невялікія водныя патокі, якія звычайна маюць сцёк на працягу ўсяго года. Умоўна да М.р. прынята адносіць рэкі з вадазборам да 2 тыс.км²; часта пры падзеле рэк на вялікія, сярэднія і малыя кіруюцца даўжынёй рэчышчаў. З’яўляюцца асн. кампанентам у складзе гідраграфічнай сеткі, вызначаюць воднасць і якасны стан вял. рэк; з М.р. складаецца верхняе звяно фарміравання паверхневага сцёку, для якога характэрны адносна высокая воднасць у час раставання снегу або ліўневых і зацяжных дажджоў і нізкая ў інш. перыяды года. Некат. М.р. могуць перасыхаць або перамярзаць. На М.р. часта знаходзяцца нерасцілішчы рыб, многія з іх маюць значнае паляўніча-гасп. і эстэт. значэнне. Асаблівая ўвага да М.р. звязана з іх вял. рэсурсаахоўнай і асяроддзеўтваральнай роляй, што найб. выразна выяўляецца ў зонах інтэнсіўнай меліярацыі. На Беларусі М.р. лічаць рэкі з пл. вадазбору да 250 км² ці даўж. да 100 км, у практыцы прыродаахоўнай дзейнасці да іх адносяць рэкі даўж. да 200 км. Усяго на Беларусі 20 780 рэк і ручаёў, з іх М.р. 20 732, рэк даўж. больш за 100 км — 48.
Найб. распаўсюджаны раўнінныя М.р. Яны працякаюць у адносна неглыбокіх, добра распрацаваных шырокіх далінах са спадзістымі схіламі. маюць звілістыя рэчышчы, складзеныя з лёгкаразмыўных грунтоў, з чаргаваннем плёсаў і перакатаў, невял. нахілы, павольнае цячэнне. У межах узвышшаў даліны М.р. больш выразныя, цячэнне больш хуткае, месцамі, асабліва ў вярхоўях, яны цякуць у ярах, берагі якіх стромкія, узроўні вады пры раставанні снегу і значных дажджах могуць павышацца на 2—3 м, а потым хутка спадаць. На Пд Беларусі шмат М.р. цякуць па балотах або маюць значныя прасторы іх у складзе вадазбораў. Для іх характэрны зацяжныя разводдзе і паводкі. некалькі паніжаны межанны сцёк. Значная ч. М.р. выцякае з азёр або цячэ праз іх. Яны характарызуюцца больш нізкімі модулямі макс. сцёку і павышаным сцёкам у межань, больш працяглым разводдзем. Многія М.р. служаць асн. крыніцамі водазабеспячэння, водапрыёмнікамі меліярац. сістэм, вял. колькасць іх каналізавана ў працэсе меліярацыі.
І.Я.Афнагель.
Да арт.Малыя рэкі. Рака Раста каля вёскі Астравы Чавускага раёна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛІЯ (літ.Нярыс),
рака на тэр. Беларусі і Літвы, правы прыток р. Нёман. Даўж. 498 км, у Беларусі 264 км. Пл. вадазбору 25,1 тыс.км², на тэр. Беларусі 11 тыс.км². Пачынаецца з невял. балота за 1 км на ПнУ ад в.Вял. Поле Докшыцкага р-на Віцебскай вобл., перасякае мяжу з Літвой за 2 км на ПнЗ ад в. Жарнэлі Астравецкага р-на Гродзенскай вобл., упадае ў Нёман на тэр. Літвы каля г. Каўнас. Асн. прытокі: Сэрвач, Нарач, Страча, Жэймяна, Швянтоі (справа), Дзвінаса, Ілія, Уша, Ашмянка (злева). У бас. Віліі больш за 1,5 тыс. азёр агульнай пл. 598 км². На рацэ створана Вілейскае вадасховішча, частка вады якога па Вілейска-Мінскай воднай сістэме перапампоўваецца ў Свіслач. Даліна звілістая, добра распрацаваная, у верхнім цячэнні шыр. 1—3 км, бліжэй да вусця звужаецца да 200—400 м. Амаль на ўсім працягу назіраюцца тэрасы. Пойма ў верхнім цячэнні ў асноўным забалочаная, шыр. 200—400 м, ніжэй перарывістая, шыр. 50—70 м, месцамі да 600 м; на ўчастку паміж в. Стахі і в. Раздоры Вілейскага р-на шмат старыц. Рэчышча ў вярхоўі моцназвілістае, шыр. 1—2 м, каля