар драм «Блуднікі» (1912, надрук. ў 1960), «Пакрыўджаныя» (1916, надрук. ў 1921), вадэвіляў, у т. л. «Збянтэжаны Саўка» (1921), «Багаты і бедны» (1922), паэт. зб-каў «Беларусь» (1922), «На паняволеных гонях» (1928) і інш.
Літ.:
Хаўратовіч І. Ён заслужыў добры ўспамін аб сабе // Полымя. 1965. №9;
Ліс А. Паміж літаратурай і палітыкай: драма аднаго рамантыка // Спадчына. 1997. №3. Bergman A. Leopold Rodziewich // Bergman A. Sprawy białoruskie w II Rzeczypospolitej Warszawa, 1984.