група паверхневаактыўных рэчываў, што выкарыстоўваюцца пераважна як мыйныя сродкі. Маюць дэзінфіцыруючыя ўласцівасці, некат. выкарыстоўваюцца ў фармацэўтычнай, харч. і інш. галінах прам-сці, Д. з зараджанымі (дадэцылсульфат натрыю) або незараджанымі (трытоны) палярнымі канцамі — у біяхіміі пры растварэнні і ачыстцы мембранных бялкоў. Ачышчальны эфект Д. дасягаецца за кошт парушэння іх амфіпатычнымі малекуламі гідрафобных уласцівасцей малекул бялкоў, ліпідаў і інш. рэчываў. Прамысловыя Д., што трапляюць са сцёкавымі водамі ў прыроднае асяроддзе, — небяспечныя забруджвальнікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛАБАКТЭ́РЫІ (Halobacteriaceae),
сямейства бактэрый, якія развіваюцца ў асяроддзі з вял. колькасцю хлорыстага натрыю (не менш чым 12%). Строгія (аблігатныя) аэробы. Адрозніваюць 2 роды: рухомыя палачкі і нерухомыя кокі. Жывуць у салёных вадаёмах, саланчаковых глебах, развіваюцца ў расолах, салёных рыбе і мясе. Вял. колькасць солей у асяроддзі неабходна для падтрымкі структурнай цэласнасці цытаплазматычнай мембраны і функцыянавання звязаных з ёй ферментных сістэм, а таксама для забеспячэння трываласці клетачных сценак галабактэрый. Утвараюць пігменты караціноіды, якія афарбоўваюць калоніі галабактэрый у чырвоны колер.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІРАБІЛІ́Т (ад лац. mirabilis дзівосны),
глаўберава соль, мінерал класа сульфатаў, водны сульфат натрыю Na2[SO4]∙10H2O. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Утварае зямлістыя агрэгаты, налёты, скарынкі, зрэдку кароткапрызматычныя крышталі. Бясколерны, празрысты, зрэдку белы. Бляск шкляны. Крохкі. Цв. 1,5—2. Шчыльн. 1,48 г/см³. Хемагеннага асадкавага паходжання, утвараецца з азёрных і марскіх расолаў пры т-ры ніжэй за 20—25 °C. Сыравіна для содавай, шкляной і лакафарбавай прам-сці; выкарыстоўваецца ў медыцыне. Радовішчы ў Расіі, Туркменістане, ЗША, Мексіцы, Аргенціне і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛО́ТНЫЯ ВО́ДЫ, тарфяныя воды,
утвараюцца на балотах, характарызуюцца павышанай колькасцю арган. рэчываў, кіслай рэакцыяй і цёмна-карычневым колерам. Балотныя воды вярховых балотаў маюць невял. агульную мінералізацыю (да 60 мг/л), у іх хім. саставе пераважаюць іоны кальцыю і магнію. Агульная мінералізацыя водаў нізінных балотаў 60—550 мг/л, уключаюць іоны магнію, калію, натрыю, амонію, жалеза, хлору і інш. Арганічных рэчываў 75—168 мг/л, пераважна гумусавыя, ёсць гумінавыя кіслоты. Балотныя воды ўплываюць на хім. састаў рачных водаў; агрэсіўныя ў адносінах да бетону.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАЗУРЫ́Т (ад лац. lazur нябесна-блакітны колер),
мінерал групы фельдшпатоідаў, складаны алюмасілікат кальцыю і натрыю, Na6[AlSiO4]Ca2[SO4]S. Крышталізуецца ў кубічнай сінганіі. Масіўныя, суцэльныя агрэгаты, рэдка крышталі (дадэкаэдры). Колер ад блакітнага да цёмна-сіняга і зеленавата-сіняга. Бляск шкляны да тлустага. Цв. 5,5—6. Шчыльн. каля 2,4 г/см³. Утвараецца ў магнезіяльных і вапняковых скарнах. Сумесь Л. з кальцытам наз. ляпіс-лазурак. Каштоўны вырабны камень; прыродная сіняя фарба (ультрамарын). Радовішчы ў Расіі, Афганістане, Чылі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАНАДА́ТЫ,
солі ванадыевых кіслот (не вылучаныя ў свабодным стане): ортаванадыевай H3VO4, метаванадыевай HVO3 і інш. Метаванадаты шчолачных і шчолачназямельных металаў (крышталічныя рэчывы) адносна легкаплаўкія злучэнні (кальцыю метаванадат tпл 775 °C), ортаванадаты больш тугаплаўкія (натрыю ортаванадат tпл 1285 °C). Ванадаты шчолачных металаў, магнію і амонію добра раствараюцца ў вадзе. Атрымліваюць пры растварэнні аксіду ванадыю (V2O5) у шчолачах ці пры яго сплаўленні з аксідамі, карбанатамі і нітратамі адпаведных металаў. Выкарыстоўваюць у вытв-сці ванадыю і яго сплаваў, як каталізатары, пратраву пры фарбаванні тканін, ванадаты кальцыю і рэдказямельных элементаў — у лазернай тэхніцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЮРЦ ((Wurtz) Шарль Адольф) (26.11.1817, г. Страсбур, Францыя — 12.5.1884),
французскі хімік, адзін з заснавальнікаў сінт. кірунку ў арган. хіміі. Чл. Парыжскай (1867), замежны чл.-кар. Пецярбургскай (1873) АН. Скончыў Страсбурскі ун-т (1839). З 1844 у Вышэйшай мед. школе ў Парыжы (з 1853 праф.), з 1875 у Парыжскім ун-це. Навук. працы па арган. і неарган. хіміі. Распрацаваў метад сінтэзу парафінавых вуглевадародаў уздзеяннем метал.натрыю на алкілгалагеніды (рэакцыя Вюрца, 1855), адкрыў альдольную кандэнсацыю (1872). Яго імем названы мінерал вюрцыт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРТАКЛА́З (ад арта... + грэч. klasis трэшчына),
мінерал з групы палявых шпатаў, K[AlSi3O8]. Прымесі натрыю, радзей барыю, жалеза, кальцыю і інш. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Крышталі прызматычныя (характэрны двайнікі), агрэгаты зярністыя. Бясколерны, белы, шэры, ружовы, чырванаваты і інш. Бляск шкляны. Цв. 5—6,5. Шчыльн. каля 2,6 г/см³. Празрыстыя крышталі артаклазу, найб. чыстыя паводле саставу, наз.адулярам. Паходжанне магматычнае, часткова метамарфічнае; пародаўтваральны мінерал гранітаў, сіенітаў, гнейсаў і інш. На Беларусі пашыраны ў антрапагенных адкладах розных генетычных тыпаў. Выкарыстоўваецца ў шкляной і керамічнай прам-сці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАМІ́ДЫнеарганічныя,
хімічныя злучэнні брому з іншымі элементамі. Браміды большасці металаў маюць высокія т-ры плаўлення (напр., брамід калію KBr tпл 730 °C), добра раствараюцца ў вадзе, акрамя брамідаў серабра, ртуці, медзі, свінцу. Браміды неметалаў і металаў III і IV груп перыяд. сістэмы легкаплаўкія, лятучыя рэчывы і напр., брамід алюмінію AlBr3 tпл 97 °C). Атрымліваюць непасрэдным злучэннем элементаў, пры ўзаемадзеянні броміставадароднай кіслаты з металамі, аксідамі, гідраксідамі, карбанатамі. Браміды натрыю і калію выкарыстоўваюць у медыцыне, хім. аналізе, браміды серабра — у вытв-сці кіна- і фотаматэрыялаў.