вусця р. Уша 40—60 м (месцамі да 100 м), шмат астравоў, водмелей, асяродкаў, трапляюцца парожыстыя ўчасткі. Берагі стромкія, у вярхоўі тарфяністыя. Сярэднегадавы расход вады пры выхадзе за межы Беларусі 80 м³/с, у вусці каля 186 м³/с. Веснавое разводдзе пачынаецца ў канцы сак. і доўжыцца каля 50 сут. Рэжым вызначаецца інтэнсіўным веснавым разводдзем (каля 45% гадавога сцёку) і нізкім стаяннем вады ў летнюю межань. Пасля пабудовы Вілейскага вадасх. ўзроўневы і сцёкавы рэжым плаціны ў межах Беларусі зарэгуляваны. Замярзае ў верхнім цячэнні ў пачатку снеж., у сярэднім і ніжнім — у канцы снеж.—пач.студз., крыгалом у 2-й палавіне сак. ад вусця да вярхоўя. Сярэдняя т-ра вады летам 18—20 °C, найб. ў ліп. (27,9 °C, 1956). Водзяцца шчупак, акунь, плотка, лешч, лінь, карась, верхаводка, гусцяра, каштоўныя — судак, мінога ручаёвая, галавень, стронга ручаёвая, падуст, сом, мянтуз, вугор. На рацэ гарады Вілейка, Вільнюс і Каўнас (у вусці). На берагах у маляўнічых мясцінах створаны зоны адпачынку Вілейка, Плёсы; у вытоку Віліі помнік прыроды — Бярозаўскі дуб-велікан. Амаль усе прытокі Віліі каналізаваныя. Усяго ў бас. ракі больш за 40 каналаў агульнай даўж. каля 300 км.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕНІСЕ́Й (па-эвенкійску Іаанэсілітар. вялікая вада, рака),
рака ў Сібіры, у Краснаярскім краі (вярхоўі ў Рэспубліцы Тува), Расія. Адна з самых вялікіх рэк на зямным шары (7-е месца). Утвараецца пры зліцці Вялікага Енісея (Бій-Хем) і Малога Енісея (Ка-Хем) каля г. Кызыл. Даўж. 3487 км (ад вытокаў Малога Е. 4102 км), пл.бас. 2580 тыс.км². Упадае ў Енісейскі зал. Карскага м.
Цячэнне Е. падзяляецца на 3 ч.: верхняе (ад зліцця Бій-Хема і Ка-Хема да ўпадзення р. Абакан), сярэдняе (паміж рэкамі Абакан і Ангара), ніжняе (ад р. Ангара да вусця). У вярхоўі Е. цячэ па ўзгорыстым стэпе Тувінскай катлавіны пад назвай Верхні Е. (Улуг-Хем). Рэчышча падзелена на асобныя рукавы і пратокі, спакойныя плёсы чаргуюцца з перакатамі. Ад упадзення р. Хемчык на працягу 280 км Е. праразае хрыбты Зах. Саяна. Даліна тут вузкая. месцамі каньёнападобная, шыр. да 100 м. У рэчышчы шмат камяністых перакатаў і парогаў. Пры выхадзе Е. ў Мінусінскую катлавіну даліна расшыраецца, шмат астравоў. Паміж гарадамі Мінусінск і Краснаярск у адгор’ях Усх. Саяна даліна звужаецца, ніжэй Краснаярска даліна расшыраецца пасля ўпадзення р. Ангара, левы бераг нізінны, правы ўзвышаны. Пры перасячэнні адгор’яў Енісейскага кража Е. утварае Казачынскі і Асінаўскі парогі. Ніжэй г. Дудзінка цячэ па Паўн.-Сібірскай нізіне. У нізоўях разбіваецца на рукавы: шырыня рэчышча да 15—20 км, глыб. больш за 15 м. Асн. прытокі: Оя, Туба, Мана, Кан, Ангара, Падкаменная Тунгуска, Ніжняя Тунгуска, Курэйка (справа), Абакан, Сым, Турухан (злева). Жыўленне снегавое, дажджавое і грунтавое. Для б.ч. Е. характэрна высокае веснавое разводдзе і ўстойлівая асенне-зімовая межань, частыя летнія дажджавыя паводкі, у вярхоўях — вяснова-летняе разводдзе. Ледастаў у ніжнім цячэнні 3 канца кастр. да канца мая — пач.чэрв.; у сярэднім цячэнні з пач.ліст. да канца крас. — сярэдзіны мая; у горнай ч. з канца ліст. — снеж. да канца красавіка. Е. — самая мнагаводная рака Расіі. Сярэднегадавы расход вады каля г. Ігарка 18 100 м³/с, у вусці — 19 800 м³/с.
На Е. Саяна-Шушанская, Майнская і Краснаярская ГЭС з вадасховішчамі. Суднаходства на вадасховішчах і ад г. Краснаярск да вусця. Для праводкі суднаў з ніжняга б’ефа ў Краснаярскае вадасховішча і назад пабудаваны суднапад’ёмнік. Да г. Ігарка (973 км ад вусця) паднімаюцца марскія судны. Рыбныя промыслы (асетр, сцерлядзь, омуль, селядзец, нельма, бялуга і інш.). У бас. Е. запаведнікі Саяна-Шушанскі і Слупы. Гал. гарады і парты: Кызыл, Саянагорск, Мінусінск, Абакан, Дзіўнагорск, Краснаярск, Енісейск, Ігарка, Дудзінка.
Літ.:
Гнедовский Б.В., Добровольская Э.Д. Вверх по Енисею. М., 1980;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАКА́,
адкрыты пастаянны водны паток, які цячэ ў распрацаваным ім рэчышчы і жывіцца за кошт сцёку з яго вадазбору. Пачатак Р. (крыніца, ручай, возера, балота, ледавік) наз.вытокам ракі. Месца ўпадзення Р. ў акіян, мора, возера, вадасховішча, іншую Р. — вусце. У вусцях многіх Р. утвараюцца дэльты, некат. Р. канчаюцца эстуарыямі. Ч. даліны, дзе цячэ Р., наз.рэчышчам, а яе частка, што затапляецца ў высокую ваду, — поймай. Ад размывання дна і берагоў на ўвагнутых участках выгінаў рэчышча ўтвараюцца лукавіны (меандры). Плошча, з якой вада сцякае да Р., наз.вадазборам, або басейнам рачным. Лінія, якая падзяляе сумежныя вадазборы, — водападзел. Р., якая ўпадае ў акіян, мора, бяссцёкавае возера або губляецца ў пясках, наз. галоўнай. Разам з прытокамі розных парадкаў і вадаёмамі Р. ўтвараюць гідраграфічную сетку. Гал. характарыстыка Р. — велічыня яе сцёку (расход, гадавы аб’ём); да важнейшых таксама належаць: даўжыня, пл. басейна, нахіл воднай паверхні, шырыня рэчышча і яго глыбіня, скорасць цячэння вады. У залежнасці ад умоў фарміравання гідралагічнага рэжыму Р. падзяляюць на раўнінныя і горныя. Раўнінная Р. мае нязначны нахіл, павольнае цячэнне, шырокую даліну з пакатымі схіламі. У горнай Р. вялікі нахіл, хуткае цячэнне, вузкая глыбокая даліна. Вылучаюць таксама Р. азёрныя, балотныя і карставыя. Азёрная Р. выцякае з возера або працякае цераз яго (іх). Балотная Р. цячэ па балоце або мае значную забалочаную тэрыторыю на сваім вадазборы. Карставая Р. жывіцца пераважна карставымі водамі. У залежнасці ад велічыні Р. падзяляюцца на вялікія, сярэднія і малыя. Вялікая Р. (пл.бас. больш за 50 тыс.км²) цячэ ў межах некалькіх геагр. зон, сярэдняя (пл.бас. 2—50 тыс.км²) і малая Р. (пл.бас. да 2 тыс.км²) цякуць ў адной геагр. зоне. Адрозніваюць Р. з занальным, азанальным і полізанальным (складаным) рэжымам. Вылучаюць 4 віды жыўлення Р.: дажджавое, снегавое, падземнае і ледавіковае. Для Р. характэрны 3 асн. фазы воднага рэжыму: разводдзе, межань і паводка (летне-асенняя і зімовая). Паводле асаблівасцей жыўлення і воднага рэжыму існуе некалькі класіфікацый Р. (А.Л.Ваейкава, М.І.Львовіча, П.С.Кузіна, Б.Дз.Зайкава і інш.). Р. — важнае звяно кругавароту вады на Зямлі. Сярэднегадавы сцёк Р. зямнога шара 42 тыс.км³, Беларусі — 34 км³ (гл. таксама табл.).
На тэр. Беларусі 20,8 тыс. Р., іх агульная даўж. 90,6 тыс.км. Яны належаць вадазборам Чорнага (Дняпро з Прыпяццю; збіраюць ваду з 56% тэр.) і Балтыйскага мораў (Нараў, Зах. Буг, Нёман, Зах. Бярэзіна і Ловаць; дрэніруюць 44% тэр.). Найб. Р. (даўж. больш за 500 км): Бярэзіна, Нёман, Вілія (пачынаюцца на тэр. Беларусі), Дняпро, Прыпяць, Сож, Зах. Дзвіна (транзітныя). Р. даўж. 101—50 км — 42, іх сумарная даўж. 6,7 тыс.км. Самых малых Р. і ручаёў (даўж. да 10 км) 19,3 тыс., іх агульная даўж. 48,8 тыс.км. Найб. пашыраны раўнінныя малыя Р. Сярэдняя гушчыня рачной сеткі 0,44 км/км². Нахілы Р. вагаюцца на розных участках ад 0,1 да 2—3‰. Скорасць цячэння Р. малая — 0,5—0,7 м/с. Асн. крыніца жыўлення — частка атм. ападкаў, якая застаецца ад выпарэння і транспірацыі. Характэрна выразнае веснавое разводдзе і параўнальна ўстойлівыя летне-асеннія і зімовыя межані. Разводдзе ў залежнасці ад велічыні Р. цягнецца 30—120 сут, часам суправаджаецца навадненнямі. Летне-асенняя межань доўжыцца 160—205 сут, зімовая 85—110 сут, часта парушаюцца паводкамі ад дажджоў летам і ў час адліг зімой. Замярзаюць Р. звычайна ў студз. (лёд трымаецца ад 80 да 140 сут). Таўшчыня лёду ад 17—45 см на Пд да 29—64 см на Пн і ПнУ. Амаль усюды адзначаецца веснавы крыгаход. На большасці Р. асн. маса рачнога сцёку прыходзіць вясной пры раставанні снегу. Доля веснавога сцёку складае 36—77% ад гадавога, у перыяд летне-асенняй межані — 18—43%, зімовай межані — 4—25%. Р. штогод выносяць за межы краіны каля 1,2 млн.т завіслых наносаў і каля 6,5 млн.т раствораных рэчываў. Паводле падабенства гідралагічнага рэжыму паверхневых вод вылучана 6 гідралагічных раёнаў (гл.Гідралагічнае раянаванне). Сістэматычны звод звестак аб водных рэсурсах краіны, іх якасці змяшчае водны кадастр. Гідралагічныя назіранні вядуцца на гідралагічных станцыях і гідралагічных пастах. Р. выкарыстоўваюцца як крыніцы пітнай і прамысл. вады, з мэтамі суднаходства, лесасплаву, рыбалоўства, рэкрэацыі, меліярацыі і інш. Для выкарыстання водных рэсурсаў і барацьбы са шкодным уздзеяннем вод на Р. ствараюцца гідратэхнічныя збудаванні. Р. пільна ахоўваюцца ад забруджвання і вычэрпвання (гл.Ахова вод, Водаахоўная зона). Мерапрыемствы па ахове і рацыянальным выкарыстанні Р. прадугледжаны ў Водным кодэксе Рэспублікі Беларусь Сучасныя Р. вывучае гідралогія рэк, стараж. — палеапатамалогія.
Літ.:
Аполов Б.А. Учение о реках. 2 изд. М., 1963;
Муранов А.П. Величайшие реки мира. Л., 1968;
Блакітная кніга Беларусі: Энцыкл.Мн., 1994.
А.А.Макарэвіч.
Гідралагічныя паказчыкі найбольшых рэк свету і Беларусі
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫ́ПЯЦЬ,
рака на тэр. Украіны і Беларусі, правы прыток р. Дняпро. Даўж. 761 км, пл. вадазбору 121 тыс.км² (у межах Беларусі адпаведна 500 км і 51,4 тыс.км²). Пачынаецца на крайнім 3 Укр. Палесся, за 1 км на ПдУ ад в. Галядзін Любомльскага р-на Валынскай вобл. Цячэ пераважна з 3 на У уздоўж Прыпяцкай нізіны, на працягу 204 км па Украіне, 500 км па Беларусі і астатнія 57 км зноў па Украіне. Упадае ў Кіеўскае вадасх.Асн. прытокі: Піна, Ясельда, Бобрык 1-ы, Цна, Лань, Случ, Бобрык 2-і, Пціч, Трэмля, Іпа (злева); Тур’я, Стаход (на тэр. Украіны), Стыр, Гарынь Сцвіга, Убарць, Славечна (справа). Большасць прытокаў поўнасцю або часткова каналізаваная. Даліна слабавыразная, шыр. да 70—75 км; каля Мазырскай грады трапецападобнай формы, звужаецца да 5 км. Схілы ад вытоку да р. Бобрык 1-ы вельмі спадзістыя, выш. 8—30 м, каля г. Мазыр выш. правага схілу 35—50 м. Пойма развітая на ўсім працягу ракі, шыр. каля воз. Любязь (Валынская вобл.) 2—6 км, ніжэй у вусці Піны і Гарыні 16—18 км, у вусці Сцвігі 8—9 км, уздоўж Мазырскай грады звужаецца да 1 км, далей пашыраецца да 9 км. Рэчышча ў вярхоўі каналізаванае, на астатнім працягу звілістае, свабодна меандруе, шмат нізкіх пясчаных астравоў, старарэччаў, заліваў. Ніжэй вусця р. Тур’я гідравузел, адкуль падаецца вада ў Белаазерскі канал для жыўлення Дняпроўска-Бугскага канала. Ніжэй гідравузла на невял. працягу рэчышча месцамі перасыхае і ператвараецца ў азёрападобныя плёсы. Шыр. ракі ад вытоку да вусця р. Стаход 4—15 м, ніжэй па цячэнні 50—70 м, у нізоўі 100—250 м, пры ўпадзенні ў Кіеўскае вадасх. 4—5 км; да вусця р. Бобрык 1-ы рэчышча месцамі абвалаванае. Дно пясчанае і пясчана-ілістае. Берагі ад спадзістых да стромкіх, на лукавінах абрывістыя, выш. ад 0,3 да 3 м, у вусці мясцінамі да 8—15 м; у сярэднім цячэнні прыродныя берагавыя валы выш. да 1,5 м. Ледастаў з 1-й пал.снеж., да канца сак. У некат. цёплыя зімы ледастаў адсутнічае. Веснавы ледаход 4—8 сут. Асаблівасць гідралагічнага рэжыму ракі — расцягнутае веснавое разводдзе (амаль 4 месяцы з 2-й дэкады сак.) кароткачасовая (100—200 сут.) летняя межань, якая парушаецца дажджавымі паводкамі і амаль штогоднімі восеньскімі пад’ёмамі ўзроўню вады. Макс. ўзроўні вады ў 1-й пал. красавіка. Выш. пад’ёму ў верхнім цячэнні да 2 м, у сярэднім і ніжнім да 5 м, у межах вузкай поймы (каля Мазыра) да 7 м. Самыя нізкія ўзроўні летне-асенняй межані назіраюцца ў вер. — кастр., пры дажджавых паводках павышаюцца на 3—5 м, узроўні зімовай межані больш устойлівыя (на 0,5—1 м вышэй летне-асенняй), пры адлігах павышаюцца на 3 м. Сярэднегадавы расход вады каля г.п. Тураў 264 м³/с, у вусці 450 м³/с. Суднаходная на ўсёй тэр. Беларусі. Злучана Дняпроўска-Бугскім каналам з р. Мухавец (бас.р.Зах. Буг), Агінскім каналам (не дзейнічае) — з р. Нёман, Мікашэвіцкім каналам — з рачным портам Мікашэвічы. На рацэ порты (Пінск, Мазыр), прыстані (Тураў, Петрыкаў, Нароўля, Чарнобыль). У сярэднім цячэнні П. створаны нац. парк Прыпяцкі, у ніжнім — Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік.